12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Эдуард Акулін

_____________________
Ня хлебам, а небам...
Вершы

Ткачы

І тчэ забыўшыся рука…
М.Багдановіч.

Пакліканыя Голасам з вышынь
на месячным разьвесьненым утоку
ткуць словы закаханыя ткачы,
каб Той, хто клікаў – радваўся звысоку.

Літую нітку з срэбраных аблок
снуюць у кроў параненыя рукі,
ды ні адзін прымусіць з іх ня змог
душу адмовіцца ад рабскае прынукі…

І тчэцца верш з чырвонага радка,
як шлях-рушнік да боскага парога…
І тчэцца боль — ад церняў да «Вянка».
І тчэцца Бог… Дакладней – вера ў Бога.

Балада сьветлафора
Экспромт
Сьветлафор маркотнавокі,
прапусьці мяне хутчэй
за пурпурныя аблокі,
у чароўны сьвет лілей.

Прапусьці! Чакаюць ліўні,
луг сьвітальны, сонны плёс…
Што ж ты чырваньню наліўся?
Выпрабоўваеш мой лёс?

Стод трохвокі, не маліцца ж
мне на твой сярдзіты твар...
Адпусьці душу з вязьніцы!
— З «Мазды» цеснай?
— Са сталіцы!
— Любіш лётаць?
— Як Ікар!

Што ж ляці усьлед за марай,
ці за ветрам – ты ж паэт…
Хай анёл крылом гітарным
захіне цябе ад бед.

І расьцьвіў зялёным макам
прыдарожны ідал-стод.
Толькі Бог глядзеў і плакаў,
нібы зьбіты пешаход…

Кактэбель

Мора ў палоне гор.
Сонца ў аблозе хмар.
Звонкіх цыкадаў хор.
Мліва спакусных мар.

Шэпт закаханых хваль.
Перліна зьзяе з дна.
У Карадаг-рааль
Бог нацадзіў віна…

Пра вінаградны хмель
вуснаў тваіх пішу…
Залатабрамскі цень
пазалаціў душу.

Максіміляну Валошыну

Бессонница. Гомер. Тугие паруса.
Я список кораблей прочел до середины…
Восіп Мандэльштам.

Высока жыў, у неба улюбёны,
паэт, мастак, бадзяга-пілігрым…
Аблокі, як самотныя анёлы,
схіліліся над профілем тваім.

На дом-каўчэг то бела, то чырвона
за валам вал накочваў хвалі час.
На брудэршафт п’ючы з самім Харонам,
ня проста узыйсьці на Мон Парнас.

Што Мон Парнас? На Карадаг хімерны
бяскрыламу сьцягу не пратаптаць.
Сьпіс караблёў, пазычаны ў Гамера,
да кропкі памінальнай дачытаць…

Сердылікавы ранак

Палову сьпякотнага паўднёвага ранку
змарнаваў на сердылікавых прыісках.
Седзячы на мулкім узьмежку прыбоя,
старанна прасейваў скрозь пальцы
размаітае пясчанае мліва
у надзеі знайсьці хоць адзін
сонечны каменьчык.
Марна.
Увесь свой «залаты запас»
мора калісьці без шкадаваньня
падарыла Максіму з Клавай,
бо яны былі
закаханыя…

Ерась

У непрагляднай цемрадзі Сусьвету
жыў-быў Гасподзь і ўсе, хто перад ім:
філосафы, вандроўнікі, паэты
і вечны Зьніч, і хуткаплынны дым…

Жыў Ной, не прадчуваючы патопу,
Марыя, што любіла галубоў…
Максім, не абцяжараны хваробай,
старая Сьмерць і юная Любоў.

Яны жылі, яны шукалі шчасьця
хто на крыжы, а хто у шалашы, —
цьвікамі працінаючы запясьці
для пірсінгу ня цела, а душы…

У непрагляднай цемрадзі Сусьвету,
у непраходнай памяці-глушы.


Саракавіны

Сьветлай памяці цёткі Тацяны

Як ты любіла рэчку!
Вось і заснула ў ёй…
Перацякае ў вечнасьць
Бесядзь тваёй душой.

Перацякае ў сьлёзы
тых, хто цябе любіў.
Як жа сьцюдзёна ў восень
спаць у рачной глыбі…

На плашчаніцу плёсу
барвы губляе клён.
Сохне пачына лёсу.
Плача ў чаўне Харон.

Рэха

«На дне сьвітаньня
дрэмле сонца дня…»
Сьцьвярджаў калісьці
словабог Ду Фу.

«На дне каханьня», —
трызьню рэхам я,
а што на дне –
успомніць не магу.



Сьняжынка і вятрак
Балада

Кропля горкая, як сьлязіна,
кропля лёгкая, як душа,
дажыла да часіны зімняй,
каб сьняжынкаю стаць няўзнак.

То напэўна жыцьцёвы вырак,
або нейкі таемны знак,
апрануўшы ў завею крылы,
над жарствой узьляцеў вятрак.

Разьдзіраючы неба скрыпам,
засяваючы страхам дол,
не ляцеў, а па хмарах клыпаў,
як зьнямоглы стары анёл.

Як сьляпы звар’яцелы рыцар,
на шляху з летуценных мар…
А з зямлі выглядала — быццам
заблудзіўся ў начы Ікар.

Грэшнік

Хай за гэта мяне караюць,
хай за праўду распнуць, і ўсё ж –
заміж крыжа ў душы хаваю,
як Варава, халодны нож.

Абвіла, як зьмяя, дарога,
дні згарчэлі на лебяду.
Не з крыжом, а з нажом да Бога
на паклон у царкву іду…

Крыж — у Бога, а нож — у Сьмерці,
а душа у мяне баліць.
Як жагнаюся, дык у сэрцы
крыж аб нож серабром зьвініць.


У Кракаве

У сэрцы каменным Вавеля,
дзе сьпіць паспаліты час, —
імшу па спачылых правілі,
нібы адпявалі нас.

Нібы адпявалі вольніцу,
што колісь у нас была.
На кожнай труне па коньніку –
цярэбіць крывіцкі шлях…

Ад славы былой Ягайлавай
да Слова, што сьніць Адам…
Пагоня б’е ў сэрца Вавелю,
а душы крывавіць нам!


Паэзія

Ня хлебам, а небам
паэты жывуць…
Ім пёры анёлы
з аблокаў скубуць.

Яны тыя пёры
макаюць у кроў…
І д’яблу душу
прадаюць…
за Любоў!


Настальгія

Убачу цябе, і імгненна
балець галава пачынае…
З душы, як з майстэрні Гагена,
выходзіць журба маладая.

Ты вусны сьціскаеш манерна,
у поглядзе сум тэатральны.
Я думаў — каханьне памерла,
яно ж затаіла дыханьне…


Ластаўка

Ці то Вялікдзень, ці Раство,
ці проста дзень будзённы, шэры –
паэтаў вабіць Хараство,
як матылькоў – сьвятло Венеры.

І я адчуў, як у ва мне
настрой прачнуўся элегічны,
як з Вашых вуснаў слова «не»
зьляцела ластаўкай арфічнай.

І крылы склала за радком
мной ненапісанага верша, —
пацалаванаю крадком
радзімкай з Вашае усьмешкі…


Каханьне

Сьляпы, як Гамер перад Словам,
Бетховен – у скрыпце маўчаньня, —
я сьлепнуць і глухнуць гатовы,
згадаўшы цябе – ад Каханьня.

Тады і жыву пераважна,
хай гэта гучыць ератычна, —
калі з глыбіні далікажнай
п’ю чысты твой голас крынічны.

Ня п’ю, а па кроплі смакую
і, як ад прычасьця, хмялею.
І кожны уздых твой цалую,
як лебедзь начную лілею.


Грэх

Стаючы паміж дзьвюх дарогаў,
выбіраю ня рай, а грэх.
Я прашу дараваньня ў Бога, —
толькі бачу вочы твае…
Ночы ў сноў адняла трывога,
перарваўся анёльскі сьпеў.
Я прашу дараваньня ў Бога, —
толькі бачу вусны твае…

Праклінаючы ў думках злога,
у пустой, як душа, царкве
я прашу дараваньня ў Бога, —
толькі бачу грудзі твае…

Прынікаючы да нічога,
у сьляпой, як сусьвет, журбе
я прашу дараваньня ў Бога, —
я прашу дараваць – цябе.


Здрада?..

Паўднёвае сонца – віном…
А там дзе віно – там спакуса.
Пажар з глыбіні залатой
агнём аблізаў твае вусны.

Бы сэрца маё апаліў
сам д’ябал атручаным трункам.
Я з келіху сонца адпіў
са смакам твайго пацалунка…

Са смакам біблейскіх аліў
з галін Гефсіманскага саду.
Я з келіха сонца адпіў…
Хіба гэта лічыцца здрадай?


Я хацеў бы…

Я хацеў бы спаткацца з Вамі,
як з прынцэсай набожны паж,
каб да ранку чытаць на памяць
Ваша цела, як «Ойча наш»…

Я хацеў бы, згубіўшы голаў,
заблудзіцца ў начным бары,
каб на золку Ваш сонны голас,
як у птушкі, сарваўся ў крык…

Я хацеў бы…Хачу нямнога –
Вас на рай абмяняць у Бога.