12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Дух часу

_____________________
Новыя выданьні на кніжных паліцах "Дзеяслова".


Так – «Дух часу» – называецца адна з кніг, разгледжаных у гэтым кароткім аглядзе. Сімвалічны назоў і стаўся загалоўкам усёй публікацыі. І сапраўды: у кнігах, што выходзяць сёньня па-беларуску, адбіваецца і за­стаецца назаўсёды дух нашага часу.

Янка Брыль. «Парастак». Мн.: «Про Хрысто», 2006. – 104 стар. Наклад 300 ас.
Апошняя прыжыцьцёвая кніга класіка беларускай літаратуры. Іван Антонавіч пасьпеў патрымаць яе ў руках і нават падпісаць кожнаму з «дзеяслоўцаў». Як шкада, што мы больш не пачуем ягоных мудрых развагаў, не натолімся шчырасьцю ягоных словаў... Але засталася ягоная проза, якую мы будзем чытаць, перачытваць і з удзячнасьцю згадваць гэтага мужнага і добрага Чалавека, найталенавітага Пісьменьніка.

Уладзімер Арлоў. «Паром празь Ля-Манш». Менск: Логвінаў, 2006. – 156 стар. Наклад 500 ас.
Другая кніга Арлова-паэта мае вельмі адметны стыль. Пры тым, што паэтыка пераважна апавядальна-апісальная, добра прадуманая кампазіцыйна, творы вылучаюцца экспрэсіўнасьцю і магутнай вобразнасьцю. Верлібр Арлова стварае настрой раўнавагі ды ўтульнасьці. Да шэрагу тэкстаў, пасьля слаўных гастрольных тураў пісьменьніка, можа быць дададзены эпітэт «культавыя»:

У панядзелак
сьвяціла сонца, і
твае грудкі
пахлі лявандаю,
а прыклаўшы да іх вуха,
можна было пачуць
бурштынавую музыку
Грыга...

Хіба мы горшыя за Галчыньскага? (гл. далей...)

Лідзія Арабей. «Пошукі ісціны». Мн.: Выдавец Віктар Хурсік, 2005. – 220 стар. Наклад 250 ас.
Кніга кароткіх абразкоў старэйшай беларускай пісьменьніцы, знаёмых нам па пуб­лікацыях у друку, у тым ліку і «Дзеяслове». Лідзія Львоўна не перастае зьдзіўляць сваёй назіральнасьцю, дасьціпнасьцю, шчырасьцю, мудрасьцю, а таксама дэмакратычнасьцю і беларускасьцю... Абразкі ў пяць-шэсьць сказаў, часам, вартыя вялікіх апавяданьняў і аповесьцяў.

Максім Багдановіч. «Інтымны дзённік: выбраныя творы». Укладальнік Ул.Сіў­чы­каў; прадмова Р.Барадуліна; мастак А.Кашкурэвіч. — Мн.: «Радыёла-плюс», 2006. — 528 стар.: іл. Наклад 3500 ас.
«Максім Багдановіч сапраўды Богам дадзены нашай нацыі, народу беларускаму навырост. Аднаго жыцьця мала, каб дарасьці да разуменьня Максіма Багдановіча, да разуменьня ягонай унікальнасьці, ягонай велічы, ягонай прастаты й крынічнай пранік­нёнасьці... Увогуле паэзія — гэта інтымны дзёньнік. І дзёньнік Максіма Багдановіча недасяжны сваёй адкрытасьцю і вышынёю духу...», – піша ў прадмове да зборніка Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін і з ім немагчыма не пагадзіцца.
У самой назьве кнігі – інтрыга: шмат хто чуў пра інтымны дзёньнік Максіма, але мала хто яго чытаў. Чытайце Багдановіча і вам адкрыюцца таямніцы жыцьця...

Рыгор Барадулін. «Руны Перуновы: выбраныя творы». Укладальнікі А.Камоцкі, Ул.Сіўчыкаў; прадмова Ул.Някляева; мастак А.Кашкурэвіч. — Мн.: «Радыёла-плюс», 2006. — 496 с.: іл. — 24 с. укл. Наклад 3500 ас.
Яшчэ адна кніга, якая выйшла дзякуючы намаганьням выдаўца Уладзіміра Сіўчыкава. Зборнік унікальны тым, што ў яго ўвайшлі як хрэстаматыйныя вершы, так і тыя, што друкуюцца ўпершыню. У прадмове Уладзімір Някляеў сьцьвярджае: «Роўных яму (Рыгору Барадуліну – рэд.) няма сярод сучаснікаў. Ён адзіны, хто здолеў, як і тыя першыя, якіх немагчыма палепшыць, увабраць у сябе ці ня ўсю беларускую спрадвечнасьць. У якой нават вецер гнёзды ўе». І далей: «Музыка не патрабуе перакладу, паэзія не перакладаецца. Геніяльны паэт роўны самому сабе толькі на сваёй мове. Рыгор Барадулін якраз гэткі паэт, роўны самому сабе адно па-беларуску. Зрэшты, як і народ роўны самому сабе толькі на сваёй зямлі з усім сваім...» А таму скажам усьлед за Уладзімірам Пракопавічам: «Дай Божа, каб праз Рыгора Барадуліна (як і праз Васіля Быкава, чаго, на жаль, ня сталася, не пасьпелася) Нобелеўскай прэміяй узнагародзілася ўся наша нацыянальная культура, літаратура, паэзія, а найперш – мова. Тая самая, якая выстаяла, выжыла насуперак зьнішчэньням. Тая самая, праз якую мы — не на пустым месцы. Тая, якая для Рыгора Барадуліна — ад мамы Голас. Урэшце, тая, на якой чуе нас Бог — і ці прымае, ці не прымае нашыя малітвы...»

Марыя Барадзіна. «Вышэй за паўночны вецер». Менск: Логвінаў, 2006. – 114 стар. (Галерэя «Б»). Наклад 300 ас.
Калі пачынаеш чытаць вершы Барадзіной (найлепей – нягучна-нетаропка, пад каньяк-віно-каву....), пакой ахінае вечаровая смуга, з вакна патыхае сьвежаскошанай травой і нядаўнім дажджом, чуецца радаснае іржаньне коней, што клічуць у падарожжа – са сну ў сон. Рухаючыся сьледам за паэткай у яе іншасьвеце антычных ды кельцкіх матываў, чароўных бардаўскіх вобразаў і ўтопіяў, ня будзем настолькі няветлівымі, каб зважаць на рэдкасустракальныя цяжкавымаўляльныя спалучэньні гукаў.

Позна...
Ціша зноў набрыняла пагоняй
мой кляштар за мяне
ўсе імёны запомніць
я сыйду, каб нарэшце прачнуцца

Над морам.
Вышэй за паўночны вецер

Альгерд Бахарэвіч. «Ніякай літасьці Валянціне Г.2. Менск: Логвінаў, 2006. – 290 стар. – (Другі фронт мастацтваў). Наклад 300 ас.
У трэцяй кнізе «Разбуральніка Гарадоў» тэкст ня стаў меней дэструктыўным, хаця і займеў больш чытэльны выгляд (хтосьці скажа «папсовы», а хтосьці адзначыць «кардынальны сыход аўтара ад эксьперыменту з формай». З. Вішнёў.). І ўсё ж чытаць кнігу трэба з яснай галавой і адкрытым сэрцам, не баючыся на плявок з боку аўтара. Хаця зьвядзеньне асабістых рахункаў з асобнымі персанажамі нашага літпрацэсу ў 100-старонкавым апавяданьні, што дало назву кнізе, падаецца крыху дробязным. Гэты твор, безумоўна, выкліча скандал у пэўных колах «Санвузла пісьменьнікаў». Рэкамендуем як сродак для разбруджваньня сьвядомасьці.
Дарэчы, А. Бахарэвіч – ці не адзіны з удзельнікаў Другога фронту мастацтваў, які не ўступіў гэтай вясною ў сябры Саюзу беларускіх пісьменьнікаў.
Алесь Бяляцкі. «Прабежкі па беразе Жэнеўскага возера». Менск-Беласток, 2006. – 272 стар. Наклад не пазначаны.
У апошнія гады Алесю Бяляцкаму, як вядомаму палітыку і праваабаронцу, даво­дзіцца шмат падарожнічаць па сьвеце, удзельнічаць у сур’ёзных мерапрыемствах, прысьвечаных сёньняшняй Беларусі. Але не-не ды і прачнецца ў ім тое, што па сваёй асноўнай прафесіі ён – літаратар, крытык, літаратуразнаўца. І тады зьяўляюцца падарожныя нататкі пра далёкія і блізкія краіны, пра жыцьцё там з мастком на жыцьцё тут... У кнігу ўвайшла таксама публіцыстыка – кароткія артыкулы пра тое, што сучасная Беларусь жыве змаганьнем, а не чаканьнем пераменаў. Асобны разьдзел – згадкі пра Анатоля Сыса, публікацыі па гісторыі і краязнаўстве.

Юры Весялкоўскі. «Дух часу. Палемічна-крытычныя артыкулы». Беласток-Лёндан, 2005. – 764 стар. Наклад 200 ас.
Пра шырыню тэматыкі кнігі гавораць ужо назвы яе разьдзелаў: «Эміграцыйнае жыцьцё», «Мінулае і сучаснасьць Беларусі», «Заходнія і ўсходнія суседзі», «Беларусь хрысьціянская», «Раньняе хрысьціянства», «Грамадска-арганізацыйнае жыцьцё», «У краінах сьвету»... Артыкулы палемічныя, бо дужа суб’ектыўныя. Аўтар вольна абыхо­дзіцца як з вядомымі фактамі, так і з вядомымі асобамі, бо не абцяжараны абавязкамі перад «старэйшымі і малодшымі» сябрамі. А таму, як думае, як лічыць, так і піша... Навукоўцы могуць знайсьці тут памылкі і недакладнасьці, але ў адным аўтару не адмовіш – у шчырасьці.

Канстанты Ільдэфанс Галчыньскі. «Сёмае неба». Менск: Логвінаў, 2006. – 330 стар. Наклад 500 ас.
Бліскучага Галчыньскага Беларусі адкрывае суквецьце перакладчыкаў на чале з А. Ха­­­дановічам.

Мы – для паэтаў раскоша,
неапісальныя словам,
нібы дзьве зоркі ўзыходзім
над сукняй парой вечаровай.

Здагадаліся, што апявае паэт?

Ніл Гілевіч. «Толькі мы самі» (Публіцыстыка 1995 – 2005. Неўпарадкаваныя нататкі 1980 – 2002). Масква: ПромоПРИНТ, 2006. – 624 стар. Наклад 1000 ас.
Дзесяцігоддзе – 1995-2005 – змаганьня Народнага паэта Беларусі за родную мову, культуру, супраць манкуртаў і манкурцтва ўвасобілася ў гэтую кнігу. Публіцыстыка: артыкулы, інтэрв’ю, прамовы – боль і горыч за лёс роднай мовы, культуры, але і вера, упэўненасьць у іх сьветлую будучыню...
Дажыць бы да часу, калі публіцыстыка Народнага паэта будзе вывучацца ў школах і ВНУ як гісторыя прыгожага пісьменства, калі яна страціць сваю вастрыню і злаба­дзённасьць, калі цынічная зграя невукаў і янычараў перастане чыніць гвалт над беларускасьцю, вырашаць за людзей, што ім чытаць і з якімі пісьменьнікамі сустракацца...

Ніл Гілевіч. «Мой тэстамэнт». Вершы. Вільня: Беларускае выдавецтва «Наша будучыня», 2006. – 128 стар. Наклад 100 ас.
Родная мова! Ты воч не расі!
Лёс твой – свабода.
Іменна ты незалежнасьць дасі
Духу народа.
Ты – чыя веліч, і моц, і краса
Толькі ўзыходзяць.
Ты – чыя слава наперадзе ўся
Ў тысячагоддзях...

Ня проста запавет, а ўсё жыцьцё Ніла Сымонавіча ў гэтым зборніку. Жыцьцё-змаганьне за ідэю, пранесеную праз гады. Кніга – своеасаблівая ілюстрацыя да «Абрысу пройдзенага шляху ў сьвятле адной мары» («Між роспаччу і надзеяй»), што друкуецца ў «Дзеяслове»: ад вершаў 1947 году да напісаных у 2006-м...
Кніга цудоўна выдадзеная: стылізаваная пад выданьні пачатку ХХ-га стагоддзя, калі беларускае мастацкае слова толькі праторвала сваю дарогу ў вялікі сьвет. Прайшло сто гадоў і што мы маем? Наклады меншыя за «Спадчыну» Купалы і «Вянок» Багдановіча...

«Ежы Гедройц і Беларусь». Зборнік артыкулаў. Укладальнік Т.Шкурко, пад рэдакцыяй А.Мальдзіса. – Мн.: Беларускі кнігазбор, 2006. – 80 с. Наклад 500 ас.
Зборнік артыкулаў пра вядомага прадстаўніка старажытнага беларуска-літоўскага роду, які прыйшоў у сьвет у 1906 годзе ў Менску і стаў сімвалам усяго культурніцкага і выдавецкага польскага жыцьця ХХ стагоддзя, складзены з матэрыялаў Міжнароднага «круглага стала» (прайшоў у 2001 годзе) і выбраных артыкулаў у перыядычным друку.
«Ежы Гедройц і Беларусь» – тое сплочваньне доўгу «паланізаванаму ліцьвіну», які спакойна супрацьстаяў двум тыраніям ХХ стагоддзя: нацысцкай Нямеччыне і камуна-бальшавіцкай сістэме. І яшчэ ў 50-х гг. мінулага стагоддзя адстойваў ідэю самастойнай беларускай дзяржавы, а на Беларусь глядзеў як на раўнапраўнага і годнага партнёра Польшчы. І рабіў сваю «Культуру» – апошнія 54 гады. І нават толькі гэтым варты прапі­сацца ў кнізе рэкордаў Гінэса: пад ягоным ачолам выйшлі 636 нумароў часопісу.
Сваю рэдактарскую працу ён параўноўваў з рэжысёрскай: не друкуючы ўласных артыкулаў, умеў падбіраць на тое і людзей, і тэмы. І публікаваў дзясяткі інтэрв’ю і артыкулаў пра Беларусь. Кніга ж пра яго, выдадзеная на Беларусі, аказалася пакуль не маштабнай: крыху больш дзясятка раней выдрукаваных публікацыяў. Найлепшымі цытатамі з іх бачацца дзьве, якія належаць Алесю Анціпенку і маглі б паслужыць эпіграфамі да новых выданьняў пра Ежы Гедройца: «Камунізм ня ёсьць і ня быў зьявай мысьленьня. Ягоны ўплыў меў зусім іншую прыроду – накшталт кампутарнага вірусу, які разбурае тэкст і робіць немагчымым ягонае прачытаньне цалкам»; «культура валодае дастатковымі рэсурсамі трываласьці і канструктыўных зьменаў, скіраваных на заблакаваньне й паразу таталітарных і імперскіх ідэалогіяў»…

Александр Дракохруст. «Что было – то было. Из воспоминаний и записных книжек». Мн.: Выдавец Зьміцер Колас, 2006. – 416 стар. Наклад 200 ас.
У новай кнізе старэйшыны нашай літаратуры зьдзіўляе – як заўсёды – драка­хрустаўская начытанасьць, спавядальнасьць, а, да ўсяго, сьціпласьць. У кнізе ягоных успамінаў – сотні запісаў пра сустрэчы, знаёмствы, сяброўства з «флагманамі» літаратуры другой паловы ХХ ст.: М. Танкам, У. Караткевічам, П. Панчанкам, А. Адамовічам, Р. Казаковай, А. Куляшовым, Н. Кісьлікам, С. Гаўрусёвым, А. Грачаньнікавым, А. Пысіным, Р. Барадуліным і інш. Гэта своеасаблівы калейдаскоп літаратурнай і літаратуразнаўчай памяці, асобныя старонкі якой сёньня – і дакументальныя, і нават архіўныя (у кнізе цытуюцца многія тэксты, сярод іх – пражскі ліст да аўтара Васіля Быкава). І, у адрозьненьне ад многіх успамінаў, у кнізе няма схільнасьці да забельваньня, самапазёрства. Сапраўдныя не перапісваюць чарнавікі начыста. Бо што было, тое – было…

Зянон. «Вялікае Княства». Паэма ў трох частках, фатаграфіях і вершах. Нью-Ёрк–Варшава–Вільня: «Беларускія Ведамасьці», Таварыства Беларускай Культуры ў Летуве, 2005. – 132 стар.: іл. Наклад 1100 ас.
Чытачы «Дзеяслова» мелі шчасьлівую мажлівасьць пазнаёміцца з паэмай летась у №№17-18. Але кніга па-свойму ўнікальная, бо зьмяшчае апроч паэмы фота­здымкі Зянона, невялікі слоўнічак, а таксама вершы з некалькіх цыклаў пад тым жа агульным назовам «Вялікае Княства». Прадмову да кнігі напісаў захоплены талентам паэта Зянона Рыгор Барадулін, а пасьляслоўе – сябра і паплечнік Сяргей Навумчык, які сьцьвярджае: «Асабіста для мяне, стылёва і ідэйна «Вялікае Княства» стаіць побач з «Панам Тадэвушам» Адама Міцкевіча – шчымлівай настальгічнасьцю па далёкай Бацькаўшчыне – і «Новай Зямлёй» Якуба Коласа – спрадвечным жаданьнем быць на сваёй зямлі гаспадаром».

Няма нічога цяжэйшага,
Як бачыць, што справа,
Якой прысьвяціў жыцьцё,
Падае, разбураецца на вачах.
І ўсе твае вынікі
Руйнуюцца ў друз,
Рагочуць ворагі на папялішчах...
Але не апускайма рук,
Не спыняймася.
Бо толькі калі выйдзем на шлях,
Убачым будучыню.

Ня спынімся... Убачым!

Міхась Казлоўскі. «Галасы разбуджаных птушак». Менск: Логвінаў, 2006. – 334 стар. Наклад 200 ас.
У цэнтры кнігі няўрымсьлівага дасьледніка, бібліяфіла, культурнага скарбні­ка Маладэчанскага краю – яго родная Віленшчына. На добрым навуковым узроўні апавядаецца пра слаўную і шматпакутную мінуўшчыну, у якой – адбітак нашае сучаснасьці. Прыво­дзіцца процьма датаў, фактаў, сьведчаньняў, імёнаў, што знаёмыя да крыўды вузкаму колу беларусаў, поруч з якімі – літаратурна-гістарычныя партрэты славутых сыноў Віленшчыны Т. Зана, А. Уласава, Г. Тышке­віча, айца У. Чарняўскага, Б. Кі­та, Г. Ка­ханоўскага, М. Ер­маловіча і інш. (з апошнімі двума, дарэчы, аўтар меў блізкія зносіны). Кніга добра ілюстраваная рарытэтнымі здымкамі. Частка матэрыялаў друкавалася на старонках часопісу «Куфэрак Віленшчыны», рэдактарам якога і зьяўляецца аўтар.

Ганна Кісьліцына. «Новая культурная сітуацыя: змена культурнай парадыгмы». Менск: Логвінаў, 2006. – 208 стар. Наклад 500 ас.
Аўтар бярэ на сябе сьмеласьць даводзіць, што ў «новай літаратурнай сітуацыі» ў Беларусі маюцца адзін празаік, адзін паэт, адзін філёзаф, адзін культуроляг, адзін часопіс і, вядома ж, адзін крытык... Усё паштучнае, як у вядомым аповядзе Уладзімера Арлова «Ордэн Белай Мышы». Праўда, у сувязі са «зменай культурнай парадыгмы», самога Арлова ў «найноўшай літаратуры» – няма, як няма і іншых творцаў. Са штучнасьцю створанай крытыкам «сітуацыі» нават спрачацца ня хочацца. Гісторыя, якая ня толькі за намі, але і перад намі – сама ва ўсім разьбярэцца: хто ёсьць, а каго няма...

Артур Клінаў. «Горад СОНца: візуальная паэма ў трох частках». Альбом. Менск: Логвінаў, 2006. – 128 стар. Наклад 500 ас.
Нечаканы погляд на Менск з Менску, які да А. Клінава не ўдаваўся нікому. Цудоўная прадмова, якая закалыхвае ўпэўненасьцю аўтара ў тым неардынарна-новым, што ён сьцьвярджае, і ягонаю гераічнаю спробаю пераканаць нас: трэба ганарыцца тым, што ёсьць, што маем, а ня плакаць па тым, што страцілі праз войны і рабаваньні суседзяў. Да гонару аўтара – перагарнуўшы старонкі альбому пранікаешся тою верай, што Менск сапраўды фенаменальна-ўнікальны еўрапейскі горад, што існуе як «спроба пабудовы ўтапічнай, але вялікай рамантычнай ідэі, увасобленай у эстэтыцы паэзіі абсурду на месцы гарадоў-прывідаў, матэрыялізаваны Цень Імперыі – імя якому Горад СОНца»...

Уладзімір Колас. «Лёс ліцэя: Аўтабіяграфічныя нарысы». Санкт-Пецярбург: «Нев­ский проспект», 2006. – 154 стар. Наклад 1000 ас.
Ёсьць успаміны, у якіх уласнаперажытае праектуецца на «лёс дзяржавы». Ёсьць і такія, у якіх «грамадскае» выводзіцца з перажытага. У кнізе У. Коласа ўласнае зрастаецца з грамадскім, як школьная парта ўрастае ў чалавечую псіхалогію, як Беларускі ліцэй – у гісторыю нацыянальнага супраціву і няскорнасьці.
Мы гаворым «Колас», падразумеваем «Ліцэй», мы гаворым «ліцэй», а згадваем пра Коласа. Сам жа ён у кнізе ня думае пра сябе, а вядзе гаворку найперш пра сваіх прашчураў і паплечнікаў, а таксама пра тых, хто па іншы бок барыкадаў. У станоўчым сьвятле згадваюцца Васіль Быкаў, Адам Мальдзіс, Лявон Баршчэўскі, Алег Трусаў, а таксама Станіслаў Шушкевіч, Міхаіл Дзямчук, Аляксандр Казулін. Сярод адмоўных «персанажаў» кнігі – статуя Леніна, Замяталін, Ціцянкоў і вышэй… Кампазіцыйна ж «аўтабіяграфічныя запісы» падаліся незавершанымі. І працягам кніжна-ліцэйскага лёсу ці ня стане Пестракоўска-рэвалюцыйная назва – «Сустрэнемся на барыкадах»?

Андрэй Паўлухін. «Электрычныя сны». Менск: Беллітфонд, 2006. – 212 стар. Наклад 53 ас.
Андрэй Паўлухін працуе пераважна ў рэчышчы кіберпанку (калі хто ня ў курсе, у кнізе маецца вялізнае эсэ да гісторыі гэтага жанру). Гэта трэцяя парадкавая кніга празаіка і першая беларускамоўная. Папярэдняя выйшла ў расейскім выдавецтве, з шыкоўным аздабленьнем і ў накладзе 5000 ас. “Электрычныя сны” выдадзеныя цалкам за сродкі аўтара звышмізэрным накладам. На ўласнае пытаньне «Ці існуе беларуская фантастыка?» аўтар адказвае: «Так, існуе. Але яна падобная на стальнога пацука, які хаваецца ў падземных камунікацыях айчыннай літаратуры». Выдаўцы, дзе вы, ау-у-у?
25-гадовы празаік актыўна друкуецца ў беларускай і расейскай перыёдыцы (апошняя публікацыя – у «Дзеяслове» № 22).
З творамі аўтара можна пазнаёміцца на ягоным сайце: http://pavluhin-kiber.narod.ru.

Людміла Рублеўская. «Я – мінчанін», серыя «Твае гарады, Беларусь». Мн.: «Мастацкая літаратура», 2005. – 111 стар. Наклад 2000 ас.
Першая кніга новай серыі, прысьвечанай мінуламу і сучаснасьці буйнейшых гарадоў Беларусі. Перад аўтарам стаяла найцяжэйшая задача на сотні старонак распавесьці пра Менск так, каб гэта было цікава і малым, і дарослым, сталым жыхарам і турыстам. Людміле Рублеўскай гэта ўдалося. Што важна: без аглядкі на «сёньняшнія ідэалагічныя запатрабаваньні». І сапраўды – улады і час зьмяняюцца, а Менск быў, ёсьць і будзе.

Дзяніс Хвастоўскі. «Лугназад». Менск: Логвінаў, 2006. – 136 стар. – (Другі фронт мастацтваў, бібліятэка «Бум-Бам-Літу»). Наклад 300 ас.
Дзякуй укладальніку (Віктар Жыбуль), які літаральна падняў з попелу многія тэкс­ты кнігі, і ўсім, хто спрычыніўся да выданьня. У кнізе – шматгранны й неардынарны мастацкі сьвет. Як ні дзіўна, кніга пакідае ўражаньне завершанасьці.
Шануйма паэтаў, покуль яны жывыя!

На вяршыні гары
Размаўляю з багамі,
Ды вугольле гарыць
Пад маімі нагамі.
Я дашчэнту палю
Ўсю паперу, як сьмецьце,
А на сьмерць я плюю –
Не баюся я сьмерці...