12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Кнігапіс... Часапіс... Дзеяпіс?..

_____________________


…І вось прыйшоў момант, калі мы злавілі сябе на думцы, што...
не пасьпяваем распавесьці пра ўсе цікавыя кніжныя (і ня толькі) навінкі,
што зьяўляюцца на Беларусі. Большасьць кніг, часопісных ды газетных публікацыяў (а тым болей інтэрнэтных) зьнікаюць у нашай “культурнай прасторы”, нібы ў “чорнай дзірцы”, так і ня стаўшы падзеяй, зьявай,
так і не знайшоўшы сваіх удзячных чытачоў... Няма ў нас сёньня нават газеты “Кнігарня” (беларускага “Книжного обозрения”), дзе хоць бы фіксавалася прысутнасьць гэтых кніг у сьвеце. Цяперашняя (сучасная) беларуская крытыка ў вялікім даўгу перад творцамі. Зусім мала
друкуецца простых рэцэнзіяў, ня кажучы ўжо пра артыкулы аглядныя
ды тэарэтычныя. Між тым, на адным са зьездаў Саюзу беларускіх
пісьменьнікаў прагучала (з гордасьцю!), што кожны трэці сябра СБП – крытык! Ау, крытыкі, дзе ВЫ? Не заўважанымі застаюцца ня толькі кнігі, публікацыі, міма жыцьця праходзіць уся літаратура. Дарэчы,
адна з самых цікавых сёньня ва Усходняй Еўропе. Бо няма крытыкі,
няма літаратурнага працэсу, няма і літаратуры…
У гэтым нумары “Дзеяслоў” распачынае новую-старую рубрыку,
у якой будуць выключна кароткія анатацыі-паведамленьні пра новыя выданьні, часам, з невялікім каментаром-рэзюмэ. Робім мы гэта найперш дзеля таго, каб зьвярнуць увагу чытачоў (і крытыкаў) на самыя вартыя таго кнігі і публікацыі. Пакуль што гэтая рубрыка проста часопісная, спадзяемся, з часам яна стане аўтарскай.

Надзея Артымовіч. “Жоўтая музыка”. Праграмная рада тыднёвіка «Ніва». Беласток, 2005. 50 стар. Наклад не пазначаны.
Паэзія Артымовіч – вядзьмарская. «Паэзія ня толькі тое, што напісана. Жыцьцё таксама бывае паэзіяй...» – падсумоўвае яна ў сваім сьціслым амаль маніфесьце «Паэзія – гэта вольнасьць», што складаўся цягам 14 гадоў. Можна нават не чытаць яе вершаў, а толькі паразмаўляць-папаліць з аўтаркай, паглядзець на яе, каб паверыць: перад вамі – Паэтка.
Надзея Артымовіч (фізічна) жыве ў вельмі далёкай ад нас краіне. Краіне, у якой паэтка летась атрымала прэмію маршалка ваяводства: «за ўпісаньне ў паэтычнай форме польска-беларускага памежжа ў сусьветную літаратуру». У краіне ж, якую яна стварыла, «на мяжы блакітнай імглы», гучыць жоўтая музыка, і там няма межаў, бо –

паэты паміраюць тады
калі знойдзены дакладныя адрасы.
Алесь Асташонак. “Жоўты колер белага снегу”. Камерная проза. – Мн.: “Мастацкая літаратура”, 2006. – 303 стар. Наклад 1500 ас.
Пры жыцьці аўтара гэты зборнік меў назву “П’яная кніга”. Але ён так і ня выйшаў: пасьля 1995 году набор быў раскіданы. Два гады таму пяцідзесяцігадовага Алеся Асташонка ня стала, і ён так і застаўся аўтарам адной прыжыцьцёвай кнігі, якая выйшла, страшна падумаць, 18 гадоў таму… “Жоўты колер белага снегу” – ня збор твораў А.Асташонка, а выбранае (па за ім засталіся ня толькі апавяданьні і аповесьць, але і п’есы). Аднак і па гэтым бачна і зразумела, якога магутнага празаіка мы страцілі ў самым росквіце сілаў. Няма сумневу, творы А.Асташонка будуць чытаць і перавыдаваць. І захапляцца яго тонкай, псіхалагічна выверанай, стылёва дасканалай настраёвай, філасофскай і псіхалагічнай прозай.

Валянцін Акудовіч. “Дыялогі з Богам”. Суплёт інтэлігібельных рэфлексіяў. Бібліятэка “Галерэі “Б”. Менск.: “Логвінаў”, 2006. – 192 стар. Наклад 500 ас.
Шчырая кніга. З тых, што так не хапае сёньня. Што гэта – эсэістыка, проза? Пэўна, аўтар, як заўсёды, мае рацыю, называючы свае творы – рэфлексіямі. Так, гэта рэфлексіі, якія ў кагосьці выклічуць захапленьне, а ў кагосьці жаданьне паспрачацца з аўтарам. Захапляйцеся. Спрачайцеся. Але ня будзьце абыякавымі.

Кастусь Акула. «Россыпы».Выбраныя творы. Менск.: «Логвінаў», 2005. – 624 стар. Наклад 500 ас.
Аснову кнігі склаў раман «Змагарныя дарогі», які ўжо выходзіў у Беларусі ў 1994 годзе. «У лепшых сваіх творах пісьменьнік па-беларуску грунтоўны, схільны да роздуму й чуйны да дэталі, нясьпешлівы й паважны», – з гэтымі словамі Уладзімера Арлова з прадмовы да кнігі нельга не пагадзіцца. Дададзім толькі, што Беларусь зачакалася ўжо іншых кнігаў Кастуся Акулы і найперш перакладу англамоўнага раману «Tomorrow is Yesterdаy» («Заўтра – гэта ўчора»).

Міхась Андрасюк. “Белы конь”. Аповесьць. – Беласток.: “Беларускае літаратурнае аб’яднаньне”. Бібліятэка БЛА “Белавежа”, кн. №54, 2006. – 120 стар. Наклад не пазначаны.
Адкрывае кнігу навэла, надрукаваная ў мінулым, 21 нумары “Дзеяслову” – “Граніца”. Такім чынам, чытачы, якія, да іх жалю, мажліва, ніколі не пабачаць гэтую кнігу, могуць мець уяўленьне пра творчасьць беластоцкага празаіка Міхася Андрасюка, які нястомна праслаўляе сваю родную Гайнаўшчыну, пакідаючы памяць пра яе прыроду і жыхароў у вечных радках, бо напісанае – застаецца. У метраполіі, на Беларусі, такіх пісьменьнікаў няма. Нас, часам, губіць залішняя адукаванасьць альбо залішняя ўпэўненасьць у сваёй адукаванасьці. А каб так вось прыйсьці з народу (а не з універсітэту) у літаратуру са сваім адметным стылем і голасам і захаваць іх, не сапсаваць, не зграфаманіцца – трэба нарадзіцца і жыць на беларускай Беласточчыне.

Ігар Бабкоў. “Каралеўства Беларусь”. Вытлумачэньні ру[і]наў. Менск: Логвінаў, 2005. -142 стар. Наклад 500 ас.
У анатацыі да кнігі куратара адноўленае калекцыі «Галерэя Б.» сьцьвярджаецца, што яе асноўная адметнасьць – «інтанацыя, з якой прамаўляецца слова «Беларусь». У рэцэнзіі на кнігу Францішак Корзун мае намер прасачыць «скразную логіку бабкоўскага будызму”, уважаючы пры гэтым I. Бабкова за «не акадэмічнага філосафа». Насампраўдзе ж няцяжка пераканацца (асабліва праз тэксты першай нізкі: «Вытлумачэньне руінаў», «Лісты пра сучасную літаратуру», “Багушэвіч і бяздомнасьць”, «Алесь Разанаў: заўвагі на палях утоенага сэнсу»), што ў сваіх ключавых момантах «Каралеўства...» – кніга найноўшага літаратуразнаўства. Зрэшты, у памянёнай анатацыі пры разьмеркаваньні роляў першым стаіць паэт, а ўжо затым – філосаф, вандроўнік.
Думка аўтара пададзена прыгожа, сьцісла, яна шчодра прадукуе метафары. Бабкоў любіць тэзіснасьць, яго сьцьвярджэньні мусяць прымацца як дадзенасьць. На дзесяці старонках эсэ пра Разанава – падмурак для дысертацыі. Пры гэтым тэзісы не разьвіваюцца, дзеля чаго за скрыптарам-сапёрам не пакідаецца права на памылку. У кнізе шмат канстатуецца, але яна не дае адказаў. Па прачытаньні асобных мясьцінаў кнігі ў нас склалася аблуднае адчуваньне няпэўнасьці аўтара. Няпэўнасьці ў тым, што ён прачнуўся?

Рыгор Барадулін. “Ксты”. Менск: Рым.-катал. парафія сьв. Сымона й Алены, 2005. 472 стар. Наклад 200 ас.
Кніга намінаваная на Нобелеўскую прэмію. Укладальнік прылічае яе да духоўнай літаратуры. Аляксандр Фядута называе аўтара «суаўтарам Бога» (“Наша ніва”). Вершы ж лепей за ўсё распавядаюць пра паэта і яго прызначэньне. Вядома, алегарычна.

Недатыкальны ў паганскай бажбе,
Укасьцянелыя языкі агню
Лось нясе на пакатым ілбе –
Падпаліць цішыню.

Елена Будинайте . «У. В. Убить время». Масква.: «Время», 2006. – 176 стар. Наклад 2000 ас.
У цэлым не такая і страшная кніга, як можа падацца з анатацыі («Нечто, срывающее крышу. Интелектуальный фетиш. Эстетический понт... Прочтите не останавливаясь. Только не грузитесь – время еще есть, все можно изменить»), і чытаецца даволі лёгка. Дзеяньне адбываецца ў Сітаун-Віледжы, сталіцы адной краіны (Кантре), якая «сейчас набухает от революции, которую прозвали «льняной» за примитивность и беспринципность. Народ же зовет ее просто тухлой...». Але кніга не пра рэвалюцыю, а (банальна) пра каханьне.

Зьміцер Вішнёў. «Верыфікацыя нараджэньня». Менск: Логвінаў, 2005. – 168 стар. Наклад 330 ас.
Аўтар прадбачны ў імкненьні быць нечаканым. У сваіх не заўжды сур’ёзных, але “шчырых” крытычных практыкаваньнях ён стварае прастору і кантэкст. Праз кнігу добра прасочваецца дзесяцігадовая шліфоўка стылю. Аўтар верыць у запатрабаванасьць яго крытыкі й тых тэкстаў, што ўганараваныя яе ўвагай.

Ніл Гілевіч. “Сказ пра залатое пёрка”. Бібліятэчка часопісу «Куфэрак Віленшчыны». Маладэчна, 2005. 64 стар. Наклад 200 ас.
Вершы грамадзянскае лірыкі 2001-2005 г.г. Балюча чытаць. Не чытаць – немагчыма. Пяро паэта выводзіць напраўду залатыя радкі. У тых радках, у міжчасьсі, блукае цень Луцкевіча, вандалы прабіваюць чэрап знанаму акадэміку, «як знак эпохі» стаяць жанчыны з партрэтамі і гучыць «Кліч да беларускай моладзі» 2001 году:

А тым часам у Менску,
У лёхах сырых,
Пошукі
Беларускае сэрца грызуць.

Глеб Лабадзенка. “Pagеr-вершы”. Начная лірыка. Вільня. “Gudas”, 2005. – 92 стар. Наклад 300 ас.
Першая кніга лаўрэата першай “дзеяслоўнай” прэміі “Залаты апостраф” асьвечаная імёнамі Рыгора Барадуліна, Андрэя Хадановіча, Рыгора Сітніцы, Васіля Сёмухі, Юрася Бушлякова…, якія дапамаглі маладому аўтару падрыхтаваць да друку і выдаць зборнік.
На жаль (ці на шчасьце), тэхніка так хутка разьвіваецца, што сёньня тыя, хто мала­дзей за дзевятнаццацігадовага аўтара зборніка, ужо і ня ведаюць, што такое “рagеr”… і ім цяжка зразумець, чаму вершы маюць такую форму і такі правапіс (замест літары “і” – лічба “1”). Але, спадзяемся, з самімі вершамі гэта ня здарыцца, і, аднойчы зьявіўшыся, яны застануцца назаўсёды…

крылы, душы ды аблок1:
погляд на жыцьце высок1.
вейк1, шчокі, вушы, вочы.
сьп1 спакойна. добрай ночы.

І. Я. Лепешаў, М.А. Якалцэвіч. “Слоўнік беларускіх прыказак”. Мн.: “Бел. Асац. “Конкурс”, 2006. – 544 стар. Наклад 7700 ас.
У трэцяе, дапрацаванае, выданьне даведніка ўвайшло больш за 1600 найчасьцей ужывальных прыказак. Пра тое, што кніга дапрацоўваецца ўвесь час, сьведчаць прыклады, узятыя з твораў апошніх гадоў, у тым ліку і надрукаваных у “Дзеяслове”, скажам, з “Круга” Алеся Пашкевіча, а таксама з твораў А.Федарэнкі, А.Наварыча, А.Казлова і інш. Дзіўны ўсё ж народ дасьледчыкі. Ну хто яшчэ так даткліва падлічыць, што ў трылогіі Я.Коласа “На ростанях” выкарыстана 109 прыказак, у раманах “Людзі на балоце” І.Мележа – 26, “Птушкі і гнёзды” Я.Брыля – 31, у “Плачы перапёлкі І.Чыгрынава – 30, а ў аповесьці “Шануй сваё імя” В.Блакіта – 12…

Геннадий Лопатин. “Подписаться под осенью”. Книга поэзии. Гомель, 2005. – 52 стар. Наклад 100 ас.
Чытаць вершы гэтага паэта трэба так, як яны пісаліся: у рытме кроку:

…Тогда февраль взял паузу и не
Была зима сама собой по цвету
И это стало подступом к сюжету
Где были сразу женщина и снег…

Надзіва беларускі гэты рускі паэт з Веткі. Шкада, што ягоныя кнігі выходзяць такім малым накладам і разыходзяцца толькі па сябрах.

Вальжына Морт. “Я тоненькая як твае вейкі”. Менск: Логвінаў, 2005. - 112 стар. Наклад 200 ас.
Што ж такога выбітнага зрабіла Вальжына для беларускае літаратуры і для асобных беларускіх літаратараў, калі два з іх уганаравалі паэтку наступнымі амбівалентнымі характарыстыкамі?
«...стварыла самы знакаміты твор маладой беларускай паэзіі» (Андрэй Хадановіч).
«...зусім нябачная ў кантэксьце беларускай літаратуры» (Зьміцер Вішнёў).
Ня раім нічога чытаць пра кнігу. Маем справу з паэзіяй Пачуцьця. ІІры судакрананьні з якой крытычнае сьціло, як правіла, яе (паэзію) нявечыць.
Тыя, хто прадракаў творчы скон В. Морт, не дачакаюцца. Пераеханая Максімам Танкам (Юрась Барысевіч), паэтка жывейшая за ўсіх жывых. Доказам таму – публікацыя ў «Агсhе» № 6, 2005 г. У вершы «Беларуская мова» (ч. II), ці ня ўпершыню ў творчасьці Вальжыны, вядзецца ад першай асобы множнага ліку: «Мы залезьлі назад у чэравы нашых сьпячых маці Як у бомбасховішчы/ Каб нарадзіцца зноў». Чэрававяшчальны вокліч прадстаўніцы пакаленьня, да якога ўпарта дадаюць постфіксы -nехt альбо -nеt, ні да вока ні да бока сканчаецца абрэвіятурна: «пі...ец» Дасьведчаны чытач разумее, што тры кропкі тут ня ёсьць знакам прыпынку.
Наконт пакаленьняў. На канале МТV маленькая бландынка Глюкоза сьпявае: «Все это полный пипец». То-о-ненька так, ведаеце, сьпявае...

Вінцэсь Мудроў. “Ператвораныя ў попел”. Эсэ, фантасмагорыі, успаміны. Менск: Логвінаў, 2005. — 132 стар. Наклад 700 ас.
Як эпіграф узятыя словы Алеся Асташонка: “як на маю думку, дык спаміж беларускіх празаікаў у Вінцэся Мудрова, бадай самы адметны статус: ён ёсьць, і яго няма. Няма ў сэнсе фармальным, справаздачным, нявартасным; ёсьць у дачыненьні фактычным, існасным, важным”. Доўгачаканая кніга аднаго з найпапулярнейшых пісьменьнікаў сярэдняга пакаленьня. Вось і яно ўзялося за мемуары. Ці ня рана? Не. 60-я – 80-я гады мінулага стагоддзя, гады іхняй маладосьці, для сёньняшніх дваццацігадовых такая ж далёкая гісторыя, як і часы Каліноўскага ці Скарыны. А таму шкада, што так і пайшлі з жыцьця не напісаўшы свае мемуары ні ў пяцьдзясят гадоў, ні ў семдзесят Лынькоў, Броўка, Куляшоў, Лужанін… А ім было што расказаць. Было.

Аляксандар Надсан. “Pro patria aliena. Кляштар беларускіх айцоў марыянаў у Друі (1924-1938)”. Бібліятэка часопісу “Беларускі гістарычны агляд”. Менск, 2006. – 158 стар. Наклад 500 ас.
Грунтоўнае дасьледаваньне дзейнасьці беларускіх айцоў марыянаў у Друі ў перыяд між дзьвюма сусьветнымі войнамі. Чатырнаццатая кніга бібліятэчкі часопісу “БГА”, які штораз радуе нас адкрыцьцямі. а. Аляксандар Надсан, аддаючы належнае айцам марыянам, дасьледуе прычыны, “з якіх кляштар ня змог зрабіць свой унёсак у справу адра­джэньня Грэка-Каталіцкай царквы ў Беларусі і ня здолеў стаць цэнтрам беларускага духоўнага жыцьця для каталікоў рымскага (лацінскага) абраду, як пра тое марылі ягоныя заснавальнікі”.

Сяргей Пясецкі. “Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі (ад 17 верасьня 1939 г.) / Пераклад з польскай Алеся Астраўцова. – Мн.: “VivfFutura”, 2005. – 252 стар. Наклад 2000 ас.
Без перабольшваньня – бестселер мінулага году. Першы сказ – проста шэдэўр: “Ноч была чорнай, як сумленьне фашыста, як намеры польскага пана, як палітыка англійскага міністра.” Далей спрактыкаванага чытача чакае трохі расчараваньняў з-за відочных банальнасьцяў і спрошчаных (дзеля галоўнае мэты) характараў герояў. Але, тым ня менш, кніга чытаецца на адным дыханьні. Вайновічаў “Чонкін”, напісаны праз 20 гадоў пасьля “Запісак” Пясецкага, – паўтарэньне пройдзенага, толькі разьдзьмутае ў дзесяць разоў... Беларуска-польскі пісьменьнік Сяргей Пясецкі (нарадзіўся ў Ляхавічах) пакінуў па сабе вялікую спадчыну, дзеяньне ў ягоных творах адбываецца ў 20-40 гадах у беларускіх гарадах і мястэчках. Перакладчыкаў чакае вялікая праца, а нас – прыемнае чытаньне.

Алесь Разанаў. «Кніга ўзнаўленняў». Менск: Логвінаў, 2005. – 134 стар. Наклад 500 ас.
Скарбонка беларускай пісьменнасьці, пераствораная, ператлумачаная, узноўленая майстрам. Тураўскі, Скарына, Будны, Цяпінскі, Сматрыцкі... “нанава ўваходзяць у рэчаіснасьць”. “Кніжны эпас” ад Разанава – для тых, хто верыць у Рэнесанс беларускага слова.

Алесь Разанаў. «Лясная дарога: версэты». Менск: Логвінаў, 2005. – 200 стар. Наклад 500 ас.
Другая кніжка серыі, аздобленай упісаным у квадрат яйкам. Зборка “the best” версэтаў ад самага пачатку (1980) – да 2005 г. Для дасьледчыкаў творчасьці карысныя пазнакі гадоў напісаньня твораў культавай паэтычнай формы. Засаб, у храналогіі, сабраныя творы розных гадоў з нізак “Заваёўнікі” і “Рэчы”.

Вячаслаў Ракіцкі. “Беларуская атлантыда”. Рэаліі і міты эўрапейскай нацыі. Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагоддзе. (Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода), 2006. – 504 стар. Наклад не пазначаны.
Сярод суаўтараў гэтай кнігі – суквецьце найлепшых імёнаў сучаснай Беларусі: Валянцін Акудовіч, Алесь Анціпенка, Вацлаў Арэшка, Алесь Белы, Тацяна Валодзіна, Пятро Васючэнка, Вольга Іпатава, Тодар Кашкурэвіч, Генадзь Сагановіч, Алег Трусаў, Захар Шыбека і інш. А яднае ўсіх Вячаслаў Ракіцкі. “Так пра айчынную гісторыю яшчэ не гаварылі”, — сьцьвярджае ў прадмове Аляксандр Лукашук. Цяпер можна сказаць: і не пісалі. Кніга насычаная найцікавейшымі фактамі з нашага мінулага. А формула інтэрв’ю дазваляе ў лёгкай, нязмушанай, займальнай форме распавесьці пра “норавы, ландшафт, скарбы, звычаі, каханьне, мэнталітэт…” і г. д. беларусаў.

Людміла Рублеўская, Віталь Скалабан. “Людвіка і Фабіян”. Гістарычная драма. – Мн.: Выд. В.Хурсік, 2006. – 52 стар. Наклад 100 ас.
Гісторыя каханьня Людвікі Сівіцкай (Зоські Верас) і Фабіяна Шантыра. Менск і Бабруйск, 1916-1918 гады. Шматабяцальная, удалая творчая садружнасьць вядомага гісторыка і цудоўнай пісьменьніцы. Малавядомыя гістарычныя факты і выдатная драматургія. Тэатры – станавіцеся ў чаргу на пастаноўку нацыянальнай п’есы.
На жаль…

Сяргей Рублеўскі. «Абмытыя валуны». Аповесьць, апавяданьні. Менск.: «Логвінаў», 2005. – 256 стар. Наклад 1000 ас.
Трэцяя кніга празаіка, якога пасьпелі заўважыць, адзначыць і палюбіць чытачы і прафесіяналы. Найлепшыя старонкі – пра маці: пра стасункі сына-пісьменьніка з наймудрай вясковай жанчынай. А яшчэ аповесьць («Дзеяслоў», №17), апавяданьні, эсэ, запісы розных гадоў. І літаратурны дзёньнік: «Прачытаў у адным часопісе рэцэнзію на сваю кніжку і, хоць быў позьні час, пайшоў на кухню ды наеўся кілбасы з часнаком».

Віктар Сазонаў. “Занатоўкі кантрабандыста, або аповеды Сымона Нальшанскага”. Беласток, Праграмная рада Тыднёвіка “Ніва”, 2005. – 134 стар. Наклад не пазначаны.
Трагікамічная проза гарадзенскага журналіста Віктара Сазонава пра нашае нядаўняе мінулае (а для каго і сучаснае)... Іван Шамякін сваю аповесьць “Сатанінскі тур” пра гэтакзваных “чаўнакоў” напісаў, ні разу ня зьезьдзіўшы з імі за мяжу. Віктар Сазонаў прайшоў праз усе стадыі памежнага бізнэсу і апісаў яго знутры, апісаў дасьціп­на, з гумарам (як і павінна быць, памятаеце: чалавецтва са сьмехам разьвітваецца…). Кніга асабліва цікавая будзе гарадзенцам і берасьцейцам як згадка, як напамін, як сьмех скрозь сьлёзы.

Франц Сіўко. “Асіметрыя”. Мінск: “Беларускі кнігазбор”, 2005. – 224 стар. Наклад 520 ас.
Сьціплая анатацыя – адзін сказ, дзесяць словаў: “У кнігу ўвайшлі творы празаіка – аповеды, эсэ, запісы – апошніх гадоў”. Большасьць – знаёмыя нам па публікацыях у друку, у тым ліку і ў “Дзеяслове”. Сабраныя разам, асабліва ўражваюць запісы – трапныя назіраньні, дакладныя высновы, а разам – роздум пісьменьніка пра жыцьцё. Гэта тое, што застаецца. Тое, што перачытваецца. Франц Сіўко (як і яго калегі Сяргей Рублеўскі, Вінцэсь Мудроў…) разбураюць агульнае стаўленьне да падзелу пісьменьнікаў на “сталічных” і “правінцыйных”. У сапраўднай літаратуры такога падзелу няма.

Альбом «Чарнобыль». Канцэпцыя, укладаньне, мастацкае аздабленьне Дзяніс Раманюк. Фота і тэкст Ігар Бышнёў, Анатоль Кляшчук, Дзяніс Раманюк. Рэдактар Сяргей Дубавец. Выдавец Дзяніс Раманюк, 2006. 256 стар, 259 каляровых ілюстрацыяў. Наклад 3000 ас.
Суперкніга. Гіперкніга. Ня толькі па фармаце – найперш па зьмесьце. Такім сьвет Чарнобылю яшчэ ня бачыў. Разьдзелы «Прырода», «Народ», «Гісторыя», «Чалавек» – сумны фоталетапіс чарнобыльскай трагедыі праілюстраваны цудоўным тэкстам. Лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць ці прачытаць. Дзякуй усім, хто спрычыніўся да выданьня гэтага альбому.

Юлия Шабуня. “Гортанные песни”. Мн.: «Беллитфонд», 2004. – 180 стар. Наклад 300 ас.
У той час, як маладая беларускамоўная генерацыя выдае-раскручвае-абмяркоўвае кніжыцы «эпатажнай» паэзіі, нашыя суайчыньнікі, што ствараюць па-расейску, апынуліся на сёньня практычна без кантэксту (старэйшыя калегі кажуць, што кантэксту гэтага ў нас ніколі й не было). Пры тым, што іх кнігаў выдаецца ў нас нямала, рэдка надараецца натрапіць на штосьці вартае. Кніга Юлі Шабуні, рызыкоўна тоўстая для маладой паэткі (вучыцца на факультэце прыкладной матэматыкі БДУ), ня мае выпадковых радкоў. Сьвежая, пранікнёная, глыбокая (па-жаноцку), разнастайная, ушчэнт урбаністычная паэзія. I няхай кажуць, што ў Піцеры такіх творцаў «па пяць чалавек пад кожнай пальмай» – не пагодзімся.

Ірына Шаўлякова. «Рэстаўрацыя шчырасці: літаратурна-крытычны канструктар». Менск: Логвінаў, 2005. – 144 стар. Наклад 300 асоб.
Ірына Шаўлякова – адна з тых нямногіх, у кім арганічна суіснуюць “прафесійны крытык” і патэнцыйны аўтар найноўшага падручніка па літаратуразнаўстве. Пошук новых формаў літаратурна-крытычнага артыкула ідзе поруч з грунтоўнасьцю і здаровым акадэмізмам. У кнізе – зрэз літаратурнага працэсу 2001-2003 г.г. Перачытваючы выгукнем: “Працэс ідзе!”

Віктар Шніп. “Балада камянёў”. Паэзія і проза. Мн.: “Мастацкая літаратура”, 2006. – 318 стар. Наклад 1500 ас.
Дужа цэльная кніга, у якой “аўтабіяграфічная” проза дапаўняе “неаўтабіяграфічныя” вершы і стварае вобраз аўтара… Мажліва, камусьці падасца перабольшвальным сьцьвярджэньне з анатацыі, што ў гэтай кнізе “паэт глядзіць на сьвет вачыма філосафа”, але – пачытайце кнігу... Верлібры В.Шніпа “смачнейшыя” за рыфмаваныя вершы, якія закалыхваюць сваёй аднастайнай мелодыкай, рытмікай і рыфмікай. Але і за гэтым – В.Шніп, адзін з самых пазнавальных нашых паэтаў.

…Як ланцугі, зьвіняць касьцельныя званы,
І вестка, што ня будзе болей тут вайны,
Нібыта ў вочы пыл, ляціць, ляціць крылата…

Першыя радкі першай балады кнігі. І г. д.