12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Сяргей Абламейка

_____________________
Чацвёрты Рым

“Два Рима убо падоша, а третий стоит,
а четвертому не быти”.
Старац Філафей, 1511 год, Масква.

Восень 1512 года выдалася ў Венецыянскай рэспубліцы дажджліваю. Не спыняліся залевы і ў Падуі, якая ляжыць усяго за 40 кіламетраў на захад ад Венецыі. 5 лістапада таго года на вузкай вулачцы перад шыкоўным трохпавярховым Палацам дэль Бо (Быка, па-нашаму), куды 11 гадоў перад гэтым пераехаў Падуанскі ўніверсітэт, адбылося маленькае здарэнне. У той дзень Рада дактароў Медычнай калегіі ўніверсітэта выслухала і дазволіла беднаму навукоўцу-русіну з Літвы Францішку Скарыну здаваць экзамены на званне доктара медыцыны і вызваліла яго ад аплаты за іх. Абодва іспыты Скарына, як вядома, паспяхова здаў і званне доктара атрымаў. А ў той дзень 25-гадовы маладзён быў так узрадаваны рашэннем Рады Медычнай калегіі, што выбег на вуліцу перад Палацам дэль Бо і закружыўся пад дажджом, размахваючы абдзёртым крыссём старой доктарскай мантыі і падкідаючы ўгару такі ж паношаны доктарскі берэт. Аж на другі ці трэці раз Скарына шпурнуў яго так высока і далёка, што не паспеў злавіць. Ён кінуўся падымаць берэт з бруку і ледзьве не збіў з ног маладога італьянца, які трымаў за руку чатырохгадовага хлопчыка. Італьянец незадаволена скрывіўся і нешта прамовіў. Скарына зразумеў, што яму параілі быць больш асцярожным. Ён папрасіў прабачэння на лаціне, не будучы ўпэўнены, што яго зразумеюць – італьянец быў апрануты як мельнік ці пекар. Так і атрымалася. Італьянец загаварыў па-свойму, але Скарына зразумеў, што яму прабачылі. Ён весела працягнуў руку хлопчыку і паціснуў яго маленькую цёплую далонь. Хлопчык бліснуў вачыма на чужака, усміхнуўся і збянтэжана адвярнуўся...
Такой мне прымроілася сустрэча двух вялікіх людзей эпохі Адраджэння. Вядома, яна магла быць і зусім іншаю, а больш верагодна, што яе ніколі і не было. Тым не менш, мне вельмі хочацца, каб яна была і была менавіта такою.
Мельніка (а гэта сапраўды быў падуанскі мельнік) звалі П’етра дэля Гондала, а яго сына – Андрэа дэль П’етра. У 1524 годзе, калі яму яшчэ не споўнілася і 16-ці гадоў, Андрэа ўцёк ад бацькоў у Вічэнцу і пачаў працаваць у каменячосных і скульптурных майстэрнях. Там ён сышоўся з вялікім гуманістам Трысіна, атрымаў гуманітарную і прафесійную адукацыю, здзейсніў падарожжа ў Рым і стаў архітэктарам. Трысіна пераканаў дэль П’етра ўзяць псеўданім “Паладыё” ў гонар старажытнагрэцкай багіні Афіны Палады, пазнаёміў яго з іншымі італьянскімі гуманістамі і стаў яго першым заказчыкам.
Паладыё ажаніўся, нарадзіў пяцёх сыноў, падарожнічаў у вядомыя сваёй архітэктурай італьянскія гарады, вывучаў архітэктурныя трактаты Ветрувія і архітэктараў-папярэднікаў XV стагоддзя, забудаваў амаль усю Вічэнцу сваімі рэнесансна-класіцыстычнымі віламі і палацамі, напісаў шмат кніжак (у тым ліку даў апісанне рымскіх старажытнасцяў), разам з сынамі наноў пераклаў “Запіскі аб Гальскай вайне” Юлія Цэзара і стварыў сваю славутую працу “Чатыры кнігі аб архітэктуры”. Ён заклаў асновы сучаснай архітэктуры і ўсіх наступных архітэктурных стыляў. Калі ж сказаць агулам і коратка, у часы Рэнесансу ён стварыў стыль класіцызм, які праз два стагоддзі заваяваў свет. Паладыё – бацька сучаснай архітэктуры. Як напісаў некалі пра яго расейскі пісьменнік, майстар падарожнай прозы Пётр Вайль, пры жыцці Паладыё марыў заваяваць Венецыю (яму там дазволілі пабудаваць усяго два будынкі), а пасля смерці заваяваў увесь свет. І сёння, пісаў Вайль, рымскія парталы з калонамі мы сустракаем на ўсёй зямлі, ад правінцыйных гарадкоў Лацінскай Амерыкі да калгасных клубаў у сібірскай глыбінцы Расеі.
Дык вось мне вельмі хочацца, каб прага ведаў і нязгасны творчы агмень запаліліся ў душы Паладыё менавіта тады, у лістападзе 1512 года, калі яны з бацькам сутыкнуліся на бруку перад Палацам дэль Бо з маладым ліцвінам і некалькі хвілінаў выслухоўвалі яго ўсхваляваны расповед на амаль незразумелай лацінскай мове пра сваю вялікую радасць з прычыны допуску да экзаменаў, а таксама і кароткае апісанне яго далёкай радзімы – Полаччыны і ўсёй Літвы-Беларусі.
Неяк хочацца і неяк верыцца, што тое, адкуль мы чэрпаем свае творы і натхненне, добразычліва зірнула тады на абодвух вялікіх гуманістаў і адкрыла перад імі нябесную браму творчай энергіі-ласкі.
А сёння, у нашы дні, у Падуанскім універсітэце ёсць “Зала сарака”, дзе на сценах знаходзяцца фрэскавыя партрэты 40 найвялікшых выпускнікоў заснаванай у 1222 годзе альма матэр. На ганаровым другім месцы сярод іх, адразу пасля Галілеа Галілея, – Францішак Скарына...
Агмень Рэнесансу, які Скарына прынёс у Беларусь, вытварыў у нашай мінуласці такі глыбокі след, што цяпер ужо ніхто не мае шанцу сцерці яго з нашай памяці – ён частка нашай істоты і можа знікнуць толькі з нашым фізічным канцом. Я б сказаў нават, што ў часы Рэнесансу і Рэфармацыі Беларусь для некаторых суседзяў сама стала “Трэцім Рымам...”
І вось дзіва. Запалены некалі Скарынам і Паладыё агмень я нечакана ўбачыў на іншым баку зямлі, за акіянам. Там агеньчык разгарэўся ў полымя...

***
У самалёце кампаніі Air France, які ляціць з Прагі ў Парыж, – большасць французаў. Беларусу з замашкамі літаратара грэх не паназіраць за прадстаўнікамі адной з самых цывілізаваных нацый у свеце. Цікава, як выглядаюць і трымаюцца людзі, як захоўваюцца сцюардэсы, чым кормяць і г.д.
Сцюардэсы – стрыманыя і ветлівыя, без пыхі. Свабодна пераходзяць на ангельскую, але некаторых з-за акцэнту амаль не зразумець – чуецца ўсё ж, што паўтары тысячы гадоў таму французы і немцы збольшага гаварылі на адной мове. Пыхі няма, але ў стрыманай годнасці можна разгледзець і спакойнае ўсведамленне сваёй перавагі над нешматлікімі ў самалёце ўсходнееўрапейскімі барбарамі. Зрэшты, гэта можа быць і паблажлівасць прафесіянала да кліентаў-лаікаў.
Французскія пасажыры збольшага выглядаюць на бізнэсмэнаў сярэдняй рукі. У некаторых на руках “Ролексы”. Усе без выключэння чытаюць спартовыя раздзелы газетаў. Дагледжаныя твары, адсутнасць дрэнных пахаў, стрыманая акуратнасць адзення. Але галоўнае не гэта. Галоўнае – здароўе на тварах. Дзіўным чынам твары ўсіх людзей вакол мяне выпраменьваюць здароўе. Гладкая маладая скура, спакойныя пагляды, трэніраваныя целы – наогул, харошы фізічны тып.
Галоўнае адрозненне беларускіх твараў ад французскіх – хваравітасць або вульгарная паўната. Людзі вакол мяне спакойна выконваюць сваю функцыю – працуюць, нараджаюць і гадуюць нашчадкаў, кахаюцца. Беларусы робяць тое самае, але неяк бязладна і неспакойна, праз пакуту. Яе і відаць на беларускіх тварах з шэрай скурай. Гэта – вынік гісторыі і культуры, а калі шырэй – беларускай долі-нядолі. Нават калі не браць геаграфічна дэтэрмінаваную (перадвызначаную) далёкую беларускую мінуласць, дык успамінаецца мінуласць блізкая. Напрыклад, пасаджаны ў турму прафесар Бандажэўскі...
У невялікім абедзіку, пададзеным сцюардэсай, – таксама праява французскай рафінаванасці: рагу з баклажанаў, перцу, памідораў і бабоў, тушаныя морапрадукты – так званы “марскі кактэйль” – і надзвычай далікатнае пірожанае.
А калі самалёт сеў – французы не папляскалі пілоту за майстэрства, як гэта робяць чэхі.

***
У самалёце па дарозе з Парыжу ў Вашынгтон побач са мной сядзеў старэнь­кі чалавек з семіцкім тварам. Праз праход ад яго сядзела пажылая жанчына – таксама семітка, чые маршчыны не маглі схаваць надзвычай прыгожага ў маладосці і годнага твару – прыгажосць нібыта сышла і, разам з тым, засталася. Я ўпотай любаваўся вузкім высакародным тварам старой з высокім прамым ілбом, запалымі шчокамі і грэцкім носам. І стараўся здагадацца, гэта жыды ці арабы? Знешне адрозніць было немагчыма з-за абсалютна еўрапейскага выгляду пары. Памалу мы са старым разгаварыліся – у яго была даволі неблагая ангельская. Аказалася, гэта 84-гадовы выкладчык Бейруцкага ўніверсітэта прафесар Марум (ён вымаўляў сваё імя як Morrum), а старая – яго жонка.
Прафесар расказваў шмат цікавага. Ён з гонарам паведаміў, што належыць да адной з найстарэйшых палесцінскіх рымска-каталіцкіх сем’яў. Яго род быў выгнаны з Палесціны ізраільцянамі і агулам страціў сем вялікіх мураваных дамоў. Ён і яго жонка ў канцы 30-х гадоў былі чэмпіёнамі Палесціны па тэнісе ў міксце (змяшаным разрадзе) сярод юнакоў. Два ягоныя сыны жывуць у ЗША, адзін – найбуйнейшы ў Вашынгтоне дылер аўтамабіляў, другі – прафесар вашынгтонскага Ліванскага ўніверсітэта.
Я скарыстаў нагоду даведацца аб сітуацыі на Блізкім Усходзе з вуснаў знатнага адукаванага араба-хрысціяніна. Калі я спытаўся пра Ірак, ён сказаў, што сапраўдная мэта вайны – нафта. Калі ж я спытаўся, чаму 100 гадоў таму ў Сірыі была большасць хрысціянаў, а цяпер – большасць мусульманаў, і чаму тое самае адбылося з арабамі-палесцінцамі, ён сказаў, што арабы прымаюць іслам дзеля палітычных матываў – гэта палітычны выбар.
Прафесар Марум хваліў Вашынгтон і ганіў Нью-Ёрк – казаў, што Вашынгтон – больш элітарны горад. “Я маю права на амерыканскую грын-карту, але не бяру яе – нашто? Мне хапае 5-гадовай візы”, – яго словы.
Я расказаў прафесару, як быў у 90-я гады ў Рыме на імшы ў арабскай царкве – пахваліў абрад і спевы. Ён прыняў камплімент як належнае. Наогул, пра Палесціну, арабаў і сваю сям’ю ён расказваў з відавочным гонарам і смакам – я адчуў роднасную душу. Мы, беларусы, такія ж неакцэптаваныя правінцыялы цывілізацыі, яе пасынкі. Пра нас таксама мала ведаюць, і мы павінны ўсім і ўсюды даводзіць сваю еўрапейскасць і падаваць дэталі свайго “слаўнага мінулага”.

***
Амерыка з вакна самалёта выглядае зусім не так, як Еўропа. Прынамсі, узбярэжжа. У Еўропе – дробныя клеткі засеяных палёў і павуцінне дарог паміж частымі вёскамі, мястэчкамі і гарадамі падбіраюцца амаль да самага берага. У Амерыцы – дарогі ўздоўж берагу і бясконцыя паселішчы ўздоўж тых дарог. А за тымі прыбярэжнымі палосамі – нейкая пустая зямля. Магчыма, зрэшты, што мне так здалося толькі тады, калі мы ляцелі паўз бераг Лабрадорскага мора. Магчыма, што курортныя мясціны Еўропы з самалёта выглядаюць гэтак сама, як і амерыканскія...

***
Амерыканцы так ганарацца сваім сцягам, што вешаюць яго ўсюды, дзе можна, і дзе, на маю думку, не можна. Неяк я ехаў аўтобусам з Нью-Ёрку ў Вашынгтон. Узбоч дарогі – будаўнічыя пляцоўкі, на іх шмат будаўнічае тэхнікі. І ці не кожны механізм мае на сабе пачэплены сцяг. Вось гляджу на нешта сярэдняе паміж кранам і забівалкай паляў – пад стралой, фактычна, на круку “горда рэе” брудная хусцінка, якая некалі была амерыканскім сцягам. Прычым пачэпленая наўмысна, за два тарцовыя канцы, каб лунала ў паветры, а не вісела. На добры лад, гэта можна было б прызнаць і апаганьваннем нацыянальнай сімволікі... Зрэшты, падумалася мне пазней, лепш ганарыцца сваім сцягам так, чым не ганарыцца ім зусім або ганарыцца чужым.

***
У Амерыцы беларусу ўсё на першы погляд чужое. Прыязджаеш і разумееш, што гэта – іншы свет. Навокал – усё іншае. Цалі, футы, фунты, мілі, акры, унцыі, галоны... Замест дарожных знакаў у прывычным нам выглядзе – таблічкі са словамі “One way” або “...”. З еўрапейскіх знакаў я ўбачыў толькі чатыры – няма павароту, стоп, праезд забаронены і ўезд забаронены. Астатняе – словамі. Нашто было прыдумляць альтэрнатыву добра распрацаванай еўрапейскай сістэме знакаў? Зрэшты, улічваючы гістарычнае першынство амерыканцаў у масавым выкарыстанні аўтамабіляў, зразумела, што альтэрнатыва – не іх сістэма, а наша.
Рэгуліроўшчыкі на перакрыжаваннях трасуцца і вырабляюцца са свісткамі на вуснах у нейкім дзіўным афрыканскім танцы – то грабуць да сябе рукамі, пускаючы машыны проста на сябе, то нагінаюцца і матаюць над сабой рукою, пускаючы машыны на паварот. Некаторыя робяць гэта так актыўна і азартна, хутка і са смакам, што ты спыняешся на ходніку і нейкі час глядзіш на гэтае шоу, як зачараваны.
На прылаўках зелянінных ятак і латкоў – дзясяткі нязнаных нам раслінаў у выглядзе доўгіх рабрыстых гуркоў з вострымі канцамі, тонкія стручкі нібыта фасолі... даўжынёй да паўметра, дзіўная трубчатая зялёная цыбуля і маладыя парасткі фенікла, якія нагадваюць маленькую пекінскую капусту...
Джэм тут вараць з чырвонага вінаграду. Хлеб пад назвай “Russian. Black” немагчыма ўзяць у рот, бо гэта амаль духмяная салодкая булка цёмна карычневага колеру... Зрэшты, на Брайтане ў Нью-Ёрку прадаецца сапраўдны “Нарачанскі”, толькі боханы ў тры разы меншыя.
Бабілон, паўсюль Бабілон. Разрэз вачэй, рысы твару, адценні скуры, паставы, мовы і дыялекты...
Чайна-таўн у ніжнім Манхэтане разросся неймаверна, паглынаючы ўсё новыя і новыя кварталы Даўн-таўну. Мы ішлі па раёне, які на мапах яшчэ называецца “Little Italy” (Малая Італія), але навокал адныя іерогліфы – усё даўно скуплена кітайцамі... Яны афармляюць плошчы сваімі нацыянальнымі дэкаратыўнымі аркамі і ставяць там помнікі “Амерыканцам кітайскага паходжання, якія склалі свае галовы ў барацьбе за свабоду” (дакладная цытата з шыльды аднаго такога) – але скульптура выяўляе, чамусьці, не амерыканца хай сабе і кітайскага паходжання, але сярэднявечнага кітайскага селяніна ў тыповым халаце і тыповым жа саламяным капелюшы з вострым верхам і падвязкай пад падбароддзем... І з касой, якая вытыркаецца з пад капелюша.
Да рэвалюцыі ў Мінску была невялікая кітайская калонія – кітайцы гандлявалі на Ніжнім рынку нязвыклымі для менчукоў дзіцячымі цацкамі, і ўсе былі ў такіх халатах і з заплеценымі ў косы валасамі. Пра іх са словаў сваёй маці расказвала мне бабуля.
Паўсюль адчуваецца блізкасць мора... І ты міжволі думаеш, якую ўсё ж выгаду маюць тыя народы, якія апанавалі некалі ўзбярэжжы мораў і акіянаў! Асабліва такія думкі прыходзяць у галаву, калі ты стаіш у Нью-Ёрку ля крамы, якая называецца “Жывыя марскія прадукты”, а вітрынаю ёй служыць шкляная сцяна вялікага і глыбокага басейна, па дне якога і па галовах адзін аднаго поўзаюць і ходзяць сотні гіганцкіх (да паўметра!) лобстэраў і крабаў...
Пра тое ж думаецца і тады, каля сядзіш у адносна недарагім (у параўнанні з Еўропай) прыбярэжным рэстаранчыку ў штаце Нью-Джэрсі і рукамі разломваеш канцовіны маладога краба, каб дастаць адтуль далікатнае мяса, якое растае ў роце, як жэле...
Адным словам, Амерыка для нас – іншы свет.

***
Вырашылі мы праехацца з Вашынгтона ў Нью-Ёрк аўтобусам, маўляў, і краіну паглядзім, і нядорага дабярэмся да “сталіцы свету”. У выніку сапраўды, і наваколлі паглядзелі, і дух прыдарожнай Амерыкі адчулі, і ў некалькі гарадоў заехалі... Але нечакана ўбачылі мы падчас гэтага чатырохгадзіннага падарожжа і нешта больш важнае. А менавіта, праявы міжрасавага напружання, якое, як аказалася, нікуды не падзелася і падспудна тлее ў Амерыцы далей. Гэта паказаў скандал, які ўчыніла маладая афраамерыканка.
Падчас прыпынку ў Балтыморы кіроўца аўтобуса выйшаў, каб пакласці ў багажнае аддзяленне валізы новых пасажыраў. Праз хвіліну ля аўтобуса пачаўся дзікі лямант. Крычала чорная маладзіца. Пасля ў салон увайшлі чатыры новыя пасажыры – тры мужчыны і жанчына, усе за 60 гадоў. Дзверы зачыніліся, кіроўца праверыў іх квіткі, зноў адчыніў дзверы і выйшаў. Праз нейкі час лямант на вуліцы стаў сціхаць. Нарэшце ў аўтобус увайшла мурынка, пракрычала ў салон на троху дзіўнай ангельскай мове, што кіроўца апошні падонак, што ён паклаў у кішэню яе білет, сказаў пачакаць, а сам прапусціў паперадзе яе сем (!) пасажыраў, а яна з хворым дзіцем, якога трэба везці да лекара ў Нью-Ёрк, засталася на вуліцы чакаць; і зрабіў гэта кіроўца, маўляў, толькі таму, што яна – чорная, і хай ён коціцца ў сваю Коста-Рыку... Пракрычаўшы ўсё гэта, мурынка села на адно вольнае месца ля нас. Другое побач з ёй займала іншая афраамерыканка. Яна яшчэ ў Вашынгтоне адмовіла адной белай кабеце ў дазволе сесці ля яе – прабурчэўшы ў адказ нешта няўцямнае і нахабна легшы на ўсё сядзенне. І вось калі ў Балтыморы здарыўся той канфлікт, наша суседка ажывілася, устала паглядзець, хто там лямантуе, неяк ухвальна-салідарна пасмяялася, а калі крыклівая маладзіца ўвайшла, прапусціла тую з дзіцем да акна, а пасля наогул сышла на месца, дзе звычайна ездзяць гіды або другія кіроўцы экіпажу.
Дзіцём скандалісткі быў вельмі прыгожы 10-гадовы чорны хлопчык з вачыма анёла, з выгляду – вельмі здаровы. Мне, як і ўсім у аўтобусе, было зразумела, што скандал яго маці спатрэбіўся толькі для таго, каб пралезці ў аўтобус з адным білетам на дваіх з сынам.
Маўклівы лацінаамерыканец-шафёр з кепскай ангельскай мовай унурыў галаву ў плечы, сеў за стырно і прамаўчаў...
Пра тое ж схаванае міжрасавае напружанне мне думалася і тады, калі я слухаў развагі аднаго з сыноў чалавека, у якога мы гасцявалі пад Нью-Ёркам. Той хлопец-студэнт абурана разважаў пры сістэму паступлення ў ВНУ, якая дае чорным вялікія перавагі. У перакладзе на нашую мову і выкарыстоўваючы больш блізкія мне школьныя рэаліі, яго прамову можна пераказаць так:
– Чаму я, белы, павінен мець суцэльныя пяцёркі, каб паступіць ва ўніверсітэт, а чорнаму дастаткова троек?
Я, вядома, не нагадваў яму пра ранейшую расавую сегрэгацыю і татальную дыскрымінацыю чорных, за якія ён цяпер і плаціць...

***
Для таго, каб адчуць і зразумець моц і магутнасць амерыканскай эканомікі, варта выехаць за горад. У прымесцях Нью-Ёрка сканцэнтраваныя марскія склады – неабсяжныя паркоўкі еўрапейскіх і амерыканскіх аўтамабіляў, адны з якіх толькі што згрузілі з сухагрузаў, а іншыя чакаюць адпраўкі ў Еўропу. Паркоўкам тым няма канца і краю – колькі хапае вока, столькі там стаіць розных машын. Ды якіх машын! Аўтааматару з Еўропы ў Амерыцы робіцца асабліва брыдка ад усведамлення, як яго падманваюць і выкарыстоўваюць еўрапейскія маркі...
Усе мы ведаем, пра амерыканскі размах, калі справа тычыцца аўтамабіля. Яны любяць велізарныя і зручныя аўто з вельмі моцнымі маторамі. Такія і робяць. Там амаль ніхто не ведае, што такое дызель, а кошт на бензін і сёння, у часы крызісу, шакаваў бы сваёй мізэрнасцю менскага аўтааматара – людзі заліваюць поўныя бакі вялізных джыпаў за 25 даляраў!
Амерыканскі рынак аўтамабіляў – найвялікшы ў свеце. Яны самі робяць велізарную колькасць аўто, іх завальваюць сваімі мадэлямі японцы, карэйцы і еўрапейцы. Прычым, азіяты пастаўляюць у Амерыку такія мадэлі, якіх у Еўропе не ўбачыш – я столькі нагледзеўся спартовых купэ і кабрыялетаў, а таксама звычайных і люксусных седанаў ад “Нісану” і яго дарагой маркі “Інфініты”, ад “Таёты” і “Мазды”, што нават сфатаграфаваўшы некаторыя, не магу цяпер успомніць іх абрысы...
Для Еўропы матор аб’ёмам 1,8 літра з’яўляецца даволі звыклай з’явай, у Амерыцы вы такога не знойдзеце. Там Мерседэс класа С пачынае прадавацца ад 3 літраў. На дарогах ездзяць Мерседэсы класу Е і БМВ пятай серыі з 5-літровымі маторамі, і гэта – звычайная рэч.
Каб заняць нейкае месца на такім рынку, еўрапейскія вытворцы ідуць на вялікія страты, абы толькі заставацца на рынку. Цяпер Фальксваген-Джэту ў Празе прадаюць за 25-30 тысяч даляраў, а ў Амерыцы аналаг са значна мацнейшым маторам – за 15 тысяч! Тое самае і з даражэйшымі еўрапейскімі маркамі. І вось гледзячы на ўсю гэтую аўтамабільную раскошу, ты разумееш, што гэта робіцца за твой кошт. Ты там, у сваёй Еўропе, плаціш двайныя грошы за тое, на што амерыканцы нават не паглядзелі б.
Я спрабаваў гаварыць пра гэта з амерыканцамі – смяюцца, кажуць, нашто мне за такія грошы ваш Мерседэс? Я за такую суму сабе Кадылак куплю... Іншымі словамі (і ў гэта цяжка паверыць) найлепшыя еўрапейскія маркі – далёка не самае лепшае і не самае прэстыжнае, на чым ездзяць у Амерыцы. І ў гэтым яна таксама – іншы свет.
А магутнасць іх эканомікі адчуваецца і на дарогах, славутых хайвэях. Пры вялікіх гарадах 12, 18 і нават 24 паласы – не рэдкасць. Я ехаў па 18-палосным аўтабане і дзівіўся якраз гэтаму відавочнаму ўвасабленню амерыканскай магутнасці – 9 палос у адзін бок, 9 у іншы. Кожныя тры паласы аддзеленыя раздзяляльным бетонным плотам. І нясуцца па іх нязвыклыя нам амерыканскія фуры з даўгімі капотамі і пакойчыкамі для адпачынку кіроўцаў ззаду кабінаў. Бясконцы рух, незлічоная колькасць машын, грузавых і прыватных.
А я еду па хайвэі і думаю, што мы ўсе цяпер – закладнікі вялікага бізнэсу. Што ён з намі толькі не робіць? Раней лядоўня магла працаваць 20 гадоў, а цяпер ледзьве вытрымлівае 10. Абазнаныя сцвярджаюць, што ў 90-я гады час жыцця бытавой тэхнікі і аўтамабіляў пачалі разлічваць на 10 гадоў, а цяпер наогул – на 5-7. Сябар-інжынер мне кажа: “Не купляў “Audi”, у іх падвеска алюмініевая”. Пачынаю шукаць інфармацыю ў інтэрнэце і даведваюся, што ў BMW пярэдняя падвеска – таксама з алюмінію! Яны ўсё могуць разлічыць па сапрамаце – колькі вытрымае жалеза, колькі алюміній, і колькі яны заробяць на дадаткова закупленых запчастках. Сябар-бізнэсмэн мне патлумачыў: за апошнія 20 гадоў да кіраўніцтва ўсіх буйных міжнародных фірмаў прыйшлі фінансісты, банкіры. Інжынеры і працоўная этыка Нямеччыны засталіся ў мінулым. Цяпер мэтай сталі толькі грошы. Усе карыстаюцца напрацаваным іміджам, каб прадаць нам усё горшы і горшы па якасці тавар. Плаціце грошы! І паспрабуйце знайсці цяпер у Кардэна рэчы з натуральных валокнаў!
На Захадзе паміраюць рамонтныя майстэрні! Ніхто ўжо нічога не рамантуе, у лепшым выпадку мяняюць цэлыя вузлы за вялікія грошы. Па вялікім рахунку, ужо лепш купляць новую рэч, чым рамантаваць старую. На ціхай пражскай ускраіне, дзе я жыву, яшчэ захавалася маленькая прыватная майстэрня побытавай электронікі, якой валодае вельмі і вельмі ўжо немаладая чэшская пара – яна прыёмшчыца, ён – майстар. Для кліентаў робяць выгляд, што зусім яны і не муж з жонкай, але калегі па працы, і амаль за ўсё бяруць адну і тую ж цану – 300 чэшскіх крон (17 даляраў), што на пражскія ўмовы – вельмі танна.
Банкі ўзялі ўсіх у палон іпатэкамі. Некалі фірмы будавалі і прадавалі дамы па рэальных коштах, за рэальны прыбытак і былі задаволеныя. Шмат гадоў дамы ў Еўропе і Амерыцы каштавалі па 100 тысяч даляраў. Але прыйшлі набітыя вольнымі грашыма банкі (рыхтык біблейскія змеі-спакушальнікі) і сказалі: “А што вы прадаяце дамы так танна? І чаму вашы праекты такія сціплыя – па 10-15 дамоў? Будуйце адразу паселішчы па 100 дамоў. Заражайце вышэй, мы вам пазычым грошы на праекты на выгадных умовах, а вы за гэта прапануйце нашу іпатэку сваім пакупнікам”. Банк зацікаўлены выгадна“прыстроіць” грошы, каб яму выплачвалі пазыкі не 5-10 гадоў, а 20-30. Банк нічога не траціць, бо паводле ўмоваў пазыкі купленыя ў дэвелопера дамы тут жа пераходзяць у заклад да банку. Так і ўзнікла заганнае кола, бо 30 гадоў усё і ва ўсіх добра быць не можа – нехта страціць працу, нехта захварэе, страціць блізкага, зап’е, загіне ў аварыі і гэтак далей. А каб і было асабіста ў вас усё добра, дык эканамісты ведаюць дакладна, што 30 гадоў запар не можа быць стабільнасці ў эканоміцы – яна якраз развіваецца цыклічна, і цыклы гэтыя значна карацейшыя за 30 гадоў. З цягам часу адмоваў плаціць па крэдытах усё болей, і пачынаецца крызіс. А банкі яшчэ і прадаюць іпатэкі адзін аднаму па некалькі разоў, каб друкаваць і друкаваць каштоўныя паперы і рабіць грошы літаральна з паветра...
Божа! Няўжо я раблюся сацыялістам? Зрэшты, пры чым тут сацыялізм? Значна больш дарэчы тут гаварыць пра маральную (дакладней немаральную) прыроду сённяшняй эканомікі і жыцця наогул. У XVI стагоддзі мэтай любога бізнэсмэна – купца або рамесніка – было ўласнае багацце і дабрабыт. Як толькі ён яго дасягаў, дык тут жа сыходзіў з бізнэсу і вызваляў месца іншаму. Цяперашнія ж кампаніі сталі інструментамі не для дасягнення асабістага дабрабыту ўладальнікаў, але сродкам ды інструментам зарабляць грошы дзеля грошай. Сёння ўжо грошы наогул робяць самі сябе і вельмі часта – з нічога, з папераў, з паветра.
Я ўсё больш і больш разумею, што мы ўсе, простыя людзі – закладнікі, мы трапілі ў палон, у новае рабства, мы ўсе рабы спажывецкай цывілізацыі і вялікага бізнэсу. З намі робяць, што хочуць. А мы толькі плацім, плацім і плацім.
Цёмныя бакі заганнай чалавечай натуры працялі ўсю сучасную эканоміку, таму сёння кліентаў падманваюць нават у Нямеччыне, дзе яшчэ 15-20 гадоў таму нават уявіць такое было немагчыма. Каб абараніцца ад нядобрасумленных інжынераў, лекараў, аўтамеханікаў, сантэхнікаў і будаўнікоў – беднаму чалавеку сёння трэба самому быць інжынерам, лекарам, аўтамеханікам, сантэхнікам, будаўніком etc. А быць імі ўсе і адначасова не могуць.
Таму я, едучы па амерыканскім хайвэі (зрэшты, як і заўсёды ў апошнія гады), болей думаю не пра сацыялізм, а пра культуру і мараль, пра веру, ад якой Захад ужо, на жаль, амаль адмовіўся. Амаль ніхто ўжо не разумее, што вера – гэта частка культуры...
Хоць і блізкія да сацыялізму нямецкая або шведская мадэлі мяне таксама прывабліваюць.

***
Як бы там не жартавалі наконт амерыканскага бескультур’я і “ўсіх чатырох ног, якія амерыканцы кладуць на стол”, Амерыка – краіна культурная. І, як у сапраўды культурнай краіне, тут у сталіцы можна бачыць па два помнікі на адным пляцы – я для сябе некалі ўстанавіў такі крытэрый. Калі памятаюць сваю гісторыю, ушаноўваюць яе, і калі помнікам становіцца цесна на пляцах гарадоў – значыць з культурай у краіне ўсё ў парадку. Такая сітуацыя ў многіх еўрапейскіх краінах, і тое ж я ўбачыў у Вашынгтоне.
Апрача неверагоднай колькасці помнікаў у Вашынгтоне кідаецца ў вочы вялікая колькасць мемарыялаў і мемарыяльных музеяў. Ёсць там мемарыялы найбольш вядомых прэзідэнтаў, такіх як Джордж Вашынгтон, Томас Джэферсан, Аўраам Лінкальн і Франклін Дэлана Рузвельт. Ёсць мемарыялы войнаў – Другой Сусветнай, Карэйскай і В’етнамскай, і, нават, помнікі-мемарыялы амерыканска-іспанскай вайны 1898 года і кампаніі на Філіпінах 1899-1902 гадоў. Ёсць мемарыялы асобным бітвам, напрыклад бітве пры Івадзіме. Ёсць нават асобны мемарыял марской пяхоце. Некаторыя назвы на мемарыяльных будынках гучаць для нашага вуха даволі дзіўна – Мемарыял дачок амерыканскай рэвалюцыі або Маці амерыканскай залатой зоркі (што насамрэч азначае Арганізацыю маці сыноў і дачок, якія загінулі ў службе Злучаным Штатам).
Але найболей уражвае колькасць помнікаў. Ёсць чатыры гіганцкія скульптуры бізонаў, якія жылі пры пачатку асваення Паўночнай Амерыкі, ёсць помнік афрыканскаму слану. На фантане памяці адмірала Дзюпона ёсць помнікі-скульптуры Ветру, Мора і Зорак. Ёсць процьма помнікаў замежным культурным і дзяржаўным дзеячам, вайскоўцам. Я бачыў помнікі Тарасу Шаўчэнку, Аляксандру Пушкіну, харвацкаму скульптару Івану Мэштравічу, чэшскаму прэзідэнту Тамашу Масарыку, індыйцу Махатму Гандзі, польскаму генералу Казіміру Пуласкаму, спольшчанаму беларусу, генералу трох арміяў Тадэвушу Касцюшку і многім іншым. Ёсць там нават Алея расейскіх паэтаў і Мемарыял расейскіх кампазітараў з дзясяткамі персанальных і групавых памятных знакаў.
Ну а помнікаў уласна амерыканцам – наогул не злічыць.
Культурны народ, што тут скажаш.

***
Але ёсць назіранне значна больш важнае.
Калі вы паблукаеце па Вашынгтоне ў ваколіцах Белага Дома, а пасля пройдзецеся па Пенсільванія авеню да Капітолія, або і проста пашпацыруеце па прылеглых да цэнтра кварталах старой гарадской забудовы, вы раптам зразумееце, у чым тут справа. Калоны! Навокал сотні, тысячы калонаў! Велічныя і маленькія, круглыя і квадратныя, на портыках і парталах, на фасадах і вокнах вялікіх і малых будынкаў, на пампезных мармуровых урадавых гмахах і на сціплых жылых дамках, так званых сіці-хаўзах.
І тады вы зразумееце, куды трапілі. Гэта – царства класіцызму, яго велічная сталіца, яго новая магутная метраполія. Пабудаваны ў XVІІІ-XIX стагоддзях Вашынгтон з’яўляецца велічным помнікам паладыянству, спадкаемцам класічных традыцыяў еўрапейскай архітэктуры.
І вось іду я па Вашынгтоне ХХІ стагоддзя, гляджу на ўсе гэтыя бясконцыя мутулы і дэнтыкулы, канелюры, стылабаты, эхіны і абакі, на архітравы, фасцыі, трыгліфы і метопы... і разумею, што гэта не проста дарычны ордэр – гэта РЫМСКІ дарычны ордэр, і яго тут безліч. І ўсё ў добрых старых прапорцыях, дысцыплінавана і строга, без эклектыкі і калгасу...
Зрэшты, хапае тут і іншых ордэраў, але і рымляне, як вядома, карысталіся ўсімі грэцкімі, дадаючы ў іх свае рысы, або і прыдумляючы новыя, як, напрыклад, кампазітны ордэр, якога ў Вашынгтоне таксама хапае. Калі Андрэа Паладыё адраджаў прынцыпы архітэктуры старога Рыма, ён таксама не забываў і пра грэкаў.
Стваральнікі Амерыкі, бясспрэчна ведалі, што і для чаго яны будуюць, якую краіну ствараюць, і якая сталіца ёй патрэбная. Сам Томас Джэферсан быў архітэктарам і перакананым прыхільнікам Андрэа Паладыё, ён збудаваў сабе загарадны дом у паладыянскім стылі, а спраектаваны ім галоўны будынак універсітэта Віргініі – славутая паладыянская ратонда – унесены ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Ды нават галоўная будова сталіцы ЗША – Белы Дом – збудаваная архітэктарам Джэймсам Хобанам у 1800 годзе таксама ў стылі чыстага паладыянства.
І вось стаю я ў цэнтры Вашынгтона і ўспамінаю формулу “Масква – трэці Рым, а чацвёртаму не бываць”. Памыліўся старац Філафей, памыліўся. Прычым двойчы, нават тройчы.
Па-першае, памыліўся Філафей наконт таго, што “чацвёртаму не бываць”. Я вось стаю цяпер у Рыме чацвёртым і разумею гэта ўсёй сваёй істотай, да пранізлівага і пякучага адчування свайго адкрыцця. Вось ён – новы Рым, вакол мяне. Вось яны шырокія праменады, форумы, фантаны, помнікі, мемарыялы, стэлы і калоны, вось яны – будынкі дзяржаўных установаў і шараговых рымлянаў у класічным рымскім стылі з калонамі або пілястрамі сціплага дарычнага або іанічнага ордэру. І вось ён новы Рым з яго сусветным уплывам і вагой – адзіная на сёння ў свеце імперыя ўплыву. Самая моцная ў вайсковым і эканамічным сэнсе краіна свету. Вайсковы бюджэт новых рымлянаў большы за вайсковыя бюджэты ўсіх астатніх краінаў планеты разам узятых. Параўнацца з іх эканомікай яшчэ доўга ніхто не зможа.
Па-другое, памыліўся Філафей наконт свайго “трэцяга Рыму” культурна-сацыяльна. Насамрэч “Трэці Рым” так і не стаў Рымам – ён застаўся сканцэнтраваным на грэцкай артадоксіі, навязваючы яе суседзям... Першы ж Рым пакідаў ускраінам іх веру. Дый наогул, каб быць новым Рымам, трэба быць яго спадкаемцам ва ўсіх сэнсах, у тым ліку і ў грамадскім ладзе, мастацтве, архітэктуры. У старым Рыме для грамадзянаў была дэмакратыя, а ці была яна хоць некалі ў Масковіі або пазнейшай Расеі? І што наогул узяў у старога Рыма “Рым трэці”? Візантыйскія цэрквы? Нават гэтую не зусім рымскую традыцыю ён не змог захаваць – ад XVI стагоддзя памалу-патроху ў Расеі пачалі будаваць мячэці з крыжамі... Ясна, што ў Маскве за апошнія стагоддзі паспелі збудаваць нямала будынкаў у класічных формах, якія дайшлі да нашага часу. Але ў строгім сэнсе архітэктурная Масква не ўсвядоміла сябе пераемніцай Рыма – Кітай-горад і праваслаўныя мячэці не дазволілі.
Архітэктура наогул беспамылкова сведчыць пра каштоўнасці таго або іншага рэжыму, пра яго культурныя перавагі і алюзіі, пра яго памкненні. Архітэктура Масквы не дае дастаткова падставаў сцвярджаць, што Масква стала пераемніцай Рыму.
А вось Санкт-Пецярбург, бясспрэчна, быў у значнай ступені пераемнікам класічных рымскіх архітэктурных традыцыяў, але і будавалі яго італьянцы, і сам ён стаў не сутнасным, а ўсяго толькі знешнім і штучным фасадам візантыйскай Масковіі, якая ўрэшце паўстала супраць яго ў 1917 годзе і вярнула сталіцу ў Маскву.
І па-трэцяе, памыліўся манах канфесійна. Зразумела, сёння наогул мала хто ведае пра праваслаўна-каталіцкія дачыненні і карані гэтых дачыненняў. Не кажучы ўжо пра тое, што грэкі называлі і называюць сваю царкву “Кафаліцкай”, а католікі яшчэ на Трыдэнцкім саборы 1545 года прынялі Сімвал веры, у якім акрэслілі сваю веру як “веру праваслаўных...”
Трэцяя памылка Філафея зусім нечаканая: новы Рым – неправаслаўны. Ён – пратэстанцка-каталіцкі (католікаў у Штатах ужо больш за 60 мільёнаў) і даволі пурытанскі (за выключэннем некаторых гарадскіх анклаваў). І да еўрапейскага “паліткарэктнага” распаду новым рымлянам яшчэ даволі далёка. Мы памылкова глядзім на амерыканскія гарады, дзе ўжо навідавоку прыкметы не толькі мультыкультуралізму, але і культурнага заняпаду і нават распаду, але ж новыя рымляне жывуць пераважна ў невялікіх гарадках правінцыйнай Амерыкі. А там – ні тое, што кітайца, там нават чорнага сустрэць цяжка. Па дарозе адмовы ад сваіх духоўных і культурных традыцыяў Еўропа ідзе далёка паперадзе новых рымлянаў...
Так што – бываць чацвёртаму Рыму, бываць...
А вось ці будзе Рым пяты? Падазраю, што будзе. Зрэшты, залежыць ад таго, хто захопіць свет – арабы ці кітайцы. Наша класіка можа прарасці і ў мусульманстве, а вось кітайцы маюць класіку сваю... Але гэта будзе ўжо не наша гісторыя...

Прага-Вашынгтон-Нью-Ёрк-Прага
2006-2011