12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Павал Абрамовіч

_____________________
Літаратура НЕ. Раздзелы да ненапісанай кнігі
1

Іншы бераг літаратуры

У «Паэзіі і граху» – літаратурна-крытычным тэксце, створаным на памежжы рэцэнзіі і творчага партрэта, – Людміла Рублеўская шукала матывы і прычыны, па якіх Леанід Галубовіч больш не піша вершы1. Між іншым, заняткі літаратурнай дзейнасцю пакінуў у нас не адзін Галубовіч. І гэта сапраўды масавая з’ява ў Беларусі. А Галубовіч вылучыўся з усіх творцаў толькі тым, што абвесціў аб сваім сыходзе публічна, развітаўся з чытачамі кнігай.

Вера паэта як брама

На сведамасць учынка Галубовіча красамоўна ўказвае назва ягонай кнігі паэзіі («апошнія вершы Леаніда Галубовіча»); аб тым, што ён сапраўды не парушыў дадзенага сабе і іншым слова, сведчыць наступны факт: з 2000-га года, часу выдання названай кнігі, Галубовіч не надрукаваў ніводнага верша. На думку Рублеўскай, жаданне паэта пакінуць творчасць выспела даўно. Абумоўлена яно самаадмаўленнем, адчуваннем уласнай непаўнавартасці, а таксама асэнсаваннем грахоўнасці самой паэзіі – гэтыя пачуцці вілі сабе гняздо ў душы Галубовіча доўгія гады. Як піша Рублеўская, «грэх слова – у тым, што яно – не дзеянне». Мастацтва грахоўнае яшчэ і таму, што творчы чалавек – усяго толькі паслухмяны выканаўца волі Ўсявышняга. Акром таго, мастацтва «не да канца жыццёвае», у той час як сам паэт заўсёды імкнецца, каб ягонае жыццё было сапраўдным, увасобленым, спраўджаным.
Магчыма, дадам ад сябе, вытокі канфлікта крыюцца ў тым, што Галубовіч страціў веру ў свой дар, у ягоную жыватворную моц. Канатаходзец, ён аднойчы зірнуў уніз, і спалохаўся. Так вышыня зрабілася недасягальнай, непераадольнай.
Сам Галубовіч кажа аб выгнанні:

Ты – боль, паэзія. Ты – бой.
Ты – праўды непрыступнай вежа.
Я – праведнік і грэшнік твой,
Пусці мяне ў сваё бязмежжа!..
“Паэзія”

Прамоўлена: «Шукайце ды знойдзеце»; Біблія поўніцца словамі аб магчымасці павяртання і даравання. Галубовіч не шукае, але яшчэ верыць і моліць, пачуваю­чыся так, быццам ад яго адракліся, быццам ён забыўся, дзе знаходзіцца ўваход на тэрыторыю паэзіі...
Спыніўшы літаратурную дзейнасць, Галубовіч працягнуў заняткі літаратурна-мастацкай крытыкай. Відавочна, праз гэтую адтуліну ён бачыць краёчак высокага неба паэзіі і адначасова глыбей, праўдзівей спасцігае сябе. У адным з часопісных аглядаў Галубовіч сказаў, што «Паэзія патрабуе ўсяго Чалавека. Без астатку»1. І дадаў: на гэта здольныя адзінкі. І тут жа абмовіўся: «Праўда, калі даваць веры [тут і далей вылучана мною. – П.А.] таму, што Паэта абірае Бог, то сама асоба вершатворцы як бы губляе ўсякую героіку і пакутнасць, бо саступае месца непапраўнай наканаванасці, калі ад яго самога нічога ўжо не залежыць...».
Як бачна, Галубовіч у думках перабывае ў «бязмежнай» прасторы паэзіі. Аднак цяпер, заўважце, ён не вернік, не «праведнік і грэшнік», а ганарлівец, ён не моліць, а гаворыць дзёрзкасці і блюзнерыць, напэўна ведаючы пра немагчымасць і нежаданне свайго павяртання на радзіму.
Галубовіч стаўся першым беларускім творцам, які публічна абвесціў аб спыненні літаратурнай дзейнасці і сапраўды здолеў зрабіць гэта, назаўжды адмовіўшыся ад паэзіі. Перафразуючы Міхася Стральцова, Галубовіч мог бы сказаць: «Я засцярогся ад бяды – бо прамаўчаў»2. Адзінаццаць гадоў без вершаў – надзейны таму доказ. Яго больш няма сярод вас, паэты!

Маўчанне – золата

Прачытаўшы кнігу-эсэ іспанскага пісьменніка Энрыке Віла-Матаса «Бартлбі і кампанія»3, дзе на шырокім дакументальным матэрыяле даследуецца, чаму літаратары пакідаюць пісаць кнігі, я пэўны, што Галубовіч сваё маўчанне ўзняў да самага важкага слова.
Так, знешне здаецца, што Галубовіч ператварыўся ў звычайнага чалавека – о, недасяжная мара Гары Галера, персанажа «Стэпавага ваўка», які жадаў сядзець на лесвіцы, падалей ад сваіх кніг і інтэлектуальных заняткаў, і любавацца геранню ў гаршках! Але насамрэч Галубовіч, змоўкнуўшы назаўжды, дасягнуў тым самым лагеру літаратуры «Не», у якім, па меркаванні Віла-Матаса, нараджаецца мастацтва будучыні. Якое тое мастацтва? У чым ягоная сутнасць і сэнс? Літаратары, якія ведаюць, маўчаць. Мы ж з вамі – на іншым беразе.
Адны пісьменнікі, сцвярджае аўтар «Бартлбі і кампаніі», апынаюцца ў гэтым месцы, бо яны – «хітрыя лісы». (Чытачы чакаюць новых кніг, але «хітрыя лісы» перакананыя, што чытачы на самой справе чакаюць новых дрэнных кніг, і таму захоўваюць маўчанне, жадаючы усіх перахітрыць, і гэта ў іх атрымліваецца.) Другія, асэнсаваўшы свае магчымасці і майстэрства, ўсведамляюць, што літаратура – «занадта простая гульня» (словы Хорхэ Луіса Борхеса аб Энрыке Банчса – аргентынскім паэце, які змоўк на 57 гадоў). Трэція пісьменнікі раптоўна з жахам разумеюць, што займаліся літаратурай праз славалюбства і з грэблівасцю назаўжды спыняюць гэтыя заняткі – шчырасць вышэй за ўсё! Чацвёртыя пісь­меннікі аднойчы ўспрымаюць літаратуру як праклён і пачынаюць шалёна яе ненавідзець, каб потым змоўкнуць, адпомсціўшы ёй за сваю маральную паразу. Пятыя ведаюць месцазнаходжанне лагера літаратуры «Не», але застаюцца тут, на баку прамоўленай літаратуры, аплочваючы гэта рэгулярнымі прыступамі болю, сіндромам Бартлбі – падобна Францу Кафку, які мог усе выходныя разглядаць свае пальцы і думаць аб велічы Гётэ і не напісаць ніводнага радка, а заўтра ж рана ўставаць і ісці ў клятую канцылярыю! Шостыя пераходзяць на іншы бераг, бо зведалі тое ж, што і Сюзан Зонтаг: «Па-сапраўднаму значная дзейнасць – тая, якая разумее мастацтва як сродак для дасягнення чагосьці, хоць, магчыма, дасягнуць мэты можна, толькі развітаўшыся з мастацтвам».
Шматлікімі шляхамі сыходзяць пісьменнікі ў край літаратуры «Не»...

Свой сярод сваіх

У выпадку з Галубовічам не было халоднага, спакойнага развітання – была барацьба, і страх быў, і няўпэўненасць, і расчараванне, і ганарлівасць, і бязвер’е таксама былі… А яшчэ – неўтаймаваная прага расказаць іншым аб сваіх пакутах і складаным выбары, аб чым красамоўна сведчаць ягоныя апошнія вершы – тады, адзінаццаць гадоў таму, і літаратурна-крытычныя артыкулы – цяпер: «Ці сёння ёсць яшчэ тыя, хто піша нятленныя творы для вечнасці?! Пакажыце мне хоць аднаго такога геніяльнага вар’ята!»1.
Дзеля справядлівасці адзначу, што ўжо ў першых пяці «максімумах» кнігі Галубовіча «Зацемкі з левай кішэні» (1998) праўдзіва сказана галоўнае: аднойчы я змоўкну як паэт: «Паэзія ні пра што не гаворыць. Яна гаворыць за нешта ці за некага. Альбо – маўчыць… Яна можа гаварыць за ўсё і за ўсіх, апроч Бога, бо Ён і ёсць Слова. А што можа сказаць Слова пра Сябе? Яно схаваецца за іншымі словамі, тым самым сцвярджаючы сваё Адзінства ў мностве…»2. Ці вось яшчэ – прымерванне адзёжаў знікнення і маўчання на сабе: «Я стаю за тваімі вейкамі – ты не бачыш мяне... (радок з ненапісанага верша)»3. Звярніце ўвагу на гэтыя словы: «паэзія… гаворыць… альбо маўчыць...». Значыцца, ужо ў 1998 годзе Галубовіч даведаўся аб існаванні іншай літаратуры – «нямой» паэзіі, аб чым таксама сведчыць дадзены радок з ненапісанага верша – як бачна, паэт пакрысе адмаўляўся запісваць вершы на паперы, лічачы гэта непатрэбным, неістотным заняткам.
Віла-Матас цытуе ў сваёй кнізе гіспанскага пісьменніка, журналіста Ігнасія Відаль-Фольча: «Перад чалавекам, які адораны мастацкім складам розуму, але вырашыў не даваць волі сваім талентам, ляжаць два шляхі: адзін – лічыць сябе няўдачнікам <...>, другі, абіраемы значна радзей, што быў сфармуляваны калісьці ўсходнімі мудрацамі і патрабуе свайго роду духоўнай рафінаванасці, – гэта шлях <...> заснаваны на адмове без жалю ад дэманстрацыі ўласных магчымасцяў; выбар другога шляху можна лічыць прыкметаю асаблівага духоўнага арыстакратызма; і калі чалавек саступае гэтай унутранай патрэбнасці <...> значыцца, у ім ёсць нешта боскае».
Паэт Янка Лучына інсцыніраваў на ганку гарадскога тэатра паралюш і ўстаў на мыліцы, каб застацца ў Менску і пісаць вершы1. Галубовіч палічыў паэзію за мыліцы – і адкінуў іх, і пайшоў далей, ступаючы лёгка і свабодна.

Скаваныя маўчаннем

Падумаўшы крыху, вы самі зможаце назваць шэраг імёнаў беларускіх творцаў, якія альбо канчаткова пакінулі літаратуру, альбо рыхтуюцца зрабіць гэта. Так, раптам змоўк Андрэй Дынько – таленавіты апавядальнік (ягоныя навелы друкаваліся ў «Нашай Ніве» і «ARCHE»). Чаму так сталася? Ігар Бабкоў выдаў раман «Адам Клакоцкі і ягоныя цені» і знік як празаік на цэлае дзесяцігоддзе. Дзе быў празаік гэтак доўга, ці назаўсёды ён вярнуўся да нас? «Хітры ліс» Уладзімер Арлоў перавыдае свае старыя апавяданні і вершы (сапраўды, што можа быць лепей за старое віно?), імітуючы бурлівую літаратурную дзейнасць, а на ўсе пытанні чытачоў і крытыкаў каторы год сур’ёзна адказвае, што праца над раманам пра беларускага паўстанца, які ён нават сніў, ідзе не гэтак шпарка, як жадалася б...
Ніхто з беларускіх літаратараў, якія дасягнулі іншага берага літаратуры, не прызналіся і не прызнаюцца ў гэтым. «Тайна великая сия есть». Дый і навошта тлумачыць нешта, калі чытачы ўсё адно не здолеюць зразумець галоўнага – ім толькі новыя кнігі давай, быццам літаратар стаіць у канвеера на шакаладнай фабрыцы. Крытыкам жа цяжка зразумець шматграннасць і сур’ёзнасць гэтай з’явы. Адзін толькі Галубовіч, якога цяпер ніяк не назавеш яскравым прадстаўніком так званай пісьменніцкай крытыкі, працягвае, тым не менш, пісаць літаратурна-крытычныя артыкулы, адрасуючы іх пераважна творцам мастацкіх каштоўнасцяў і тлумачачы ім важнасць непісання. Прыслухайцеся да ягоных словаў: «На мой неабавязковы погляд, беларусы будуць пісаць свае вершы ажно да той пары, пакуль, у рэшце рэшт, не АДБУДУЦЦА і ня стануць САМАДАСТАТКОВЫМІ нацыяй, народам, дзяржавай...»2.
Таленавітых пісьменнікаў, якія не пішуць, у Беларусі за апошнія дзесяцігоддзі значна паболела. Магчыма, пакуль мы чытаем новыя кнігі, у невядомых далячынях вялікімі «молчальниками» ствараецца мастацтва будучыні, закладаецца канон новай беларускай літаратуры.

8 снежня 2010 года

Кніга як унутраная справа

Марціновіч, В. Сцюдзёны вырай / 34mag.net, 2011. – 303 с.

Абыякавасць караецца смерцю

Пачну з таго, што «Сцюдзёны вырай» – гэта тэкст-гільяціна.
Канструкцыя кнігі дазваляе адразу выдаліць Выпадковага (Масавага) Чытача, якога прывабіла магчымасць бясплатна і ў розным выглядзе спампаваць новы раман «таго самага Віктара Марціновіча, які калісьці напісаў кнігу пра палюбоўніцу Лукашэнкі». Пачатак першай часткі нагадвае пастку: ён пераконвае Выпадковага Чытача ў тым, што да апошняй старонкі яму будуць расказваць пра экзатычныя прыгоды хлапца, які напачатку кнігі шукае нейкі мастацкі музей. Выпадковаму Чытачу робіцца сумна і нецікава: драйву ў рамане замала, страляніны й эротыкі няма, звароты аўтара да свайго рэдактара, пададзеныя ў дужках, – незразумелыя і недарэчныя. Ён не хоча ў музей. Але на старонцы 25-й утрымліваецца абяцанне, быццам аўтар зараз дасць нерв «абыякаваму чытачу, які ніяк не ўцяміць, пра што наогул гэты аповед». Выпадковы Чытач усцешаны. Ён праглядае яшчэ з дваццаць старонак і, не знайшоўшы абяцанага нерву, а толькі новага нервовага персанажа, які таксама шукае той кляты музей, выдаляе раман са словамі «Лухта нейкая» і ідзе на форум «Нашай Нівы» ці ў твітэр, каб хутчэй пакінуць «перванах» альбо ёміста, з «веданнем справы», выказацца пра «Сцюдзёны вырай».
Небарака, ён нават не адчуў імгненнае шуханне гільяціны, лязом якой быў адсечаны ад усіх патаемных сэнсаў кнігі. Пакаранне Выпадковага Чытача, пазбаўленага кніжнай празорлівасці і пачуцця гумару, – прафесійны поспех Марціновіча ў «Сцюдзёным выраі». Чытацкія масы, канечне, будуць на форумах плявузгаць пра кнігу, але яны яе не (пра)чыталі, не зразумелі. Баласт скінуты, аўтару ён не патрэбны. Недаравальная пагарда, дарэчы, з боку літаратара, які ўпершыню піша па-беларуску і які апрыёры мусібыць удзячны кожнаму чытачу! Аднак свой новы раман Марціновіч адрасаваў не ўсім, хто тут жыве і яшчэ чытае, а 300-м айчынным інтэлектуалам, адным ім. І яны, безумоўна, з першых старонак рамана звярнулі належную ўвагу на добрыя навігатарскія здольнасці Марціновіча ў акіяне беларускай мовы; ягоныя лексічныя здабыткі і рознакаляровыя моўныя асацыяцыі; уменне спалучаць рэалістычныя і мадэрнісцкія прыёмы, якое па-ранейшаму лічыцца экзотыкай у беларускай літаратуры. Галовы інтэлектуалаў засталіся на плячах, і яны крочаць цяпер з Марціновічам, няспешна сузіраючы складаныя механізмы ягонай кнігі і ўважліва гледзячы пад ногі, каб не трапіць у якую-небудзь пастку, не праглядзець ключ.

У крытыкаў мову заняло

Акром пакарання Выпадковага Чытача, Марціновіч зладзіў яшчэ адну карную аперацыю, скіраваную супраць літаратурных крытыкаў.
«Сцюдзёны вырай» пабудаваны такім чынам, што любы дотык да знешніх частак кнігі непазбежна ператварае крытыка ў так званага спойлера – чалавека, які заўчасна раскрывае важную інфармацыю пра мастацкі твор і тым самым псуе ўражанне ад яго. А такіх людзей ніхто не любіць, канечне, акром памерлага Выпадковага Чытача. Як крытык я магу свабодна сказаць, што ў «Ніжніх Байдунах» Янкі Брыля апісваецца жыццё аднавяскоўцаў пісьменніка, а ў рамане «Літоўскі воўк» Алеся Наварыча – паўстанне Каліноўскага. Аднак такія ж два-тры караценькіх словы, прамоўленыя ў адказ на заканамернае пытанне чытачоў «Аб чым новая кніга Марціновіча?», перарабляюць мяне ў заклятага ворага тых, для каго я пішу. Міжволі прыгадваецца здзеклівая (у дадзеным кантэксце і сэнсе) фраза з прамовы да «Сцюдзёнага выраю»: «Зрэшты, любы ўдалы тэкст у першую чаргу гэта злепак пэўнай манеры мыслення, пісання, маўлення і толькі ў другую – уласна сюжэт». Таму я, трапіўшы пад дыктат волі аўтара, мушу дыпламатычна сказаць у гэтай сваёй рэцэнзіі, што новы раман Марціновіча – аб мове, а таксама – тут я раблю крок па крохкім лёдзе застыглага цярпення чытача – аб выяўленні сувязяў між групай тэкстаў і аднаўленні іх аўтарства.
Аўтар «Сцюдзёнага выраю», імкнучыся да поўнай ізаляцыі тэксту ад большасці, дасягнуў мэты і на другім узроўні: свабодна даследаваць раман і пісаць аб ім у цішы сваіх кабінетаў могуць толькі навукоўцы, прыкладам, лінгвісты. Іх праца, у сваю чаргу, таксама будзе адрасаваная адзінкам. Крытыкам, як той казаў, застаецца толькі стаяць па перыметры і ляскаць зубамі. Ці ўсё-ткі наважвацца заходзіць на чужую тэрыторыю і аналізаваць на свой лад альбо здольнасці Марціновіча ладзіць лінгвастылістычныя гульні, альбо ягоныя літаратурныя прыёмы, засвоеныя ў мадэрністаў, у тым ліку згаданае мною пагрозліва-раздражнёнае абяцанне ці то аўтара, ці то персанажа, ці то рэдактара: «Зараз, зараз, міленькі! Зараз будзе табе нерв!», альбо па-журналісцку жвава цытаваць тыя кавалкі з раману, дзе Марціновіч кпіць з сябе, беларускай літаратуры ці раздае аплявухі (квазі)класікам: «Тут былі чорныя кнігі памукаў, былі мяне завуць чырвоны памукаў, быў музей цнатлівасці памукаў і нават снег памукаў. Здаецца, нічога іншага ў гэтай кнігарні не было, хаця ў завуголлях корпалася трохі акуніных ды яшчэ раскінуў свае прагныя лапы Дэн Браўн».

Крышачку «Параноі»

Нягледзячы на анталагічнае непадабенства двух тэкстаў – адрознасць іх моваў, а таксама задач, якія ў часе працы над раманамі ставіў перад сабою аўтар, «Сцюдзёны вырай» можна параўноўваць з «Паранояй», праводзіць паралелі між імі. Што найперш кідаецца ў вочы?
У сваім новым рамане Марціновіч паглыбіў мастацкія здольнасці ў тварэнні атмасферы страху і пераследу. Хоць «БелГазету», як ні дзіўна, улады аніколі не чапалі, Марціновічу як беларускаму журналісту, намесніку галоўнага рэдактара гэтатага штотыднёвіка добра вядома пра «адценні» параноі – астатняе пра хваробу ён праўдзіва навыдумляў як літаратар. Аўтар «Сцюдзёнага выраю» працягвае ствараць удалыя, адначасова гратэскныя і псіхалагічна дакладныя, вобразы супрацоўнікаў спецслужбаў. Апошнія ў Марціновіча па-ранейшаму з’яўляюцца прыхільнікамі мастацтва (узгадаем міністра дзяржбяспекі Мураўёва з «Параноі», які наведваў філармонію і сам граў на фартэпіяна), іх эстэтычны густ значна пераўзыходзіць густ прататыпаў. (Відаць, Віктар, як і многія беларускія інтэлектуалы, падсвядома прагне ворага-эстэта з высокім IQ, якога аніяк не можа спарадзіць найноўшая беларуская гісторыя.) Нікуды не зніклі фірмовы гумар і авантурна-прыгодніцкі складнік раману, горад як месца дзеяння (тады быў Менск, цяпер Стамбул і Вільня), саладжава-меладраматычнае каханне для чытачак-дзявуль і любоўны трохкутнік – у «Сцюдзёным выраі» ён набыў, скажам знарок няўцямна, еўрапейскія формы. Ізноў у рамане блукае дух Набокава – што праўда, раней Марціновіч пазычаў у класіка ўсё без разбору, нават канструкцыю празаічнага радка.
Дэбютны раман Віктара мне спадабаўся найперш за высокатэхнічную арганізацыю жыццёвага і пісьменніцкага матэрыялаў, спалучэнне мастацкага і публіцыстычнага стыляў, сучасную абалонку, трапныя назіранні, і я буду зрэдчасу яго перачытваць. А вось ягоны другі раман з беларускамоўным паветрам, які прысвечаны выключна таямніцам мовы й аўтарства, я буду працягваць вывучаць і разгадваць, паглыбляючы свае веды і тэксты.

Другі дэбют аднаго пісьменніка

У 2009 годзе адбыўся «круглы стол», на якім Марціновіч быў вымушаны апраўдвацца за ўсю расейскамоўную літаратуру Беларусі1. «Жым быў жэстачайшы» – некаторыя з прысутных і большая частка непрысутных на «круглым стале» «нацдэмаў» фактычна адмовілі Марціновічу і Компані ў праве на існаванне, высунуўшы ўльтыматум: хочаш звацца беларускім пісьменнікам – пішы па-беларуску. Довады другога боку да разгляду прымаліся, але заставаліся без увагі, быццам на судах над апазіцыянерамі.
Няма сумневу, што Марціновіч балюча перажываў сваю адрознасць і дзякуючы такім вось мерапрыемствам толькі паглыбляў свае комплексы, якія страшэнна замінаюць пісьменніку ў часы працы й адпачынку. Аднак ён здолеў аддзяліць ад сябе пакрыўджанага знявагай чалавека, перамагчы параною. За працоўным сталом застаўся творца, які ўзяўся за абсалютна новую для яго працу з радасцю і натхненнем. «Адзіная прычына, па якой я ваяваў з гэтым сюжэтам, падаючы яго па-беларуску, – запэўнівае ў прадмове Марціновіч, – у тым, што ні на воднай іншай мове свету ён пададзены быць не можа». На маю думку, кнігу сапраўды немагчыма было напісаць ні на адной мове свету – яна цікавая толькі беларусам, тычыцца адных іх. А паколькі ён (сюжэт) абраў Марціновіча, і аўтар здолеў атрымаць перамогу над моваю і тэкстам, яго сапраўды можна лічыць беларускім пісьменнікам.
Welcom у сцюдзёны вырай, Віктар!

22 чэрвеня 2011 года

Збіць дыханне мордалысаўцаў

Аказваецца, тэма непапулярная

У газеце «СБ – Беларусь сегодня» (№ 153, 2011) крытык Людміла Рублеўская апублікавала артыкул «Сена на асфальце», у якім паспрабавала адказаць на пытанне, «будет ли у белорусской деревенской прозы второе дыхание». Публікацыя пабудаваная на багатым фактычным матэрыяле, у ёй праведзеная літаратуразнаўчая праекцыя, дзякуючы якой чытач газеты можа даведацца аб супрацьстаянні беларускай вясковай і гарадской прозы, зразумець, што ў першую чаргу праблема абумоўленая канфліктам двух менталітэтаў пісьменнікаў.
Разам з тым Рублеўская, выступаючы са старонак газеты – рупара адміністрацыі прэзідэнта, схавала сутнасць канфлікту і, маючы на мэце прымірыць усіх і ўся, не сказала нічога новага, ухілілася як аўтар праблемнага артыкула ад абмеркавання гэтага фундаментальнага, лёсавызначальнага для нашай літаратуры пытання. Паказальна, што калі Рублеўская «попросила порассуждать на тему сегодняшнего и завтрашнего дня деревенской прозы литераторов разных взглядов и разных поколений», то «как я и ожидала [выдзелена мною. – П.А.], даже сама эта тема сегодня непопулярна, и многие просто отказывались участвовать в дискуссии». А вось тут хлусня, няўмела прыхаваная крытыкам: калі ты, прымудроны жыццёвым і літаратурным вопытам чалавек, свядома абіраеш тэму, якую лічыш актуальнай і якая сапраўды такой з’яўляецца, то ўжо ніяк нельга чакаць, што многія інтэлектуалы адмовяцца прымаць удзел у дыскусіі праз яе непапулярнасць. Адказ «не» ад сваіх рэспандэнтаў Рублеўская чула гэтак часта менавіта таму, што праблема існавання беларускай вясковай прозы і яе ўзаемаадносінаў з гарадской прозай вострая да такой ступені, што гэтыя «многія» вырашылі загнаць яе ў сваю падсвядомасць глыбей, ніколі не абмяркоўваць прылюдна.

Мордалысава – наша Беларусь?

Вядомае апавяданне «У лазні» Максіма Гарэцкага, напісанае амаль сто гадоў таму. Менавіта ў ім, на мой погляд, упершыню ў беларускай літаратуры ёміста ажыццёўленая пастаноўка праблемы, якая ў далейшым будзе дзесяцігоддзямі раздзіраць душы нашых пісьменнікаў і не знаходзіць выйсця: ці можа інтэлігент, які выйшаў з народнага асяроддзя, з ранейшай сілай і шчырасцю любіць і паважаць аднавяскоўцаў? Ці здольны ён, гараджанін у першым пакаленні, і далей гарманічна адчуваць сябе часткай цэлага?
Праблема Гарэцкім пастаўленая, а вось рашэнне яе залішне літаратурнае, выдуманае, нелагічнае для рэалістычна выпісанага ім у аповедзе свету. Паколькі сам пісьменнік, плоць ад плоці сялянскага космасу, у канцы апавядання не вытрымлівае эмацыйнага напружання, пушчанага па дратах свайго сэрца. У выніку Гарэцкі сваімі рукамі тушыць вогнішча канфлікту і кідае попел у вочы чытачам.
Так, галоўны герой аповеду, выпускнік каморніцкага вучылішча Клім, шчыра ўважае за свінняў «бадай усё Мордалысава» (нічога не скажаш, вельмі «красамоўны» назоў даў пісьменнік літаратурнаму двайніку роднай вёскі, ды да таго ж рэальна існы!1). У час наведвання родных месцаў Клім толькі і чуе ад аднавяскоўцаў зласлівыя жарты на свой адрас ды грэблівыя слоўцы «запанеў», «запышэў», «гардзіцца». А ўся ж віна юнака толькі ў тым, што захапіў з сабой з горада, дзе вучыцца, кнігі! Наіўны, Клім лічыў, быццам сялянам будзе цікава даведацца, што напісана ў тых кнігах, што яны здольныя зірнуць крыху вышэй за саламяныя дахі. У канцы апавядання Гарэцкі, сыходзячы ад рашэння занадта асабістага пытання, праецыруе пачуцці і эмоцыі свайго галоўнага персанажа, за якім бачны сам аўтар-дэбютант, у абсалютна іншую, вышэйшую, сферу: не любіць аднавяскоўцаў з гэтага часу азначае для Кліма не любіць Радзіму. (Сімвалічна, што дзень прыняцця юнаком гэтага рашэння ў аповедзе «выпаў» на 31 снежня, пярэдадзень Новага года.) Сама магчымасць нялюбасці Беларусі страшыць Кліма дзіка, і таму ён прымае мордалысаўцаў такімі, якімі яны ёсць, раз і назаўжды адаптуе пад іх свае зрок і мысленне, паляпшаючы2, на яго погляд, апошнія.
Жахлівы па сваіх наступствах эксперымент!
«Здраднік» – менавіта так, па ўзаемнай згодзе аўтара і героя, якія дамовіліся не заўважаць ў свеце/творы ідэйна-эстэтычнай падробкі, павінен называцца інтэлігент, адарваны ад сваіх каранёў і ад пропаведзяў вясковага ўкладу жыцця. А таму, пісьменнік-гараджанін, любі і паважай мордалысаўцаў, як самога сябе, а калі бачыш вакол адны свіныя лычы замест асобаў і збіраешся пісаць пра гэта, то рызыкуеш праславіцца ненавіснікам усяго беларускага3.
Апавяданнем «У лазні» быў пакладзены пачатак жудаснаму комплексу нацыянальнай літаратуры, непапраўнаму вывіху свядомасці нашых пісьменнікаў. Паверыўшы і прыняўшы, Максім Гарэцкі адначасова замацаваў на паперы «сімвал веры» беларускай літаратуры вясковага напрамку, узброіўшы яе на бітву з гарадской літаратурай надзвычай пераканаўчымі па сіле аргументамі.

Гарады без гараджанаў

Разам з палітычнай адлігай ў СССР з’явілася магчымасць больш-менш адкрыта абмяркоўваць літаратурныя праблемы. І вось прадстаўнік пакалення шасцідзясятнікаў Міхась Стральцоў пачынае выкарыстоўваць у сваіх тэкстах тэрмін «сена на асфальце» для абазначэння інтэлігентаў ў першым пакаленні, настальгуючых па вёсцы. Тым самым Стральцоў праз паўстагоддзя пасля напісання апавядання-маніфеста «У лазні» фіксуе не толькі безгрунтоўнасць беларускай гарадской прозы, яе штучнасць, безжыццёвасць, прамую залежнасць ад сялянскага ідэалу, але, галоўнае, адсутнасць волі беларускага інтэлігента ў стварэнні новага мастацкага і жыццёвага ідэалу, уплыве на нацыянальны і гістарычны лёс. Стварэнне паўнакроўнага гарадскога рамана ў Беларусі зноў адкладаецца – пісаць яго няма каму і не для каго, бо ў беларускім горадзе, як я ўжо адзначаў раней, амаль няма сапраўдных гараджанаў1. Першынство вясковай тэматыкі і вяршэнства селяніна трывала замацоўваецца ў свядомасці беларускага грамадства, забяспечваючы пісь­меннікам літаратурную славу і яднанне з народам, а літаратуразнаўцам, крытыкам і журналістам, якія абслугоўваюць іх, – навуковыя званні і кар’ерны рост.
Між тым, самі вёскі імкліва пусцеюць. Захопленыя самімі сабой, уласнымі эгаістычнымі перажываннямі і жаданнямі – ах, каб жа з’ехаць у вёску на тыдзень ды пакасіць, ды на заход сонца паглядзець! – знаходзячыся ў палоне комплексаў і ілюзіяў, не здзяйсняючы ніякай ўнутранай працы па духоўнаму перараджэнню, пераасэнсаванню саміх сябе ў новых рэаліях, не жадаючы культываваць дысцыпліну і цывілізацыю, беларускія пісьменнікі і не заўважылі, як вёска са сваім ідэалам і ўкладам пераехала да іх, у непатрэбныя, неабжытыя нашымі інтэлектуаламі гарады, дзе, абабіўшыся ў сытасці і дастатку, абвясціла канон «чаркі і шкваркі», а затым абрала сабе ідэальнага кіраўніка і ахрысціла нешматлікіх гараджанаў недачалавекамі, здраднікамі Беларусі.
«Сапраўдны мінчанін, – сказала мне неяк Г., – я проста ўпэўненая ў гэтым, марыць з’ехаць з горада, пакінуўшы яго гэтаму быдлу, якому тут так добра і прывольна жыць. Некаторыя мае знаёмыя ўжо з’ехалі ці сур’ёзна падумваюць аб такім рашэнні».
На мой погляд, сучасны беларускі інтэлектуальны раман павінен быць мена­віта пра гэта. Пра зыход чалавека – грамадзяніна і гараджаніна з паселішча, захопленага ўнукамі мордалысаўцаў, і заснаванне ім беларускага горада. Хутчэй за ўсё, гэта будзе ўтопія, але сутнасць не ў жанравай прыналежнасці, а ў тым, што са з’яўленнем такога літаратурна-мастацкага тэксту будзе кінуты выклік ідэолагам і прыхільнікам вясковай прозы, абвешчаная магчымасць нацыянальнага абнаўлення і адраджэння сапраўднай беларускай літаратуры, у чым мы ўсе так сумняваемся сёння.

13 жніўня 2011 года
-------
Рублеўская Л. Паэзія і грэх / ARCHE-Скарына. — 2000. — № 8.
1 Галубовіч Л. Недавершаная Беларусь / Дзеяслоў. — 2003 — № 2.
2 Гаворка ідзе аб фінальных радках апавяданьня Міхася Стральцова «Смаленьне вепрука»: «У таго, хто бярэ ў рукі пяро, надзея ёсць таксама. О, паэт да таго ж бывае яшчэ крыху забабонным. Наіўны, ён хоча перамагчы сапраўднасць, ён хоча верыць: я засцярогся ад бяды — бо сказаў. Дабро і надзея тут накрэслілі свой круг».
3 Вила-Матас Э. Бартлби и компания. — Москва, Иностранка, 2007. — 207 с. (спампаваць кнігу можна тут: http://lib.rus.ec/b/160137).
1 Галубовіч Л. Недавершаная Беларусь / Дзеяслоў. — 2003 — № 2.
2 Галубовіч Л. Зацемкі з левай кішэні. — Менск: БГАКЦ, 1998. — 220 с.
3 Там жа.
1 Дубавец С. Чалавек тугі. Вытлумачэньне Янкі Лучыны / ARCHE. — 2001. — № 6.
2 Галубовіч Л. Недавершаная Беларусь / Дзеяслоў. — 2003 — № 2.
1 Гл.: Драпежныя вавёркі беларускага лесу: актуальныя праблемы сучаснай літаратуры / ARCHE. — 2009. — № 10.
1 Гл., у прыватнасці: http://vabank.by/index.php?id=1635.
2 У канцы апавяданьня, нагадаю, Клім адказвае «Палепшаіць» на пытаньне бацькі, ці не захварэла ў яго галава пасьля лазьні.
3 «А грэх мне казаць «дурацкае», дзе толькі цемната», — шчыра пілуе сябе Клім. Услед за ім гэтаму згубнаму для душы і веры занятку будуць аддавацца сотні беларускіх літаратурных персанажаў, што шчыра лічаць сябе недабеларусамі ў адрозненне ад тых «сапраўдных» беларусаў, каму «цемра» дадзеная адвеку стагоддзяў і хто не збіраецца «прасвятляцца» нават у другім дзесяцігоддзі XXI стагоддзя.
1 Абрамович П. Тоска по белорусскому роману: истоки (http://paval-abramovi4.livejournal.com/31833.html).