12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Павел Абрамовіч

_____________________
У пошуках свайго чытача.
Пісьменьніцкая крытыка Беларусі ХІХ ст.

Многія беларускія пісьменьнікі ХХ ст. рэгулярна
выступалі ў перыядычных выданьнях у якасьці
літаратурных крытыкаў і літаратуразнаўцаў.
Гэтая традыцыя бярэ пачатак у сярэдзіне —
другой палове XIX ст., калі ў Беларусі актывізаваўся
літаратурна-грамадскі рух, склалася кола прафесійных
літаратараў, якія актыўна супрацоўнічалі
з выдаўцамі, галоўнымі рэдактарамі
руска- і польскамоўных газетаў і часопісаў.

Як вядома, у 1795 годзе адбыўся апошні, трэці падзел Рэчы Паспалітай, у выніку чаго Беларусь была канчаткова далучаная да Расейскай імперыі (пры гэтым уплыў Польшчы на за­ходнія беларускія землі застаўся вельмі моцным). Адным з эфектыўных сродкаў кантролю над тутэйшай сацыяльна-культурнай прасторай стала цэнзура, якую абавязкова праходзілі і нешматлікія рэцэнзіі, нарысы, артыкулы тагачасных беларускіх пісьменьнікаў-крытыкаў, зьмешчаныя ў перыёдыцы1 .
З-за адсутнасьці нацыянальных прафесійных кадраў, абумоўленай тым, што Беларусь ня мела палітычнай і эканамічнай свабоды, большасьць літаратуразнаўчых і літаратурна-крытычных матэрыялаў аб айчынных літаратурных творах у ХІХ ст. выходзіла з-пад пяра замежных сьпецыялістаў. Напрыклад, польскіх: маем на ўвазе артыкул пра творчасьць Яна Баршчэўскага крытыка і пісьменьніка, аўтара 4-томнай “Літаратуры і крытыкі” Міхала Грабоўскага (1804—1865); артыкул-некралог “Ян Баршчэўскі” (1851) літаратуразнаўцы і рэдактара газеты “Дзёньнік варшаўскі” Юльяна Барташэвіча (1821—1870); артыкул “Паэзія Яна Неслухоўскага” (1899) кры­тыка і гісторыка літаратуры Аўрэлія Драгашэўскага (1863—1943); артыкул “Паэзія Яна Неслухоўскага” (1899) літаратуразнаўцы, прафесара Ягелонскага універсітэту, аўтара “Гісторыі літаратуры незалежнай Польшчы” Ігната Хржаноўскага (1866—1940).
Нягледзячы на ўсе цяжкасьці, менавіта ў гэтым стагоддзі закладваўся фундамент айчыннай пісьменьніцкай крытыкі. У ліку крытыкаў-“першапраходцаў” найперш трэба назваць прозьвішчы беларуска-польскіх літаратараў Рамуальда Падбярэскага (1812—1856), аўтара першага нарыса беларускай літаратуры “Беларусь і Ян Баршчэўскі” (1844), і Уладзіслава Сыракомлі (псеўданім Людвіка Кандратовіча, 1823—1862), які прысьвяціў творчасьці Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча (1807—1884) тры рэцэнзіі ў “Газеце варшаўскай” (№ 184 і 244 за 1855 г. і № 16 за 1857 г.) і артыкул у газеце “Кур’ер віленскі” (№ 19 і 20 за 1861 г.). Польскамоўная крытыка названых літаратараў заслугоўвае ўвагі, бо, зьяўляючыся своеасаблівым “пунктам адліку”, закладвае традыцыю, якую разьвівалі нацыянальныя пісьменьнікі-крытыкі ХХ ст. У чым заключалася сутнасьць гэтай традыцыі.
У першай палове нарысу Р. Падбярэскага ўтрымліваюцца цікавыя біяграфічныя зьвесткі аб літаратарах Беларусі першай паловы XIX ст., а таксама непрадузятыя, ёмістыя ацэнкі мастацкіх тэкстаў і творчасьці пісьменьнікаў у цэлым. Ад мастакоў слова крытык патрабуе арыгінальнага таленту і выказваньня “народнага духу”. З горыччу кажа Р. Падбярэскі пра беларускіх літаратараў мінулых эпохаў, “няздольных прыхільнікаў вялікіх узораў класіцызму”, як называе ён іх, якія, на думку крытыка, “драбнеючы ў пераймальніцтве, не разьвівалі ўласнага духу, ня ткалі канвы з саміх сябе, а сьлепа трымаючыся славутых узораў, ніколі не выказвалі народнага духу, бо самі яго ня мелі і не разумелі. У іх творах не адлюстроўвалася ані мясцовасьць, ані дух краю”2 . З гэтымі крытэрыямі ацэнкі крытык падыходзіць да творчасьці Я. Аношкі, Ф. Рысінскага, Т. Лады-Заблоцкага і іншых, шукаючы адказ на пытаньне, як творы гэтых аўтараў “судакранаюцца з поўнай паэтычных вымыслаў і фантазій Беларусьсю”.
Што тычыцца другой паловы нарыса, то тут Р. Падбярэскі мастацкімі і публіцыстычнымі сродкамі стварае партрэт Яна Баршчэўскага, аднаго з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры, паэта, празаіка, выдаўца, аўтара кнігі “Шляхціц Завальня, альбо Беларусь у фантастычных апавяданьнях”. Гонар Р. Падбярэскаму як літаратурнаму крытыку робіць тое, што ён не аддзяляе біяграфію Я. Баршчэўскага ад ягонай творчасьці, але пераканаўча, аргументавана паказвае іх узаемасувязь; асабістае знаёмства крытыка з аўтарам “Шляхціца Завальні” дазваляе яму забясьпечыць строгую дакументальнасьць нарысу, насыціць яго дэталямі: “Свае рукапісы, або, як ён сам называе, раптуркі, пісаныя старадаўнім почыркам, ён вечна носіць з сабою ў шапцы, побач з табакеркай”1.
Грунтоўны аналіз, зроблены крытыкам, дазваляе яму назваць Я. Баршчэўскага “сапраўды народным беларускім пісьменьнікам”, цэнтральнай постацьцю тагачаснай беларускай літаратуры. Зазначым, што нарыс Р. Падбярэскага, апублікаваны ў падцэнзурным друку, у час, калі ў афіцыйных паперах згодна з указам Сенату ад 18.07.1840 забаранялася ўжываць саму назву “Беларусь”, тым ня менш утрымлівае азначэньні “беларускі”, “нацыянальны”. Гэта сьведчыць пра цьвёрдую грамадзян­скую пазіцыю пісьменьніка-крытыка, яго жаданьне крытычна ацэньваць і публічна абмяркоўваць менавіта беларускі літаратурны працэс.
“У апавяданьнях Баршчэўскага я бачу першае праяўленьне духу беларускага простага народу…”, — піша ў заключэньні нарысу крытык2. Выкарыстаньне першай асобы ў дадзеным выпадку павінна было яшчэ раз падкрэсьліць важнасьць думкі, закладзенай у эпіграфе да “Беларусі і Яна Баршчэўскага”: “Што ж траціць на тым грамадства, калі кожны прамаўляе так, як адчувае, як перакананы? […] Ці не шляхетней, каб крытык выказваў уласныя думкі, а не гаварыў тое, у што сам ня верыць?..”. Гэтыя словы Р. Падбярэскі ўзяў з артыкула польскага пісьменьніка і перакладчыка Ігната Галавінскага “Пра крытыку”. Відавочна, аўтар агляду “Беларусь і Ян Баршчэўскі” падзяляў меркаваньне аб тым, што літаратурны крытык у сваёй дзейнасьці мусіць быць шчырым, сумленным.
Цяпер пра рэцэнзіі У. Сыракомлі, прысьвечаныя драматургіі В. Дуніна-Марцін­кевіча. Крытык ставіць у заслугу літаратару тое, што ён “…выдатна знаёмы са складам і найтанчэйшымі адценьнямі крывіцкай (беларускай. — П.А.) мовы, першы адважыўся ствараць вялікія творы на нашай народнай гаворцы”3 . “Адважыўся” — правільна падабранае слова: у тыя часы, каб ствараць паэзію і драматургію па-беларуску, сапраўды была патрэбная мужнасьць, бо царызм мог адказаць рэпрэсіямі, а кансерватыўныя выдаўцы і рэдактары перыядычных выданьняў — адмоваю ў супрацоўніцтве. Цудоўна, што крытык усьведамляў дадзены факт і казаў аб ім у сваёй рэцэнзіі: тым самым стан беларускай мовы і літаратуры разглядаўся ў цеснай сувязі з канкрэтнымі сацыяльна-палітычнымі абставінамі, у кантэксьце часу. У. Сыракомля настойліва і пасьлядоўна ўводзіў у сьвядомасьць чытацкай аўдыторыі новыя катэгорыі, вучыў яе разумець і паважаць роднае слова. (У іншым крытычным матэрыяле ён знарок падкрэсьлівае: творы В. Дуніна-Марцінкевіча “пісаныя на беларускай мове, на мове нашага простага народу”4 .)
Крытыцы У. Сыракомлі ўласьціва глыбіня аналізу: “Пан Марцінкевіч мае цудоўны дар вобразна маляваць народ […] Па-майстэрску паказаны яго звычаі, прымаўкі, склад думак, калі паэт заглядае ў сэрца герояў, ёсьць у яго малюнках і жыцьцё, і праўда. Але ў “Гапоне” няма той наіўнай сентыментальнасьці, якая нас бянтэжыла ў “Вечарніцах” таго ж аўтара. Сцэны праўдзіва ўзятыя з жыцьця, але некаторым з іх не хапае эстэтычнага погляду мастака, які іх апаэтызаваў бы…”5 . Акрамя іншага, тут відавочны ўменьне крытыка разглядаць творчасьць літаратара ў руху, разьвіцьці (супастаўленьне мастацкіх вартасьцяў вершаванай аповесьці “Вечарніцы” і паэмы “Гапон”), акцэнт на эстэтычным. Занадта падрабязны пераказ сюжэтаў твораў В. Дуніна-Марцінкевіча ў рэцэнзіях У. Сыракомлі неабходна расцэньваць, на наш погляд, як жаданьне крытыка пазнаёміць чытачоў варшаўскай газеты з фабулай гэтых твораў, якія выдаваліся і ішлі на тэатральнай сцэне ў губернскім Менску.
У. Сыракомля ўважліва ставіўся да афармленьня кніг В. Дуніна-Марцінкевіча, крытыкаваў сапсаваныя друкарамі малюнкі да “Гапона”, справядліва сьцьвярджаючы, што такія ілюстрацыі абражаюць мастакоў і негатыўна ўплываюць на чытацкае ўспрыняцьце мастацкага тэксту.
Неабходна адзначыць, што і Р. Падбярэскі, і У. Сыракомля ў сваіх крытычных матэрыялах прадэманстравалі разуменьне складанай узаемасувязі паміж разьвіцьцём літаратуры і жыцьцём грамадства. Праз аналіз літаратурных твораў яны сьмела выходзілі на канфлікты эпохі, выказваючы свой пункт гледжаньня па тым ці іншым сацыяльна-культурным пытаньні і прапаноўваючы ўласны спосаб яго вырашэньня. Прыкладам, Р. Падбярэскі меў усе падставы папракаць беларускіх пісьменьнікаў тым, што менавіта “…іх нядбаласьць зьяўляецца прычынай, што Беларусь у іншых правінцыях або ў чужых газетах лічыцца краем глухім, цёмным […] Пішуць класіч­ныя паэмы, альбомныя вершыкі, нейкія драмы-монстры, а ня ведаюць зямлі, што іх нарадзіла, і народу, сярод якога ўзгадаваліся!”1. З гэтага і іншых меркаваньняў крытыка, выказаных у нарысе “Беларусь і Ян Баршчэўскі”, бачна, што літаратуру ён расцэньваў як форму нацыянальнага быцьця. З разважаньняў Р. Падбярэскага выні­кае, што пісьменьнікі павінны ня толькі прадуцыраваць высакаякасныя мастацкія тэксты, але і выконваць грамадзянскі абавязак, у прыватнасьці, належным чынам рэпрэзентаваць беларускі народ і нацыянальнае мастацтва ў еўрапейскім сьвеце.
Таксама ў сваім нарысе Р. Падбярэскі выступіў у падтрымку пісьменьніка і публіцыста з Віцебшчыны Казіміра Буйніцкага. Апошні выданьнем альманаху “Rubon” (“Дзьвіна”), як зазначае крытык, жадаў надаць імпульс культурнаму жыцьцю краю, “абудзіць думку, што заснула, прыцягнуць моладзь да пяра і кніжкі, а пішучых — да рэчаў свойскіх, хатніх…”2. Абурэньне аўтара “Беларусі і Яна Баршчэўскага” выклікае тая акалічнасьць, што грамадскасьць, у тым ліку “блізарукая” (па выразе Р.Падбярэскага) крытыка, не ацаніла належным чынам імкненьне К. Буйніцкага ажывіць літаратуру, актывізаваць літаратурны працэс. Як бачна, крытык выдатна разумеў сутнасьць сваіх прафесійных абавязкаў. Таксама Р. Падбярэскі прадэманстраваў глыбокія веды ў галіне гісторыі літаратуры, неабходныя кожнаму літаратурнаму крытыку. “…Здараюцца эпохі, — разважае ён у пачатку нарысу, — калі кніжкі зьяўляюцца толькі самым слабым адлюстраваньнем грамадскай думкі. Гісторыя захавала не адзін успамін пра гэта”3 . Крытык разумеў, што гістарычны працэс можа вызначаць характар літаратуры, і імкнуўся абгрунтаваць свой тэзіс пра ўплыў эпохі на мастацтва.
Што тычыцца У. Сыракомлі, то па вялікім рахунку павінны быць ацэненыя сёньня ня толькі тры ягоныя рэцэнзіі на драматургічныя творы В. Дуніна-Марцін­кевіча, але і артыкул, зьмешчаны ў той жа “Газеце варшаўскай” (№ 16, 1857), пабудаваны ў форме пытаньняў і адказаў апаненту — польскаму публіцысту, члену Сената Каралеўства Польскага Францішку Скібіцкаму. У артыкуле паэт адстойвае права беларускай мовы на існаваньне і разьвіцьцё, гаворыць пра яе лексічнае багацьце, акцэнтуе ўвагу на здабытках беларускай літаратуры і інш. Форма для артыкулу падабраная вельмі ўдала: яна дазваляе крытыку адразу перайсьці да сутнасьці праблемы, прадметна адказаць апаненту, тэзісна сфармуляваць сваё бачаньне “беларускага” ў тагачасных палітыка-эканамічных і сацыяльна-культурных варунках, выкарыстоўваючы рэсурсы газеты. Моцны публіцыстычны пачатак, імкненьне казаць прама і адкрыта, “па-журналісцку”, аб праблемах у грамадстве і літаратуры (“… удасканаленьне якой-небудзь мовы ня можа быць справай аднаго або некалькіх геніяў, а павінна быць справай усёй грамадскасьці, якая гэтую патрэбу адчуе…”1) — бясспрэчны плюс памянёнага артыкулу, сьведчаньне сталасьці У. Сы­ракомлі як крытыка і ягонага журналісцкага майстэрства.
Як бачна, у XIX ст. у Беларусі ўжо існавала высокапрафесійная пісьменьніцкая крытыка, якая дэманстравала глыбіню аналізу літаратурных твораў, рашуча выхо­дзіла на праблемы і канфлікты сучаснасьці, была цікавым суразмоўцам і чытача, і пісьменьніка. Са старонак перыядычных выданьняў яна падтрымлівала пісьменьні­каў, паэтаў і драматургаў у іх імкненьні ствараць нацыянальную “па духу і форме” (выраз Р. Падбярэскага) літаратуру, разьвіваць пры дапамозе мастацкага слова самасьвядомасьць і эстэтычны густ чытачоў, наогул садзейнічаць хутчэйшаму фармаваньню беларускага грамадства. Пісьменьніцкая крытыка, адзначым, сьвядома ўскладала на сябе шырокія грамадскія абавязкі. Так, Р. Падбярэскі адразу пасьля прыбыцьця ў траўні 1841 г. у Пецярбург наладзіў цесныя кантакты шмат з якімі сталічнымі літаратарамі. Асабліва цёплыя, сяброўскія стасункі склаліся ў яго з гуртком беларускіх інтэлігентаў, сярод якіх быў і аўтар “Шляхціца Завальні”, — іх ён актыўна заахвочваў да творчасьці ў рэчышчы нацыянальнай літаратуры і друкаваньня ў перыядычных выданьнях. Сучасныя беларускія дасьледчыкі адзначаюць плённасьць уплыву Р. Падбярэскага на фармаваньне творчай асобы Я. Бар­шчэўскага2.
Вітаньне таленавітых літаратурна-мастацкіх твораў, якія былі б “суладнымі, поў­нымі простанароднай праўды і самага сапраўднага жыцьця” (словы У. Сыракомлі), патрабаваньне ад мастака “тыповых постацяў, карцінаў у масах” (Р. Падбярэскі) і майстэрства “падслухаць біцьцё народнага сэрца” (У. Сыракомля), уважлівае стаўленьне да эстэтычнага складніку літаратуры, імкненьне зрабіць больш насычаным і дынамічным літаратурна-грамадскае жыцьцё, а таксама абарона “беларускай прасторы” з лепшага боку характарызуюць тагачасную беларуска-польскую пісь­меньніцкую крытыку ХІХ ст., сьведчаць пра яе прафесіяналізм.
Р. Падбярэскі і У. Сыракомля ўлічвалі абставіны часу, правільна вызначалі характар і ступень уплыву грамадска-палітычных абставінаў на літаратуру. Пісьмень­ніц­кая крытыка ўсьведамляла важнасьць сацыяльнай функцыі мастацтва, яго педагагіч­ную ролю. Непасрэдны, так бы мовіць, “заказ” часу заключаўся ў тым, што ў варунках адсутнасьці беларускіх палітычных і эканамічных элітаў і спыненьня дзейнасьці нацыянальных культурна-адукацыйных цэнтраў (прыкладам, у 1821 г. царскія ўлады зачынілі Полацкую езуіцкую акадэмію, у 1831 г. — Віленскі універсітэт, а ў 1864-м — Горы-Горацкі земляробчы інстытут) менавіта мастацтва слова ў сукупнасьці з літаратурна-мастацкай крытыкай і літаратуразнаўствам па сутнасьці павін­на было выконваць функцыі гэтых цэнтраў. Па перакананьні беларуска-польскіх пісьменьнікаў-крытыкаў ХІХ ст., літаратура заклікана дабратворна ўплываць на грамадства, таму мастакі слова, на думку У. Сыракомлі, не павінны “стамляцца ў сваім высакародным намаганні выхоўваць народ”3 .
Такім чынам закладваліся традыцыі беларускай пісьменьніцкай крытыкі, пераемнікамі якой у пачатку мінулага стагоддзя сталі літаратары-“нашаніўцы”, безумоўна, знаёмыя з лепшымі ўзорамі беларуска-польскай літаратурнай крытыкі XIX ст. Як і іх папярэднікі, яны плённа выкарыстоўвалі рэсурс перыядычных выданьняў дзеля дасягненьня сваіх мэтаў.