12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Дзеяпіс

_____________________
Новыя выданні на кніжных паліцах «Дзеяслова»


Ганна Аўчыннікава. Ад зачыненай брамы. – Гродна, 2011 (Гарадзен­ская бібліятэка). – 55 с.
Ганна Аўчыннікава – пераможца “Залатога Апострафа” за лепшы дэбют у “Дзеяслове” ў 2005 годзе. І вось нарэшце выйшла сціплая па аб’ёме кніга паэткі (але калі ж гэта вартасць паэтычнай кнігі вызначалася яе таўшчынёй?). У прадмове да кнігі Анатоль Брусэвіч прылічае аўтарку да “неадэкадэнтаў”, тых, для каго мастацтва – “не гульня, не бізнэс, не вайна, але рэлігія, вера ў святую моц Слова”. Да характарыстыкі паэтыкі спадарыні Ганны напрошваецца багдановіцкае вызначэнне “чыстае красы”. Яе вершы пераважна пазітыўна-жыццесцвярджальныя, часам – эстэцкія, у станоўчым сэнсе гэтага слова. Бытавыя турботы й канкрэтныя праявы часу застаюцца для іх чымсьці другасным. Перадусім – пачуццё, настрой, фіксацыя зрухаў душы… Між тым, сустракаюцца й іранічныя радкі, прысвечаныя рэаліям сённяшнім:

…Мы мірныя, братка, людзі,
Мы любім святло вясны,
А будзе тыран, не будзе –
Абы не было вайны…

Вера Бурлак. Творы соннага жанру. – Мінск: Логвінаў, 2011. – 100 с.
“У мінскім метро лініі параўнальна кароткія, – піша аўтарка ў такой сабе тлумачальнай запісцы пад назовам “Проза для чытання ў мінскім метро”. – Яны патрабуюць адпаведных раманаў. Падоўжацца лініі – і, магчыма, раманы стануць даўжэйшымі”. Так, у кнізе ёсць “дэтэктыўны”, “філасофскі”, “дамскі”, “прыгодніцкі” раманы, што разам займаюць крыху больш за дзесяць старонак…
Калі вершы Джэці пераважна хуліганска-пацанскія, то проза Веры Бурлак нават не жаночая, але жаноцкая – з усім вынікальным адсюль: нелінейнасцю мыслення, напаверхневай сентыментальнасцю, поўным паглыбленнем у вербальную стыхію мовы й разліцці ў ёй.

Уладзімер Лобач. ULASLOVY. – Мінск: І.П. Логвінаў, 2011. – 108 с.
Медытатыўная, засяроджаная на архетыповасці, паэзія. Паэзія без позы. Няроўная – як дыханне вандроўніка, што ўзыходзіць на пакручастыя стромы з заплечнікам жыццёвага досведу ўперамешку з абласнымі слоўцамі й мясцовымі досціпамі, забытымі тапонімамі, што “гукаадлюстроўваюцца” (А. Разанаў), ствараючы крыху самотную ўзвышаную настраёвасць. Гэта і вершы-люстэркі, дзе адбіваюцца вушацкія азёры, дзе барочныя рысы, абрысы гатычныя, аброчныя крыжы й высокае нардычнае неба Паўночнай Беларусі зарыфмаваныя ў межах аднаго чатырохрадкоўя.

Яснавяльможны люты
увечары грае на лютні,
дзе струнамі – трысьнягі,
а слухачамі – сьнягі,
сьнягі, да самага небакраю,
і нашыя сны…
Люты на лютні грае.

Алесь Няўвесь. Глобус Беларусі. Вершаваныя фельетоны. – Смаленск: Універсум, 2011. – 431 с.
Творчасць Алеся Няўвеся – унікальная з’ява ў сучасным літаратурным працэсе. Яна ўражвае – як маштабамі колькасна-старонкавымі, гэтак і маштабамі якасна-мастацкімі. Вострае пяро сатырыка адгукаецца, здаецца, абсалютна на ўсе вострыя праблемы, што існуюць у краіне. Па кнігах А.Няўвеся можна вывучаць палітычную, эканамічную, грамадска-культурную сітуацыю Беларусі.
Дай Божа дажыць нам да часоў, калі Няўвесевы фельетоны стануць непатрэбнымі. Покуль жа, як канстатуе паэт, “Яна, улада, б’е пад дых. / І сёння – скажам прама – / Ты, мой чытач, / Не знойдзеш кніг / Ні ў шапіках, ні ў крамах”. Таму нагадваем, што і з новымі, і з ранейшымі фельетонамі Алеся Няўвеся можна пазнаёміцца на сайце: www.alesnauwes.com.

Ірына Шумская. Музыка ў кантэксце беларуска-польскага міжкуль­турнага ўзаемадзеяння. – Мінск: Медысонт, 2011. – 160 с.
Манаграфія кандыдаткі культуралогіі Ірыны Шумскай храналагічна абмяжоўваецца перыядам з канца ХІХ – да другой паловай ХХ стст. Для аўтаркі відавочна, што “вірлівыя плыні беларускай культуры знаходзяцца ў рэчышчы культуры агульнаеўрапейскай, і найбольш яскрава гэта адчуваецца ў музыцы”. Кніга складаецца з двух частак: агляднай, дзе выяўлена сацыякультурная спецыфіка беларуска-польскага ўзаемадзеяння ў першай палове ХХ ст., і нарысавай, якая прысвечана найбольш яскравым музычным дзеячам, народжаным на Беларусі – Канстанціну Горскаму, Сымону Рак-Міхайлоўскаму, Мечыславу Карловічу, Яну Тарасевічу, Браніславу Руткоўскаму.

Лявон Юрэвіч. Шматгалосы эпісталярыум: гісторыя людзей і ідэй на эміграцыі ў ліставанні. – Мінск: Кнігазбор, 2012 (Бібліятэка Баць­каўшчыны; кн. 20). – 660 с.
У юбілейным дваццатым выданні “Бібліятэкі Бацькаўшчыны” выйшла дыхтоўная таміна эпісталярнай спадчыны культурных герояў на эміграцыі. Ліставанні Кастуся Акулы, Наталлі Арсенневай, Радаслава Астроўскага, Юркі Віцьбіча, Янкі Запрудніка, Франца Кушаля, Міхася Тулейкі і шмат каго яшчэ. Толькі раздзелы “Бібліяграфічны даведнік” і “Паказнік асобаў” складаюць пад сотню старонак. “Шматгалосы эпісталярыум” чытаецца як захапляльная сага пра лёсы людзей, што і ў далёкіх выгнаннях у думках і памкненнях заставаліся на роднай Беларусі.