12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Дзеяпіс

_____________________
Новыя выданні на кніжных паліцах «Дзеяслова»


Андрасюк Міхась. Вуліца Добрай Надзеі: апавяданні. – Мінск: Медысонт, 2010. – 304 с. –­ (Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў «Кнігарня пісьмен­ніка»; вып. 7.)
Вядомы на Беласточчыне празаік і паэт, лаўрэат прэміі “Залаты апостраф” за 2009 год, супрацоўнік “Радыё Рацыя” Міхась Андрасюк нарэшце “мае кнігу” і на Беларусі. Чытачы “Дзеяслова”добра знаёмыя з творчасцю слыннага аўтара, але гэты зборнік будзе і для іх прыемным сюрпрызам. Бо гэта будзе падарожжа ў малазнаёмыя нам (хоць і блізкія) белавежскія, пушчанскія вёсачкі і мястэчкі, населеныя каларытнымі асобамі, якіх Міхась Андрасюк апісвае з асаблівай любоўю, а таксама лірычнай іроніяй і дасціпнасцю.

Багданава Галіна. Сакрамэнта: апавяданні, аповесці. – Мінск: Медысонт, 2010. – 308 с. – (Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў «Кнігарня пісьменніка»; вып. 9.)
Галіна Багданава чакала гэтую кнігу доўгіх шаснаццаць гадоў.Так, менавіта ў 1994 годзе выйшла яе апошняя кніга “Дом іхняе мары”. У гэта цяжка паверыць, але гэта ёсць сапраўдная трагедыя літаратараў пакалення Г. Багданавай, якім цяпер зусім няшмат гадоў – каля 50, і якіх “рыначная эканоміка” і “дзяржаўная палітыка” пазбавілі сваіх чытачоў... Новая кніга Галіны Багданавай, якая цяпер выступае пад псеўданімам Галіна (друкавалася таксама як Галіна Ланеўская) – “шчырая споведзь перад сабою і перад чытачом пра наш час, пра вечныя пераўтварэнні кахання ў жыцці і вобразным свеце мастацтва”.

Бічэль Данута. Мост святога­ Францішка: успаміны. – Мінск:­ Медысонт, 2010. – 290 с. – (Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў «Кнігарня пісьмен­ніка»; вып. 8.)
Папярэднюю кнігу Дануты Бічэль з дзіўным назовам «Хадзі на мой голас» (2008, Гародня-Вроцлаў) паспелі ўжо ацаніць і палюбіць чытачы. «Мост святога Францішка» – своеасаблівы працяг гэтага зборніка. Ас­нову кнігі склалі згадкі пра людзей найраднейшых для Дануты Бічэль. Гэта кніга пра каханне і сяброўства, пра любоў да Бацькаўшчыны і людзей “духоўна прыгожых, якія жылі для саміх сябе, для сваіх блізкіх і для Радзімы, – у тым сэнсе, як яны разумеюць паняцце Радзімы”…

Гілевіч Ніл. Дзверы ў гісто­рыю: сатыра і гумар. – Мінск, 2010. – 64с. (Кніга выдадзеная на сродкі Алеся Усені).
Назву кнізе далі наступныя дасціпныя радкі:
Дзверы ў гісторыю вузкія вельмі
Цяжка праходзяць і людзі, і шэльмы,
Дзверы ж адтуль – шырэй за вароты:
Вылеціш вон – і не ўспомняць хто ты.

Вядома, гэта не першая кніга сатыры і гумару Народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча. За шэсцьдзясят гадоў жыцця ў літаратуры ён выдаў больш за дзесяць такіх кніг, у тым ліку “Званковы валет”, “Як я вучыўся жыць”, “Сказ пра Лысую гару”, “Ачмурэнне”, “Гэй наперад” Гэй назад!” і інш. У новую кнігу ўвайшлі сатырычныя вершы і эпіграмы, напісаныя з 1995 па 2010 год. Напрыканцы зборніка – гумарыстычныя сяброўскія пасланні ды жарты.

Зуёнак Васіль. Выбраныя­ творы. Уклад., камент. аўтара;­ прадм. Н. Заяц. – Мінск: Кнігазбор,­ ­2010. – 512 с.: [8] с. іл. – («Бела­рускі кнігазбор» Серыя 1. Мастацкая літаратура).
У пяцьдзясят пяты том “Кнігазбору” ўвайшлі выбраныя творы лаў­рэа­та Дзяржаўнай прэ­міі Беларусі імя Янкі Купалы Ва­сіля Зуёнка – вершы, паэма «Маў­чанне травы» (адна з пяці паэм кнігі «Пяцірэчча»), а таксама празаічныя элегіі, эсэ, эцюды і літаратурна-крытычныя артыкулы. “Гаспадар паэтычнай Сялібы” – так назвала сваю прадмову да зборніка Наталля Заяц. Дык адгукнемся ж на яе і аўтара кнігі запрашэнне “судакрануцца з багатым набыткам гэтай Сялібы” і акунемся ў найбагацейшы паэтычны свет Паэта Васіля Зуёнка.

Залоска Юрась. Праўда як рэлігія: гутаркі з Васілём Быкавым. – Мінск: Медысонт, 2010. – 192 с. – (Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў «Кнігарня пісьменніка»; вып. 6.)
Рыгор Барадулін назваў у свой час Васіля Быкава Прарокам... Гутаркі журналіста і літаратара Юрася Залоскі з Народным пісьменнікам Беларусі Васілём Быкавым адбыліся ў сярэдзіне 90-х гадоў мінулага стагоддзя, але чытаюцца гэтак, нібыта не прайшло з таго часу 15 гадоў... Усё, пра што гаворыць Васіль Уладзіміравіч, якія “дыягназы” ставіць тагачаснаму ладу і як прагназуе будучыню – быццам прамоўленае сёння. Гэта, як сказана ў анатацыі, “нацыянальная споведзь «песіміста ў адносінах да пакалення свайго веку» і валадара беларускай нацыянальнай ідэалогіі будучыні – вялікага літаратара, мастацтва­знаўцы, філосафа, палітыка, грамадзяніна і прарока”.

Кандрацюк Ганна. Дзядоўскае турнэ з Анатолем С. – Беласток: Праграмная рада тыднёвіка «Ніва», 2010. – 116 с.: іл.
Кніга журналісткі тыднёвіка «Ніва» (Беласток, Польшча) Ганны Кандрацюк-Свярубскай – гэта расповед пра падарожжа на Беларусь, на радзіму паэта Анатоля Сыса ў вёску Гарошкаў у Рэчыцкім раёне, дзе адзначалася ягонае 50-годдзе, якое яна разам з паэткай Мірай Лукшай здзейсніла летась. Кніга насычаная ўспамінамі пра сустрэчы з Анатолем Сысам, уражаннямі ад наведання Беларусі – а вандроўніцы пабывалі яшчэ і ў Гародні, Мінску, Жыровічах, дзе сустракаліся з вядомымі на Беларусі людзьмі, сябрамі Анатоля і тымі, хто яго ведаў. Кніга багата ілюстраваная фотаздымкамі, большасць з якіх друкуецца ўпершыню.