12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Сяргей Абламейка

_____________________
З габрэямі ў Карлавых Варах. Ці бывае посьпех сарамлівы?
Падарожныя імпрэсіі

Заканчэньне.
Пачатак
у №1-2 (20-21).


З габрэямі ў Карлавых Варах

На вуліцах курортнае часткі Карлавых Вараў гучаць пераважна расейская і нямецкая мовы. Але гэта зусім не азначае, што тут адпачываюць найбольш расейцы і немцы. Насамрэч у Карлавых Варах адпачываюць немцы і габрэі. Прычым, габрэі, пераважна, з былога СССР, якія цяпер жывуць у Злучаных Штатах, Канадзе, Ізраілі і заходнееўрапейскіх краінах.
Гэтая думка для вас не адкрыцьцё – вы ведалі пра гэта ўжо даўно, бо даўно ўжо наязджаеце ў Карлавы Вары са сваімі беларускімі гасьцямі – найперш, менскімі сваякамі. Проста гэтым разам, калі вы самі прыехалі на сусьветна вядомы курорт на некалькі тыдняў для адпачынку, вы маеце дастаткова часу, каб падумаць і запісаць свае ўражаньні ад славутага курортнага гораду і яго наведнікаў.
Найперш вы параўноўваеце рухомых габрэяў з седнямі-беларусамі. Вядома, што вашыя суродзічы сапраўды ня надта любяць вандраваць па сьвеце ў пошуках лепшае долі, а калі і вандруюць, дык любяць вяртацца дадому. Калі ж дадому вярнуцца ўжо не выпадае, з былых рэспублікаў былога СССР беларусы дасылаюць у Беларусь вучыцца сваіх дзяцей. Так было ў 80-я гады, калі ва універсітэце побач з вамі на лекцыях сядзеў, напрыклад, Сярожа Шабан з Джамбулу, так ёсьць і цяпер – нядаўна вы прачыталі ў нейкай газеце пару інтэрв’ю з такімі абітурыентамі. Агулам толькі ў Менск сёлета іх прыехала каля дзьвюх сотняў. У працягу 90-х гадоў у Беларусь вярнулася каля 250 тысячаў вашых суродзічаў.
У Чэхіі, напрыклад, афіцыйна жыве каля 60 тысячаў украінцаў і каля 3 тысячаў беларусаў – неадэкватная прапорцыя, калі меркаваць па колькасьці жыхароў Украіны і Беларусі. Аднойчы вы ішлі па Рыме і ўбачылі на невялікім пляцы дзіўную карціну: ля аднаго з будынкаў тварамі да ўваходных дзьвярэй моўчкі стаялі сотні людзей, натоўп запаўняў амаль увесь пляц, ганак і перацякаў ва ўнутранае памяшканьне. На вашае недаўменнае пытаньне спадарожнік з усьмешкай адказаў, што гэта ўкраінская грэка-каталіцкая царк­ва, а людзі – вернікі, якім не хапіла месца ўнутры храму. Вы спыталіся, колькі ж у Рыме ўкраінцаў, і вам адказалі – толькі на будоўлях працуе 20 тысячаў... Нядаўна памёрлы знаёмы ўкраінскі эмігрант з Нью-Ёрку казаў неяк, што калі ў яго пытаюць, ці ёсьць у Штатах беларуская эміграцыя, ён заўсёды адказвае, маўляў, ёсьць чалавек 20...
А габрэі ўдома не сядзяць. Яны едуць туды, дзе лепш – жыць, адпачываць, вучыцца, лячыцца. Гэта адна з нядрэнных якасьцяў габрэйскага народу. Вялікая колькасьць габрэяў у санаторыях Карлавых Вараў – лепшая рэкамендацыя для курорту: значыць сапраўды дапамагае.
Жыцьцё беларусаў і Беларусі даўно і трывала перасяклося з лёсам народу габрэйскага. Сёньня ўжо мала хто памятае, што перад 1941 годам у Менску былі дзясяткі сінагогаў, што даўней ня толькі беларускія габрэі шпарка гаварылі па-беларуску, але і беларусы ўмелі зьвязаць два словы на ідыш. Гаварыла (і гаворыць) на ідыш вашая бабця, патомная шляхцянка і патомная мянчучка Вера Лось-Паўлава. Бабця вырасла побач з Нямігай, на Зборавай (цяпер Інтэрнацыянальная), рыхтык насупраць кіно «Перамога» (да вайны «Зорачка») і сябравала спрэс з габрэйкамі, бо іншых дзяўчат побач практычна не было. Якраз адны з першых вашых дзіцячых успамінаў – паходы з бабцяй з Ратамскае (цяпер Мельнікайтэ), дзе вы нарадзіліся, па Астроўскага на яшчэ ня збураную Нямігу да бабчыных габрэйскіх сябровак. І смачныя пачастункі іх свойскае кухні...

l l l
Напрыканцы 80-х вы былі ў санаторыі ў Жалезнаводску. Вашым суседам па пакоі быў 25-гадовы хлопец-расеец, начальнік правінцыйнай чыгуначнай станцыі з-пад Іркуцку. Вы зьвярнулі на яго ўвагу яшчэ ў санаторным аўтобусе, які вёз людзей у Жалезнаводск з аэрапорту ў Мінеральных Водах. Кіроўца аўтобусу быў ярым антысаветчыкам, кляў камуністаў і саветы (ішоў 1989 год) і паходзіў, дарэчы, з вёскі пад Асіповічамі. Пасажыры падтрымвалі яго або маўчалі, а супраць быў толькі той хлопчык. Ён абурана і пафасна казаў: “А як жа нашыя дасягненьні?” Кіроўца ў адказ злосна і зьедліва пытаўся: “Якія вашыя дасягненьні?” “Ну як – якія? Я, напрыклад, упэўнены, што ў мяне заўтра будзе работа і будзе што зьесьці,” – адказваў хлапец.
Вас з ім пасялілі ў адзін пакой і наступны месяц ён слухаў лекцыі пра ідэалы БНФ, каштоўнасьць нацыянальнай сьвядомасьці, пра права народаў на самавызначэньне і злавесную сутнасьць камуністычнага рэжыму.
У першы ж дзень вас з тым хлопцам прыняў лекар і прызначыў працэдуры і ваду. Вы пайшлі да бювету і па дарозе зайшлі ў харчовую краму. “Ой, колбаса...” – зьдзіўлена і захоплена выдыхнуў спадарожнік. Ён купіў паўкіла нашыткаванай варанае каўбасы і дзьве пластыкавыя ўпакоўкі сьмятаны. Аказалася, у Іркуцкай вобласьці ваш сусед па пакоі, як член мясцовай наменклатуры, атрымваў паўтара кілаграмы варанае каўбасы на месяц, а тут яна ляжала у вольным продажы... Мінеральную ваду трэба піць за 45 мінут да ежы, вы марна ўгаворвалі расейца ня есьці цяпер, але ён зайшоў за адкрытую эстраду ў парку, сеў на лаўку і зьеў усю каўбасу і ўсю сьмятану. Калі ён акуратна вылізваў вывернутую пластыкавую каробачку ад сьмятаны, ты, згадаўшы гутарку ў аўтобусе, не ўтрымаўся і зьедліва запытаўся: “А як жа вашыя дасягненьні?..”
Дык вось той хлопец асабліва не любіў... габрэяў. Вашыя аргументы пра ўласную адказнасьць народаў за свае праблемы на яго ня дзейнічалі. Ва ўсім былі вінаватыя яны... І вось ў Карлавых Варах вы таксама сутыкаецеся з гэтай расейскай бядой – з прымітыўным нежаданьнем прызнаць сваю адказнасьць за свае ж ўчынкі, з поўнай адсутнасьцю пакаяньня.
За вашым сталом у гатэлі сядзіць 45-гадовая расейка з Масквы. Кароткія тэзы ейных поглядаў: рэвалюцыю зрабілі жыды, навязалі, ненавісныя, камунізм рускаму народу, каб яны не забілі Сталыпіна, праз 10 гадоў у іх ужо нічога не атрымалася б; Расея нікога ня хоча захапіць і нікога ня хоча далучыць да сябе, ёй даўно ўжо абрыдла карміць усіх гультаёў навокал; казахі ніколі ня мелі сваёй дзяржавы і тэрыторыі, качавалі па рускіх землях, раней яны нават саромеліся гаварыць па-казахску, пасьля рэвалюцыі жыды нарэзалі ім шмат тэрыторыі, цяпер яны там уціскаюць рускіх. Вы былі нясьмела нагадалі пра Сталіна, які выбіў усіх калегаў-габрэяў, і яго паваенную антысеміцкую па­літыку. “А тут жыдоўская каса найшла на каўказскі камень,” – быў адказ.
Вы таксама спрабавалі патлумачыць расейцы нешта пра сялянскую абшчыну ў Расеі, пра штогадовыя перадзелы зямлі “па справядлівасьці”, пра натуральную эканамічную і духоўную глебу ў Расеі для ўспрыманьня ідэі сацыя­лізму і пра тое, што ў іншых краінах камунізм не прыжыўся – Парыжская камуна ў 1871 годзе пратрымалася два з паловай месяцы, Баварская і Брэменская Савецкія рэспублікі ў 1919 годзе ў Нямеччыне таксама пратрыма­ліся па месяцы кожная, а ў Расеі камуна ўмацавалася на 70 гадоў. Вы гаворыце, што храмы ў Расеі (як і ў Беларусі) разбуралі самі сяляне, і што Руская Праваслаўная царква не прышчапіла народу пачуцьця ўласнай годнасьці, што самапавагу асобы выклікаюць годныя ва ўсіх сэнсах (у тым ліку і ў матэ­рыяльным) умовы існаваньня, і што расейская эліта, трымаючы сваіх сялянаў у прыгоне найпазьней у Еўропе, нясе сваю долю адказнасьці за скочваньне краіны ў хаос сатанінскага рэвалюцыйнага тэрору. Вы, урэшце, спрабуеце зьвярнуцца да навачасных падзеяў і нагадваеце пра вераломнае наданьне ўсім грамадзянам Абхазіі расейскага грамадзянства... Расейка ня слухае. А вы і ня надта настойваеце...
Вы, часам, думаеце пра слушнасьць тэорыі геаграфічнага дэтэрменізму: чым далей на захад, тым менш шанцаў у камуністаў, чым далей на ўсход, тым меней імунітэту ад звыродлівых ідэяў усеагульнай роўнасьці. Якраз на Далёкім Усходзе захаваліся камуністычныя Кітай і Паўночная Карэя. Зрэшты, вы тут жа ўспамінаеце, што далёка на захадзе ёсьць камуністычная Куба. Відаць, імкненьне да ўсеагульнай справядлівасьці прыводзіць да несправядлівасьці ва ўсіх частках сьвету аднолькава. Або звыродлівае разуменьне “справядлівасьці” адной асобай на чале дзяржавы...
Апрача габрэяў вашая расейка ненавідзіць чачэнцаў і наогул мусульманаў. “Немцаў бедных так запалохалі, тыя так накаяліся, што цяпер у іх 12 мільёнаў мусульманаў у краіне жыве”. Вы ведаеце, што мусульманаў у Нямеччыне удвая меней і пераважна турак, з якімі ў немцаў здаўна асаблівыя адносіны. Вы таксама ведаеце, што нямецкае пакаяньне прывяло да дабрабыту і заможнасьці, і што яно мела сапраўды хрысьціянскі характар. Сёньня нельга ўявіць, каб у Нямеччыне па тэлевізары паказалі фільм пра “доблестных” гестапаўцаў – гэта проста немагчыма, а ў Расеі спрэс на экране “доблестные чекисты”, у газетах слова “чекист” у адносінах да эфэсбоўцаў ні ў кога не выклікае пярэчаньняў – маральны бар’ер што ў інтэлектуалаў, што ў народу адсутнічае цалкам. Але расейцы вы пра гэта ня кажаце – няма сэнсу.

l l l
Філалагічныя назіраньні ў Карлавых Варах. Цікава размаўляюць па-расейску чэхі – а на тым курорце па-расейску могуць гаварыць усе чэхі. Цікава, што калі чэх намагаецца гаварыць па-расейску, у яго, часам, атрымліваецца па-беларуску. Дзяўчына-медсястра кажа “некаторые процедуры” з націскам на “о” пры тым, што па-чэску “nekteшi” з націскам на другое “е”. Або “подвойны масаж”, пры тым што па-чэску пераважна кажуць dvojity (зрэшты, у слоўніку прыводзіцца і маргінальная форма podvojny). Іншыя рускія абароты чэхаў проста мілыя. “Идите снимать” (у сэнсе распранацца), або чэскае на разьвітаньне “Hesky den” у выглядзе “хороший день, спасибо”. Вы чуеце такую мову вакол сябе спрэс і ўспамінаеце, як у 1995 годзе, пражыўшы ў Чэхіі толькі два тыдні, зьвярнуліся да знаёмага чэха з просьбай дапамагчы купіць білет у Алямоўц, дзе тады ва універсітэце вучыўся ваш брат Андрусь. Дапамогшы, чэх на разьвітаньне падняў руку, выгукнуў “Здравствуй” і пайшоў сабе. Вы, зрэшты, на той час ужо ведалі, што і пры сустрэчы, і пры разьвітаньні яны кажуць адно аднаму “Ahoj”, што азначае “прывітаньне”. Цікава разглядаць рэкламныя абвесткі: “Карловарское комплексное бальнеолечение предлагает вам исключительную возпожность лечевного и релаксационного проживания” або “Гараж – автоматическая охранная система для 18 автомобилов...”
Яшчэ больш цікава размаўляюць на вуліцах Карлавых Вараў былыя савецкія габрэі. “Боря, дай ему его стекло”. Вы гэтую фразу разумееце, бо ведаеце, што па-ангельску і шкло, і акуляры азначаюцца адным словам glasses... Часам габрэі гавораць на дзьвюх мовах адразу: “Лёня, не отходи, stay here please...”
Хто ня ведае чэшскае настойкі на травах – карлаварскае Becherovky? Аказваецца, ведаюць ня ўсе. Дзьве жанчыны дзяліліся ўражаньнямі ад пакупак: “Я купила две бутылки этой их Бехтеревки...”
У Карлавых Варах праз выпадковае знаёмства з вамі і вашай жонкай яшчэ два расейцы зразумелі, што беларусы ім хоць і сваякі, але... Вы расказваеце, што ў вашай фірме курыць забаронена ва ўсіх памяшканьнях: “У нас на Радио всех курцов выгнали на улицу”. “А што такое курец?” – пытаюць у вас. І вы раптам разумееце, што па-расейску трэба было сказаць “курильщик”.
Але самым вялікім беларуска-расейскім саюзна-дзяржаўным зьдзіўленьнем для вашых маскалёў стаў, відаць, іншы карлаварскі эпізод. Пачуўшы, як вашая жонка адказвае па-беларуску на званок па мабільным тэлефоне, яны пераглянуліся паміж сабой: “Во па-чэшску шпарыць...”

l l l
Вы ходзіце, глядзіце, думаеце і параўноўваеце. Хоць і жывяце дзясяты год за мяжой, але ня можаце не прымерваць усё ўбачанае да Беларусі і ўсёй пост­савецкай прасторы наогул. У гатэльнай рэстарацыі кожны дзень у меню стравы з рыбы. Навокал некалькі рыбных рэстаранаў, дзе гатуюць немарожаныя рыбу і малюскаў, давезеныя ў ахалоджаным стане проста з марскіх краінаў. А вось вы звоніце да брата, які з сям’ёй адпачывае ў Крыме, пытаецеся пра ўмовы побыту, і ён скардзіцца, што нідзе нельга зьесьці рыбы. Нібыта поўнае мора рыбы, па пляжы крабы бегаюць, а ў рэстарацыях і крамах – спрэс сьвініна, а з рыбы – толькі вобла... Саўковае ўбоства і адсутнасьць элементарнай культуры харчаваньня. Сёньня ўвесь сьвет выправіўся ў падарожжа за здароўем, усе пільна даглядаюць, што ядуць, колькі ядуць і як, і толькі ў вас на радзіме, як і ў суседзяў-небаракаў, мала што мяняецца.
Зрэшты вы тут жа прыгадваеце, што і ў Беларусі ёсьць зрухі. Беларусы пачалі значна болей піць сухога віна, і выпіваюць яго за год у дзясяткі разоў болей, чым расейцы, калі лічыць у суадносінах да колькасьці насельніцтва...
...А ўсё ж Карлавы Вары не Карлсбад. Ня той дыхт... Дамы тыя ж, нямецкія, але вось людзі... Ці то гэта славяншчына, ці то савеччына... Вы зьбіраецеся са сваімі знаёмымі расейцамі ў рэстарацыю, ідзяце па вуліцы побач з гранд-гатэлем PUPP і праглядаеце меню ў рыбных рэстаранах. Кошты завоблачныя, гэта ясна. Тыгровыя або каралеўскія крэветкі, лангусты і вустрыцы ў чэшскіх вадаёмах ня водзяцца – тут пытаньняў няма. Пытаньні зьяўляюцца тады, калі ў разьдзеле “Чэшскія віны” ў меню адной з рэстарацыяў вы бачыце: “Frankovka – 1200 Kи”. Вы рагочаце, бо як чалавек, які 10 гадоў жыве у Чэхіі, таксама любіце гэтае найлепшае з чэшскіх вінаў. Яно даволі нядрэннае ў параў­наньні з астатнімі мясцовымі, даволі папулярнае і каштуе ў любой краме каля 60 кронаў – гэта значыць, меней за два з паловай даляры. Вы рагочаце, бо ніколі ў жыцьці ня бачылі нацэнкі на дзьве тысячы адсоткаў!.. Вы разумееце, што гэта для багатых і неабазнаных замежнікаў, але вы таксама разумееце, што ў суседняй Нямеччыне ніводзін уладальнік рэстарану сабе гэтага не дазволіць – іншая культура... І іншая ступень самапавагі... Славяншчына.

l l l
Пару разоў жонка хадзіла да каланады піць мінеральную ваду адна. Там, відаць, яе і нагледзеў пажылы (троху за 70) амерыканскі габрэй. І вось калі аднойчы вы з жонкай шпацыравалі па галоўнай карлаварскай вуліцы, нехта з-пад навесу адкрытае рэстарацыі зароў: “Эй, иди сюда, ну что ты остолбенел, не бойся, я тебя не укушу...” Вы ашаломлена спыталіся, ці да вас ён гаворыць, і, атрымаўшы станоўчы адказ, падышлі. Вы нават не пыталіся, чаму вам кажуць “ты”, бо бачылі, што незнаёмы стары вельмі ўзбуджаны і разгарачаны. Вы адразу зразумелі прычыну яго зухаватасьці – ён з усяе сілы стараўся выглядаць упэўнена і раскавана, і рабіў гэта як умеў – з дамешкам хамства.
Сьмеласьці старому надаў той факт, што побач з ім сядзела значна мала­дзейшая габрэйская пара – гэта былі музыкі з аркестру, які меўся граць на заўтрашняй вечарыне ў рэстарацыі з нагоды габрэйскага Новага Году. Вось галоўным клопатам старога габрэя і было запрасіць вас і (галоўнае) вашую жонку на навагоднюю вечарыну. Пяць хвілінаў ён гаварыў без упынку, ганарліва трымаючы галаву, гледзячы на вас з выклікам і робячы каралеўскія жэсты рукамі – было відаць, што чалавек з усяе сілы пнецца ўдаць багатага і ўпэўненага ў сабе амерыканца. Гэта яму не дапамагло, вы стрымана адмовіліся і пашпацыравалі сабе далей. Пазьней і вы, і жонка ня раз сустрэнецеся з тым чалавекам на працэдурах, і акажацца, што ён пенсіянер, працуе ў Нью-Ёрку ліфцёрам, а ў СССР быў інжынерам-тэхнолагам. Ад зухаватасьці і прэтэнзіі не застанецца і сьледу – вы ўбачыце кволага і стомленага жыцьцём старога. І яшчэ раз з піітэтам падумаеце пра сілу прыцягненьня полу...
Габрэі ў Карлавых Варах здольныя сур’ёзна зьмяніць імідж расейцаў у сьвеце. Праз два дні пасьля тых няўдалых запросінаў на габрэйскі Новы Год, вы будзеце ляжаць на стале ў чэшскай масажысткі, і яна зьбянтэжана спытаецца: “Скажыце, калі ласка, хто расейцы па веры і па якім календары яны жывуць?” Вы ў адказ выкажаце недаўменьне – у чым, уласна, праблема? Масажыстка скажа, што ўчора мела рускую кліентку, якая скардзілася, маўляў, напярэдадні шмат выпіла на навагодняй вечарыне. Масажыстка не магла сьцяміць, чаму расейцы адзначаюць Новы Год у верасьні. Вы, вядома, патлумачылі ёй, што кліентка была рускай габрэйкай і сьвяткавала Роша Шану, якая ў той год прыпала на 16 верасьня, але самі сабе падумалі, што ўсім не патлумачыш – тысячы габрэяў з розных краінаў прыязджаюць ў Карлавы Вары, гучна размаўляюць па-расейску, бывае і праз вуліцу перакрыкваюцца, ярасна гандлюцца ў крамах, зьбіваючы кошты, сядзяць на лавачках і гучна абмяркоўваюць лёс сваякоў – хто, дзе і як уладкаваўся (“Сёме в кибуце очень хорошо...”), знаёмяцца адно з адным, высьвятляюць ступень сваяцтва і пакідаюць уражаньне, што яны ўсе сваякі паміж сабой... А людзі вакол успрымаюць іх як расейцаў.
Вы неяк сталі сьведкам такога нязмушанага “перакрыкваньня” на пляцы каля галоўнай карлаварскай каланады. Мажная габрэйка бяз комплексаў, апранутая ў даўгую спадніцу і, чамусьці, у цюбецейку закрычала людзям, што праходзілі метраў за 20 ад яе:
– Эй... Вы, вы... Вы Люба?
– Да.
– Люба Шалевич?! С Квинса?
– Нет. Я, вообще, Люба, но вас не знаю.
– Ты смотри. Так похожа, как сестра-близнец. У меня в Квинсе была напарница Люба...
Нязмушанасьць, непасрэднасьць, адсутнасьць або схаванасьць комплексаў...
Наогул, габрэі пакінулі ў гісторыі Карлавых Вараў значны сьлед. Ад XV стагоддзя ў суседнім з курортам мястэчку Гразьнецін існавалі габрэйскае гета, сінагога і могілкі. У 1499 годзе Уладыслаў ІІ Ягелончык дазволіў Карлавым Варам самім выдаваць габрэям дазвол на знаходжаньне ў горадзе. Ад таго часу і аж да ХVIII стагоддзя габрэі не маглі настала сяліцца ў Карлавых Варах. Яны цікавілі жыхароў Карлавых Вараў толькі як багатыя кліенты-пацыенты. Мясцовае насельніцтва раўніва сачыла за посьпехамі габрэяў і старалася ўсяляк абмежаваць іх. Ім дазвалялася толькі прыязджаць падчас сезону – ад 1 траўня да 30 верасьня – для гандлю. Як і ў Беларусі, асноўным таварам габрэяў была скура, а заняткам – гарбарства. Пасьля габрэі памалу праніклі-такі ў горад, заснавалі габрэйскі шпіталь для маламаёмасных і сінагогу. А першы дом у Карлавых Варах габрэй змог купіць толькі ў 1850 годзе. Затое другая палова ХІХ стагоддзя стала росквітам габрэйскага гандлю на курорце. Пасьля была катастрофа 1938 году і Халакост. У выніку сёньня габрэі ў Карлавых Варах – зноў жаданыя кліенты-пацыенты.
Але ня толькі. Гісторыя паўтараецца. Габрэі пачалі новае засваеньне мясцовага рынку. Неяк вы сядзелі са сваімі расейскімі знаёмцамі каля каланады, пілі мінеральную ваду і разважалі пра шчыльнасьць гарадской забудовы і недарэчнасьць вольнага пляцу якраз насупраць каланады. І раптам чалавек гадоў 35-ці, які да гэтага моўчкі сядзеў на лаўцы побач з вамі, сказаў па-расейску:
– Гэта ахоўная зона, тут пад зямлёй – таксама крыніца, і таму нельга будаваць.
Вы разгаварыліся, і аказалася, што чалавек, былы кіяўлянін, цяпер грама­дзянін Ізраілю. На пытаньне, што ён тут робіць, адказаў:
– Я тут жыву. Мы з жонкай маем тут непадалёк салон-цырульню.
І незнаёмец тут жа ўручыў усім рэкламныя візітоўкі тае цырульні з мапай-планам, і ў дадатак на словах расказаў, як туды лацьвей трапіць. Вось так працуюць габрэі, пакуль іншыя іх клянуць...

l l l
Вакол Карлавых Вараў – невысокія горы, парослыя цудоўнымі лісьцёвымі і зьмешанымі лясамі з мноствам сьцежак і дарог. Увосень на гэтую прыгажосьць немагчыма наглядзецца. Чаму зеляніна перад сконам так расквечваецца барвамі? Чаму выбухае такой прыгажосьцю? І чаму людзі пад старасьць робяцца такімі непрыгожымі і нямоглымі? Можа таму, што яны, у адрозьненьне ад зеляніны, рыхтуюцца да вечнага, нематэрыяльнага жыцьця, і таму пад старасьць робяцца дасканалыя і прыгожыя найперш ўнутрана, а зьнешнасьць на нябёсах ня мае сэнсу?..
Аднойчы падчас паабедзеннага шпацыру вы з жонкай забрылі ў Локет – колішні каралеўскі горад-замак, які мала зьмяніўся з часоў раньняга Сярэднявечча. У 1234 годзе падчас паляваньня непадалёк ад гэтага замку кароль Карл IV знайшоў незвычайныя крыніцы з гарачай мінеральнай вадой. З таго часу ў Карлавых Варах і лечацца. Loket у перакладзе з чэшскай – локаць. У гарах рэчка Огржэ ўтварыла выгін у выглядзе чалавечай рукі, і таму скалу ўнутры лукавіны назвалі Локцем і паставілі на ёй замак. У Локці Гётэ суст­рэў сваё апошняе каханьне – нямецкую арыстакратку Ульрыку фон Лівэтцоў. У гэтым раманскім замку XII-XIII стагоддзяў кароль Ян Люксембурскі ў 1319 годзе трымаў у зьняволеньні сваю жонку Элішку Пшэмыслоўну і трохгадовага сына Вацлава, будучага караля Карла IV – прыгожыя такія норавы раманскай эпохі і загадкавае бацькоўскае пачуцьцё сярэднявечнага чалавека.
Стоячы ў музеі катаваньняў у лёхах локецкага замку, вы ўявілі сабе і іншыя “мілыя” рэаліі сярэднявечча – успоратыя жываты навакольных сялянаў, у гарачых кішках якіх арыстакратыя грэла ногі падчас паляваньня, згнілыя зубы і брыдкі пах з роту, прыпацелую скураную вопратку, хранічныя пранцы і іншыя венерычныя хваробы, але, найперш, зьвярыную лютасьць і жорсткасьць усіх да ўсіх – чаго толькі не напрыдумлялі тады, каб зьдзеквацца з чалавека... Дзіўная сярэднявечная Еўропа... Вяршыні раманскага і гатыцкага мастацтва, шэдэўры жывапісу і скульптуры, а побач – грэх і зло, чалавечая подласьць, падступнасьць і падзеньне...
Бадзяючыся па замку некалькі гадзінаў, вы сустрэлі там турыстаў з розных краінаў, але не спаткалі ніводнага расейскамоўнага габрэя. Зайздросная мэтанакіраванасьць – раз у Карлавых Варах трэба лячыцца, яны і лечацца...

l l l
Канец верасьня, канец адпачынку. У Карлавых Варах – дождж. Вы блукае­це ў парках, варушыце нагамі апалае лісьце, і нават прамоклы абутак вас не спыняе. Блукаць увосень па парку – ваш улюбёны занятак. У душы раз за разам усплываюць відарысы нязбураных Ратамскай, Шпалернага завулку, Аст­роўскага і Нямігі. Вы з бабцяй ідзяце ў госьці да цёці Вары, старой габрэйкі-лякаркі. Вы малы і карысьлівы, вы прадчуваеце смачны пачастунак, магчыма, такі самы, як на мінулым тыдні ў цёці Фані з Астроўскага.
Вокны кватэры цёткі Вары на першым паверсе выходзяць проста на Нямігу, замест нармальнага ўваходу са двара – балкон з праходам у агароджы. Цётка Вара накрывае на стол, садзіць насупраць вас сваю цёмнавокую ўнучку Лізу аднолькавага з вамі веку і падае гефілтэ фіш з цымэсам – па-беларуску кажучы, фаршыраваныя рыбу і моркву. Вам гэта смакуе, але вы малы і карысьлівы, вы чакаеце галоўнага прысмаку, водар якога ўжо апанаваў усю маленькую няміжскую кватэрку. Вы чакаеце бэйгелах – так цётка Вара і бабця Вера называюць фантастычныя па смакоце булачкі хатняй выпечкі. І вось яшчэ гарачы бэйгелах на вялікай тацы выносяць з кухні, ставяць на стол, падаецца чай і сочыва і пачынаецца кайф...
Дзьве бабці, беларуска і габрэйка, гамоняць адначасова па-расейску, па-беларуску і на ідыш. Чарнявая Лізачка насупраць гучна сёрбае са сподачка гарбату, вы не адстаяце, а, можа, і пераўзыходзіце яе ў справе паяданьня бэйгелах і сёрбаньня, пасьля вы разам выходзіце на балкон-ганак і пачынаеце назіраць за няміжскімі мінакамі, час ад часу дражнячы іх і хаваючыся за балясу...
Успамін раптам зьнікае... Навокал Карлавы Вары і пераважна рускамоўныя габрэі на вуліцах. Вы думаеце, што габрэі цяпер – ужо далёкія ад Беларусі і духоўна, і фізічна. Цяпер яны асвойваюць іншыя краіны і культуры. Габрэйскія бацькі і дзяды з былога СССР – спрэс расейцы, а іх дзеці і ўнукі – ізраільцы, амерыканцы, ангельцы, немцы. Хаду часу не павернеш...
Але ў думках вы зноў і зноў вяртаецеся ў 60-я гады. Можа таму, што бабця і бацькі былі тады маладыя і прыгожыя, можа таму, што вас ўсе любілі і лашчылі, а можа і таму, што моцна сумуеце па Менску, якога ўжо няма. Як няма і насельнікаў тых цэнтральных вуліцаў, з якімі беларусы стагоддзямі дзялілі свой горад.
Вы ціха ўсьміхаецеся, бо раптам успамінаеце, што тады, у 60-я, самай любімай стравай у сем’ях і цёткі Вары, і цёткі Фані былі ня бэйгелах і цымэс, ня кугал (кнэдлікі) і нават не гефілтэ фіш, але латкес. Менавіта латкес увесь час прасіла згатаваць бабцю вашая шасьцігадовая пасія Лізачка... У вашай сям’і латкес таксама любілі і гатавалі па нядзелях на сьняданак. Бацька ўставаў найраней, абіраў бульбу, грэў патэльню...

Напэўна, цяпер ужо ніхто з гэтых вясёлых і жвавых людзей на вуліцах Карлавых Вараў ня памятае пра адну са сваіх колішніх радзімаў – Беларусь? Шкада цёткі Вары, яе ўнучкі Лізы, шкада цёткі Фані, іх зьніклага ідышу і колішняй улюбёнай стравы.
Латкес у перакладзе на беларускую – дранікі...

Карлавы Вары-Прага.
Верасень 2004

Ці бывае посьпех сарамлівы?

Ліпень 2004 году. Цягнік Масква-Прага пакідае межы роднага Менску. На пероне засталіся прыгорбленыя разлукай бацькі – яны яшчэ трошку пастарэлі за тыя некалькі месяцаў, што вы ня бачыліся. Ад гэтага асабліва балюча і сумна на душы... Разам з вамі, здаецца, сумуе і прырода. Яна правісла над менскімі гмахамі нізкімі алавяна-шызымі аблокамі і нават падплаквае касым дожджыкам. Рэдкія буйныя кроплі пакідаюць на акне вагона даўгія пісягі, і ўскраіны роднага Менску паўстаюць перад вачыма скрозь “касую лінейку” вучнёўскага сшытку. Цяпер, хіба, такіх прыладаў для “чыстапісаньня” ўжо ня ўбачыш...
Менск за вакном – шэры і сумны. Ліпень, нядзеля, раніца – і амаль нікога навокал. Нізкія аблокі чапляюцца за прамысловыя коміны і высокія навачасныя гмахі ўскраінных вуліцаў. Большы дождж быў уначы, сьцены будынкаў ушчэнт прамоклі і пацямнелі ад вільгаці. А ў гэтую ранішнюю пару – не сказаць каб вялікая непагадзь, у аблачыннай столі можна заўважыць нават рэдкія прасьветы. А там, адкуль вецер аблокі гоніць, яны наогул вышэйшыя і сьвятлейшыя. Відавочна, там і ёсьць канец дажджу. Але ці ёсьць канец вашаму менскаму суму?..
Вэлюм успамінаў агарнуў душу, калі цягнік, набіраючы хаду, выкаціўся нарэшце з гарадскіх межаў у кірунку Стоўбцаў... Адно што вока пасьпела выхапіць за вакном прывычны пейзаж сацыялістычнай Бацькаўшчыны – шырокія калгасныя палеткі, неахайныя ўзбочыны асфальтавых (тым ня менш) дарог, трошку занураныя твары людзей на паўстанках, безьліч драўляных хат і нямала ўжо мураваных – выключна безгустоўнай і бяздарнай архітэктуры. Нельга сказаць, каб у беларускіх прыватных навабудах з іх арачкамі, вежачкамі і лесьвічкамі не было стылю – татальная адсутнасьць густу і меры – таксама стыль. Ён і назву мае – кітч, і сваіх адэптаў – разбагацелых вясковых люмпенаў...

l l l
У 60-70-я гады вы часта бавілі летнія школьныя вакацыі ў вёсцы Кожава пад Мірам – гэта Гарадзенская вобласьць, Заходняя Беларусь. Вы па бацьку – заходнік. Як, зрэшты, і па маме, проста яе шляхецкія продкі перабраліся ў Менск з Радашковіцка-Вялейскага рэгіёну яшчэ ў ХІХ стагоддзі. Кожаўская галіна – заможныя заходнебеларускія сяляне. Прадзед Трафім Абламейка меў даволі ворнай зямлі, і выпас, і ладны кавалак лесу з тартачком. Меў таксама дачыненьні з князем Базылём Сьвятаполк-Мірскім – абодва гадавалі коней і абодва прадавалі іх на Мірскіх кірмашах. Мудры Трафім перад сваёй сьмерцю і прыходам саветаў у 1939 годзе падзяліў майно паміж сынамі, і яны нават ня трапілі пад раскулачваньне. Адзін з яго сыноў, ваш дзед Серафім, за ўдзел у Мірскім батальёне самааховы быў забраны саветамі ў 1944 годзе ў штрафбат і загінуў праз два месяцы ў Славаччыне. У самаахову ён трапіў, калі партызаны забралі апошнюю карову і не засталося чым карміць траіх дзяцей. Вы сёньня ашчадна захоўваеце яго апошні ліст з Кёнігсбергу да бабці, напісаны па-беларуску: “Дарагая мая жана Люба...”
Тата вырас бяз бацькі. Бабцю на пачатку 50-х гадоў нейкі камісар у скураной куртцы з пісталетам у руцэ прымусіў падпісаць паперу аб уступленьні ў калгас, і пасьля калгасны конюх – сын Трафімавага парабка, ніколі не даваў ёй ўзяць са стайні ейнага ж каня. Гэтак, хіба, спрацоўвала ў ім народжанае новай уладай пачуцьцё класавае справядлівасьці...
Прадзед па бабці Любе Міця Абламейка (у Кожаве кожны трэці – Абламейка) быў выдатным сталяром. Ён рабіў для ўсяе вёскі граблі, зэдлікі, услоны, цабэркі і чоўны. У пачатку 50-х гадоў дзед Міця адмовіўся ўступіць у калгас і пражыў жыцьцё па-за калектыўнай гаспадаркай імя мясцовага партызана Жалезьняковіча. Ён памёр у 1976 годзе, і ніхто нічога яму ня здолеў зрабіць. Дзед вас любіў, вы днямі праседжвалі ў яго майстэрні ля варштату, шмат што майстравалася разам, і вы яшчэ дзіцем добра авалодалі сталярнай навукай.
Неяк улетку па вёсцы разьнеслася навіна, што ля Міру зьявіўся цыганскі табар. І вы, 7-8-гадовы хлапчук, упершыню ўбачылі на вясковых дзьвярах замкі – аднекуль іх людзі раптам падаставалі і панавешвалі. І тут жа вы зрабілі наступнае адкрыцьцё: бальшыня замкоў не была замкнутая на ключ. А ключы ад тых, што былі ўсё ж замкнутыя, ляжалі пад ганкамі або акуратна віселі на ўбітых у шулу цьвіках. Праз два-тры дні табар пайшоў сабе далей, трывога была адмененая, і замкі зноў зьніклі. У 70-я гады замкі пачалі зьяўляцца на кожаўскіх дзьвярах часьцей, аж пакуль не замацаваліся там настала. Спачатку іх вешалі незамкнёныя, а пасьля сёй-той пачаў і замыкаць. Як вы разумее­це цяпер, тэндэнцыя расла прапарцыйна росту колькасьці люмпенізаваных калгасных элементаў – вясковых алкаголікаў-жабракоў.
Вы памятаеце Кожава ад часу, калі мясцоваму калгасу не было і 15-ці гадоў. У людзей яшчэ заставалася павага да ўласнасьці – і сваёй, і чужой. А зьявіліся замкі, калі вырасла пакаленьне калгасных парабкаў-люмпенаў, якія пасьля працоўнага дня на калгасным двары ішлі на клубны падворак гуляць у валейбол і напівацца да паўсьмерці танным віном. Прычым баяліся людзі ня толькі сваіх, але і такіх жа прыхадняў з іншых вёсак. У гэтых вясковых пралетарыяў ужо не было гаспадаркі і маёмасьці, якую трэба даглядаць і на якой трэба было працаваць. Прынесеная ў беларускую вёску “класавая барацьба” прывяла да сацыяльнай катастрофы і завяршылася тысячамі чалавечых трагедыяў ды ашаламляльным маральным рэгрэсам.
Нешта падобнае назіралася ў беларускай вёсцы яшчэ толькі аднойчы – у другой палове ХІХ стагоддзя, калі сяляне масава перасталі хадзіць у царкву пасьля ліквідацыі Уніі ў 1839 годзе. Расейскія ўлады павыкідалі з цэркваў арганы, зноў збудавалі іканастасы, загадалі сьвятарам адрошчваць бароды, вучыць расейскі варыянт царкоўна-славянскай мовы і гаварыць казаньні па-расейску. Этнографы, у тым ліку славуты Павел Шэйн, адзначалі глыбокі маральны заняпад беларусаў – сталі больш вольна паводзіць сябе незамужнія жанчыны, мужыкі пачалі болей піць – цэлы народ выйшаў з-пад маральнага кантролю сьвятароў. Часам п’яныя ў бэльку маладзёны ўвальваліся ў царкву і пачыналі зьдзекавацца з праваслаўнага бацюшкі, чапляючыся да ягонага адзеньня і зьнешняга выгляду. Нават праз 40 гадоў пасьля гэтага сьведкі апісвалі поўныя жалю і журбы пахавальныя працэсіі ў беларускіх вёсках, калі ўсёй грамадой, але без мясцовага сьвятара, сяляне праводзілі на могілкі аднавяскоўца. Нехта старэйшы чытаў малітву і нябожчыка засыпалі. Так пайшлі з жыцьця цэлыя пакаленьні... Гэтыя сюжэты ўвайшлі ў расейскую літаратуру. Праз 67 гадоў пасьля скасаваньня Уніі, калі на хвалі рэвалюцыі 1905 году расейскі цар падпісаў указ аб верацярпімасьці, адбылася фенаменальная рэч – чвэрць мільёну былых уніятаў у Менскай, Гарадзенскай і Віленскай губерніях перайшла з праваслаўя ў каталіцтва, бо Унія па-ранейшаму была забароненая. Гэта былі ўжо ўнукі і праўнукі тых, каго навярнулі на расейскую веру ў 1839 годзе.
Толькі стаўшы дарослым і скончыўшы гістарычны факультэт БДУ, вы зразумелі, чаму праз усё ХХ стагоддзе ў Кожаве ў царкву хадзілі пераважна адны жанчыны, дый тое ня ўсе. Мужыкі заставаліся дома...
Да абодвух маральных катастрофаў спрычынілася Расея.

l l l
У 90-я гады, калі вы ўжо працавалі ў Празе, адзін беларускі эмігрант расказаў пра свой шок ад сустрэчы з правінцыйнай Амерыкай. У 80-я гады гэты беларус пераехаў жыць у Злучаныя Штаты і асеў у невялікім правінцыйным гарадку, амаль вёсцы. Зьдзіўленьню яго не было межаў, калі ён зразумеў, што ў гэтым паселішчы ніхто не замыкае дзьверы. Не было межаў і зьдзіўленьню мясцовых, калі ён пачаў іх распытваць пра ўбачанае. А вы, слухаючы знаёмца, не зьдзіўляліся. Вы ведалі, што правінцыйная Амерыка трымаецца на трох кітах – на глыбокай веры ў Бога, на прыватнай уласнасьці і на павазе да правоў асобы. Прычым апошняя вынікае з двух першых. Гэтыя апірышчы пурытанскай Амерыкі вызнавалі некалі і вашыя суайчыньнікі. Вам пашанцавала сустрэцца з такой рэальнасьцю ў 60-я гады ў заходнебеларускай вёсцы раней, чым яе канчаткова выкаранілі на вашай Бацькаўшчыне.

l l l
Вы неяк апынуліся ў гасьцях у аднаго пражскага знаёмца. Абсалютна выпадкова там аказалася і расейская сямейная пара з Масквы – прыстойныя людзі, муж – буйны бізнэсмэн-будаўнік, жонка – хатняя гаспадыня-філолаг. Сядзелі з віном на першым паверсе пражскага дому. Вокны і адчыненыя дзьверы выходзілі проста на брукаваную тэрасу ля дому, а далей – невялікая паляна і плот-паркан. За плотам дарога і ходнік. І раптам расейка спытала:
– А што ў вас кратаў на вокнах няма? Як жа вы тут жывяце ў страху?
Гаспадар адказаў, што ў Празе гэтак збольшага ўсе жывуць, толькі багатыя ставяць сабе электронныя ахоўныя сістэмы, бо ім, відаць, сапраўды ёсьць што ахоўваць. Расейку перасмыкнула і яна заявіла, што ніводнае ночы ў тым доме не засталася б. Пасьля яе муж расказаў, што маючы добры джып, ён возіць з сабой зброю, каб абараніцца ад магчымых налётчыкаў-выкрадальнікаў машыны або нападнікаў па дарозе ад стаянкі дадому. Прысутныя зьдзівіліся і сказалі, што ў Празе ўначы хадзіць абсалютна бясьпечна, але ўбачыўшы зьбянтэжанасьць маскоўцаў, пастараліся супакоіць гасьцей, маўляў, у Празе таксама хапае кватэрных крадзяжоў. Зрэшты тут жа і самі мусілі прызнаць, што паводле статыстыкі, большасьць такіх злачынстваў робяць цыганы і замежнікі з усходу...

l l l
У гэты побыт дома вы зьезьдзілі з братам у Карэліцкі раён, у бацькава Кожава да хросных. Там пакуль сітуацыя не такая безнадзейная, як на ўсхо­дзе краіны.
Вашая хросная, цётка Маня, сустрэла прыязна, пачала завіхацца ля стала. Вы з братам папрасілі “падсмажыць яешню”, але хросная раптам сказала, што цяпер печку ня топіць.
– А што, газавай пліты няма?
– Анёж, ёсьцека.
– Ну дык падсмажым на пліце...
І тут цётка пачынае завіхацца болей увішна, нават мітусьліва, у вочы не глядзіць, і раптам без вялікай ахвоты выдае сапраўдную прычыну нежаданьня “смажыць яешню”:
– Я ня ведаю, як гэто робіцца...
Вы кажаце:
– Проста, на патэльні разаб’ем яйкі...
Цётка з палёгкай:
– А-а, дык вам яйка сьпячы?!... За-араз во, я хутка...
“Смажыць яешню” і “пячы яйка” – не адно і тое ж для людзей з ваколіцаў Міру. Калізія “гарадской” і натуральнай беларушчыны...
Пасьля вячэры вы ідзяце да хроснай брата, цёткі Тані. Там сустракаюць цётка, яе муж дзядзька Барыс і сын Коля – ваш траюрадны брат. Нейкі час стаіце у двары, абменьваецеся навінамі. Яны гавораць на трасянцы, але з вельмі невялікім дамешкам русізмаў. Пасьля вы адыходзіцеся ўбок з Колем і працягваеце гаворку ўтрох. Коля пераходзіць на літаратурную беларускую тарашкевіцу – калгасны вартаўнік, былы зваршчык, 32 гады, выпускнік сярэдняй школы ў Трашчычах пад Мірам – роднай вёскі навукоўца і пісьменьніка архімандрыта Льва Гарошкі, вашага далёкага сваяка. Коля кажа “рабеце”, “ідзеце...” Просіць маці сфатаграфаваць вас трох і, зьвяртаючыся да яе, пераходзіць на трасянку: “Мамо, я зараз аб’ясьню...” У размове з вамі ў яго праскоквае “апрэль”, і ён тут жа тлумачыць: “Гэто красавік”.
Ніякіх праблемаў, ваш Коля – Кока па-вясковаму, адрозьнівае дзьве нормы ідэальна, ня блытае іх і дасканала валодае абедзьвюма. Падобнае вы сустракалі шмат разоў і ў іншых мясьцінах Заходняй Беларусі, напрыклад, на Мядзельшчыне гадоў 15-20 таму. Для беларускай вясковай моладзі, выпускнікоў беларускіх школаў трасянка і беларуская мова – розныя рэчы.
Нягледзячы на татальнае п’янства і галечу, Кожава, як і навакольныя вёскі, жыве. Праз усё лета і на выхадныя ў іншыя поры году вёска напаўняецца народжанымі ў 60-я гады людзьмі, якія са сваімі амаль дарослымі дзецьмі прыязджаюць з Менску і іншых гарадоў дадому, да бацькоў і да родных магілаў.
Вы прайшліся па некалькіх вуліцах даволі вялікага сяла – Кожава мае 260 двароў. Шаляваныя хаты па-ранейшаму акуратна даглядаюць і фарбуюць, у мураваных дамах – белыя бляшаныя дахі, у драўляных – таксама, толькі дзе-нідзе застался счарнелая гонта. Вы са зьдзіўленьнем згледзілі некалькі аба­бітых дэрмацінам дзьвераў. Раней іх знутры зацяплялі саломай і абівалі радном ці клятчастымі дзяругамі. Немалыя ўжо і ў часы вашага дзяцінства вязы на галоўнай вуліцы разрасьліся яшчэ болей і вышэй, у іх засені насупраць дому хроснай самотна прытулілася заімшэлая студня з драўлянай стрэшкай. На ўезьдзе ў Кожава з боку Жухавічаў – праваслаўная зашклёная каплічка з абразом і агароджай, упрыгожаная ручнікамі і штучнымі кветкамі. Такая ж самая стаіць і пры разьвілцы, дзе галоўная вуліца разыходзіцца на дзьве, адна з якіх вядзе на Радунь і Мір, а другая – на Вушу і Трашчычы. Якраз гэтая апошняя за вёскай мае адгалінаваньне і на Цетру, дзе ў лесе можа было вёдрамі зьбіраць гарэхі. Ля цятранскай дарогі – кожаўскія могілкі з драўлянай каплічкай-цэркаўкай. Там ляжаць многія пакаленьні вашых продкаў, і шмат якія магілы падпісаныя руска-беларускай трасянкай і да таго ж з кожаўскім “оканьнем...”
Па дарозе на Вушу – невялікі масток над рэчкай Цятранкай і яшчэ адна дарога на Цетру. За часамі пана Абламовіча берагі Цятранкі былі аплеценыя лазой, і кожаўскія дзеці за гэтымі плятнямі лёгка лавілі сонных уюноў – смачныю рыбу бяз костак. У часы вашага дзяцінства ў рэчцы Вуша, на якой стаіць Кожава, рыбу лавілі “седзячка”. На плыткім месцы чалавек сядаў на водарасьці, заграбаў іх сабе паміж ног, прамацваў і выкідаў на бераг знойдзеную рыбу. Зусім маленькім хлапчуком вы бегалі па беразе і зьбіралі рыбу, выкінутую бацькам і дзядзькамі, а падросшы, лавілі “седзячка” і сам. У канцы 70-х гадоў рыба ў Вушы зьнікла – яе глушылі выбухамі, нішчылі эклектрычнасьцю, а з калгасных палёў у рэчку цяклі патокі хімічных угнаеньняў. Цяпер калгасы заняпалі, рыба зьявілася зноў, і яе зноў ловяць вёдрамі – плоткі і акуні, язі і яльцы, ліні і мянькі, а таксама сялява, самы і шчупакі.
З дзяцінства помняцца, як тады здавалася, загадкавыя ў сваёй пракаветнасьці назвы мясьцінаў вакол Кожава – Ждан, Маргі (Марге па-мясцоваму), Глінішча... Цяпер вы ведаеце, што ў Глінішчы была цагельня, а зямельныя надзелы мералі раней на маргі... Ідучы ў Маргі вы заўсёды з трымценьнем сэрца праходзілі паўз хату таямнічай гарбуніхі Маланьні.
Цяпер, часам, з замілаваньнем успамінаюцца і кожаўскія мянушкі. Апрача прозьвішчаў кожны род ці вялікая сям’я мелі мянушку – Бабаневы, Карнозавы, Апрыштыкавы, Базылькавы, Санькавы, Чайчыны, Сялявы... Мелі мянушкі і асобныя людзі – Пыха, Лададэй, Фрэйка, Малота... А нехлямажага і марудлівага чалавека там нязьменна звалі Ванзэлкам... Успамінаеце вы і проста цікавыя кожаўскія слоўцы. Скацунэ (блохі), каўнярцэ (манжэты), гаптачка (пятля ў кашулі ды іншым адзеньні), гелачка (кукса валасоў на галаве ў кабеты). Рачнога печкура ў Кожаве называюць келб, а вадзянога пацука – бац. У пачатку 80-х вы склалі кожаўскі слоўнік з некалькіх сотняў такіх моўных перлінаў. Дзе ён цяпер?
За часамі вашага маленства ў Кожаве не было свайго фэсту, і вы з хлопцамі мусілі хадзіць у недалёкія Жухавічы на фэст тамтэйшы. Заляцаньні да мясцовых дзевак часта канчаліся бойкамі і нават панажоўшчынай. Фэст звычайна ладзіцца на парафіяльнае сьвята, а Жухавічы якраз і былі цэнтрам парафіі, да якой належыць Кожава. Царквы ў Кожаве так і не зьявілася, а вось свой фэст вашыя раўналеткі завялі. Гэта надзвычайная зьява – у 90-я гады ХХ стагоддзя ў заходнебеларускіх вёсках яшчэ ўзьнікаюць новыя фэсты. Прычым са строгім захаваньнем традыцыі. Замаўляюцца музыкі, выбіраецца роўная простакутная пляцоўка, па перыметры якой укопваюцца высечаныя недзе маладыя бярозкі... І на фэст прыязджаюць усе выхадцы з вёскі, нават з іншых краінаў...
Шкада толькі, што навачасныя карэліцкія музыкі пад сінтэзатар сьпяваюць ужо выключна расейскую папсу...
Успомніліся вам і даваенныя фэсты ў Заходняй Беларусі, аб якіх вы ведаеце з літаратуры. Сенатар Васіль Рагуля, які паходзіў з тутэйшых мясьцінаў, апісаў жорсткасьць і лютасьць п’яных пабоішчаў, што ўчыняла на фэстах заходнебеларуская моладзь у часы ІІ-й Рэчы Паспалітай. Пасьля Першай Сусьветнай вайны і расейскай рэвалюцыі адбыўся дэмаграфічны выбух. Адукацыя была слабая, дзецца асабліва не было куды, і вось маладзёны пілі і адчайна мардавалі сваіх жа аднагодкаў, забіваючы іх каламі і нажамі за любую правіну, за прыгожую дзеўку або і зусім без прычыны. Польская крымі­нальная паліцыя зьбівалася з ног і ледзьве давала рады. А пасьля надарылася Другая сусьветная вайна, і тыя ж маладзёны, не пасьпеўшы з-за хуткага наступу немцаў трапіць у Чырвоную армію, пайшлі часткова ў паліцыю, а часткова ў партызаны, і працягвалі далей зводзіць рахункі з былымі сваімі супернікамі і крыўдзільнікамі. А таксама з іх сем’ямі... Немцаў на вёсцы амаль не было – ваявалі свае са сваімі. Таму Васіль Быкаў і назваў падзеі ў акупаванай Беларусі Грамадзянскай вайной... А пачыналася ўсё з п’яных разборак на фэстах...

l l l
Ужо некалькі гадоў вы адчуваеце раздражненьне і стрэс падчас паездак у Менск. Фізічна вы жывяце ў Празе, але працуючы на “Свабодзе”, эмацыйна застаяцеся ў Беларусі. У Празе вы чужы, а прыехаўшы ў Беларусь адчуваеце, што і тут – ужо ня свой. Вы – паміж. Вы, вядома, разумееце, што нагледзеўшыся на жыцьцё багатай Еўропы, зашмат патрабуеце ад сваёй краіны, але таксама разумееце і тое, што некаторыя вашы закіды да сваіх людзей зусім не максімалісцкія.
Некалькі гадоў вам не давала спакою адна акалічнасьць. Ходзячы падчас камандзіровак на працу, вы бачылі ля Палаца Рэспублікі і рэстарану “Журавінка” шмат дарагіх аўто, а таксама іх гаспадароў і гаспадыняў. Нешта ва ўсіх іх было няўлоўна агульнае. Але што? Яны хадзілі, стаялі, сядзелі, гаварылі па тэлефоне, праходзілі міма, ад’язджалі, прыязджалі, глядзелі навокал, на лю­дзей і на вас. І толькі ў гэты прыезд вы зразумелі, у чым праблема, што вам замінала. Гэтыя людзі на Audi-TT i BMW-Z3, на дарагіх джыпах і кабрыялетах нікога і нічога ня бачаць вакол сябе. Яны глядзяць на чалавека і адначасова як бы паўз яго. Калі глядзець, то можна нешта і ўбачыць. Вы здагадаліся, што ня ўсе гэтага хочуць. Асабліва пасьпяховыя. Няўжо браточкі саромеюцца свайго посьпеху? Зразумела, не. Проста так зручней.
Іншая рэч – астатнія пласты грамадства, якія традыцыйна больш маральныя за бізнэсмэнаў. Людзі разумовай працы і творчая эліта. Гэтым цяжэй, бо яны слабейшыя і менш абароненыя ў жыцьцёвым і сацыяльным плане. Іх доля – або калабарацыя, або маргінальны пратэст. У Беларусі большасьць выбрала калабарацыю, меншасьць пратэст, а некаторыя інтэлектуалы – разумніцкі скепсіс і цынізм. Вы не зайздросьціце нікому, але самым скептычным і цынічным нагадваеце пра аднаго вядомага музыканта, які неяк трапна заўважыў, што цынізм і разумная іранічнасьць – па вялікім рахунку, ад страху і баязьлівасьці.
І вось неяк, стоячы ля самай пачварнай спаруды новага Менску – Палацу рэспублікі, і пазіраючы на натоўпы бесклапотных людзей вакол, вы раптам зразумелі ашаламляльную рэч:
Беларусь перажывае трэцюю маральную катастрофу за апошнія 150 гадоў. Гэтая катастрофа – апошняя, бо цяпер тут дазволена ўсё. І посьпех у такой краіне – амаральны.
У краіне, будучыня якой пад пагрозай, праблемы з маральлю. Любы гвалт над незалежным грамадствам, і любы посьпех на фоне гэтага гвалту – амаральны. Так званая эліта Беларусі – амаральная. Клопат аб дзецях, жаданьне абараніць іх і даць ім лепшае, чым мелі самі, жыцьцё, гэта не мараль. Пра бясьпеку і дабрабыт патомства дбаюць і вавёрка, і воўк, і мядзьведзь. Гэта інстынкт.
Мараль – гэта адказнасьць ня толькі за сябе і за сваякоў, мараль – гэта яшчэ і абавязак перад грамадствам, перад краінай, мараль – частка культуры, яна ўгрунтаваная на веры. Сёньняшняя эліта – гэта сярмяжныя, малаадукаваныя пост-сяляне і пэўная частка пазбаўленых культуры і маралі гарадчукоў – прадукту савецкага сацыялістычнага гораду. Цынізм, хцівасьць, абыякавасьць да краіны і яе людзей, канфармізм і больш нічога. Ні культуры, ні нармальнай адукацыі. Таму і ставяць на прасьпектах помнікі бульбе не разумеючы, што ўшаноўваюць такім чынам сваю каланіяльную мінуласьць.
Беларусы атрымалі магутную прышчэпку амаральнасьці. Амаральны посьпех чыноўніка, які займае пасаду, мае шыкоўныя дом і машыну, вучыць дзяцей за мяжой і не заўважае таго, што робіцца навокал. Амаральны посьпех інжынера, навукоўца, работніка і настаўніка. Амаральны посьпех афіцэраў, якія зьбіваюць іншых афіцэраў. Амаральны посьпех журналіста: у краіне – бяда, і рабіць выгляд, што яе няма – амаральна. Амаральны, урэшце, сам посьпех такой краіны.
Прырода дзяржавы мае супярэчлівы характар. Даўно вядома, што на міжнароднай арэне дзяржавы захоўваюцца як прымітыўныя, амбітныя і зайздросныя людзі – гэта зьнешняя функцыя дзяржавы і яе зьнешні імідж. Другі бок “дзяржаўнага медаля” – стаўленьне да сваіх грамадзянаў. Тут дзяржава па­вінна быць і шмат дзе ёсьць клапатлівай і справядлівай маці – іншымі словамі, для сваіх грамадзянаў дзяржава справядлівая, клапатлівая і шчодрая. Навонкі – дзяржава нахабная, унутры – яна саромеецца. Так ёсьць у старых дэмакратыях сьвету, найперш у Еўропе. У Беларусі – дзяржава мачаха, нават вораг – крывадушны, драпежны і карысьлівы.
У Беларусі амаль усіх прымусілі пераступіць нябачную маральную мяжу, а тыя, хто непасрэдна павінен маральнасьць дапільноўваць – або дапамагаюць гэтую мяжу пераступаць, або маўчаць. Гэта Царква і Касьцёл. Ад Рускай Праваслаўнай царквы вы нічога не чакаеце. РПЦ заўсёды была патрыятычнай структурай, і нацыянальны расейскі інтарэс прывёў яе да маральнага згаршэньня. Ведаючы гісторыю Усходняй Еўропы апошніх 50-ці гадоў, можна было б нечага чакаць ад Касьцёлу. Але і Касьцёл у Беларусі маўчыць. Ім дагэтуль кіруюць палякі, а палякі гэта ня тыя, хто будзе ціха сядзець і маўчаць. У часы камунізму ў Польшчы каталіцкія ксяндзы ішлі наперадзе змаганьня з бязбожнай уладай. Але ў Беларусі ў польскіх сьвятароў задача іншая – захаваць пальшчызну, захаваць нешматлікую (яны думаюць, што шматлікую) польскую дыяспару, захаваць польскі характар Касьцёлу... Таму прыдасца і згодніцтва.
Праваслаўны і каталіцкі іерархі ня ведаюць, што згодніцтва завецца кампрамісам толькі на пачатку – другая палова гэтага шляху ўжо называецца здрадай. Зрэшты, калі прыпусьціць, што пафас службы абодвух беларускіх іерархаў скіраваны на суседнія дзяржавы, дык тым дзяржавам яны служаць спраўна. Аднаму рупіць ахаваць інтарэсы “рускай большасьці”, і другому – правы польскай меншасьці. Толькі (і як заўсёды) застаецца пытаньне – а як жа Хрыстос, як быць з Ім?..
У галаве сам сабой усплывае ўласны верш 20-гадовай даўніны – адчайны ўздых наіўнага і шчырага юнака.

Захінуся ціхаю самотай,
Узгадаю пра сваю журбу
І адчую, як рукой дрыготкай
Вабіць ноч мяне ў сховы сну.

І засну я, і ўбачу восень –
Шэрыя, прамоклыя палі,
Нейкі скрыгат, стогн, і хтось галосіць
У прадвечных пушчах, векавых.

Будзе сьніцца мне апалая каліна,
Шоргат лісьцяў, шэры небакрай
І нуда, што хіліць вершаліны,
Што абняла мой панылы край.

Буду йсьці калюжнаю дарогай
Паўз замглёныя, зьдзічэлыя палі
Міма рэштаў хутару старога –
Не відаць, ці жыў там хто калісь.

Буду доўга йсьці, пакуль не павалюся
Тварам ў набрынялы, зьдзірванелы дол.
І калі навокал азірнуся
Зразумею я, куды прыйшоў.

Я ўбачу крыж каля дарогі,
Агарнуты мокрым ручніком,
І таго, хто кожны дзень, нябога,
На крыжы канае пад дажджом.

І тады я закрычу ў адчаі –
Знак бо гэта мне і краю маяму.
А з крыжа пачую голас ціха-дбайны:
“Што ж забылі пра мяне? Я вас люблю...”

І тут жа ўспомніўся іншы верш, пачуты ў Менску па радыё. Нейкая, паводле ўласнага прадстаўленьня, “карэнная мянчучка”, што працуе цяпер лясьніком, выставіла свае фотаздымкі ў сталіцы і падчас інтэрв’ю на выставе прачытала ўласны верш. Вам асабліва запомніўся адзін радок: “Згущается туман, собаки где-то брешут...”
Слова “брехать” у расейскіх слоўніках мае азначэньні “обл.”, “прост.”, а ў “рускай” “паэткі” з Менску – яно паэтычнае і высокае. Бедная “карэнная мянчучка” і цяперашняя лясьнічыха... Яе мова не адрозьніваецца ад мовы бачанага вамі па беларускай тэлевізіі плакату на праўленьні калгасу ў Дрыбінскім раёне Магілёўскай вобласьці – “Честь и слава хлебаробу...”
Ці стане беларусам некалі сорамна за тое, што яны зрабілі з краінай, з сабой і з будучыняй сваіх дзяцей?

l l l
Цягнік ляціць на захад. За плячыма засталася ціхая Гарадзея з прывакзальным пляцам і двухпавярховым універмагам. Вам заўсёды падабаўся гарадзейскі вакзал – стары, польскі, з высокім ламаным дахам і гадзіньнікам, які вечна спазьняецца. У тамтэйшым універмагу ў савецкія часы можна было купіць дэфіцытнае ў Менску замежнае адзеньне ці абутак... Прамінаюць за вакном сялянскія сады і гароды. Раней там можна было паласавацца белым налівам, ранетам і антонамі. Дзе гэтыя гатункі цяпер?..
Прамінуліся ўжо і Баранавічы. За вакном пачалася разьлеглая перадпалеская роўнядзь – паплавы з купінамі асоту і крапівы, бясконцыя тарфянішчы, прарэзаныя меліярацыйнымі равамі. Якраз за Баранавічамі да вас прыходзіць пачуцьцё нізіны – вы глядзіце за вакно і адчуваеце, што долы вакол ня толькі роўныя, але й нізкія. Але якая розьніца! Усё роўна так хочацца раптам аказацца не ў вагоне, а па той бок шыбы – на мілых з дзяцінства паплавах, адчуць ні з чым не зраўнаны водар цёплай зямлі, роснай травы і ссохлага бадыльля. Так хочацца зноў стаць пастушком і выгнаць на бабуліну радоўку статак за рэчку, а ў кішэні будзе ляжаць загорнуты ў газету падвячорак – хлеб, сала і цыбуля... Пасьвіць каровы і авечкі з пугай і ражком тады было адказна і страшнавата, а цяпер зрэдчас не зашкодзіла б, ды няма на чыю радоўку пайсьці...
У калідоры вагона расейскія дзеці з суседняга купэ ўчынілі спаборніцтва – хто каго лепш аплюе. Пляваліся паўгадзіны – бацькі не зважаюць. На прыпынку ў Берасьці паўз ваш цягнік праязджаў іншы. Хлопчык закрычаў:
– Ура, даплюнуў!
Бацькі маўчаць, іншыя пасажыры – таксама. Магчыма, кожны вырашае схадзіць у прыбіральню ў іншы бок, каб ня ўквэцацца ў дзіцячую сьліну. Вы задумваецеся над пытаньнем: абыякавасьць бацькоў да брыды – гэта іх чалавечая ці нацыянальная якасьць?
...А вось і гудок. Вагон памалу кранаецца з месца. Цягнік Масква-Прага пакідае межы роднай краіны і няроднай дзяржавы-мачахі. Будынак берасьцейскага вакзалу застаецца ззаду, наперадзе – мост праз Буг. Вы апошні раз глядзіце ў хмарную далячынь – недзе там, на пагорках раскінуў свае сацыялістычныя бэтонныя гмахі прамоклы Менск. На яго бязьлюдных вуліцах пад алавяна-шызымі аблокамі і касым дожджыкам засталіся прыгорбленыя разлукай бацькі – яны яшчэ трошку пастарэлі за тыя некалькі месяцаў, што вы ня бачыліся. І ад гэтага асабліва балюча і сумна на душы..
Менск-Прага,
2004-2005