12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Дзеяпіс

_____________________
Новыя выданні на кніжных паліцах «Дзеяслова»


Барадулін Рыгор. Толькі б яўрэі былі!.. : кніга павагі і сяброўства. Склад. Н. Давыдзенка, прадм. В. Нікіфаровіча; заўв. І. Сляповіча. – Мінск: Кнігазбор, 2011. – 244 с.
Кнігу народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна склалі эсэ, артыкулы і ўспаміны пра вядомых дзеячаў яўрэйскай культуры, пераклады паэзіі Х.-Н.Бя­ліка, М. Надзіра, М. Шагала, І. Харыка, Х. Мальцінскага, Р. Рэлеса і многія інш., якія нарадзіліся і жылі ў нашай краіне. Унікальны апошні раздзел зборніка. У ім вершы і дарчыя надпісы, большасьць з якіх друкуецца ўпершыню, творцам, блізкім сябрам і калегам – А. Дракахрусту, Н. Кісліку, Я. і М. Серперам, В. Нікіфаровічу, Б. Забораву, Д. Сімановічу і інш., а таксама вершы, прысвечаныя яўрэйскім святыням.

Беларус. Літаратурны альманах беларускіх пісьменнікаў замежжа. Выдавецтва “Беларус”, Нью-Ёрк, 2011.
Чацвёрты нумар альманаха сабраў пад сваёй вокладкай ужо вядомых па папярэдніх выпусках беларускіх аўтараў, што жывуць у далёкім і блізкім замежжы. Свае новыя творы і пераклады прапанавалі знаёмыя нам і па публікацыях у “Дзеяслове” Ірына Варабей, Віталь Воранаў, Якуб Лапатка, Іна Снарская, Сяржук Сокалаў-Воюш, Алесь Тарановіч, Юрась Шамецька, Макс Шчур... Апякуецца выхадам альманаха Марат Клакоцкі, які ў прадмове да гэтага нумару выказаў надзею, што, улічваючы “прысутнасць у замежжы беларускіх літаратараў, што хацелі б друкаваць свае творы ў гэтым выданні”, выпуск штогадовіка будзе працягнуты. Мы таксама спадзяемся на гэта, бо выданне паспела займець папулярнасць не толькі ў замежжы.

Гілевіч Ніл. Збор твораў у 23 тамах. Том 17. Паэты і пісьменнікі замежных краін: штрыхі да партрэтаў, эсэ, эцюды, абразкі. – Мінск, 2011. – 568 с.
Чарговы 17 том Збору твораў народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча ўвабраў у сябе артыкулы, эсэ, літаратурна-крытычныя эцюды, абразкі, штрыхі да партрэтаў і міні-абрысы пра паэтаў і пісьменнікаў Расіі, Украіны, Балгарыі, Польшчы, Славеніі, Венгрыі і іншых краін свету. Асаблівая ўвага аддадзена, вядома ж, творцам нашых блізкіх суседзяў, а таксама не такой і далёкай Балгарыі.Талент Ніла Гілевіча крытыка, літаратуразнаўцы і... сябра праявіўся ў гэтай кнізе найяскрава.

Дубянецкі Эдуард. Душы маёй няскончаны палёт: кніга паэзіі. – Мінск: Кнігазбор, 2011. – 124 с.
Першая кніга паэзія аднаго з пастаянных аўтараў “Дзеяслова”, больш вядомага як навукоўца, літаратуразнаўцы, крытыка, эсэіста Эдуарда Дубянецкага ўражвае сваёй шматграннасцю, шматжанравасцю, шчырым роздумам, болем і заклапочанасцю аўтара “драматычным лёсам роднага краю”, а таксама “спадзяваннямі на асабістае шчасце і мары пра духоўнае ўзвышэнне чалавека”. У кнігу ўвайшлі вершы, напісаныя за апошнія дваццаць гадоў: з 1990 па 2010 гг.

Лукашук Аляксандр. Сьлед матылька. Освальд у Менску. (Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе.) – Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2011. – 390 с.: іл.
Падрабязная гісторыя двух гадоў жыцця ў Мінску Лі Гарві Освальда – амерыканскага грамадзяніна, які стаў забойцам 35-га прэзідэнта ЗША Джона Кенэдзі, і за якім “дзень і ноч сочыць вока і вуха дзяржбяспекі”, заснаваная на ўнікальных фактах і дакументах, сабраных аўтарам Аляксандрам Лукашуком. У беларускім друку яшчэ не было падобных даследаванняў, прысвечаных падзеям нядаўняй гісторыі. Жыхарам Мінску яно будзе цікавым яшчэ і як дакументальнае падарожжа ў беларускую сталіцу 1960-х гадоў. Кніга цудоўна аформлена мастаком і дызайнерам Генадзем Мацурам.

Мілаш Чэслаў. Даліна Ісы; пер. з пол. Марыі Пушкінай; Нобе­леўская лекцыя; пер. з пол. Яўгена Бурага. – Мінск: Логвінаў, 2011. – 376 с.
Мілаш Чэслаў. Выратаванне: выбраныя вершы і паэмы; пер. з пол., уклад. А. Хадановіч. – Мінск: Логвінаў, 2011. – 376 с.
Мілаш Чэслаў. Зямля Ульра; пер. з пол. Марыны Казлоўскай; Руіны і паэзія; пер. з пол. Марыі Мартысевіч. – Мінск: Логвінаў, 2011. – 388 с.
Мілаш Чэслаў. Родная Еўропа; пер. з пол. Марыны Шода. – Мінск: Логвінаў, 2011. – 412 с.
Чатыры тамы твораў Чэслава Мілаша – падарунак усім беларусам ад супольнасці перакладчыкаў, выдаўцоў, супрацоўнікаў Амбасады Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь і Польскага Інстытута ў Мінску да 100-годдзя з дня нараджэння слыннага аўтара, лаўрэата Нобелеўскай прэміі. Ці варта казаць, што гэтакі шырокі і поўны збор твораў замежнага аўтара выходзіць у суверэннай і незалежнай Беларусі ўпершыню. І, што важна, зроблены ён без падтрымкі беларускай дзяржавы...

Максімюк Ян. Словы ў голым полі: беларуская літаратура 1990-х у снах, успамінах і фотаздымках. – Мінск, Логвінаў, 2011. – 224 с. – (Галерэя «Б»).
Ян Максімюк вядомы ў Беларусі найперш як аўтар перакладу “Уліса” Джэймса Джойса і журналіст Радыё Свабода. Большасць тэкстаў гэтай кнігі – адметных і запамінальных – знаёмыя беларускім чытачам па публікацыях у розных выданнях, і ў іх аўтар паўстае ў новым абліччы, як удумлівы назіральнік, “сведка і суўдзельнік” тых літаратурных працэсаў, “буйства формы і зместаў”, што адбываліся ў Беларусі ў 90-х гадах мінулага стагоддзя. Жанр кнігі Ігар Бабкоў у прадмове акрэслівае як «крытычныя ўспаміны пра эпоху», што азначае “аўтар распавядае пра сваё асабістае падарожжа па часе і прасторы, але ўсё, з чым ён сустракаецца ў сваім падарожжы. значна большае і істотнае, чым проста асабістае”.

Някляеў Уладзімір. Кон: вершы двух стагоддзяў, выд. пашыр. – Мінск: Лімарыус, 2011. – 296 с.
Своеасаблівае выбранае выйшла да 65-годдзя з дня нараджэння вядомага паэта і аб’яднала пад адной вокладкай вершы, напісаныя на працягу больш як сарака гадоў: леншае са зборнікаў «Адкрыццё», «Вынаходцы вятроў», «Знак аховы», «Наскрозь», «Прошча», «Так»... Увайшлі ў кнігу і новыя творы «Лісты да Волі» (турэмныя вершы), напісаныя на працягу апошняга года, які быў для Уладзіміра Някляева дужа насычаным на падзеі...

Рублеўскі Сяргей. Маўчанне на ўвесь Божы свет: пратэстныя настроі на Лепельшчыне падчас перапісу насельніцтва СССР у 1937 годзе: нарыс. – Мінск: Медысонт, 2011. – 88 с.
Беларуская гісторыя нядаўняга ХХ стагоддзя мае нямала “белых плям”, адну з якіх узяўся даследаваць пісьменнік і журналіст Сяргей Рублеўскі. Аказваецца, падчас ардынарнай з’явы – перапісу насельніцтва СССР у 1937 годзе – у Беларусі, а канкрэтна ў Пышнянскім і Стайскім сельсаветах Лепельскага раёна, адбываліся неардынарныя падзеі, пра якія нават было паведамлена ў Крэмль самому Іосіфу Сталіну. Дзясяткі жыхароў некалькіх беларускіх вёсак адмаўляліся адказваць на пытанні перапісу – адмоўчваліся... Аўтар паспрабаваў разабрацца ў прычынах гэтага, наведаўшы цяпер тыя самыя мясціны і пагутарыўшы з жывымі сведкамі тых падзей.

Стагановіч Аляксандр. Успаміны пасла; прадм. А. В. Пашкевіча, камент. А. В. Пашкевіча, А. Э. Гардзіенкі. – Мінск: Лімарыус, 2011. – 270 с.: іл. – (Беларуская мемуарная бібліятэка; вып. 1.)
Гэтая кніга – “першая ластаўка” новай кніжнай серыі “Беларуская мемуарная літаратура”, заснаванай сёлета выдавецтвам “Лімарыус”, у якой мяркуецца сабраць “успаміны, дзённікі, эпісталярыі, пакінутыя беларусамі або выхадцамі з беларускіх земляў пра падзеі, што адбываліся ў Беларусі, у блізкім і далёкім замежжы цягам апошніх стагоддзяў”. У першае выданне ўвайшлі “Успаміны пасла” Аляксандра Стагановіча і яго артыкулы, якія маюць выразна мемуарны характар.

Тарановіч Алесь. Берлінская мазаіка: эсэ. – Мінск: Кнігазбор, 2011. – 256 с. – (Бібліятэка часопіса «Дзеяслоў»; вып. 13.)
Даўні аўтар “Дзеяслова”, мастак і пісьменнік Алесь Тарановіч, які цяпер жыве ў Берліне, нарэшце выдаў сваю першую кнігу на радзіме, прысвечаную жыццю на чужыне, сучаснай Нямеччыне і немцам, а таксама Беларусі і беларусам... Погляд зблізку і здалёку адрозніваецца “сваёй лірычнай паэтычнасцю і метафарычнай вобразнасцю, якія дзіўна спалучаюцца з вострай сацыяльнасцю, надзённасцю і ўражваюць назіральнасцю аўтара”, – гаворыцца ў анатацыі да кнігі.