12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Валянцін Акудовіч

_____________________
Вялікая здрада.Суплёт эсэ (Працяг)

9. Пакліканьне прасторы.
Беларусь усё яшчэ знаходзiцца ў сiтуацыi адсутнасьцi бу­дучынi, прынамсі – пэўнай. З гэтай сiтуацыi шмат чаго вынiкае, але найперш тое, што на Беларусi (i з Беларусьсю) пакуль усё магчыма. Беларусь яшчэ магчымая як самастойная еўрапей­ская дзяржава i як шараговая правiнцыя адноўленай Расейскай iмперыi, як лакальны фрагмент глабальна ўладкаванага сьвету i як прамотар агрэсiўнай каалiцыi «славянскiх» дзяржаваў...
Аднак пры ўсёй цьмянасьцi, невыразнасьцi, шматварыянт­насьцi магчымасьцяў нашай будучынi, няма сумневу, што ў Беларусi ёсьць ня толькi доля, але i лёс. I вось чаму. Цягам апошняга тысячагоддзя еўрапейскай гiсторыi, Беларусь, як суб’ект гэтай гiсторыi, раз-пораз хавалася ў сваю адсутнасьць, але яна нiколi не зьнiкала як суб’ект еўрапейскай прасторы. Незалежна ад таго, якiя дзяржаўныя ўтварэньнi панавалi на гэтай прасторы (Полацкае княства, ВКЛ, Рэч Паспалiтая, Расейская iмперыя, СССР), Беларусь заўсёды вымагала для сябе адметнага прасторавага статусу. Нават забаранiўшы назоў «Беларусь», Расейская iмперыя мусiла вынайсьцi для яе апрычоную пазнаку («Северо-Западный край»), нават адсекшы лязом «Брэсцкага мiру» Заходнюю Беларусь, Польшча не магла ня вылучыць яе з свайго цэлага, як «крэсы всходне»... I колькi б разоў за апошняе тысячагоддзе гэтая прастора не разрывалася на кавалкi рознымi дзяржаўнымi, iдэалагiчнымi, канфесiйнымi ўтварэньнямi, яна рана цi позна зноў гуртавалася ў нейкую топасную цэласнасьць, канфiгуратыўна блiзкую да сваёй протатапалагiчнай мадэлi. Усё гэтае разам пераконвае, што прастора, цяпер пазначаная этнонiмам «Беларусь», мае сваё сакральнае паклiканьне, а значыць i надалей ня стане чакаць сабе хоць якога месца ў будучым, а будзе патрабаваць i займаць яго сама для сябе.
Зусім іншая рэч, якiм зьместам пабярэцца гэтая сакральна вылучаная прастора, якiя каштоўнасьцi на ёй запануюць? На вялiкi жаль, адказы на гэтыя пытаньнi пакуль залежаць хутчэй ад пажаданьняў таго, хто адказвае, а ня ад наперад яўленых бачнасьцяў, якiя самi яшчэ чакаюць будучынi, каб аб’явiцца для нас.

10. Дзяржава і нацыя.
На самым пачатку гаворкі, адзначаючы выключную ролю Франьцішка Багушэвіча і газеты “Нашая Ніва” ў фармаваньні ідэалагемы беларускай нацыі, я казаў, што “З іншага боку, у канцэптуальным плане мы мелі б прыблізна тое самае, што маем, і без Багушэвіча, і бяз “Нашай нівы”. Было б залішне рамантычна (ці містычна) зьвязваць такія анталагічныя падзеі, як нараджэньне нацыі, з несістэмнымі выпадкамі прыватнага кшталту. Сувязь тут хутчэй цалкам адваротная: і Багушэвіч, і “Наша ніва” – гэта ўсяго толькі адметныя моманты фармалізацыі новай нацыі, якая ўжо сасьпела, каб выйсьці з латэнтнага стану ў сітуацыю культурнай і геапалітычнай рэальнасьці”.
Прыкладна тое самае я хачу сказаць і адносна факту паўставаньня Беларускай дзяржавы. Раз-пораз у публікацыях самых розных аўтараў робіцца акцэнт на выпадковасьць, зьбег абставінаў, сітуацыйнасьць, палітычны валюнтарызм і г.д., якія радыкальным чынам паўплывалі на вылучэньне Беларусі ў аб’ект (яшчэ пакуль толькі аб’ект) еўрапейскай геапалітыкі. Маўляў, калі б на Радзе Усебеларускага кангрэсу (сакавік 1918 г.) перамаглі “аўтаномнікі”, а не “незалежнікі”, то нічога такога і ўвогуле не было б. А з іншага боку, каб не было БНР, то ніхто ня ўздумаў бы ствараць БССР. Ці вось яшчэ: калі б згодна “Брэсцкага міру” да палякаў не адпала ўся Заходняя Беларусь (4 мільёны насельніцтва), то Маскве і не да галавы было б узбуйняць здрабнелую ў нішто БССР паветамі Віцебскай ды Гомельскай губерняў... (і гэтак далей – усяго не пералічыць).
Кожная падобная версія сапраўды мае пад сабой падставы, і часам досыць грунтоўныя. Але ўвесь вэрхал з прылучэньнямі/адлучэньнямі тэрыторыяў, зьменамі назваў і дзяржаўна-палітычных канструкцыяў краіны (з 1918 па 1922 год Беларусь была і Беларускай Народнай Рэспублікай, і Літоўска-Беларускай рэспублікай, і Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікай і базавай складовай Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік) сьведчыць якраз пра адваротнае: пасьля развалу Расейскай імперыі гэтая прастора настойліва запатрабавала для сябе апрычонага геапа­літычнага статусу ў “сваіх этнаграфічных межах”. Дзівіць хутчэй іншае: як у такіх, цалкам неспрыяльных абставінах, ня маючы ўнутры сябе дастатковых палітычных сілаў дзеля самапаўставаньня, наш край змог выразьніцца сярод іншых у палітычна-адміністратыўнай канфігурацыі, якая ў асноўным ахоплівала аўтэнтычную Беларусь.
Было б залішне рамантычна (ці містычна)” зьвязваць паўставаньне Беларускай дзяржавы з выпадкам, палітычнымі інтрыгамі, суб’ектыўнымі памкненьнямі тых ці іншых асобаў. Тое, што (і як) адбылося, найлепей сьведчыць пра невыпадковасьць таго, што адбылося і што адно пацьвердзіла тую тысячагадовую тэндэнцыю, у якой Беларусь ніколі не зьнікала як суб’ект “еўрапейскай прасторы”.
Зыходзячы з гэтага, далей я прапаную зьмінімазаваць “адвечную” (і жорсткую) апазіцыю БНР – БССР. Бо калі ацэньваць сітуацыю ў вялікім вымеры паўставаньня Дзяржавы, то БНР і БССР пачынаюць выглядаць ня як дзьве сьмяротна варожыя паміж сабой падзеі, а як адна і тая самая, толькі ў розных варыянтах палітычнай фармалізацыі. Калі заўгодна, дык што ідэалагемна, што ідэалагічна БНР з БССР – блізьнюкі. І тое, і другое дзяржаўнае ўтварэньне абапіралася на тыя самыя базавыя пастулаты: сацыял-дэмакратыю і нацыяналізм. Рассунула іх у розныя – варожыя –бакі палітыка. У барацьбе за ўладу над Беларусьсю бальшавікі (расейскія ў хаўрусе з беларускімі) адолелі ня толькі беларускіх незалежнікаў, але, урэшце, і палякаў, якія з ня меншым, чым бальшавікі, імпэтам імкнуліся прыцягнуць да сябе гэтую прастору.
Істотнасьць палітычнай барацьбы за Беларусь менавіта як за Беларусь мусібыць зразуметая не праз вынік перамогі (ці паразы) тых альбо іншых палітычных сілаў (стратэгіяў), а праз сам факт гэтай барацьбы, які яскрава засьведчыў сітуацыю чарговага паўставаньня Беларусі ў геапалітычным кантэксьце Еўропы.
Чытаючы БНР і БССР як дзьве зусім розныя падзеі, мы зыходзім са свайго цяперашняга веданьня, чым на практыцы для Беларусі (і ня толькі для яе) падрахаваўся “союз нерушимый республик свободных”, а не з самой ідэі БНР і БССР у сітуацыі іх запачаткаваньня. Згадаем дзеля прыкладу хаця б той вядомы факт, што недзе да 1929 году савецкая Беларусь цалкам разгортвалася ў нацыяналістычнай мадэлі (“беларусізацыя”), з чаго многія нацыянальна заангажаваныя дзеячы палітыкі і культуры з эміграцыі вярнуліся на Беларусь. На II Усебеларускай палітычнай канферэнцыі ў Берліне (наладжанай Аляксандрам Цьвікевічам у кастрычніку 1925 году) было нават пастаўленае пытаньне аб скасаваньні БНР на карысьць БССР*.
У 20-я гады Беларусь з неверагоднай інтэнсіўнасьцю будавала нацыянал-камуністычную дзяржаву. Зразумела, гэтая дзяржава не была эканамічна самастойнай, ня мела палітычнай незалежнасьці, у яе адсутнічалі шмат якія сімвалы і атрыбуты дзяржаўнасьці (сьцяг, герб, грошы, войска...), але гэта ўжо была Беларуская рэспубліка са сваімі межамі, сваёй адміністратыўна-гаспадарчай структурай, сваёй культурай, літаратурай і мастацтвам. (Між іншым, другая палова Беларусі ў складзе Польшчы тады нічога падобнага ня мела).
У чыста тэарэтычным плане можна паразважаць, што каб зададзеная стратэгія саюза нацыянальных (а яшчэ б і “свабодных”!) рэспублік у складзе СССР не была перапыненая рэпрэсіўным кашмарам, які татальна ахапіў усю прастору камуністычнай імперыі ва ўсіх яе праявах і чыньніках, то ў скутку мы, верагодна, мелі б і ня самы горшы з магчымых варыянтаў мега-дзяржавы (нешта накшталт “еўрасаюзу”, толькі з сацыялістычнымі формамі эканомікі і грамадскага ўладкаваньня). Але падобныя тэарэтычныя развагі былі б проста інтэлектуальнай гульнёй у “дапушчэньні”, бо якраз тэорыя што камунізму, што нацыяналізму сьведчыць аб іх непрымірымай варажнечы, закладзеную ў саму прыроду і таго, і другога. І гэты сьмяротны антаганізм рана ці позна ня мог ня выявіцца, што і пацьвердзілі трыццатыя гады.
Тактычны хаўрус з нацыяналізмам быў гвалтоўна перапынены, як толькі камунізм увабраўся ва ўласную моц. Сфармаваныя па нацыянальным прынцыпе рэспублікі адыгралі сваю ролю ў паўставаньні СССР і цяпер маглі быць скасаванымі.
Напэўна адказаць, чаму Сталін, для якога не было праблемай фізічна перасяліць цэлы народ з адной прасторы ў зусім іншую, не прарабіў гэтай, хай сабе і складанай, але ўсяго толькі фармальнай працэдуры – досыць няпроста. Версіяў тут можа быць колькі заўгодна, а я ў гэты віртуальны суплёт дадам яшчэ адну...
Барацьба з “нацдэмаўшчынай”, якую камуністы пачалі разгортваць толькі напрыканцы дваццатых гадоў, нечакана выявіла эфектыўныя магчымасьці нацыянальных рэспублік у вынішчэньні... нацыянальнага. Лакалізаваныя ў межах канкрэтнай адміністратыўна-палітычнай сістэмы, нацыі апынуліся пад татальным наглядам і кантролем, што давала магчымасьць рэгуляваць усе нацыянальныя працэсы ў бок іх мінімізацыі, а затым праз тыя ж рэспубліканскія палітыка-адміністратыўныя і карныя механізмы рэпрэсаваць нацыяналізм як зьяву і персанальна зьнішчаць найбольш актыўных яго герояў.
Інакш кажучы, нацыянальныя рэспублікі былі ператвораныя ў своеасаблівыя гета, дзе лакалізаваныя і замкнутыя ў саміх сабе нацыі цягам часу мусілі быць вынішчаныя “на корані”. А своеасаблівасьць гэтых гета азначаная тым, што іх заўсёды можна было пакінуць — але толькі пакінуўшы там сваю нацыянальную сутву. Да таго ж зусім не абавязкова было выбірацца з нацыянальных гета ў фізічным сэньсе. Дастаткова было зьмяніць сваю ідэнтыфікацыю — перайначыць сябе з нацыянальнага чалавека ў савецкага, і ты адразу апынаўся на шырокай і вольнай прас­торы. (Ужо іншая рэч, што ідэя “савецкага чалавека”, акрамя ўсяго астатняга, а хутчэй і перадусім астатнім, у сваёй функцыянальнасьці мелася быць інструментам па пераапрацоўцы нацыянальнага чалавека – праз савецкага – у “рускага”).
Гэты разьдзел мы пачалі з гаворкі, што ў ХХ стагоддзі Беларусі ўжо было наканавана выявіцца ў нейкай форме дзяржаўнага ўтварэньня пры любым зьбегу гістарычных абставінаў. Таму досыць распаўсюджаная формула, што без БССР не было б і РБ, па сутнасьці, нічога нам ня кажа. Разам з тым, дзякуючы менавіта наяўнасьці БССР, адразу пасьля распаду СССР мы займелі цалкам сфармаваную і функцыянальна дзеяздольную Дзяржаву. Заставалася вырашыць толькі ўнутрыпалітычныя праблемы – выбраць ідэалагічную ды сацыял-эканамічную мадэлі і адпаведна гэтых мадэляў публічна запрэзентаваць сваю дзяржаўнасьць у сьцягу, гербе, гімне, валюце, зьнешнепалітычным курсе...
Дарэчы, у 1991 годзе, годзе беларускай незалежнасьці, канцэпцыя “Беларусі ў яе этнаграфічных межах”, з якой пачынаўся наш шлях да сучаснай дзяржаўнасьці, ужо нават ня згадвалася ў якасьці мадэльнай, бо гэтыя “межы” сягалі ў цэлы шэраг суседніх краінаў: Расею (Смаленшчына), Украіну (Чарнігаўшчына), Літву (Віленшчына), Польшчу (Беласточчына)... Натуральна, ніводная з нашых суседак і думаць ня думала вяртаць нам нашыя “этнаграфічныя землі” (аб чым сьцішана мроіла купка нацыя­нальных рамантыкаў). Зрэшты, як і мы не зьбіраліся вяртаць сусе­дзям тое, што на іх думку належала ім...

11. Другая сусьветная вайна.
Другая сусьветная вайна для Беларусі выявілася ня толькі самай трагічнай, але, бадай, і самай істотнай (пасьля стварэньня дзяржавы) падзеяй у вымеры ўсяго ХХ стагоддзя. З аднаго боку – загінуў кожны чацьвёрты беларус (ёсьць версіі і пра кожнага трэцяга), былі разбураныя гарады, селішчы, заводы ды фабрыкі, раскалолася на драбкі ўся сацыяльная інфраструктура, на доўгія гады заняпала эканоміка, інтэлектуальнае і культурнае жыцьцё. А з другога – і праз гэтыя страты, а яшчэ ў большай меры праз збройны партызанскі чын адбылася легітымацыя Беларусі як праўнага суб’екта сусьветнай супольнасьці, фармальным пацьверджаньнем чаго сталася членства ў ААН – ды яшчэ ў статусе аднаго з заснавальнікаў (абмінем тут праблему палітычнай кан’юнктуры, з якой мы і займелі гэты “статус”).
Аналізуючы гэтую падзею, перадусім будзем зважаць, што для Беларусі Другая сусьветная вайна склалася з некалькіх войнаў. Першая з іх – гэта тая, якую Савецкі Саюз вёў з Германіяй і ў якой беларусы (звыш мільёну чалавек), у складзе савецкіх войскаў, ваявалі па законах татальнай мабілізацыі, аднолькавай для ўсяго савецкага грамадства. Але для беларусаў галоўнай сталася ня першая, лёсавызначальная для ўсяго чалавецтва, а другая вайна, якая табарылася на іх уласнай, акупаванай немцамі тэрыторыі. (А была ж яшчэ адна “беларуская вайна”, у якой заходнія беларусы ваявалі ў складзе польскага войска – але мы яе пакінем абок гаворкі). Якраз гэтая, партызанская вайна і зрабіла Беларусь вядомай у сьвеце. І, што ня менш істотна, суб’ектызавала і міфалагізавала беларусаў для саміх сябе.
Савецкая партызанка (па афіцыйных зьвестках – звыш 440 тысячаў партызанаў і падпольшчыкаў) – першы агульнанацыянальны міф беларусаў. Значнасьць гэтай падзеі цяжка перабольшыць. Бо Нацыя, як “уяўная супольнасьць”, набывае сваю рэальнасьць толькі ў міфах і адно праз міфы. Калі заўгодна, Нацыя – гэта нішто іншае, як міф пра Нацыю.
Але разумеючы ўсю каштоўнасьць міфаў для нацыяўтваральных працэсаў, далей мы паспрабуем дэканструяваць гэтае Вялікае паданьне пра мужны і гераічны беларускі народ, якое шматлікімі дзесяцігоддзямі фармавала магутная ідэалагічная машына камуністычнай імперыі. І дэканструяваць ня дзеля забаўкі (маўляў, што там зпадысподу?), а каб не таясаміць міжсобку міф і тую рэальнасьць, на якой ён паўстаў.
Як гэта ні дзіўна, аднак у праблеме беларускай “партызанкі” звычайна застаюцца ў баку ці ўзгадваюцца толькі ўскосна самыя прынцыповыя пытаньні гэтай па­дзеі і найперш наступнае: масавы партызанскі рух на Беларусі – штучна створаны прэцэдэнт ці натуральна абумоўлены факт? Паколькі гэтае пытаньне ўтрымлівае ў сабе шмат асьпектаў, паспрабуем вылучыць у ім аснову. Нашыя вясковыя дзядзькі самахоць пацягнуліся ў лясы, ці наўмысна створаная сітуацыя справакавала іх хавацца ў гушчары і часам хапацца за стрэльбы? І яшчэ больш канкрэтна: партызанская вайна была нязмушаным памкненьнем вольналюбівых і мужных беларусаў да вызваленьня ад акупацыі ці такі выраз ёй надалі з пэўных ідэала­гічных патрэбаў.
На пачатак паспрабуем давесьці, што ідэя змаганьня з нямецка-фашыстоўскімі акупантамі ўвогуле не-беларускага паходжаньня, бо ў праекцыі на беларусаў яна ня мае гістарычна пацьверджанага генезісу, прынамсі, ужо ня мела яе на той час, паколькі традыцыя вайны з іншаземцамі была перапыненая ў апакаліптычных войнах з Масковіяй другой паловы ХVII стагоддзя (“крывавы патоп”). Яе пазьнейшая як бы наяўнасьць у фактах і лічбах спланаваная звычайным ідэалагічным (рамантычным) памкненьнем вылучыць гераічную плынь у бытаваньні беларускага народу і тым самым гераізаваць увесь народ. Паасобным фактам 1794, 1812, 1830, 1863, 1918 гадоў, паўсталых на парэштках традыцыі шляхетскай вольнасьці, надаецца значэньня ўстойлівай тэндэнцыі, што і “сацыялагічна” і “агіяграфічна” ніяк не адпавядае агулу рэальнасьці на тую пару ўжо спрэс плебейскай беларускай нацыі.
Гераічнай бывае асоба, народ прынцыпова не-гераічны. Масавы збройны гераізм народу – аксюмаран. Калі б гэтая зьява існавала папраўдзе, а не была толькі рытарычнай фігурай ідэалагічнага начыньня, то народы ўжо даўно павыбівалі б адзін аднаго ўшчэнт. Масавы гераізм – зьява больш небясьпечная, чым адсутнасьць гераізму ўвогуле. Кожная праява масавага гераізму павінна разглядацца як сімптом сьмяртэльнай хваробы, за якой страта народам важнейшага з інстынк­таў – інстынк­ту самазахаваньня.
Невыпадкова ў мове беларускага народу няма слова, якое акрэсьлівала б гэтую тэндэнцыю. Больш за тое, нават сінгулярныя праявы гэтай тэндэнцыі не абапіраюцца на ўстойлівыя лексемы, а кніжнае, з ідэалагічнай лексікі, “герой” у жывым вымаўленьні беларусаў гучыць няйнакш, як іранічна.
Няма слова – няма і зьявы. У лакальным зьмесьце падобнае сьцьвярджэньне мусіць успрымацца як спрошчанае ці авантурнае. Але калі мы азіраем шырокі гістарычны прасьцяг і, вызначыўшы ў ім нейкую натуральна абумоўленую заканамернасьць, ня можам ёй падшукаць адпаведнага слова ў мове народу, то ў нас зьяўляюцца сур’ёзныя падставы запытацца: а ці быў хлопчык? Бо ня факт і лічба, а ўтаймаваньне факту і лічбы ў слове выяўляе іх сапраўдны сэнс альбо ягоную адсутнасьць.
Адсюль вынікае наступнае пытаньне: ці зьяўляецца імкненьне да волі адметнай рысай беларусаў? Для рамантыка нават пастанова гэтага пытаньня, напэўна, гучыць абразьліва. Толькі чалавецтва ведае ня шмат народаў, сярод якіх гэтая якасьць дамінуе. А, скажам, для Усходу катэгорыя волі, у сэнсе свабоды, як яе разумее еўрапейская мянтальнасьць, амаль увогуле адсутнічае... Толькі мы гэтую тэму, у яе універсальнай праекцыі, пакінем па-за далейшым разглядам і вернемся да вылучанага раней зусім канкрэтнага сьцьверджаньня: ідэя збройнага супраціву нямецка-фашыстоўскай акупацыі не-беларускага паходжаньня.
Яшчэ да апошняга падзелу Рэчы Паспалітай, вынішчаная войнамі з Масковіяй, Беларусь была ўжо ў нейкай ступені “акупаваная” Польшчай. А далей пацягнулася эра перманентнай акупацыі: шведы, французы, немцы, палякі, зноў немцы, а на пачатку, у прамежку і потым – расейцы, расейцы, расейцы. Паднявольны стан, стан акупацыі зрабіўся натуральным для беларусаў, і з цягам часу яны прызвычаіліся да чужыннага гнёту, як да ціску атмасферы.
Зноў жа зьвернем увагу, як факт татальнай залежнасьці ад чужаземцаў адбіўся ў мове. Вызначаючы час той ці іншай падзеі, беларусы звычайна кажуць: (гэта было) за палякамі, за немцамі, за саветамі. Мова народу ўжо не ўтрымлівала катэгорый самастойнага бытаваньня на сваёй зямлі.
Дык адкуль тады феномен збройнага супраціву апошняй нямецкай акупацыі? З чаго раптам гэтая ідэя апанавала ўсім народам, які даволі абыякава трываў папярэднія прышэсьці чужынцаў, хаця б тых жа самых немцаў яшчэ дваццаць гадоў таму?
Адказ навідавоку: мадэль жорсткага супраціву акупацыі была навязаная беларусам Расеяй. Для расейцаў, якія ад захопу польска-беларускімі войскамі Масквы на самым пачатку ХVІІ стагоддзя зьведалі толькі пасьпешлівы “візіт” Напалеона, чужынец са зброяй у руках сапраўды быў нечым нязвыклым, дысгарманічным, варожым у той апошняй меры, якая вымагала змаганьня да скону (свайго ці ворага). Тут яшчэ трэба адзначыць, што падобнае стаўленьне да акупацыі вынікала ня толькі з мянтальнасьці расейскага чалавека, але і з ягонага ўсьведамленьня моцы сваёй дзяржавы, якая здольная і мусіць перамагчы кожнага ворага. А з адваротнага боку – з адмаўленьня расейскай імперыяй якой-кольвек каштоўнасьці жыцьця асобнага чалавека.
Вось гэткае разуменьне акупацыі і было “вменено” паноўнай расейскай ментальнасьцю пабраным Расеяй народам, і беларускаму таксама. Адсюль і збройны супраціў, адсюль і акцэнт на зьнішчэньне ворага, а не на ратаваньне чалавека, адсюль – “перамога альбо сьмерць”.
Аднак тое, што для Расеі было Вялікай Айчыннай вайной, для нас – самазьніш­чэньнем. Інсьпіраваная “Масквой” партызанка з аднаго боку правакавала немцаў на дадатковую, “пазапланавую” жорсткасьць, а з другога, што, можа, яшчэ горш, саміх беларусаў да ненатуральнага ім, непатрэбнага і ўрэшце згубнага змаганьня з акупацыяй.
Здаецца, і па сёньня мы не ўсьвядомілі, што для нас і для Расеі гэта былі дзьве зусім розныя вайны, і таму ўсё яшчэ ніяк не выпрацуем сваю сістэму ацэнак тых падзеяў, зыходзячы са свайго разуменьня каштоўнасьці жыцьця. Будзем спадзявацца, што некалі такое здарыцца, а пакуль зьвернем увагу вось на што... Нягле­дзячы на магутны, татальны ўціск, беларускі народ (падкрэсьлім яшчэ раз – народ, а ня пэўныя зпалітызаваныя групоўкі насельніцтва) не прыняў партызанку. Так – не прыняў. І хай нас ня ўводзяць у зман усе лічбы і факты ідэолагаў і “сацыёлагаў”, успаміны ветэранаў і безьліч твораў у мастацкай ды публіцыстычнай літаратуры, якія як бы адлюстроўваюць рэальную барацьбу з ворагам.
Партызанку зладзілі пакінутыя ў тыле савецкія функцыянеры, падпольныя райкамы, гаркамы, абкамы, дыверсійныя групы, рэйдавыя брыгады, акружэнцы, больш за дзьвесьце атрадаў НКУС... І ўтрымлівалася яна ідэалагічна, арганізацыйна і матэрыяльна коштам Вялікай Зямлі. А для самога беларускага народу партызанка была чужароднай, марнай і пераважна варожай справай. Яна несла небясьпеку сьмерці ў значна большай ступені, чым сама акупацыя, бо гэтая небясьпека была не гіпатэтычнай, а непасрэднай і вынікала як з карных аперацыяў пасьля партызанскіх актаў, так і з гвалтоўнай сутнасьці самой партызанкі.
Фактаў варожасьці шараговага насельніцтва да партызанкі, ня кажучы ўжо пра абыякавасьць да яе, дакументамі, успамінамі, літаратурай назапашана таксама даволі, аднак яны яшчэ нікім не сістэматызаваныя і на іх ніколі не рабіўся акцэнт. Толькі для нашых “дасьледзінаў” гэта і не істотна, бо мы зьвернем увагу на іншае, а менавіта на скептычную і нават зьдзеклівую афарбоўку слова “партызан” у жывым вымаўленьні. І на захадзе Беларусі (Гарадзеншчына) і на ўсходзе (Віцебшчына – партызанскі край) у непасрэднай, незаідэалагізаванай гаворцы ў слове “партызан” гучыць што заўгодна, ад зьедлівага скепсісу да панылай абыякавасьці, толькі не “беларускія сыны”. (Іранічна-паблажлівае “Маўчыць, як партызан на допыце”, можа, вышэйшая мяжа станоўчай адзнакі, усе астатнія ніжэй). За выключэньнем нешматлікіх, асобных фактаў, народная сьвядомасьць адраклася партызанкі, і таму нам не знайсьці паважлівых, удзячных, пазначаных гонарам за мужную дзею інтанацыяў у семантычнай афарбоўцы ўсяго комплексу словаў, якія яе вызначаюць.
Ні з сацыяльна-палітычнага гледзішча (якое-такое вялікае шчасьце яны мелі за саветамі), ні з натуральнага памкненьня зьберагчы сябе, сям’ю, род – ідэя змаганьня з акупацыяй не магла быць успрынятая народам як жыцьцёвая неабходнасьць. І яшчэ. У масавай народнай сьвядомасьці воля – не абстрактная катэгорыя, яна мае выразна акрэсьлены духоўна-сацыяльны абрыс. Калі мае... На той час беларусы так доўга не карысталіся воляй, што наўрад ці ведалі яе сэнс. А змагацца ні за што, толькі сабе на згубу, ня будзе ні адзін народ.
Дык ці была для беларусаў Другая сусьветная вайна Вялікай Айчыннай вайной, у кантэксьце якой і быў сфармаваны міф пра мужны Партызанскі народ? Верагодна, падобнае пытаньне нетактоўна ставіць перад тым канкрэтным беларусам, які лічыў тады і застаецца перакананым да сёньня, што змагаўся з фашызмам у Вялі­кай Айчыннай вайне. Аднак яшчэ больш нетактоўна і нават абразьліва яно гучыць у адносінах да ўсяго народу, нацыі, якую прымусілі самазьніштажацца, змагаючыся на баку адной хцівай імперыі супраць такой жа другой. Тут трэба дадаць яшчэ вось што. Крытэрый вайны як Вялікай Айчыннай значна звужае і проста-такі нахабна спрошчвае гэтую неверагодна трагічную падзею, зводзячы яе да аднамернага супрацьдзеяньня: “свае”-“чужыя”. І ў дадатак надае вайне высакародны сэнс, якога ў яе не было і быць не магло.
Там, дзе вайна, там няма высакародства (па-за прыватна-канкрэтнай сітуацыяй). У бруд і кроў упэцкваюцца ўсе. Там, дзе вайна, там няма герояў і антыгерояў, ёсьць толькі пакутнікі і ахвяры. І калі нашая сьвядомасьць яшчэ ня можа абысь­ціся без ідэі гераічнага на вайне, то няхай паспрабуе перанесьці сваё ўяўленьне аб гераічным на годнае пакутніцтва ці самаахвярнасьць (як гэта зрабіла хрысьціянства).
Спроба вылучыць з вайны ў якасьці станоўчага прыкладу той ці іншы яе элемент – ідэалагічная маніпуляцыя. Ніякі грамадскі інстытут ня здольны быць больш маральным за маральнасьць таго часу, таго грамадскага ладу і стану, у якім ён існуе. Ён можа дэкляраваць найцнатлівыя маральныя пастулаты, абапірацца на якія заўгодна высакародныя прынцыпы, але дзейнічаць будзе на тых, якія выснаваныя тагачасным жыцьцём. Этычны кодэкс хрысьціянства застаецца нязьменным з часоў апостала Паўла, а сама царква ў розную пару бытаваньня і рабавала, і забівала, і здраджвала сабе і Богу, адным словам падпарадкоўвалася этычнаму пульсу рэальнага жыцьця. Больш ці менш маральнай можа быць асоба, але не грамадскі інстытут, ня тая ці іншая грамадска-палітычная супольнасьць. У вайну ўсе некага за­бівалі. Забівалі “немцы”, забівалі “рускія”, забівалі “паліцаі”, забівалі “партызаны”. Якое з забойстваў лічыць маральным, а якое амаральным? І што значыць увогуле маральна апраўданае забойства?
Акупант і той, каго ён акупаваў, нкусавец і партызан, калабарант і паліцай – усе яны выклятыя лёсам, усе яны вартыя жалю. Верагодна, такі ўтапічна-пацыфісцкі падыход да праблемы шмат у каго выкліча абурэньне, бо ў маральнай тоеснасьці паміж забойцам і ягонай ахвярай праглядваецца зьдзек з самой сутнасьці маральнасьці. Але на вайне няма забойцаў ці наадварот – на вайне ўсе забойцы. “Калі ты выбраў вайну, то гэта твая вайна” (Сартр). І таму ўсё залежыць толькі ад тых абставінаў, у якія патрапіў чалавек. Той, хто апынуўся там, дзе даводзілася забіваць – забіваў. І ўся розьніца паміж грэшным і нявінным у тым, што аднаму з іх пашанцавала, не патрапіць туды, дзе ён вымушаны быў забіваць, а другому не пашанцавала і ён забіваў (магчыма, таго, каму пашанцавала не забіваць). Кім стаўся для германцаў той беларус, які, перажыўшы акупацыю і партызанку, быў “завербаваны” ў савецкае войска і страляў немцаў на іх зямлі, бурыў ушчэнт Кёнісберг і Берлін? Гэта ідэолагі прыхарошылі потым ягоную ролю паганскім словазлучэньнем “сьвятая помста”. Помста не бывае сьвятой, прынамсі яна перастала быць ёю з таго часу, як Ісус узышоў на Галгофу.
Вайна – гэта паганства, вайна – гэта вяртаньне чалавека ў задушлівае лона першабога, жорсткага і помсьлівага. Як быццам не было дзьвюх тысячаў гадоў цярплівага гадаваньня этычнага імператыва, як быццам чалавек зноў вярнуўся ў сваю дагісторыю.

Партызаны, партызаны,
Беларускія сыны!
За няволю, за кайданы,
Рэжце гітлерцаў паганых
Каб ня ўскрэсьлі век яны.
.............................................
Выразайце людаедаў,
Каб ня стала іх і сьледу.
............................................
Рыйце загадзя магілы,
Вырывайце з жывых жылы.
Кроў за кроў, а сьмерць за сьмерць.
Янка Купала.
(Тлустым выдзеліў радкі. — В.А.)

Ухваляючы збройны гераізм пераможцаў ці пераможаных, партызанаў ці калабарантаў, мы молімся цьмянаму першабогу з пажаднымі да крыві вуснамі. На гэтым абагаўленьні бога помсты і чалавечых ахвяраў і быў сфастрыгаваны савецкай ідэалогіяй міф пра Партызанскую Беларусь.
Аднак, як гэта часта бывае ў гісторыі, падзея, што ладзіцца дзеля нейкіх адных мэтаў, неўзабаве ці пазьней выяўляе сваю значнасьць у радыкальна іншай персьпектыве, часам зусім і не пажаданай для тых, хто яе зладзіў. Савецкія ідэолагі, якія прыдумалі гераічны беларускі народ, гатовы пакласьціся ўсім сваім целам на ахвярнік камуністычнай ідэі, меліся на мэце гэтым міфам яшчэ раз сьцьвердзіць вартасьць сваёй Ідэі, але ніяк не высокую вартасьць беларускага народу як апрычонага суб’екта еўрапейскай гісторыі... Ды атрымалася, што атрымалася...
У праблемы гераічнай беларускай партызанкі ёсьць яшчэ адзін вельмі цікавы асьпект. Згодна натуральнай логікі, гэты міф мусіў распушыцца ў нішто адразу пасьля дэскрэдытацыі той ідэалогіі, што яго спарадзіла. Аднак нічога такога ня здарылася (хаця на самым пачатку “дэмакратычных” дзевяностых гэты міф, відавочна, перажываў сур’ёзны крызіс). І зусім не таму, што ідэю “гераічнай партызанкі”, амаль не трансфармуючы, неўзабаве прыўлашчыла пад свае патрэбы ідэалогія новай улады ўжо як бы незалежнай Беларусі. Сітуацыя бачыцца значна больш складанай. Тут найперш трэба зьвярнуць увагу на той факт, што “партызанка” ў тых жа самых формах і ня з меншай актыўнасьцю ладзілася і на Украіне, і ў Прыбалтыцы, і ў Крыме, і на Каўказе, і ў самой Расеі, але ніводны з гэтых рэгіёнаў ня стаўся “партызанскім краем” і ніводны з тых народаў не атрымаў мянушку “народ-партызан”...
Тут мы ня ў стане заглыбляцца ва ўвесь абсяг гэтай неверагодна цікавай тэмы, якая сёньня так актыўна апрабоўваецца ў інтэлектуальнай эсэістыцы, маладзёвай музыцы і актуальным мастацтве, дзе “партызан” выступае адначасна як канцэптуальны персанаж і як канцэптуальная метафара. Таму адно мімаходзь заўважым, што для беларусаў панятак “партызан” ужо даўно набрыняў пэўным сакральным значэньнем, якое не змагла спрафанаваць нават савецкая партызанка... “Партызан” ці не найлепей люструе нейкую анталагічную сутнасьць беларуса, як у яго прыватным жыцьці, так і ў яго пражываньні гісторыі.
Партызан – гэта той, хто ўвесь час хаваецца (хованкі – бадай адзіная нацыянальная гульня беларусаў), партызан – гэта той, хто заўсёды кажа пра сябе – “мяне няма”, партызан – гэта той, хто выяўляецца толькі ў момант дыверсіі, а потым зноў зьнікае ў адсутнасьць самога сябе...
Хвала савецкім ідэолагам, што яны адчулі “анталагічную” сутнасьць беларусаў і ў патрэбны для сябе момант скарысталіся ёю на ўсю ейную моц. Шкада толькі (і ганебна), што яны скарысталіся ёю гэтак вычварна, кінуўшы ў ненажэрную пашчу молаха сваёй партызанскай вайны сотні тысячаў беларусаў.
p. S. У гэтым разьдзеле цалкам застаўся па-за ўвагай феномен нацыянальнай партызанкі, якая пасьля вайны часткова перарасла ў антысавецкую і доўжылася да пачатку пяцідзясятых гадоў. Безумоўна, гэта вельмі цікавая зьява, але ў вялікім вымеры нацыянальнай гісторыі яна выглядае, з майго гледзішча, усяго толькі лакальнай падзеяй. Куды больш істотнай бачыцца праблема шырокай «калабарацыі», хаця, па вялікім рахунку, «беларускі калабарант» тыпалагічна ня розьніцца ад «савецкага партызана», таму асобна тут і не кранаўся*.

12. Урбанізацыя.
Гісторыя Беларусі ў ХХ стагоддзі збольшага ўкладваецца ў некалькі словаў: Вайна, Саветызацыя, Індустрыялізацыя, Урбанізацыя, Меліярацыя, Чарнобыль, Незалежнасьць. За кожным з гэтых словаў стаяць амаль апакаліптычныя падзеі, нават калі йдзецца пра такую мірную справу, як меліярацыя. Бо пасьля глабальнай меліярацыі ў нас няма і ўжо ніколі ня будзе той краіны, якую Багушэвіч калісьці назваў жаночым імем Беларусь...
Каб ператварыць жывую зямлю ў тапаграфічную мапу, толькі ў 1976 годзе што­дня ўлягаліся ў працу 11 тысячаў трактароў, больш як тры тысячы экскаватараў, амаль тры тысячы бульдозераў і безьліч іншай тэхнікі. Ніякі землятрус ня змог бы нагэтулькі зьмяніць ландшафт Беларусі, як зьмяніла яго меліярацыя. Раней сарамліва схаваная за хмызамі, балацінамі і купамі дрэваў краіна выгалілася да небакраю, зрабілася адкрытай і плоскай як планшэт, на якім пад транспарцір накрэсьленыя прамыя лініі канаваў.
Але ж ці толькі ландшафт зрабіўся іншым? Меліярацыя не была адно касьметычнай дзеяй, гэта была аперацыя па зьмене, калі можна так сказаць, полу краіны. Пасьля гэтай тэхналагічнай інтэрвенцыі Беларусь разьвіталася са сваёй вільготнай, заблукалай у самой сабе, жаночай сутнасьцю і, грукаючы жалезьзем, рушыла напрасткі ў “фаласацэнтрычную” будучыню.
Натуральна, меліярацыя сталася не адзіным чыньнікам тых “фаласацэнтрычных” пераменаў, што адбыліся на Беларусі (і з Беларусьсю) цягам ХХ стагоддзя. Яна, як і ўрбанізацыя (і як індустрыялізацыя ва ўсім сваім цэлым), толькі дадатна засьведчыла, што Беларусь падхапіў агульны “цывілізацыйны майстрым”, ад якога яе не змагла адлучыць нават татальная саветызацыя краіны.
Дарэчы, што да нашай рэспублікі, дык саветызацыя тут хутчэй наадварот максімальна паспрыяла разгортваньню цывілізацыйных працэсаў. Пасьля таго, як ХІV зьезд ВКП (б) – сьнежань 1925 году, — абраў курс на сацыялістычную індустрыя­лізацыю, тэмп развою Беларусі ў прамысловасьці цягам першых трох пяцігодак амаль удвая пераўзыходзіў сярэднесаюзныя паказчыкі. Але прыкладна так было і потым, аж да распаду Савецкага Саюзу (за выключэньнем адной сямігодкі (1959-1965), калі мы не апярэджвалі агульнасаюзных дасягненьняў).
Зразумела, што сістэмны тэхнакратычны прарыў ня мог быць абумоўлены выпадковым зьбегам акалічнасьцяў. Беларусь і ўсім сваім еўрапейскім прамінулым і той сваёй сучаснасьцю, з якой яна сустракала ХХ стагоддзе, патэнцыйна была падрыхтаваная да цывілізацыйнага лідэрства (супольна з мегаполісамі Масквы і Ленін­граду).
Дарэчы, гэта быў ня першы выпадак, дзе нам даводзілася выконваць падобную ролю. Згадаем хаця б ВКЛ у пару “залатога веку”, калі Беларусь была цывілізацыйным лідэрам ва ўсім кірылічным сьвеце, забясьпечваючы гэты сьвет супермадэрновай на той час друкаванай прадукцыяй і самымі сучаснымі тэхналогіямі па яе вырабу.
Магутным фактарам паскарэньня цывілізацыйных працэсаў сталася і само геапалітычнае месца Беларусі. Усю гэтую прастору ў ХХ стагоддзі скалануў глабальны “камунікатыўны выбух” (Філіп Брэтон, Серж Пру), і яго магутная хваля накрыла разам з цэнтральнай Еўропай і Беларусь, між іншым, ужо загадзя падрыхтаваную да гэтай “апакаліптычнай” падзеі. Яшчэ на прыканцы ХІХ стагоддзя тэрыторыя Беларусі была спрэс пакрытая сеткай чыгунак, якія інтэнсіўна злучылі яе з усімі краінамі еўрапейскага кантыненту (на тую пару агульная працягласьць чыгунак па тэрыторыі Беларусі складала, лічы, 3000 вёрст). Станоўчую ролю тут адыграла і супрацьстаяньне Расеі і Еўропы, якія скарыстоўвалі топас Беларусі дзеля прасоў­ваньня (адзін супраць аднаго) сваіх інфармацыйна-камунікатыўных плыняў.
Тое, з якой хуткасьцю і з якім плёнам наўсьцяж вясковая нацыя засвоіла тэхналогію індустрыяльнай цывілізацыі, ня можа ня выклікаць зьдзіўленьня і сьведчыць пра моцную генетычную памяць народу, які ў лепшыя для сябе часы гэтак актыўна выяўляў сваю здольнасьць да самых розных інавацыяў... Але самой вёсцы гэты тэхнакратычны прарыў дорага каштаваў – яна цалкам страціла сваю сацыяльную і культурную актуальнасьць.
Беларуская вёска сфармавала этнічны грунт, дала нацыі мову, эстэтычны канон і этычны кодэкс... Нават некалькі першых пакаленьняў палітыкаў, навукоўцаў і дзеячоў культуры ўжо спрэс індустрыялізаванай Беларусі былі адтуль, “з-пад саламяных стрэхаў”. Аднак тры катастрофы запар, кожная апакаліптычнага памеру, амаль ушчэнт разбурылі вёску. Кажучы пра катастрофы, я маю на ўвазе індустрыялізацыю, калектывізацыю і урбанізацыю. Апошняя давершыла працэс разбурэньня — горад, як біблейны кіт Іону, праглынуў зьнямоглую вёску.
Праўда, мы памятаем, што Іона выйшаў з чэрава кіта адноўленым і духоўна, і фізічна. Бадай, нешта падобнае робіцца і з вёскай. Тут, у горадзе, згуртаваная горадам, яна даводзіць да ладу тое, чаго не магла зрабіць, калі была раскіданая па пясчаных выспах, заслоненых адна ад адной хмызам і туманамі – завяршае працэс кансалідацыі беларусаў і фармалізацыі іх уласнай дзяржавы.
Метафара, хай сабе і біблейная, усяго толькі паэтычны троп. Але ў нашым выпадку паэтычная метафара грунтоўна ўцялесьненая ў рэальнасьць, за што сьведчыць такая, досыць дакладная навука, як сацыялогія. Толькі паміж 1950 і 1970 гадамі колькасьць гарадскога насельніцтва на Беларусі ўзрасла на 57% і ў асноўным за лік беларускіх вяскоўцаў, якія ў сярэдзіне сямідзесятых гадоў ужо склалі палову гарадскога насельніцтва, а горад на той час увабраў у сябе больш за палову насельніцтва рэспублікі. І што яшчэ больш істотна, упершыню ад ХVІІ стагоддзя горад зноў робіцца пераважна беларускім. Нагадаем яшчэ раз, што згодна перапісу 1897 году, у гарадах і мястэчках Беларусі жыло толькі 17,1% беларусаў (тут дамінавалі габрэі – 57, 5%). А вось дынаміка росту беларусаў сярод гарадчукоў у БССР: 1926 г. – 39,3%, 1959 г. – 67,0%, 1970 г. – 69,3%, 1979 г. – 71,5%. (Бадай кожнаму зразумела, што пакуль беларускі горад ня стаўся пераважна беларускім, ні пра якую нацыю, а тым болей пра нацыянальную дзяржаву, не магло быць і гаворкі).
Вышэй ужо не аднойчы казалася, што для паўнавартаснага паўставаньня нацыі (прынамсі ў яе кананічным разуменьні), неабходныя шматлікі сярэдні клас, добра капіталізаванае грамадства і ладна урбанізаваны соцыум.
Дык вось, гэтую “класічную трыяду” ў яе завершаным выглядзе беларусы склалі адно ў сярэдзіне ХХ стагоддзя. Праўда, “класічнай” і “завершанай” яе можна лічыць усяго ў тым выпадку, калі мы пагодзімся на месца “шматлікага сярэдняга класу” паставіць “шырокія масы савецкай інтэлігенцыі” (кожны чацьвёрты працаўнік рэспублікі ў гэтую пару быў зьвязаны з разумовай працай), а на месца “капіталізаванага грамадства” – “грамадства, індустрыялізаванае на савецкі лад”.
Адсюль вынікае, што толькі у згаданую пару Беларусь рэальна займела ўсе соцыа-эканамічныя падставы, каб фармалізавацца як паўнавартасная нацыя. Аднак гэтага не адбылося. І мы ўжо ведаем чаму. У сьмяротным двубоі нацыяналізму з камуніз­мам, на Беларусі татальна перамог апошні і амаль да тла згамаваў усё ўласна нацыянальнае: ад гісторыі да культуры і мовы.
Далей мы яшчэ вернемся да гэтай сітуацыі, бо менавіта на ёй закрываецца персьпектыва “моўна-этнічнай” мадэлі для нацыянальнага ўладкаваньня Беларусі і... адкрываецца персьпектыва Беларусі, як “грамадзянскай супольнасьці”.
А скончыць гаворку, распачатую ў гэтым разьдзеле, хацелася б тэмай “сталіцы”, на якую чамусьці амаль не зьвяртаюць увагі, хаця яна зазвычай адыгрывае досыць значную ролю ў фармаваньні Нацыі, але яшчэ больш істотную – у паўставаньні Дзяржавы.
Выключная роля сталіцы ў нашым тыпе цывілізацыі абумоўленая тым, што да самага апошняга часу прасторавае ўладкаваньне соцыума мела ў сваім подзе выразна цэнтрапалеглую (і, адпаведна, логацэнтрычную) канструкцыю, пры якой сталіца арганізоўвала і структуявала ўвесь топас бытаваньня чалавека як дадатак да самой сябе. У такой пабудове велічыня цэнтра вызначала памеры перыферыі. Чым больш магутным быў цэнтр, тым шырэй разгортвалася перыферыя і тым далей адсоўвалася мяжа, як месца страты цэнтрам самога сябе. Ці была б магчымай Вялікая Рымская імперыя з заканадаўчым мястэчкам на ўскраіне ўладнага дыскурсу? І таму як толькі заняпаў Вялікі Рым, згарнулася амаль у нішто ўся імперыя. У гэткім тыпе цывілізацыі без вялікай сталіцы можна было заваяваць палову сьвету, як тое зрабіў Аляксандр Македонскі, але на другі дзень пасьля сыходу войскаў ад усіх заваёваў заставаўся толькі міф (аналагічны выпадак – гісторыя збройнай экспансіі манголаў).
Геапалітычная трагедыя Беларусі і беларусаў (крэваў, ліцьвінаў, русінаў) верагодна і паходзіць перадусім з таго, што прастора іх бытаваньня не была ўцэнтраваная і з гэтага канструктыўна структураваная Вялікай сталіцай. Не ў пару занядужыў Полацак, не акрыяў у сапраўдную моц Наваградак, зашылася ў перыферыю (адносна ўсёй поліэтнічнай прасторы) Вільня.
Калі па вялікім рахунку, то наш край ніколі і ня меў сапраўднай сталіцы, як цэнтра ўлады на ўвесь падлеглы ёй абшар. Тыя месцы, што пазначаліся як цэнтр, сутнасна, ды і зьместам, амаль не сягалі за меру намінатыўнага, аб чым, акрамя іншага, сьведчыць надзвычай важкая роля беларускага мястэчка ў кожную гістарычную пару. Феномен беларускага мястэчка пэўна і тлумачыцца тым, што ў нас мястэчку трэба было браць да выкананьня многія функцыі, якія ў іншых краінах звычайна выконвае “цэнтр”.
Найбольш наглядна аблуду намінатыўнасьці люструе Вільня – горад-падман, горад-пастка, фатальны для беларусаў горад.
Вільня стагоддзямі спакушала беларусаў надзеяй, што ў гэтых мурах і мураванках яны маюць сваю сталіцу, і нашыя лепшыя людзі ва ўсе тыя стагоддзі, спрабавалі знайсьці саміх сябе на яе вулках – Скарына, Міцкевіч, Купала... (мноства). Але хутка пачыналі разумець усю аблуду гэтага абыякавага да беларусаў места і кідаліся прэчкі. А каму не патрапіла ў пару зьнікнуць, як Каліноўскаму ці Аляхновічу, ападалі тут мёртвымі на дол.
Няма Менску акрамя Менску. У 1918 годзе Менск у якасьці цэнтра этнанацыянальнага дыскурса мог яшчэ падацца за выпадковасьць хаця б таму, што разам з ім у гэтым значэньні спрабавалі зьдзейсьніцца іншыя месты (Смаленск, Слуцак, Гародня, тая ж Вільня), але сёньня ўжо можна здагадацца: нідзе, акрамя як тут, на берагах цяпер зьніклай Нямігі, не магла быць аб’яўленай і спраўджанай БНР, пасьля БССР, а цяпер Рэспубліка Беларусь; нідзе яшчэ, як тут, распушчаны па вёсках і мястэчках дух (эйдас, геній) нацыі ня змог бы сабрацца ды настала атабарыцца і тымсамым перапыніць бясконца-бязмэтнае валацужніцтва сталіцы Беларусі паўз перыметр краіны...
Нарэшце этнанацыянальная прастора намацала і зацьвердзіла сярэдзіну самой сябе!.. З чаго адразу паўстала раўнаважнасьць раней незбалансаванага зьмесьціва, якое з гэтага моманту даволі хутка пачало набываць уласную форму праз крышталізацыю структуры, абумоўленую ўзаемадачыненьнямі цэнтру і перыферыі. Апошняму істотна спрыяў і той факт, што цэнтр (Менск) апынуўся ў сітуацыі роўналежнасьці да ўсяго дыскурсу перыферыі. Сёньня прасторавая фігура Беларусі, у плане маштабавай сумернасьці цэнтра з ягонымі перыферыямі, выглядае адной з самых згарманізаваных у Еўропе.
Беларусь, як цэльнае культурнае, эканамічнае і палітычнае ўтварэньне, немагчымая без фармуючага гэтае ўтварэньне Менску. Але тут адразу ўзьнікае пытаньне: а ці магчымы Менск (скажам, як Вільня) без Беларусі? Ці верагодны быў Менск у цэнтрапалеглым значэньні і наканаваньні раней, чым з крэваў, русінаў, ліцьвінаў, яцьвягаў ды іншых не адбыліся тыя, каго мы цяпер называем беларусамі, не адбылося тое, што мы цяпер пазначаем словам Беларусь?
Верагодна – не! Без Беларусі не было б Менску (у ягонай цяперашняй ролі), але бяз Менску не было б і Беларусі як суверэннай дзяржавы.
Менск – сталіца Рэспублікі Беларусь!

13. Рэванш нацыяналізму.
Распад кожнай вялікай імперыі надзвычай актуалізуе праблему ацэнкі, стаўленьня і стасункаў кожнага з яе адпалых фрагментаў да былой “метраполіі”, гэта значыць да таго, што палягала ў цэнтры гэтай імперыі, было яе формастваральным чыньнікам. У выпадку з распадам камуністычнай імперыі перадусім паўстала задача ацэнкі камунізму як такога, і ў прыватнасьці — камуністычнай ідэі ды адпаведнай ідэалогіі. Няма нічога дзіўнага, што постскрыптум камуністычная ідэалогія і практыка былі азначаныя ў цалкам негатыўным вымеры, іначай – як “імперыя зла”. Для такой паэтычнай высновы хапала і рэальных фактаў – гісторыя людства ня ведала, каб дзе і калі гэтак татальна рэпрэсаваўся і масава зьнішчаўся чалавек. Але з падысподу супольнага рэзюме праглядаўся і даўні канфлікт помстаў: яшчэ нядаўна спрэс пераможаны, але раптам перамогшы нацыяналізм жорстка помсьціў камунізму праз гранічна адмоўнае вызначэньне яго месца і ролі ў гісторыі.
У крызе, а затым і татальнай паразе камунізму ёсьць яшчэ адзін досыць цікавы момант, дзе варта было б некалі грунтоўна абседзецца. А менавіта: калі, з чаго і ў які момант камуністычная ідэя, якую Расея падахвоцілася рэалізоўваць на практыцы, ператварылася ўсяго толькі ў інструмент расейскага нацыяналізму дзеля ягонай экспансіі на ўсю зямную кулю?
Бо насамрэч нацыяналізм перамог імперыю камунізму не пасьля распаду апошняга на мноства нацыянальных дзяржаваў, а значна раней, яшчэ ў тую пару, калі сфармаваўся і запанаваў прыярытэт “рускага” над “камуністычным” – спачатку ў самой Расеі, затым у Савецкім Саюзе, а пасьля і ва ўсім камуністычным блоку. Словы “рускі” і “камуніст”, “рускае” і “камуністычнае” (“савецкае”) пакрысе сталіся сінонімамі з тэндэнцыяй да замацаваньня “рускага” на ўсім “камуністычным”. І ці ня тут, ці ня ў гэтым дамінаваньні латэнтна ўгрунтаванага рускага нацыяналізму ў толькі фармальна прэзентаваным камунізме і ёсьць сапраўдная прычына сістэмнага крызісу і пазьней татальнай паразы камуністычнай ідэі? Зусім верагодна, што менавіта так. (Між іншым, праз вышэй названую глабальную метамарфозу для камунізму адбылося і нешта значна горшае за паразу – яго канцэптуальная дыскрэдытацыя).
З папярэдне сфармуляванага вынікае, што у кожнага чальца былой камуністычнай імперыі, пасьля пераацэнкі камуністычных каштоўнасьцяў, мусіла адбыцца і рэвізія свайго стаўленьня да Расеі і ўсяго расейскага як такога. Натуральна, не маглі ўнікнуць падобнай працэдуры і мы. Тым болей, што праблема “Расеі” для нас заўсёды была абцяжараная эсхаталагічнымі канатацыямі. (Ды і зараз на яе асялку ўсё яшчэ вагаецца нашае “быць ці ня быць” – этнасу, нацыі, дзяржаве).

14. Расея і Мы.
Сказаць, што для Беларусі “праблема Расеі” сягае ў сівую даўніну – значыць нічога не сказаць. Верагодна, мы з ёю і нарадзіліся, як бывае нараджаецца чалавек з нейкай генетычна абумоўленай апрычонасьцю, якая ў такім выпадку становіцца ягонай нормай. І трэба ясна ўсьведамляць, што выдаліць з сябе гэтую праблему ў нас ніколі не атрымаецца, нават калі знадворку Расея перастане адыгрываць хоць якую ролю ў нашым лёсе. Бо Расея не на ўсход ад земляў Беларусі, Расея – усход Беларусі. Гэта значыць, што Расея, пэўным сваім контурам (як і Еўропа) натуральна знаходзіцца ўнутры нашай уласнай самасьці.
Але было б вялікай памылкай лічыць, што з гэтага мы часткова “Расея”, а част­кова “Еўропа” (ці хай сабе нават сума папярэдніх складнікаў)… Ні першае, ні другое, ні трэцяе…
Мы – беларусы. Іншымі словамі, у нечым надзвычай істотным мы рашуча адрозныя ад усіх астатніх (як і ўсе астатнія міжсобку). І складнік “Расеі” ў самасьці беларусаў ёсьць якраз адным з чыньнікаў нашай адрознасьці. Дарэчы — у першую чаргу ад непасрэдна Расеі.
Апошняе зусім ня ёсьць парадоксам. Гэтаксама “Азія”, “азійства” ў целе Расеі не набліжае Расею да ўласна Азіі, а перадусім адсланяе — у супраціўным экспансіяніз­ме і непераадольным антаганізме.
Хапала і ў нас гэтага “экспансіянізму і непераадольнага антаганізму”. Ні з кім нашыя продкі столькі не ваявалі, як з тымі, каго сёньня мы называем расейцамі. Толькі ў сярэдзіне сямнаццатага стагоддзя падчас “крывавага патопу” распачатага “маскалямі”, загінуў кожны другі жыхар нашага краю — было 4,9 мільёна, засталося 2,5. (Між іншым, цягам вайны з нямецкім фашызмам, якая чамусьці лічыцца самай крывавай у нашай гісторыі, загінуў кожны чацьвёрты беларус)…
…Тады і пагасла сонца над Вялікай Літвой і ўзышло над Вялікай Расеяй.
Вядома, і да гэтай падзеі ў расейцаў (маскоўцаў) ужо была ідэя Трэцяга Рыму і Града Божага на зямлі, але канчатковае замацаваньне ў расейскай сьвядомасьці сваёй месіянскай ролі адбылося не раней, чым Юры Пераможца на ўздыбленым кані працяў дзідай сэрца Рэчы Паспалітай і двухгаловы арол распасьцёр крылы над усёй Усходняй Еўропай.
“Я памятник себе воздвиг нерукотворный...”, і далей самы вялікі паэт тады маладой і яшчэ вясёлай імперыі пералічвае пабраныя народы, што прыйдуць схіліцца перад ягоным помнікам за тыя добрыя пачуцьці, якія ён лірай абуджаў у сэрцах людзей.
“Я не паэта. Крый мяне Божа...”, і далей пра тое, што паколькі беларусы нікога ня маюць, то хай будзе хаця б Янка Купала.
У гэтых “помніках” двух нацыянальных геніяў куды больш сугестыўна, чым у лічбах прачытваецца адказ на пытаньне: каму якімі здабыткамі ды стратамі (фізічнымі і духоўнымі) адгукнулася эпоха тых войнаў.
Гэта надзвычай істотны момант, на які ніколі ня варта забывацца, бо менавіта на памянённых “здабытках” (расейцы) і “стратах” (беларусы) далей будуць фармавацца (у супрацілеглых вектарах) мянтальнасьці рускага і беларускага чалавека.
Верагодна, тут нехта заўважыць, што не зусім слушна (а можа і зусім ня слушна) зьвязваць высьпяваньне этнічнага сьветапогляду з канкрэтнымі гістарычнымі падзеямі. Я і сам гэтак мяркую, але ў дадзеным выпадку мне падаецца досыць верагодным, што катастрафічны вынік супрацьстаяньня з Расеяй шмат у чым па­спрыяў замацаваньню ў сьвядомасьці беларусаў філасофіі стыхійнага фаталізму.
Фаталізм – глыбока індывідуалістычны сьветапогляд, ён вымагае ня толькі добраахвотнага падпарадкаваньня фатуму (кону), даверлівай згоды з тым, што ёсьць і якім яно ёсьць, але і тоеснасьці суб’екта з самім сабой. На апошняе трэба зьвярнуць асаблівую ўвагу, паколькі сэнсавы цэнтр беларускага варыянту фатальных стасункаў з рэальнасьцю менавіта тут. Імкненьне да тоеснасьці з самім сабой, да не-выхаду за межы гэтай тоеснасьці ў зьнешні, духоўна іншы кантэкст, сталася вызначальным у сьветапоглядзе беларусаў.
Але вызнаючы істотную ролю “крывавага патопу” ў рассыпаньні беларусаў на адзінкавыя саматоеснасьці, пагодзімся, што гэтаму спрыяла і ўся астатняя гісторыя краю. Беларусь ужо ў пару фармаваньня ВКЛ была шматрэлігійнай і шматканфесійнай краінай. Які агульны сабор (і якая саборнасьць) можа быць у права­слаўных, уніятаў, каталікоў, пратэстантаў, іўдзеяў, мусульманаў, паганцаў?.. І якую “абшчыну” з іх можна скласьці, калі яны і працуюць і сьвяткуюць у розныя дні, да таго ж робяць усё гэта кожны па-свойму.
Істотна паўплываў на дэкалектывізацыю і такі сацыяльны феномен, як беларуская шляхта. Па некаторых ацэнках навукоўцаў, яе колькасьць сягала 15 адсоткаў ад агульнага складу насельніцтва. Натуральна, у абсалютнай сваёй большасьці шляхта была “дробнай”, зьбяднелай і матэрыяльна часам амаль ня розьнілася ад сялянаў, аднак пры гэтым радыкальна асобілася і ад простага люду, і паміж сабой. І хаця ў фармаваньні ўжо ўласнабеларускага этнасу шляхта лічы ня ўдзельнічала, але ў фактары сацыяльнай дэкалектывізацыі яе роля была досыць значнай.
Дарэчы, знакамітая беларуская “талака” сьведчыць якраз не за калектывізм, а зусім наадварот. Разбэрсаныя рэлігійна і сацыяльна людзі сыходзіліся разам на дзень-другі, каб зладзіць непад’ёмную для кагосьці аднаго справу, і зноў разбрыдаліся кожны ў сваю паасобкавасьць. Гэтую сітуацыю не перамяніла і прымусовая калектывізацыя, якая толькі фармальна паяднала натуральна разьяднаных паміж сабой беларусаў.
Таму Беларусь для беларусаў і па сёньня задзіночваецца ў кансалідаванае цэлае толькі (і выключна) праз інстынкт тэрыторыі, а не праз ідэю калектыўнага “я”.
Усё радыкальна інакш у расейцаў. У анталагічным сэнсе паміж беларусамі і расейцамі – ментальная бездань. Расейцы ніколі ня ведалі (і не шукалі) сваіх “этнаграфічных межаў”, ды і ўвогуле не былі прывязаныя да хоць якога пэўнага месца на зямлі (не лічыць жа такім неабсяжную і амаль умоўную прастору “ад Брэста да Камчаткі”). Наўрад ці хоць у які перыяд Расейскай імперыі расейскі шараговец больш-менш дакладна ўяўляў яе геаграфічную фігуру. Праблема ўласнай геагра­фічнай прасторы паўставала перад ім толькі ў момант чарговага ваеннага канфлік­ту, зьвязанага з абаронай ці пашырэньнем межаў імперыі. (“Расея, як вядома, вяла ў ХVІІІ-ХІХ стагоддзях трыццаць тры вайны, галоўным чынам захопніцкіх”, Генры Мілер). А ў астатнюю пару яму дастаткова было веданьня пра цэнтр улады і яе персаналізаванае імя (месца імперыі знаходзіцца ня ў дыскурсе топасу, а ў дыскурсе ўлады). Зрэшты, у іншым выпадку (лакалізаваная канкрэтным топасам), “руская ідэя” ніколі б не набрыняла месіянізмам і “сабор” не ператварыўся б са звычайнай культавай забудовы на пагорку ў “саборнасьць”, як патэнцыйную (віртуальную) тэрыторыю для Града Божага на зямлі.
“Да д’ябла ўсе! Расея апрычоны сьвет” – гэтая версіфікацыя Пагодзіна на тэму чаадаеўскага азарэньня засьведчыла, што ў расейскім грамадстве сакральная ідэя месіянства ўжо на пачатку ХІХ стагоддзя скаланізавала і прастору прафаннага. Таму далей на яе аднолькава будуць абапірацца ў сваім адбываньні быцьця што звычайны шараговец, што апрычоны інтэлектуал: “Расея – адметная краіна, не падобная ні на якую краіну сьвету” (Бярдзяеў).
Расея не Азія, Расея – не Еўропа, Расея – сёмы мацярык, адным словам – “адметны” ад усіх астатніх сьвет.
Падазраваць місію Расеі, як вызначальную для лёсу ўсяго чалавецтва, пакрысе сталася натуральна і нават “обыденно” для рускай сьвядомасьці. “Мала таго – за ёю (Расеяй. – В.А.) прытоена нейкая боская задума, ад якой мы ня маем права адмовіцца і ад якой мы ня здолелі б адмовіцца, нават калі б гэтага захацелі...” (І. Ільін).

15. Франьцішак Багушэвіч і Адам Міцкевіч.
Камуністычная ідэя, безумоўна, была боскім дарункам Расеі ў яе месіянскім рушэньні, якому распад дынастычнай (манархічнай) дзяржавы пагражаў доўгім перапынкам. Болей за тое, яна (камуністычная ідэя) надала новай энергіі і паскоранай дынамікі гэтаму рушэньню, у якое апынулася ўцягнутай і Беларусь.
Тое, што ўнёсак Беларусі (і беларусаў) у інтэрвенцыі камунізму як на іх уласную прастору, так і на прастору ўсяго сьвету апынуўся досыць ладным, зусім не азначае, што яны ў гэтай падзеі выконвалі сваю ролю. Праз прылучэньне да экспансіі камунізму на ўсю зямную кулю беларусы кампенсавалі для сябе адсутнасьць той высокай Беларусі (Вялікай Літвы), якой пазбавіў іх неміласэрны лёс (ці мілажальны кон?). Гэты момант мне бачыцца досыць істотным, таму паспрабуем разгарнуць яго ў некалькіх персьпектывах.
Паўсталая ў разрыве гістарычных дыскурсаў на тэрыторыі “татальнага мораку” ХVІІІ—ХІХ стагоддзяў этнічная Беларусь ні ў адной са сфераў улады ня мела ня толькі ўласных элітаў, але нават легітымных (замацаваных непасрэдна за ёй) каналаў, па якіх яе “агенты” маглі патрапіць у хоць якія ўладныя структуры. На тую пару ўся наяўная Беларусь цалкам магла быць апісанай у “нізавой” мадэлі. Гэтую сітуацыю і зафіксаваў Франьцішак Багушэвіч, стварыўшы сваю Беларусь паводле формы паэтычнага міфу, цалкам закааптаванага ў под сацыяльнага быцьця.
А далей заўважым, што прыдуманая паэтам краіна гнілых хатак і дурных, як варона, мужыкоў займела дзіўны — фантастычны лёс. Усе наступныя генерацыі і пакаленьні беларускіх паэтаў, краязнаўцаў, публіцыстаў, якія і сфармавалі ідэалагему нацыі (прымроілі яе ў газетах і кніжках, з чаго я неяк і назваў беларусаў “папяровай нацыяй”), пачыналі і завершвалі афармленьне свайго відзежа Беларусі ў фармаце таго паэтычнага міфу, які распавёў напрыканцы ХІХ стагоддзя адвакат з Вільні. Гэта з ягонай прыдумкі зьявіліся і зьнямоглыя беларусы, што нясуць на худых плячах сваю гаротную долю (Янка Купала), і “пяць лыжак заціркі” ў прыклад самай вялікай мары тутэйшага чалавека (Зьмітрок Бядуля), і лапаць дзеда Талаша, як адзіная аўтэнтычная зброя гераізаванага беларуса (Якуб Колас), і каўтун на галаве палешука, як нацыянальная адметнасьць, і гнілое балота, як конгеніяльны жабрацкаму ладу пейзаж...
Першым паўстаў супраць татальнай экспансіі “нізавога” міфу Вацлаў Ластоўскі, стварыўшы насупраціў Багушэвічу міфалагему магутнай “крыўскай цывілізацыі”, як папярэдніцы і крыніцы ня толькі народу беларусаў, але і антычнага сьвету (ні больш, ні менш!). Міф Ластоўскага займеў досыць шырокі розгалас і папулярнасьць (асабліва ў Заходняй Беларусі і на эміграцыі ў трыццатыя-пяцідзясятыя гады ХХ стагоддзя), але так і ня здолеў заняць цэнтрапалеглага месца ў сьвядомасьці беларускага грамадства. Былі і іншыя спробы супраціву, згадаем хаця б знакамітае эсэ Ігната Абдзіраловіча (Канчэўскага) “Адвечным шляхам”, дзе філосаф запрапанаваў сінтэтычна складаны, але інтэлектуальна вельмі адметны вобраз Беларусі.
Аднак усё было марна. Міналі дзесяцігоддзі і дзесяцігоддзі, Беларусь зрабілася індустрыяльнай краінай, прыдбала сабе міжнародны імідж нязломнага змагара з фашызмам, патрапіла ў заснавальнікі ААН, пачала экспартаваць свае тавары па ўсёй зямной кулі (да прыкладу, толькі трактары – у восемдзесят краінаў), цалкам мадэрнізавала лад свайго жыцьця па максімуму тэхнакратычных магчымасьцяў адной з дзьвюх супердзяржаваў сьвету, але да 70-х гадоў ХХ стагоддзя (да Караткевіча) гэты міф пра адвечна занядбаную, змарнелую і нішчымную Беларусь, які апанаваў нацыянальную сьвядомасьць, ніхто нават і не спрабаваў пераадолець.
Чаму, з чаго гэткая трывушчасьць аднойчы паныла вымаўленага слова “Беларусь”? Адказаў на гэтае запытаньне ўжо ж напэўна можа і павінна быць шмат. Мы тут зьвернем увагу толькі вось на што: міф Багушэвіча апынуўся ўніверсальна прыдатным для самых розных ідэалагічных і палітычных сітуацыяў ад прыканца ХІХ і наўсьцяж усяго ХХ стагоддзя (ён і сёньня, на пачатку ўжо трэцяга тысячагоддзя, па сутнасьці, дамінуе).
Спачатку прыдумка Багушэвіча ў самую дакладную меру прыклалася да ідэалагічных інавацыяў дэмакратаў (і стыхійных, і сістэмных) канца ХІХ пачатку ХХ стагоддзя, якія заангажаваліся “маленькім чалавекам” у стане сацыяльнай няроўнасьці; затым казка пра згалелы край і прыгнечаны народ як найлепей дапасавалася да аргументацыі бальшавікоў (і ўсіх “левых” увогуле) на карысьць рэвалюцыйных пераменаў. Але найбольш цікавае пачалося потым, калі бальшавікі перамаглі і з гэтага ім спатрэбілася дэманстрацыя плёну сваёй перамогі на прыкладзе канцэп­туальных пераменаў да лепшага на Беларусі. Пра тое, як Беларусь за камуністамі адужала, расквітнела, забагацела, сьпявалася штодня з ранку да вечару, толькі нейкім цудам атрымлівалася, што гэтыя хваласьпевы аніяк не краналі Багушэвічавага міфу. Як лёг, так непарушным і ляжаў на ўсе шыркі сьвядомасьці.
Аб некторых прычынах гэтага феномену за бальшавікамі мы, па сутнасьці, нядаўна казалі. Ужо з трыццатых гадоў (ХХ ст.) расейскі нацыяналізм пакрысе, як іржа, пачынае выядаць сэрцавіну камунізму (неўзабаве ад апошняга застанецца толькі маска) і неўпрыкмет вяртаць свае пазіцыі ў “нацыянальных ускраінах”. Зразумела, што новаму расейскаму нацыяналізму (гэтаксама як і ранейшаму), зусім не патрэбная была Беларусь, выяўленая ў высокіх парываньнях, учынках ды мэтах. З гэтага ўсё высокае і значнае, што тут было раней і адбывалася цяпер, альбо выкрэсьлівалася да пустога знака, альбо залічвалася на супольны рахунак камуністычнай імперыі, каб потым быць прыўлашчаным Расеяй, як сваё ўласнае. Таму ў астачы беларусам заставаўся ўсё той жа “нізавы” Багушэвічаў міф з адзіным, хіба, дадаткам – рэвалюцыйнай постацьцю Кастуся Каліноўскага. Да таго ж гэты жабрацкі міф, як стратэгіч­на найлепшы сродак у барацьбе з беларускім нацыяналізмам, увесь час перманент­на актуалізоўваўся праз самыя розныя ідэалагічныя маніпуляцыі.
Ня думаю, што выкладзеныя тут развагі нават збольшага вычэрпваюць праблему. Толькі з усяго гэтага, прынамсі для мяне асабіста, становіцца зразумелым, чаму міф пра высокую Беларусь, які яшчэ да Багушэвіча стварыў Адам Міцкевіч, застаўся беларусамі незапатрабаваным. Праўда, Міцкевіч сваю краіну называў не Беларусьсю, а Літвой і пісаў па-польску. Але па сутнасьці ён усё жыцьцё толькі і рабіў, што перакладаў Беларусь на польскую мову (“Дзяды”, “Пан Тадэвуш” і г.д.)...
І як радзіма наваградскага паэта не падобная да той, якую намаляваў нам паэт з Кушлянаў!
Беларусь Міцкевіча – гэта краіна прыгожых жанчын і гераічных мужчынаў, высакародных шляхцічаў і самаахвярных сьвятароў, вялікіх паэтаў і апантаных містыкаў... Тут пануюць высокі дух і чыстыя парываньні, і таму ідэя новага месіянізму, прапанаваная Еўропе паэтам-містыкам з нашых краёў, зусім ня будзе выглядаць авантурай на злом галавы, прынамсі ў тым этычным кантэксьце, які ён сам і стварыў. (Гэтаксама як некалі потым ня выкліча пярэчаньняў і тыпалагічна падобнае сьцьвярджэньне Уладзіміра Караткевіча – “На Беларусі Бог жыве”, уся творчасьць якога, у пэўным сэнсе, ёсьць адмысловым перакладам Міцкевіча ўжо на беларускую мову).
Дарэчы, лёсы Міцкевіча і Багушэвіча на дзіва падобныя. Абодва са зьбяднелай шляхты і прыкладна з аднолькавай адукацыяй. У кожнага на шляхах жыцьця Вільня, Санкт-Пецярбург, паўстаньне, эміграцыя, і кожны з іх прыдумаў сваю літаратурную версію Беларусі, толькі Міцкевічаву Беларусь назвалі Польшчай, а Багушэві­чава сталася Беларусьсю.
Дык вось, вяртаючыся да пытаньня, чаму той гожы міф пра Беларусь, які так паэтычна сфармуляваў Адам Міцкевіч, ня быў запатрабаваны на ягонай Бацькаўшчыне ні адразу, ні потым, мы знаходзім адказ, які, па сутнасьці, ёсьць люстраным адбіткам феномену трываласьці таго міфу, што стварыў Багушэвіч.
Адразу гэткага не атрымалася, бо на тую пару працэсы этнічнай кансалідацыі беларусаў адбываліся ў сацыяльным подзе (вёска, плебейская частка мястэчак і гарадоў), дзе па азначэньні не было месца хоць якім элітам, а значыць і высокай, шляхетнай, арыстакратычнай духам Беларусі.
Потым гэткага не атрымалася, бо беларусы, ужо як нацыя, паўсталі ў эпоху, калі і ідэалагічна, і палітычна дамінавалі сілы (дэмакраты, анархісты, сацыял-дэмакраты, бальшавікі і г.д. і да т.п.), сфармаваныя на грунце таго ж самага сацыяльнага поду (плебейства, люмпенства). І тут зноў не было і не магло быць месца Міцкевічу.
Натуральна, праблема ня толькі і ня столькі ў Міцкевічы, геніяльнай постацьцю якога мы скарысталіся адно дзеля больш выразнага адлюстраваньня той амбівалент­най сітуацыі, у якой нават глыбока мадэрнізаваная Беларусь заставалася (у нацыя­нальным дыскурсе) замкнутай на архаіку “нізавога”, “плебейскага” міфу. Гэтая несумернасьць, амбівалентнасьць мянтальнага і рэальнага сьветаў і штурхала найбольш энергетычных, амбітных ды адораных беларусаў (а такіх хапала) у авангард расейскага (камуністычнага) месіянізму. Касыгін на верхатурах Крамля, Шастаковіч на музычным алімпе, Кавалёнак на касьмічнай арбіце – усё гэта толькі кампенсацыя адсутнай Вялікай Літвы. Ужо іншая рэч, што самі ў сабе беларусы ня мелі і не маглі мець інстынкту месіянізму, таму іхняя прысутнасьць у розных месіянскіх рушэньнях была ні чым іншым, як усё тым жа актам сублімацыі высокай Беларусі.

16. Мы і Расея.
Хоць якая кансалідаваная ідэя можа стацца мянтальнай рэальнасьцю адно тады, калі ў досьведзе народа актыўна і сістэмна прысутнічаюць падзеі кшталту “богаабранасьці”, “саборнасьці”, “абшчыннасьці” і да т.п. У беларусаў нічога падобнага (сістэмна) ніколі не было. Таму зусім неверагодна, каб беларусы запрапанавалі (як габрэі), а тым болей спрабавалі рэалізаваць (як расейцы) агульную для ўсяго чалавецтва канструкцыю сьветабудовы. Яны такое і прысьніць не змаглі б – ня тое, што ўцялесьніць. А вось што ў іх заўсёды добра атрымлівалася, дык гэта здаваць прастору свайго бытаваньня ў арэнду пад розныя месіянскія, і проста глабалісцкія, канцэпты ды праекты..
Паганства, хрысьціянства (ва ўсіх ягоных версіях), мусульманства, іудаізм, рэнесанс, рэфармацыя і контррэфармацыя, сацыялізм, інтэрнацыяналізм, камунізм, глабалізм... Усё, што мела хэнць і волю займець месца на гэтых абшарах, знаходзіла тут сабе ўтульнае месца. Талерантнасьць беларусаў, безумоўна, мацнейшая за інстынкт самазахаваньня, з чаго так і карціць яе звузіць. Але, здаецца, апошняе якраз і немагчыма. На немагчымасьці звузіцца ў талерантнасьці тут заўсёды будзе спатыкацца кожная татальная ідэалогія – і нацыяналістычная таксама. Ідэя сябе ў нацыі, а ня нацыі ў сабе, ідэя гамагеннай нацыі, адгароджанай ад іншых нацыянальнай дзяржаўнасьцю, наўрад ці калі пераадолее ўстаялую мянтальнасьць беларусаў, зарыентаваную фатальным сьветапоглядам на паасобкавыя, але пры гэтым спавітыя талерантнасьцю, саматоеснасьці.
Мы – Франьцішак Скарына, а не Сімяон Полацкі, хаця Сімяон Полацкі – гэта таксама мы. Дзьве велічныя постаці зямлі беларускай – гэта два нашыя шляхі, аднак ня трэба быць асабліва відушчым, каб зразумець, куды вёў нашых продкаў першы шлях і чым апынуўся для нас другі.
Не заўсёды і зусім неабавязкова чужая культура прыносіцца на штыках і штыкамі ўсталёўваецца. Расейская культура з уласнай волі да панаваньня зьнішчыла іншых культур болей, чым усе войскі Расейскай імперыі зьнішчылі іншых войскаў.
Мілажальнасьць культуры – гэта казка для дарослых. Культуры больш агрэсіў­ныя, чым іх носьбіты – народы (гэтая тэза аднолькава пасуе і для беларускай культуры). Калі ў войнах паміж народамі хоць зрэдчас здараюцца перапынкі, то ў войнах культураў перапынкаў не бывае.
Дык вось, калі запытацца: «чаму сёньня большасьць беларусаў не ідэнтыфікуе сябе з беларускай культураю?», то адказ будзе наступным: бо на нашых землях ужо безьліч гадоў ні на хвіліну не спыняецца вайна расейскай і беларускай культураў, у выніку якой апошняя апынулася амаль усьцяж пераможанай. І, бадай, найтра­гічным у гэтай паразе была параза беларускай мовы.
Мова – той азонавы слой, які дазваляе больш-менш устойліва функцыянаваць, разьвівацца і нарошчваць свой патэнцыял усім астатнім чыньнікам культуры нават у неспрыяльных для яе ўмовах. Вядома, у гэтым азонавым слаі кожнай культуры сёньня шмат дзірак, але ў нас ён зьнішчаны амаль цалкам, ад яго засталіся адно лахманы, якія ўжо не засланяюць цела нацыянальнай культуры як ад сьцюдзёных вятроў культуры расейскай, так і ад касьмічнага холаду метакультуры камунікатыўна адкрытага грамадства.
Адсюль, з перамогі расейскай культуры (на штыках і без штыкоў) і была зманіпуляваная прыдумка, што беларусы вельмі падобныя да рускіх – ну амаль што блізьнюкі... Падабенстваў з расейцамі, найперш праз агульную прыналежнасьць да славянства, у нас, відавочна, даволі. Да таго ж істотную ролю ў прыпадабненьні народаў адыграла і праваслаўе – апошнія некалькі стагоддзяў дамінаваньня “рускай” царквы на нашых землях добра прыклаліся да “русіфікацыі” беларусаў... Але ўсё гэта разам (і шмат чаго іншага) не дае нам права забывацца, што мы два зусім розныя народы з апрычонымі шляхамі і адметнымі гістарычнымі лёсамі — і будзем такімі да таго часу, пакуль будзем. (Чамусьці ніхто ня лічыць “братамі” французаў ды італьянцаў толькі таму, што яны належаць да аднаго раманскага сьвету?!).
У сувязі з навуковымі і ня надта навуковымі тэарэтызаваньнямі на тэму аб’яднаньня двух братніх народаў (мне гэта нагадвае аб’яднаньне ўдава з кролікам), успомнім колькі словаў старэйшага з братоў Кірэеўскіх: “Некаторыя думаюць, што пазьнейшае засваеньне іншаземнай адукацыі можа з часам перастварыць усяго рускага чалавека... Ці патрэбна абвяргаць падобныя меркаваньні. Зьнішчыць адметнасьці разумовага жыцьця народа гэтак жа немагчыма, як немагчыма зьнішчыць яго гісторыю. Падмяніць літаратурнымі тэрмінамі перакананьні народу не прасьцей, чым адцягненай думкай перасунуць косьці маладога арганізму”.
Тое самае можна сказаць і пра беларусаў у праекцыі на вайну культураў. Толькі тут яшчэ трэба дадаць, што немагчыма і “перасунуць” беларусаў з Еўропы на сёмы мацярык – у Расею. Можна было на нейкі час адлучыць іх ад “гістарычнай бацькаўшчыны”, аднак рана ці позна павінен быў настаць час вяртаньня. І тут ня лішне будзе падкрэсьліць, што вяртаньне да еўрапейскіх сацыяльных, інтэлектуальных ды культурных каштоўнасьцяў ня ёсьць для беларусаў модай, геапалітычным свавольствам ці часовай прыхамацьцю. І збочваць у бок Еўропы беларусы будуць не таму, што там вальней і абаранкі задарма даюць, а таму, што там “карэнныя перакананьні народу”, нават калі сам народ “у сілу гістарычных абставінаў” забыўся на гэта.
Вяртаньне Беларусі ў Еўропу – гэта шлях, ад якога “мы ня маем права адмо­віцца” і ад якога “мы ня здолелі б адмовіцца, нават каб гэтага захацелі”.
Расея наш фатум, але ня наш кон. Пра фатальную ролю Расеі ў лёсе Беларусі ўжо даволі казалася вышэй. Аднак Расеяй мы толькі стрыножаныя, а зацугляныя Еўропай. Усім сваім целам мы ўпісаныя ў прасторавую фігуру Еўропы, больш за тое, у сваю пару (Вялікае княства Літоўскае, Рэч Паспалітая) продкі беларусаў былі не апошнім стваральным чыньнікам гэтай фігуры і яе цывілізатарскім фарпостам у славянскім сьвеце. І хаця пазьней гэты “фарпост” лязом расейскай экспансіі на Захад быў адсечаны ад свайго вялікага цэлага, яго натуральнае месца заўсёды застаецца за ім. І менавіта згаданым фактарам найперш абумоўлена тое, што нават больш чым два стагоддзі каланізацыі, русіфікацыі і мэтаскіраванай асіміляцыі не далі рады з гэтай зачараванай на ўласную ролю прасторай, якая сёньня зноў па­трабуе сабе статуса суб’екта еўрапейскай гісторыі.
Вось чаму наастачу тэмы я зноў хацеў бы паўтарыць: Расея наш фатум, але ня кон.

17. Гісторыя эмацыйнага.
У сучасным інтэлектуальным дыскурсе апазнана мноства (безьліч) гісторыяў: ад гісторыі сьвету (і сусьвету) да гісторыі гісторыі. Усё ідзе да таго, што колькасьць сфармуляваных гісторыяў некалі можа стацца роўнай колькасьці падзеяў, якія сістэмна разгортваліся хоць у якой сферы дзейнасьці чалавека. Але вось дзіва, ніхто, здаецца, нават не спрабаваў стварыць гісторыю эмоцыяў, хаця ўсё, што чалавек дзеіць і ўсё, што з чалавекам дзеіцца, мае свой эмацыйны эквівалент. Больш за тое, гісторыя чаго заўгодна, як і сама гісторыя ў сваім цэлым, завязаная і наўпрост злучаная з эмацыйным чалавека, пераважна з эмацыйнага паходзіць і ім жа канцуецца. Урэшце, чалавек імкнецца да асалоды, грошай, славы, перамогаў ня дзеля іх саміх, а дзеля тых эмоцыяў, што імі спараджаюцца. І нішто ў сьвеце чалавека ня можа быць вызначанае за вартае (вартаснае), калі яго каштоўнасьць не канстытуецца эмацыйным. А вось само эмацыйнае за вартасьць чамусьці ня лічыцца, хаця менавіта на ім што­дня трымаецца жыцьцё кожнага чалавека, як і чалавецтва ўвогуле.
Праўда, тут лёгка запярэчыць, заўважыўшы, што адсутнасьць гісторыі эмоцыяў супольна кампенсуюць гісторыя літаратуры, мастацтва, рэлігіі... Але гэта не зусім так, бо хаця самі эстэтычныя віды дзейнасьці (творчасьці) і ўнаяўліваюць эмацыйнае, аднак іхнія гісторыі – гэта ўжо гісторыі менавіта літаратуры, мастацтва, рэлігіі...
Усё гэта я да таго, што неўзабаве мы эмацыйна забудземся (калі ўжо не забыліся) на тое Тэктанічнае Узрушэньне, якое цягам амаль дзесяцігоддзя (ад сярэдзіны васьмідзясятых да сярэдзіны дзевяностых) ахапіла і трымала дзень у дзень сотні мільёнаў людзей еўраазійскага кантыненту (а ягонае рэха увесь гэты час хадуном хадзіла па ўсёй зямной кулі).
Нарадзіцца варта было адно дзеля таго, каб уласным сэрцам пражыць гэтую эпоху “буры і націску”, калі пад напорам новай веды і новай волі да ўлады бурыліся дзяржаўныя муры і межы, іначыліся ды паўставалі не існуючыя раней краіны і ў кожнай асобна ўзятай галаве буяла свая рэвалюцыя...
Нарадзіцца варта было адно дзеля таго, каб перажыць гэтую Вялікую Эмоцыю, пасьля якой ты аднойчы прачнуўся ў тым самым сваім жыцьці, але ўжо зусім іншым чалавекам і ў зусім іншым сьвеце…
Згадваючы пра распад камуністычнай імперыі, звычайна дадаюць эпітэт “апошняя”, што, з майго гледзішча, вельмі не дакладна. Загінула якраз першая сучасная імперыя, сфармаваная ўжо на ідэалагічным канструкце. Гэта значыць, зьнікла ня проста яшчэ адна (апошняя) імперыя, а на нашых вачах дыскрэдытавала сябе цывілізацыя, якая больш за стагоддзе прапаноўвала сябе ў якасьці мадэрновага праекту ўсеагульнага сьветаўладкаваньня.
Менавіта адсюль і паходзіць той тэктанічны эмацыйны стрэс, які звычайна тлумачыцца ўсяго толькі геапалітычным і сацыяльным ператрусам...
Насамрэч крах камуністычнай цывілізацыі пазбавіў чалавецтва нечага значна большага — логацэнтрычнай ідэі прагрэсу, а значыць і будучыні ўвогуле, як вектару руху наперад.

18. Воля да ўлады.
Я нарадзіўся, вырас і асталеў у татальна не-свабоднай краіне сярод спадчынна несвабодных людзей. Тых некалькі гадоў канца васьмідзясятых – пачатку дзевяностых, якія досыць умоўна можна назваць парой свабоды, натуральна, было замала, каб зразумець, чым насамрэч ёсьць рэальная свабода. Іх хапіла, бадай, адно на тое, каб усьвядоміць увесь папярэдні досьвед жыцьця, як досьвед не-свабоды. Адсюль і хада маіх наступных развагаў...
Як гэта ні дзіўна, але пафаснае меркаваньне, сфармуляванае ў больш рамантычныя ад нас эпохі, што чалавек нараджаецца свабодным і таму скрозь усё сваё жыцьцё імкнецца да свабоды як да найвялікай каштоўнасьці, усё яшчэ застаецца ва ўжытку. Хаця сёньня кожны добра ведае, што ўсе тыя свабоды, якія ў сярэдзіне ХХ стагоддзя зафіксавала “Дэкларацыя правоў чалавека”, былі літаральна заваяваныя ў са­цыяльных войнах і рэвалюцыях, гэта значыць навязаныя чалавецтву гвалтам, праз крыўду, кроў і прымус.
Але калі свабода – гэта найвялікая каштоўнасьць для ўсіх і кожнага, то чаму яна ўсталёўваецца не праз згоду, зусім натуральную ў такім выпадку, а праз гвалт адных людзей над другімі? Ды пэўна ж таму, што сацыяльна свабода ніколі не была для чалавека абсалютнай каштоўнасьцю, прынамсі, яна ніколі не была каштоўнасьцю большай за не-свабоду, і прыкладаў таму лічыць – не пералічыць. Падчас Рымскай імперыі свабодныя плямёны варвараў дабраахвотна прасіліся да рымлянаў у рабы (і яшчэ ня ўсіх і не заўсёды бралі), бо стан рабства забясьпечваў больш высокі ўзровень дабрабыту, чым жыцьцё ў беспрытульнай волі. Рабы-негры поўдня Паўночнай Амерыкі самаахвярна падтрымлівалі сваіх рабаўладальнікаў у вайне з федэратамі, якія хацелі іх вызваліць ад рабства... Найбольш незадаволенымі адменай прыгоннага права ў Расейскай імперыі былі не памешчыкі, а прыгонныя. Зрэшты, рэч не ў асобных прыкладах, дзе памкненьне да не-свабоды кожны раз можна патлумачыць ці то гістарычнымі ці то сацыяльна-псіхалагічнымі матывамі. Рэч у тым, што ўся зафіксаваная гісторыя чалавецтва сьведчыць аб заўсёднай і таму, пэўна ж, натуральнай патрэбе сацыяльнага чалавека ў не-свабодзе. І дэмакратычны лад жыцьця мы сёньня лічым за найлепшы з пакуль магчымых ня толькі таму, што з яго чалавек мае права на свабоду, але яшчэ і таму, што тут чалавек гэтаксама мае права выбраць сабе не-свабоду.
Адабраць у чалавека права на не-свабоду – гэта яшчэ больш жорстка, чым адняць у яго права на свабоду, бо той, каго паклікаў геній волі, так ці інакш, але здабудзе яе ў барацьбе, перамозе альбо сьмерці, а няволю можна толькі атрымаць як сваё натуральнае права…
Воля – занадта цяжкая ноша, каб яе сілком узвальваць на плечы таго, хто не жадае яе несьці добраахвотна.
Вось чаму канстытуцыя кожнай дэмакратычнай краіны (як і “Дэкларацыя правоў чалавека”), – гэта кансенсус паміж правам чалавека на свабоду і правам на не-свабоду. І хаця права на апошняе ўсе канстытуцыі, як і “дэкларацыя”, сарамліва ўтойваюць, але насамрэч яно заканстытуяванае ў той жа меры, як і першае. І гэтым правам на не-свабоду людзі раз-пораз карыстаюцца, праўда, з рознымі для сябе, а здараецца, і ўсяго чалавецтва, вынікамі. Так ім скарысталіся ў 1933 годзе ў Нямеччыне, падчас апошняга рэферэндуму ў 1991 годзе ў Савецкім Саюзе, вясной таго ж году ў Беларусі, калі калоны рабочых менскіх заводаў рушылі праз увесь горад на плошчу Незалежнасьці.
Некалькі дзён запар усе буйнейшыя тэлекампаніі сьвету ў аглядах навінаў паказвалі сваім гледачам гэтае ўнушальнае відовішча. Паказвалі як прыклад абуджэнь­ня беларускага народу ад таталітарнага сну, як жаданьне і здольнасьць рэалізоўваць маладой беларускай дэмакратыяй свае правы і свабоды. Прыкладна ў такім жа ракурсе асьвятлялі і аналізавалі гэтую падзею айчынныя і замежныя публіцысты, палітолагі, тэарэтыкі. Тагачасны лідэр беларускай апазіцыі Зянон Пазьняк даваў шматлікія інтэрв’ю амерыканскім журналістам (ён тады быў у Амерыцы), дзе казаў, што ганарыцца беларускім народам, які гэтак магутна і цывілізавана прадэманстраваў усяму сьвету прагу свабоды, незалежнасьці і дэмакратыі... Праўда, у беларускіх незалежных мас-медыя праз агульны хор захапленьня няўзнак прасьлізгвала адчуваньне нейкай насьцярожанасьці, бо было абсалютна незразумела, з чаго гэта беларускаму рабочаму аднойчы ранкам захацелася ня піва, а свабоды?
Але не тады, падчас тых падзеяў, ні да гэтай пары, здаецца, ніхто так і не ўсьвядоміў, што ў тыя дні з розных канцоў Менску рухалася ў адным накірунку не свабодная, незалежная і дэмакратычная Беларусь, а ў маўклівых, бясконцых калонах рушыла тады на плошчу Незалежнасьці беларуская Вандэя.
Менавіта так – на галоўную плошчу сталіцы мерным крокам рухалася беларуская Вандэя, сацыяльная правінцыя нашай краіны, якая ў 60-70-х гадах пераехала з вёсак і мястэчак і цяпер патрабавала ад ужо дэмакратызаванага (у пэўным сэнсе) Вярхоўнага Савету вяртаньня сабе сітуацыі не-свабоды. І хаця над стотысячным натоўпам сям-там луналі бел-чырвона-белыя сьцягі і ў прамовах выступоўцаў паміж патрабаваньнямі падвышэньня зарплаты і зьніжэньня цэнаў чуліся палітычныя заклікі да адстаўкі ўраду (між іншым, у нейкай меры таксама прызначанага праз дэмакратычныя працэдуры), і хапала словаў пра свабоду і дэмакратыю, але насамрэч гэта быў магутны пратэст супраць перабудовы, рэформ, блізкага развалу Савецкага Саюзу, ліквідацыі сацыялізму і ўсталяваньня дэмакратыі, пратэст, які беларуская Вандэя тады яшчэ не магла (ці пакуль не адважвалася) адэкватна сфармуляваць. Але міне некалькі гадоў, і нашая сацыяльная правінцыя сфармулюе свае патрабаваньні ў адэкватных формулах, калі на выбарах прэзідэнта аддасьць свае галасы не Шушкевічу, а Лукашэнку, калі на рэферэндумах фактычна прагаласуе супраць роднай мовы, нацыянальнай сімволікі і нават супраць таго, каб самім свабодна выбіраць сабе мясцовую ўладу.
Але я ня маю намеру, як магло падацца з папярэдняга, нагружаць метафару Вандэі негатыўнымі значэньнямі (менавіта ў негатыўным значэньні аднавіў яе на Беларусі Алесь Адамовіч у пару перабудовы). Бо памкненьне сацыяльнай правінцыі да не-свабоды кажа не пра ўласна не-свабоду, а пра тое, што каштоўнасьці гэтых людзей палягаюць на нечым іншым.
Шматкроць і недвухсэнсоўна выказаны пратэст беларускай сацыяльнай правінцыі супраць шматлікіх спробаў навязаць ёй паўз яе волю палітычныя, грамадскія і эканамічныя свабоды пераканаўча сьведчаць, што яна выразна ўсьведамляе: гэта не яе свабоды і яны не для яе, а для некага іншага, і таму ёй гэтыя свабоды для іншага ня сёньня, дык заўтра, але напэўна вылезуць бокам.
Ня думаю, што нашая сацыяльная правінцыя моцна памылялася тады і памыляецца цяпер. Бо няма ў прыродзе ніякай абстрактнай свабоды, нейкай адной свабоды для ўсіх. Кожная свабода – гэта свабода для некага. Свабода, як зубная шчотка, рэч надзвычай канкрэтная і ў кожнага свая. Крот у нары ня менш свабодны за ластаўку ў небе. Проста ў іх розныя кшталты і гарызонты свабоды. І калі крата ўхапіць за карак і шпурлянуць у неба, то ён пэўна будзе мець рацыю, калі палічыць гэта за гвалт, а не за дараваную яму свабоду трохі палётаць.
Свабода слова, свабода друку для мяне як літаратара – гэта не абстракцыя, а такая ж канкрэтная прылада працы, як асадка і аркуш паперы, за якую мне мае сэнс змагацца, бо без магчымасьці нязмушана выказваць свае думкі я ня здолею паўнавартасна рэалізаваць сябе ў сваёй дзейнасьці, а з гэтага як бы не дажыву наканаваны мне век. І таму той, хто адымае ў мяне свабоду слова, адымае ў мяне ня нешта абстрактнае, а крадзе ў мяне маё, забірае ў мяне частку мяне самога. З гэтага зусім натуральна будзе, калі я крыкну яму: ”Злодзей”!..
Але калі нехта забірае ў мяне мае каштоўнасьці ў выглядзе свабоды друку, то адсюль зусім не вынікае, што гэтым ён абірае і ўсіх астатніх. Бо якую каштоўнасьць могуць уяўляць свабода слова, свабода друку, скажам, маім бацькам, якія за ўсё сваё дарослае жыцьцё, бадай, не прачыталі ніводнай кніжкі, ніколі не гарталі газетаў (за выключэньнем хіба тых выпадкаў, калі там друкаваліся тэксты іх сына з фотаздымкам), а па тэлевізары глядзелі ўсё, што заўгодна, акрамя інфармацыйных і палітычных перадачаў? Дык што ім да таго, ёсьць там нейкая свабода слова ці яе няма, забараняюць выдаваць нейкія газеты ці не. Вось калі б па вясьне забаранілі бульбу садзіць, а перад калядамі калоць парсюка – тады іншая рэч. З газетаў і парламенту сытым ня будзеш, а з бульбы ды парсюка сам пражывеш, дзяцей выгадуеш і на ўнукаў яшчэ пасьпееш пацешыцца...
Адсюль іхні недавер да ўсялякіх свабодаў, што разумнікі ў сталіцах выдумляюць, бо ня бачна з тых свабодаў ніякай карысьці чалавеку, які жыве з мазаля. Пэўна, разумнікам з іх свабодаў і станецца нейкая выгода, а для паспалітага люду пры любой уладзе адна свабода: жыцьцё паміж хлявом і полем да рэшты стаптаць (гарадскі варыянт: паміж заводам і аўтобусным прыпынкам).
Зразумела, што стаптаць сваё жыцьцё паміж хлявом і полем і стаптаць яго на аркушы паперы – гэта два розныя лады жыцьця, якія абапіраюцца на канцэптуальна розныя каштоўнасьці. У першым выпадку на анталагічныя каштоўнасьці быцьця, дзе дамінуюць забесьпячэньне самога сябе існаваньнем, а чалавецтва – працягам твайго роду, у другім – на экзістэнцыйныя, дзе вядуць рэй праблемы выбару ў рэалізацыі патэнцыялу індывідуальнага “я”.
Быцьцё ня ведае катэгорыі свабоды (свабода ёсьць выключна катэгорыяй экзіс­тэнцыі). Таму сацыяльная правінцыя, у сваёй арыентацыі на анталагічныя каштоўнасьці, якія толькі і забясьпечваюць чалавека быцьцём, выбірае сабе не-свабоду, а свабоду пакідае сацыяльнай сталіцы як месцу, дзе акумулююцца экзістэнцыйна актыўныя суб’екты.
Менавіта высілкамі экзістэнцыйна заклапочаных, якія імкнуцца да пошуку і выяўленьня межаў уласнага “я”, катэгорыя свабоды і набыла тое значэньне, якое яна сёньня мае, але прыгожы вобраз якога зусім не падобны на яго сутнасьць. Ідэа­лізуючы катэгорыю свабоды, нагружаючы яе значэньнем абсалютнай каштоўнасьці, апантаныя праблемамі ўласнай экзістэнцыі, па-расейску кажучы, “лукавят”. Нічога асабліва прыгожага і гуманнага ў свабодзе няма, прынамсі няма там гэтага больш, чым у не-свабодзе. Шматлікія свабоды – гэта тыя ж “правы” больш моцных, больш актыўных, больш разумных, больш прагавітых выяўляць сваю ўладу над менш моцнымі, менш разумнымі, менш прагавітымі, – толькі ўжо не самачынным гвалтам, а пад абаронай канстытуцыі і дэкларацыі аб правах.
Увогуле, трэба досыць выразна ўсьведамляць, што свабода – гэта ўсяго толькі адна з формаў выяўленьня волі да ўлады. Як толькі недзе завялася прага свабоды, то значыць там нехта ці нешта добра набрыняла ўладным патэнцыялам. Вялікая французская рэвалюцыя сваім крывавым фактам засьведчыла не надыход эпохі свабоды, а пераход улады ад арыстакратыі да нацыянальнай буржуазіі. І гэта тычыцца ня толькі палітычнай, але і кожнай іншай свабоды. Пакуль Гутэнберг ня выдумаў друкарскі варштат, нікому нават да галавы не было казаць пра нейкую там свабоду пісьма. Але як толькі гэты варштат даў магчымасьць далучыцца да вырабу слоў сотням, тысячам разумных, актыўных, прагных, то яны адразу запатрабавалі сабе свабоды, каб мець канстытуцыяй гарантаваную магчымасьць рэалізаваць сваю волю да ўлады над чытачом... І ўрэшце яны яе атрымалі: у ХХ стагоддзі прэса рэальна стала чацьвёртай уладай, хаця гэтая ўлада пакуль што яшчэ і застаецца юрыдычна не аформленай.
І калі на Беларусі, пасьля распаду СССР, з розных бакоў пачалі гучаць патрабаваньні тых ці іншых свабодаў, то гэта найперш азначыла, што ў нашай сацыяльнай сталіцы высьпела значная колькасьць экзістэнцыйна заклапочаных асобаў, якія ўжо прагнуць рэалізаваць сваю волю да ўлады праз свабоду слова, свабоду друку, свабоду палітычных і грамадзянскіх арганізацыяў ды ўсялякія іншыя свабоды. Шкада толькі, што гэткіх асобаў пакуль замала, каб яны маглі злучыцца ў цэлыя сацыяльныя страты, якія адсунуць сацыяльную правінцыю ад сацыяльнай сталіцы на належнае ёй месца – у “Вандэю”. Бо Беларусь толькі тады рэальна стане суб’ектам гісторыі, калі сама ператворыцца ў аб’ект рэалізацыі экзістэнцыйных памкненьняў тых, хто прагне свабоды Беларусі, як рэалізацыі ўласнай волі да ўлады. Але, імкнучыся наяве зьдзейсьніць гэтыя собскія памкненьні, наўрад ці мае сэнс наракаць на са­цыяльную правінцыю, якая затулілася ў сваю не-свабоду і турбуецца адно пра тое, каб у пару забуяла бульба ды не спазьніліся завезьці дровы на зіму.
У сацыяльнай правінцыі і сацыяльнай сталіцы розныя меры адказнасьці. Першая адказвае за быцьцё ў яго анталагічнай цэласнасьці, а другая – толькі за ўласную экзістэнцыю, што прагне выразьніцца праз розныя свабоды як найбольш эфектыўныя і цывілізаваныя формы выяўленьня волі да ўлады. І сярод іх – праз на­цыянальна зарыентаваныя формы (найперш, праз ідэю Адраджэньня, якая гэтак шырока была заманіфеставаная на Беларусі ў першай палове дзевяностых гадоў).

Заканчэньне
у наступным нумары.