12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Дзеяпіс

_____________________
Новыя выданьні на кніжных паліцах "Дзеяслова"


Валянціна Аксак. Ружоўніца: вершы. – Мінск: І.П.Логвінаў, 2008. – 72 стар. – Наклад 300 ас.
Гэта адна з найбольш вытанчаных паэтычных кніг мінулага году, напоўненая злоўленымі нектарамі тутэйшых і замежных кветак, пахамі вятроў нашай Нешчарды і балтыйскага Готланду. Яна ўпэўнена прапісвае жанчыну як небна-зямную гераіню ў кніжным топасе згадак і космасе пачуцьцяў, гарманізуе душэўнае хараство ды наноў эстэтызуе ўжо звыклыя за вякі рэчы, а нячастае словаружоўніца” (жанчына, якая вырошчвае кветкі-ружы) робіць шматзначным сінонімам паняткубеларуская паэ­тэса”.

Данута Бічэль. Хадзі на мой голас. – ГародняВроцлаў (Се­рыяГарадзенская бібліятэка”), 2008. – 330 стар. – Наклад не па­значаны.
Другі том (заМагдэбургскай ГародняйЮ.Гардзеева) заснаванай актывістамі РухуЗа свабодугарадзенскай серыі. Кніга багатая шчырымі ўспамінамі, эсэ, нарысамі ды згадкамі пра сябе, пра блізкіх па жыцьці і сьветапоглядзе людзейВ. Быкава, А. Карпюка, Л. Геніюш, З. Верас, партрэтамі Я. Купалы, М. Багдановіча, У. Караткевіча, Я. Брыля, Э.Ажэшкі, Н. Арсеньневай і інш. Кніга паэткі, якаязахацела скінуць з сябе салодкую няволю рыфмаў”. Але ня памяць пра перажытае, жаданьне і далей ісьці беларускім кніжным шляхам у правінцыйнай цемрыісьці на голас сэрца ды правераных лёсам таварышаў. З вераю, што жыцьгэта азначае думаць.

Васіль Быкаў. Пахаджане. – Мінск: І.П.Логвінаў, 2008. – 176 стар. – (“КнігарняНаша Ніва”). – Наклад 500 ас.
Гэта другое выданьне прыпавесьцяў Васіля Быкава, ягоны мастацка-грамадзянскі тэстамент, сімвал веры песімістычнага творцы, які хацеў быць аптымістам у дачыненьні да беларускай будучыні. Не атрымалася. Ні дажыць, ні адчуць, ні пераправерыць...
А Быкаўскія прыпавесьцііншасказальныя, эзопаўскія, метафарычныя, сімвалічныяу новым тысячагоддзі жывуць новым, падвойным жыць­цём і пачынаюць прарочыць ня толькі беларускую рэчаіснасьць, але і агульнаеўрапейскуютойвуціны статаккаля газавай трубы, тых прытомленых пахаджан, бокожнае пакаленьне ўсё пачынае спачатку”.

Вечнасць... А там? Што там?..: літаратурны альманах. – Баранаві­чы: Баранавіцкая гарадская арганізацыя ГАТаварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны”, 2008. – 168 стар.: іл. – Наклад 150 ас.
Сьледам заЖырандоляйБерасьцейшчына яшчэ раз парадавала чытачоў рэгіянальным літаратурным альманахам. Усё ў імапроч хіба назвыарганічнае, шчырае, некрыклівае, сяброўскае, далікатнае. І сьпеўна-пункцірныя радкі Руслана Равякі, і экзістэнцыйна-фармальныя паэташтудыі Яна Збажыны, і абразкі-прыпавесьці Валадзея Болкі, сардэчныя прысьвячэньні-згадкі Раісы Раманчук, Браніславы Лапкоўскай, Людмілы Шувалавай і Ганны Дарашэвіч, рыфмапейзажы Алеся Абрамовіча, элегічная навэла з абразком Анатоля Трафімчыка ды тапаграфічныя нарысы-эсэ Міхася Маліноўскага пра Палесьсе і Герадота...

Анатоль Івашчанка. Паэтыка Алеся Разанава: між медытацыяй і рацыяй: манаграфія. – Мінск, БНТУ, 2008. – 144 стар. – Наклад 350 ас.
З гэтай працай маем найбольш грунтоўнае выданьне, прысьвечанае раскрыцьцю загадкі творчасьці Алеся Разанава. А яна таілася паміжяйкаміквадратам” – паміж традыцыйнай паэтыкай і эксьперыментальна-наватарскай, паміж разумова-рацыяналістычным і медытатыўным вы­яў­леньнямі. Разгадкау супрацьпастаўленьні гэтых магістральных тэкстастваральных прынцыпаў эстэтычнай сістэмы паэта.
Навуковая манаграфія, паказваючы ўплыў паэта на сучасны літпрацэс, і сама ня здолела пазьбегнуць яго: напрыканцы зьмешчана аўтарская гутарка згероем кнігі”, а таксама вершапрысьвячэньне яму...

Рышард Капусцінскі. Імперыя. – Мінск: – І.П.Логвінаў, 2009. – 344 стар. (“КнігарняНаша Ніва”). – Наклад 500 ас.
Вядомы чытачамДзеясловапа часопіснай публікацыі аўтар і твор выходзіць у яшчэ аднукніжнуювандроўку. Вядомы і геніяльны аўтар з Пінску праз унікальнае пачуцьцё падзеі патрапляў у розныя гістарычныя зрушэньні: перавароты, рэвалюцыі, сьмерць імперыі ды нараджэньні новых краінаў. Пра ўсё тое ён і распавядае: глыбока, спавядальна, адкрыта, сьмела, сучасна. Перад намі малюецца і жыцьцёвае кола галоўнага героя кнігіаўтара: Пінск, Транссібірская магістраль, поўдзень, Варкута, Калыма, Крэмль, Сярэдняя Азія, Піцер, вяртаньне ў родны горад...
Своеасаблівым пасьляслоўем да кнігі стаў перакладзены Дзьмітрыем Плаксам са шведскай артыкул Андрэаса БудэгордаПадарожжа з Ры­шардам Капусьцінскім”.

Віктар Карамазаў. Краса і воля: аповесць, эсэ, альбом. – Мінск: “Медиал”, 2008. – 112 с.: іл. – Наклад 1600 ас.
Кніга пра знакамітага беларускага мастака Станіслава Жукоўскага ўвабрала аповесьцьМой брат духоўныі эсэКраса і воля”. Гэта слоўная карціна-дыпціх пра творцу, напісаная творча. Стылёвая адметнасьць эсэістычна-біяграфічнай прозы В. Карамазавау далікатным пранікненьні ў душэўныя таямніцы героя, нацыянальна-этнаграфічная глыбіня эпічнага далягляду, а таксамашматколернасьць, гарманічнасьць слоўнага вязьма, ідэйна-пачуцьцёвая, узьнёслая і трагічная кантрастнасьць... Сонечны мастак С. Жукоўскі ў родным доме ў маёнтку Старая Воля пад Пружанаміі ў фашысцкім канцлагеры ў Польшчы, дзе і пахаваны ў агульнай магіле. І жыве: і ў сваіх карцінах, і ў напісаных пра яго... радках.

Павал Касьцюкевіч. Душпастарскія спатканьні для дачнікаў: апа­вяданьні. – Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2008. – 168 стар. – Наклад 500 ас.
Узор сучаснайпостбеларускайпрозы, прозы, якая сама па сабе і твор, і трактат. І забаўка, і гульня, і правакацыя, і сьцёб, і поза, і візітоўка, і пераўвасабленьне, і вандроўка. Тут і ўчора, і заўтра, Беларусь, і Ізраіль, саветчына і Еўропа. Словам, творчая адысея, якаяне зважаючы на, да прыкладу, карэйскія ландшафты (гл. “Добрай раніцы, Карэя!”) – павяртае чытача да балюча знаёмага і недзе нядаўна бачанага: герой на Дзень Рэвалюцыі атрымаў граматуЗа духоўнае ўзрушэньне”, а ўжо зьбіраўся сушыць сухары... «Ён стаяў на залітай сьвятлом пражэктараў сцэне... расчулены, зьбянтэжаны... і загаварыў у мікрафон чамусьці па-ангельску: “...Насамперш я хачу падзячыць майму хроснаму бацьку, Зыгмунду Падманшчыку... Ох-хо-хо!”». Пазнаеце?

Ягор Новікаў. Ваенная гісторыя беларускіх земляў (да канца ХІІ ст.). Том 2. – Мінск: І.П.Логвінаў, 2008. – 300 стар. – Наклад 500 ас.
Навуковая манаграфія са сьпецыфічнай кампазіцыяй і тэрміналогіяй, а чытаецца як самы што ні ёсьць дакументальна-гістарычны ра­ман: гісторыя войнаў, уплыў вайны на разьвіцьцё грамадства, ваен­нае майстэрства Тураўскай, Полацкай і Смаленскай земляў, радзімічаў, яцьвягаў і Літвы, міжусобныя войны ХІІ стагоддзя, вайсковая арганізацыя, зброя, стратэгія і тактыка, палітычны крызіс старажытнарускіх княст­ваў...
Дапаўняе том грунтоўная бібліяграфія ды ангельскамоўнае “Summary”.

Расстраляная літаратура: творы беларускіх пісьменнікаў, за­губленых карнымі органамі бальшавіцкай улады / Уклад. Л.Савік, М.Скоблы, К.Цвіркі, прадм. А.Сідарэвіча. – Мінск: “Кнігазбор”, 2008. – 696 стар.: іл. – Наклад 700 ас.
Сорак пяты том кніжнага праектуБеларускі кнігазборварты самых годных адзнакаў, у тым ліку і дзяржаўных. Аднак прэмііЗа духоўнае адраджэньнеягоныя ўкладальнікі і выдаўцы не атрымаюць, хоць і адраджаюць кнігай духоўную памяць пра шэсьцьдзясят шэсьць бязьвінна зьнішчаных за веру ў Беларусь і яе мастацкае слова пісьменьнікаў... А.Уласаў, Я.Лёсік, Ф.Аляхновіч, В.Ластоўскі, А.Мрый, М.Гарэцкі, У.Ха­дыка... І інш., і інш...
Многіх з іх не ўганаравалі нават сьціплымі надмагільнымі помнікамі, ікнігазбораўскаякніга становіцца яшчэ адным брацкім абеліскамзьнішчаным творцам, параненай літаратуры.

Пётр Сяўрук. Небыцця не існуе. Невядомыя старонкі беларускага нацыянальнага руху. – ГародняВроцлаў (СерыяГарадзенская біб­ліятэка”), 2008. – 240 стар.: іл. – Наклад не пазначаны.
Аўтар кнігі пражыў 24 гады, аднак у скрутнай грамадска-палітычнай віхуры 20-х гадоў мінулага стагоддзя змог адбыцца. А да ўсягопрароча засьведчыць сьпіральнасьць беларускага нацыянальнага жыцьця паміж Польшчай і Расеяй, як і тое, што ягоныя ідэйныя правадыры заўсёды вялі за сабой яшчэ несфармаваную еўрапейскую нацыю ды і самі часта патаналі ў міжсобскай варажнечы.
ВыбранаеП.Сяўрука склалі яго філасофскія развагі, вершы і пуб­ліцыстычныя артыкулы. Зрэшты, такі жанравы падзел умоўны, бо што, да прыкладу, наступныя ягоныя радкі: «Кожная мова ёсьць споведзь чалавека і ў ёй адбіваецца ягоная душа»?..

Джон Рональд Руэл Толкін. Уладар пярсьцёнкаў. Дзьве вежы. Кніга 3, 4. / Перакл. з ангельскае Дз.Магілеўцава і К.Курчанковай. – Мінск [Без пазнакі], 2008. – 354 стар. – Наклад 500 ас.
Пераклад растыражаванай кнігамі й фільмамі гісторыі пра фантастыч­ную рэальнасьць, у якой жывуць ды змагаюцца хобіты, энты, гномы, назгулы, оркі, шукаюць справядлівасьць, выяўляюць мужнасьць, сяброўскасьць, здрадлівасьць, хітрасьць, надзвычай абеларушвае ўсё вышэй згаданае. І Белага Вершніка, і Дрэвабарода, і пераход праз багны, і вакно на Захад, і логвішча Шэлаб, і выбар спадара Сэмвайза... Як і наступныя вершаваныя радкі кнігі: «Дзе ж цяпер конь і вершнік, дзе поклічы баявыя?.. Хто ж зьбярэ цяпер попел нашага шчасьця і гора? Хто ж нам гады былыя цяпер прынясе з-за мора?».

Чалавек, які скраў Сьцяну Плачу: пятнаццаць ізраільскіх апа­вяданьняў у перакладах Паўла Касьцюкевіча / пер. з мовы іўрыт. – Мінск: І.П.Логвінаў, 2009. – 210 стар. – Наклад 1000 ас.
Непрымальны ў літаратуры падзел намаладзейшыхістарэйшыхзрабіўся арганічным у мініанталогіі ізраільскай літаратуры, перакладзенай з іўрыту. Вайль, Керэт, Кастэль-Блюм, Эпштэйн, Амір папярэднічаюць у кнізе старэйшым Шалеву, Озу, Егошуа, Кішону, Кацырунібыта нагадваючы пра ўсялякую адноснасьць мастацтва да рэчаіснасьці, а таксама і тое, што ў арыгінале гэтае выданьне чыталася б з канца наперад...
П.Касьцюкевіч, як прызнаецца сам, імкнуўся пазнаёміць Беларусь з ізраільскай прозайна адной назе”, сьцісла пра галоўнае, кораценька перадаць самы цымус. І тое ўдалося. 15 ізраільскіх апавяданьняў можна прачытаць, стоячы на назе другой. Зрэшты, не 15, а 16, бо эсэістычная прадмова да кнігі былога амбасадара Дзяржавы Ізраіль Зэева Бен-АреДавайце хаўрусаваць!” – чым не асобны твор?