12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Славамір Адамовіч

_____________________
Цана Еўропы, альбо Гісторыі Вільмана.
Раман. Кніга 1-я

2002

Зборы ў дарогу; апошняе спатканне з жанчынай; развітанне з Радзімай; Сталіца — Варшава — Берлін — Осла; здаёмся ў паліцыю; транзіткі; інтэрв’ю для UDІ; запалярны Рогнан у Салонай даліне.

Дарагая мая названая Сястра!
Як добра, што ты ў мяне нейкім дзіўным чынам з‘явілася. Прынамсі, цяпер мне ёсць каму пасылаць гэтыя пісьмы; гэтыя лісты з дрэва жыцця, якое ўжо адшумела сваёй кронай добрую палавіну веку.
Ці мог нехта з нашага пакалення ўявіць сабе хоць аднойчы, што для многіх з нас барацьба за паўстанне Нацыі працягнецца доўгімі гадамі турмы; пабіраннем з панскага стала ў эміграцыі; поўным згаленнем і жабрацтвам; ціхім пераходам у варожы лагер і знікненнем з публічнага жыцця?..
Усё лета 2002-га рыхтаваўся да ад’езду: вылечыў у трэцяй сталічнай клініцы свой застарэлы гемарой; перааформіў маёмасць на Маці — адзінага чалавека, каму ў гэтым свеце давяраю; перарабіў гару драбнейшых, але не менш важных справаў. Я ўжо не кажу пра збор і афармленне розных даведак, дазволаў ды іншых падобнага роду папер.
А ў жніўні мне пазваніла Яна — маё няспраўджанае са студэнцкіх гадоў каханне. Што ж, гэта было нечакана, прыемна і — сумна, бо я быў поўны ад’ездам, тым болей, што ў кішэні заставаліся апошнія рублі ў нацыянальнай валюце, а дарожны запас кранаць было нельга.
Я быў у паніцы і пры гэтым заставаўся такім сабе дзяшовым піжонам: вырадзіўся ў чорны сінтэтычны касцюм, чорную кашулю са штучнага шоўку; купіў бутэльку савецкага шампанскага і прыхапіў два крышталёвыя фужэры — адзначыць сустрэчу.
Мы спаткаліся каля Дома быту на вуліцы Маскоўскай і паехалі ў маю любімую Лошыцу — да мяне дамоў Каханне не захацела.
Было горача як для сярэдзіны жніўня, на праспекце Незалежнасці бязлістыя каштаны выкінулі дыстрафічныя свечкі квецені, а ў лошыцкім садзе яблыні страсалі недаспелыя дробныя яблычкі.
Засуха была ў горадзе і над Кантынентам, а тут Яна, ды так блізка, на шырыню далоні, і я вяду Яе па маёй Лошыцы, па гэтай выспе старасвецкага Духу і Цішыні ў цэнтры двухмільённай сталіцы.
На ўзмежку, паміж былымі доследнымі палямі бульбянога інстытуту, мы і размясціліся. Я наліваў шыпучае віно ў крышталёвыя фужэры, расшпіляў і зашпіляў свой сінтэтычны пінжак, хмялеў і штораз даўжэй затрымліваў позірк на маршчынках, рассыпаных па Ейным твары.
Вядома, успаміналі мы наша агульнае: мастацкі інстытут і сумесныя выезды “на бульбу”, студінтэрнат № 2 на Кастрычніцкай і вандроўкі дызелем у Вільню…
Ад шыпучкі, гарачыні і ўспамінаў мы абое хутка прыхмялелі. Тут бы мне і перайсці да актыўных дзеянняў, забыўшыся пра гэтыя чортавы правілы і мараль. А я, а я, Сястра, у гэты самы момант думаў, што на двары дзень і мы ў садзе не адны, і як мне не спэцкаць адзіны ў маім гардэробе касцюм; і ці не пакрыўджу я няўрымслівым дамаганнем маё такое высокае, вялікае і нябеснае каханне!
І вось я так думаю ці не думаю, ці ў мяне ўвогуле пуста ў галаве і касцях, але раптам я бачу, што яна ўжо на спіне, і блюзка вылезла з джынсаў, і відаць белае цела вакол цёмнага пупка. Цяпер я ўжо сапраўды не магу думаць, бо позірк мой упёрся туды, ніжэй граніцы паміж верхам і нізам чалавечага цела; туды, дзе ўлонне маёй Каханай, пра якое я фантазіраваў не адну адзінокую ноч. А яно, а яно ж такое прыцягальнае, вечнае, жыццядайнае, — раптам пачало рухацца ў такт нябачнай мне мужчынскай сіле. Не ведаю, хто быў з ёю ў гэты момант — бог, д’ябал, ёйны былы муж, але толькі не я, — слабы, нікчэмны, ніякі… Мне ўзяць бы яе тут жа, на сваім сінтэтычным пінжаку; ну калі не ўзяць, дык упіцца вуснамі ў гэтую жывую крыніцу жарсці і наталення! Дык жа не! Не мог! Не хацеў?! Не меў сілы і адвагі?!. Божа мой, я пацярпеў поўнае фіяска, крах! Я зрабіў невымольны грэх у той момант, калі не адказаў на такія яскравыя заклікі майго Кахання, калі не падтрымаў агмень Ейнага прагнення любові…
Бясконца грэшны і слабы, Сястра, я пакінуў нашу Радзіму і маё няспраўджанае Каханне. І пакуль я не вярнуся, мне будзе зноў і зноў сніцца той ранні жнівеньскі надвячорак, калі пад старым вішнёвым дрэвам насустрач нябачнай мужчынскай сіле рухалася Ейнае ўлонне.

* * *
13 верасня 2002-га мы пакінулі Радзіму — я і мой таварыш.
Праводзілі нас на Варшаўскі цягнік некалькі сяброў і самыя блізкія людзі — бацькі.
У Брэсце падсела ў наша купэ юная полька-паслядыпломніца з “трэцяга сектару”. Як з абазнанай у грамадска-палітычнай справе, з ёй было пра што пагаварыць, але пра палітыку якраз і не хацелася.
Перабываючы на роднай зямлі апошнія хвіліны, хацелася пра нешта добрае гаварыць і светлае. Напрыклад, якая яна маладая і спрытненькая…
Пакуль саставу мянялі калёсныя пары, я адкаркаваў “Белавежскую” і мы з Агнешкай добра выпілі за нашы бела-чырвоныя “айчыны”, дайшоўшы хуценька да бусяк і яскрава-палымяных позіркаў.
Сусед варочаўся на сваім купэйным палку, не піў і быў заклапочаны не столькі развітаннем з Радзімай, колькі тым, як мы будзем дабірацца да нашай мэты пасля Варшавы.
У сталіцы польскай я развітаўся з Агнешкай, пакінуўшы пры сабе ейны здымачак 3х4 з пажаданнямі “шчэньслівэй дрогі”, і выйшаў на перон. Зямляк мітусіўся з білетамі.
Усю дарогу, пакуль мы дабіраліся да партовага нямецкага Кілю, не выходзіла з галавы “Хатыньская аповесць” пісьменніка Алеся Адамовіча ды родная цётка Геня Чантарыцкая-Ляшковіч, якая падчас апошняй Вялікай вайны два з паловай гады адрабіла на прымусовых работах — тут, на гэтых выштукаваных немчыкамі сельскіх гаспадарках, якія мы назіраем з вакна імклівага цягніка.
Асаблівае месца заняў у памяці эпізод з пенсійнага веку парай у агульным вагоне экспрэсу “Цуген-Кіль”, які выносіў нас да берагоў Паўночнага мора. Пенсіянерчыкі з непрыхаванай непрыязнасцю сагналі нас з месцаў каля самага вакна. Мы з земляком моўчкі пераселі, бо напэўна ж гаспадары мелі рацыю, напэўна ж яны селі на свае законныя месцы, указаныя ў білетах. Але вось гэты зазор, гэты непераадольны каньён, які ўзнік паміж імі і намі, унтэрменшамі, ён не пакідае мяне і сёння, ён стварыў, выкрасіў энергію высокага напружання. І што мне, чалавеку з класічным рымскім профілем, грамадзяніну Ост-Еўропы, — што мне з усёй гэтай напругай рабіць. Як мне выкінуць з галавы гэтых пенсійнага веку гітлерюгендаў мінулага стагоддзя?

* * *
У Кіль мы прывалілі вечарам і мусілі заначаваць у гатэлі, які абышоўся нам надзіва танна.
На другі дзень мы былі на ўзводзе: з шэнгенскай візай, выдадзенай нямецкай амбасадай у Сталіцы, нам трэба было нейкім чынам сесці на паром “Кора Лайн”, які курсуе паміж нарвежскім Осла і нямецкім Кілем.
Пакуль чакалі адпраўкі, патусаваліся ў партовых ваколіцах. У нейкага характэрнага выгляду юнака набыў стосік чорна-белых улётак нацыяналістычнай NDPD1 з абавязковым профілем Геса. Ну вядома, проста на памяць.
Як ні дзіўна, пры пасадцы на паром ніхто нас не шманаў і не пытаўся, чаго мы промся ў Нарвегію, калі віза ў нас на 15 дзён для знаходжання ў Германіі.
Месцы мы ўзялі самыя танныя. Наша каютка была ніжэй ватэрлініі, дзесьці ў трумных дэках. Зрэшты, уся іншая пасажырская тэрыторыя была нам даступная. Мы з земляком лазілі з палубы на палубу, упершыню ў жыцці разглядаючы такі агромністы карабель. Ноччу прайшлі праліў Скагерак. Сніўся паром “Эстонія”, які затануў падчас шторму ў Балтыйскім моры 15 гадоў таму; снілася нелегальная работа на будоўлі. Дзесьці глыбока пад нашымі шконкамі спакойна і мерна гулі механізмы карабельных машынаў.
16-га пасажырскі паром “Кора Лайн” стаў на якар у марскім порце Осла-ф’ёрду. Так і не заўважыўшы ні паліцыі, ні мытных службаў, мы вольна ступілі на зямлю невядомага нам Каралеўства. Першым чынам трэба было знайсці цэнтральны тэрмінал грамадскага транспарту. Мы ўзвалілі на сябе нашыя клункі і пайшлі шукаць.
На вакзале, каля вялізнага бронзавага тыгра нас чакаў зямляк, аднакурснік майго спадарожніка (яны абодва скончылі Ізам — інстытут Замежжа). Мы пачалі былі гучна праяўляць свае радасныя эмоцыі спаткання, але зёма нас хутка абсадзіў: “Ціха вы, тут поўна паліцыі, пачуюць, што мы замежнікі — заграбуць для высвятлення, а мы з вамі хто?.. Правільна, нелегалы. А нам гэта патрэбна? Правільна, нам гэта зусім непатрэбна. Таму надалей размаўляем на вуліцы ціха і пры крайняй неабходнасці. А вось і наш бус. Ехаць далекавата, у так званы “Пакістан”. Чаму такая назва? Ды ўсё проста: гэта раён Осла, дзе селіцца ці не ўся каляровая эміграцыя з колішніх Індакітаю, Індастану, араба-мусульманскага свету, з Афрыкі… Тутэйшых практычна няма, жыллё таннае. Вось там і я жыву ў невялічкім хібелі, гэта паддашак, калі па-нашаму…”.
У земляка мы завіслі на двое сутак: паелі ўвесь наш чорны хлеб Ра­дзімы, выпілі айчынную гарэлку і затачылі паляндвіцу.
Зямляк радзіў нам ехаць бусам у Крысціянсанд, здавацца там у паліцыю, прасіць палітычнага прытулку. Разлік быў такі, што лепш знаходзіцца ў краіне легальна і пакуль тое шукаць спосабы зарабіць.
Крысціянсанд прытуліўся на паўднёвым беразе Нарвегіі, і зямляк спадзяваўся, што нас не адашлюць далёка на поўнач.
І вось мы ўжо выйшлі з аўтобуса ў сталіцы нарвежскага поўдня. Электронны тэрмометр на вакзале паказвае плюс 8 па Цэльсіі. Халаднавата для сярэдзіны верасня, але, што праўда, гарадок утульны. Ціха, ні людзей, ні ветру з мора. Падключаем інтуіцыю і шукаем вуліцу, на якой павінна быць паліцэйская ўправа. А 12-й ночы знаходзім будынак, стукаем у замкнёныя дзверы, перамаўляемся праз дамафон. Нарэшце нам адчыняе нейкі барадаты дзядзечка, падобны хутчэй да капітана рыбацкай шхуны, чым да паліцэйскага, і праводзіць да канторкі, за якой сядзіць гэткі ж самы троль, толькі без барады. Паколькі ў спадарожніка дыплом Інстытута Замежжа і “perfect” па ангельскай, ён і вядзе далейшыя перамовы з дзіўнымі для нашага вока паліцэйскімі.
Нас не абшукваюць, адно просяць паказаць якое-небудзь пасведчанне асобы. Я працягваю журналісцкае, запоўненае па-ангельску. Дакумент выклікае давер, дзядзечкі робяцца для нас ледзь не членамі сям’і. Мне здаецца, што ў аднаго з іх, у барадатага, нават непрыкметная мужчынская сляза з’явілася ў куточку вока.
Запісаўшы нашыя прозвішчы, выслухаўшы кароткія легенды нашага з’яўлення ў іхнім ціхім гарадку, дзядзечкі выклікалі таксі. Прыйшоў пасажырскі міні-вэн, мы расселіся з думкай, што ехаць прыдзецца кудысь на ўскрай гораду. Як жа мы былі шакаваныя, калі метраў праз сто наша падарожжа скончылася перад тутэйшым гатэльчыкам. Барадаты дзядзечка паліцэйскі пажадаў нам “дабранач” і папярэдзіў, што гэтае ж таксі забярэ нас заўтра назад у паліцыю. Стомленыя дарогай і здзіўленыя тутэйшай паліцыяй, мы заваліліся спаць. Шукаць парнуху па TV ужо не было сілаў.
На другі дзень мы перажылі яшчэ адзін культурны шок: жанчына-паліцэйская таемна ад нас абшукала нашыя торбы. Мы з земляком спярша хацелі абурыцца, але падумалі лагічна і супакоіліся: наўрад ці гэтыя паліцэйскія дзедымарозы будуць падкідваць нам наркотыкі ці іншыя рэчавыя доказы нашай віны, калі ўчора яны выклікалі нам таксі, каб мы не дай Бог не замарыліся, ідучы стометроўку да гатэлю. А 2-й дня нас пасадзілі на самалёт мясцовых авіяліній кампаніі “Відэроэ” і праз 40 хвілінаў мы прызямліліся ў міжнародным аэрапорце Гардэмуен, што блізу Осла. Застацца на поўдні Нарвегіі нам не ўдалося.
У аэрапорце мы разгубіліся настолькі, што цэлую гадзіну не маглі атрымаць багаж і выйсці з тэрміналу, дзе нас чакаў прадстаўнік Дырэктарату па справах замежнікаў. Не дапамагла і сябрава ангельская — таварыш паводзіў сябе стопрацэнтова па-нашаму — сціпла не йшоў на кантакт з людзьмі, каб атрымаць якую параду ці дапамогу.
Урэшце выбіліся з людскога мурашніку, трапілі ў рукі ўладаў і былі транспартаваныя ў транзітны лагер для бежанцаў. Там мы і пачалі нашае знаёмства з так званым трэцім светам, светам Апакаліпсісу, які так любіць мадэляваць у сваіх кінастужках Галівуд.
У Лісакеры, нашым першым часовым лагеры, нам выдалі адзенне, пасцельную бялізну і грошы на курыва й кішэнныя расходы.
З часоў нелегальнага перабывання ў Ню-Ёрку я не бачыў у адным месцы столькі рознарасавых тыпаў. Усе яны — афрыканцы, арабы, азіяты, бежанцы з Цітавай Югаславіі, каўказцы, румынскія цыганы, і, вядома, былыя грамадзяне былога СССР, кучкаваліся ў свае нацыянальна-племянныя групы. Адным словам, Новы Бабілон. Былыя савецкія і былыя югаславы дзеля паразумення паслугоўваліся рускай, Афрыка, Азія і арабскі свет гаварылі па-ангельску. Па французскім пранонсе можна было пазнаць прадстаўнікоў былых французскіх калоній.
Кармілі нармальна, калі не сказаць, што аж занадта тлуста. Ну а чарнасліў давалі, каб у бежанцаў не было запораў.
Тут упершыню ўбачыў, як дзеці трэцяга свету гуляюць апельсінамі ў футбол.
У Лісакеры мы з земляком жылі яшчэ ў адным пакоі, але ўжо амаль не размаўлялі — гэта ў аэраапорце пачалося, праскочыла іскра непрыязні. І перш за ўсё ад мяне, бо я чакаў ад знаўца ангельскай большай актыўнасці, а ён маўчаў і толку ад ягоных ведаў не было практычна ніякага.
У чарзе па нейкія даведкі пазнаёміўся з маладымі чачэнцамі. Яшчэ поўны патрыятычным уздымам, напісаў па-руску два ці тры вершы, забузіўшы іх на чачэнскай тэме. Падараваў маім новым каўказскім знаёмцам. Але хутка лёг на душу нейкі непрыемны асадак, калі гэтыя маладзёны нешта нядобрае сказалі на адрас майго ружанцу з крыжыкам, які я тады насіў. А праз якія суткі яны прапанавалі пераходзіць у іслам…
Між тым, Дэпартамент хоць і павольна, але рабіў сваю справу. Атрымаўшы ад нас папярэднюю інфармацыю пра тое, чаму, якім шляхам і калі мы заваліліся ў Нарвегію, нас з земляком разлучылі: ён застаўся ў Лісакеры, а мяне накіравалі ў Сандвіку — іншую транзітку, размешчаную на тэрыторыі былой вайсковай часткі.
Сандвіка… Нешта тут ёсць, што назва гэтага нарвежскага мястэчка так падобна да твайго імя, Людвіка. Хоць паміж Нарвегіяй і нашай Краінай тры тысячы вёрстаў, а нешта ўсё ж ёсць. І гэтае нешта я цяпер спрабую адшукаць.
У транзітцы, што каля Сандвікі, сядзеў цэлы месяц. Бежанецкія дзеці працягвалі гуляць апельсінамі ў футбол, у сталоўцы свініны не давалі, каб не пакрыўдзіць смакавыя рэцэптары мусульманаў (непаліткарэктна забыўшыся пра правы мясаедаў хрысціян).
Тут пазнаёміўся з маладым земляком з Гарадзеншчыны, які, як і я, спадзяваўся так ці інакш зарабіць грошай, каб дабудаваць дом на Радзіме. Раздабылі неяк бутэльку гарэлкі і балявалі ў ваколіцах лагеру… Тут жа, у транзітцы, развітаўся з сімпатыямі да вольналюбнага племя каўказцаў, якім вось толькі што прысвячаў вершы…
А было так. У зале адпачынку з більярдным сталом і TV стаяла некалькі электранагравальнікаў вады, каля якіх заўсёды тоўкся бежанецкі народ: папіць кавы ці чаю за кошт установы, паглядзець адзіны рускамоўны канал, які перадаваў з Аджарыі. Зала была адчыненая круглыя суткі. Вечарам людзей заходзіла болей, у іншы час — меней, але даступіцца да чайнікаў і папіць гарачага можна было заўсёды.
І вось бачу аднойчы, як прастору вакол скораварак займаюць каўказскія хлапчукі 8-10 гадоў, не падпускаючы нікога з чужых. А побач у більярд гуляюць іхнія дарослыя, пільна прыглядаючы за нашчадкамі.
Раптам нейкім чынам да чайнікаў з казённай заваркай даступаецца малады мужчына адэкватнага такога ўсходнееўрапейскага тыпу. Што тут пачалося! Як у добра пастаўленай тэатральнай сцэне, дарослыя “сыны гор” кідаюць свой більярд, дружна абураюцца і абступаюць чужака. На першы погляд, абурэнні горцаў могуць здацца справядлівымі: чужак адагнаў малых, можа нават каго штурхнуў (хоць не, такога не было), а так з дзецьмі нельга… На самой жа справе на маіх вачах адбывалася практычнае навучанне маладняка дзеянням у групе з адначасовай правакацыяй чужака на неадэкватныя паводзіны…
Адэкватны аказаўся нашым, тым самым маладым земляком з Гара­дзеншчыны, з якім я потым пазнаёміўся.
У Сандвіцы я першы раз пагаліў сам сабе галаву, пазбавіўшы такім чынам свой класічны рымскі профіль ад патрыцыянскіх кучаравінак на скронях. Тут жа зарабіў грыбок у пазногаць на вялікім пальцы левай нагі, бо шкадаваў чаравікі 41-га памеру і цэлы месяц насіў чортавы красоўкі 40-га, што былі зацесныя.
Цэлы месяц, цэлы месяц чакаў я, калі ж нарэшце завершыцца інтэрв’ю-допыт у Дэпартаменце па справах замежнікаў. Першы раз выклікалі ў сярэдзіне кастрычніка, распытвалі паўдня. Перакладала зусім маладая перакладчыца, з рускіх. Чамусьці абнадзеіла, што справа мая відавочная і павінна вырашыцца на маю карысць. Я глядзеў на ўсё гэта больш скептычна, бо меў перад вачыма іншыя прыклады: дазвол на жыхарства і работу ў Нарвегіі даюць найперш афрыканцам, азіятам, сэксмяншыням, жыдам і шамілям. Грамадзянаў хрысціянскага веравызнання з былога СССР масава высылаюць за межы шэнгенскай зоны.
У канцы кастрычніка адбылося выніковае інтэрв’ю. Дапытвалі да познага вечара: глядзелі відэакасету, якую я прыхапіў з сабой; гарталі мае кніжкі вершаў, мой “Турыстычны дыярыюш” па выніках вандроўкі на Памір-Алай; удакладнялі выбраныя месцы з тэстаменту галадоўшчыка… Выходзіў я з дзяржбудынку ці не апошні, наперадзе перамяшчаліся некалькі маладых клеркаў з Дэпартаменту, сярод іх дзяўчына. І вось карцінка: у дамы з рота выпадае цыгарэта, дама па інерцыі робіць некалькі крокаў уперад, але вяртаецца, падымае сваю згубу і ўстаўляе назад у рот. Тут выклічнік! Нямая сцэна з пытальнікам: навошта? Беспрэцэдэнтная эканомія? Аўтаматызм?.. Дагэтуль пад уражаннем.
На другі дзень па завяршэнні інтэрв’ю мяне пасадзілі на самалёт. Куды ляцеў — не ведаў, адно што Нурлан, гэта значыць рэгіён дзесьці на поўначы Каралеўства.
24 кастрычніка прызямліліся ў гарадку Буда. Завея, холадна. На маршрутцы даімчалі да чыгункі. Пасадка ў двухвагонны мадэрновы цягнічок. Раскошны салон, зялёныя крэслы і нейкі тэхналагічны адмысловы пах, малекулярная гармонія якога была разарвана смуродам майго бежанецкага цела.

* * *
Дзень добры, дарагі зямляк! Не ведаю, ці дойдзе да цябе гэты ліст, але напісаць мушу, бо яно трэба найперш мне: у маёй бясконцай цялеснай адзіноце адчуць сябе далучаным да такога неверагодна пярэстага і назаўжды роднага свету, які я зусім нядаўна пакінуў, — да Радзімы. А хто, як не ты, можа быць для мяне ейнай знакавай постаццю? Хто іншы, калі не той, які спыніў мае ўцёкі ад свайго.
Памятаеш Вялікі Горад першай палавіны 80-х? Мы прыехалі ў яго з правінцыі адначасова. У адзін дзень засяляліся ў інтэрнат на Марыянскай, што ў прастакутнай Серабранцы, а потым кожны з нас прасіў каменданта, каб толькі не падсяляў да буйных і алкаголікаў. Эх, як зараз бачу, толькі я да яго з просьбай, а ён усміхаецца так прыязна і кажа: “вязець табе, парэнь, тут ужо адзін а том жэ прасіл”… Вось так мы і пражылі з табой у адным пакоі больш за два гады. І якія гады! Самая маладосць была, Вялікі Горад адкрываў перад намі свае спакусы. І вось тут ты перш за ўсё сваім уласным прыкладам паказаў, як можна не адракацца свайго — наскасці, мовы — і пры гэтым адчуваць сябе адэкватным, жывым у гэтым недасканалым свеце. Ты гаварыў на класічнай нашай, курыў “Арбіту” і частаваў мяне “Такайскім” у рэстаране “Лета”.
А першая зарплата ў ашчадкасе станказавода Кірава? Як ты юрыдычна граматна паставіў на месца касірку, калі яна запатрабавала расходны лісток запоўніць па-руску! Маўляў, а ў пракурора сваё патрабаванне паўторыш?.. Так мы з таго часу і запаўняем усе бюракратычныя паперкі па-нашаму: некаторым сківіцы набок верне, а церпяць — да пракурора ўсе баяцца.
Што там казаць, у той час ты для мяне быў Настаўнікам. Павячэраўшы яечняй з цыбуляю ды выпіўшы з пірамідальнага пакету крамнага малака, мы браліся за кніжкі: ты слібізаваў двухтомнік “Маркс и Энгельс об искусстве”, я перачытваў “Лазню” ды іншыя апавяданні Максіма Гарэцкага…
Успамінаць нашую маладосць можна бясконца, тым болей, што прыпала яна на перыяд такіх грандыёзных зменаў, як распад Імперыі і паўстанне Рэспублікі. На жаль, сталасць нашую агортваюць іншыя колеры і адчуванні. Вясною сёлета мне стукнула 40, і я раптам рэзка, можна сказаць, беспаваротна зразумеў, што з маладосцю скончана, а дары з неба так і не ўпалі, і свой скарб я так і не знайшоў, і цяпер тэрмінова трэба вырастаць у дарослага мужчыну, і каб у кішэні нарэшце завяліся грошы…
Дарагі дружа, зямляк і таварыш! Ведаю, ты даў мне добрую навуку, як жыць Духам. Але гэты Дух не жыве без нашых грэшных целаў, якія патрабуюць хлеба штодзённага. А за што яго набыць, калі ў кішэні толькі мінулагоднія тралейбусныя квіткі? Вось я і выправіўся на пошук сродкаў. Вось і сяджу цяпер чорт ведае дзе за Палярным нарвежскім кругам, у мястэчку Рогнан. Тут знаходзіцца наш бежанецкі пастаянны лагер, тут чакаем мы адказаў з Дэпартаменту. Нас тут, напэўна, чалавек 300. Некаторых, праўда, дэпартуюць: сезон перад Калядамі — сезон дэпартацыі. Здаецца, што трапіў у такі сабе міні-СССР: тут і ўзбекі, і казахі, і кіргізы, і ўкраінец, статны і русявы; а гэтыя горныя: грузіны, сям’я армянчыкаў, ічкерыйцы; сямейны грамадзянін з Піцеру; азербайджанцы яшчэ; саратаўскі студэнт, які вучыць мяне карыстацца кампутарам; якісьці южык няпэўных нацыянальных рысаў, што загнаў мне плёначны фотаапарат і я цяпер маю свой уласны і першы за жыццё фоцік!..
О, зусім забыўся пра іншых гаротнікаў нашай зямелькі! Ну, тут таксама, як у Ноевай пасудзіне: найперш уся Афрыка — святлейшыя і цямнейшыя, з пляскатымі насамі альбо неверагодна лупатыя; менш за ўсё разбіраюся ў азіятах, але ё і такія; многа афганцаў, некаторыя разумеюць па-руску і вельмі камунікабельныя з намі, былымі савецкімі; сустракаюцца палестынцы і нават — ты будзеш смяяцца — знайшоўся адзін сямейны жыд з Расіі.
Момант майго прыбыцця ў лагер у той жа вечар быў адзначаны самагонам тутэйшай вытворчасці, так што з’яўленне ў новых пенатах аказалася змазаным. Толькі праз суткі пачаў знаёміцца з суседзямі, атрымаў сумку з казённым начыненнем: кухонны посуд, пасцельная бялізна… Падсялілі да ўзбека. За сцяной — зямляк Жэня са Слуцку, цясляр, валасы чорныя з адлівам, і ўжо тут перанёс інфаркцік. Надта дзівіўся, што ў бальніцы яму давалі чырвонае віно і нават каньяк для падтрымання формы.
Месяц часу мы хадзілі на курсы нарвежскай, павыдавалі нам розныя дапаможнікі. І тут я ўспомніў, што нешта ж мяне падштурхнула ў 1986-м купіць шведска-рускі слоўнік. Дагэтуль не магу дацяміць, на якой халеры ён мне быў патрэбны?! Але ж вось набыў. І толькі цяпер становіцца зразумелай таемная сувязь паміж той купляй і сённяшняй маёй сітуацыяй. Інтуіцыя, дзядзька, інтуіцыя адчувала будучыню і рыхтавалася да яе. Праўда, асеў я не ў Швецыі, ну ды тут розніца невялікая паміж краінамі краінамі і мовамі.
Перад Калядамі бясплатныя курсы прыкрылі рашэннем новасфармаванага нарвежскага ўраду. Затое паставілі ў падвале адміністрацыйнага будынку вялізны TV і цяпер пасля 12-й ночы ўся мужчынская палова лагеру, не зважаючы на розніцу веравызнанняў, глядзіць порнаканал “TV-1000”. У гэты час на бежанецкай тэрыторыі стаіць поўная цішыня, толькі зоркі Вялікага Каўша міргаюць над лагерам і з краю ў край начнога неба пераліваецца блакітна-ружовае Паўночнае ззянне.

2003

Першы мабільнік; грузін Гоха знаёміць з Кантэйнерам; вайна ў Іраку; падарожжа ў Фінку; горы, горы; вершы для прынцэсы; нарвежская рыба і нарвежскі хлеб; эмісары з Осла.

…Ну дык вось, новы 2003-ці сустрэлі банальнай калектыўнай п’янкай нашым савецкім колам паводле нарвежскага часу. Многім званілі на мабільнікі родныя і знаёмыя. У мяне гэтай цацкі яшчэ не было, таму я застаўся без віншаванняў. Пілі тутэйшы самагнёт, які тут ціснуць аж чатыры самагонныя “сям’і”-канкурэнты: армянчык Славік, хахол-адзінец Пятро, сямейны беларус Міхалок з Маладэчна і малдаванскі гагауз Каля (не-не, не Калян, а Каля, націск на “а”). Чорт яго ведае, здаецца ў Міхалка найлепшай якасці, але хахол прадае танней, хоць і дамоўлена між імі трымаць роўную цану. Нічога, здадуць хутка мужыка, асабліва армянчык, гэты ірвецца да манаполіі, якшаецца з адміністрацыяй лагеру. Адно слова — душа купі-прадай. Нездарма армяны жыдам сімпатызуюць.
У студзені, прыхапіўшы кішэнны слоўнічак, паехаў я цягніком у сталіцу нашага Нурлану гарадок Буду. Завея была, марозна, ледзь знайшоў патрэбную краму, але сваю першую “Нокію” усё ж набыў. Цяпер вось цацкаюся з гэтым апаратам, вывучаю, куды што націскаць, хоць раздражняе страшэнна: пытацца рады не люблю, а сам туплю і ад гэтага заводжуся.
Акрамя персаналу адміністрацыі, тутэйшых мы амаль не бачым. Ну хіба што раз на тыдзень у краме ды ў бібліятэцы. Завучваю паціху нарвежскія фразы. Цікавыя атрымліваюцца міжмоўныя суплёты: наша сцвярджальнае “так” — гэта іхнае “дзякуй”; ад нашага “добра” у іх засталося толькі “бра”, але значэнне захавалася. Ну, што да слова “акурат”, дык тут поўная адпаведнасць, адно што яны лацінкай пішуць. Ну нічога, будзем неяк вывучаць, ангельскай жа я не ведаю, таму на ёй выехаць не ўдасца.
Узбекаў нашых па Дублінскай канвенцыі ўжо дэпартавалі: аднаго ў Грэцыю, другога ў Данію. Мяне перакінулі ў іншы пакой, у той жа дзень засялілі новага ўцекача — грузіна Гоху. Тоўсты такі, але дабрадушны і гаваркі. У той жа вечар, не паспеўшы як след размясціцца з дарогі, пайшоў і вынес з крамы — ну не паверыш! — баранову нагу кіль на пяць, а можа і на ўсе дзесяць. Схаваў пад дублёнку, а дастаў ужо ў нас у пакоі. Мы потым пачаставаліся, падсмейваючыся з норгаў (хоць рэшткі маральнага індывіда ўва мне і абураліся, але толькі моўчкі і ўжо без чырвані на шчоках).
“Дурань!” — сказаў Гоха, убачыўшы на стале маю вячэру з адваранае вермішэлі, смажанай пячонкі і маянэзу. Праз які тыдзень ён узяў мяне ў начную вандроўку па мястэчку. Я грэшным чынам падумаў, што мы пойдзем лавіць рыбу з гарадскога прычалу. Да таго ж ён і вуду захапіў. Але падарожжа аказалася куды цікавейшым і, баюся, рэзка паўплывала на маральнага індывіда ўва мне.
Хадзілі мы не доўга — спыніліся ў дварах за крамай “Rimi”, дзе стаялі два кантэйнеры: адзін вялікі зялёны, зняты з аўтамабільнага шасі і пастаўлены відавочна пад загрузку, другі — звычайны, пад арганічныя адкіды. На вялікім вісеў цацачны замочак, але дзверы былі не прымкнёныя. Гоха, стараючыся не рыпець, прыадчыніў іх і пасвяціў ліхтарыкам. У гэты момант я ўбачыў малюнак, які, сабраўшы ўвесь свой жыццёвы досвед і сякі-такі розум да купы, спрабую зразумець яшчэ і сёння.
У кантэйнеры, зваленая ў беспарадку, ляжала звычайная чалавечая яда, не прададзеная ў краме. Тут былі: сыры розных гатункаў, кілбасныя вырабы, малочная маса, падобная на наш тварог; хлебабулачныя; чыпсы; упакоўкі маянэзу, гарчыцы і кетчупу; селядцы ў расоле; фарш і фасаваная свініна; мука; некалькі скрыняў дарагога алею ў фігурных шкляных бутэльках… Некалькі хвілінаў я стаяў з адвіслай сківіцай, Гоха таямніча ўсміхаўся. Потым прашаптаў: “Я ведаю, ты не з нашых, ты не тырыш у крамах, але і купляць іхні сраны вермішэль — не самае разумнае. Цяпер ты ведаеш, дзе браць добрую яду, прычым бясплатна і не парушаючы іхнія законы”.
Па дарозе назад у лагер Гоха растлумачыў мне рэшту. Аказваецца, нераспрададзеныя да пэўнага тэрміну прадукты ідуць прамым ходам у адкіды, на звалку, іх не адпраўляюць на другасную перапрацоўку, як гэта робяць з паперай, пластыкам, шклом і металамі. У пераважанай бальшыні яшчэ ядомыя прадукты проста закопваюць у зямлю. Тысячы бежанцаў па ўсёй Еўропе палююць на гэтыя пратэрмінаваныя прадукты, эканомячы сваю еўравалюту. Праўда, кажа, у Осла, напрыклад, даступіцца да кантэйнераў няпроста: іх закрываюць на замкі, паліцыя ганяе начных паляўнічых на прадукты.
Вось такія ў нас тут, сябра, справы. Мне здаецца, зараз самы час успомніць 1990 год. Памятаеш, Імперыя дажывала апошнія месяцы. У нетрах ейнага крамлёўскага чэрава нашчадкі ідэйных камуністаў дзялілі скарбы 15-ці рэспублік-сясцёр, а народ шукаў малочныя сумесі для немаўлят, пральныя парашкі і зубную пасту. Найбольш прадпрымальныя тралявалі гэты дэфіцыт з Польшчы. Потым з’явіліся талоны. Вялізныя чэргі па гарэлку, бойкі, інфаркты, атручэнні падробкамі і летальныя зыходы… І вось у гэтым крызісным годзе я вырашыў адзначыць свой дзень нараджэння. Мы былі студэнтамі-перастаркамі Інстытута замежжа — ізамаўцы. Самы прэстыжны інстытут у тады яшчэ савецкай Рэспубліцы. Дык вось, памятаеш які мы стол арганізавалі былі з мінімуму прадуктаў? Я і цяпер згадваю з неверагоднай асалодай той вечар. Ты быў у мяне за кухара й тамаду. Мы накупілі ў крамах яек, кабачковай ікры так званай, кількі нейкай, здаецца; маянэзу дзесьці раздабылі, бульбы ды чаго там яшчэ? Ну і плюс наш ратунак — правінцыяльныя запасы: крышку кілбаскі, крышку кумпячка свінога… Каб не твае залатыя рукі кухара-самавука, мы не пасядзелі б так добра, не. Эх, як пілося і елася! Які пір духу мы тады зладзілі пад занавес Імперыі! На свае 50 я мару паўтарыць гэтую раскошу сумоўя аднадумцаў пад добрую чарку ды сытую закуску. І ты ізноў будзеш у мяне кухарам. Толькі гэтым разам мы будзем раскашаваць-піраваць у маім уласным доме, будзем піць добры алкаголь, яды будзе ўдосталь і гародніны; абавязкова нарвежскую траску закажам і чырвоных рачкоў-крэветак, і гэта, яшчэ марской капусты — страх люблю! Праўда, не ўсе са старой каманды збяруцца. Ужо ніколі больш не будзе з намі нашага басяка Анатоля. Дзяўчаты замужам і хутка будуць бабулямі — не да гуляў ім. Застаемся мы, старыя ідэйныя халасцякі: ты; наш мілы Чэрап; Дышля; бяспашпартны Кавезік (яго яшчэ адшукаць трэба); Латыша абавязкова не забыць, каб ён нарэшце паеў дасмаку…
Дарагі зямляк, мы абавязкова адзначым нашыя паўвеку! Вось толькі надыхаюся вольным паветрам гор, збяру такі-сякі капіталец і вярнуся. Ты не думай: буду жывы — абавязкова насыцім нашу плоць арганікай, а душы — сяброўскай размовай! Вер, зямляк, абавязкова і ў гэтым жыцці!

* * *
Прайшло паўгода, як я на чужыне. 6 месяцаў напружанага чакання адказу з Дэпартаменту. Ужо можна сказаць, што ніякага асаблівага падыходу да маёй справы не будзе — будзе ў мяне стандартны шлях да легалізацыі: спачатку не дадуць дазволу на работу і часовае пражыванне. Потым касацыя, пасля, магчыма, усё ж прапануюць які-небудзь прытулак. А могуць і дэпартаваць, як тысячы іншых былых савецкіх. Неверагодна, але паводле маіх назіранняў да грамадзянаў з былой Імперыі тут ставяцца больш непрыязна, чым да якіх афрыканцаў ці арабаў. Вось скурай адчуваю.
Між тым, вясна прыйшла ў нашу запалярную старану. Я ледзь не штодня прападаю ў гарах, якія з двух бакоў навісаюць над нашай Салёнай далінай. На прыпёках цвіце падбел, зусім як у нас. Бягуць з вышыняў малыя і вялікія плыні вады. А днямі разгледзіў у кустах ружовыя кветачкі воўчага лыка, якія нагадалі мне маё шчаслівае, вольнае дзяцінства…
У нас вясна, толькі не для ўсіх яна ў гэтым годзе ўсцешная: Злучаныя Штаты напалі на суверэнны Ірак. Пад маркай барацьбы з дыктатарам Хусейнам. Усім лагерам глядзім навіны. Старажытны Багдад у агні, пад бомбамі і снарадамі амерыканцаў. Брыдка, агідна проста, бо ўварванне адбываецца пад заслонаю прыгожых словаў пра дэмакратыю і правы чалавека.
За два тыдні вайны — тысячы забітых і параненых іракцаў, маюць страты і акупанты. Што гэтая акупацыя суверэннай краіны ісламскай веры дасць штуршок міжнароднаму тэрарызму — гэта без ніякіх. Мы яшчэ ўбачым выбухі ў еўрапейскіх сталіцах. У Бруселі адчуюць не толькі пах нафты — густа запахне крывёю трэцяй сусветнай. Гэта будзе дыскрэтная, пакрокавая, пункцірна-рознавектарная вайна ўсяго астатняга свету супраць духоўна і фізічна азызлай белай расы “залатога мільярда”.
Прыйшоў этап новых уцекачоў. З экс-савецкіх — украінец Падпаха аднекуль з цэнтральнай Украіны, былы мент, чаго зусім не хавае. Кажа, ад гэтай Еўропы яму нічога такога і не трэба, ніякіх прытулкаў. Яму тысяч пяць­дзесят “зялёных” як-небудзь агораць і — дамоў. Няхілае жаданне, думаю сабе, я таксама хоць заўтра ірвануў бы дамоў, каб мне такія грошы.
Падпаха нябось, што беспрацоўны — за сацыяльныя* грошы набыў машыну і прапанаваў мне падскочыць з ім на першамайскія святы ў Фінку, як любоўна мы тут называем Фінляндыю. Я, вядома, згадзіўся, а чаму не. Крыху перажывалі, перабіраючыся праз мяжу, але ніякіх ні памежнікаў, ні мытнікаў так і не ўбачылі, хоць назад з Фінкі Падпаха траляваў звышлімітныя гарэлку і цыгарэты.
Выехалі 30-га красавіка, доўгі час імчалі раўнінай па шведскай старане, яркае сонца і снег сляпілі вочы, а дарогу трэба было праглядаць пільна, бо чамусьці ласі і алені любяць шпацыраваць праз яе туды-сюды. Падмяніць за рулём Падпаху я не мог — кіраваць не ўмею, неяк не навучыўся.
Бліжэй да поўначы, калі мы спусціліся з верхавіннага плато ў раён гарадоў, пачалі сустракацца нам купы шведаў паабапал дарогі, пераважна моладзь, якія палілі вогнішчы, адзначаючы нейкае сваё паганскае свята — ні то нашу вераб’іную ноч, ні то сваю ноч ведзьмаў. Адным словам, вогнішчы палалі няслаба, народ ад душы весяліўся і часам шпурляў бутэлькі, не заўсёды пустыя, а некаторыя нават падалі на палатно шашы.
У фінскі гарадок Оўлу мы прыкацілі ноччу 1-га мая, дзе я спыніўся ў пакойчыку майго земляка Мірона. Ён пакінуў Радзіму ў тым жа 2002-м, толькі на паўгода раней. Фінку выбраў, асабліва не выбіраючы — проста далёка ў Еўропу забірацца яму не хацелася. Цяпер, як і я, ён чакае ў лагеры адказу ад фінскіх уладаў. Яму, праўда, шанцуе больш: выбіў сабе асобны пакойчык; інтэрнэт у яго тут — гэта другі наш зямляк, Макар, наладзіў яму віртуальную сувязь.
У Мірона гасцяваў я два тыдні: днём вандравалі з ім па ягоных фінскіх аколіцах, заходзілі ў кавярні, глядзелі праз плот на тэрыторыю завода “Нокія”. Там, уздыхалі мы, працуе рабочая эліта, зарабляе добрыя грошы, а летам атрымае свае законныя адпачынкі і паедзе грэць пуза куды-небудзь у Тайвань-Малайзію. Так мы цокалі языкамі, аблізваліся і ехалі на роварах піць фінскае піва.
У тутэйшым лагеры для бежанцаў таксама поўна савецкіх. Землякоў нашых прываліла аж цэлая каманда, “наваполацкія” называюцца. Ніхто з іх ні на які прытулак не спадзяваецца — хлапцы проста выкарыстоўваюць сітуацыю, каб крышку бабак адбіць, карыстаючыся спецыфікай фінскіх законаў. Землякі ўжо прапаноўвалі мне драбязу ад шкарпэтак да рознага электроннага начыння. Прыйшлося расчараваць — кажу, я сам з рознічным таварам працую. Здзівіліся, паверылі і змянілі тэму.
З нагоды майго прыезду зямляк Даніла арганізаваў лазню. Эх, папарыліся дадушы! Потым зашліфавалі распараныя душы фінскай крамнай і рашылі, што ў Еўропе трэба браць грошы, а ўкладаць іх у справу — дома. Зрэшты, як і жыць — таксама дома.
Гасцяванне ў Фінцы адпусціла маю закамянелую лагерную душу. Вярталіся мы з Падпахам у нашу Норге, можна сказаць, з лёгкім сэрцам. І без прыгодаў.
Па вяртанні з Фінляндыі пайшоў у горы. Стаў хадзіць ледзь не што­дня. Бо як жа я мог прапусціць такую раскошу — пайсці вясной у горы! Першы раз у нарвежскія горы!
Яшчэ ляжаў снег, і горныя плыні бушавалі на ўсю сваю зберажоную за зіму сілу. Цвілі жоўтыя і сінія першацветы, толькі-толькі набухалі бярозавыя пупышкі, нягледзячы на тое, што ўжо быў канец мая. І хоць я пабываў і на фантастычным Памір-Алаі, і бачыў з вакна цягніка велічны Урал, і вандраваў з сябрамі па Карпатах і крымскіх пагорках, але толькі тут, у нарвежскіх скалах, я адчуваю неверагодную, адчайную свабоду. Відаць, таму, што я тут адзін, абсалютна адзін і разлічваць магу толькі на сябе, свае сілы і кемлівасць…
У першую маю вылазку ў Сальтф’ельлет акрамя чаю і бутэрбродаў я прыхапіў старэнькі дыктафон і мой першы плёначны фоцік — вучыўся здымаць пейзажы, запісваў галасы птушак, шумы вадаспадаў і свае адзінокія каментары.
Былі і крытычна-кур’ёзныя сітуацыі. У першай жа вандроўцы перажыў сапраўдны страх за жыццё, калі быў завіс над бурлівай ракой, не могучы варухнуцца ні ўзад, ні ўперад. Вісеў, прыляпіўшыся не тое што целам — нутром! — да вертыкалі скалы, пакуль не прайшла паніка. З таго часу я больш не раблю эмацыйных парываў. Горы любяць, калі па іхніх рамёнах перамяшчаецца спакойны і разважлівы следапыт. Вучуся ў гарах быць якраз такім.
Дарагі зямеля, за гэты бежанецкі год напісаў я ўсяго тры вершы — ну не ідуць нешта, няма таго парыву, які быў дома. Дыярыюш свой запаўняю акуратна і ці не штодня, але прыходзіцца перахоўваць у матрацы, з якога мусіў выразаць кавалак паралону, каб зрабіць тайнік.
Напісаў быў верш прынцэсе Нарвегіі Марце Луізе, натхнёны ейнай міласцю і простасцю. Ведаеш, ніякай фанабэрыі ў вачах, здаецца такой блізкай і сваёй, як дачка якой-небудзь нашай перадавой даяркі ці работніцы паляводчай брыгады. Без смеху, так і выглядае.
І вось паслаў я той верш не куды-небудзь, а ў самую каралеўскую рэзідэнцыю. І праз два тыдні атрымаў адказ за подпісам каралеўскага сакратара. Як маладыя кажуць, было прыкольна атрымаць жоўты канверт і ліст на гербавай паперы з сімваламі каралеўскага дому.
Набыў я нарэшце вуду і навучыўся закідваць блешню. Цяпер, каб разнастаіць свой рацыён, хаджу на рыбу. Ловіцца пераважна траска і селядзец. Некаторыя вопытныя з нашых савецкіх ловяць квейту — камбалу. Рыба гэта смачная, амаль без костак, ловіцца на селядца. Для нарвежцаў рыба — як для нас бульба: прадукт звычайны і неадменны. Але не думай, што ў краме ты купіш нарвежскую рыбку за так сабе цану. Не, дарагая рыбка ў нарвежскай краме, даражэйшая за свініну і ялавічыну — калі, вядома, не паўфабрыкаты купляць. Проза жыцця, што зробіш.
Ну ды рыбку можна самому злавіць, а вось з хлебам — бяда. Ужо год пражыў у гэтай мілай краіне і разумею ўсё болей, што да тутэйшага хлеба я так і не прывыкну. Па-першае, калі яго цэлымі паддонамі можна выкідваць у кантэйнер для адкідаў, дык ці можа такі прадукт называцца хлебам? Зямляк, нас як вучылі ў нашым савецкім грамадстве, дзе ў нядаўнія часы жыццё чалавека не каштавала і аднаго камплекту турэмнай робы? Нас вучылі, што хлеб — усяму галава. І дзяды прыказвалі, што хто кінуў хлеб на дол, той моцна зграшыў перад богам. Таму калі раптам кавалачак хлеба выпадаў з рук, яго стараліся як найхутчэй падняць, абдзьмухаць ад пылу хоць бы рытуальна і калі не з’есці, то беражліва пакласці на стол. Так было і так у нас ёсць, як бы там ні плішчылася ў нашую старану цывілізацыя.
Ну а тут, у гэтай цацачнай краіне ф’ёрдаў і троляў, на хлеб не дзьмухаюць, а проста ў смецце адпраўляюць, у смярдзючы жалезны кантэйнер. А раніцай прыязджае вялікая жоўтая машына, выгружае гэты хлябок у сваё чэрава і вывозіць на звычайную звалку… Ты ж, як і я, фантазёр і мастак, дык паспрабуй уявіць гэтую грандыёзную цывілізацыйную карціну, вартую пэндзля Пітэра Брэйгеля ці якога Босха: тысячы боханаў розных гатункаў – з гарбузнымі і сланечнымі семкамі, з семем ільну ды іншымі інгрыдыентамі — па ўсёй Нарвегіі тысячы жоўтых смеццявозаў у пэўныя дні тыдня вывозяць на сотні вялікіх і малых звалак. На звалках — прыватных і дзяржаўных — працуюць магутныя жоўтыя машыны шведскага аўтамабільнага канцэрну “Вольва”. Яны старанна і метадычна, з германа-нардычнай грунтоўнасцю трамбуюць тоны прадукту, што яшчэ ўчора быў гарачым цестам, потым свежым цёплым боханам у папяровым ці цэлафанавым пакеце па цане ад аднаго да пяці-шасці еўра, які так і не паспелі купіць… Га, чым не відовішча апакаліпсісу, вартае ўвекавечвання на палотнах новых галандскіх жывапісцаў?
Зрэшты, не. Новых галандцаў не будзе. Вопытныя вандроўнікі па бежанецкіх лагерах кажуць, што такую карціну можна назіраць па ўсёй Заходняй Еўропе: мільёны боханаў, тысячы тон хлеба — проста ў зямлю!.. Памятаеш, як там у нашага земляка Дастаеўскага пра адну-адзіную слёзку дзіцяці? Маўляў, ці варта ўсё хоць адзінай дзіцячай слязы? Ну а я хачу задаць сваё рытарычнае пытанне: ці мае права цывілізацыя на далейшае існаванне, калі хоць адзін бохан хлеба не проста выпадкова ўпушчаны на зямлю з нязграбных рук, а закапаны ў яе свядома?
Ты ведаеш, павінна ў нашым жыцці хоць нешта мець сапраўдную цану. Не, не так: павінна быць тое, што не мае цаны, што нельга ацаніць, што неацэнна ў прынцыпе…
Вось на нашых вачах цывілізацыя спрабуе зрабіць неацэннымі “правы чалавека”. Дык ці не гэтыя апошнія зрабілі магчымым тое, што хлеб, які быў “усяму галава”, стаў проста элементам утылізацыі?
Дарагі ты мой чалавек, я чаго толькі не перажыў у жыцці, тым больш пасядзеўшы ў турме, але нават я не чакаў, што самае брутальнае ў маім жыцці я ўбачу ў самай добраўпарадкаванай краіне свету.
А можа рыба ў Нарвегіі дарагая таму, што такі танны ў гэтай краіне хлеб?
P.S. Мой бацька ў свой час збіраў цікавую і для сучаснага заходняга свету проста немагчымую калекцыю — зборку рэчаў, знойдзеных у хлебе Мядзельскай пякарні. Калекцыя многа гадоў ляжала на шафе, пастаянна папаўняючыся. Больш за ўсё ў ёй было цвікоў. Вось у такой цікавай краіне праходзіла нашае дзяцінства. І калі — у 70-х гадах 20-га стагоддзя! І што — цвікі ў хлебе, які “всему голова”!
Зямляк, як я стаміўся ад іхняга хлеба. Як раздражняюць усё гэтыя пазахлебныя інгрыдыенты — семкі, разынкі, арэхі!.. А хлеб павінен быць хлебам, каб у ім чуваць была сіла жытнёвага ці пшанічнага коласу. Каб бохан можна было прыціснуць да грудзей, адразаючы акраец злева направа, пачынаючы разрэз са стараны, дзе сэрца, і завяршаючы на старане, дзе душа.
Днямі перачытваў “Ракавы корпус” Салжаніцына і знайшоў радкі якраз да нашай тэмы. Адзін з герояў аповесці, Шубін, кажа: “Каблуками давя белые буханки и захлёбываясь молоком — мы совсем ещё не будем счастливы”. А я дадам: у іхнім хлебным прадукце ніколі не знойдуць цвікоў, але і душы таксама.
Ага, вось яшчэ ўзгадаўся адзін выпадак з хлебам. Было гэта ў далёкім 1980-м, я тады служыў у марской вучэбцы ў Караляўцы (цяперашні расейскі Калінінград). Мы навабранцы з нецярпеннем чакаем вестак з дому, а хто — і маміных ватрушак. І вось аднаму ці то ўзбеку, ці таджыку прыходзіць пасылка з традыцыйнай выпечкай народаў мусульманскай веры. Вядома, пакуль той хлеб пераслалі з Азіі ва ўсходнюю Еўропу, на ім завяліся плямкі пеніцыліну. Але ці гэта страх для падсавецкага чалавека, які і не такое перажываў? Аднак старшына рашыў паказаць, што дбае пра здароўе сваіх падначаленых і выкінуў тыя ляпёшкі. А ў выніку атрымаўся вялікі скандал, бо той узбек (ці таджык) пакрыўдзіўся, патрабаваў вярнуць яму матчын хлеб і кляўся алахам, што прыстрэліць культурнага старшыну.
Перад Калядамі здарылася са мной прыгода: рашыў я перайсці ў іслам. Ведаеш, я ніколі не быў добрым каталіком, хоць і адзначаў нашыя святы з сям’ёй. Але ў касцёл не хадзіў — польская мова раздражняла настолькі, што хацелася стукнуць ксяндза падсвечнікам у патыліцу. А тут так збрыдзела мне нешта ўсё еўрапейскае, увесь гэты культурны фальш белай цывілізацыі, ды яшчэ знаёмства з Кантэйнерам. Мне гэтыя булкі белага хлеба ў сметніцы часам у сне сняцца… Ну, вось і пераклініла мяне, кажу тут знаёмым мусульманам, што вось так і так, а калі ў вашу веру… А яны і радыя, адразу адзін узяўся мяне курыраваць, бо, кажа, калі ён прывядзе мяне ў сваю веру, дык яму алах залічыць гэта як вялікі плюс.
Карацей, знайшлі мне Каран на рускай мове, паказалі, якія раздзелы найперш прачытаць для ўводзінаў, як і колькі разоў на дзень маліцца… А праз нейкі час у наш запалярны бежанецкі лагер іхныя святары з Осла наведаліся. Пабачыў я іх і неяк здрэйфіў: усе чорнабародыя і смуглатварыя, у белых сваіх хламідах, вочы блішчаць і якбы з нейкай патойбаковай глыбіні глядзяць, — ці то ўжо з раю, ці то яшчэ з пекла. І так ад гэтых позіркаў непрыемна… Ну але выгляду не паказаў, цярплю. Запрасілі на сходку ў падвальным пакоі, адведзеным для малітвы. Эмісары з Осла з нашымі мусульманскімі вернікамі, вядома, па-іхняму гавораць, па-арабску. Сёе-тое куратар мне перакладае, называе прозвішча аднаго з іх: мула Крэкар.
Чую, пра Ірак загаварылі, і бачу, што твары слухачоў яшчэ больш пацямнелі, а голас прамоўцы неяк трывожна, як па стромай скале, уздымаецца ўверх і там застывае.
Куратар мой так і не патлумачыў, што ж там было пра Ірак у прамове мулы Крэкара.
Так я ўвайшоў у 2004-ы — з Каранам у руках і белымі боханамі хлеба ў вачах — хлеба, які я ўпершыню ў жыцці ўбачыў не на хлебных паддонах у краме, а ў зялёным жалезным кантэйнеры для адкідаў і смецця.

2004

“Жалезная” Эрна; “падарунак” на дзень нараджэння; дыяспара заступаецца; вяселле азербайджнца; таямніцы тутэйшай звалкі; ізноў горы; газонакасільшчык; віно з блакітных ягад; забойства на горным плато; грыбоў у лесе, як рыбы ў моры; Зейнаб; Мікола з Гішпаніі транзітам праз Нарвегію; такія чужыя “свае”; “сурвэтка”; сем тысячаў за 2 гады; гуманітарны прытулак.

Дарагая Сястра мая!
Вось і скончыўся дзве тысячы трэці, які я так ніколі і не пражыву на Радзіме, бо аддаў яго прыгожай, сытай, саманадзейнай і хітрай Чужыне.
Гэты год пачаўся з забойстваў. У бежанцаў, якія гадамі сядзяць у лагерах, чакаючы адказу ад уладаў, пачынае зрываць дах. І тады яны ідуць і вытрасаюць душу з тутэйшых. У студзені малады пакістанец залез у мірны дамок 80-гадовай бабулькі і кокнуў яе фактычна без дай прычыны (грошаў у старой у хаце не было — свае капіталы нарвежцы трымаюць у банках). Газеты не змаглі не заўважыць, што жанчына перажыла нямецкую акупацыю, але не перанесла бежанецкай навалы.
У лютым ужо ў нашым запалярным регіёне самаліец, ізноў жа малады, смяротна параніў нажом шафёра рэйсавага аўтобуса, які не пускаў афрыканца ў салон без білета. Ізноў газеты прайшліся жорсткай франтальнай крытыкай па палітыках і палітычных партыях. Асабліва дастаецца правым, якія сёння маюць бальшыню ў Стортынгу і ўрадзе. Лідэр партыі правых і міністр дэпартаменту камунальнай гаспадаркі Эрна Сольберг пачала была закручваць гайкі адносна палітыкі прыёму бежанцаў, але гэта толькі ўскладніла праблему. Дасціпны народ абыгрывае імя “Эрна” са словам “ерн” — жалеза, а ў выніку атрымліваецца мянушачка “Жалезная Эрна” (“ерн Эрна”). Да таго ж гэты палітык у спадніцы настолькі масіўная (кіль пад 150 на выгляд), і пры тым русавалосая і мілая з твару, што выходзіць зусім добра і па-сямейнаму. Як толькі бачыш яе на экране TV, хочацца думаць нешта такое прыемнае пра сям’ю чалавек з дзесяці як мінімум; пра Велікодныя булкі, калдуны, бульбяную “бабку” і законныя дранікі. А па ўсім — пра выкананне шлюбнага абавязку на салідным драўляным ложку з металічным каркасам.
Ну ды сімпатыі мае мне не дапамаглі — акурат 8-га сакавіка, на свой сорак другі дзень нараджэння, я атрымаў адмову на прашэнне пра палітпрытулак. Можаш сабе ўявіць, які я быў злы і проста раз’юшаны. Ты ж ведаеш, ехаў я ў гэты край не ў эміграцыю і не па прытулкі — я ж не бязбацькавіч, і Радзіма для мяне — гэта маё ўсё. Я прыпёрся сюды, каб здабыць матэрыяльную незалежнасць, каб зарабіць. Ну а калі пайшлі такія расклады, што без прытулку ніяк, то і я падключыўся да спаборніцтва. Тым болей, што, як я лічыў, у мяне ўсе казыры на руках, усе правы за мной.
Аказалася, што не, казыры на руках у тых, хто забівае: у афрыканцаў, арабаў. “Не, здавацца рана,” — зрабіў я разумную выснову і даў “дабро” свайму дзяржаўнаму адвакату Эйнару Хесельбургу на падачу касацыйнай скаргі.
Падключылася і наша еўрапейская дыяспара са штаб-кватэрай у Бруселі. Даслалі абурана-пагрозлівыя лісты на адрас нарвежскіх уладаў і ў праваабарончыя еўрапейскія інстытуты. Чакаем вынікаў.
Ужо цэлы год сядзіць у нашым лагеры гора-ўцякач з Азербайджану — малады недавук-наркаман, які дастае ўсю нашу бежанецкую грамаду. Ягоная неўратычная энергія не дае яму спакою ні на хвіліну — гэта перад хуткім канцом. Не дацягне і да 40. Тым болей, што ў яго, як ён кажа, самая цяжкая форма гепатыту.
Дык вось у маі адзначылі мы ягонае вяселле з тутэйшай дурніцай. А было так. Адзін мой знаёмы афрыкан, хрысціянін, наладзіўся хадзіць на нядзельную імшу ў наша сяльцо. Ну дык во, хадзіў-хадзіў, пакуль не пазнаёміўся з тутэйшай дзяўчынай. І так гэтая маладая нарвежка-таўстуха прыкіпела да паджарага афрыкана, што аж да нас у лагер пачала прыходзіць. Вось тут, у гэты момант, і пераманіў наш азер тутэйшую любаньку — пачаў яе на вечарынкі свае запрашаць, касячкі забіваць навучыў, самагонку піць і лаяцца “паматушкі” рускімі словамі.
Потым было “вяселле маладых” — азербайджанскага наркамана з гепатытам у крыві, і маладой нарвежскай дурнічкі ў цяжкой вазе.
Прыехалі аднекуль з правінцыі ейныя бацькі майго веку. Нашая рускамоўная бежанецкая кодла адкрыта падсмейвалася з іх, падымаючы шклянкі з самагонкай за здароўе маладых.
Урэшце рэшт госці перапіліся і страцілі кантроль над сітуацыяй. Тады прыйшлі суседзі-славяне, выцягнулі “маладога” на двор і за кустом чорных парэчак увярнулі яму трохі ў бакі…
Нядаўна “маладая пара” пераехала кудысьці пад Осла, дзе нявеста знайшла нейкую работу. Уяўляю сабе, якое цікавае сямейнае жыццё яе чакае…

* * *
Здароў, зямляк, каб над табой поп яшчэ доўга не зароў! Дык ты там не здаешся, як некаторыя, трываеш. Гэта добра, гэта ўхваляю.
А памятаеш, як ты летам нуль другога заваліў да мяне з разбітай галавой? Ты казаў, што ачуўся ў купалаўскім скверы, дзе цябе гопнікі стукнулі за твой інтэлігенцкі выгляд. І вось ты з акрываўленай галавой дабіраўся грамадскім транспартам з цэнтру сталіцы аж да нас у Курасоўшчыну, каб атрымаць у мяне першую сяброўскую дапамогу — настаўніку ад вучня. Я тады аддаў табе мой стылёвы летні плашч, нейкія спінжакі і швэдры, ведаючы, што ў бліжэйшыя гады мне іх ужо не насіць…
Ты тады быў у вельмі дрэнным эканамічным стане і прадаваў мне сваё апошняе дабро — залаты ланцужок з часоў нашага жыцця ў Серабранцы.
Вось тады я яшчэ раз пераканаўся: трэба ехаць, шукаць шляхі да эканамічнай незалежнасці, без якой і духоўная свабода выглядае сумнеўнай. Бо чым бы я дапамог табе, каб не было ў мяне тады свайго жытла, гарачай вады і ста грамаў з закускай у лядоўні?
Цяпер я сам вяду абсалютна спартанскае існаванне ў гэтым лагеры, чакаючы адказу на маю касацыйную скаргу. Ты ўжо ведаеш, што кармлюся я з Кантэйнера, пераводзячы сваю сацыяльную выплату ў паўночна-амерыканскія даляры. Яшчэ пачаў збіраць і здаваць пустыя пляшкі. А нядаўна адкрыў новую крыніцу эканамічнай падтрымкі — прыватную звалку. Я вывучыў распарадак рабочага дня і прыязджаю туды, калі работнікі звалкі садзяцца ў свае легкавушкі і едуць дамоў.
На звалцы я знаходжу ўсё, што мне патрэбна для аўтаномнага існавання: у кантэйнеры для металічнага лому чакаюць мяне наварочаныя велікі, якія толькі трохі падрамантаваць — і паехаў; у іншым — вопратка, толькі пракіпяціць… Часу ў мяне поўна, таму летам я працую няспешна. Іншы раз зусім блізка падбягае ліска, і тады колькі хвілінаў мы глядзім у вочы адно аднаму. Вядома, першай адводзіць свой цікаўны позірк яна і, вінавата фыркаючы, адбягае за плот. Зімой часам пужае мяне кароль тутэйшых узлескаў лось, калі нечакана ў ціхім марозным паветры пад ім звонка трэскаецца сухая сасновая лапка.
Тутэйшая звалка камуны “Сальтдал” адкрывае мне, дапытліваму чужынцу, элементарнае жыццё сённяшніх нашчадкаў колішніх вікінгаў. Фактычна я магу прасачыць па адкідах жыццё таго ці іншага роду ад нараджэння да смерці. Вось, напрыклад, у сям’і якога-небудзь Юна Ларсэна падрасла дачка Брунхільда, яе рыхтуюць да канфірмацыі. Аднойчы дзяўчына-падлетак бярэ пакет і згружае ў яго ўсю сваю дзявочую драбязу яшчэ з часоў хрышчэння. Першыя завушнічкі і першыя пярсцёнкі, купленыя мамай на ейнае 6-годдзе; здымачкі памерам 3х4, яшчэ чорна-белыя, на адваротным баку якіх пазначана: “Б.Л., 10 гадоў, 1971”; цэлая жменя рознакаляровых гузічкаў і караляў, сярод якіх я намацваю і срэбны ланцужок з сэрцайкам…
Такіх пакецікаў я вунь колькі даследваў! Збольшага ў іх адно і тое ж: драбяза, якая збіралася ў дзіцячым пакоі ад нараджэння да канфірмацыі.
У пакетах дарослых дам часта хаваюцца сведчанні сямейных драм. “Дарагому Уле ад Эльзы. На памяць. 1962”. Колькі падобных надпісаў прачытаў я на розных — чорна-белых і каляровых — здымках за час, пакуль я берсеркам хаджу на гэтай звалцы. Дзе вы цяпер, Уле і Эльза? Чаму перасталі вам быць дарагімі вашы здымкі, альбомы, кніжкі пра каханне з дарчымі надпісамі. Няўжо-ткі нічога не каштуе здымак блізкага чалавека, які некалі быў каханым? Няўжо сапраўды людская памяць такая кароткая? Няўжо мне выпала быць апошнім сведкам вашага былога кахання — тут, на месцы яго апошняга спачыну. Ужо на іншую — сваю — памяць я забяру вашыя чорна-белыя здымкі 60-х. Астатняе, як вы і рашылі, я пакіну на гэтай невялікай запалярный звалцы, што ляжыць паміж двума горнымі хрыбтамі, паміж якімі, у салёнай даліне аднаіменнай камуны, пражылі свой век дзясяткі пакаленняў вашага роду…
Праз некалькі дзён работнікі звалкі перасыплюць гэты ўчастак спецыяльнай соллю, якая дапамагае распаду неарганічных матэрыялаў. Потым трактарыст утрамбуе пакецікі з недавыкарыстанай пудрай, крэмам “Nivea”, старымі шампунямі: пройдзецца па вашай памяці і вашым каханні і ўрэшце засыпле іх скальным халодным друзам. І толькі некалькі здымачкаў дзяўчыны Эльзы з шыньёнам на русай галоўцы і хлопца Уле з прычоскай “пад Бітлоў” застануцца ў маім архіве, каб сведчыць, што вы ўсё ж былі…
Самае сумнае, калі зазіраеш у пакецікі бабулек. Гэта значыць, што іх ужо няма, а ўнукам бабуліна драбяза тым больш не патрэбна, калі яны і сваю не берагуць.
У бабуліных пакеціках — старызна ўсяго 20 ст.: — карычневыя грабеньчыкі, модныя ў 30-х–50-х; металічныя пярсцёнкі з устаўкамі з танных камянёў; старыя скукожаныя рыдыкюльчыкі, якія служылі сваім гаспадыням яшчэ да разрыву уніі са Швецыяй у 1905-м; драўляныя пацеркі-ружанцы з алюмініевымі крыжыкамі; дэкаратыўныя талерачкі і падсвечнікі з алюмінію… Доўгія гады гэтая драбяза старэла разам са сваімі ўладальніцамі, падтрымліваючы ў іх агмень памяці. І вось цяпер усё: прыняўшы з маіх рук апошняе чалавечае цяпло, гэтая драбяза следам за гаспадынямі вяртаецца ў прах, адкуль усё яно і паўстала.

* * *
Неяк апароў у кантэйнеры з сэканд-хэндам заплечнік з намётам, і мяне зноў пагнала з лагера ў горы. Цяпер у мяне было ўсё, каб вандраваць па вышынях хоць сабе і тыдзень. Аднаго разу я і сапраўды блукаў трое сутак аж пакуль не скончыўся правіянт. А калі вярнуўся ў лагер, “дабрахот” азер пачаў гавэньдзіць, што ён вельмі перажываў маю “прапажу” і быў гатовы замальдаваць у паліцыю. Во, думаю, гепатычны хітрэц, мог мне скандалу непатрэбнага нарабіць. Набыў булдаку бутэльку нашай лагернай самагонкі за ягоныя па мне “перажыванні”, з ім жа мы яе і распілі, а на другі дзень я ізноў уцёк у бязлюддзе.
У гарах існуеш як мінімум у дзвюх плоскасцях: у звычайнай гарызанталі і ў вертыкалі. Варта падняцца на любую вяршыньку, на любы больш-менш сур’ёзны валун, і ты ўжо адрываешся ад гарызанталі, ты ўжо, можна сказаць, пакідаеш зону Эўклідавай геаметрыі… Скала, на вяршыні якой ты стаіш, — гэта першая прыступка вертыкальнай палярызацыі. Потым — паветраная прастора — другая прыступка вертыкалізацыі. Ну і стратасфера — прыступка да неба. Так што калі мы кажам зорнае, блакітнае неба — мы кажам правільна. Усё, што за стратасферай — нябеснае, усё, што перад — зямное. Нездарма антычныя, нардычныя багі жылі на горных вяршынях. Хрысціянскі ўзняўся крыху вышэй — на аблокі (пра алаха не ведаю). Адным словам, там, дзе пачынаецца тэрыторыя багоў, адчуваеш сябе адпаведна. Пры гэтым мне абсалютна не патрэбны ніякія механічныя прыстасаванні, каб тут жа сігаць з гары і лётаць. Я занадта жывы, каб бяздумна рызыкаваць сваім фізічным існаваннем. Каб адчуваць палёт, мне трэба цвёрда ўпірацца ў вяршыню маімі нагамі, якія і паднялі мяне на яе…
Не скажу, не, мяне ніколі — нават у дзяцінстве — не цягнула ў нейкія экзатычныя краіны і на іншыя кантыненты. У горы таксама не хацелася — нават тады, калі з Алікам Апанасевічам чыталі ў яго ў хаце “Плутонію” Обручава.
Ёсць такое правіла: не жадай — і яно здарыцца. Так і ў мяне: не хацеў я гор — і яны прыйшлі. Як да Магамета прыйшла ягоная гара.

* * *
Было гэта сёлета ў ліпені.
Сярэдзіна дня, сонца высока ў небе і не збіраецца яго пакідаць. Высокія травы на недагледжанай камунальнай тэрыторыі спяшаюцца адбушаваць, пакуль не скончыўся кароткі запалярны перыяд вегетацыі. Я іду з лагеру ў Рогнан, у публічную бібліятэчку (ці, можа, я ішоў назад, з мястэчка ў свой бежанецкі лагер, не ведаю). Істотна іншае: праз многа гадоў пасля першага прагляду на дабітым відаку галівудскай стужкі “Газонакасільшчык” я ўбачыў нажыва чалавека з такім смяротнанебяспечным механізмам у руках.
Гэта быў тутэйшы пенсіянер гадоў пад 70 на выгляд — крэпенькі мацачок, які падстрыгаў сваёй матарызаванай касой газон вакол будынку. Зрэшты, тут трэба ўдакладніць: травы як такой каля хаты не было, таму правільней будзе сказаць, што старычок ад няма чаго рабіць проста гладзіў даўно пастрыжаны пляц.
Газонакасілка была безумоўна шматсільнай і нахабна вырыгвала, выплёўвала са свайго чэрава ў ціхае местачковае наваколле нерва-разбуральны трэск і бензінавы смурод. Я спыніўся і назіраў за аператарам хвілінаў пятнаццаць. Ніколі не забуду гэты малюнак: ціхая летняя сярэдзіна дня, справа і злева над далінай — залёныя горы, вышэй над усімі намі — вялізная сонечная свастыка, проста перада мной — утульны белы дом і купа крывабокіх палярных бяроз, вакол якіх з кавалкам смярдзючага жалеза соваецца стары мудак.
Я стаяў і спрабаваў зразумець: няўжо каб скасіць некалькі сотак рэдкай траўкі на беднай паўночна-нарвежскай глебе, трэба пускаць у ход такую магутную тэхніку? Пытанне маё было з шэрагу рытарычных. Замест адказу я паспрабаваў успомніць сюжэт галівудскага трылеру, у якім нейкія ўмоўна станоўчыя героі гінуць пад нажамі газонакасілкі. Сёння, зямляк, я не пэўны, хто там ад чаго гіне ў прыдуманым кінасюжэце, але дакладна ведаю, што каб раптам ажыла газонакасілка ў руках нарвежскага пенсіянера і насмерць пакалечыла яго, я ні хвіліны не пашкадаваў бы старога, ведаючы адно: справядлівасць адбылася і трэба ісці сваёй дарогай.

* * *
Сярэдзіна лета за Палярным кругам. Пара збору чарніц, якія тут называюць блакітнымі ягадамі. Памятаеш, як 20 гадоў таму я прыносіў іх на кухню нашай студбрыгады, якая тады будавала свінарнік у нейкім карэльскім сяле? Цяпер я хаджу ў нарвежскі лес, збіраю тыя самыя чарніцы і раблю з іх віно. Спачатку проста засыпаў цукрам. Потым з’явіўся Гоха і падказаў, што лепш заліваць сіропам — вінчык настойваецца хутчэй.
Пілі-каштавалі ўсе, хто заходзіў у наш блок. Сапраўды, ад таго морсу крыху хмялела ў бежанецкай галаве, настрой лепшаў і з’яўляўся апетыт. О, каб мы былі разам, як некалі ў маладыя гады, мы замуцілі б не толькі віно — каньяк нарвежскі запалярны гналі б мы ў раздольных гарах! І адзінокі паляўнічы на горную курапатку заходзіў бы на нашу стаянку здымаць пробу.

* * *
Восень-2004 была нялёгкай. Дзіва што — два гады адбыць сярод невядома якіх людзей. Іншы раз такая хваля нянавісці накрывала, такі Гальфстрым ярасці працінаў наскрозь, што карцела ўсіх гэтых бліжніх і далёкіх грызці зубамі і душыць уласнымі прыгожымі рукамі, прывучанымі толькі трымаць асадку ды лашчыць жанчын у пяшчотных месцах…
У верасні апанавала мяне нянавісць асабліва — завяршаўся сезон вольніцы, калі я днямі мог прападаць у гарах, адпачываючы ад лагерных чалавекападобных. Вось-вось пачнуцца халады, снег, і прыйдзецца невылазна сядзець у сваім бежанецкім логвішчы, слухаючы несупынную лаянку…
Душа, брат, прагла сатысфакцыі, а рукі проста смылелі — так хацелі зліцца з тронкамі нажа ці з прыкладам якога-небудзь самазараднага карабіну Сіманава. І тады я вырашыў: прыйшоў час узняцца ў горы і скласці ахвяру сваім багам. Іначай тут, у нізіне, я без ніякіх ахвяраванняў перарэжу горла якому-небудзь гома эрэктусу.
Збіраўся нядоўга. Усё неабходнае было пад рукамі: заплечнік, вялікія і малыя пластпакеты, матузы-шпагаты, ліхтарык, соль, запалкі; старанна навастрыў нож, выдадзены мне разам з іншым кухонным начыненнем яшчэ ў кастрычніку 2002-га…
Падымаўся доўга, часта спыняючыся на перадых, прыслухоўваючыся да галасоў нагорнага лесу і шуму асенніх вадаспадаў. Разам са мной падымалася па-над усім і сонца — абсалютна чыстае і нейтральна-ўсмешлівае. Пад абед зусім распагодзілася, і тады на вышынных раўнінах Салёных гор я ўбачыў авечы статак, які, быццам касяк селядцовых, то збіраўся да кучы, то раптам распадаўся на купкі і адзінокія асобіны.
На плато, як заўсёды, дзьмуў вецер. Па той бок нарвежска-шведскай мяжы відаць былі заснежаныя вярхі гор вышынёю каля дзвюх тысяч метраў. Я прысеў пад кавалак скалы і дастаў сабойку.
Яны былі акурат перада мною, калі я дапіў чай і пусціў па ветры пусты пакецік з-пад нейкіх тутэйшых ландрынак. У кожнай — вялікай і малой — на кожным вуху целяпаўся вялікі зялёны клямар з нумарам. На тоўстых кучаравых шыях у бараноў і старых авечак матляліся і пазвоньвалі бляшаныя званкі. На першай прыступцы да неба было нязвычна слу­хаць бляшаны звон і мэканне дурной скаціны. Гэта ўсё роўна, як-бы ўвесь наш бежанецкі інтэрнацыянал раптам прызямліўся тут, на высокагорнай раўніне, і пачаў лапатаць на сваіх нацыянальных суржыках, разбіўшыся на групы і банды.
Мяне ізноў скаланула ліхаманка агрэсіі, якая прыціхла была, пакуль я сюды падымаўся. “Нічога. Гэта добра, — падумалася, — менш развагаў, рука будзе цвёрдай, а сэрца — без жалю”. Я намацаў у кішэні кантэйнерны хлеб з інгрыдыентамі, дастаў і пачаў кідаць гэтай біблейскай скаціне, выбіраючы ахвяру.
Было адразу ясна, што дарослую рэзаць не выпадае: многа важданіны, руно вялікае, ды і мяса аж занадта, усё не данясу, частку прыдзецца кінуць…
Але мне, прагнаму да забойства, пашанцавала: у статку быў падрост, напалавіну меншы за дарослых. Маладняк ёсць маладняк, што ў людзей, што ў дзікіх звяроў, што ў свойскай скаціны. Маладняк смела ідзе да рук, шукае важака, прагне навукі, а яшчэ больш гульні, і часта гіне, яшчэ не абцяжараны вопытам барацьбы за выжыванне…
Маёй здабычай, ахвярай маім новым нардычным багам аказалася ярачка. Я не хацеў самку, бо найперш ненавіджу самцоў, але не было часу выбіраць. Кожную хвіліну над галавой мог з’явіцца гелікоптэр лясной аховы, бо гэтым летам засуха і шмат пажараў, і яны часта патрулююць…
Лёс выбраў яе, зімовага акоту сімпатычную ярачку з роўнай, яшчэ не агарбелай, як у дарослых, мордачкай. Яна не паспела даесці мой хлебны гасцінец — я спрытна ўхапіў яе за руно на карку, тузануў на сябе ўверх, падставіў нагу і паваліў набок. Ад страху ў скаціны пасыпаліся чорныя авечыя гарошыны памёту, і можна было б расчуліцца. Але тут паўстала перад мной такая яскравая карціна несправядлівасці свету, так паласнула па мне лязо дзікай злосці, што месца для жалю ў душы не засталося. Я зручней перахапіў тронак нажа, адвёў скаціне галаву як мага далей на спіну і ўпэўненым рухам паласнуў лязом па выстаўленым безабаронным горле…
Як на духу кажу: яна не мучылася. Нож быў сапраўды востры, і я адлучыў галаву ад тулава за якіх дваццаць секунд. Цяжэй было без расцяжкі зняць скуру, але і гэтаму даў рады. Разабраў за якой паўгадзіны, раз-пораз паглядаючы на неба, за гарызонт і перад сабою. Парэшткі — скуру, вантробы, галаву і капыты — закапаў у сыры тарфянік блізкага балотца. Мяса зладаваў у вялікі пластпакет, усё гэта ў заплечнік. І толькі па завяршэнні ахвяразабойчай аперацыі мяне нарэшце адпусціла акрутная, я адваліўся на спіну пад скалой і на некалькі хвілінаў выпаў з рэальнага часу.
…Снілася сястра, чамусьці старэйшая за мяне, мы дурэем з ёю на нашым вялікім хутары, месяц чэрвень, густа пахне язмінам і ўжо зацвітае ранняя бульба-паспешка. Я казычу сястру зялёным коласам азімага жыта, яна пырскае на мяне сцюдзёнай вадой з медыцынскай піпеткі…
Ад гэтах маленькіх кропелек, якія калолі мне лоб і шчокі, я і прачнуўся. Церусіў лёгкі пералётны дожджык. Не заставалася нічога іншага, як, перамагаючы лёгкую апатыю пасля мімалётнага сну, закінуць за плечы нялёгкую ношку і вяртацца ў даліну. Мяса яшчэ гадзіну таму жывога стварэння прагравала мне паясніцу праз тоўсты поліэтылен і гэткія ж тоўстыя брызентавыя сценкі заплечніка. Ці не ад гэтага жыва-мёртвага цяпла раптам узнікла жаданне і востра захацелася жанчыну. З тым і вярнуўся ў лагер.

* * *
На другі дзень я зрабіў у нашым блоку свята — паставіў на стол свежую бараніну і маё чарнічнае віно. Бежанцы мусульманскай веры яшчэ на дварэ пазнавалі пах кашэрнага мяса і падцягваліся да нас на паверх. Усім было цікава, з якой гэта нагоды хрысціянін частуе ўсіх баранінай. Ну вядома, першым за сталом аказаўся азер і, падміргваючы як свой свайму, выказаў здагадку, што я атрымаў пазітыў1. Я не пярэчыў. Потым ён засумняваўся, што я купіў столькі бараніны.
“Вядома, не, — паблажліва ўсміхаючыся, згадзіўся я. — Ёсць іншыя спосабы, і ты іх ведаеш”.
Азер здзіўлена хмыкнуў і неяк аж палагаднеў і прыціх, не перастаючы, аднак, піць, закусваць кашэрным і курыць адначасова. Ён быў пэўны, што я гэтага барана ўкраў у супер-маркеце “Rema-1000”, як некалі тое рабіў грузін Гоха.
Ну а што я, я не пярэчыў, хай будзе так. Усё роўна ж маёй праўдзе не павераць, нават калі б я і прызнаўся, нават калі б расказаў гісторыю пра кашэрнае мяса не прозай, а вершам, расстаўляючы акцэнты выразнымі жэстамі…
Вечар ахвярапаядання прайшоў надзіва спакойна. Прыбраўшы са стала аб’едкі і посуд, набівалі касякі, курылі і тупа смяяліся. Зрабіў і я некалькі зацяжак, прыкідваючыся дурным і смяшлівым ад наркаты. У той жа час маё сапраўднае Я трымала сітуацыю пад кантролем і таксама ўсміхалася, толькі па-сапраўднаму, сапраўднай пераможнай усмешкай. Толькі сапраўдны Я ведаў, што на месцы ўжо напалову з’едзенай сёння ахвярнай авечкі мог быць любы з гэтых абкураных балванчыкаў, а найперш азер. І была гэтая праўда да таго простая, што і сапраўды хацелася смяяцца.

* * *
Пасля ахвярапрынашэння і трызны я ізноў уцёк на прыроду — збалансаваць свае рознавектарныя “Я” сузіраннем прыгожага.
Быў цудоўны вераснёўскі дзень: ціхі, ясны і цёплы. Акурат такі, калі бяруць самаробны кошык і ідуць па грыбы.
Кошыка ў мяне не было, і таму я выправіўся з тым жа самым заплечнікам, пачапіўшы на руку старую жаночую торбу.
Я ішоў знаёмымі сцежкамі да горных нарвежскіх дач, раз-пораз намацваючы ў кішэні звычайны грыбны сцізорык. Вельмі хутка мне прыйшлося яго раскласці і прымяніць па прызначэнні — вакол дач грыбоў было мора. Дакладней, як рыбы ў моры: многа і розных. Хай не прыраўнуе мяне Радзіма, але ніколі раней я не бачыў столькі грыбоў! Крамяныя здаровыя баравічкі і падасінавікі, камунікабельная сямейная кантарэль і падбярозавікі падступалі пад самыя сцены летніх запалярных домікаў. Я хутка наладаваў заплечнік і торбу ляснымі дарамі. Я размаўляў з імі, як з даўнімі і добра знаёмымі таварышамі — ну як з табой, напрыклад, мой дарагі зямляк. Каля якога-небудзь асабліва прыгожага экземпляру я іншы раз проста валіўся на мох і заміраў, услухоўваючыся ў самога сябе і наваколле. У душу ўваходзіў сусветны спакой, а неба абяцала вечны рай, затрымліваючы нада мною лёгкае воблачка, абрысамі падобнае да любімай жанчыны…

* * *
Восень, паўтараю, была напружанай. Не да грыбоў і ягад было бежанецкаму народу, не да вольнасці горных прастораў — кожны думаў, як зачапіцца за дабрабытнае нарвежскае Каралеўства і забыцца нарэшце пра дыктатуры, голад і войны ў сваіх краінах.
Штодзень кагосьці выправоджвалі паводле Дублінскай. Некалькі разоў на месяц прысылалі новыя партыі бежанцаў (вайна ў Іраку набывала размах). Не спыняла свайго адчайнага руху лавіна ўцекачоў са змардаванага Афганістану. Гэта былі пераважна маладыя афганцы, якія нарадзіліся ў пачатку-сярэдзіне 80-х, у самы разгар савецка-афганскай вайны. Трапляліся нават былыя афіцэры былой гвардыі Бабрака Кармаля, якія нядрэнна гаварылі па-руску і хіліліся хутчэй да нас, былых савецкіх, чым да сваіх прававерных братоў-мусульманаў. Многа было такіх, якія пракліналі распад СССР.
Дзесьці пад канец кастрычніка ў дамок, які я дзяліў з сям’ёй кіргіза, падсялілі маладзенькую сям’ю аўганца. Гаспадару было на выгляд крыху за дваццаць, а ягонай дачушцы — тры. Звалі маленькую Зейнаб, і яна стала нашай самай вялікай радасцю ў гэты неспакойны час дэпартацыяў і ўнутрылагерных перамяшчэнняў. Дзяўчынка ўвесь час прасілася на вуліцу, дзе ўжо ляжаў пульхны чысты снег, які яна бачыла ўпершыню, напоўніцу праяўляючы сваё захапленне белым дзівам.
Маленькая чорнавалосая смуглянка Зейнаб з бліскучымі вочкамі-вішанькамі натхніла мяне на верш. “Насупраць маёй кватэркі Жыве дзяўчынка Зейнаб. Частуе мяне цукеркамі І дзеліць на ўсіх кебаб”, — пісаў я, думаючы пра сваю ўласную дачку Ксеню, якую апошні раз бачыў, калі дзяўчынцы было ўсяго год і шэсць месяцаў.
Маленькая Зейнаб пакінула светлы ўспамін у маім трывожным лагерным існаванні. І пяшчотныя радкі верша, які я спадзяюся некалі прачытаць свайму дзіцяці, а то і ўнукам.
Праз які месяц сям’ю афганцаў адсялілі да сваіх аднаверцаў, а ўзамен прыслалі былога ўкраінскага шахцёра Міколу. Падсялілі яго акурат у мой пакой, дзе і пражылі мы з ім тыдні чатыры ці крыху больш.
Мікола, як і мой зямляк з Гарадзеншчыны, быў мне блізкі сваёй сла­вянскай адкрытасцю. Ён чытаў маю жорсткую прозу і дыярыюш ванд­роўніка, а калі стамляўся, то распавядаў пра сваё: як згубіў работу на шахтах; як круціўся, каб пракарміць жонку і двох дзяцей; як урэшце ірвануў у пошуках заробку ў заходнюю Еўропу. Гісторыя ягонага выхаду ў цывілізацыю была больш драматычнай.
Мікола ўласным расповедам пацвердзіў, што я ўжо і так ведаў: трафік рабочай сілы, альбо жывога тавару з Украіны арганізаваны крымінальным элементам грунтоўна і з адпаведным цынізмам, як любая бандыцкая справа.
“Некалькі гадоў таму, — распавядае мой сусед, — пайшла чутка сярод нашага ўсходне-украінскага пралетарыяту, што Гішпанія перажывае будаўнічы бум і мае патрэбу ў рабсіле. Далі мне адрасок людзей, якія за адпаведную плату абяцалі дапамагчы ўладкавацца на нелегальную работу. Але дабрацца да Гішпаніі трэба было самому. Сабралася нас такіх чалавек сорак. Заказалі аўтобус і, як турысты, даехалі аж да Тарагоны, што на беразе Міжземнага мора. Там нас павінны былі сустрэць. Нас і сустрэлі…”.
Далей Мікола распавёў, што яшчэ дома добрыя людзі падказалі яму, каб, калі дабярэцца да месца, нікому не аддаваў пашпарт. Грошы, калі што, плаці, а дакументы не аддавай.
“І вось, — кажа, — прыехалі мы, спыніўся аўтобус, забягаюць у салон такія сабе загарэлыя здаравячкі і да нас: здавайце пашпарты, нешта там аформіць трэба… Ну тут ужо ці пан, ці прапаў: з лёгкай торбай прарваўся я да выхаду, аднаму зборшчыку папераў змазаў па храпах і ходу…”.
Уцячы-то Мікола ўцёк, але потым нацярпеўся, пакуль знайшоў гэткіх жа гаротнікаў, як сам. У многіх не было не толькі грошай, але ўжо і дакументаў… Урэшце рэшт Мікола знайшоў работу і нешта нават зарабіў. Калі ж я стаў уводзіць яго ў курс нашых нарвежскіх бежанецкіх справаў і як мы тут зберагаем свой сацыял, кормячыся з Кантэйнера, славянскі брат мой заўсміхаўся і, перапыняючы мяне, расказаў пра іхні гішпанскі Кантэйнер; пра тое, што калі ў паветры летам плюс сорак па Цэльсіі і не нашмат халадней зімою, прадукты па-за маразілкай маюць кароткі век. Таму, кажа, мусілі яны з землякамі скааперавацца, набылі ў складчыну лядоўню і так вырашылі праблему…
Ну а як і чаму наш паўднёвы брат апынуўся ў Нарвегіі, я толкам і не зразумеў, ды і не надта этычна было ўнікаць у чужыя справы.
Я ўсё ж паказаў яму і нашыя Кантэйнеры, і нашую Звалку, падагнаў яму ровар і некалькі разоў мы ездзілі па тавар.
Аднаго разу знайшлі некалькі мяхоў пустых бляшанак з-пад піва і сапраўды па-братэрску — не, не так, як у анекдоце, а па-справядлівасці — падзялілі іх. Выйшла даляраў па сорак на брата пасля здачы.
Памятаю, узялі мы ўпакоўку ці дзве тутэйшага бутэлечнага піва і пайшлі на пірс. Была адліга, салака гуляла на самай паверхні вады і адзінокая варона перыядычна каркала, пераступаючы, як самагубца, па керамічнай страсе публічнай бібліятэкі.
– Добра вам, хахлы, — сказаў тады я, — у вас ёсць мора і вялікія жалезныя караблі…
– Нічога, затое ў вас, бульбянікі, куды ні кінь — усюды лес, — адказаў Мікола. — Лес, брат, вялікая сіла, гэта мне калісьці адзін з ветэранаў УПА1 растлумачыў.
І адчуў я раптам, дапіваючы халоднае горкае піва, што вось у гэты самы момант у гэтай запалярнай Нарвегіі, адкуль да паўночнага полюсу бліжэй, чым да Радзімы, нікога раднейшага за ўкраінца Міколу з горада Белаполле Сумской вобласці ў мяне няма і невядома ці будзе хто потым…
Перад Калядамі яго адправілі назад у Гішпанію.

* * *
Пасля ад’езду Міколы ізноў стала вусцішна ад адзіноты сярод людзей. Ледзь не штодня валіў снег, марозіла і ў горы неяк не хацелася. Хадзіў на лыжах у даліне, раскладаў вогнішча, перакусваў ды ізноў выгульваў сябе, як той знакаміты Нансен па Грэнландыі.
Узаеміны з так званымі сваімі з прастораў былога СССР сталі зусім нясцерпнымі. Нідзе дагэтуль — нават у турме! — не бачыў я ў людскіх вачах такой хцівасці, быццам я вырываў у іх з роту апошні ядомы кавалак. Асабліва дасталі мяне тут пузаты сямейны армянчык ды адзін хлюст з Саратава. Ну але цярплю пакуль.
Нядаўна дэпартавалі сям’ю нашых з Маладэчна. Якія яны “нашы”, не ведаю, пашпарты не правяраў, але каб чужыя якія з Усходу, можа і не так было б крыўдна. А то заходзяць яны неяк да мяне ў пакой, бачаць над маім ложкам наш нацыянальны сцяг вісіць, дык баба гэтага землячка і пытаецца з нявінным такім выглядам: “Ой, а что это за салфетка на стене?” Во, братка ты мой, якія дзівосы дзіўныя здараюцца, што хоць ты ад сораму ў апраметную праваліся!.. Балюча, зямляк, як балюча і крыўдна! Іншы раз думаеш, а можа і сапраўды эміграцыя? І не вяртацца, адрэзаць, забыць, што было, тое было?.. Перажыць, заткнуць свой боль клямарам, у таксісты пайсці, як некалі рускія эмігранты ў Парыжы?.. Зямляк, сцяг наш — салфеткой? Не магу, не магу, зямля з-пад ног плыве.
* * *
Ат, ну яго ўсё! Раскіс нешта… Лепш пахвалюся, якім я за два гады багатыром стаў. Сацыял наш мы два разы на месяц атрымліваем, тут жа, у канторы лагернай адміністрацыі. Нешта даляраў пад чатырыста набягае. Раз у паўгода мяняю кроны на валюту. Спрабаваў пераводзіць праз банк, але не атрымліваецца. Трымаць у кронах у нарвежскім ашчадным таксама не рызыкую. А калі заўтра дэпартацыя? Прападуць жа! Каралеўству застануцца. Таму, брат, пры сабе прыходзіцца трымаць. За два гады нядрэнная сума набегла як па нашай галізне — 7 тысяч паўночна-амерыканскіх рублёў! А ты думаў! Лічы, багатыр я цяпер… праўда, кажуць тут нашыя абазнаныя, што пры дэпартацыі адабраць могуць. Чорт яго ведае, во катастрофа будзе: два гады з Кантэйнера жыць, ашчаджаць і — аддаць? Не ведаю, няма пакуль рашэння ў мяне. Хаця… не, калі другая адмова прыйдзе, дэпартацыі чакаць не буду, сам паеду. Пашпарт жа пры мне… Ну добра, брат, з Калядамі цябе! У Новым годзе спішамся.

* * *
Прывітанне, Сястра!
Спяшаюся паведаміць табе, што акурат сёння прыйшла віншавальная дэпеша ад адваката — я ўсё ж атрымаў прытулак у гэтай краіне.
Праўда, не палітычны — гуманітарны, у чым паміж імі розніца, не ведаю, але, здаецца, галоўнае не ў гэтым… Цяпер наваляцца новыя клопаты. Невядома яшчэ, куды адправяць на пастаяннае месца жыхарства. Так што ў бліжэйшы час буду заняты.
Ну, з чарговым Новым! З Раством яшчэ раз! Здарова будзь!
Твой прытулены Брат.
30 снежня 2004 года, запалярны Рогнан.

2005

Частка першая:

“Бывай, Рогнан! Прывітанне, Буда!”; першая кватэра; “калі топішся, і за мармона ўхопішся”; напад; тры дні ў шпіталі; апарат для сувязі з паліцыяй; пашпарт — поштай; уцёкі з Каралеўства; невыносная ступень свайго; мая любоў — круп’е; “я вярнуўся, каб сказаць табе “бывай!””; “назад! назад!”; два тыдні ў Вільні; Нарвегія дазваляе вярнуцца; “тройчы бежанец” ізноў за палярным кругам.

Прывітанне, Брат мой, прывітанне!
Даўнавата мы з табой не абменьваліся ні думкамі, ні нават інфай… Пісалі мне, што ты вярнуўся да актыўнага жыцця, з чым безумоўна віншую.
Ажываю і я памалу…
Ты, думаю, чуў пра мае авантуры ў апошні час? Я толькі ўдакладню некаторыя дэталі. Ну дык уладкоўвайся зручней, чытаць прыйдзецца доўга…
30 снежня 2004 года прыйшло паведамленне, што мне паводле гуманітарных падставаў дазваляецца жыць і працаваць у нарвежскім Каралеўстве. Як потым высветлілася, дакумент быў прыняты яшчэ да Раства, 13-га, але па якіх бюракратычных калідорах блукаў аж два тыдні, невядома дагэтуль.
Я пісаў, што атмасфера ў лагеры была невыноснай, баяўся сарвацца ў апошні момант. Таму і пагадзіўся, каб пры першай жа магчымасці мяне перавялі ў якую-небудзь камуну тут, на поўначы (каб трапіць у цэнтральныя раёны Нарвегіі, прыйшлося б чакаць у лагеры яшчэ год, а то і болей). Па невялікім часе прапанавалі Буду — гарадок, які ляжыць яшчэ на 100 км далей на Поўнач. Падпісаўшы неабходныя паперы ды сабраўшы бежанецкія клункі, я сказаў фарвэл1 Салёнай даліне, мястэчку Рогнан, гарам і нашаму лагеру, у якім пражыў 2 гады і 4 месяцы.
У Буду пераехаў у канцы студзеня 2005-га. На вакзале сустракалі: чачэн, у мінулым доктар, а цяпер шафёр і перакладчык, і страшненькая тутэйшая кабецінка з пастаянным аскалам, які ў іх усмешкай завецца (кабетка была чыноўніцай з гарадской канторы для бежанцаў, і ёй даўно пара было б адправіцца на пенсію).
Мяла-гула завіруха, ціснуў мароз і ніводнай блізкай душы ў радыусе трох тысяч сухапутных кіламетраў.
Ну вядома, лагічна і як закон, што далі мне камунальную двухпакаёвую кватэрку не ў цэнтры, а ў мікрараёне “Смалістыя дровы”. Праўда, на той час я на гэтую акалічнасць увагі асабліва не звяртаў. Галоўнае — асобнае жытло і ніякіх “сваіх” побач! Ды яшчэ падлога з падагрэвам. І вялікая падсобка ў самой кватэры, дзе можна нават матацыкл паставіць. Праўда, не спадабалася мне, што кухня не раздзеленая з так званай залай.
Камунальную кватэрку на першым паверсе можна было пакінуць і праз дзверы ў вакне, якія выводзілі ці то на такі сабе першапавярховы балкончык, ці то ў альтанку.
Галоўная сцяна кватэры з другога боку была сцяной калідору, і ў гадзіны “пік” чулася, як грукаюць уваходныя дзверы і тупае публіка.
У першы ж дзень пасля пярэбараў залез у душ, каб, як той казаў, змыць з сябе лагерны пыл і дух. І быў вельмі здзіўлены, калі літаральна праз некалькі хвілінаў скончылася гарачая вада. “Няўжо і тут, як у нас?” — падумаў з жахам і палез разбірацца. У выніку маіх сантэхнічных даследванняў стала ясна наступнае: падагрэў вады адбываецца ў электрычных бойлерах літраў на 50, калі не меней. Як можа гэтай вадой памыцца за адзін раз сям’я з чатырох, напрыклад, чалавек, для мяне пакуль загадка. Праўда, асабіста я навучыўся граматна размяркоўваць гарачую H2O і мне цяпер памыцца хапае…
У першай сваёй кватэрцы я паспеў пажыць тыдні два. Раніцай ішоў на гарадскі аўтобус, паказваў праязны, аплачаны дзяржавай, і ехаў у школу для дарослых вучыць нарвежскую і знаёміцца з няпісанымі правіламі нарвежскага грамадства і пісанымі законамі Каралеўства. Зрэшты, пра мой першы тут школьны перыяд я мала што і памятаю — наступныя брутальныя падзеі выветрылі з мазгоў усё неістотнае…
12 лютага 2005-га была субота, выхадны дзень, і я валяўся на канапе з руска-нарвежскім слоўнікам, думаючы, чым бы яшчэ сябе заняць. Неверагодна, але толькі што вырваўшыся з варожага кола “сваіх”, асалоды ад адзіноты чамусьці не адчувалася. Наадварот, у мазжачку, прадсэрдзях і бронхах разліваўся паскудны халадок чагосьці атрутна-горкага, што адныя называюць адчаем, іншыя роспаччу, а ўрэшце рэштаў і першы, і другая часта заканчваюцца альбо самаразбурэннем, альбо цэнтрабежнай агрэсіяй у формах татальнай вайны, тэрору і крывавых народных бунтаў…
Так я валяўся на канапе, безвынікова церабіў то патыліцу, то задніцу, ды вывучаў камунальныя прадпісанні, у якую сметніцу якое смецце выкідваць. Як новаму замежнаму кватаранту, мне даслалі днямі гэтыя камунальныя тлумачэнні і звязку рознакаляровых, рознай таўшчыні і памераў, поліэтыленавых пакетаў для адкідаў. Асабліва ўзбудзіла і аж неяк здорава так асвяжыла ненавязлівая прапанова картонныя пакеты з-пад малочных прадуктаў і пластыкавыя з-пад розных маргарынаў не проста выкідваць у адпаведныя кантэйнеры, а перш чым выкінуць, вымываць іх ад рэшткаў былой яды! Разумееш, Брат, узровень цывілізацыі: перш чым выкінуць — памый!.. Тут я толькі зарагачу гамерычным рогатам, а пісаць нічога не буду…
Дык вернемся да канапы. Валяўся я валяўся, думаў-думаў, што мне з усёй гэтай нарвежскай свабодай, з маім запалярным прытулкам рабіць, нічога не прыдумаў і выйшаў забраць пошту. Тут і падвярнуліся пад руку гэтыя, ты ведаеш, ходзяць заўжды ўдвох і ў касцюмчыках такіх, ну рыхтык як з канторы прыказчыкі, — місіянеры, адным словам. Паўночнаамерыканскія, ды яшчэ і мармоны.
І чорт мяне пад’ялдыкнуў павесціся на іхнія размовы, запрасіць да сябе ў кватэру… Цэлую лекцыйную гадзіну парылі мазгі, паказвалі выбраныя месцы з кнігі мармонаў, а я ўдаваў на зацікаўленага кліента. Урэшце дамовіліся, што заўтра яны прыедуць і забяруць мяне на нядзельную службу ў свой малельны дом…
Да вечара я так і пракантаваўся, вывучаючы кнігу мармонаў і правілы карыстання кантэйнерамі для смецця.
Ну а ўжо пад самую поўнач пастукаў да мяне знаёмы чачэн Сулейман, якога размеркавалі ў Буду яшчэ раней. Пасядзеў гэты маладзён у мяне, успаміналі мы жыццё ў лагеры; памятаю, цыгарэту яшчэ ў яго стрэльнуў. На тым і развіталіся.

* * *
Раніцай 13 лютага 2005 года ў маёй кватэрцы з электрападагрэвам падлогі заверашчаў званок. Хацелася спаць, але мусіў падняцца з той самай канапы, бо званілі настырна. Паглядзеў у вакно — нікога. Значыць, званілі ўжо ў самую кватэру. Тут і ўспомніў я пра мармонаў, якія абяцалі паказаць службу ў іхняй царкве. З гэтай думкай і адамкнуў дзверы…
Што было далей, не памятаю абсалютна. Адно трызніцца, што было іх двое-трое, у шапачках-масках, якія цяпер модныя сярод бандытаў, тэрарыстаў і рознага роду “службаў аховы”. Здаецца яшчэ, што яны ў адзін голас яўкнулі нешта застрашальнае — каб узмацніць эфект нападу… Далей, відаць, быў трапны ўдар, які і адключыў мяне на нейкі час ад рэчаіснасці. Толькі, як аказалася, не так проста забраць жыццё, пакуль не прыйшла пара, таму фізіялогія мая змагалася за існаванне і тады, калі я ўжо быў у адключцы.
Каб я не махаў рукамі, мне звязалі іх ззаду пластыкавым шнуром — засталіся сляды на запясцях.
Каб не крычаў — душылі маім жа махровым ручніком, выхапленым з душавога пакою (на шыі нейкі час былі відаць странгуляцыйныя сінякі-палосы).
Збівалі прафесійна, бо ні нос, ні зубы, ні корпус цела не пашкоджаны, што цяжка ўявіць па выніках звычайнай бытавой бойкі. Сур’ёзна адбілі толькі правую шчаку, зрабілі з яе сапраўдную “адбіўную”, гематома яшчэ да канца не рассмакталася, так што і вось зараз, у гэтую хвіліну, адчуваю гэты сімвалічны значок гуманітарнага нарвежскага прытулку.
Вось так, Брат ты мой зямляк: ад шматлікіх удараў у шчаку я атрымаў міністрасенне і часовае разбалансаванне зроку, тыдні два ці тры запалярны свет дваіўся ў маіх вачах.
Пасля таго, як бандыты пакінулі кватэру, я невядома колькі часу валяўся без памяці ў вітальні. Нарэшце апрытомнеў, зразумеў, што адбылося, і ўжо свядома пачаў змагацца за выжыванне. Ногі не трымалі ад слабасці: страціў носам шмат крыві. На калідор выпаўз на каленях. Перыядычна выключалася памяць, перыядычна спрабаваў устаць на ногі, абапіраючыся спіной аб сцяну. Паспрабаваў паклікаць на дапамогу суседзяў — не аказалася голасу, толькі глухія хрыпы пасля махровай сцяжкі-пятлі. Тады выпаўз у пад’езд і, стоячы на каленях, скрываўленым носам (рукі ж ззаду звязаныя) націскаў на кнопкі кватэрных званкоў. Скрывавіў усю панэль, але так ніхто і не выйшаў. Губляючы апошнія сілы, трапіў у суседні калідор, дзе і заўважыў маладую жанчыну з малым дзіцём…
Каму яна званіла, хто развязваў мне рукі, не помню: я ізноў адключыўся.
Ачуўся ў шпітальнай палаце, з кропельніцай і прымочкамі. Праз суткі прыпёрліся з паліцыі і распытвалі. А што я ім скажу, калі нічога абсалютна не помню, акрамя таго, як доўга і безвынікова клікаў на дапамогу? На допыце я раптам зразумеў, што цяпер ёсць зручная нагода патрабаваць іншага жылля, бліжэй да цэнтру. Следчаму я так і заявіў: у кватэру, дзе мяне ледзь не забілі, я не вярнуся.
На чацвёртыя суткі мяне выпісалі. Следчы прывёз у начлежку на вуліцы Банкаўскай, уручыў нейкі перадатчык, настроены на экстраную сувязь з паліцыяй, і паказаў, як карыстацца.
У начным доме працавалі штатныя работнікі Арміі выратавання. Бітыя мужамі жонкі, наркаманы, п’янтосы і проста бадзягі атрымлівалі тут утульны пакойчык на ноч, сняданак раніцай і вячэру перад сном, душ, чыстую бялізну і біблію на тумбачцы — для выратавання душы.
Адразу пасля снядання мы павінны былі пакідаць прытулак. Бальшыня начлежнікаў цэлы дзень сноўдалася ў нашым цэнтравым месцы — “Шкляным доме”, пра які я раскажу як-небудзь у наступным пісьме.
…Другую кватэру гарадская камуна выдзеліла мне бліжэй да цэнтру, але ўсё ў тым жа раёне. Таксама першы паверх і два ўваходы-выхады: звычайны і праз вакно.
На гэты новы адрас аднойчы прыйшоў канверт з …пашпартам. Сіні нарвежскі пашпарт замежніка з маім абліччам на заламініраваным здымку. Цяпер ужо і веры цяжка даць, што ён у мяне быў, гэты пашпарт. Існаваць яму заставалася нядоўга.
А час ішоў, і вясна прыйшла, і перад вакном кватэры сагнала снег, а на невялікай клумбе вытачыліся і пачалі расцвітаць нейкія сіненькія садовыя кветачкі, а таксама ўсюдыісны жоўценькі падбел.
Пошта прыносіла папярэджанні з камуны, што я няправільна раскладваю адкіды па кантэйнерах. Рэкламныя праспекты заклікалі абнавіць мэблю, садовы інвентар і нарэшце адважыцца і набыць у крэдыт плоскі плазмены тэлевізар першага пакаленьня коштам 25 тысячаў крон…
Вясна рабіла сваю справу не толькі за вакном камунальнай кватэры, але і ўва мне. Я выконваў усе камунальныя прадпісанні, плаціў па рахунках і хадзіў у школу, але ў галаве рабіла сваю работу поцілеглая думка, несувымерна мацнейшая за ўсе астатнія разам. Думка была кароткая і вострая, пранікальная, як баявы клінок, як пяхотны штык-нож: “Дамоў!”.
“Дамоў! — крычала мая сапраўдная, ідэальная, эмацыйная і натуральная істота. Ёй дапамагаў цынічны “Я” розуму. Ён нашэптваў: “Ну што, што ты тут робіш? Тут няма для цябе будучыні, гэта не твой час, не твае людзі і не твая дзяржава. Гэты рэжым, як і рэжым дома, не хоча бачыць цябе, ён баіцца, што ты парушыш іхні адладжаны механізм пажырання, ператварэння дабра і красы ў горы дрэні… Ты чужы, чужы на іхнім свяце жыцця! Яны здзекваліся, смяяліся з тваіх змагарных памкненняў, яны даслалі табе адмову ў прытулку на твой дзень нараджэння, а калі ты не спужаўся, яны далі табе права на работу, але не прызналі ў табе палітычнага байца; яны даслалі табе гэты дазвол акурат пад Новы год — думалі, нервы твае не вытрымаюць і ты зваліш з іхняй выстаўкі паўночна-еўрапейскага сацыял-капіталізму!.. Ну а напад, брутальны напад! Ты ледзь не аддаў богу душу ў гэтай лялечнай дзяржаўцы! Вось цяпер самы раз сказаць ім “фарвел!”, “гудбай!” і “пошлитенахуй!” з усім іхнім дабрабытам…”. Так нашэптваў мне мой цынічны “Я”. “Дамоў!” — крычалі рэшткі нявытраўленай да астатку душы…
І яшчэ вясна! Як заклікала яна, як прагна смактала маё нутро. Нозд­ры мне рвала бярозавым сокам, які — я ведаю! — бацька дома збірае ў трохлітровыя слоікі; гной у кучы, якой сілай жыцця пахне вясною гной, гатовы аддаць сябе раллі і новаму ўраджаю! Божа мой, зарэжце мяне на кучы вясновага гною, дайце сцячы крыві, хай змяшаецца яна з разапрэлай жыжкаю і насыціць нашу раллю, нашу!.. Аднойчы яравою вясной!..
…Я яшчэ плаціў па нарвежскіх рахунках, але ў пачатку красавіка рашэнне было прынятае: дамоў!
Ведаеш, напад быў цікавы яшчэ і тым, што грошы, мой двухгадовы капітал, мае амерыканскія рублі ніхто не ўзяў — яны ляжалі сабе спакойна ў лопемаркедаўскім чамаданчыку, што даказвае: нападалі не дзеля таго, каб абрабаваць. Нападалі, каб паказаць сваю сілу і адпомсціць. Толькі хто і за што? На гэтае пытанне тутэйшая ўлада не адкажа, я ў тым пэўны.
Памятаю, у дзясятых днях красавіка я пакінуў на кухонным століку апарат для сувязі з паліцыяй, развітаўся з кветкамі на клумбе (што зробіш — я сентыментальны, а іх ізноў накрыла снегам), аддаў ключы бабці з бежанецкай канторы і сеў на цягнік да Осла. Калі высока ў гарах мы перасякалі Палярны круг, разгулялася сапраўдная завіруха, за вакном злева стаяла суцэльная белая сцяна снегу, справа — бясконцая скала, і хто б мне тады сказаў, што я яшчэ вярнуся ў гэтыя шыроты і буду пісаць мой неверагодны раман.
Цягнік сунуўся вельмі павольна па вузкай еўракаляіне на вышыні 600 метраў над узроўнем сусветнага акіяну. Тутэйшыя пасажыры займаліся сваімі сытымі справамі, а я сваёю галоднай — я развітваўся з гэтай прыгожай зямлёй і пасылаў у апраметную тутэйшую ілжывую ўладу…
На цэнтральным пасажырскім тэрмінале Осла я доўга вырашаў, як мне рухацца далей; з замілаваннем назіраў, як малады мужчына прыстойнага выгляду з белымі эластычнымі пальчаткамі збірае ў вакзале пустыя пляшкі. “Поспехаў, калега”, — жадаў я яму ў думках усяго найлепшага, упэўнены, што мне гэтай падзённай работай займацца ўжо не прыдзецца. Памыляўся, крута памыляўся!
…Тут жа, на вакзальнай тэрыторыі, напаткаў знаёмага яшчэ па лагеры рускамоўнага афганца, сімпатыка СССР. Пагаварылі-ўспомнілі, пажадаў і яму поспехаў у нарвежскай сталіцы на нелегальным становішчы арбайтэра.
Вырашыў ехаць аўтобусам да Стакгольму, а ўжо там, арыентавацца па сітуацыі.
На нарвежска-шведскай мяжы маім пашпартам замежніка зацікавіліся, прашманалі рэчы, пералічылі капітал, празванілі ў нарвежскі Ашчадбанк і ўдакладнілі наконт майго рахунку, які я чамусьці не закрыў. Мае словы, што праз Швецыю еду транзітам, пераканалі памежнікаў, і я вярнуўся ў аўтобус.
Стакгольм уразіў сваёй архітэктурай і рэдкімі прадстаўнікамі белай расы ў цэнтры сталіцы. Вакзал прыбіралі прадстаўнікі негроіднай, таксі абслугоўвалі носьбіты арабскай. У нашую амбасаду вёз мяне грэк. І толькі ў паліцыі я ўбачыў маладых шведаў-паліцэйскіх, хлапцоў і дзяўчат да 30-ці. У паліцыі я меркаваў як-небудзь выцыганіць прытулак у начлежцы на пару дзён, але нумар не прайшоў. Праўда, я мог проста перачакаць у пастарунку да пятай раніцы, калі адчыняўся вакзал…
І вось я дастаў візу і мусіў купіць турпуцёўку для ўезду ў сваю ўласную краіну! Пашпарт замежніка быў мне цяпер без патрэбы. Больш за тое, ён пачаў мне адцягваць кішэню і пячы грудзі. Вяртацца з ім на акупаваную тэрыторыю было небяспечна. Аддаць сваім — не было надзейных людзей. Ну і, вядома, проста не хапіла розуму схаваць яго ў якую-небудзь каменную шчыліну Стакгольму, дзе ён дачакаў бы не толькі новага стагоддзя, але і Трэцяй сусветнай, і хуткага патопу… Аднак я быў моцна разбалансаваны, рыштаванні псіхікі хадзілі хадуном, а адну стратэгічную памылку я ўсё ж зрабіў — перад пасадкай у самалёт “Аставіі” я з істэрычным задавальненнем раздзёр мой замежны дакумент, запхаў яго ў пакет і кінуў у прывакзальную сметніцу.
Калі ж я праходзіў на пасадку, кантралёрка, сярэдняга веку сімпатычная шведка здзіўлена глядзела на мяне, перапытваючы, ці сапраўды я пакідаю краіну свайго гуманітарнага прытулку. Што я мог ёй сказаць у адказ? Хіба тое, што адзіны для мяне рэальны прытулак, адзінае месца, дзе я адчуваю сябе спакойна і ўпэўнена, — гэта жаночае ўлонне. Толькі там адчуваеш вечнасць і сябе — вечным.
Спецыфічны пах старызны ў салоне самалёта, старыя затаптаныя ход­нікі на праходзе, старая абшыўка пасажырскіх крэслаў рэзка нагадалі мне, што я ўжо на тэрыторыі Радзімы. Калі ж сцюардэса прынесла нашыя рэспубліканскія газеты і загаварыла да нас, пасажыраў, па-нашаму, я проста апаў як пухір, я ледзь не самлеў ад неверагоднага напружання і адначасова рэлаксу. Хацелася тэатральных жэстаў: кінуцца гаспадыні салону ў ногі; цалаваць ейны службовы хвартух, не кажучы ўжо пра рукі, плакаць і прасіць даравання; і спавядацца, як у касцёле…
Надвор’е стаяла яснае і было бачна, як унізе пеніцца Балтыйскае мора, якое мы пераляцелі вельмі хутка. Ужо цямном прызямліліся ў Нацыянальным аэрапорце з арыфметычнай назвай “№ 2” і я адчуў, як эйфарыя вяртання імгненна пакідае мяне. Аэравакзал быў амаль пусты, звонку свяціліся рэдкія ліхтары і родныя памежнікі здаваліся соннымі ад беспрацоўя — ім не было каго даглядаць і шманаць. Гэтак жа вяла прагарталі яны мой пашпарт з даўно нядзейнай шэнгенскай візай 2002 года і толькі здзівіліся, калі я папрасіў дэкларацыю, каб зарэгістраваць свой сямітысячны капітал (толькі пазней я даведаўся, што даўно ўжо можна ўвозіць у межы Радзімы да 10 тысяч грашовых знакаў у паўночна-амерыканскай валюце без хвалявання).
З аэрапорту да сталіцы пад’ехаў на прыватным аўто з земляком, які вяртаўся са Швецыі. Шашу асвятлялі толькі фары машыны, і гэта была добрая нагода для размовы пра параўнальную эканоміку, палітычныя свабоды і перамяшчэнне рабсілы толькі ў адным кірунку — з усходу на захад.
У раёне завода гадзіннікаў я перасеў у таксі і ледзь толькі згадаў пра палітычную сітуацыю, як шафёр без ніякай засцярогі груба аблаяў і ўзурпатара, і ягоную зграю халуёў. “Здравствуй, Родина, здравствуй!” — усклікнуў я сабе ў думках па-руску. Паездка здалася мне таннай — два кухлі піва ў нарвежскай забягалаўцы, і я пакінуў земляку яшчэ адзін — за правільны ход думак.
У пад’езд мяне не прапусцілі новыя дзверы з кодавым замком, але ўжо гэта не было для мяне праблемай — упусцілі суседзі. Дзверы ў кватэру адчыніла сястра — і хваля свайго накрыла мяне з галавой.
Усе наступныя дні на Радзіме прайшлі ў паўсне-прастрацыі. Здавалася, што я памёр, душа мая выйшла з цела і вітае над тымі мясцінамі, дзе некалі перамяшчалася маё фізічнае цела.
Вось знаёмы вязе мяне на дапатопнай “Волзе” на маё радавое котлішча, едзем праз нашу крывіччыну-літву — праз мястэчкі і вёскі Вялейшчыны; у Крывічах спыняемся каля былой сталоўкі, у якой падавалі такія смачныя катлеты з бульбяным гарнірам і кампотам. Цяпер у тым будынку прыватная крама былога дэпутата Станькі. Яе так і называюць — дэпутацкай.
Злева за мостам праз Сэрвач я паказваю таварышу на салідны цагляны асабняк татарына, які стаіць амаль на тым самым месцы, дзе некалі была прымітыўная запраўка для рэдкіх прыватных машынаў і прадавалася газа для прымусаў і керагазаў. Як сапраўднае прозвішча Татарына, я не ведаю і сёння, але памятаю, што працаваў ён шафёрам аўталаўкі яшчэ калі я быў падлеткам. На той аўталаўцы, з якой ён ездзіў па вёсках Мядзельшчыны і прадаваў хлеб, і да хлеба, Татарын і зарабіў свой першы капітал.
Толькі адну ночку начавалі мы ў хаце маіх бацькоў. На другі дзень паехалі ў нашу крывіцкую Буду.
Буда — самая старая форма назвы аднаго з нашых самых нацыянальна-адэкватных мястэчак. Пазней яго пачалі называць Будслаўе, Будслава. І ўжо ў часы царска-савецкага кіравання — Будслаў.
Згодна з легендай, калісьці на вышэйшы — левы — бераг Сэрвачы сышла з нябёсаў Маці божая і паставіла тут будан, буду, каб маліцца за сына свайго… Пазней прыйшлі манахі-бернардыны і заклалі касцёл, які сёння з’яўляецца галоўным дзейным храмам нашай каталіцкай царквы.
Сёння, на жаль, правінцыя наша імкліва бяднее і вымірае. Не лепшым чынам выглядае і Буда: землякі забудоўваюцца пераважна на паўднёвым ускрайку мястэчка. Драўляную двухпавярховую забудову, якая належыла жыдам, пасля іхнага ад’езду знеслі… Зрэшты, што я табе буду расказваць, ты можаш і сам прыехаць туды 2 ліпеня, на наш штогадовы каталіцкі фэст Маці божай Будслаўскай ды ўбачыць усё на свае вочы.
Ну а мы з таварышам купілі тады ў прыватнай крамцы бутэлечку вінца і паехалі далей па дарагіх мне мясцінах і закуточках. У Камарове мы спыніліся каля яшчэ й цяпер прыстойнага выгляду будынку пачатковай школы, у якую я і пайшоў у 1969-м у першы клас. Потым школку закрылі, бо не стала вучняў. Акурат у маім класе, дзе я вырабляў свой почырк сталёвым пяром і ставіў першыя кляксы, у 90-х мінулага стагоддзя працавала крамка, у якой прадавалі хлеб, соль-цукар і радасць тутэйшых мужычкоў — віно самага апошняга разбору. Але і ў крамкі той век быў кароткі, бо людзей менела, а рэшта купляе ў аўталаўках таго самага Татарына.
Так мы сядзелі на прыступках, распівалі чырвонае віно і я ўспамінаў. Каля блізкай хаты сусед з сынамі нагружаў гноем трактарны прыцэп — былі 20-я дні красавіка і людзі збіраліся садзіць бульбу. “Нюхай, — сказаў я таварышу, — гэты водар будзе плаваць над зямлёю і тады, калі бензінавы смурод застанецца адно ў калекцыях парфюмераў. Гэта водар жыцця, зямляк: жыцця!”
Потым мы ездзілі на бабулін хутар. У лепшай хаце стаяў стары куфар, набіты кнігамі, часопісамі, газетамі і даўнімі школьнымі падручнікамі; над канапай, на якой я некалі спаў падлеткам і падслухоўваў любоўныя ўздыханні бацькоў, як і сорак гадоў дагэтуль, вісела рэпрадукцыя “Незнаёмкі” невядомага жывапісца. Пахла невынішчальным, знаёмым з дзяцінства пахам старызны, нішчымніцы і заняпаду. Ужо гадоў 20 у гэтай хаце ніхто не жыў, але мы так ці інакш даглядалі яе, а зімой іншы раз цеплілі печ. Як і даўней, у студні стаяла чыстая сцюдзёная вада, якой у мінулым веку спаганялі смагу салдаты трох армій: бальшавіцкай, Пілсудскага і гітлераўскай. Набракалі пупышкі ў пасаджаных мною дрэваў: елка вось-вось выпусціць аксамітныя мяккія іголачкі; па-вясенняму забранзавела кара дуба… Я пасадзіў іх у далёкім 80-м, перад тым, як пайсці ў савецкую армію і застрэліць свайго першага афганца, магчыма, дзеда той самай дзяўчынкі Зейнаб, з сям’ёю якой зусім нядаўна я жыў пад адным дахам у бежанецкім лагеры.
Перад ад’ездам у сталіцу падсеў рухавік таварышовай “Волгі”, прыйшлося пайсці ў вёску шукаць дапамогі, дзе і напаткаў я Ромку Мароза, колішняга майго аднакласніка.
Ромка 20 гадоў адрабіў дальнабойшчыкам на вялікай фуры і аўтамабіль ведаў лепш, чым я ровар. Толькі за чаркай самагонкі, пасля таго, як ён за некалькі хвілінаў направіў нашу “Волгу”, я разгледзіў, наколькі Ромка пастарэў і асунуўся. Ён ужо перажыў інсульт і быў, як кажуць, “на группе”. На сярэднім пальцы не відаць было колішняй залатой пячаткі з брылікамі. Зрэшты, як і заручальнага пярсцёнка на правай — жонка пакінула яго. Пакуль ездзіў па камандзіроўках, выраслі ўласныя дзеці і памёрлі бацькі. І шчаслівая зорка Ромкі Мароза, любімага сынулі цёткі Чэсі і дзядзькі Германа, моцна высьмягла і страціла свой бляск у вечным небе над намі. Толькі ў маёй памяці па-ранейшаму жывуць яркія малюнкі дзяцінства, на якіх ружовашчокі хлапчук жвава круціць педалі зялёнага дзіцячага ровара, а другі бяжыць побач і ўпрошвае: “Марозік-паравозік, дай праехаць…”. Другім хлапчуком быў я, — той, хто ўвесь час даганяў.
І вось цяпер, вярнуўшыся з чужых краёў, я раптам убачыў, што нікога больш даганяць не трэба: многія даўно дайшлі да фінішу, іншыя рухаюцца ў адваротным кірунку, астатнія хаатычна мітусяцца, спрабуюць выжыць…
Тыя некалькі тыдняў, якія выпала пражыць у нашым вялікім гора­дзе, я ці не ўвесь час адчуваў сябе Дарыянам Грэем, які яшчэ не парэзаў брыдкае старое аблічча на палатне карціны. Я сустракаў знаёмыя мне твары, і яны жахалі мяне маршчынамі і сівізной; некаторыя былі ў вельмі заношаным адзенні, і тады я ўспамінаў, якія добрыя касцюмы, палітоны і швэдры можна было знайсці ў маім запалярным Кантэйнеры; з некаторымі я не хацеў здароўкацца, бо не ведаў, пра што мы можам гаварыць, а ад маўчання вочы ў вочы мне заўсёды было няўтульна; іншыя самі не заўважалі мяне… Я бачыў, як катастрафічна старэе маё пакаленне і абнаўляецца горад; мне не хацелася абнаўлення, якое хавае апошнія сляды маёй маладосці; я ненавіджу ружовую плітку, па якой я не магу ступаць як свабодны чалавек з нацыянальным пашпартам у кішэні; і ўвогуле ўсё навокал было неяк не так.
Урэшце рэшт аднаго дня ў пераходзе на станцыі метро “Кастрычніцкая” я спатыкаю адно з многіх няўдалых каханняў — Таню… Я не буду табе многа пра яе распісваць — зберагу эмоцыі для пісьма ёй самой. Адзначу толькі, што і гэтае спатканне было балючым. Ды які нармальны мужык будзе рады таму, што ягоная жанчына працуе ў казіно?!
Мая Танечка працавала круп’е і збіралася абараняць кандыдацкую чорт ведае на якой кафедры! Ведаю толькі, што ў нашым універсітэце, былы рэктар якога сядзіць у турме як вораг акупацыйнага рэжыму.
Восьмага мая пазваніў мне знаёмы: памёр наш дарагі Басяк, заўтра развітанне з ім у Доме літаратара.
У мяне ў кішэні ўжо ляжалі неабходныя ксівы, я быў гатовы ізноў пакінуць сваю краіну, і цяпер мне здалося, што ўвесь сэнс майго вяртання на Бацькаўшчыну быў у тым, каб убачыць бацькоў, каханую на пасадзе круп’е і смерць калегі-паэта.
9 мая, калі ўзурпатар адзначаў перамогу жывой славянскай сілы над прагавітым германскім розумам, а над нашай сталіцай разлягаліся громы салюту і ціха шумеў майскі дождж, мы праводзілі Паэта ў апошні шлях — на вясковыя могілкі на поўдні Краіны. Адзін з нашых папрасіў і мяне паехаць на пахаванне, але я ведаў, што назаўтра мне выпраўляцца ў іншую старану — на захад. Выйшла так, што я вярнуўся, каб сказаць паэт-земляку “бывай!”.

* * *
Здаецца, ужо праз тыдзень па вяртанні рэальная мая Родина пачала ізноў ламаць мяне праз калена: у маёй кватэры жыла сястра з двума сынамі і не слухала маіх культурных еўрапейскіх парадаў; як і на чужыне, ніхто не званіў мне і не гаварыў нават дзяжурных фразаў пра здароўе і поспехі; брат мой паэт бяздарна загінуў, а каханая дзяўчыначка пайшла ў казіно, пыхкаючы дымком ментолавай цыгарэты. Майго капіталу хапіла б ёй не надоўга. І я сказаў сабе: назад! назад!..


Дзень добры, сястра!
Ну вось, цяпер ты прыняла самы жывы ўдзел у маіх авантурах. Толькі ёсць тут адно няпростае пытанне: добра гэта ці дрэнна, што дапамагла мне ізноў пакінуць нашы краі? Наадварот, магла б і адгаворваць мяне, прыстыдзіць… Хаця што гэта я, ты сапраўды была злая, пакуль займалася маімі справамі ў нарвежскім пасольстве. Ніколі не забудуся, як на нейкі мой няўцямны адказ ты з усяе душы выштурхнула сваё легендарнае: “Не пі…дзі, зямляк!” Гэта была неверагодная, асвяжальная фраза. Я тады неяк памацнеў, акрэп у веры, што трэба рабіць тое, што раблю…
Мне так і не ўдалося ўбачыць сваю дачушку: па-добраму мы з ейнай мамай не дамовіліся, а ламаць сітуацыю праз калена не хацелася… А маглі, маглі мы з тою жанчынай жыць, каб толькі ў мужчыны было больш цвёрдасці ў словах і рашэннях. Чорт яго, зрэшты, ведае! Здаецца, адбываецца тое, што адбываецца. Вось і ўся філасофія.
Калі пасольскія мне нарэшце выдалі даведку, на падставе якой я меў права цягам сутак паехаць, паляцець альбо прыплыць у Нарвегію, я ўзрадаваўся не менш, чым калі ўзышоў на борт нашай “Аставіі” і пачуў голас бортправадніцы. Такая, сястра, праўда. Я набыў білет на рэйс “Вільня-Осла”, бутэльку добрага тутэйшага алкаголю і пайшоў у парк Гедыміна развітвацца з усім сваім. Быў апошні дзень мая, зелянела, і ў галлі старых дрэваў шалелі вароны. У іх ішла пара гнездавання, былі яны агрэсіўныя і кідаліся на мінакоў, якія толькі паддавалі ходу.
Зрэшты, атакавалі звар’яцелыя птушкі, па-мойму, не ўсіх. Здаецца, шкадавалі былых савецкіх — мужчынаў і жанчын пенсійнага ўзросту, якія тут і там збіралі пустыя бутэлькі, кучкаваліся на свабодных паркавых лаўках і, пацягваючы таннае вінцо, успаміналі СССР ды абмяркоўвалі свае актуальныя праблемы: смерць ветэрана, дзеці не едуць на госці, падвышэнне пенсіяў, цэны на хлеб і алкаголь.
Я сядзеў на лаве побач, краем вуха падслухоўваў, краем вока падглядаў і краем сэрца быў разам з імі, былымі савецкімі суграмадзянамі, частка якіх яшчэ і мае землякі.
Я пакідаў іх, каб там, на чужыне, ізноў быць нікім, парывацца шукаць і не шукаць работу; уцякаць у горы, а ў нізіне кожнай паднятай пустою бутэлькай павялічваць капітал сваёй свабоды…
І вось я ізноў над Балтыкай, цудоўнае надвор’ё, сіняе неба ўверсе і сінія воды ўнізе, дзе белыя грабяні хваляў кучаравяцца, як русыя валосікі на ўлонні любімай жанчыны.
Я вяртаюся ў краіну Паўночнага Шляху. Мінулі Балтыйскае мора, пад намі Швецыя, таксама зямля пад белымі крыламі і яшчэ больш сінявокая, чым мая Радзіма…
Вечарам самалёт прызямліўся ў аэрапорце Гардэмуэн. Гэтым разам я быў адзін, пад хмяльком і як ніколі ўпэўнены ў сабе, таму хутка знайшоў выхад з тэрміналу, сеў у электрычку і праз паўгадзіны шпацыраваў па сталічнай Карл-Юханс гатэ1. Надвор’е стаяла проста неверагоднае! Здаецца, уся жывая сіла гораду выйшла на вуліцы і ў паркі. Уражвала і само відовішча дэманстрацыі людской сытасці: сотні байкераў у скуры; дарагія адкрытыя аўто невядомых мне мадэляў з моцнымі торсамі за рулём і прыгожымі дзяўчатамі справа… Перад Стортынгам млява-сыта гайдалася палотнішча нацыянальнага сцягу. Перад каралеўскім палацам шнуравалі турысты, фатаграфуючы каралеўскіх гвардзейцаў.
Калі нарэшце сцямнела, выйшлі на промысел прастытуткі. Адна зачапілася вокам за мой стыльны зялёны плашч да пятаў і прапанавала пайсці з ёю. Негрыцянка была мажная, з крутымі сцёгнамі і бюстам няслабага калібру, у класічных калготках у сетачку, і мне яе таксама хацелася. Што тут казаць. Хацелася, але я не паддаўся, кіраваны рэшткамі разбэрсанага розуму.
Усю ноч я кантаваўся ў раёне вакзалу, адчуваючы да гэтай тэрыторыі нейкую прыязнасць, нібы да блізкага знаёмага ці нават сябра. Заходзіў у кавярні і слухаў рознагалоссе глотак, рызыкуючы трапіць у п’яныя разборкі…
Раніцай сеў на цягнік да запалярнай Буды. За вакном зелянелі нізіны і шумна весела ніспадалі долу верхнія воды гор.

Працяг будзе.