12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Алег Аблажэй

_____________________
Аптыпесімізм.
Афарызмы



Хто менш думае – той здаравейшы. Ці мысьленьне – род хваробы?

Самая складаная тэорыя можа ня вытрымаць самых простых пытаньняў.

Удары лёсу часам бываюць аплявухамі анёла-ахоўніка.
Каб апамятаўся.

Пакуль маеш чорны хлеб – твой лёс яшчэ ня чорны.

Цяжка спазнаць і зразумець жыцьцёвыя правілы.
Але яшчэ цяжэй з імі пагадзіцца.

Найдурней памерці ад страху сьмерці.

Калі ня можаш перамагчы зло – то хоць назаві яго па імені...

Няма ўтапіста, які б не лічыў сябе рэалістам.

Зацьменьні сонца можна прадбачыць.
Зацьменьні розуму – не.

Неістотна, каму ты пакланяешся.
Істотна – каму служыш.

Усё не было й не было часу.
Аж пакуль ня высьветлілася, што не было й жыцьця.

Самотнасьць пачынаецца з таго, што няма каму пазваніць пасьля 22.00.

Мы развучыліся размаўляць.
Толькі пачынаеш гутарку – глядзіш, ужо і напіліся.

Хто назваў тэмпературу +2о цяплом?

Немагчыма захаваць добрыя адносіны з чалавекам, які не дазваляе табе быць самім сабою.

Калі ты зрабіў глупства – паўбяды. Найважней не дапусьціць прынцыпу даміно.

Адна з найбольш небясьпечных сацыяльных праслоек – няўдачнікі.

Кнігі і творы мастацтва варта дзяліць так: дапамагаюць жыць, аль­­- бо – не.

Мазгі, якія можна «запудрыць», таго й вартыя.

Удзельнічаеш – ня значыць, што выйграеш. Выйграеш – невядома ці атрымаеш. Атрымаеш – але ці будзеш шчасьлівы?

Шмат было паэтаў: вялікіх і малых, добрых і кепскіх, але правільнае прозьвішча меў толькі адзін – Папярэчны.

Як жа перашкаджаюць біёграфам жывыя творцы...

Рукапісы не гараць.
А вось ганарары зьнікаюць бясьсьледна.

«Грошы – гэта ўсё!»
Але й нічога ня ўсё!

Кожны, хто піша «ў стол», мае пачуцьцё, што піша «ў труну».

Моцны чалавек можа спарадзіць слабы твор.
Але слабы ніколі ня створыць нічога моцнага.

Бывае літаратура добрая ва ўсіх адносінах. Адзін недахоп – чытаць немагчыма.

Бывае экстаз творчасьці, а бывае экстаз разбурэньня, знаёмы вандалам.

Вучэньне – сьвятло.
Пол Пот – выпускнік Сарбоны.

Ідзеш у нагу – плоцяць табе.
Ідзеш сваёй дарогай – плоціш сам.
Сваім жыцьцём.

Натхненьне пасьпяхова замяняецца персьпектываю добрага ганарару.

Ня трэба блытаць карму з лянотаю.

У мастацтве няма сярэдзіны – або аб цябе выціраюць ногі, або табе зайздросьцяць.

Мой жывапіс мае вялікую каштоўнасьць. Ва ўсякім разе так лічаць мытнікі.

Нельга мастаку віляць хвастом.
Рукі пачынаюць дрыжэць.

Тыя, хто мае патрэбу ў кампліментах, іх ня варты. А хто варты – іх не патрабуе.

Таленты бываюць без амбіцыяў.
Бяздарнасьці – ніколі.

Асабліва мярзотныя тыя эпігоны, якія выдаюць сябе за наватараў.

Што мастацтва можа памерці – няпраўда. А вось упасьці ў кому – так.

Мастаку патрэбныя палатно, фарбы – і моцны хрыбетнік.

Чаму няма мемарыялу невядомага мастака?

Бог недалюблівае творцаў.
А хто ж любіць канкурэнтаў?..

Per aspera ad astra...
У мастацтве з церняў нараджаюцца зоркі.

Ёсьць у людской натуры рэчы незьнішчальныя. Здаецца, вытапталі іх дашчэнту, а яны – адраджаюцца.
Сярод іх – ewigwiebliche.
Вечна жаночае.

Жанчыны займелі новы палавы орган – цыгарэту.

Праўдзівы шляхцюк заўсёды просіць прабачэньня ў жанчыны. Нават, калі яна трэсьне яго па ілбе, той выбачаецца, што мае такі цьвёрды.

Чаму просяць рукі, маючы на ўвазе штось зусім іншае?

Цікава, а сьперматазоід прызнаецца яйцаклетцы ў каханьні?

Афарызм – эякуляцыя мозгу.

Трэцяя палавая арыентацыя – імпатэнт.

Паводле адносінаў Бога да жанчыны відаць, што ён – не джэнтльмен.

Трэба вучыцца элегантна насіць свой крыж!

Чаму ўсе спадзяюцца, што на тым сьвеце будзе больш справядлівасьці? Гаспадар жа той самы...

Божа! Будзь...

Хвароба, якую найбольш пасьпяхова лечыць сучасная медыцына – лішняя вага кашалька.

Чаго вартыя эпідэміі чумы ў параўнаньні з навалаю цэлюліту?

Найлепшы сродак супраць зморшчынаў – не глядзецца ў люстэрка.

Чорны гумар.
Сястра міласэрнасьці ў хосьпісе мае прозьвішча Рак.
Госьцем адной тэлеперадачы была акушэрка Сьмерцева.

Адзін з галоўных прывілеяў юнацтва – права на глупства.

Дзеці – як дрэўцы.
Можна падкормліваць і падстрыгаць, але кветкі і плады вырастаюць знутры.

«Нязгодны наконт «лібертэ» ды «фратэрнітэ», а вось «эгалітэ» мне падабаецца», – расчулена сказаў Пракруст.

Я ўпэўнены, што Пракруст носіць джынсы.

Забароненыя джынсы – як Чэ Гевара. Дазволеныя – як Фідэль Кастра.

Чаму каралевы да дыяментавых нашыйнікаў носяць твары кухарак?

Подласьць ёсьць неад’емная рыса кожнай эпохі. Проста кожны час подлы па-свойму.

Любое вар’яцтва нельга спыніць, пакуль яно не падгніе знутры і не задыхнецца ад уласных міязмаў.

Пара ўрэшце паклапаціцца пра камфорт і на барыкадах!

Сучасная Беларусь нагадвае гаспадыню, якая замятае сьмецьце пад дыван і хваліцца, што ў яе чысьцей, чым у суседзяў.

Нельга двойчы ўвайсьці на той самы Майдан.

У палітыцы не бывае чорна-белай барацьбы: чорныя ў белую палоску змагаюцца з белымі ў чорную.

Сапраўдны палітык – як рыбак: павінен «лавіць» кайф ад самога працэсу. Незалежна ад выніку.

Сучаснай цывілізацыі ня трэба прышлых вандалаў. Яна сама спараджае варвараў, якія яе разбураюць.

З героямі найлепш мець справу тады, калі яны ўжо ў броньзе.

Такі час – маргарын прыкідваецца маслам, проза – паэзіяй, жанчыны – мужчынамі.
Дыктатар – дэмакратам.

Чаму ОМОН* не сьпявае «Мы выйдзем шчыльнымі радамі»?

Ахматава заўважыла, што пасьля сьмерці чалавека зьмяняюцца ягоныя партрэты.
Пасьля здрады творцы зьмяняецца і тое, што было ім створана раней.

Дэманы, вызваленыя ў адным лагеры, будзяць дэманаў і ў лагеры праціўніка.

Чым мізэрней тыран, тым мізэрней здраднікі.

Ці бяда ў тым, што людзі ня вераць у Бога, ці ў тым, што Бог ужо ня верыць у людзей?..

Паэт – вольная птушка, зьняволеная ў клетцы сваёй мовы.

Бывае бяздомнасьць. А ў беларусаў яшчэ й безрадзімнасьць.
2005-2006