12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Славамір Адамовіч

_____________________
Кнут Гамсун – паэт і гаспадар.
Пяць лістоў да Марыі


Кнут Гамсун нарадзіўся 4 жніўня 1859 года ў парафіі Лом, што ў даліне Гудбрандсдален.
Бацька Кнута, Педэр Педэршэн, быў краўцом і мусіў часта ездзіць па краіне, выконваючы заказы. Гэтая навука вандравання з часам перадасца малому Кнуту…
Якраз у пачатку 1860-х гадоў сярод так званага простага люду ўсходняй Нарвегіі, які перажываў не самыя лепшыя часы, пайшла гуляць чутка, што на поўначы краіны можна дастаць лепшага жыцця. Родны брат маткі Кнута Гамсуна, Туры Ханс Ульсэн, быў адным з тых, хто выправіўся ў шлях на поўнач. У хуткім часе ён набыў сядзібу Хамсунд у камуне Хамарой вобласці Нурланд. Летам 1862 года следам за дзя-дзькам Ульсэнам пераехалі і бацькі Кнута, якому на момант пераезду спаўнялася ўсяго тры гады.
Менавіта тут, у Нурландзе, у прыпалярна-запалярнай Нарвегіі, пройдзе яго не тое каб лёгкае, але багатае на ўражанні й колеры дзяцінства. Тут, у суровай, камяністай глебе Хамарой-камуны, прарастуць карані ягонага таленту…
Праз нейкі час пасля пераезду бацькі аддалі Кнута ў рукі дзядзькі Ульсэна – на выхаванне і пракорм. У нас гэта называлася дзядзькаваннем. Ханс Ульсэн быў чалавекам наравістым, суворым і адначасова заўзятым вернікам. Аднак пляменніку, як і астатнім работнікам сядзібы, паблажкі не даваў. Так што Кнут Педэршэн прайшоў на хутары Хамсунд даволі суровы курс выхавання. Дзя-дзькава навука была настолькі эфектыўнай, што малады паэт урэшце возьме назву хутара як свой псеўданім, а канцавая “д” з часам адпадзе – паводле закону эканоміі моўных сродкаў і з-за рэдактарскіх недаглядаў. Так замест даволі распаўсюджанага ў Нарвегіі прозвішча “Педэршэн” з’явіцца і будзе рабіцца ўсё больш пазнавальным у свеце слова-прозвішча “Гамсун”.
Акрамя дзядзькі Ульсэна вельмі ўплывовымі настаўнікамі былі дзед па ку-дзелі і другі матчын брат – дзядзька Уля. Дзед любіў распавядаць пра дынастыю нарвежскіх каралёў; пра якога-небудзь Харальда Трэцяга Суворага, які хадзіў у далёкія Міклаград і Гардарыку і ваяваў дацкага караля Свэна…
Дзядзька Уля пра сваіх каралёў, бадай, не ведаў нічога. Затое разбіраўся ў жанчынах і гарэлцы і лічыўся безнадзейным шалапаем і манюкам. Ну што тут зробіш, любіў дзядзька байкі баіць, галоўную ролю ў якіх выконваў ён сам. Байкі гэтыя здзіўлялі і зачароўвалі маладога Кнута.
Гадоў у сямнаццаць паспрабаваў сябе Кнут і як школьны настаўнік – бацькі і дзеці былі задаволеныя ім. Аднак настаўніцкая практыка хутка скончылася. А потым… ён стаў пісарам пры ленсмане1, вёў прыходна-расходную кнігу. Ленсман паважаў яго за выдатны почырк і дазволіў карыстацца сваёй багатай бібліятэкай. На яе паліцах Кнут знайшоў творы Вельхавена, Вельгеланда, Асб’ёрсэна і Муэ, і, вядома, Б’ёрнсана2… Чытаючы апошняга, Кнут аднойчы злавіў сябе на думцы, што і ён так можа пісаць. І хоча быць паэтам!..
Летам 1877 года гораду і свету была рэпрэзентаваная першая навэла Кнута Педэршэна, напісаная, дарэчы, у мястэчку Буда, у якім я цяпер пішу гэтае эсэ. Твор называўся так: “Загадкавы. Любоўная гісторыя з Нурланду”. І каштаваў 40 ёрэ3.
У 1878 г. у запалярнай Будзе 18-гадовы Кнут выдае другую сваю навэлу – “Bjørger”. Гэта было ягонае найлепшае юнацкае апавяданне, у якім, як няцяжка здагадацца, вялося пра нешчаслівае каханне і адзінокіх маладых людзей, якія шукаюць падтрымкі і заспакаення сярод прыроды.
Аднак хутка Кнут Педэршэн-Гамсунд разумее, што ні ў камуне Бё4, ні нават у Будзе і Тромсё5 славы паэта не здабудзеш. Малады амбіцыйны юнак думае пра Капенгаген…
26 красавіка 1879-га ён піша ліст на імя Эразма Бенедыкта Кершова Зала – багатага ўладальніка гандлёвага дома з паўвыспы Чарынгой6, у якім просіць грошай на дарогу ў сталіцу дацкага каралеўства. Кнут Педэршэн-Гамсунд атрымлівае грошы ад чарынгойскага багацея, і гэтая грашовая дапамога – 1000 крон – кардынальна паўплывае на далейшы лёс юнака, які пачне з Капенгагена свой нялёгкі шлях да прызнання і славы.
1879-1880 – гады блуканняў і раздарожжаў. Пасля кароткага побыту ў Капенгагене Кнут вяртаецца ў нарвежскую сталіцу – Крыстыянію і тут праходзіць поўны курс апускання на сацыяльнае дно: жыве ў танных пакойчыках, не можа знайсці ніякай работы, закладвае ў ламбард рызманы з уласнага пляча, галадае… Выдатным падсумаваннем гэтага сталічнага побыту стане раман “Голад”1, які выйдзе з друку ў 1890-м, у тым самым Капенгагене. Кнут Педэршэн нарэшце зробіцца Кнутам Гамсунам.
У 1883-м Гамсун пры пасрэдніцтве Б. Б’ёрнсана едзе ў ЗША. Вынікам гэтых амерыканскіх вандраванняў стане кніга нарысаў “Духоўнае жыццё Амерыкі”, выдадзеная ў 1889-м у Капенгагене. Кніга, поўная з’едлівага сарказму і ў многім справядлівай крытыкі і прарочых высноваў.
1888-1898 – гады інтэнсіўнай пісьменніцкай працы і прызнання. У ліпені 1888-га Кнут Гамсун вяртаецца з Крыстыяніі ў Капенгаген, жыве на паддашку і піша, піша як апантаны пра сваё галадаванне ў сталіцы роднай Нарвегіі. І вось рукапіс гатовы да выдання. Рэдактар часопісу “Новая зямля” (“Ny Jord”). Філіпсэн друкуе “Голад” у лістападаўскім нумары. Тыраж разыходзіцца за тры дні, што азначае безумоўны поспех.
Пасля таго, як Гамсун дапрацоўвае свой раман, 5 чэрвеня 1890-га той жа Філіпсэн выдае рукапіс асобнай кнігай і адпраўляе на паліцы кнігагандлю.
“Голад” – гэта не раман, але кніга, у якой я настырна пераследую адну вельмі чуллівую людскую душу”, – напіша потым Гамсун аднаму шведскаму пісьменніку. – Гэта спроба апісаць своеасаблівае жыццё свядомасці, нярвовыя містэрыі ў згаладнелым целе. Яно іграе толькі на адной струне, але я зрабіў спробу атрымаць з яго сотню тонаў”.
Перыяд прызнання супаў з неверагодным творчым пад’ёмам. Гамсун смела ўступае ў палеміку, гатовы да спрэчкі, нападае з крытыкай на “чатырох вялікіх” тагачаснай нарвежскай літаратуры: Генрыка Ібсэна, Аляксандра Келанда, Юнаса Лі ды Б’ёрнст’ярна Б’ёрнсана.
Пасля нядоўгіх па часе станоўчых водгукаў на “Голад” самога Гамсуна пачынаюць жорстка крытыкаваць, называючы “дзікім, буйным чалавекам”. Але гэтая акалічнасць яго ўжо мала абыходзіць – Кнут адчувае, што можа стаць некаранаваным каралём нарвежскай літаратуры новага часу і новага – 20-га – стагоддзя…
У верасні 1892 г. выходзіць раман “Містэрыі”, крыху пазней – “Пан”. У абедзвюх кнігах падзеі адбываюцца на фоне паўночнай нарвежскай прыроды.
“Апошнімі днямі я толькі і рабіў, што думаў і думаў пра вечны дзень паўноч­нага лета”, – так пачынаецца “Пан”, самы кароткі з раманаў Гамсуна. Але гэта не значыць, што аўтару ён даўся вельмі проста. Наадварот. У адным з лістоў Гамсун піша: “Кожны раздзел – гэта верш. Кожны радок выштукаваны. Я не маню, калі кажу, што кожны раздзел каштаваў мне тыдня работы, хоць і яны кароткія. Паўсюль відмы, авантуры, сімвалы”…
За пяць гадоў (1890-1895) Кнут Гамсун напісаў пяць раманаў і п’есу, і дарэшты стаміўся. Яго больш не натхняе літаратура, ён сыты ёю. Ён хацеў славы, і ён яе атрымаў.
У чэрвені 1895 Кнут Гамсун едзе ў санаторый Бальберг. Тут ён спрабуе адпачыць, фліртуе з дамамі, п’е чырвонае віно з сябрамі, – адным словам, святкуе сваю перамогу, сваю літаратурную славу.
Хутка феерыя змянілася дэпрэсіяй, Гамсун не хавае, што ён незадаволены сваім жыццём. Можа яму варта стаць кавалём? Альбо селянінам? Сябры і знаёмыя не ведаюць, што і думаць?..
У 1896-м Гамсун вяртаецца ў раён прыватных вілаў Ліян, што на поўдні Крыстыяніі. Там пансіянат. Там ён сустракае сваю казачную прынцэсу – Берлію Гуфэрт (Bergliot Goepfert), якая стане ягонай першай жонкай, у 1902-м народзіць яму дачку Вікторыю, а восенню 1899-га праедзе за Гамсунам праз усю Расію ад Гельсініфорсу да Канстантынопалю.
Пасля гэтай вандроўкі Кнут Гамсун напіша кнігу “У казачнай краіне”, у якой аддасць належнае спакойнаму стылю жыцця на Ўсходзе ў параўнанні з Захадам.
У 1907 годзе Кнуту Гамсуну спаўняецца 48. За год перад тым ён развёўся са сваёй Берліяй, і цяпер адчувае сябе старым і адзінокім. Ва ўсялякім разе немаладым.
Аднак ужо ў 1908-м ён адчувае сябе поўным энергіі і сілы – ён знаёміцца з 26-гадовай актрысай Марыяй Андэршэн. Знаёмства адбываецца ў Нацыянальным тэатры Крыстыяніі, дзе плануецца прэм’ера ягонай п’есы “Жыццё – гульня” (“Livets spil“). У якасці зводніка выступае дырэктар тэатра Вільгельм Краг, ён знаёміць Гамсуна з Марыяй, і яны ідуць у адну з кавярняў на вуліцы Парламенцкай (Stortingsgate). Яны трымаюць адно аднаго за рукі, і яна нясмела просіць дапамагчы ёй атрымаць галоўную ролю ў ягонай п’есе; ён абяцае, і не абяцае. Яны размаўляюць пра рознае, малое і вялікае. Урэшце, ён адводзіць яе назад у тэатр.
На наступны дзень Марыю чакае ваза і 26 ружаў у ёй. Яшчэ праз тры дні Кнут Гамсун заве яе замуж. Праз тыдзень Марыя адказвае згодай. Жыццё – гульня, і гэта яе галоўная роля ў ёй. Марыя пакіне кар’еру актрысы і ўсю сябе ахвяруе мужу – наравістаму, таленавітаму, мужнаму пісьменніку і мужчыну…
Марыя і Кнут возьмуць шлюб акурат на наступны дзень пасля Купалля, 25-га чэрвеня 1909 года. Высокія, ён і яна, былі адно адному да пары. Як фізічна, так і духоўна.
У красавіку 1911-га Марыя і Кнут пераязджаюць у Хамарой. Тут яны набы­ваюць сядзібу Скугхейм (Skogheim) з трыма каровамі, закупляюць яшчэ адну, а таксама каня і парася. Абое гараць жаданнем займацца гаспадаркай. Аднак на справе галоўным чалавекам на хутары будзе яна – гаспадыня Марыя Гамсун, былая актрыса. Гаспадар жа як мінімум тры месяцы ў год будзе вандраваць па Нурландзе, – краі, у якім прайшло яго дзяцінства. Дакладней, гэта будуць не столькі вандроўкі, колькі пераезды: з пансіяната ў гатэль, з гатэля – на пастаялы двор, дзе няма нават сенніка на ложак…І ўсюды Гамсун будзе шукаць ціхага кутка, каб пісаць. І будзе пісаць: свае вершы (рэдка), раманы, п’есы, навэлы, палемічныя артыкулы і – лісты да жонкі Марыі. Не заўсёды ён быў побач з ёю, цяжарнай, нават не ўсе ягоныя дзеці нараджаліся пры ім, але заўсёды ён пісаў ёй лісты, у якіх даваў парады адносна гаспадаркі і выхавання, засцерагаў і супакойваў.
Аднак Марыя цяпер раўнавала Кнута не менш, чым ён яе, калі яна яшчэ заставалася ў тэатры. Цяпер яна была залежнай ад свайго Кнута не толькі духоўна, але і практычна: дзеці, вялікая гаспадарка, дом. І яна пісала яму ўсхваляваныя лісты ў адказ. У адным з іх, напрыклад, яна скардзіцца на сваю хваравітую рэўнасць: “Любы Кнут, дапамажы мне, я такая раўнівая. Ты, наколькі я помню, казаў раней, што мая рэўнасць добраякасная. Цяпер гэта не так. Я цяпер раўнівая надзвычайна, па-шведску1! Я спустошаная і раз’ятраная пасля Суртланду2, і не магу супакоіцца. Я бачыла, як гэты мярзотны бабскі люд ласкава пахаджваў перад табой. І я заўважыла, што ты зусім не перажываў з-за гэтага”.
І тым не менш, хоць Гамсун і раз’язджаў увесь час пакуль яны жылі ў Хамароі (1911-1916), тут, на хутары Скугхейм, у іх нарадзілася трое дзяцей: сыны Турэ ў сакавіку 1912-га і Арыльд у маі 1914-га, і дачка Элінура ў кастрычніку 1915-га. Дачка Цэцылія нарадзілася 13 мая 1917-га ў Ларвіку1, куды сям’я пераехала пасля таго, як быў прададзены хутар у Хамароі.
Жыццё ў Нурландзе прыпала на 20-я гады 20-га ст. Народы Еўропы стаялі на парозе вялікай міжусобнай вайны, якую яны потым хітра назавуць Першай сусветнай, спадзеючыся хоць часткова перакласці віну імперыяў на падуладныя калоніі.
Гамсун, безумоўна, бачыў, якія глабальныя змены нясуць так званая мадэрнізацыя і навуковыя адкрыцці. Ён два разы наведаў ЗША, працаваў на розных работах і на сваёй скуры адчуў той шалёны тэмп жыцця, які абумоўлены адным – пагоняй за грашыма. Цяпер ён бачыў, што гэты стыль пранікае і ў ягоную Нарвегію. Людзі робяцца ўсё больш неспакойнымі і незадаволенымі, моладзь кідае родавыя сядзібы і едзе на поўдзень, у Барген, Крыстыянію, у Амерыку. У рэшце рэшт ягоны новы стыль пісьма, ягоны псіхалагізм, заглыбленне ў акіян чалавечых пачуццяў таксама з’яўляецца прадуктам новага часу. Ён жа сам крытыкаваў папярэднікаў за нудоту апісальніцтва, заклікаў зазірнуць у душу чалавека!
Як бы там ні было, а Кнут Гамсун моцна стаіць на варце старых традыцыяў, нават калі логіка развіцця сюжэтаў у ягоных уласных творах супраціўляецца гэтаму вартаванню.
“Мы маем карэнне ў нашай зямлі, мы не абсякаем іх, і гэта яны – прычына таго, што мы стаім” – пісаў Гамсун у артыкуле “Слова да нас саміх”2. І яшчэ, даволі актуальнае для нас, беларусаў: “Мы павінны ізноў дастаць рукі з кішэняў і пачаць працаваць. Толькі так мы перастанем быць народам з гатэльнай абслугі і разносчыкамі. Мы павінны дрэнажыраваць нашы балоты і садзіць нашы лясы… Мы мусім вырабіць нашу нарвежскую краіну”. Упершыню напоўніцу такая заява-заклік прагучала ў кнізе “Апошняя радасць” („Den siste glæde“, 1912) – найбольш змрочным і несуцешным творы Гамсуна. У ім ён вывернуў сваю пагарду на ўсё тое новае, што не любіў: “вызваленых” жанчын, ангельскіх турыстаў, сялянаў, якія больш не ўрабляюць глебу, недалёкіх чытачоў…
Як строгі прапаведнік, выступае Гамсун і ў сваіх наступных работах, напісаных ім падчас свайго жыцця ў Хамароі – “Дзеці часу” (“Børn av tiden”, 1913) і “Гарадок Сегельфос” (“Segelfoss by”, 1915). Аўтар па-ранейшаму строга, а то і проста груба, абыходзіцца з героямі сваіх твораў, не шкадуе і чытачоў. І ў той жа час у ягоных вачох мільгаюць вясёлыя бліскаўкі – гумар Гамсуна быў адной з наймацнейшых рысаў. Ён прымушае нас смяяцца з уласнага глупства.
У студзені 1916 г. Гамсуны прадаюць свой хутар, а ў 1918-м набываюць сядзібу Нёрхольм пад Лілесандам3 і той жа восені перабіраюцца туды. У Нёрхольме Кнут і Марыя пражывуць рэшту свайго багатага на падзеі жыцця.
Раман “Плады зямлі” (“Markens grøde”) Кнут Гамсун пачаў яшчэ ў Хамароі, але напісаў там усяго 40 старонак. Дапісваць кнігу прыйшлося ў Ларвіку, паміж клопатамі пра нованароджаную дачку Цэцылію і пошукамі новай сядзібы, у якой бы яны маглі асесці for godt – у рэшце рэшт назаўсёды.
“Плады зямлі” – кніга пра земляроба і ягонае жыццё ў адным з глухіх і няўробленых месцаў паўночнай Нарвегіі – Нурландзе. Гэта паэма зямлі і ейных пладоў, зямлі, якую Гамсун хацеў зрабіць зноў зваблівай для чалавека, навучыць нарвежцаў вырошчваць свае ўласныя прадукты. Ён нагадваў нарвежскаму селяніну, што той з’яўляецца хрыбтом нарвежскай эканомікі…
Гадоў на 20 пазней на гэтую ж тэму пісаў наш цудоўны празаік Кузьма Чорны. Адзін з яго раманаў фактычна меў тую ж назву – “Сокі зямлі”. А “Новая зямля” Якуба Коласа! Пры іншых лепшых абставінах – геапалітычных перш за ўсё – гэтыя нашы пісьменнікі маглі б разлічваць на Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры. Аднак жыццё ідзе, як ідзе, і ў 1920-м за раман “Плады зямлі” Нобелеўскую прэмію атрымлівае Кнут Гамсун…
На гэтым я мушу завяршаць сваё кароткае эсэ пра аднаго з найбольш вартых еўрапейскіх пісьменнікаў 20 стагоддзя. Спадзяюся, нашыя студэнты гуманітарных факультэтаў не спужаюцца такіх тэмаў, як, напрыклад, “Гамсун, Дастаеўскі і Беларусь”, “Гамсун і Чорны: сокі зямлі”, “Гамсун і “новая зямля” Коласа”…
Вялікія таму і вялікія, што даробак іх невычарпальны. І нам застаецца толькі правільна зразумець і скарыстаць імі зробленае.
9 чэрвеня 2010 года,
Bodø, Nordland.

Пяць лістоў да Марыі*

Чацвер 19-га
Дарагія мае – Марыя і наш сыночак!
Цяпер я павінен даслаць гэтыя радкі і растлумачыць, што я знаходжуся ў Юнкердале, Сельтдален1. Гэта мой адрас. Сельская пошта тут прыходзіць і адбывае 3 разы на тыдзень, гэта 5 міль2 да паштовай канторы. Тут не вельмі высака над узроўнем мора, усяго некалькі сот метраў. Ты можаш знайсці пра гэта ў Інгвара Ніельсэна (раздзел “Паўночныя Горы”) і расказаць мне. Глядзі ў рэгістры слова “Юнкердал”. Гэта 4 малыя шэрыя кніжкі І. Н., якія, мне здаецца, павінны стаяць дзесьці каля Бібліі. На ніжняй ці на адной з ніжніх паліцаў стаіць Рыг3: “Назвы нарвежскіх сядзібаў”, паглядзі, адкуль паходзіць Юнкердал.Гэта такая чорная кніжка з наклееным уздоўж белым загалоўкам. Юнкердал гэта не даліна, а ўсяго толькі сядзіба.
Так, цяпер я тут, на сялянскай сядзібе, пасля 10 міляў язды на безрэсорнай брычцы. Я яшчэ не атрымаў кансервы, але Бог ведае. Да таго ж сапраўды дрэнная ежа, каша кожны дзень, калі не на вячэру, дык на абед. Цяпер усё тое самае, абы толькі я быў здаровы і працаздольны. Пасля прыезду я быў вельмі змучаны марской хваробай, жыватом, слабасцю і дрыжыкамі… не маю пярыны, толькі голыя дошкі, але ў пасцелі не мерзну.
Ага, я ізноў атрымаў кашу і прыступаю да яе з адвагай героя. Халера на ўсё, калі я тут да нечага даб’юся.
Буда, у панядзелак раніцай
[27.Х.13]
Толькі адна маленькая пісулька да цябе, мая дарагая Марыя. Перапрашаю, што я зрабіў табе балюча падчас апошняга тэлефоннага званка, калі назваў цябе як нежывой. Не надта гэта добра для цябе мець такога абсалютна істэрычнага мужчыну… Не спаў да 5 раніцы, калі не пазней, але – хай Бог цябе бароніць – я адчуваю сябе героем, бо напісаў учора і сёння ноччу больш, чым за ўсе гэтыя месяцы. Усяго разам адрабіў учора 10 гадзінаў. Сёння я вельмі хвалююся. Набліжаецца завяршэнне кнігі, але столькі людзей, сувязяў, што згарусціць усё да месца запатрабуе больш часу, чым я разлічваў. Толькі гэтыя словы сёння, прыеду так хутка, як будзе магчыма. Дапамагай мне, калі табе з гэтага радасць. Не, я не асмельваюся чуць голас Тура1, гэта так на мяне дзейнічае, стомленага і істэрычнага; я днём і ноччу думаю пра яго. І, вядома, пра цябе.
Твой Кнут.

Буда, у аўторак вечарам
24/2.14
Дарагая Венса2,
я не забыўся пра апельсіны, але яны такія кіслыя яшчэ, мы дастаткова далёка ад вас тут, у Будзе…
Да таго ж, я купіў чорны шаўковы адрэз на блузку, пра што я гаварыў і адаслаў усё разам. Насі на здароўе! Я ўзяў 3,5 метры, каб быць пэўным. Але ты можаш не шыць, пакуль не станеш тоненькай ізноў, бедная мая. Далібог, ты ізноў будзеш тоненькай, вось убачыш… Ты не павінна пярэчыць мне, і яшчэ раз мусіш прыехаць сюды да зубнога перад тым, як здарыцца “Вялікая Падзея”3, – ці ты як думаеш? “Дзіўны” выпадак: ужо паўгода як мяне пляжыць мой прастуджаны нос, здаецца, паспрабаваў усе магчымыя сродкі, а ўжо аднаго дня быў настолькі гранічна стомлены ўсёй гэтай бессэнсоўнай пэцканінай, што перастаў лячыцца. На наступны дзень я быў па-ранейшаму вельмі стомлены, на трэці дзень таксама. Так я 3 дні пазбягаў лячэння і, на сваё здзіўленне, адчуў, што нос мой палепшаў. Ужо тыдзень, як я нічога не змазваю, а мне сапраўды лепшае, толькі крыху як адзервянелы нейкі. У любым выпадку я больш не мажуся. І цяпер гэта пастаноўка ў Берліне. Павінна адбыцца на гэтым тыдні, але ізноў можа аказацца пад пагрозай. Мусяць з’явіцца нейкія грошы, усё астатняе неістотна. Гэтым разам зберажы ліст з Капенгагена, а ў клопатах пра харчаванне для таго малюха, які павінен з’явіцца, ты цяпер не маеш патрэбы. Я спрабую рабіць усё, каб мы былі яшчэ багацейшымі. Вітанні Туру. Цалую цябе і раз, і два, і яшчэ…
Твой Кнут.

Сальтэн, у сераду вечарам на борце. [26.1.15]
Інструкцыя:
(Дзякуючы добрай волі тутэйшых паштавікоў я адаслаў пакет надзвычай надзейным спосабам, і ўсхваляваны.) [Пакет] павінен хавацца і адкрывацца тады, калі Тур будзе стомлены і пачне кнэхціцца а 5-й вечара. Тэлеапарат для Арыльда быў не ў стане знайсці для яго нешта іншае, хоць і наведаў бальшыню гандлёвых дамоў і аптэк у Нарвіку. Усё астатняе, натуральна, для Тура, але і Арыльд, бядага, павінен бачыць, калі рэчы апынуцца на падлозе. Паслаў з Нарвіку многа цудоўных кніг для Тура. Абы толькі ўсё было добра з малымі і з табой, а я на добрым шляху. Да сустрэчы, любая Марыя.
Твой Кнут
Замест таго, каб сысці ў Лёдынгіне, я прыплыў у Нарвік і цяпер на зваротным шляху ў Лёдынген, дзе сядаю на паравік1. Добрай дарогі і капітана.

Буда, панядзелак 16 лютага 1916.
Любая Марыя.
Я адплываю з “Вароем”2, які прыходзіць сюды толькі пасля абеду і адзін Бог ведае, калі ён адбудзе на Хамарой.
Я набыў розных рэчаў для малых. Дарагая, дай ім спачатку проста пагля­дзець на іх, і толькі потым распакоўвай. Кожную правераную рэч адкладвай ўбок, перш чым вымаць новую. Напрыканцы яны ізноў захочуць паглядзець на ўсё разам…
Любая, не дай ім паламаць гэтыя дарагія рэчы аб адным разе. Павер майму вопыту, што пад прыглядам яны праіснуюць даўжэй.
Я купіў апельсінаў, вінаграду, яблыкаў etc., салодкага кекса, шакаладу. Акрамя таго, крыху сыру, у любым выпадку, сваю долю павінны атрымаць і дзяўчаткі3. Швейцарскага сыру не знайшлося. (Ад тварожнага сыру дзяўчаткі мусяць атрымаць свой кавалачак, каб умурзацца.)
Я зараз выходжу – пагляджу матэрыялу для блузкі і сукна для настоль­ніка…
Твой Кнут.