12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Дзеяпіс

_____________________
Новыя выданьні на кніжных паліцах "Дзеяслова"


Ева Вежнавец. Шлях дробнай сволачы. – Мінск: Логвінаў, («кнігарня “Наша Ніва”»), 2008. – 152 с., Наклад 1000 ас.
Ева Вежнавец піша пра Беларусь, якую яна бачыць і піша так, як яна бачыць: не ў аптымістычных фарбах. Беларусь для яе – краіна, дзе людзі “стаюцца ваўкалакамі, анёламі, хохлікамі, бо людзьмі тут ня выжыць”... Марыйка Мартысевіч напісала цудоўную прадмову да гэтай кнігі, у якой «вымусіла» аўтара сустрэцца ледзь не з усімі катэгорыямі мажлівых чытачоў і пагаварыць пра сваю творчасьць. Асаблівы ўхіл зроблены на «гендэрную праблематыку». На жаль. Бо ў каторы раз даводзіцца казаць, што ў сапраўднай літаратуры няма і ня можа быць падзелу на жаночую і мужчынскую. Гэты падзел і выпячваньне полавых асаблівасьцяў толькі ад слабасьці і дзеля апраўданьня той слабасьці. Кніга Евы Вежнавец не патрабуе ніякіх «апраўданьняў», бо гэта проста добрая кніга.

Вясна народу: Эсэістыка 1991-2007/ Укладальнік Алесь Кудрыцкі. – Вільня: Інстытут беларусістыкі, («кнігарня “Наша Ніва”»), 2007. – 342 с., Наклад 1000 ас.
Некалькі дзясяткаў найцікавейшых эсэ, у якіх адбілася навейшая гісторыя Беларусі – ад 1991 году – склалі гэты нашаніўскі зборнік. Быкаў, Адамчык, Шэрман... Арлоў, Хадановіч, Дынько... Ну, і вядома ж, першы рэдактар адноўленай «Нашай Нівы» Сяргей Дубавец (ён жа Сяргей Паўлоўскі)... Хто сказаў, што газетная публіцыстыка старэе? Не, як добрае віно, з гадамі яна робіцца толькі лепшай…

Ніл Гілевіч. Бунт непрыкаянай музы: Маленькая анталогія вершаў з газетных палос (1991-2006). – Санкт-Петербург: Невский простор, 2007. – 96 стар. Наклад 2000 ас.
«Што датычыць ідэйна-эстэтычнай арыентацыі адабраных у антало­гію вершаў – яна вызначаецца сьцьвярджэньнем жыцьця па законах ча­лавечнасьці, сацыяльнай справядлівасьці, сумленнасьці і дабрыні. Яе дэвіз – абарона чалавечай і нацыянальнай годнасьці, служэньне Народу і Баць­каўшчыне» – у гэтых словах з прадмовы, напісанай аўтарам, увесь Ніл Сымонавіч з ягонай шчырасьцю і шматгадовым служэньнем... Народу і Бацькаўшчыне... Вершы друкаваліся на працягу пятнаццаці гадоў у беларускім друку і таму, зразумела, вылучаюцца асаблівай надзённасьцю, і, як і павінна быць з сапраўднай паэзіяй, ніколькі не састарэлі. На пачатку кнігі – верш «Перасьцярога», напісаны ў 1991 годзе: «Беларусы! // Ды ня верце ж вы // Наваяўленым ілжэпрарокам: // Умярцьвяць яны наш дух жывы – // І давер наш вылезе нам бокам!»...
Застаецца толькі дадаць, што кніга выдадзеная пры садзеяньні Партыі камуністаў Беларускай...

Ганна Кандрацюк. Царская трызна: аповеды, эсэ. – Беласток: Праграмная рада Тыднёвіка «Ніва», 2007. 110 стар. Наклад не пазначаны.
Таму, хто рэгулярна чытае беластоцкую «Ніву», ня трэба прадстаўляць аўтара гэтай кнігі. Ганну Кандрацюк добра ведаюць ня толькі як шматгадовую вядучую «Зоркі» – сьпецвыпуску для дзяцей і моладзі, але і як цудоўнага эсэіста і апавядальніка. Героі гэтай кнігі жывуць на Беласточчыне, любяць сваю зямлю і сваіх суседзяў. Яны пазнавальныя і... жывыя. Настолькі, што не паверыш нават тады, калі сама аўтарка скажа, што выдумала іх... Дзякуй Праграмнай радзе Тыднёвіка «Ніва» за радасьць знаёмства з цудоўнай лірычнай прозай.

Пётр Краўчанка. Беларусь на ростанях: Нататкі дыпламата і палі­тыка. – Вільня: Інстытут беларусістыкі, («кнігарня “Наша Ніва”»), 2007. – 506 стар. Наклад 1000 ас.
Згадваюцца першыя крокі маладой беларускай дзяржавы на пачатку дзевяностых гадоў мінулага стагоддзя і той асаблівы гонар за першага міністра замежных справаў Беларусі, які так годна прадстаўляў нашую краіну... Пётр Краўчанка тады выгодна вылучаўся сярод постсавецкіх дзеячоў, і, здавалася, яго чакае вялікая палітычная будучыня... На жаль, усё гэта засталося ў мінулым і яшчэ не стары палітык, а ў самым росквіце, вымушаны сёньня пісаць мемуары... Цікавыя, з вялікай колькасьцю падзеяў і асобаў, але – мемуары... На жаль...

Олег Романько.Коричневые тени в Полесье. Белоруссия 1941-1945 («Военные тайны ХХ века»). – Москва: “Вече”, 2008. – 432 с. Тираж 5000 экз.
Кніга гэтая прадаецца ў менскіх гіпермаркетах. Пэўна, віною таму серыя: ваенныя таямніцы ХХ стагоддзя. Асаблівых таямніцаў у расповедзе пра беларускіх калабарантаў няма, як, дарэчы, і адкрыцьцяў. Хоць, мяркуючы па прадмове, аўтар з крымскага Сімферопалю жадаў бы «разьвянчаць» стаўленьне да Беларусі, як да «партызанскай рэспублікі»... Аднак кніга напоўненая цікавымі дакументамі і фактамі, пра якія ў нас неяк не прынята казаць. Да прыкладу, пра тое, што «указам Гітлера 25 лютага 1944 году частка генеральнай акругі «Літва» разам з горадам Вільнюс была далучаная да генеральнай акругі «Беларусь»...

Таццяна Сівец. Таму, хто знойдзе... (Каханьне ды іншыя казкі): вершы, проза, песы, пераклады. – Мінск: Логвінаў, 2008. – 184 стар., Наклад 500 ас.
Папярэдняя кніга (паэзіі) дваццаціпяцігадовай аўтаркі выйшла пяць гадоў таму. Новы зборнік – своеасаблівая творчая справаздача Таццяны Сівец і яе спробы працы ў розных жанрах: тут і вершы, і проза, і драматургія, і пераклады... Ды ўсё ж паэзія застаецца на першым месцы. І тая палова зборніка, якую займаюць вершы, – гэта лепшая палова яго.

Івонка Сурвіла. Дарога. Стоўбцы – Капэнгаген – Парыж – Мадрыд – Атава – Менск (Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагоддзе.) – Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода, 2008. – 144 стар: іл. Наклад не пазначаны.
Гісторыя жыцьця беларускай дзяўчынкі, якая вымушаная была разам з бацькамі пакінуць радзіму... Гісторыя жыцьця сёмага прэзідэнта Рады Беларускай народнай рэспублікі – апошняга ў Еўропе ўраду ў вы­гнаньні... «Мы – як нашыя птушкі ў выраі: гнёздаў ня ўём – павароту чакаем» – гэта словы з прадмовы А. Лукашука да кнігі прагучалі некалі ў самы першы дзень вяшчаньня Радыё Свабода, словы, пад якімі пад­пішуцца ўсе беларускія эмігранты: і тыя, хто зьехаў нядаўна, і тыя, хто ніколі ня жыў у незалежнай Беларусі...

Узвышша. Часопіс літаратуры, мастацтва і крытыкі. 1927, №1. – Ра­дыёла-плюс, 2007. – 172 стар., Наклад 200 ас.
Усе ведаюць пра гэты часопіс, як пра зьяву ў беларускай літаратуры, дасьледчыкі называюць яго найлепшым беларускім літаратурным выданьнем усіх часоў, – ды мала хто трымаў яго ў руках і гартаў. У факсімільным першым нумары – класікі беларускай літаратуры: Зьмітрок Бядуля, Кузьма Чорны, Уладзімір Дубоўка, Кандрат Крапіва, Пятро Глебка... Дзякуй «Радыёле-плюс» і Уладзіміру Сіўчыкаву за цудоўны падарунак да 80-годдзя часопісу, які праіснаваў усяго пяць гадоў. Аднак, не пасьпеўшы выйсьці, выданьне зноў патрапіла ў рарытэты: зірніце на наклад...

Час трывогі і надзеі: Штодзённае жыцьцё беларусаў Беласточчыны ў пасьляваенны перыяд (1944-1956). – Беласток: Праграмная рада Тыднёвіка «Ніва», 2007. 358 стар. Наклад не пазначаны.
Кніга ўспамінаў беларусаў Беласточчыны «ад першых хвілін вызваленьня Чырвонай Арміяй у ліпені 1944 году да часу палітычнага пералому ў Польшчы ў 1956 годзе». «Для беларусаў, грамадзян Польшчы, пасьляваенны перыяд застаўся ў памяці драматычным, а некаторым нават больш кашмарным, чым час нямецкай акупацыі», – піша ў прадмове да зборніка Яўген Мірановіч. Старонкі кнігі – таму пацьвярджэньне.

Віктар Шніп. Страла кахання, любові крыж: паэзія і проза; прадм. У. Гніламёдава. – Мінск: «Мастацкая літаратура» (Серыя «Залатое пяро»), 2008. – 270 стар., Наклад 1500 ас.
У новую кнігу вядомага паэта Віктара Шніпа ўвайшлі балады, вершы і... тры аповесьці. Аповесьці зьвязаныя між сабою адною скразною тэмай – каханьня – і падаюцца дужа аўтабіяграфічнымі. Дарэчы, проза паэта на... дзевясноста адсоткаў складаецца з вершаў. Ну а паэзія Віктара Шніпа даўно ўжо не патрабуе нейкае рэкламы. Набывайце і чытайце...