12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Дзеяпіс

_____________________
Новыя выданні
на кніжных паліцах
«Дзеяслова»


Адзін з нас: эсэ пра знакамітых беларусаў свету на беларускай, англійскай і рускай мовах/ укл. М.Халезіна, Н.Каляды і І.Зайцава. – Мінск, “Free Theatre Publishing House”, 2009. – 364 стар. – Наклад 2000 ас.
У прадмове да кнігі аўтары-ўкладальнікі пішуць: “Нешта мяняецца ў тваёй свядомасці, калі даведваешся, што выхадцамі з Беларусі з’яўляюцца: вялікі канадскі хакеіст Уэйн Грэцкі, амерыканскі акцёр Харысан Форд, французскі мадэльер Іў-Сен Ларан, ці сусветная зорка журналістыкі Лары Кінг... Ты ўсведамляеш, што краіна, якая дала свету не адзін дзесятак геніяльных асоб, можа і абавязана стаць іншай – цывілізаванай, сучаснай, мудрай”. Кнігу эсэ пра знакамітых беларусаў адкрывае артыкул пра Наталлю Арсенневу. А далей – постаці Айзека Азімава, Менахема Бегіна, Ірвінга Берліна, Кірка Дугласа, Людвіга Заменгофа, Барыса Кіта, Оскара Мілаша, Марка Шагала... усяго 26 партрэтаў выбітных асобаў паходжаннем з Беларусі. Зразумела, усе славутыя імёны пад адной вокладкай змясціцца не маглі і аўтары абяцаюць працяг.

Міхась Андрасюк. Знайшоўся верш: вершы. – Беласток-”Бяз­межжа”, Беларускае Радыё Рацыя, Праграмная Рада “Тыднёвіка “Ніва”, 2009. – 50 стар. – Наклад непазначаны.
Унікальнае выданне. Міхась Андрасюк заўсёды лічыў сябе толькі пра­заікам. Але сябры да 50-годдзя падрыхтавалі яму сюрпрыз: сабралі ўсе ягоныя вершы, якія ён друкаваў ад школьных гадоў у “Ніве” і іншых выданнях, і... цяпер стаў ён яшчэ і паэтам. Адкрывае кнігу верш, напісаны М.Андрасюком у далёкім 1976 годзе: “Сэрца//выйму з грудзей//З сэр­цам//пайду да людзей//З сэрцам//у далонях//Як п’яны//як шалёны//Паглядзіце!// Яно жывое//Паглядзіце!//яно людское”... Большасць вершаў кнігі прасякнутыя, насычаныя любоўю да роднай Беласточчыны і яе людзей... І гэты патрыятызм – ад сэрца.

Рыгор Барадулін. Навошта: вершасказы; укл. Алесь Камоцкі; фотамаст. Джон Кустандэр. – Мінск: Медысонт, 2009. – 162 стар.: іл. – Наклад 1000 ас.
Не трэба думаць, што вершасказы Рыгора Барадуліна з гэтай кнігі, з’яўляюцца подпісамі да здымкаў Джона Кустандэра. Альбо здымкі Дж. Кус­тандэра – гэта ілюстрацыі да вершасказаў Р. Барадуліна. Гэта дзве абсалютна самастойныя культурныя з’явы, якія дапаўняюць адна адну: “Маю надзею, што мае фотаздымкі дапамогуць чытачу ўбачыць водар слова, пачуць яго смак”, – напісаў Дж. Кустандэр, апелюючы, вядома ж, не толькі да творчасці Р. Барадуліна, але і да нашай спеўнай мовы...
Цікавым падаецца і прызнанне Вялікага паэта: “У вершасказах слова пачувае сябе вальней, бо не заганяецца дакладна ў кананічныя ямбы і харэі, не падганяецца пад абавязковую рыфму”. Цяпер чакаем ад Рыгора Іванавіча “грэшнай” прозы.

Дар’я Ліс. Вясновы jazz: вершы, апавяданні. – Гародня: “Гарадзенская бібліятэка”, 2009. – 60 стар. Наклад 200 ас.
Прадстаўляючы сябе, Дар’я Ліс піша пра свае мары: “1. пабачыць Па­рыж (і жыць далейJ) ды папіць кавы ў кавярнях, дзе бываў Хемінгуэй, пахадзіць вулачкамі Вільні, пабачыць Балтыку; 2. праца, што дапаможа ажыццявіць п.1 і быць фінансава незалежнайJ – у першую чаргу ад сваіх фізічных абмежаванняўJ...” Шчырая і непасрэдная Дар’я не толькі ў гэтых радках, але і ў сваіх творах. “Героі яе апавяданняў маральна прыгожыя, духоўна багатыя, выхаваныя і адукаваныя... – піша ў прадмове Данута Бічэль, – у творчасці Дар’я перажывае паўнату жыцця, сваіх дзявочых мараў, перадае пасланне і прывітанне добрым людзям, каб даведаліся пра яе перажыванні...” Дададзім з прыемнасцю, што вершы і проза Дар’і Ліс добра вядомыя чытачам па адметных, заўважаных і адзначаных, публікацыях у “Дзеяслове”. Аднак, сабраныя ў кнігу, яны, як гэта часта бывае, “загучалі” зусім па-новаму.

Геннадий Лопатин. Увидеть дерево: книга поэзии. – Москва: ЧеРо, 2008. – 52 стар. Наклад не пазначаны.
Генадзь Лапацін жыве ў Ветцы, што на Гомельшчыне. Піша вершы па-беларуску і па-руску. Але найперш – па-руску. Піша так, як ніхто ў нашай немалой краіне. І застаецца “невядомым правінцыйным паэтам”... Гучыць крыўдна. Але не для Генадзя, а для нас, што прывыклі раскідвацца талентамі, і не заўважаць іх, пакуль яны побач з намі... Аднак – ёсць надзея, і нават упэўненасць, што ўзлёт Генадзя і ягоная вядомасць – яшчэ наперадзе. І будуць ягонымі вершамі зачытвацца не толькі ў Мінску ці Маскве... Вучыць на памяць і цытаваць...

Александр Сапега. Сто чашек “Яблочного чая”: весёлые истории из жизни музыкантов. – Минск: Логвинов, 2009. – 120 стар. – Наклад 500 ас.
Вясёлая і добрая кніга пра добрых і вясёлых музыкаў. Дакладней, пра іх жыццё. Мяркуючы па анатацыі – кніга дакументальная, што яшчэ ўздымае ейны статус. Адзін з удзельнікаў джаз-гурта “Aррle Tea” – Аляксандр Сапега, запісаў кароткія гісторыі, часцей анекдатычныя, пра сваіх сяброў і калегаў, пра “звычайных людзей – смешных, сумных, безабаронных і шчаслівых”, адданых сваёй любімай справе – дарыць радасць іншым...

Уладзімір Сіўчыкаў. Бюв@р: маналогі і дыялогі. – Мінск: Радыёла-плюс, Выдавец І. П. Логвінаў, 2009. – 124 стар.: іл. – Наклад 330 ас.
У новую кнігу вядомага пісьменніка ўвайшлі эсэ, падарожныя нататкі, гутарка з амбасадарам Рэспублікі Польшча ў Беларусі Генрыкам Літвінам – знаёмыя чытачам па публікацыі ў “Дзеяслове”. Удалая назва цудоўна яднае, здавалася б, абсалютна розныя тэксты зборніка. Кніга багатая на факты і назіранні, прычым, як справядліва адзначае ў пасляслоўі Пятро Васючэнка, аўтар – мастак не ў меншай ступені, чым філолаг, нагадваючы пра першую адукацыю празаіка і паэта Уладзіміра Сіўчыкава... І праяўляецца гэта не толькі ў эсэ пра Ван Гога, але, зразумела і найперш, у падарожных нататках...

Міхась Скобла. Вольная студыя: кніга гутарак. (Бібліятэка Свабоды ХХІ стагодзьдзе). – Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода, 2009. – 554 стар. – Наклад не пазначаны.
Міхась Скобла – шчаслівы чалавек: ён змог ператварыць руцінную, здавалася б, журналісцкую працу ў асалоду і раскошу для сябе і ягоных слухачоў, а цяпер і чытачоў... І як шкада, што ў кнігу ўвайшло толькі 50 гутарак, з больш чым 500 перадачаў. Шчырасць суразмоўцаў падкупляе, тэмы гутарак – адвечныя: “Пра свабоду і творчасць. Пра ўладу і пакору. Пра адстойванне праўды і пазбаўленне страху. Пра найноўшыя плыні ў мастацтве і тысячагадовую Літву...” Раскоша чытання – незвычайная.