12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Сяргей Абламейка

_____________________
Абломкі


Вельмі многія з тых, хто марыць аб зорках, зрабілі б іх шчасьлівымі... каб маглі дацягнуцца да нябёс.

***
Некаторым з нас вельмі ўтульна падаць да ўласных ног.

***
...А народ, як заўсёды, у дурнях...

***
Дробныя душы значна часьцей за таленавітых дасягаюць кар’ерных вышыняў, бо падсьвядома даказваюць сабе ды іншым, што “яны таксама...”

***
Чужая сьляза – чужая, а свая сьляза – сьляза.

***
Памыляецца той, хто чакае лепшых часоў...

***
Праўда ня толькі ў кожнага свая, праўдаў наогул шмат.

***
Адзіны сэнс – вечнасьць.

***
Хоць цярплівасьць Стваральніка і бязьмежная, можна прыпусьціць, што як сапраўды нешта дасканалае, ён мае ўсё, у тым ліку і межы цярплівасьці.

***
Для самапавагі падставы не патрэбныя.

***
Прымітыўнасьць ня мае нацыянальнасьці і таму аднолькава праяўляецца на дзяржаўным узроўні.

***
Некаторыя людзі сыходзяць з нашага жыцьця разам з нашымі страчанымі нататкамі аб іх.

***
Дурань здольны любую добрую справу давесьці да абсурду.

***
Менавіта маленькія людзі стаюцца ахвярамі гігантаманіі.

***
Сярод людзей існуе даволі вялікая катэгорыя “касамордых”. Яны ўважаюць справядлівай і законнай толькі сваю перавагу. Калі ж яны сутыкаюцца з перавагай чужой, тут ім твар і скасабочвае.

***
Той творца слабы, які дазваляе сабе ў творах помсьціцца на калегах.

***
Стаўшы на шлях здабыцьця таннай папулярнасьці творца адмаўляецца ад вечнасьці.

***
Пра некаторых людзей хочацца сказаць: “Ну што ты зробіш, падабаецца сабе, і ўсё тут...”

***
Людзей раздражняе ня толькі тое, што яны ніколі не зразумеюць, але й тое, што яны пакуль не зразумелі.

***
Той чалавек нешчасьлівы, які быў вымушаны пакінуць радзіму.

***
Дзіўныя людзі сьвядомыя беларусы – не стамляюцца гаварыць аб Беларусі.

***
Маральная засьцярога для інтэлектуалаў: “Асьцярожна! Народ!”

***
Глупства, вядома, можа, быць бяскрыўднае. Але калі яно ўпарціцца, дык набывае прыкметы мярзоцьця.

***
Для некаторых людзей усьведамленьне свайго ўдзелу ў нейкай справе нашмат важнейшае за яе вынік.

***
Расейскую прымаўку “У страха глаза велики” я б дапоўніў фразай “и попа тяжелая...”

***
Адпомсьціць чалавеку – гэта значыць, прызнаць яго перавагу і перамогу над табой.

***
Кожны праваслаўны беларус, хоча ён таго ці не, дапамагае Расеі.

***
А ля Лец: у нас з табой аднолькавы густ – ты мяне любіш, і я сябе люблю.

***
Круцель можа пазьбегнуць адказнасьці за сваю памылку, а сумленны чалавек, звычайна, плаціць ня толькі за сваю, але і за чужую.

***
Сьмерць вялікага чалавека стаецца нагодай для менш вялікіх яшчэ раз нагадаць пра сябе.

***
У Беларусі ўсе ўмеюць крыўдзіцца і мала хто ўмее дараваць.

***
Змаганьне за Беларусь для большасьці з нас азначае змаганьне не за кожнага канкрэтнага беларуса, які можа аказацца і непрымальным для нас вырадкам, але ўсяго толькі за сваё разуменьне і бачаньне Беларусі. А, можа, нават і за бачаньне сябе, сваёй ролі ў гэтай жаданай краіне.

***
Пра парнаграфію: “Мяне не цікавіць чужы сэкс. Мяне цікавіць уласны сэкс”.

***
Добра, калі чалавек валодае замежнымі мовамі. Але ва ўмовах сучаснай Беларусі старацца даць дзецям веданьне 1-2 замежных моваў азначае і тое, што вашы ўнукі могуць ужо ня быць беларусамі.

***
Жыцьцё ставіць нас перад выбарам: захоўвацца шчыра ці разумна.

***
Назіраю знаёмцаў і раблю выснову, што павага да сябе і да іншых ня можа быць аднолькавай – большасьць выбірае сябе.

***
Думкі прыгажэйшыя за словы...

***
Шкада старых людзей: жыцьцё пайшло наперад, а ты застаўся...

***
Марна пытацца пісьменьніка, каго ён лічыць у літаратуры найбольш значным у апошнія гады. Каго б ён не назваў, у душы такім ён будзе лічыць сябе.

***
Шмат у якіх людзей маральная плянка ляжыць ніжэй паясьніцы.

***
Адна з дылемаў – ці варта даваць зразумець самазахопленай нікчэмнасьці, што вы ёй не захоплены?..

***
Мы часта хвалім некага дзеля ветлівасьці або ў сілу сваёй прыстойнасьці. І нават ведаючы, што людзі няўдзячныя, кожнага разу пасьля дзівімся, як натуральна нашу пахвалу прынялі і як натуральна за яе не падзякавалі.

***
Для посьпеху патрэбны ня толькі розум, але й пэўная доля глупства ды абмежаванасьці.

***
Памятайце пра сваю адказнасьць перад нябёсамі – калі вы нечага ня робіце, за вас гэта можа зрабіць апошняя дрэнь. У сваім інтарэсе.

***
Посьпеху даможацца той, хто не баіцца крыўдзіць.

***
Бывае, народ і творца так і не зразумеюць адзін аднаго...

***
Калі надыходзіць час пісьменьнікаў-прадпрымальнікаў, даводзіцца канстатаваць: прадпрымальнасьць – таксама талент, але не літаратурны.

***
Крамольная думка: беларусы баяцца прызнацца сабе ў тым, што яны рускія...

***
Складаныя рэчы, часьцей за ўсё, маюць простыя тлумачэньні; за агульным стаіць прыватнае; за палітычным – асабістае.

***
Блізкасьць дачыненьняў паміж сваякамі часта вызначаецца ня толькі блізкасьцю крыві, але і блізкасьцю ці далёкасьцю іх месца жыхарства.

***
Людзі маюць права ня толькі на рацыю, але і на аблуду.

***
Мы паміраем незразуметыя. Або нам гэта толькі здаецца?..

***
Як часта памыляецца той, хто сабе падабаецца!

***
Той, каму пераваліла за 40, мусіў бы зразумець, што ён можа ня больш, чым робіць.

***
Кожны правіцель можа столькі, колькі яму дазваляе яго народ.

***
Як добра, што людзі знаходзяць адно аднаго...

***
Мы ня ведаем, якія мы насамрэч, бо бачым сябе толькі ў люстры – або шкляным, або люстры чалавечых ацэнак.

***
Калі мы нечага хочам, то часта ня ўлічваем, што вельмі многія вакол нас хочуць таго ж самага.

***
Мы часта думаем, што людзі імкнуцца да нас і паважаюць нас за нашы вартасьці. А насамрэч, прыязныя знаёмцы могуць марыць “усяго толькі” убачыць нас у сваім ложку...

***
За многімі канфліктамі і непаразуменьнямі ў грамадзтве, узьнікненьне якіх мы прыпісваем людзкой недасканаласьці, насамрэч стаіць... КГБ.

***
Усё добрае, што ёсьць у чалавеку, павінна выйсьці да людзей, а ўсё кепскае – мае там і застацца.

***
Мы мелі, а чэхі маюць...

***
Жанчына пачынае з таго, што адбівае атаку мужчыны, а заканчвае тым, што адразае яму шлях да адступленьня, – пісаў некалі Оскар Уальд. У наш час я назіраю ўдасканалены жаночы тып: і наступаюць, і шляхі да адступленьня адразаюць самі.

***
Ёсьць людзі, якія жывуць. А ёсьць людзі, якія сябе цэняць...

***
Тое, што ляжыць, ня можа ўпасьці. На яго можна толькі наступіць.

***
Вешалкі перажываюць адзеньне.

***
Найменш ахвоча вашы заслугі прызнаюць калегі.

***
Некаторыя людзі настолькі прагнуць перамагаць і быць першымі, што пачынаюць спаборнічаць паміж сабой у скаргах, каму з іх горай...

***
На зямлі шануюць не таго, каго трэба.

***
Чалавек зробіць нешта добрае і чакае, пакуль яго за гэта ўшануюць. Не разумее, што пашаны не чакаюць. За пашану... б’юцца і грызуцца.

***
Першым маралістам нашай эры быў Хрыстос, а яго афарызм пра бервяно ў сваім воку – непераўзыдзены ўзор жанру.

***
Нават зло шукае шанцунку. І ў яго ёсьць “нядобрыя” дні...

***
Абцяжарваць сябе лішнімі ведамі – шкодзіць здароўю.

***
Ёсьць людзі, якія прывыклі, каб іншыя рабілі ім паслугі. Але часам абставіны прымушаюць і іх зрабіць паслугу некаму. І тады яны ня могуць утрымацца, каб выглядам, рухам ці тонам ня даць зразумець, што гэта для іх нешта малазначнае. Зрэшты паслугу тым, ад каго спадзяюцца пасьля атрымаць яшчэ больш, такія робяць з прыемнасьцю.

***
Прыгажосьць ня мае нацыянальнасьці, але бывае нацыянальнаю.

***
Найцяжэйшым, бывае, згадзіцца з тым, што і абыдуцца бяз нас і абы­дзецца бяз нас.

***
Лепш рабіць нешта, не плянуючы, чым запланаваць – і не зрабіць.

***
Лічыць сябе разумнейшым за іншых – неразумна.

***
Людзі – большыя фаталісты і ўтрыманцы, чым ім здаецца і чым ад іх чакаюць нябёсы.

***
Надмагільны надпіс: “Я ведаў шмат падонкаў і вельмі мала прыстойных людзей”.

***
Добрай справы трымаюцца два тыпы людзей – прыстойныя, а таксама моцныя, якія зразумелі выгаду для сябе справы добрай.

***
Перамогі над сабой могуць быць больш прыемныя, чым перамогі над іншымі.

***
Параненае самалюбства да дабра не вядзе...

***
Калі табе нешта не падабаецца – скажы, калі табе нехта не падабаецца – прамаўчы.

***
Непрызнаньне сваёй памылкі – фатальнае. Асабліва для тых, хто паразу пнецца выставіць перамогай.

***
Не саступіць! – вось прынцып жыцьця некаторых маіх няшчасных калегаў.

***
Няўдача застаецца няўдачай і тады, калі, не дасягнуўшы мэты, яе называць зьменай плянаў.

***
Народ, які зьнішчае помнікі мінулага, ня варты будучыні.