12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Уладзіслаў Ахроменка

_____________________
Як артысты "Харошак" танчылі для сына белагвардзейскага палкоўніка.
З нізкі "Тэрпсіхора. Муза танцаў"


За часамі БССР фальклорна-харэаграфічны ансамбль “Харошкі” быў ці не самым запатрабаваным айчыным прадуктам па-за межамі Беларусі. Лідарства па экспарце, вядома ж, трымалі МАЗ, БелАЗ і Мінскі трактарны, але ж прыбыткі ад замежных гастроляў “Харошак”, напэўна, былі вышэйшымі, чым ад продажаў тэлевізараў “Гарызонт”, хаця і праходзілі ўсяго толькі пад сціплай графой “нацыянальны каларыт”. Танцоры і музыкі не вылазілі з замежных гастроляў, і гастролі былі не толькі ў Манголіі-Балгарыі, але ж і ў заходнееўрапейскіх краінах з класічным капіталістычным ашчэрам і сімпатычнымі інвалютнымі крамамі.
Праўда, самі артысты атрымлівалі за гастролі капейкі; усю валюту сталёвым дзеркачом вымятаў маскоўскі “Дзяржканцэрт”. Да таго ж, паездкі ў капіталістычныя джунглі вымагалі ад танцораў дасканалай ідэалагічнай падрыхтоўкі. Перад кожнымі гастролямі “харошкаўцаў” дручылі на іспытах, не раўнуючы, як лялечных актораў тэатра Карабаса Барабаса. Тагачасныя бээсэсэраўскія Карабасы Барабасы мелі пасады інструктараў аддзела прапаганды і агітацыі ЦК КПБ і прымалі ва ўсіх “выязных” адпаведныя іспыты. Шараговы артыст “Харошак” ведаў гісторыю сусветнага камуністычнага руху на ўзроўні выкладчыка Вышэйшай партыйнай школы.
Напачатку 1985 года ў “Харошкі” прыйшла чарговая разнарадка: гастролі ў Японіі. Яно і зразумела: не тэлевізары ж “Гарызонт” туды з БССР экспартаваць! Касцюмаваны “прагон” для мастацтвазнаўцаў у цывільным праходзіць бліскуча, і цяпер – апошні бар’ер: іспыт па гісторыі тамтэйшай камуністычнай партыі. Кіраўніцтву “Харошак” сігналізуюць: маўляў, “Японія – гэта Захад”, а таму прымаць іспыт будзе самы дасведчаны прапагандыст і палымяны ідэалагічны барацьбіт, чалец Бюро ЦК КПБ… Дрыжыце, акцёрышкі!
Артысты ціха мацюгаюцца, звыкла кааперуюцца па двое, па трое, каб потым адрэпетаваць папярэднюю здачу іспыту адзін перад адным. Абкладаюцца ў бібліятэчных залах спецыялізаванымі даведнікамі, шаргацяць старонкамі і, ломячы языкі, вучаць біяграфіі найгалоўных японскіх камуністаў. Міцухіра Канэка і Удзяку Акіта, Танцудза Фува і, ты ж яго толькі паспрабуй запомніць, Масанасукэ Ватанабэ!
Гадзіна, дзве, тры…
Гартані пачынае шкрэбсці, мазгі ўкрывае шэрань, нават павекі – і тыя паволі звужаюцца на самурайскі манер. Свядомасць санліва пазяхае, паволі запаўзае ў самыя далёкія мазгавыя звіліны, скручваецца эмбрыёнам і імгненна ўпадае ў анабіёз. “Харошкаўцы” паглядаюць адзін на аднаго празрыстымі шклянымі вочкамі і па-дэбільнаму пасміхаюцца.
Ёнска Ціна, Ваніта Такая, Тасука Таксама, усё, галовы пухнуць, ну яго на хрэн, лепш ужо харакіры, чым такое вучыць!
– Нічога так не замінае добраму танцору, як камуністычная ідэалогія, – справядліва канстатуе скрыпач з “харошкаўскага” аркестру і па-змоўніцку падміргвае. – А, можа, ну яго ў дупу, давай лепш дзе-небудзь культурна пасядзім?!
– Дык заўтра ж іспыт, – панура ўздыхае танцор, – нейкі важны перац ажно з ЦК КПБ прымае.
– Нічога, я шпаргалак у нашых дзевак папрашу, – звыкла адмахваецца музыка. – Пайшлі, а то канчаткова тут звар’яцеем…
Па хуткім часе прыяцелі перабіраюцца ў кафэ “Тэатральнае”, што акурат насупраць Беларускага Тэатра Оперы і балета, прычым скрыпач бярэ з сабой і інструмент у футарале, бо заўтра да ідэалагічнага выпрабавання яшчэ на “халтуру” трэба паспець. Артысты, змардаваныя тымі самураямі, бы рэвалюцыянер Сяргей Лазо паравознай топкай, бязладна тыцкаюць пальцамі ў меню, і, давячыся ціхім істэрычным рогатам, замаўляюць нешта кшталту “Налейка Накаціка”. І цярпліва чакаюць, калі прынясуць пляшку самай таннай гарэлкі і дзве салаты “Днястроўскія” па сямнаццаць капеек.
А за столікам насупраць – нейкі салідны мужык: стройчык-“тройка”, дарагі гальштук, залатыя запанкі. “Шашлык па-карску”, ікра чорная паюсная, каньяк КВВК і дзесяцірублёвая ружа ў крышталёвай вазе. Відаць, бабу запрасіў, а тая яго пракінула, вось і піячыць небарака на самоце. І вельмі так зацікаўлена на “харошкаўцаў” паглядае.
Праз дзесяць хвілінаў афіцыянтка, напружана азіраючыся на мужыка ў “тройцы”, прыносіць пляшку “Арарату”; маўляў, “ад іхняга стала да вашага стала”. Артысты лыбяцца на дабрадзея разгублена і ўдзячна. Той нецвяроза хістаецца і дэманструе прывітальны жэст, нешта сярэдняе паміж “Рот Фронт!” і “Хайль Гітлер!”
Яшчэ пяць хвілінаў – і артысты на запрашэнне дабрадзея сядзяць за ягоным столікам.
– Завуць мяне гаспадзін Кудасаў, – ганарліва прадстаўляецца мужык з “Араратам”. – І ў нашую матухну-Расію я прыбыў ажно з Парыжу; “белыя акацыі, кветкі эміграцыі”. Можа, вы пра майго бацьку чулі: такі палкоўнік Кудасаў, начальнік контрвыведкі барона Ўрангеля.
Прасунуты скрыпач пярэчыць упэўнена: маўляў, палкоўнік Леапольд Кудасаў – кінематаграфічны персанаж з прыгодніцкай стужкі “Новыя прыгоды няўлоўных”, рэжысёр Эдмон Кеасаян, кінастудыя “Масфільм”, але ж скончыць не паспявае, таму што танцор трапна б’е яго пад сталом насцяком у лытку: ты што, дурны, хай гэты шчодры лох вярзе што заўгодна, мы яго як мінімум на яшчэ адну пляшку раскруцім!
– Правільна, кінематаграфічны персанаж, – нечакана пагаджаецца новы знаёмы. – Але ж ягоным правобразам акурат і стаўся мой бацька! Белагвардзеец, патомны дваранін, блакітная кроў… Дый увогуле, ведаеце, кім ён быў?!
Скрыпач пацірае пад сталом пабітую нагу і талеранта ніжа плячыма: ну, свет вялік, усё можа быць. Танцор аблізваецца на каньяк. А сын белагвардзейскага палкоўніка паглядае на скрыпічны футарал і нечакана пытаецца ў музыкі:
– “Паручніка Галіцына” збацаць можаш?
– У прынцыпе, магу, – асцярожна пацвярджае скрыпач.
– Але ж выкананне падобнай кіч-культуры не адпавядае нашай камуністычнай ідэалогіі, – адчужана тлумачыць танцор. – Прынамсі, публічнае выкананне.
– Дзесяць рублёў плачу.
Дзесяць савецкіх рублёў за тымі часамі – ці дзве з паловай пляшкі гарэлкі, ці чатырнаццаць “комплексных сняданкаў” у сталоўцы, ці дзвесце паездак у мінскім метро. Артысты напружваюцца…
– Дзякуй… Але ж тэкст гэтай песні “незалітаваны” Арганізацыяй Музычных Ансамбляў мінскага гарвыканкаму, – палахліва нагадвае скрыпач.
– У рот, у дупу і ў душу меў я ваш мінскі гарвывыканкам! Дваццаць пяць і пляшка каньяку! – агрэсіўна абсякае Кудасаў-малодшы. – Душа свята прагне, разумееце?! Ну, давай: “Четвертые сутки пылают станицы, по Дону гуляет большая война…”
– Што – проста тут і на скрыпцы граць? – шчыра жахаецца музыка, ліхаманкава прыкідваючы наступствы; забароненая савецкай цэнзурай “белагвардзейшчына”, КГБ, следства, турэмныя нары і лагерная сама­дзейнасць як вянец кар’еры…
– З кафэ выставяць за хуліганства! – разважліва прыкідае танцор.
– Каго-о-о? Мяне-е-ее? – голасна абураецца сын начальніка ўрангелеўскай контрвыведкі і па-барску шчоўкае пальцам, падклікаючы метрдатэля. – Алё, ла-акуза! Хай лабаюць! Я так сказаў!
Метрдатэль, па выглядзе – класічны адстаўны мент ці камітэтчык, – пяшчотна зелянее з твару і нечакана дае дазвол выконваць для дарагога госця ўсё, што той схоча. Кудасаў дастае шляхотную скураную партманэтку і замаўляе чарговы каньяк.
Далейшыя падзеі зліваюцца для “харошкаўцаў” у суцэльную жахлівую фантасмагорыю. Бо імправізаваны канцэрт ва ўстанове савецкага Абшчапіту балансуе на мяжы п’янага дэбошу і махровай антысаветчыны. Нажраты ў дугу белаэмігрант, дырыжуючы пляшкай “Арарату”, сантыментальным фальцэтам выводзіць “а в комнатах наших сидят комиссары, и девочек наших ведут в кабинет!..” Далей – “Господа офицеры, голубыя князья!”. Заканчваецца ўсё гэта пафасным выкананнем “Боже, царя храни!”, прытым парыжскі госць агрэсіўна патрабуе ад наведвальнікаў, усіх гэтых стосаракарублёвых інжынераў з “Гарызонта”, падпяваць яму стоячы.
– Я манархіст-саборнік! – раве ён так голасна, што жырандолі пад столлю жалобна ценькаюць. – У контрвыведку! За яйцы! Расстраляю!
А на календары, між іншым, сярэдзіна васьмідзясятых гадоў мінулага стагоддзя. Рафінаваны чорна-белы “савок”. Чытанне эмігранцкай літаратуры раўназначнае дзяржаўнае здрадзе. За знойдзеную ратапрынтную копію Салжаніцына выдаюць дармавую пуцёўку ў Комі АССР гадоў на пяць мінімум. А таму зляканая публіка, нават не дапіўшы і не дазакусіўшы, паспешліва расплочваецца, хапае з шатні драпавыя паліто, хлабучыць на галовы шапкі з фарбаваных трусікаў і злякана ўцякае ад усёй гэтай контррэвалюцыі.
Белагвардзейская пагулянка тым часам працягваецца, бы ў маскоўскім кабаку “Яръ” часоў Савы Марозава. Мітусяцца са сподамі афіцыянты, мяняюцца пляшкі, мянтоўска-гэбэшнага экстэр’еру метрдатэль па-халуйску трымае перад Кудасавым цяжкую крышталёвую попельніцу, а той цягае са сваёй парыжскай партманэткі бясконцыя дваццаціпяцірублёўкі, рыхтык ілюзіяніст Ігар Кіа – галубоў з рукава.
Нарэшце, “Тэатральнае” зачыняецца. Сын знанага белагвардзейца, двойчы бразнуўшы залатымі запанкамі аб ганак, вывальваецца ў заснежаны сквер каля Опернага. І нечакана абвяшчае апошні нумар:
– А цяпер – “Цыганачка з выхадам”!
Артысты злякана перазіраюцца. Бо як ні круці, а гэта ўжо сапраўдны перабор. У бліжэйшым “апарняку”, што на Старажоўцы – самыя зверскія ва ўсім Мінску мянты. І не за такое забіралі…
– Давай, не бздзі, ну? – імпэтна падбадзёрвае артыстаў патомны рускі дваранін. – “Оп-паньки! Есть колечко у меня, шаровары красные!..”
Скрыпач, сутаргова прыціскаючы інструмент да падбароддзя, зухавата сячэ смыкам паветра. Кудасаў у апошняе ступені традыцыйнага вялікарускага куража зрывае з сябе папаху і пачынае асцервянела таптаць яе моднымі парыжскімі чаравікамі. А харэаграфіст, трымаючы па-над сваёй галавой скрыпічны футарал, рытмічна б’е ў яго, нібы ў цыганскі бубен і прафесійна падтанцоўвае…
Як і мае быць, праз пяць хвілінаў побач спыняецца жоўты міліцэйскі “бобік”. Шчаслівыя мянты навыперадкі імчаць да харэаграфічна-музычнага калектыву і інстынктыўна спрабуюць заламіць рукі салісту.
– Прэч, халопы! – гжэчна адбіваецца белагвардзейскі сын. – Вы хоць ведаеце, хто я такі?
І, выцягнуўшы з кішэні нейкую чырвоную кніжачку, тыцкае ёй у пысу падаспеламу міліцэйскаму афіцэру. Мент ахранела глядзіць, струмка выцягваецца, вернаподдана шчоўкае сківіцай і міжволі прыкладае дрыготкую руку да лакаванага брылька. “Бобік” паспешліва ўцякае…
У “харошкаўцаў” ад пабачанага становіцца пуста ў галовах і зелена ўваччу. Зрэнкі робяцца рамбавіднымі. Што гэта можа быць? Містыка? Чараўніцтва? А можа, гэты Кудасаў нейкі вялікі гіпнатызёр? Ці ў горадзе ўжо даўно белыя, але ж па тэлевізары чамусьці яшчэ не абвесцілі…

…Назаўтра нашыя артысты, прыціскаючы кадыкамі ікотку і адрыжку, ідуць здаваць іспыт па гісторыі камуністычнага руху Японіі. Шаргацяць канспектамі, ліхаманкава рассоўваюць па самых інтымных месцах шпаргалкі-“гармонікі”. “Важнага перца” з аддзела прапаганды і агітацыі ЦК КПБ баяцца не менш, чым японскія мілітарысты – герояў Халхін-Голу. Тыя, хто ўжо здаў іспыт, адно разгублена хаўкаюць: падлюка рэдкасная, самыя падступныя пытанні задае, а “шпорамі” пры ім увогуле карыстацца немажліва! Дый, відавочна, не ў настроі…
Харэаграфіст і скрыпач жагнаюцца, нібы перад шыбеніцай, і ідуць здаваць разам. Адчыняюць дзверы, заходзяць, глядзяць на экзаменатара і… сінхронна асядаюць на падлогу.
За сталом, пад парадным партрэтам Уладзіміра Ільіча Леніна – акурат учорашні знаёмы. Апухлая морда, смярдзючы перагар на ўвесь кабінет і брашурка з матэрыяламі апошняга Пленума ЦК КПСС на самым відным месцы.
Барон Урангель. Контрвыведка. “Боже, царя храни!”. Карацей, “Цыганачка з выхадам”…
Ну, сука!
Ужо потым высветлілася, што палымяны ідэолаг з аддзела прапаганды і агітацыі ЦК КПБ на ўсе выходныя ўпадаў у непрацяглы, але імпэтны запой. Штопятніцу зараджаў у відэмагнітафон касету з фільмам пра Грамадзянскую вайну, накатваў каньяку і паціху распраўляў крылы, рыхтык двухгаловы арол над маскоўскім Крамлём. З кожным кілішкам няўхільна пераўвасабляўся ў нашчадка кінематаграфічнага контррэвалюцыянера і цягнуўся “даганяцца” ў мінскую кавярню другой нацэначнай катэгорыі. Дзе і выдаваў свае патаемныя манархічныя мроі за пафасную рэчаіснасць. Сціплы статус падобных кавярняў гарантаваў адсутнасць тамака людзей з Парткантролю, зарплата дазваляла плямкаць чорнай ікрой, а страшнае пасведчанне чальца Бюро ЦК КПБ гарантавала, што ані мянты, ані нават КДБ ніколі не спыняць белагвардзейскі кураж.
Вось такія ідэолагі кантралявалі Беларусь за савецкім часам.
Цяперашнія, кажуць, яшчэ горшыя…