12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Дзеяпіс

_____________________
Новыя выданні на кніжных паліцах «Дзеяслова»


Беларус. Літаратурны альманах беларускіх пісьменнікаў замежжа. – Нью-Ёрк: Беларус, 2012.
Пабачыў свет шосты выпуск літаратурнага альманаху беларускіх пісь­меннікаў замежжа “Беларус”, з чым “дзеяслоўцы” шчыра віншуюць яго аўтараў і чытачоў. Большасць аўтараў – добра вядомыя літаратары (іх – Сяргей Вітушка, Віталь Воранаў, Сяржук Сакалоў-Воюш, Алег Мінкін, Іна Снарская, Макс Шчур). Пры тым, што жанрава і тэматычна нумар выйшаў вельмі разнапланавым, прынцып размяшчэння тэкстаў у альманаху дэмакратычны – алфавітны. Падрабязны агляд гадавіка чытайце ў бліжэйшым нумары “Дзеяслова”.

Андрэй Пакроўскі. Як я перастаў верыць у Дзеда Мароза. — Мінск: Логвінаў, 2012. — 100 с. — (Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў “Кнігарня пісьменніка”; Пункт адліку).
“Як я перастаў верыць у дзеда Мароза” — Андрэй Пакроўскі захацеў пагаварыць пра гэта і напісаў цэлую кнігу. Зборнік з такой доўгай назвай — новае выданне падсерыі “Пункт адліку” серыі “Кнігарня пісьменніка”, заснаванай Саюзам беларускіх пісьменнікаў для маладых аўтараў.
Дэбютную кнігу Пакроўскага склалі кароткія апавяданні, якія напоўніцу раскрываюць тэму дзеда Мароза, тэму ровара, тэму Антона, які насамрэч Андрэй, і шмат іншых важных для пісьменніка тэм, актуалізуюць праблемы кубка кавы і тралейбуса. Кніга спадабаецца ўсім, для каго гэтыя тэмы таксама вострыя і блізкія, усім, каму згаданыя праблемы гэтаксама вярэдзяць чулыя струны душы. А хіба знойдзецца сярод школьнікаў такі, якому не даводзілася прыйсці ў школу без галавы? Мы шчыра перакананыя, што такіх няма. А значыць - кніга Пакроўскага і для гэтай катэгорыі грамадзян.

Сяргей Панізьнік. Нас – многа! – Мінск: Тэхналогія, 2012. – 124 с.
Большую частку твораў новай кнігі Сяргея Панізьніка складаюць вершаваныя прысвячэнні – Радзіме, блізкім, сябрам і калегам – альбо вершы, аздобленыя словамі-эпіграфамі беларускіх культурных герояў. Дзясяткі імёнаў, тапонімаў, гістарычных датаў і лёсаў увершаваныя ў радках выдатнага майстра.

Я спадзеўна разважаю
пад зоркавым намоленым жытлом.
Святлінамі планіду акружаю.
Нас – многа!
Тут я небу дагаджаю
і памнажаю зрок яго святлом.

У дадатку – вершаваныя прысвячэнні аўтару ад вядомых беларускіх паэтаў. Закрывае кнігу літаратуразнаўчы артыкул Вячаслава Рагойшы пра творчасць паэта.

Сяргей Рублеўскі. Паспець надыхацца. – Мінск: Медысонт, 2012. – 128 с.
Новая кніга Сяргея Рублеўскага, што скаладаецца з лірычных мініяцюр, лірычна, але не мініяцюрна па глыбіні апавядае пра ўзаеміны аўтара з яго маці, з Богам, з жанчынамі (у тым ліку – з жанчынамі-крытыкамі, жанчынамі-паэтамі й жанчынамі-празаікамі), і, вядома ж, з самім сабою – як сынам, вернікам, мужчынам і творцам... Гэтая кніга тонкая і дасціпная. Яна поўніцца выдатным гумарам, што мяжуе з неверагоднай чуллівасцю, але часам – і роспачнасцю. Акрамя карацелек “З нясшытага літаратурнага дзённіка”, што складаюць яе большую частку, аўтар уключыў у кнігу сугучныя ім па інтанацыі эсэ.

Віктар Шалкевіч. Мястэчка G... ...і ваколіцы... – Мінск: Кнігазбор, 2012. – 112 с. – (Бібліятэка Саюза беларускіх пісьменнікаў “Кнігарня пісьменніка”; вып. 30).
У новую кнігу знакамітага барда, акцёра, шоумэна і пісьменніка Віктара Шалкевіча ўвайшлі дваццаць тэкстаў – дзевятнаццаць апавяданняў і п’еса – створаных, калі верыць пазнакам пад імі, у прасторы, увязанай тапонімамі Grodno-Visby-Grodno. “Гэта кніга перадусім не пра мястэчка G. і ваколіцы, а пра людзей, якія там жылі, таму што без людзей любое мястэчка робіцца звыклаю горбаю камення. Гэтая кніга пра нашую прыгожую страчаную Айчыну — Вялікае Княства Літоўскае… Яго даўно няма на мапах, тым не менш яно дзесьці глыбока сядзіць у кожным з нас” – зазначаецца ў анатацыі.
Падчас чытання апавядання і, пагатоў, п’есы, – чуеш голас аўтара. З фірмовай іранічнасцю і багатым інтанацыйным дыяпазонам – ад гарэзлівасці да журбінкі... Таму (бясплатная парада аўтару й выдаўцам): пры далейшых выданнях варта падумаць пра аўдыёдадатак.

Янка Юхнавец. Паэзія. Уклад., прадм. і камент. Л. Юрэвіч; пад рэд. Н. Гардзіенкі. – Мінск: Лімарыус, 2012. – 620 с.: іл. – (Галасы Айчыны).
Кніга паэзіі Янкі Юхнаўца (1921-2004) – унікальнае выданне паэтычнай спадчыны эміграцыйнага творцы, дзе сабраныя разам вершы і паэмы з усіх выдадзеных аўтарам зборнікаў, а таксама не ўвайшоўшыя ў іх, з якімі чытачы пазнаёмяцца ўпершыню. Паэт, што нарадзіўся ў в. Забродак (сёння Докшыцкі р-н, Віцебскай вобл.), у часе нямецкай акупацыі быў вывезены на працы ў Германію, адкуль у пасляваенны час перабраўся ў ЗША. Выданне поўнага збору паэтычных твораў Я. Юхнаўца знаёміць аматараў беларускай паэзіі з яшчэ адным таленавітым і самабытным творцам і павінна паспрыяць больш пільнай увазе чытачоў і спецыялістаў да яго літаратурнай спадчыны.