12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Дзеяпіс

_____________________
Новыя выданьні на кніжных паліцах "Дзеяслова"


Лявон Валасюк. Познія сны. – Брэст: Академия, 2006. – 100 с. Наклад 304 ас.
Чарговы наробак берасьцейскага мастака-дызайнера, паэта і – ад гэтай кнігі – празаіка. Упершыню асоба Лявона Валасюка выявілася гарманіч­на і «трохгранна»: кніга ў аўтарскім аздабленьні малюнкамі, вершамі і празаічнымі замалёўкамі. Арганічна сплятаюцца і створаныя вобразы, і паэтычныя ўспаміны, і творчыя сны, і сугуччы мовы. А да ўсяго – імкненьне ня толькі заўважаць хараство, але і фіксаваць яго.

Гоман. Усебеларускі літаратурны альманах. Выпуск 2. Заснавальнік М.М.Трафімчук. – Мн.: Медысонт, 2006, — 374 с. Наклад 290 ас.
Яшчэ больш за сто аўтараў з усёй Беларусі пабачылі свае творы на старонках альманаху. Вершы і проза, песьні і гумар, крытыка і літаратуразнаўства – па-беларуску і па-руску – сьведчаць, што людзей творчых у нашай краіне ня меншае, а наяўных выданьняў на ўсіх не хапае. Таму трэба сказаць вялікі дзякуй Міколу Трафімчуку за цудоўную ідэю: друкаваць усіх, хто таго жадае. Многім стала працаваць лягчэй...

Калосьсе. Літаратурна-мастацкі альманах, 2006, № 2 (11). – 152 с. Наклад 299 ас.
Новы нумар альманаху тэматычны – прысьвечаны дэтэктыўна-прыгодніцкаму жанру ў сучаснай беларускай літаратуры. Пра гэта сьведчаць асноўныя крытычна-літаратуразнаўчыя публікацыі (артыкулы Ю.Сальнікавай, С.Балахонава і інш.) і інтэрв’ю з «класікамі жанру»: Людмілай Рублеўскай і Юрыем Станкевічам. У нумары таксама вершы Андруся Храпавікага, Юркі Буйнюка, Юліі Дубра, проза Альгерда Бахарэвіча, Сяргея Балахонава, Алеся Аркуша... На жаль, літаратурны бок нумару мала працуе на яго асноўную ідэю.

Катэхізіс. Помнік беларускай Рэфармацыі ХVІ ст. Адаптаваны тэкст, пер. са старажыт. бел. мовы Н. Кабелка; Рэд. кал.: Н. Кабелка (навуковы рэд.) і інш. – Мн.: Юніпак, 2005. – 312 с.Наклад 200 ас.
Першае выданьне «Катэхізісу» Сымон Буднага выйшла ў 1562 годзе ў Нясьвіжы, другое ў 1628 годзе ў... Стакгольме. І вось мы маем трэцяе, у перакладзе з «рускай», як у С.Буднага, на сучасную беларускую мову. Каб не было пытаньняў, доктар гістарычных навук Анатоль Грыцкевіч у прадмове яшчэ раз падкрэсьлівае: «у ХVІ і ХVІІ стагоддзях, як і раней, «рускай» называлася беларуская мова. Тагачасная мова Маскоўскай дзяржавы называлася на Беларусі «маскоўскай»... Тэксты даюцца паралельна і чытаючы можна атрымаць найвялікшае задавальненьне ад старажытнабеларускай мовы... Кніга – плён працы многіх людзей: навукоўцаў і вернікаў. Шкада толькі, што выйшла яна такім малым накладам.

Наста Кудасава. Лісьце маіх рук: паэзія. – Мн.: Логвінаў, 2006. – 76 с. Наклад 300 ас.
Паэзія Н. Кудасавай лаканічна-пафасная. Настоеная перадусім на рускай (Цьвятаева, Башлачоў) і французскай (Верлен), яна захоўвае нацыянальную адметнасьць (найперш праз гукапіс).

Твае вочы, як неба, сінія –
На зямлі мой прытулак адзіны.
Твае вочы – і скон, і скінія –
І пагібель мая, і сьвятыня.

Паэтка, насуперак павальнай для маладой паэзіі кічава-блюзьнер­скай тэндэнцыі, не баіцца раскрывацца, распрацоўваючы «жаноцкія» тэмы.

Валерыя Кустава. Тамсама: вершы. – Мн.: Мастацкая літаратура, 2006. – 152 с. Наклад 1500 ас.
Паэтычная творчасьць В. Куставай надзвычай шматпланавая і плённая. Адрозна ад Н. Кудасавай, яе стыль вызначаецца манументальнасьцю і сінкрэтызмам, дзе класічныя памеры і тэматыка спалучаюцца з няўрымсьлівым пошукам (у сугуччах, бясконцым вынаходжаньні аказія­нальных формаў). Гэтак жа і настраёвасьць кнігі моцна вагаецца. Часам паэтка злоўжывае гукапісам і гуляньнем з словамі на шкоду сэнсу. Тады перагрувашчанасьць тэмамі і пачуцьцямі ўжо не зьдзіўляе, а стамляе.

Ува мне твая кроў, Максім,
ува мне твая кроў, Янка.
І кожнаму з вас я – сын.
Я вашым сынам калыханка.

Ягор Новікаў. Ваенная гісторыя беларускіх земляў (да канца ХІІ ст.). Том. І. – Мн.: Логвінаў, 2007. – 208 с. Наклад 500 ас.
На прэзентацыі кнігі аўтар падкрэсьліў, што ягоная праца ня ёсьць апалогіяй вайны. Сапраўды, маем грунтоўнае дасьледаваньне, з высокім узроўнем навуковай мовы, унікальным бібліяграфічным матэрыялам (360 спасылак на 200 стар.), што разглядае вайну як «складаную частку палітыкі». Гэта ці ня першае дасьледаваньне, дзе ваенныя дзеяньні ацэньваюцца з беларускага гледзішча.
Найцікавае – дасьледзіны эвалюцыі ваеннага майстэрства нарманаў, славянаў і балтаў цягам «цёмных» для беларускай гістарыяграфіі стагоддзяў (V-X стст.). Наступны том, што рыхтуецца да друку, мае быць яшчэ цікавейшым праз наяўнасьць вялікага фактычнага матэрыялу.

Пилип Орлик – гетьман і автор першоп конституціп Украпни. – Мінск: РУП “Выдавецкі цэнтр БДУ”, 2006. – 143 с.: іл. Наклад 900 ас.
Высілкамі Беларускага грамадскага аб’яднаньня ўкраінцаў «Ватра» ў Беларусі зроблены яшчэ адзін помнік украінска-беларускаму пабра­цімству, помнік аўтару першай канстытуцыі Украіны і ідэі парламентарызму – беларусу Піліпу Орліку. Гэта кніга артыкулаў розных аўтараў аб тым, як у вёсцы Касута ў праваслаўным шляхецкім родзе на беразе цяперашняга Вілейскага вадасховішча ў 1672 г. нарадзіўся будучы захавальнік гетманскай годнасьці Украіны, які годна служыў ідэям свабоды і роўнасьці, мужна змагаўся з наступам Расейскай імперыі і мусіў праводзіць свае апошнія гады ў эміграцыі – пад ачолам Шведскага караля. Яго сын Рыгор апынуўся ў Францыі, меў графскі тытул, даслужыўся да званьня генерал-лейтэнанта, а французам пакінуў ад свайго беларускага прозьвішча назву аэрапорту Орлі, які ўзьвялі пад Парыжам на колішніх землях гетманскага сына.

Андрей Пионтковский. Нелюбимая страна. – Москва: РДП “Яблоко”, 2006. – 139 с. Наклад 25 000 ас.
Незвычайная для сучаснай Беларусі кніга, якая патрапіла да ейнага чытача. Гэта востра-афарыстычныя артыкулы доктара філасофіі і публіцыста пра палітычную рэчаіснасьць апошніх гадоў. Сярод герояў кнігі – ня толькі першыя асобы Расіі, але і некаторыя кіраўнікі былых савецкіх рэспублік. У цэнтры – крытыка У. Пуціна. Крытыка, пасьля якой у Беларусі б ня толькі «перачыталі» аўтара, але і партыйнае выдавецтва, якое выпусьціла «крамолу», ды і саму партыю. Хоць бы за паўтораныя намёкі пра 13-мільярдную «зьдзелку» па «Сібнафце» паміж Абрамовічам і П… Вось па той жа прычыне ня можам пераказаць артыкул «Палітрук і асабіст» названай кнігі – пра бліжэйшыя да нас падзеі, а таксама хвосткія каментары да іх. Скіруем дапытлівых у інтэрнэтаўскае бяздоньне: www.yabloko.ru/Publ/Book/Fire/. І насамрэч: кніга/агонь…

Алесь Рыбак. Галаброды: раман, аповесць, апавяданні. – Мінск: Кнігазбор, 2006. – 306 с. Наклад 500 ас.
Заходнебеларуская вёска, часы калектывізацыі, прымусу, выгнаньня, сталеньня, каханьня, дзяржаўных савецка-польскіх перападзелаў… У эпіцэнтры ўсяго – постаць старшакласьніка Вадзіма. А над тым – балючы аўтарскі роздум пра лёс блізкіх яму людзей. Найперш уражвае раманны «вір народнага жыцьця», а таксама вобраз «хлапца», які «ўсё прапускае праз сваё сэрца і нервы».
У кнігу ўвайшла таксама вядомая па газетнай публікацыі аповесьць пра неаптымістычную вясковую сучаснасьць “Маша і Машка”, а таксама блізкія па настроях і стылістыцы апавяданьні.

Святліца. Літаратурны альманах. – Баранавічы: Грамадская аргані­зацыя «Творчае згуртаванне «Святліца», 2006. – 124 с. Наклад 250 ас.
«Святліцы» дзесяць гадоў і, такім чынам, трэці выпуск альманаху прысьвечаны юбілею суполкі. Апроч вядомых беларускаму чытачу Івана Лагвіновіча, Алеся Бакача, Венанцы Бутрыма, Ілоны Сьцяцко, Яна Збажыны, Анатоля Трафімчыка, Руслана Равякі... у зборнік увайшлі вершы і проза дзясяткаў творцаў, якія жывуць і працуюць у Баранаві­чах і якіх яднае любоў да роднага слова і Беларусі.

Святло шчымлівай памяці. Зборнік вершаў паэтаў Гомельшчыны. Укладальнік М.А. Беразоўская. – Гомель: Таварыства з дадатковай адказнасьцю «Барк», 2006. – 246 с: іл. Наклад 700 ас.
Выданьне мае два разьдзелы: «Стаката каштанаў» і «Сродни оберегу» – падзел зразумелы ў нашым сёньняшнім дзьвюхмоўі. Як зразумела і іншае: чаму ў своеасаблівую анталогію паэзіі Гомельшчыны ня ўключаныя творы некаторых землякоў... І тым ня менш зборнік атрымаўся цікавым і зьмястоўным. Чытаючы яго, ловіш сябе на думцы: як усё ж не хапае ў Беларусі перыядычных літаратурна-мастацкіх выданьняў. І што важна: найперш у правінцыі, у абласных і буйнейшых раённых гарадах.

Ільля Сін. Сапсаваныя лялькі. Другі фронт мастацтваў. Наклад 250 ас. (Год выданьня, выдавецтва ды іншыя зыходныя дадзеныя адсут­нічаюць).
Другая кніга І. Сіна – ня кніга ў звыклым разуменьні. Яна ўяўляе з сябе канверт, у якім... Ня будзем раскрываць усіх сакрэтаў аўтара, улазячы ў прыватнае ліставаньне з яго чытачом. Запэўнім толькі, што там няма парашку сібірскай язвы, але ёсьць, акрамя ўласна тэкстаў, процьма нечаканых знаходак. Напрыклад, разарваныя (трэба разумець, уласнаруч аўтарам) і запакаваныя ў цэлафанавы пакецік старонкі № 22-23. Асобна варта адзначыць тытанічную працу вярстальніка Сяргея Кандраценкі, што дадала выданьню брутальнасьці ў межах трэшавай стыліс­тыкі. З улікам назову папярэдняй кнігі («Нуль»), гэтая магла б насіць парадкавы нумар «мінус 1».

Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакумэнтах і ўспамінах / уклад., падрыхт. тэкстаў, іл., аўт. заўв., камэнт., паказ. А. Гесь, У. Ляхоўскі, У.Міх­нюк; прадм. У. Ляхоўскага. – Мінск: Медысонт, 2006. – 400 с. Наклад 200 ас.
Гэта другое выданьне дакументальнай энцыклапедыі пра змаганьне случакоў супраць бальшавіцкіх войскаў у 1920 г. Зборнік падзяляецца на тры тэматычныя разьдзелы: архіўныя дакументы і газетныя паведамленьні («Хроніка падзеяў»); успаміны («Галасы ўдзельнікаў Слуцкага збройнага чыну») і «Сьведчаньні з-за кратаў» – паказаньні некаторых паўстанцаў на допытах у ГПУ – НКУС.
У перавыданьне дадаліся новыя матэрыялы, знойдзеныя ў архівах і бібліятэках Польшчы. Удакладнены некаторыя каментары і біяграмы. Завяршае кнігу некралог «Памяці прафесара Уладзіміра Міхнюка» – па адным з укладальнікаў зборніка, які не дачакаўся яго перавыданьня. Правільней – і будучых перавыданьняў значна большымі накладамі…

Алена Таболіч. Ліхтарык глогу. – Мінск: Беларускі кнігазбор, 2006. – 108 с. Наклад 100 ас.
Гэта – другая кніга паэтычных перакладаў з ангельскай мовы (першая – «Срэбны дождж», 1999), якая сабрала перастварэньні вершаў брытанскіх, амерыканскіх, ірландскіх, шатландскіх і валійскіх паэтаў. Большасьць з іх прадстаўлена адным-двума перакладамі. Разнастайнасьць аўтараў і выбар тэкстаў абгрунтоўваецца перакладчыцкімі прыярытэтамі: перавага аддаецца жаночай лірыцы, творчасьці англамоўных класікаў і сучасьнікаў, якія раней у нашай краіне не друкаваліся.
Асобны разьдзел зборніка рэпрэзентуе вершы беларускіх паэтаў (Р. Ба­радуліна, Л. Геніюш, Д. Бічэль, М. Скоблы, С. Панізьніка ды іншых) у ангельскіх перакладах.

Тэрмапілы. Літаратурна-мастацкі і беларусазнаўчы часопіс, № 10, 2006. – 268 с., іл. Наклад не пазначаны.
Беластоцкі гадавік беларускамоўнай прозы, паэзіі і крытыкі прысьвечаны ўшанаваньню памяці Янкі Брыля. У аздобе каляровых уклеек – паэзія Алы Нікіпорчык, Уладзіміра Мархеля, Юстыны Грыцюк, Юркі Буйнюка, Віславы Шымборскай (пераклады Ніны Мацяш), Беаты Скарынкевіч, Анатоля Вярцінскага і Яна Чыквіна.
«Тэрмапілы» надрукавалі пачатак рамана Алеся Рыбака «Галаброды». Запамінаюцца запісы Радзіма Гарэцкага, невядомыя лісты Ларысы Геніюш, літаратуразнаўчыя выступы Ігара Жука, Веранікі Стральцовай, Альбіны Сямёнавай, Міколы Мікуліча, Галіны Тварановіч. «Хрыбет» нумара – фантастычна-камічная аповесьць Васіля Гігевіча «Шчасьлівая планета», у якой чуецца Мрыеўская сказавая манера сучаснага Самсона Самасуя.