12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Новыя выданьні на кніжных паліцах "Дзеяслова"

_____________________



Алесь Адамовіч. …Имя сей звезде Чернобыль / Укл. Н. А. Адамовіч. – Менск: “Ковчег”, 2006. – 544 с.: з іл. Наклад 1000 ас.
Чытаючы Адамовічаву кнігу, разумееш, што ядзерная вайна была, ёсьць і працягваецца. Пра тое распавядаюць дзёньнікі пісьменьніка і грамадска­га дзеяча, ягоныя артыкулы, лісты да Міхаіла Гарбачова, Яфрэма Сакалова, Андрэя Сахарава, Васіля Быкава, інтэрв’ю, кінасцэнарый, а таксама аповесьць “Апошняя пастараль”, – усё, што дбайна ўключана ў аб’ёмны том памяці і смутку. Уражваюць найперш прароцкасьць Адамовіча (у запісах пачатку 80-х – яскравае прадчуваньне Чарнобыльскай катастрофы) ды задакументаваная рабская баязьлівасьць тагачаснага беларускага кіраўніцт­ва. А шырэй – актуальнасьць кнігі. Ад самага яе пачатку: “Разам з бюракратам казённы аптыміст – галоўны наш магільшчык. Дзякуючы “патрыя­тычнаму аптымізму” мы вайну сустрэлі ў падштаніках. А цяпер вось – Чарнобыль. Цікава, ці будзем дабудоўваць свой – за 30 км ад Менску?”

Расьціслаў Бензярук, Вісарыён Крысько. Жыў на свеце дзед Васіль: кніга абразкоў пра В. Вітку, ягоны час і сяброў. – Брэст: “Акадэмія”, 2006. – 64 с. [8 стар. іл.]. Наклад 55 ас.
Унікальная кніга. І ня толькі накладам. У ёй – спавядальныя ўспаміны пра пісьменьніка Васіля Вітку ягоных сына (В. Крысько) і вучня (Р. Бензерука). Беларусь і яе людзі, вайна і літаратура, гумар і трагедыя чалавечага існаваньня, ваколлітаратурныя здарэньні, – тэматычнае абрамленьне аповедаў. А яшчэ – урыўкі з лістоў К. Чорнага, згадкі пра “стары” Саюз пісьменьнікаў, пра жонку Я. Купалы, пра У. Дубоўку, Я. Брыля, пра сьветлую памяць і творчую ўдзячнасьць.

Рафал Ваячак. Мёртвы сэзон: выбраныя вершы / пер. з польскай В. Морт. – Мінск: І. П. Логвінаў, 2007. – 137 с. Наклад 1000 ас.
Сапраўднае адкрыцьцё для аматараў паэзіі: новае імя, новая стыхія. 1945-1971 – гады жыцьця паэта. Але – сапраўдная паэзія вечная і не губляе сваёй актуальнасьці праз гады, як не губляюць яе шчырасьць і каханьне, сьмеласьць і непасрэднасьць.
Ёсьць лесьвіца
але няма прыступак
Ёсьць я
але мяне няма...
Юрка Віцьбіч. Антыбальшавіцкія паўстаньні і партызанская барацьба на Беларусі. – Вільня: “Gudas”, 2007. – 308 с. Наклад 500 ас.
Гэта другое выданьне Віцьбічавай “ваярскай анталогіі”. Першае зьявілася ў ЗША ў 1996 г., і вось, калі верыць тытулу новай кнігі, – друк з еўразьвязаўскай Летувы. Чытачы розных рангаў і да сёньня спрачаюцца: гэта выдумка на дакументальным матэрыяле ці дакумент з доляй выдумкі. Ці – варыянт трэці – першаподступ да некалі бестсэлернай “савецкай” кнігі “Я з вогненнай вёскі” ды кніг Сьвятланы Алексіевіч…

Ян Гурэц-Расіньскі. Райская яблыня = Rajska jabіoс/ Па-польску і беларуску. Пер. на бел. мову С. Законьнікава. – Менск: “Кніга­збор”, 2006. – 152 с. Наклад 1000 ас.
Нечаканы, вабны і запамінальны падарунак аматарам паэзіі. Польскамоўны аўтар, які нарадзіўся ў 1920-м на Гарадзеншчыне, застаецца над плынямі, традыцыямі. Разьдзелы кнігі – як паэтычны кругабег: “Ад­крыцьцё раю”, “Папараць-кветка”, “Амуры”, “Аскома”, “Лаўцы прывідаў”, “Разьвітаньне з раем”. Абеларушаны польскі паэт – у спалучаных рытмах пачуцьцяў, у фантазійнай разьняволенасьці, праславянскай метафорыцы, душэўнай неўтаймаванасьці і паэтычнай гарэзьлівасьці… Усё тое годна перастворана па-беларуску, – нібыта і пісалася ў двух мовах.

Дваццаць польскіх апавяданьняў. Пер з польскай; укладальнік Андрэй Хадановіч. – Менск: І. П. Логвінаў, 2007. – 312 с. Наклад 1000 ас.
Такіх выданьняў не хапае ў сёньняшняй Беларусі: дужа мала ведаем мы, што адбываецца ў літаратурах нашых суседзяў. А тут – адразу дзесяць найпулярных і найсучасных польскіх аўтараў і дваццаць іхніх аповедаў. На розны густ. І пачаткоўцам, і «жывым класікам» можна прымерыць польскі «шынэлак» на сябе. Ну а аматарам суседскай літаратуры – проста прыемнага чытаньня.

Андрэй Дынько, Андрэй Скурко. Беларусь за 10 падарожжаў. Кнігарня «Наша ніва» – Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2007. – 174 с. Наклад 1000 ас.
Аўтары аб’ехалі Беларусь па яе межах, з заходамі ў Расею і Польшчу, наведалі малыя радзімы адметных асобаў сучаснай Беларусі і свае ўражаньні выклалі ў дзесяці нарысах. Кніга чытаецца на адным дыханьні і патрабуе працягу: падобную Беларусь мы бачым кожны дзень, але пра такую Беларусь мы яшчэ не чыталі. Адно хіба – хацелася б больш ілюстрацыяў, але аўтары маюць на гэта адказ: «гэта ня кніга-шпаргалка, а кніга-падказка». Так, лепш адзін раз убачыць на свае вочы, чым сем разоў у альбоме. Падарожнічайце самі. Адкрывайце сабе невядомую Беларусь.

Васіль Жуковіч. Энергія запаветаў: Перакл. з украінскай паэзіі. – Менск: Выд. В. Хурсік, 2006. – 136 с.: з іл. Наклад 100 ас.
Кніга прымеркаваная да ўгодкаў нараджэньня Л. Украінкі ды І. Франко. Акрамя названых творцаў уключае яшчэ вершы Т. Шаўчэнкі. Гэта – плён дзесяцігоддзяў знаёмства і прыхільнасьці да ўкраінскай ідэі беларускага паэта, беларускай літаратуры. Энергія запаветаў і ўкраінскіх, і беларускіх песьняроў складаецца з аднолькавых хрэстаматыйных “квантаў” любові да нацыі, традыцыі і вольнасьці. А таму і зборнік успрымаецца як навейшы запавет, складзены з трохкніжжа волатаў украінскага духу.

Алена Кобец-Філімонава. Калі ўцякала сонца: творчасць Рыгора Кобеца, яго жыццё і пакуты. – Мінск: “Кнігазбор”, 2006. – 464 с. [38 стар. іл.]. Наклад 250 ас.
Кранальная кніга дачкі пра бацьку, дасьледчыцы пра аднаго з заснавальнікаў беларускага тэатру і кіно. У аснове аб’ёмнай працы – лёс драматурга, кінадраматурга, драматычны лёс літаратара. Шырэй – гістарычная хроніка культурніцкага жыцьця Беларусі 20-60-х гадоў у прыгожым аздабленьні фотаархіўных ілюстрацый ды шчымлівых аўтарскіх згадак і ўдакладненьняў. Кніга завяршаецца “Кароткай біяграфіяй” Рыгора Кобеца. Чым ня стыльнае выданьне серыі “Жыцьцё знакамітых людзей (Беларусі)”, якую заплагіяціла “Мастацкая літаратура”, але паслухмяна і блізарука не глядзіць далей людзей, якія “очень любят пр…”?

Этгар Керэт. Кіроўца аўтобуса, які хацеў стаць Богам. Пер. з мовы іўрыт П. Касьцюкевіча. – Мінск: выд. І. П. Логвінаў, 2007. – 200 с. Наклад 1000 ас.
Ніхто і не сумняваўся, што сучасная літаратура Ізраілю – цікавая і адметная. Але адна справа здагадвацца, зусім іншая – ведаць. А такой магчымасьці да нядаўняга часу ў нас не было. І вось першы пераклад з іўрыту на беларускую мову. Аўтар – амаль наш зямляк (бацька з Баранавічаў), перакладчык – нарадзіўся і жыў на Беларусі. Сітуацыі ў аповедах – агульначалавечыя і... тыпова беларускія. Дзякуй за прыемнае знаёмства амбасадзе Дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь. І, мяркуем, нас ёсьць яшчэ чым парадаваць. І зьдзівіць.

Лявон Лаўрэш. Міністр Беларускай Народнай Рэспублікі генерал ад інфантэрыі Кіпрыян Кандратовіч: біяграфічны нарыс. – Ліда, 2006. – 44 с. Наклад 250 ас.
Сьціпла выдадзеная кніжыца бачыцца першай ластаўкай бібліятэкі біяграфічных нарысаў пра дзеячоў БНР і надзвычай неабходная ў наш “безгістарычны” час, калі “масьцітыя” энцыклапедыі пішуць пра генерала: “Застаўся жыць у Парыжы. Далейшы лёс невядомы”. А ён – генерал Кандратовіч – пасьпеў папсаваць нервы бальшавікам, а пасьля зьнішчэньня БНР дажываў век у маёнтку Гародна на Лідчыне…
Лявон Лаўрэш, апавядаючы пра лёс генерала-беларуса, дае, да ўсяго, адлуп і Аляксандру Салжаніцыну, паказваючы на недакладнасьць “Чырвонага кола” ў асьвятленьні ваеннай біяграфіі К. Кандратовіча.

Куфэрак Віленшчыны: гісторыка-краязнаўчы і літаратурна-мастацкі часопіс Віленскага краю. – 2006, № 1 (11). – 178 с. Наклад 299 ас.
Нумар прысьвечаны сьветлай памяці Міколы Ермаловіча. На ад­крыцьці пасьля ягонага партрэту – эсэ пра знакамітага гісторыка Міхася Казлоўскага. У “Куфэрку” друкуюцца нізкі вершаў М. Ермаловіча і Алега Аблажэя. Разьдзел “Краязнаўства” запаўняюць развагі А. Камінскага, у цэнтры якіх – беларускае Крэва. Цэнтр “Куфару” прысьвечаны пазнавальнай “хроніцы аднаго жыцьця” Л. Гардынец пра гісторыю радаводу Сікорскіх. А “Думкі ўслых” Янкі Галубовіча патрабуюць пазнакі даты ці асобных каментароў, бо ягоныя развагі з прычыны “зьдзеку над словам” архісастарэлі. Напрыклад: “А чаму б не праводзіць агляд па радыё часопісаў “Маладосць”, “Полымя”, “Нёман”…? Якраз агляды тых “нацыяналізаваных” выданьняў – паўсюд. А вось “Куфэрка” – не было ні разу.

Дзьмітры Касмовіч. ЗА вольную і сувэрэнную Беларусь. – Вільня: “Gudas”, 2006. – 224 с. Наклад 500 ас.
Назва кнігі – ня слоганы нашых выбарчых кампаніяў… Унікальная кніга мемуараў Дз. Касмовіча (багатая рэдактарскай бібліяграфіяй) – пра тое, як аўтар у Крамлі ціснуў руку Сталіну, галасаваў як дэпутат за далучэньне Заходняй Беларусі да СССР, а затым – функцыянерам нямецкай паліцыі – “па-геройску змагаўся супраць савецкай арміі” ды з “ляснымі бандамі”.
І разумееш нарэшце розьніцу паміж “мемуарамі” і “ўспамінамі”: першыя пішуцца “як трэба”, а ўспаміны… Успомніць тое, чаго не было, – не магчыма. А яшчэ, чытаючы Касмовіча, думаецца: найлепшыя мемуары – гэта выдуманы раман, а раман – спавядальныя ўспаміны.

Вінцэсь Мудроў. Альбом сямейны. (Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе). Радыё Свабодная Эўропа. Радыё Свабода, 2007. – 232 с.: іл. Наклад не пазначаны.
У аснове кнігі Вінцэся Мудрова – перадачы Радыё Свабода, якія гучалі ўлетку і ўвосень 2006 году. Настальгічныя, без перабольшваньня, успаміны пра 60-70-я гады мінулага стагоддзя праз рэчы, што тады акружалі кожнага савецкага чалавека, успаміны прасякнутыя добрым, дасьціпным гумарам. А інакш і быць ня можа: чалавецтва, звычайна, са сьмехам разьвітваецца са сваім мінулым. Так, але не-не ды нешта шчымліва і варухнецца ў сэрцы нават ад прачытаньня назвы згадкі. У каго ад «Газвады з сіропам», а ў каго ад «Хунвэйбінаў».

Алесь Разанаў. Дождж: возера ў акупунктуры: пункціры. Менск: І. П. Логвінаў, 2007. – 162 с. Наклад 500 ас.
У назьве кнігі – цэлы твор. Ці было шчэ такое ў нашай літаратуры?
Пункціры – паэтычная форма Разанава (ствараецца ўжо болей сарака гадоў) пераўзыйшла свой час. У часы шматслоўя зьяўленьне пункціраў было прадвесьцем новай эры ў паэзіі. Сёньня яны добра ўкладаюцца ў sms-паведамленьне.

Юры Туронак. Людзі СБМ. – Вільня: “Gudas”, 2007. – 224 с. Наклад 1000 ас.
Новая праца дасьледчыка беларускасьці, якая апісвае працэдуру стварэньня нацыяналістычнай арганізацыі Саюз беларускай моладзі і яе ролю ў патрыятычным выхаваньні і… вярбоўцы моладзі на працу ў ваенна-дапаможную службу ў Нямеччыне. Гэта дакументальная сага пра антыпод піянерыі-камсамоліі, у шыхтах якога было каля 9 тысячаў юнакоў і дзяўчат. Пасьля прачытаньня высьвечваецца страшная блізкасьць “вялікіх” Сталіна і Гітлера ды іхніх беларускіх ідэолагаў. З адной відавочнай розьніцай: СБМаўцы за тое адседзелі доўгія тэрміны ў сібірскіх лагерах, а колішнія камсамольцы ў Беларусі і цяпер імкнуцца “кіраваць парадам”.

І ўзімку лілеі цьвітуць...: аповесці, апавяданні, уклад. В. Праўдзіна. Серыя «Вера. Надзея. Любоў». – Мінск: Мастацая літаратура, 2007. – 382 стар. Наклад 1500 ас.
«Мастацкая літаратура» распачала яшчэ адну серыю, будучыня якой бачыцца цьмянай. Ідэя добрая, аднак, кола аўтараў задужа абмежаванае, бо пропускам у кнігу найчасьцей становіцца не адметнасьць твору, а прысутнасьць аўтара ў «саюзе Чаргінца».

Макс Шчур. Раньні збор. (1991-2006). – Стакгольм: выд. фірма Аркона, 2006. – 300 стар.
Сам аўтар называе сябе «даволі невядомым у Беларусі паэтам». Цяжка з гэтым не пагадзіцца, а прачытаўшы кнігу не пашкадаваць, што гэта так. Выбранае за пятнаццаць гадоў дазваляе пражыць гэты час разам з аўтарам і побач з ім. Што б там ні казалі пра «лірычнага героя», але ад сябе не схаваешся. Кніга жывая, кніга дыхае, кніга трызьніць і пакутуе...