12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Валянцін Акудовіч

_____________________
Вялікая здрада.Суплёт эсэ (Заканчэньне)

19. Ідэя Адраджэньня.
Незалежнасьць Беларусі была аб’яўленая 25 жніўня 1991 году. Тую пару варта згадваць па днях і нават гадзінах, але падрабязны росьпіс падзеяў аніяк не стасуецца з абраным тут фарматам. Мусім адно заўважыць, што апошнія два-тры гады, якія папярэднічалі зьяўленьню Рэспублікі Беларусь, былі з дня ў дзень роўнавялікімі сьвяту Незалежнасьці.
Усё пачалося, як вядома, з “гарбачоўскай перабудовы”, дакладней, з павальнага і нястомнага чытаньня “прагрэсіўных” газетаў і часопісаў, што паўсталі на тле задэклараванай Гарбачовым свабоды слова.
Некалькі гадоў татальнага і добраахвотнага лікбезу столькі ўсяго перайначылі ў галовах людзей, што яны пакрысе пачалі перасоўвацца з дыскусійных кухняў на вуліцы ды пляцы і тым распачалі пару “вулічнай (ці мітынговай) дэмакратыі”. Ужо ў 1989 годзе даволі часта здаралася, што ў той самы дзень і час, але ў розных месцах Менску адразу роілася некалькі мітынгаў. Неўзабаве мітынговая эпідэмія распаўсюдзілася на абластныя цэнтры, а затым і на многія мястэчкі. Адно толькі вёска ня ладзіла палітычных сходаў, аднак гэта не азначала, што вёска не мітынгавала на прызбах, лаўках, за чаркай і за сваркай.
Потым, асабліва пасьля першага “Чарнобыльскага шляху”, буйным мітынгам сталі папярэднічаць шматтысячныя шэсьці пад бел-чырвона-белымі сьцягамі. І гэта было файна!
Краіна бурапеніла. Дакладней, бурапеніў увесь еўраазійскі сьвет і мы разам з ім. Антыкамуністычны шал энергетычна быў настолькі магутным, што на сваім шляху амаль вокамгненна (як для гісторыі) трушчыў і зьнішчаў самыя трывалыя палітычныя збудаваньні ды канструкцыі. Але досыць хутка ўвідавочнілася, што сам антыкамунізм ня ёсьць альтэрнатывай камунізму, што гэтую альтэрнатыву яшчэ трэба вынайсьці і сфармуляваць. Тады ў пераможную апазіцыю і была закааптаваная дэмакратыя, чаго, зрэшты, і не выпадала ўнікнуць, бо ў глабальным сэнсе “краіны дэмакратыі” ўжо досыць даўно выступалі ў супраціў камуністычнаму блоку і добра прыклалі руку да заняпаду “імперыі зла”.
Таму далей усе палітычныя падзеі будуць разгортвацца амаль выключна ў формах дэмакратычнай атрыбутыкі і рыторыкі. Але – і толькі. Бо сапраўдную палітычную сутву часу выявіць нешта зусім іншае. А менавіта, пад “дымавой завесай” дэмакратычных пераменаў на стратэгічныя пазіцыі высоўваўся нацыяналізм. І хаця ўсе тыя краіны, што наноў аб’яўлялі пра сваю незалежнасьць (ад Венгрыі да Манголіі) ці прагалошвалі яе ўпершыню (як Малдова), сьпяшаліся наперад усяго заявіць пра свой дэмакратычны выбар, аднак насамрэч яны перадусім выбіралі для сябе нацыяналізм і менавіта на ягоным груньце будавалі свае дзяржаўныя ўтварэньні, дзе атрыбуты дэмакратыі выконвалі пераважна адно фармальныя функцыі, альбо і ўвогуле былі ўсяго толькі вітрынай.
А цяпер збочым ад праблемаў татальнага рэваншу нацыяналізму ў адзін з ягоных абсягаў, найбольш істотны для нашай гаворкі. Паперад усяго зьвернем увагу, што тыя дзяржавы, якія сфармаваліся на фрагментах распалага СССР, узялі сабе за аснову моўна-этнічную нацыянальную мадэль. Гэтак сталася нават там, дзе этнічна карэннае насельніцтва не пераважала (ці пераважала нязначна) ў агуле насельніцтва краіны. Як і там, дзе ў значнай колькасьці прысутнічалі прадстаўнікі самых розных нацыянальнасьцяў. У першым выпадку перадусім маецца на ўвазе Латвія і Эстонія, у другім – Казахстан.
Чаму так атрымалася, адказаць зусім ня проста. Верагодна адной з прычынаў (хай сабе і не асноўнай), было тое, што за камуністамі тэорыяй нацыяналізму публічна было забаронена займацца, калі такім заняткам не лічыць бязьлітасную прапагандысцкую крытыку нацыяналізму, як такога. Таму для тых лідэраў, якія прыйшлі ў палітыку на “хвалях перабудовы”, бадай нават не да галавы было, што акрамя моўна-этнічнага ёсьць яшчэ нейкія іншыя спосабы нацыянальнага ўладкаваньня. Пэўна, істотную ролю ў гэтым выбары адыграў і той факт, што яшчэ ў першай чвэрці дваццатага стагоддзя многія з будучых савецкіх рэспублік спрабавалі стварыць свае незалежныя дзяржавы ў прасторы “этнаграфічных межаў” і цяпер механічна працягвалі раней запачаткаваную традыцыю. А да ўсяго гэтага, безумоўна, дадалося і тое, што на еўрапейскім кантыненьце гэтая мадэль дасюль застаецца найбольш пашыранай, і калі хоць дзе вядзецца гаворка пра нацыянальную дзяржаву, то амаль заўсёды на ўвазе маецца дзяржава, дзе дамінуе тытульная нацыя з усімі сваімі асноўнымі атрыбутамі (мовай, гісторыяй, традыцыяй, культурай...).
Натуральна, можна і далей расшукваць тыя падставы і прычыны, што паўплывалі на “адзінадушны” выбар, але нам тут істотна іншае, а менавіта, што Беларусь у сваім выбары таксама ўхапілася за агульную тэндэнцыю, нават не парупіўшыся пра сістэмны аналіз уласнага нацыяналістычнага патэнцыялу. Але асноўную гаворку на гэтую тэму мы распачнем крыху пазьней, а пакуль зьвернем увагу на ідэю Адраджэньня, якой і была падрыхтаваная практычная рэалізацыя моўна-этнагра­фічнай мадэлі.
Як быццам палягае навідавоку, што ідэя нацыянальнага Адраджэньня (гэтаксама і Народнага фронту) запазычаная ў “прыбалтаў”, якія раней за іншых сталі на сепаратны шлях і шмат чаго пасьпелі ўжо сфармуляваць да таго моманту, калі нацыянальны рух на Беларусі набыў хоць нейкую моц. І гэта сапраўды так было. Разам з тым будзем усьведамляць, што як толькі палітычны акцэнт перастварэньняў перасунуўся з антыкамунізму на этнакультурную традыцыю, то ва ўмовах Беларусі ідэю Адраджэньня нельга было абмінуць незалежна ад таго, існавала яна ўжо недзе, ці яе трэба было вынайсьці самім беларусам. Рэч у тым, што на тую пару супольнымі намаганьнямі камунізму і расейскага нацыяналізму ўсё ўласна нацыя­нальнае на Беларусі было вынішчана амаль ушчэнт. І таму ў сітуацыі вышэй згаданага выбару не прадбачылася іншага выйсьця, акрамя як пачаць інтэнсіўнае і адначасна карпатлівае ўзнаўленьне, адраджэньне, рэканструяваньне наўсьцяж зьніклага, каб адсланіць ад сябе пустату абрысамі і пазнакамі былога...
Праўда, апошні мой выраз пра завесу з гістарычных сімулякраў патрабуе ўдакладненьня, бо ён з сёньняшняга досьведу, а тады, здаецца, амаль усе былі поў­ныя веры, што былое можна наноў уцялесьніць, узнавіць у статусе рэальна прысутнага, матэрыялізаваць гэтаксама, як у сучасным матэрыялізуецца будучыня. І ўжо пасьля таго, як усё гэта здарыцца, адбудзецца – на адноўленым падмурку майстраваць новы Беларускі Дом.
На гэтую справу, справу Адраджэньня разам падхапіліся многія і многія – і з розных бакоў. Тут былі і калектыўныя “ветэраны” нацыянальнага руху (“Майстроўня”, “Талака”, “Бабілон”...), і толькі паўсталыя аб’яднаньні, рухі, партыі (“Тутэйшыя”, “Мартыралог Беларусі”, Таварыства беларускай мовы, Беларускі народны фронт, Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада і мноства ўсяго іншага што ў сталіцы, што на правінцыі). Да таго ж яшчэ напярэдадні Незалежнасьці (а тым болей потым), бальшыня дзяржаўных СМІ (улучна з тэлебачаньнем) з ахвотай і сімпатыяй стала ўзнаўляць раней забароненыя для публічнай агалоскі падзеі, справы і постаці з неверагодна багатай гісторыі Беларусі. Што ўжо казаць пра незалежніцкія і дэмакратычныя газеты, часопісы, кнігі, суполкі ды супольнасьці, якія, здаецца, толькі тым і займаліся, што бяз стомы гарталі старонкі мінулага, каб увідавочніць наяўнасьць сапраўдных нацыянальных каштоўнасьцяў і сярод іх як найвелькую – самую беларускую нацыю.
Мы ня шмат перабольшым, калі скажам, што ў тую пару заангажаваныя Беларусьсю беларусы пераважна жылі не ў сучасным, а ў прамінулым. Постаці Вітаўта, Сапегі, Касьцюшкі... зрабіліся для “сьвядомых” больш блізкімі і больш пазнавальнымі за постаці суседзяў па лесьвічнай пляцоўцы, абравіятура ВКЛ сталася паролем для ўсіх “сваіх”, а вокліч “Жыве Беларусь” – агульнанацыянальным кодам, які адчыняў усе дзьверы ў актуальную культуру і палітыку. З гэтай апантанасьці гісторыяй мы нават трохі пераблыталі эпохі, што мела сур’ёзныя наступствы, бо ў такім кантэксьце архаічная напрыканцы ХХ стагоддзя ідэя нацыянальна-этнаграфічнай дзяржавы ўспрымалася намі за цалкам рэальную для фармалізацыі ў наяўным.
Як ужо казалася, нацыянальнае рушэньне мела безьліч персанальных і калектыўных суб’ектаў, але досыць хутка наперад усяго (і лічы безальтэрнатыўна) вылузнуўся Беларускі народны фронт. У палітычным лідэрстве Народнага фронту галоўная заслуга, што бяспрэчна, Зянона Пазьняка. Ён, ачоліўшы нацыянальна-дэмакратычны рух, які фармаваўся літаральна на маршы, пасьпяхова скарыстаўся плёнам расейскай перабудовачнай публіцыстыкі, прыбалтыйскіх народных франтоў, заходняй прапаганды і дыпламатыі, інтэлектуальным наробкам і палітычнай энергіяй уласнай дэмакратычнай і ліберальна настроенай інтэлігенцыі. Зянон Пазьняк гэткім адмысловым чынам выкруціў тагачасную палітычную сітуацыю на Беларусі, што кожны, хто прагнуў пераменаў, іншага ладу жыцьця ці хаця б проста быў незадаволены тым, што мае, хоцькі-няхоцькі мусіў станавіцца пад бел-чырвона-белы сьцяг. БНФ татальна завалодаў палітычнай ініцыятывай. Справа даходзіла да парадаксальнага. Над стотысячным натоўпам рабочых, якія колькі там дзён запар прыходзілі на плошчу Незалежнасьці з трывогі за развал Савецкага Саюзу, разгул дэмакратыі і падвышэньне цэнаў, луналі бел-чырвона-белыя сьцягі...
Калі б слова “геній” я быў схільны дастасоўваць хоць да якога палітыка, то наважыўся б прызнаць, што ў тую пару Зянон Пазьняк быў геніальным палітыкам, бо скарыстаўся з сітуацыі значна больш, чым яна насамрэч мела ў сабе для нацыя­нал-дэмакратычнага руху. Але адсюль, з гэтага завышанага сітуацыйнага посьпеху, вымкнулі і будучыя праблемы БНФ, бо рэальна соцыа-культурная сітуацыя на Беларусі ня мела таго патэнцыялу, які мог бы падтрымліваць гэты рух у заяўленым на пачатку маштабе.
Фігура Зянона Пазьняка настолькі значная для той бурапеннай пары (і ці толькі для той?), што я не магу пазбавіцца ад спакусы невялікага расповеду пра ўласную эвалюцыю разуменьня гэтай асобы і стаўленьня да яе.
У кожнага з нас, нацыянальна заангажаваных, быў свой “раман” з Пазьняком. Дарэчы, шмат у каго ён цягнецца і дагэтуль. Таму я тут не выключэньне (хаця мне нават не давялося быць ягоным знаёмцам). І як у кожным рамане, у маім было ўсё: і першае захапленьне, і сьляпое каханьне, і нянавісьць, і здрада.
Упершыню я пабачыў Зянона Пазьняка, калі ўскарастаўся на плечы сябра, выдатнага паэта Леаніда Дранько-Майсюка. Было тое ў 1988 годзе на Дзяды каля наўмысна зачыненай брамы на маскоўскія могілкі. Шыхты міліцыянтаў і амапаўцаў з усіх бакоў сьціскалі натоўп будучых нацыяналістаў, каб людзі падушылі самі сябе. Было па-сапраўднаму страшна і карцела як-небудзь уцячы адсюль. Ад страху ды ненавісьці народ выенчваў кагадзе дадзенае Алесем Адамовічам азначэньне Беларусі: Ван-дэ-я, Ван-дэ-я! (Зрэдзьчас гучала і больш зразумелае для ўсіх беларусаў: “Фа-шыс-ты, фа-шыс-ты!..). І тут скразьняком пранеслася: цішэй, цішэй, Пазьняк гаворыць... Тады я і папрасіўся ў сябра залезьці яму на плечы, каб пабачыць чалавека, які, толькі што вырваўшыся з міліцэйскага палону, ня ўцёк да хаты, а добрахоць вярнуўся ў самую гушчыню скрай небясьпечных яму падзеяў...
У нейкі момант народ ўсё-ткі прарваў шчыльную аблогу разьятраных супраці­вам праваахоўнікаў парадку. Пакуль мы з сябрам азіраліся на волі, ушчыльную прабег падлетак і паведаміў шэптам: “Ідзем на Курапаты”.
Калона недзе з двух тысячаў чалавек выцягнулася па прасёлку ўзбоч кальцавой дарогі, а на самой кальцавой сінхронна і роўнавяліка рухалася калона з машынаў, дзе былі і закратаваныя вязьніцы на колах, і “вадамёты”, і аўтобусы, бітма набітыя міліцыянтамі, амапаўцамі, вайскоўцамі.
Досыць хутка кіраўніцтва карнай аперацыяй напэўна пераканалася, што людзі ідуць на Курапаты – і тады механізаваная калона набрала хуткасьць ды зьнікла, каб перагарадзіць дарогу “нефармалам” (пакуль яшчэ гэтак называлі будучых “бэнээфаўцаў” і нацыяналістаў) на падыходзе да месца схарону ахвяраў сталінскага тэрору... І тут Пазьняк, акрамя мужнасьці, прадэманстраваў і не абы-якія якасьці стратэга. На першай высьпе ён запыніў людзей, папрасіў сабрацца гуртам, апусьціцца ўпрысядкі (каб было добра відаць выступоўцаў) і спакойна правесьці мітынг.
Чырвонае сонца хілілася долу. З чыстага сіняга неба зрэдзьчас зьляталі сьняжынкі. Стаяла напятая цішыня. Сьвет зьнерухомеў і ў гэтым нерухомым сьвеце на голай высьпе прыселая сьціжма людзей слухала Пазьняка, які ўзвышаўся над усімі, як помнік самому сабе.
Мы быццам вярнуліся ў біблейную пару,— падумалася мне.— І гэта не Пазьняк, а прарок Майсей заклікае народ Ізраілю пабрацца з мужнасьцю...
Але хутка мне ўжо было не да містычных аналогіяў, бо раптам здалёк пачуўся мерны тупат. Я азірнуўся — зьверху на нас рухалася чорная сьцяна (суцэльны чорны акрас карнікаў быў ад сьвятла нізкага сонца насупраць). І тады мной апанавала відушча – у адначасьсе я зразумеў, што пакуль мы не раструшчым гэтую чорную сьцяну ў друз і пыл, датуль ня мецьмем людскага жыцьця.
Сьцяна наблізілася ўшчыльную і пачала ссоўваць народ з выспы. Пазьняк за­клікаў да спакою, аднак шмат хто запанікаваў і кінуўся бегчы ў бок падлеску наўзбоч кальцавой дарогі.
Яшчэ ніхто не дабег, як з кустоўя выскачылі вайскоўцы (і калі яны пасьпелі туды схавацца?!) ды пачалі біць і валіць уцекачоў на падмерзлую глебу ( і жанчынаў – на маіх вачах)...
Потым, калі супраціў уладам выявіцца сістэмна і ўцякаць ад амапаўскіх дручкоў станецца гэтаксама звыкла, як хавацца ад дажджу, той уласны страх і тое захапленьне мужнасьцю іншага будуць падавацца трохі наіўнымі... Але тое будзе потым, калі шмат чаго перайначыцца і ў самім часе, і ў кожным з нас.
Перамены ў маім стаўленьні да Зянона Пазьняка высьпявалі спакваля. Спачатку не на добры лад уразіла, што падчас сваіх публічных прамоваў ён зашмат “акцёрстваваў”, раз-пораз карыстаючыся рытарычнымі прыёмамі, вынайдзенымі схаластамі яшчэ ў антычнай Грэцыі. (З гэтага атрымлівалася, што Пазьняк казаў праўду так, быццам хлусіў, а ягоны апанент Лукашэнка, які пра рыторыку нічога ня ведаў, хлусіў так, быццам казаў праўду). Пазьней пачалі засмучаць сваёй прымітыўнасьцю і аднастайнасьцю ня вартыя палітыка нацыянальнага маштабу антыкамунізм і антырасейскасьць. А яшчэ праз нейкі час сфармавалася разуменьне, што ўзурпацыя Пазьняком (праз БНФ) нацыянальнай ідэі нясе пагрозу самой нацыянальнай ідэі, аб чым сьведчыла хаця б тое, што ў “народзе” ўжо неўзабаве пасьля афармленьня шырокага нацыянальнага руху бел-чырвона-белы сьцяг, Пагоню і нават саму беларускую мову пачалі называць “бэнээфаўскімі”...
У майго любімага барда Віктара Шалкевіча ёсьць вядомая песьня “Таварыш Сапега” – там Лукашэнку ноччу трызьніцца “злавешчая цень Пазьняка”. Дык вось, аднойчы настаў момант, калі я з усёй вастрынёй адчуў, што “злавешчая цень Пазьняка” навісла ня столькі над Лукашэнкам, колькі над усёй Беларусьсю, і найперш – над Беларусьсю нацыянальнай.
Гэтай жорсткай метафарай я ня маю намеру ні пакрыўдзіць, ні абразіць, ні, тым болей, прынізіць Зянона Пазьняка і яго выключную ролю ў фармаваньні сучаснага нацыянальнага дыскурсу. Пэўна, з глыбокай павагі да яго (хаця і не пазбаўленай антаганізму да некаторых з тых метадаў і мэтаў, якіх ён упарта трымаецца па сёньня), я не павінен быў карыстацца гэтай метафарай, прынамсі, публічна. І ня надта хачу гэтага рабіць. Аднак я змусіў сябе, бо ў гэтым перакуленым паэтычным тропе мне выразна чуецца непадманная характарыстыка сітуацыі...
І апошняе, што да “праблемы Пазьняка”. Я зусім ня містык і трансцэндэнтныя аргументы ды высновы не з майго арсеналу. Але тут я гатовы схібіць перад сабой, каб заўважыць, што як гісторыя віду той ці іншай папуляцыі, так і гісторыя папуляцыі палітыкаў, аднолькава падвойвае (ці шматкроць павялічвае) від дзеля запасу трывучасьці на выпадак самых розных абставінаў. Так было і ў нашай сітуацыі. Для эпохі радыкальнага пералому на Беларусі гісторыя падрыхтавала двух кангеніяльных палітыкаў: Зянона Пазьняка і Аляксандра Лукашэнку. Калі б Беларусь (як Латвія ці Эстонія) у пераважнай сваёй бальшыні выявіла схільнасьць да нацыяналізму, то ўладу ў краіне ачоліў бы Зянон Пазьняк. Пры іншай хадзе падзеяў (пры шырокім астракізме моўна-этнаграфічнай мадэлі дзяржаўнага ўладкаваньня) у запасе чакаў (ня лішне доўга) Аляксандр Лукашэнка. Але і ў першым, і ў другім выпадку мы, у канцэптуальным плане, мелі б прыкладна адно і тое самае. Хіба толькі цяперашнія героі ўлады памяняліся б месцамі з цяперашнімі яе ахвярамі.
Згадаўшы Зянона Пазьняка, ніяк не выпадае абмінуць хоць якім слоўкам ягонае alter ego – Аляксандра Лукашэнку, першага прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Неяк, калі адзін і другі былі яшчэ толькі дэпутатамі Вярхоўнага Савету і ня надта варагавалі міжсобку, пры абмеркаваньні нейкай канцэптуальнай праграмы, зачытанай Пазьняком, Лукашэнка з трыбуны заявіў, што гэта выдатная праграма, але для яе патрэбны зусім іншы народ.
Цалкам слушна казаў будучы прэзідэнт. Усе праграмы нацыянал-дэмакратаў мелі за адрасата хутчэй іншапланецянаў, чым паспалітых беларусаў, якія ў сваёй бальшыні не жадалі ніякіх радыкальных пераменаў, акрамя хіба адной – памяняць вэрхал і рэзрух, якія з “развалам Саюзу” запанавалі ва ўсіх сферах жыцьця, на тыя стабільнасьць і пэўнасьць, што яны зазналі раней.
Кардынальная розьніца паміж Пазьняком і Лукашэнкам палягала на тым, што Пазьняк прапаноўваў беларусам тое, чаго яны ніколі яшчэ ня мелі, а Лукашэнка абяцаў вярнуць тое, што яны ўжо мелі і што ў насталым бязладдзі выдавала на сапраўднае шчасьце.
Натуральна, абачлівыя да цацанак-абяцанак беларусы ўхапіліся за сініцу і абралі Аляксандра Лукашэнку на ўладу*.

20. Мова (Знак бяды).
Калі ў мяне атрымлівалася завітаць у мястэчка Сьвіслач, дзе я нарадзіўся і асталеў, то нябожчык бацька зазвычай сустракаў мяне словамі: “Беларус прыехаў”. Ён не казаў: “сын”, “пісьменьнік”, “мянчук”, урэшце – “валацуга”. Усё астатняе не было для яго вартай увагі адметнасьцю, раўнуючы з тым, што я — “беларус”.
З гэтага вітаньня я трохі злаваўся і часам мне карцела запытацца:
— А вы што, бацька, з неба зваліліся? Ці ж не такі вы самы беларус, як і я?
Але не пытаўся, паколькі разумеў: бацька мае рацыю. Бо з даўніх давён так павялося, што азначэньне “беларус” у нас найперш адсылае да экзістэнцыйнага выбару чалавека, яго ідэалагічнай заангажаванасьці, палітычнай залежнасьці, сьвядома абранай мовы і з гэтага – да адметнага спосабу мысьленьня і ладу жыцьця, а толькі потым да нацыянальнай кадыфікацыі, якая сама з сябе ні пра што ня кажа.
Быць беларусам на Беларусі – гэта выключыць сябе з нормы і паўз уласную хэнць быць для некага месіянерам новай веры, для кагосьці варожым прыблудам, а для ўсіх астатніх – ат такім сабе блазнам. Нават сам зварот да беларускага слова на Беларусі ёсьць ні чым іншым, як грамадзянскім учынкам (і яшчэ – эстэтычным актам).
Ва ўсім сьвеце чалавек, размаўляючы на роднай мове, проста размаўляе. У нас зусім інакш. Кожны раз, калі на людзях мы прамаўляем па-беларуску, то ня проста сумовімся, а як бы ладзім грамадзянскую акцыю ці мастацкі перформанс, паколькі ўвага ўсіх, хто выпадкова апынуўся побач, адразу засяроджваецца на нечаканым дзіве. Таму зусім ня выключана, што ў нейкую, магчыма і не зусім аддаленую пару, каб размаўляць па-беларуску на людзях, трэба будзе браць дазвол у гарадскіх уладаў з адзнакай месца і часу, як сёньня патрабуецца “заяўка” на палітычны пікет ці аматарскі канцэрт на вуліцы.
Уласна, быць беларусам – гэта штодня выконваць ролю беларуса ў бясконцым сьпектаклі без пачатку і канца... Гэта жыць і памерці на сцэне з родным словам на вуснах. Але і па сьмерці твая месіянерская доля ня мусіць быць перапыненай і на помніку тваё імя і прозьвішча абавязкова напішуць на матчынай мове.
Зыходзячы з гэткай сітуацыі, якая панавала спрэс на пачатку дзевяностых, паўсталы з “перабудовы” нацыянал-дэмакратычны рух наперад усяго высунуў праблему мовы. Зрэшты, гэта выглядала цалкам натуральным яшчэ і таму, што першыя ідэолагі Адраджэньня за аснову нацыянальнага ўладкаваньня абралі “моўна-этна­графічную” канцэпцыю, згодна з якой без вырашэньня праблемы мовы не вырашалася нічога ўвогуле...
Даўно ў прамінулым засталася “беларусізацыя” 20-30-х гадоў ХХ стагоддзя, калі абеларушчваньне сацыяльна прывілеяваных слаёў краю было актуальнай дзяржаўнай палітыкай (сацыяльны под тады яшчэ сам па сабе быў стыхійна беларускім).
Тая “беларусізацыя” скончылася жахлівымі рэпрэсіямі над усімі героямі гэтай маштабнай акцыі, але татальна вынішчыць яе плён атрымалася толькі ў 60-70-я гады, калі пад аблудай глабальнай інтэрнацыяналізацыі адбывалася сістэмная і метадычная русіфікацыя нацыянальных рэспублік.
З шалёнай інтэнсіўнасьцю (маўляў, бацькі просяць) беларускамоўныя школы іначыліся на расейскую мову навучаньня, тое самае рабілася ў вучэльнях, тэхнікумах, ВНУ, справаводстве, тапаніміцы, газетах, масавай культуры – спрэс, за выключэньнем літаратуры.
Між іншым, у тую пару рэспублікай кіраваў Пётр Машэраў. Натуральна, за сваё шчыраваньне ён атрымаў ухвалу ад маскоўскіх уладаў. Але ня толькі – ад уласнага народу таксама. Першая ўхвала цалкам зразумелая, а вось усенародная любоў беларусаў да таго, хто актыўна прычыніўся да справы сістэмнага вынішчэньня беларушчыны, выглядае нейкім недарэчным парадоксам. Аднак насамрэч нічога парадаксальнага тут няма, хаця абыякавае, а падчас нават і варожае стаўленьне беларусаў да ўласнай мовы, не перастаўляе зьдзіўляць каго заўгодна.
Каб адказаць на пытаньне, чаму так сталася, чаму беларусы за камуністамі, у адрозьненьне, скажам, ад грузінаў не рабілі ніякіх захадаў у абарону роднага слова, мы мусім згадаць, дзе і ў які час сфармавалася ўжо ўласна беларуская мова, а менавіта пару “нічыйнага мораку” (ХVІІІ – канец ХІХ стагоддзяў), калі пазбаўленая каналаў улады і кніжнай (высокай) культуры, беларуская вёска самахоць напрацоўвала сабе лінгвістычны канон, з якога потым вымкне і літаратурная мова.
Але для нашай аналітыкі істотны не лінгвістычны момант, а сацыяльны. Таму найперш зьвернем увагу, што беларуская мова (у адрозьненьне ад старабеларускай) паўстала і доўгі час функцыянавала выключна як плебейская мова сацыяльнага нізу. На ёй размаўлялі адно тыя паспалітыя (вяскоўцы, жыхары апошніх ускраінаў, мястэчак і гарадоў), што жылі з мазаля і былі цалкам адлучаныя ад хоць якіх выгодаў прывілеяванага жыцьця больш заможных групаў і класаў. З чаго кожны асобны выпадак падвышэньня сацыяльнага статусу селяніна ці наёмнага працаўніка перадусім патрабаваў замены ўласнай мовы на нейкую іншую. Адсюль і быў сфармаваны сацыяльны стэрэатып беларускай мовы як таго, што ў кожным разе трэба пераадолець (адрачыся), калі ты жадаеш сабе лепшай долі. І гэты стэрэатып ня быў ідэалагічным сімулякрам – ён з дня ў дзень фармаваўся зусім канкрэтнымі праявамі штодзённага жыцьця...
Пасьля восьмага класу бацькі выправілі мяне з мястэчка ў няблізкі сьвет – паступаць у тэхнічную вучэльню аж пад Маскву. Праз два тыдні я вярнуўся да хаты без студэнцкага білета, але з неблагой расейскай гаворкай (на тую пару я ўжо ад пуза быў наеты расейскай літаратурай і ў расейскамоўным асяродку мая лінгвістычная інверсія адбылася без аніякіх высілкаў з майго боку). На бацькаўшчыне я хутчэй па інерцыі, хаця і не бяз пэўнага форсу, нейкі час працягваў размаўляць па-расейс­ку. Ах, з якім захапленьнем і зайздрасьцю глядзелі на мяне сябрукі, якой глыбокай і шчасьлівай радасьцю сьвяціліся вочы бацькоў, калі яны слухалі маё “оканье”. І толькі праз шмат гадоў, ужо ў пару “перабудовы”, неяк згадаўшы тую сітуацыю, я зразумеў: прычынай захапленьня і зайздрасьці былі зусім не мае лінгвістычныя здольнасьці, а здавён сфармаванае ўсьведамленьне, што ў чалавека, які лёгка развітваецца са сваёй мовай і гэтаксама лёгка набывае іншую, ужо ж, напэўна, ёсьць варыянты лепшай, за беларускую, долі...
Дарэчы, мая маці сталася самай прывілеяванай партніхай мястэчка ня толькі з сваіх прафесійных здольнасьцяў, але і з лінгвістычных. Паколькі ўсё мясцовае начальства было з прысланых сюды пасьля вайны расейцаў (ці добра абруселых беларусаў), то яна хуценька засвоіла расейскую мову і тым самым прыгарнула да сябе найбольш заможную кліентуру.
Адным словам, для ўжо ўласна беларусаў тутэйшая мова ад самага пачатку была тым ганебным, зьневажальным таўром, якое кожны мусіў вытравіць (ці хаця б старанна прыхаваць), калі жадаў падвысіць свой сацыяльны статус.
Але гэтая сітуацыя для беларускай мовы, як пакажа час, была яшчэ ня з самых горшых. Горшае мову чакала наперадзе, калі ў першай палове ХХ стагоддзя беларуская нацыянальная ідэя пацярпела шэраг глабальных паразаў (апошнюю – у трыццатыя гады), пасьля чаго яе актыўных носьбітаў пачалі татальна рэпрэсаваць і вынішчаць. (Прыкладам, да апошняга чалавека быў зьнішчаны ўвесь даваенны мовазнаўчы атрад рэспублікі, які працаваў над пяцітомным “Тлумачальным слоўнікам беларускай мовы” – у жывых застаўся толькі адзін тэхнічны работнік). Менавіта тады беларуская мова, якая раней была толькі знакам сацыяльнага аўтсайдэрства, сталася для калектыўнай беларускай сьвядомасьці яшчэ і знакам бяды. Бяды рэальнай, блізкай, сьмяротнай для кожнага публічнага адэпта роднай мовы. У самым лепшым выпадку зацятых карыстальнікаў матчынага слова чакалі занядбанасьць і нішчымніца, у горшым – эміграцыя, Сібір ці Курапаты (як закатаваных там тысячаў “нацдэмаў”).
А цяпер мы можам вярнуцца да “феномену” партызанскага кіраўніка “партызанскай рэспублікі”. Пётр Машэраў стаўся нацыянальным героем з розных падставаў, але яшчэ (а, можа, і перадусім) таму, што лакалізаваўшы нацыянальнае красамоўства вузкім пісьменьніцкім асяродкам, ён насамрэч загнаў у рэзервацыю не беларускую мову, а беларускую бяду, якая палягала на гэтай мове. І калі Старшыня Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь Станіслаў Шушкевіч паспрабаваў вызваліць мову з рэзервацыі, яго хуценька адлучылі ад ганаровай пасады. Паспаліты беларус калі ня розумам ведаў, то нутром прадчуваў, што як толькі кіраўнік беларускай дзяржавы пачне размаўляць на мове бяды, то неўзабаве ўсёй краінай гора не абярэшся.
Праўда, на пачатку 90-х, з прычыны краху рэпрэсіўнай імперыі, страх перад беларускай мовай, як падставай жорсткіх і татальных рэпрэсіяў, на нейкі момант зьмінімаізаваўся, што і стварыла ўмовы для разгортваньня шырокага адраджэнскага руху і нават легалізацыі беларускай мовы ў якасьці адзінай дзяржаўнай. Але як неўзабаве высьветлілася, гэта быў не сістэмны, а толькі сітуацыйны пералом. Бо вельмі хутка сьвядомыя носьбіты беларускага слова зноў зазнаюць здавён звыклыя рэпрэсіі, ганьбу, эміграцыю – і сваімі драматычнымі лёсамі адновяць калектыўны страх перад беларускай мовай, як мовай бяды.
Будзем карэктнымі, цяпер сітуацыя значна розьнілася ад ранейшай, прынамсі, за мову ўжо не катавалі, а тым болей не растрэльвалі на жоўтым пясочку. Аднак за выняткам скрайнасьцяў, сутнасна нічога не зьмянілася. З аднаго боку, насьцярожанае стаўленьне да мовы паспалітых масаў і Улады, з другога – самаахвярнае служэньне роднаму слову тых, хто сэрцам адгукнуўся на яго змораны покліч. Дарэчы, апошнія зазвычай сьвята вераць, што як толькі адэпты беларушчыны атрымаюць уладу, то матчына мова вельмі хутка запануе на абшарах нашага краю. Але калі думаць ня сэрцам, а галавой (як яно быццам і належыць), то давядзецца прызнаць, што такога, бадай, ніколі ня будзе. І зрэпрэсаваная генетычным страхам калектыўная памяць тут ужо не асноўная з прычынаў.
Дзеля абгрунтаваньня гэтай маркотнай тэзы, давайце зьвернемся да тыпалагічна блізкай нам па многіх параметрах Ірландыі. Вось ужо болей як дзевяноста гадоў ля ўлады там знаходзяцца радыкальныя нацыяналісты, а ірландская мова за гэты час у краіне ня толькі не запанавала, а наадварот – вымарнела ў нішто. І прычыны таму навідавоку – функцыянальныя магчымасьці нацыянальнай мовы, раўнуючы з ангельскай, былі непараўнальна зьніжаныя ўжо ў пару вызвольных перамогаў ірландцаў і таму ў справе штодзённага жыцьцяладу яна ня вытрымала канкурэнцыі з сваёй магутнай суседкай-заваёўніцай...
Калі мова сістэмна зьніжае ўзровень дабрабыту масавага шарагоўца – у гэтай мовы няма персьпектывы, прынамсі, гарантаванай.
На праблемнае пытаньне: мова ці каўбаса, звычайны шараговец цалкам слушна адказвае – каўбаса. Бо мова створаная дзеля жыцьця, а не наадварот. І калі нейкая мова не паляпшае жыцьцё чалавека, то навошта яму такая мова? І ўсе самыя палымяныя і пераканаўчыя аргументы рамантыкаў ад нацыяналізму будуць заставацца для паспалітага чалавека пустой балбатнёй, калі з мовы нельга жыць – і жыць добра.
Сітуацыю з паўсюдным адраджэньнем беларускай мовы ўскладняе той факт, што сёньня чалавецтва на злом галавы кінулася ў глабалізацыю, якая канцэптуальна мяняе ролі і значэньні нацыянальных моваў у камунікатыўным алгарытме сучаснага жыцьця – натуральна не на іхнюю карысьць. Тут даволі праблемаў і для моваў-лідэраў, а што тады казаць пра мовы-аўтсайдэры, асабліва пра тыя, у якіх сацыяльная функцыянальнасьць непапраўна заніжаная адносна іх унутраных па­трэбаў дзеля самагенерацыі.
На гэтым кароткі экскурс у сітуацыю беларускай мовы можна было б і запыніць, каб не муляла яшчэ адна, фармальна быццам лакальная праблема, але якая даўно перарасла свой натуральны вымер і цяпер як нейкая пачвара знутры, выгрызае і без таго здрабнелае данельга цела беларускай мовы... Я маю на ўвазе зацятае супрацьстаяньне двух граматыкаў: “тарашкевіцы” і “наркомаўкі” ці, інакш, — “класічнай” і “нармальнай”.
У 1918 годзе Браніслаў Тарашкевіч у “Беларускай граматыцы для школ” упершыню сфармуляваў правапісныя нормы літаратурнай беларускай мовы. Натуральна, персанальны граматычны канон, хай сабе змайстраваны безумоўна таленавітым філолагам, шмат у каго выклікаў шэраг пытаньняў і пярэчаньняў, тым болей, што Тарашкевіч у сваіх падыходах пераважна абапіраўся на маўленьне віленска-ашмянскага рэгіёну. Таму, калі ў 20-я гады пачалася татальная “беларусізацыя” ўсяго беларускага абшару, то зусім заканамерна паўстала пытаньне аб рэформе правапісу. Дарэчы, і сам аўтар “граматыкі” не адмаўляў гэтай патрэбы. У прадмове да пашыранага і перапрацаванага выданьня 1929 году ён пісаў, што “сам цяпер бачыць дужа выразна цэлую чараду яшчэ спрэчных пытаньняў (у аканьні, у правапісе чужаземных словаў і інш.), бачыць патрэбу і магчымасьць спрашчэньня правапісу, але не бярэцца праводзіць якія-кольвечы паважнейшыя зьмены такім індывідуальна-партызанскім спосабам, накідаючы свой праект праз падручнік. Гэта павяло б толькі да шкоднага хаосу. Бо тутака посьпех, запраўды, можа быць людзям на сьмех. Горш за тое: непавязаныя паасобныя зьмены на лепшае “могуць заграмазьдзіць і загарадзіць дарогу да запраўды добрай рэформы”.
У 1926 годзе на міжнароднай канферэнцыі ў Менску (з удзелам самога Макса Фасмэра) быў зацьверджаны новы правапіс.
Дарэчы, падчас папярэдніх абмеркаваньняў і падрыхтоўкі канферэнцыі Якуб Колас і Язэп Лёсік, сярод іншага, прапанавалі скасаваць мяккі знак паміж зычнымі ва ўсіх пазіцыях. Супраць гэтага актыўна выступілі Янка Купала і Вацлаў Ластоўскі.
Прыняты варыянт правапісу мала каго задаволіў, і ягоная дапрацоўка цягнулася да 1930 году, калі быў падрыхтаваны наступны праект, які, па сутнасьці, і лёг у аснову “сумна знакамітай” правапіснай рэформы 1933 году. Нядобрая слава гэтай падзеі наўпрост зьвязаная з палітычным гвалтам над “нацдэмамі”, які ў тую пару ўжо ўвабраўся ў сілу і паўплываў на некаторыя пазіцыі рэформы, заклаўшы ў правапіс тэндэнцыі да русіфікацыі беларускай мовы. З гэтага надалей палітычная складовая рэформы сталася дамінуючай у выбары варыянту правапісу як у вольнай ад бальшавікоў Заходняй Беларусі, так і пазьней у паваеннай эміграцыі. Тут падыход быў гранічна просты: абы ня як у бальшавікоў, – і з гэткім падыходам мусілі зьмірыцца і тыя, што раней самахоць падтрымлівалі прапанову Коласа ды Лёсіка, і тыя, што да нямецкай акупацыі (якая для многіх скончылася эміграцыяй) пасьпелі прызвычаіцца да “бальшавіцкай” рэформы і нават зацаніць яе мэтазгоднасьць у канцэптуальным плане. Ускосна гэтую “канцэптуальную мэтазгоднасьць” пад­трымаў і Янка Купала: “Стары правапіс, у якім ня мала было засьмечанасьці, нацдэмаўскай “самабытнай” архаічнасьці, трымаў беларускую мову ў палоне правінцыяналізму, у рамках нацыяналістычнай абмежаванасьці”. Паперадзе было ўжытае азначэньне “ускосна”, хаця цытаваны тэкст наўпрост адмаўляе старому правапісу ў хоць якіх вартасьцях, але не забудземся, што Янка Купала ствараў свой допіс пад ідэалагічным прымусам, за што выразна сьведчыць зьневажальная лексіка. Аднак жа ніхто не замінаў Янку Купалу ў ганьбаваньні “нацдэмаўшчыны” зрабіць акцэнт на чым заўгодна іншым, а не на засьмечанасьці, “самабытнай” архаічнасьці ды правінцыяналізме.
На мой погляд, правапісная рэформа 1933 году, за выняткам палітычна абумоўленых дурноцьцяў (часткова скасаваных у 1957 годзе з ініцыятывы Якуба Коласа), і нават нягледзячы на закладзеную ў ёй тэндэнцыю да русіфікацыі, плённа мадэрнізавала беларускую мову, надала ёй дынамізму, так неабходнага ў пару індустрыя­лізацыі ды урбанізацыі і годна падрыхтавала яе да “выбуху камунікацыяў”. Зразумела, не абышлося і без не малых стратаў. Асабіста мне найбольш шкада пэўнай метафізічнасьці, нейкай цьмянай трансцэндэнтнасьці, якія захоўваў у беларускай мове правапіс Тарашкевіча і тым самым абяцаў іх будучае разгортваньне ў актуальных рэфлексіях. Але ж галоўная задача літаратурнай мовы – быць прыстасаванай да жыцьця, а не да рэфлексаваньня над жыцьцём. І такой яна сталася праз рэформу. І ўжо на гэтай мове была створаная вялікая беларуская літаратура... Дарэчы ці не з засьмечанасьці, “самабытнайархаічнасьці ды правінцыялізму “тарашкевіцы” паходзіць той, асабіста для мяне вельмі дзіўны факт, што ні ў Заходняй Беларусі за палякамі, ні на пасьляваеннай эміграцыі як у літаратуры, так і ў мысьленьні нічога асабліва вартага, за асобнымі выняткамі, не было зьдзейсьнена. І гэта пры тым, што нашыя эмігранты ўжо ня мелі над сабой ні рэпрэсіяў, ні цэнзуры і да таго ж многія з іх знаходзіліся ў цэнтрах сусьветных эстэтычных ды інтэлектуальных інавацыяў, гэта значыць наўпрост маглі пераймацца дынамікай мастацкага і мысь­ліўнага рухаў. Аднак нічога падобнага не адбылося – у сваёй абсалютна пераважнай бальшыні тэксты эмігрантаў так і засталіся ў палоне глыбока перыферыйнай беларускай местачковасьці, да таго ж заніжанай архаікай адраджэнскай ідэалогіі, як абавязковага атрыбуту, што літаратурнага, што філасофскага твору.
Ужо ж, напэўна, прычыны ўдзірванелай правінцыйнасьці творчага сегменту беларускай эміграцыі палягаюць ня толькі ў абсягу праблемы “тарашкевіцы”, але мы гэтую надзвычай цікавую тэму пакінем дзеля адмысловага тэксту, а тут вернемся ў дзевяностыя гады ХХ стагоддзя, калі на хвалі антыкамунізму паўстала ідэя звароту да рэпрэсаванага бальшавікамі (рэформа 1933 году) правапісу.
Як на тую пару, дык нічога нахабнага ў гэткай прапанове не было, бо то быў час “перабудовы”, калі ўсё зробленае за камуністамі бралася пад радыкальны сумнеў, адмаўлялася і перайначвалася, каб вярнуцца да “сітуацыі каранёў”, яшчэ не скалечаных бальшавіцкай ідэалогіяй. І хаця адэпты “тарашкевіцы” апелявалі да зусім не надуманых фанетычных стратаў мовы з прычыны скасаваньня напіснога мяккага знаку паміж зычнымі (і шэрагу іншых стратаў ды скажэньняў), але насамрэч контр­рэфармацыя ў правапісе спадысподу рухалася (як у выпадку з Заходняй Беларусьсю пад Польшчай ці паваеннай эміграцыяй) палітычным выбарам, гэта значыць – абы ня як за бальшавікамі.
Тыпалагічна падобныя моўныя праблемы былі паўсталі і ў шэрагу многіх дзяржаваў, створаных на подзе распушанага СССР, але там яны пазьнікалі разам “з пенай на хвалях перабудовы”, а ў Беларусі засталіся. І перарасьлі з філалагічных у палітычныя.
Гэтак сталася найперш таму, што з “перабудовы” ў айчынную палітыку патра­піла ладная сьціжма энергічных філолагаў, падмацаваная літаратарамі, журналіс­тамі і проста гуманітарыямі, для якіх лінгвістычныя праблемы выявіліся таксама не чужымі. Але ў адрозьненьне ад іншых краінаў, дзе падобнага тыпу палітыкі хутка выпетрыліся з палітычнага жыцьця, у нас яны (верагодна, з прычыны задоўжанай папулярнасьці “моўна-этнаграфічнай” ідэалагемы) затрымаліся на ладны кавалак часу. Адсюль мовазнаўчыя праблемы, як натуральна актуальныя для палі­тыкаў-філолагаў, праз апазіцыйныя СМІ, суполкі і супольнасьці перарасьлі ў палітычныя. І хаця для бальшыні шараговых валанцёраў апазіцыі і з унармаванай беларускай мовай хапала праблемаў, яны мусілі засвойваць “тарашкевіцу”, каб забясьпечыць сябе радыкальнай апазіцыйнасьцю. Больш за тое, у пару пад’ёму нацыянал-дэмакратычнага руху, завабленыя паноўнай модай на адраджэньне чаго заўгодна, да “тарашкевіцы” пачалі хіліцца і шэраг дзяржаўных выданьняў (“Бярозка”, “Мастацтва”, “Культура”...). Здавалася, яшчэ трохі і “тарашкевіца” пераможа “наркомаўку” ды запануе спрэс.
Не запанавала – бо была спароджаная не патрэбамі соцыуму, а пэўнай палітычнай сітуацыяй. І як толькі сітуацыя перамянілася, палітыкі-філолагі, са сваімі філалагічнымі праблемамі апынуліся на самым ускрайку грамадскага жыцьця. Праўда, нельга сказаць, што там жа апынулася і ”тарашкевіца”. За немалы час актуальнага дамінаваньня апазіцыйнасьці, праз яе на беларушчыну навярнулася некалькі генерацыяў маладых людзей, якія ў горадзе іншай роднай мовы, акрамя як арганізаванай правапісам Тарашкевіча, ужо ня ведалі (найперш – ня чулі). Для іх гэткая беларуская мова – адзіна правільная, тым болей, што ідэолагі адра­джэньня не ленаваліся раз-пораз падкрэсьліваць ейную “ісьцінную сапраўднасьць”, нагадваючы пра рэпрэсаваную сутву “наркомаўкі”, яе зрусіфікаванасьць, засаветаванасьць і да т.п.
Мне няцяжка зразумець пазіцыю заангажаваных “тарашкевіцай” філолагаў як філолагаў (і нават часткова пагадзіцца з ёй ў дыскурсе ўласна філалогіі), але я не магу зразумець палітыкаў-філолагаў, якія надзвычай вострую і складаную сапраўды палітычную праблему беларускай мовы, як вялікага цэлага, раздрабілі, ускладнілі ды заблыталі сваімі філалагічнымі капрызамі і прыхамацямі.
У сітуацыі, калі мовай апанавала амаль безнадзейная крыза, і калі адзіным рацыянальным крокам была апеляцыя да грамадства на той беларускай мове, якую яно хоць трохі ведала з школьных падручнікаў, кніг Караткевіча і Быкава, праграмаў радыё і тэлебачаньня, дадаткова ўскладняць праблему мовы яе канцэптуальнай контррэформай, хоць трохі ўцямнай адно філалагічна адукаванаму чалавеку – да гэтага хіба толькі зацяты вораг беларушчыны мог дадумацца.
Адчайная спроба ўнармаваньня ў шырокай грамадскай сьвядомасьці “тарашкевіцы” паставіла крыж на пашырэньні беларускай мовы праз апазіцыйныя нацыянал-дэмакратычныя выданьні (у дзяржаўных выданьнях “тарашкевіцу” даволі хутка заблакавалі) і, у адваротны бок, — на філалагічным тыпе палітыка ды палітыкі...
Мая дачка, вучаніца Беларускага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа, дзе ад пачатку нелегальна запанавала “тарашкевіца”, гэтым летам (2003 год) са студэнтамі педуніверсітэту езьдзіла ў фальклорную эксьпедыцыю. А калі вярнулася, то з сарамлівым посьмехам зазначыла:
— Ведаеш, тата, у вёсках нашую беларускую мову ніхто не разумее.
— Натуральна, — буркатнуў я. — Нашыя філолагі сваёй мовай загубілі палітыку, а сваёй палітыкай — мову.
Тэза залішне эмацыйная і таму ня надта справядлівая. Сьляпое памкненьне да прасоўваньня “тарашкевіцы” ў “народныя масы” бяспрэчна пагоршыла і ўскладніла агульную сітуацыю з беларускай мовай, хаця прычына самой сітуацыі, зразумела, паходзіць не з канфлікту “нармальнага” і “класічнага” правапісаў. Але пра самую гэтую прычыну ўжо даволі казалася вышэй.

21. Колькі словаў пра свабоду.
За свабоду можна змагацца, але яе нельга заваяваць (у адрозьненьне ад улады).
Свабоду нельга заваяваць – яе можна толькі дачакацца (ці не дачакацца).
Кожная вайна за свабоду канцуецца альбо паразай тых, хто за яе ваюе (Спартак, Ян Гус, Пугачоў, Каліноўскі, Чэ Гевара…), альбо паразай самой свабоды, калі яе ваяры перамагаюць. Бо заваяваную свабоду верагодна ўтрымаць адно тэрорам ці дыктатурай, як гэта было ў выпадку Вялікай французскай рэвалюцыі, Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі, шматлікіх лацінаамерыканскіх рэвалюцыяў…
Свабоду нельга заваяваць – яе можна толькі дачакацца. Але свабоды можна дачакацца адно ў тым разе, калі мы яе будзем чакаць і чакаць менавіта як свабоду.
Аднак ня трэба блытаць чаканьне з пасіўным перабываньнем у абыякавасьці. Калі мы моцна некага чакаем, то мы рыхтуемся яго сустрэць. Чаканьне свабоды – гэта падрыхтоўка да сустрэчы са свабодай, якая абавязкова адбудзецца…
Свабода ніколі не прыходзіць туды, дзе яе не чакаюць. Таму яна і не зьявілася на Беларусі пасьля распаду савецкай імперыі. Адсюль і паўстае задача кожнага, хто заангажаваны прыйсьцем свабоды на Беларусь – мацаваць і вялічыць дыскурс чаканьня. А сродкі ў гэтай справе могуць быць самыя розныя: ад культурніцкай працы да палітычных акцыяў. Толькі пры гэтым трэба выразна ўсьведамляць, што сэнс і культурніцкай працы, і працы палітычнай не ў здабываньні свабоды, а ў стварэньні сітуацыі яе масавага чаканьня. І калі мы ў сваім мностве станем чакаць свабоды – яна нас не праміне…

22. Бяз нас.
За палітычнымі мітынгамі, шэсьцямі, палемікамі, рэпрэсіямі міналі гады. Беларуская нацыянальная апазіцыя, адна з буйнейшых у тагачаснай Еўропе, якая цягам амаль дзесяцігоддзя магла сістэмна выводзіць на вуліцы Менску дзясяткі тысячаў чалавек, пакрысе пачала зьнясільвацца, марнець, чэзнуць і напрыканцы дваццатага стагоддзя ў шырокім публічным плане згарнулася амаль у нішто. Але ніхто з лідэраў некалі ўплывовай нацыянальна-дэмакратычнай апазіцыі так і не схацеў заўважыць ні сваёй паразы, ні таго (куды больш істотнага), што краіна Беларусь ужо спрэс жыве бяз нас – нацыянальна заангажаваных.
Бяз нас яна садзіць бульбу, ладзіць вясельлі, стварае тэлепраграмы і зьнешнюю палітыку, бяз нас абірае сабе куміраў і прэзідэнтаў... Краіна Беларусь жыве бяз нас. Калі б ня колькі палітычных перадачаў на дзяржаўным радыё і тэлебачаньні, якія не стамляюцца ганіць “нацыяналістаў”, то сёньня ўжо мала хто б ведаў, што ў Беларусі, акрамя проста тутэйшых, ёсьць яшчэ нейкія сапраўдныя (“шчырыя”, “сьвядомыя”, “зацятыя” і да т.п.) беларусы, гэта значыць – мы. Тыя некалькі нашых радыёстанцыяў за межамі краіны і тыя некалькі “нашых” газетаў ды часопісаў унутры яе працуюць на нас і дзеля нас, а не на Беларусь і дзеля Беларусі. Тое самае можна сказаць і пра ўсе нашыя публічныя акцыі, мітынгі, шэсьці, пікеты, перформансы, графіці....
Натуральна, нашай віны ў гэтым аніякай. Мы лепей ад пацераў ведаем, хто адасобіў нас ад беларускага народу – Крэмль, КДБ, Лукашэнка, але найперш сам нацыянальна несьвядомы (спаланізаваны, скаланізаваны, зрусіфікаваны, засаветызаваны, манкуртызаваны, халопскі, быдлянскі, задраны і задрыпаны) беларускі народ.
Зразумела, што з такім народам мы (як толькі “мы” зьявіліся напрыканцы 80-х) не жадалі мець нічога супольнага. Але паколькі зусім без народу абыходзіцца не выпадала, то нам нічога іншага не заставалася, акрамя як улегчыся ў адраджэньне скампіляванай з размаітых парэшткаў былога ідэальнай, вясёлкавай Беларусі, дзе, згодна з нашымі меркаваньнямі, мы мелі шанец натрапіць на сапраўдны беларускі народ, якому ў асалоду было б і служыць, і маліцца...
На першы погляд – не ідэя, а цуд, але менавіта з гэтага цуду і распачаўся наш шлях упрочкі ад тутэйшага народу ў ідэальнае нікуды, бо гэтак сфармуляваная ідэя Адраджэньня адмовіла рэальнай Беларусі ў хоць якой вартасьці. За патрабаваньнем вяртаньня гістарычнай спадчыны, мовы і культурнага досьведу мінулага хавалася жорсткая ідэалагічная канструкцыя, у якую ня ўпісваліся здабыткі і каштоўнасьці тагачаснага беларускага грамадства, бо ўсе ягоныя перамогі, плёны і радасьці мелі альбо камуністычнае, альбо каланіяльнае паходжаньне. Згодна з выпрацаванай у падпольных галовах канцэпцыяй, права “чалавекам звацца” мелі адно героі супраціву расейскай каланізацыі і ахвяры камуністычнага тэрору.
Дзіўна, але глыбока рэпрэсіўную сутнасьць ідэі Адраджэньня не заўважылі ні яе адэпты, ні яе апаненты – уся ўвага канцэнтравалася на той частцы ідэі, дзе вялося аб “люстрацыі” вынікаў расейскай культурнай і палітычнай экспансіі. Але паколькі асноўным аб’ектам расейскай культурнай і палітычнай экспансіі быў “беларускі народ”, то ён і стаўся першай і галоўнай ахвярай адраджэнскіх рэпрэсіяў, якія, дарэчы, амаль і не кранулі сутвы самога расейскага імперыялізму, супраць якога былі скіраваныя па задуме.
Болей за тое, Адраджэньне сталася своеасаблівым інтэлектуальным генацыдам тагачаснага беларускага грамадства, яно адмаўляла ў праве на вартасную ацэнку свайго жыцьця ня толькі сучасьнікам, але і дзясяткам папярэдніх пакаленьняў, якія без супраціву жылі пад ярмом усходняга каланізатара. Праўда, у адрозьненьне ад памерлых, сучасьнікі яшчэ мелі шанец рэабілітавацца. Дзеля гэтага трэба было праклясьці сваё жыцьцё за камуністамі, прачытаць кніжку Міколы Ермаловіча “Старажытная Беларусь”, перавучыцца з нармальнай беларускай на “клясічную” мову, уступіць у БНФ і падпісацца на газету “Свабода”.
На пачатку дзевяностых (ХХ стагоддзя) гадоў шмат хто з паспалітых беларусаў (ці то з сораму за ганебнае мінулае, ці то з гонару за наноў скампіляваную гісторыю, ці то з крыўды за занядбаную Бацькаўшчыну) ступіў на пакаянны шлях да Ідэальнай Беларусі... Але далёка ня кожны дайшоў нават да рыштаваньняў, а з тых, што дайшлі, мала хто там застаўся.
Рэч у тым, што канцэпцыя Ідэальнай Беларусі, змацаваная на крыжы любові да свайго краю і нянавісьці да тых, хто дратаваў яго, добра пасавала для палымяных публічных прамоваў (на мітынгах, у вершах, публіцыстыцы), але выявілася цалкам непрыдатнай для рэальнага жыцьця. Бо яна змушала ўсіх іншых тоесьніцца ў агульнай любові і нянавісьці з тымі, хто яе зладзіў і запрапанаваў. А ў кожнага з “іншых” сэрца яшчэ балела за нешта сваё: за каханую, грошы, уладу, экалогію, Бога, братоў нашых меншых, камунізм, ядравую пагрозу, несьмяротнасьць... Таму пакрысе і сыходзілі са шляхоў да Ідэальнай Беларусі тыя, чые сэрцы спачатку адгукнуліся на палымяны покліч, а потым услухаліся ва ўласнае тухканьне і зразумелі: нам у іншы бок...
Але ў адзіноце “сьвядомыя” засталіся не таму, што ад ідэі Адраджэньня нехта адступіўся, а таму, што абсалютная бальшыня жыхароў дзяржавы, у якой “нацыяналісты” туліліся па завугольлі, і не зьбіралася выпраўляцца на адкрытую імі “новую зямлю”. Нават калі б па нечым загадзе іх заштурхалі туды рулямі аўтаматаў, то яны ўсё роўна ўпотайкі паразьбягаліся б адтуль па сваіх абжытых засіценках. Бо тут усё ім было спрэс незнаёмае і нясвойскае. Вакол нейкія Альгерды, Вітаўты, Сапегі, нейкае ВКЛ, БНР, СБМ і безьліч няўцямнага іншага. Ну добра, да незнаё­мага спакваля можна прызвычаіцца. Але як жыць без таго, што раней напаўняла жыцьцё сэнсам і значэньнем – бяз майскіх і акцябарскіх сьвятаў; бяз гонару за трактарны і аўтамабільны заводы, якія ты колісь збудаваў і на якіх адпрацаваў ладны кавалак веку; без пашаны за перамогу ў вялікай вайне, якую выйграў асабіс­та ты; без успамінаў пра палёты ў космас Гагарына і свайго роднага Кавалёнка... Дый увогуле, што ты забыўся на гэтай голай высьпе, адкрытай усім скразьнякам свабоды, калі ў цябе была магутная звышдзяржава, якую ты стварыў уласнымі крывёю і потам, і якая праз сваю веліч надавала велічы і табе?..
Дарэчы, тут да пары будзе заўважыць, што наш канцэптуальны разрыў з “беларускім народам” паходзіў ня столькі з рознага стаўленьня да мовы, гісторыі, ідэалогіі, колькі з вызначэньня таго месца, дзе беларусы жылі апошнія дзьвесьце гадоў. Мы лічылі, што ўсю гэтую пару беларусы заставаліся беларусамі і цяпер займелі свабоду і незалежнасьць толькі дзякуючы перманентнаму супраціву расейскай каланізацыі лепшых з нашых продкаў (і трохі – сучасьнікаў). А вось “беларускі народ” (і гэта пераважная бальшыня насельніцтва Беларусі), у адрозьненьне ад нас, меркаваў, што ніякай свабоды ён не займеў, але затое страціў вялікую дзяржаву, з якой лічыўся ўвесь сьвет. “Беларускаму народу” сьмешна было нават слухаць пра нейкае там шматгадовае рабства ў расейска-камуністычнай імперыі, бо ладную частку палітычнай, эканамічнай ды інтэлектуальнай эліты Расеі складалі беларусы па паходжаньні, а сама Беларусь у канфігурацыі імперыі займала адно з самых паважных месцаў, была індустрыяльна мадэрнізаванай і мела ці не найвышэйшы ўзровень дабрабыту сярод астатніх рэспублік Савецкага Саюзу. Нельга сказаць, што “беларускі народ” быў рашуча настроены супраць незалежнасьці, але і адмаўляцца ад сваёй вялікай гісторыі ў супольнасьці з Расейскай імперыяй ён не жадаў. Тым болей, што мы яму прапанавалі памяняць ролю вялікага воя і вялікага дойліда (які за гэтыя два стагоддзі ці то пабраў, ці то вызваліў палову сьвету, засвоіў касьмічнае прадоньне і збудаваў першую ў сьвеце камуністычную цывілізацыю), на ганебную ролю скаланізаванага раба, які сам з гэтага рабства нават вызваліцца ня здолеў.
Карацей кажучы, мы паклікалі “беларускі народ” у краіну, дзе ніхто не жыве, акрамя гістарычных і літаратурных зданяў ды прывідаў. І зусім натуральна, што ён не адгукнуўся на наш покліч у нікуды. А мы яго за гэта незалюбілі і нават трохі ўзьненавідзелі. Якімі толькі словамі мы ні бэсьцілі гэты балотны народ, што не хацеў караскацца за намі на голыя выспы свабоды! “Народ” нейкі час абыякава трываў нашую лаянку, а потым узяў ды адсунуўся ад нас падалей. І, здаецца, назаўжды.
Але ці магло быць інакш, ці магла хада падзеяў разгарнуцца ў спрыяльным для нас накірунку? Бадай што – не. І найперш таму, што іншымі не маглі быць мы самі.
Падмурак, на які мы абапіраліся ў сваім паўставаньні над вярэдзівам часу, мацаваўся трыма кутнымі камянямі: антыкамунізм, антыкаланіялізм і нацыяналізм. Бяз гэтых двух “анты” тады быў немагчымы трэці складнік. Калі фармавалася ідэя Адраджэньня (Ідэальнай Беларусі), хіба можна было ўявіць сабе такую канцэпцыю Беларускай Дзяржавы, якая б адначасна спалучала ў сабе плён супольнай беларуска-савецкай і нацыянальна-гістарычнай спадчыны. Хіба што як зьдзек тады магла быць успрынятая прапанова задзіночыць у межах аднаго дыскурсу ВКЛ і БССР, Слуцкае паўстаньне і савецкую партызанку, Астрожскага і Жукава, Рэч Паспалітую і СССР, Скарыну і трактар “Беларусь”, Грунвальд і вясну 45-га... Жорсткае разьмежаваньне з “беларускім народам” з аднаго боку па лініі “антыкамунізму”, а з другога – па лініі “антыкаланіялізму” было наканаванае нам тым часам, у якім мы падымаліся з каленяў. І памяць пра тое, чым мы падымаліся, будзе трымаць нас да скону (прынамсі, ідэалагічнага), нават калі гэты скон прысьпешыцца ўчэпістасьцю нашай памяці.

23. Беларусь як прастора сакральнага.
Будзем карэктнымі, на той час (самы канец васьмідзясятых – пачатак і сярэ­дзіна дзевяностых) каштоўнасьці роднай мовы, уласнай гісторыі, аўтэхтоннай культуры, незалежнай нацыянальнай Дзяржавы выглядалі відавочнымі не адно для адэптаў Адраджэньня, але і для досыць шырокіх “грамадскіх масаў”. Таму высілкі адпаведных палітычных згуртаваньняў былі скіраваныя нават ня столькі на папулярызацыю і прапаганду нацыянальнай ідэі, колькі на супраціў расейскай каланізацыі і камунізацыі, якія бачыліся галоўнымі перашкодамі для вольнага і натуральнага самавыяўленьня раней зрэпрэсаванай нацыянальнай сьвядомасьці.
Зрэшты, сама хада палітычных падзеяў мацавала ўпэўненасьць у каштоўнасьці нацыянальнага як канцэптуальнай вартасьці для ўсяго беларускага грамадства. Распад камуністычнага блоку, а затым і Савецкага Саюзу на мноства незалежных нацыянальных дзяржаваў, шматтысячныя шэсьці пад бел-чырвона-белым сьцягам ды “Пагоняй”, стварэньне суверэннай Рэспублікі Беларусь, старшынёй Вярхоўнага Савету якой становіцца дэмакрат і сьвядомы беларус, дзяржаўнасьць беларускай мовы і выразная тэндэнцыя да глабальнай беларусізацыі і г.д. і да т.п.
Карацей кажучы, бальшыня тагачасных фактаў і падзеяў як быццам адназначна сьведчыла, што, нягледзячы на адчайны супраціў старой партнаменклатуры і геапалітычныя інтрыгі Масквы, ідзе актыўнае фармаваньне грамадскай думкі на груньце нацыянальнай ідэі. І нават зьмена, на фармальна бязглуздай падставе, залішне нацыянальна сьвядомага і залішне дэмакратычнага старшыні Вярхоўнага Савету (Станіслава Шушкевіча) на трохі менш сьвядомага і трохі менш дэмакратычнага (Мечыслава Грыба), а затым выбары (заакцэнтуем – адносна свабодныя выбары) першым прэзідэнтам чалавека (Аляксандр Лукашэнка), які пабудаваў сваю праграму на радыкальнай мінімізацыі дэмакратыі і незалежнасьці, як і наступныя рэферэндумы аб скасаваньні нацыянальнай сімволікі ды (фактычна) беларускай мовы праз наданьне статусу дзяржаўнай мовы расейскай, падтрыманыя грамадствам, — не схілілі нацыянальную палітычную эліту да ўзважлівай ацэнкі таго, што насамрэч адбываецца? Але і цяпер, калі ад нацыянал-дэмакратычных партыяў, рухаў ды аб’яднаньняў засталіся адно руіны, калі на выбары прэзідэнта яны нават не адважваюцца высунуць свайго выразна знацыянаванага кандыдыта, не відаць, каб нехта ўсур’ёз задаўся пытаньнем, а чаму гэта беларускае грамадства ў сваёй пераважнай большасьці адхіліла нацыянальную ідэю як форматворную дамінанту пабудовы новага ладу жыцьця? Іншымі словамі, чаму ідэя, па ўсіх класічных канонах прыдатная легчы ў аснову фармаваньня салідарнай грамадскай думкі, у канкрэтнай сітуацыі Беларусі выявілася ў форме “навязваньня” грамадству ідэалогіі Адра­джэньня, на што зважалася ў папярэднім разьдзеле?
Але даводзячы, што абраны ідэолагамі Адраджэньня фармат нацыяналізму апынуўся не прыдатным для беларусскай сітуацыі, я зусім ня маю намеру сьцьвяр­джаць, што на Беларусі мае шанец запанаваць нейкая іншая выразная ідэалогія: камуністычная, ліберальная, славянафільская... Ні ў якім разе.
Рана ці позна, але ўсім (нацыяналістам, камуністам, лібералам, дэмакратам, анархістам, глабалістам, хрысьціяністам, западнікам, русафілам...) давядзецца зьмірыцца з тым, што іншай, акрамя як сацыяльнай, беларуская дзяржава быць ня можа, бо для абсалютнай бальшыні насельнікаў нашай краіны прыярытэтнымі як былі, так і застануцца не нацыянальна-культурныя ці ідэалагічныя, а сацыяльныя каштоўнасьці. Адсюль лагічна вынікае, што асобам, заангажаваным Беларусьсю, як вялікім цэлым, трэба было б паспрабаваць скансалідаваць грамадскую думку на падставе сакралізацыі той рэальнасьці, якую мы маем, гэта значыць не выдумляць нейкія апрычоныя праекты новага Беларускага Дому, а памкнуцца ўсім разам сакралізаваць тую Беларусь, якая ў нас ёсьць, і такой, якая яна ў нас ёсьць.
Як нацыянальна заангажаванага беларуса мяне наяўная рэальнасьць Беларусі глыбока абражае сваёй здэнацыяналізаванасьцю; як апалагета дэмакратычнага ўладкаваньня соцыуму яна мяне ўсур’ёз трывожыць сваёй антыдэмакратычнасьцю; як прыхільніка лібералізацыі эканомікі і ўсяго дыскурсу грамадскага жыцьця яна мяне засмучае адсутнасьцю рэальнай лібералізацыі. Але ўсё гэта разам (і безьліч не згаданага тут іншага) бачыцца мне праблемнай бядой значна меншай, чым татальная прафанацыя Беларусі як у кожным яе лакальным фрагменьце, так і ў фармаце універсальнага цэлага.
Традыцыя прафанацыі Беларусі мае даўнюю гісторыю, згадаем хаця б кансервацыю максімальна зьніжанага міфу пра Беларусь, у сваю пару створанага Франь­цішкам Багушэвічам. Але мы ня станем наноў вяртацца да ўсёй неабсяжнасьці гэтай тэмы, а заакцэнтуем увагу толькі на адным яе невялічкім фрагменьце, зусім блізкім нам па часе...
Калі Аляксандр Лукашэнка займеў уладу, то апазіцыя (у мностве сваіх ідэалагічных мадыфікацыяў), каб яго перамагчы, не змагла прыдумаць нічога лепшага, як ва ўсіх зручных для яе формах і тэхналогіях, але найперш у падуладных СМІ, пачаць з дня ў дзень ганіць і ганьбіць ня столькі ўладу і непасрэдна Лукашэнку, колькі ўсю краіну, усё грамадства, пэўна, спадзеючыся, што чым больш жахлівым будзе выглядаць той сьвет, у якім мы жывём, і тыя людзі, сярод якіх мы жывём, тым хутчэй народ паўстане супраць таго, хто ўжахлівіў нашае жыцьцё. Каб падмацаваць гэтую тэзу прыкладамі, няма патрэбы кудысьці заглыбляцца, даволі нагадаць хоць колькі з безьлічы тых слоганаў, што ва ўсіх на слыху:”балота”, “быдляндыя”, “хамскі народ”, “жлобская нацыя, “саветыкусы”, “калгасьнікі”, “саўкі”, “крэолы” і да т.п.
Беларусь мусіць быць удзячнай сваім грамадзянам, што яны амаль забыліся на апазіцыйныя газеты, перасталі хадзіць на апазіцыйныя мітынгі і галасаваць за апазіцыйных кандыдатаў. Бо з гэтага пазьбяганьня паспалітым людствам хоць якіх ініцыятываў палітычнай апазіцыі вынікае спадзеў, што апазіцыя сваімі вербальнымі вывяржэньнямі забрудзіла ня ўсю краіну, а толькі ўласныя глузды і душы.
Ужо даўно зразумела, што “Луку на муку” перамелюць ня жорнавы апазіцыі, а ветракі часу. І некалі ж гэта здарыцца. Але калі мы разам ня вывернем устойлівую стратэгію шальмаваньня ўсіх і ўсяго на шляхі павагі да сваіх суайчыньнікаў і гонару за тую рэальную Беларусь, якой яна ёсьць цяпер, то і пасьля Лукашэнкі ня выкараскаемся з таго бруду, які плённа прадукавалі ўсе папярэднія гады. Здаецца, ня цяжка зразумець, што ў сітуацыі татальнай спрафанаванасьці ўсёй сацыяльнай прасторы такія сакральныя рэчы, як Дзяржава, не паўстаюць.
Зьвяртаючы ўвагу на татальную прафанацыю Беларусі як на рэальную пагрозу яе дзяржаўнасьці ня толькі сёньня, але і заўтра, я не хацеў бы, каб мае словы палічылі чымсьці накшталт закліку да перайменаваньне чорнага на белае, а белае на ружовае (гэтым дастаткова актыўна займаецца кожная паноўная ўлада). Праблема палягае не ў перамене знакаў, а ва ўсьведамленьні, што інтэнсіўная прафанацыя беларускай рэальнасьці адбываецца зусім не таму, што яна насамрэч ёсьць такой, а таму, што пэўным суб’ектам глабальнага палітычнага поля як знадворку (з Усходу ці Захаду), так і знутры (нацыянал-дэмакратам, сацыял-дэмакратам, лібералам, камуністам...) неабходна нагружаць Беларусь прафанным зьместам, бо толькі ў прасторы прафаннага яны могуць спадзявацца некалі аб’явіць свой апрычоны праект Беларускага Дому як адзіную форму яе сакралізацыі.
На жаль, ні досьвед паразы ідэі Адраджэньня, ні досьвед іншых ідэалагемных паразаў, як і гістарычны досьвед увогуле, не спыняюць марных спадзяваньняў нашых палітыкаў на ідэалагемную манапалізацыю гэтага краю, хоць шмат хто з іх добра ведае, што цягам усёй сваёй гісторыі прастора Беларусі лічы ніколі не была монаэтнічнай, монарэлігійнай, монасацыяльнай, монамоўнай і г. д.
Таму нам нічога не застаецца, як меркаваць, што і ў персьпектыве:
— Беларусь ніколі ня будзе толькі беларускай, але і ніколі яна ня будзе толькі расейскай ці польскай...
— Беларусь ніколі ня будзе толькі праваслаўнай, але і ніколі яна ня будзе толькі каталіцкай ці пратэстанцкай...
— Беларусь ніколі ня будзе толькі празаходняй, але і ніколі яна ня будзе толькі праўсходняй ці якой там яшчэ...
Гэтую гульню ў адмаўленьне хоць якіх татальнасьцяў на Беларусі можна доўжыць і доўжыць, аднак мы тут прыпанімся каб сказаць наступнае...
Асноўны цяжар праблемаў сучаснай Беларусі паходзіць з таго, што бальшыня нашых палітыкаў, інтэлектуалаў і проста актыўных грамадзянаў лічыць, быццам тая Беларусь, якую мы маем, гэта толькі руіны каланізацыі, калекты­візацыі, камунізацыі і г.д., на якіх адно некалі ў будучым магчыма зладзіць спраўны Беларускі Дом. Іншымі словамі, амаль усю папярэднюю хаду падзеяў на Беларусі яны ўспрымаюць як суму скажэньняў яе нейкай віртуальна сапраўднай гісторыі...
Я ж са свайго боку не даю веры такому падыходу, бо схільны лічыць усе ранейшыя паразы, акупацыі, генацыды ды ўсялякае падобнае іншае не скажэньнямі беларускай гісторыі, а самой гісторыяй, аднолькава сапраўднай, аднолькава нашай, як і нашыя перамогі, зьдзяйсьненьні, здабыткі. Таму для мяне тая Беларусь, якую мы цяпер маем, выяўляецца не руінамі лакальных дэфармацыяў апошніх некалькіх сотняў гадоў, а сакральным вынікам усёй тысячагадовай (як мінімум) гісторыі гэтай прасторы. А ўсё сакральнае варта шанаваць такім, якое яно ёсьць. Бо той, хто не шануе сакральнае, абірае сабе радзімай прафаннае.

4. Вялікая здрада*
Колькі (не падлічыць) беларусаў за апошнія паўтары стагоддзі ахвяравалі сваімі жыцьцямі дзеля аплікацыі нацыянальнай ідэі ў штодзённае жыцьцё краю!?. Зазвычай яны цяжка жылі і нядобра паміралі, закатаваныя (калі не фізічна, дык маральна) чарговай паноўнай уладай. Але як бы ні складваліся лёсы, усе тыя героі (добра вядомыя ўсім нам і нікому зусім не вядомыя), сьвята верылі, што рана ці позна іх мара ўцялесьніцца ў існую рэальнасьць і беларуская мова, культура, гісторыя будуць дамінаваць на кожным лапіку роднай зямлі, атуленай ад злыбяды гісторыі сваёй нацыянальнай Дзяржавай.
Гэтай надзеяй яны і трымаліся – і ў самім жыцьці і на самым апошнім яго скраі. І сваёй трываласьцю ўздымалі да веры ўсё новых ахвяравальнікаў уласных лёсаў... Аднак, падобна, надыходзіць пара вялікай здрады ўсім тым высокім мроям і спа­дзяваньням, дзеля ўвасабленьня якіх праз стагоддзі не ашчаджалі сваіх жыцьцяў лепшыя з беларусаў (а значыць і здрада кожнаму з іх персанальна)...
Формула гэтай здрады кранальна простая – Беларусь ніколі ня будзе толькі беларускай!
Што і казаць, у гэтай роспачнай казані няма нічога арыгінальнага – “ворагі беларушчыны” вунь калі ўжо сьцьвярджалі гэтаксама і нават куды больш радыкальна, бо заўжды праміналі ўвагай слова “толькі”.
І ўсё ж такі навіна тут ёсьць – і не абы якая. Бачыце, у маўленьні істотна ня што гавораць (усе людзі ад веку кажуць прыблізна адно і тое самае), а хто гаворыць і ад імя каго? Дык вось, за ўжо досыць доўгую гісторыю айчыннага нацыяналізму разуменьне, што “Беларусь ніколі ня будзе толькі беларускай”, адно ў наш час пачало фармавацца ўнутры яго самога і публічна абнаяўлівацца не супраціўні­камі ці “калабарантамі”, а зацятымі апалагетамі нацыянальнай ідэі. З рознай мерай абачлівасьці і ў кожным разе з адметнай інтэрпрэтацыяй уласнага здумленьня, але ўсе яны (пакуль не шматлікія), сьведчаць за сістэмны перакрут ў ацэнцы магчымасьцяў разгорткі нацыянальнага на Беларусі. І хаця футурыстычныя прыкіды наступных шляхоў і персьпектываў беларускага нацыяналізму пакуль адбываюцца ў россып, аднак сам гэты, увогуле гранічна сумны факт радыкальнага злому, абна­дзейвае, бо кажа пра разьвітаньне з вялікай рамантычнай ілюзіяй, якая ўжо даўно набрыняла згубай для ўсёй беларушчыны.
Натуральна, што калі з досьведу трагічнага прамінулага пачало высьпяваць досыць прыкрае ўсьведамленьне – відаць, зьбеларусіць усю Беларусь ніяк не атрымаецца, то перад кожным, хто гэтак думаў, рубам паўстала пытаньне: а тады як?
(Між іншым, апошняе ўжо само па сабе сталася надзвычай істотным, бо ва ўсе ранейшыя часы праблема выглядала безальтэрнатыўнай: альбо ўсё – альбо нічога. І тады капец Беларусі, паколькі ніякія іншыя, сінтэтычна-кампрамісныя варыянты нацыянальнага ўладкаваньня нават ня браліся пад увагу. А адсюль і адчай, і расчараваньні, і сыход упрочкі былых вернікаў нацыянальнай ідэі, як толькі сітуацыя ў сваёй безальтэрнатыўнасьці апыналася тупіковай)...
Гэты разьдзел (зрэшты, як і ўвесь тэкст), уласна, і прысьвечаны маёй візіі праблемы, сфармаванай рашучым запытам: “калі ня ўсё, то тады як?”. Але перад тым, як ужо наўпрост адказаць на радыкальны запыт, кансьпектыўна падсумуем усё раней сказанае, толькі ўжо ў праекцыі паразы татальнасьці традыцыйнай нацыянальнай ідэі.
Гістарычна і геапалітычна Беларусь належыць да еўрапейскага логатопу. Менавіта там (тут) быў дэтэрмінаваны інтэграл яе кону. Але пазьней наш Край будзе забраны Расейскай імперыяй і тымсамым надоўга апынецца адлучаным ад свайго натуральнага месца. Далей усё заладзіцца яшчэ больш пакручаста... Пакуль Расея, праз русіфікацыю краю, занурыцца ў вызваленьне ліцьвінаў ад плёну польскага каланіялізму, ва ўлоньні беларускай вёскі неўпрыкмет дафармуецца ўжо уласна беларускі этнас. Дзякуючы яму, неўзабаве ў суплёт нацыяў Расейскай імперыі дадасца і беларуская. Аднак расейскі нацыяналізм (у нейкі перыяд пад гаслам камунізму), у змаганьні за ўласную манаполію, пакрысе вынішчыць беларушчыну амаль да рэшты. Толькі і ў яго не атрымаецца вынішчыць пакліканьне гэтай прасторы да ўласнай суб’ектнасьці, якая была дэтэрмінаваная ёй конам...
Вось з усяго гэтага разам ў 1991 годзе мы атрымаем уласную Дзяржаву ў сярэ­дзіне Еўропы, але бяз хоць якіх выразных прыкметаў нацыі ў яе аснове.
Калі добра ўдумацца, то па-свойму гэта была жахлівая сітуацыя. Яе, бадай, можна параўнаць з сітуацыяй чалавека, які раптам заўважыў, што ён ня мае ценю. Як быццам усё ў яго, як у людзей, але ценю няма, і таму чалавек не дае веры свайму жытву.
Таму зноўку паўсталай Беларускай Дзяржаве, каб займець хоць якую матывацыю ўласнай канстытуяванасьці, трэба было тэрмінова запоўніць пустату ўнутры самой сябе чымсьці нацыянальным (як вядома, у ХХ стагоддзі толькі наяўнасьць нацыянальнага легімітызавала дзяржаву). Аднак Рэспубліка Беларусь здарылася залішне хутка, каб у каго быў час падумаць, а што ва ўмовах нашай сітуацыі можа быць вылучанае ў якасьці інтэгральнай формулы нацыянальнага?
Зрэшты, каб час на гэта нават і быў, то пра нешта падобнае ўсё роўна б ніхто ня думаў, бо тады нацыянальнае ў нас як бы a priori таясамілася з мовай, гісторыяй, культурай... А паколькі ўсяго гэтага на тую пару мы ня мелі, то і не ўяўлялася іншага выйсьця, як тэрмінова ўлегчыся ў адраджэньне зьніклага ды вы­нішчанага.
Хваля нацыянальнага Адраджэньня была магутнай, але “верхавой” – яна не скаланула глыбіняў шараговага побыту. Здаецца, Аляксандар Лукашэнка адным з першых палітыкаў зразумеў (нутром адчуў?), што як толькі “вецер аціхне”, хваля акуратненька ўкладзецца ў звычаёвую роўнядзь тутэйшасьці і ад “нацыянальнай пены” не застанецца ані знаку. А з гэтага вынікала, што Дзяржава зноў будзе нічым не легімітызаванай, акрамя як фармальнай атрыбутыкай самой дзяржаўнасьці... І тады ён пачаў шукаць апірышча Дзяржаве не ўнутры яе “пустаты”, а вонкі, гандлюючы з Расеяй адзіным, што ў яго было – голай атрыбутыкай дзяржаўнасьці.
Цікава, што два самыя знаныя беларускія палітыкі 90-х гадоў аднолькава спатыкнуліся на тым самым — на паразе ідэі нацыянальнага Адраджэньня (і нават аднолькавым чынам!). Уся розьніца хіба ў тым, што як толькі дынаміка нацыянальнага руху пайшла на спад, Зянон Пазьняк эміграваў за мяжу сам, а Аляксандр Лукашэнка паспрабаваў зрабіць гэта разам з усёй краінай. Але і ў тым і ў другім выпадку латэнтнай матывацыяй быў фактар “нацыянальнай пустаты”, якую яны ня ведалі чым яшчэ можна запоўніць, акрамя як нацыянальным Адраджэньнем.
Ня станем зноў вяртацца да пытаньня, чаму так сталася, што ў нас ніхто нават не дапускаў магчымасьці хоць якой яшчэ формы нацыянальнага ўладкаваньня, акрамя «моўна-этнаграфічнай». (Хаця гэты феномен, бяспрэчна, і патрабуе асобнага досьледу)... Бо далей я маю намер без усялякіх перадумоваў адразу і катэгарычна заўважыць, што гэтая форма нацыянальнага ўладкаваньня на Беларусі ўжо не жыцьцядайная і, значыць, не прыдатная да фармаваньня паўнавартаснай Нацыі.
Як засьведчыў досьвед паразы апошняга Адраджэньня, у дыскурсе БССР усе базавыя чыньнікі ўласна беларушчыны былі вылегчаныя да той меры, за якой яны страцілі здольнасьць самагенерацыі нават у спрыяльных для іх умовах. Гэта значыць, што цяпер канцэптуальна яны могуць існаваць адно ў сітуацыі штучнай падтрымкі, а самі з сябе – толькі ў фармаце лакальных падзеяў маргінезу. Адсюль заканамерна вынікае, што «моўна-этнаграфічны» канцэпт ужо ня можа быць па­кладзеным ў інтэгральную формулу беларускай Нацыі. А калі мы станем далей трымацца ранейшай практыкі і акумуляваць усе свае сілы на перамогу этнаграфіз­му, то сваёй ўпартасьцю самі данішчым беларушчыну да рэшты.
Даволі! «Трэба шукаць на іншых шляхох» (Ігнат Абдзіраловіч).
Як ужо казалася, формаў і спосабаў нацыянальнага ўладкаваньня мноства. І пра гэта напісана шмат артыкулаў і кніг (ахвочых да іх і адсылаю). Я ж тут у прыклад згадаю толькі досьвед Лацінскай Амерыкі, дзе нацыі (і, адпаведна, дзяржаўныя ўтварэньні) фармаваліся і не на сваёй мове, і не на аўтэхтоннай культуры, і не на «этнаграфічных межах», а, з нашага гледзішча, увогуле на чорт ведае чым. Імя таму дзіву — «крэольскі нацыяналізм». Гэта значыць, што не карэнныя індзейцы, і нават не мецісы (плён «сяброўства» беласкурых мужчынаў з цёмнаскурымі гаспадынямі кантыненту), а крэолы, нашчадкі іспанцаў, пазбаўленыя сваёй «гістарычнай радзімы», панастваралі ў Лацінскай Амерыцы розных дзяржаваў (Аргенціна, Бразілія, Калумбія, Мексіка, Перу, Чылі...), якіх сёньня ў сьвеце ведаюць куды лепш за Беларусь.
Тут нехта можа заўважыць, маўляў, ты яшчэ згадай афрыканскія племянныя нацыяналізмы ці ісламскі транснацыяналізм... Насамрэч, «экзатычны» досьвед Лацінскай Амерыкі, нягледзячы на папулярнасьць праблематыкі «крэольства» ў беларускіх інтэлектуалаў, наўрад ці дапаможа нам у вырашэньні ўласных справаў. Але мне згадка пра крэольскі феномен спатрэбілася ня дзеля перайманьня, а каб праз «экзотыку» больш выразна патлумачыць, што ёсьць (і магчымыя) іншыя шляхі ад таго адзінага, які для нас ператварыўся ў «ідэю фікс». І за прыкладамі няма патрэбы далёка хадзіць. Я ўжо не аднойчы згадваў побач з «моўна-этнаграфічнай» (гэтак званай «нямецкай») мадэльлю нацыянальнага ўладкаваньня — «французскую» (мадэль «грамадзянскай супольнасьці»).
На староньні беларускі погляд, у нацыянальным асьпекце паміж немцамі і французамі няма аніякай, прынамсі прынцыповай, розьніцы: і там, і там дамінуюць уласная мова, культура, гісторыя, атрыбутыка... Але насамрэч розьніца ёсьць — і розь­ніца прынцыповая.
«Французская» мадэль найперш трымаецца двух базавых пастулатаў: роўнае для ўсіх чальцоў супольнасьці грамадзянства і агульнае для ўсіх права. Усе астатнія чыньнікі (этнічнае паходжаньне, мова, культурны код, etc.) — другога плану, не-дамінантныя. Яны могуць быць, прысутнічаць, а могуць і не вытыркацца. Нязьменным і абавязковым застаюцца толькі роўнасьць у грамадзянстве і аднолькавае падпарадкаваньне ўсіх аднаму і таму ж Закону. Адсюль і не этнічны (расавы), а грамадзянскі (паспаліты) нацыяналізм, які перадусім фармуецца супольнай прыналежнасьцю да агульнага цэлага.
Натуральна, і «французская», і «нямецкая» мадэлі – гэта толькі схемы, якія рэальнае нацыянальнае жыцьцё ўжо так пазаблытвала, што ў кожным канкрэтным выпадку бывае цяжка разрозьніць: дзе тут што? Але ж у нашай сітуацыі якраз пакуль і йдзецца не пра канкрэтыку, а пра асновапалеглую базавую схему, на якой будзе магчыма аформіць нацыю ўжо ў нешта завершанае цэлае.
Дык вось, улічваючы, што беларушчына як такая ў асноўных сваіх атрыбутах (найперш мовы і нацыянальнай культуры) вынішчаная настолькі, што яе поўнавартаснае ўзнаўленьне не ўяўляецца магчымым, я б хацеў прапанаваць тэарэтыкам нацыянальнага будаўніцтва (і найперш — нацыянальна заангажаваным) перанесьці сваю ўвагу з «нацыянальна-этнаграфічнай» мадэлі на мадэль «грамадзянскай супольнасьці».
Так, у гэтым выпадку мы здрадзім нашым папярэднікам, але злагодзім беларусаў (і сябе саміх) з той рэальнасьцю, у якой беларускае грамадства ўжо знахо­дзіцца цяпер. Парадокс нашай сітуацыі палягае ў тым, што нацыянальнае ўладкаваньне Беларусі самахоць (інакш — праз прымус гістарычных падзеяў) адбылося па схеме «грамадзянскай супольнасьці». А падваліны яе заклалі... бальшавікі: і тым што згамавалі да званьня этнічную складовую беларускага нацыяналізму, і тым, што аформілі прастору бытаваньня беларусаў у трывалую і зграбную адміністратыўную адзінку — БССР.
На пярэдадні перабудовы беларусы, у асноўнай сваёй масе, ментальна ўжо амаль не вызнавалі сябе за беларусаў, аднак сваёй радзімай лічылі не Савецкі Саюз, не Расею, а менавіта Беларусь. (Я – той, хто жыве на Беларусі). Гэта значыць, што ў дыскурсе БССР адбылася яшчэ адна істотная метамарфоза: тут беларусы перасталі быць ня толькі беларусамі (у «моўна-этнаграфічным» асьпекце), але і «тутэйшымі». І калі пра першае толькі і гаворкі, то на другое, здаецца, ніхто і ўвогуле не зьвяртаў увагі. А дарэмна, бо, верагодна, у будучым гэты момант апынецца куды больш істотным за ўсе астатнія.
Пры ўсёй размаітасьці нацыяналізмаў, для кожнага з іх (бадай, акрамя габрэйскага і трансісламскага) на першы план выходзіць праблема «ўласных межаў». «Тутэйшы» мог лічыць сябе нават беларусам, аднак паколькі «тутэйшасьць» ня ведае мяжы, то яна і ня ведае нацыянальнасьці ў яе ідэнтыфікацыйным значэньні. А вось «тутэйшы», які гэтую мяжу ведае, перастае ім быць і, значыць, становіцца патэнцыйным нацыяналістам (чаго і каго — гэта ўжо іншая рэч).
Сітуацыя БССР сістэмна падрыхтавала Беларусь да ўласнай дзяржаўнасьці, а тутэйшых беларусаў да нацыяналізму, толькі не этнічнага, а паспалітага кшталту. Вось гэтага і не схацелі (ці не змаглі) угледзець тэарэтыкі і практыкі нацыянальнага будаўніцтва, калі ў 1991 годзе Беларусь атрымала дзяржаўную незалежнасьць.
Уласна, кароткая эпоха Адраджэньня — гэта латэнтны двубой этнічнага нацыяналізму з паспалітым. Цікава, што першы яшчэ напярэдадні распаду СССР прыдбаў сабе тэарэтыкаў, ідэолагаў і прыхільнікаў (у мностве), але пазьней так і ня выявіў адпаведнага патэнцыялу, каб татальна заканстытуяваць сваю візію нацыянальнага ў якасьці паноўнай ідэалогіі і практыкі грамадскага жыцьця. А другі – цалкам наадварот. Паспаліты нацыяналізм ужо на тую першапачатковую пару меў дастатковы патэнцыял, каб неўзабаве аформіцца ў дамінуючую форму нацыянальнага ўладкаваньня, толькі тады ніхто не зьвярнуў нават увагі на ягоныя магчымасьці.
Раней я пісаў: «...іншай, акрамя як сацыяльнай, беларуская дзяржава быць ня можа, бо для абсалютнай бальшыні насельнікаў нашай краіны прыярытэтнымі як былі, так і застануцца не нацыянальна-культурныя ці ідэалагічныя, а сацыяльныя каштоўнасьці». Калі ў гэтак радыкальна сфармуляванай выснове ёсьць рацыя, то, напэўна, я маю рацыю і ў тым, што зьвязваю нацыянальнае будучае Беларусі не з «этнаграфізмам», а з «грамадзянскай супольнасьцю» і, адпаведна, з паспалітым нацыяналізмам. Гэта значыць, што рана ці позна, але нам давядзецца нацыяналізаваць ні што іншае, як нашу сацыяльнасьць і, адначасна, самім нацыяналізавацца праз сацыяльнае, якое для беларусаў уяўляецца галоўнай каштоўнасьцю.
Дзеля таго, злагоджанага з наяўнай рэальнасьцю будучага, нам перадусім трэба перапыніць нябачную вайну двух беларускіх нацыяналізмаў – «моўна-этнаграфічнага» і «паспалітага». І першым запрасіць міру мусіць этнанацыяналізм: і таму, што ён пераможаны, і таму, што гэта ён распачаў вайну, і таму, што яму давядзецца шукаць у пераможцы літасьці і паразуменьня, каб знайсьці сабе месца і застацца ў той канфігурацыі беларускага грамадства, якая пакрысе сфармуецца на кацэпце паспалітага нацыяналізму.
.
25. Наастачу.
Жыць нацыянальнай iдэяй– гэта iдэалогiя.
Жыць з нацыянальнай iдэi – гэта тэхналогiя.
У эпоху краху ўсiх iдэалогiяў, калi быцьцё цалкам згарнулася да памераў тэхналагiчнага бытаваньня, нацыяналiзм марна аналізаваць, шанаваць i берагчы з гледзiшча ягонай iдэалагiчнасьцi...
Уласна, у зьвязку з праблемай нацыяналiзму ў тэхнакратычным грамадстве, ёсьць бадай толькi адно сапраўды iстотнае запытаньне: наколькi нацыяналiзм тэхналагiчны? Гэта значыць, наколькi ён вартасны не як iдэалогiя адбываньня быцьця, а як тэхналогiя адбываньня быцьця?..
Хаця, па вялікім рахунку, на гэтае запытаньне адказала само жыцьцё. Бо, насамрэч, нацыяналізм у сваім цэлым ужо даўно зусім не ідэалогія, а толькі тэхналогія арганізацыі соцыуму. Да таго ж пакуль гэта самая універсальная і найбольш эфектыўная тэхналогія, за што сьведчыць ягоная прысутнасьць паўсюль на зямной кулі. (Іншая справа, што феномен глабалізацыі, падобна, рыхтуе нам канцэптуальна новую мадэль уладкаваньня чалавецтва, але мы гэтую праблему пакінем абок гаворкі)…
Цi тэхналагiчны ў акрэсьленым значэньні беларускi этнанацыяналізм? Гэта лёсавызначальнае пытаньне. Бо калi — не, не тэхналагiчны, то колькi б мы ні ўлягалiся ў адраджэньне мовы, гiсторыi, культуры, колькi б ні ладзiлi мiтынгаў, пiкетаў, шэсьцяў, колькi б ні ганiлi кожную новую ўладу за яе абыякавасьць да ўласна беларускай візіі нацыянальнага праекту – усё будзе марна. Сучасная цывiлiзацыя не бярэ пад увагу не тэхналагiчныя iдэi, а тым болей не прымае iх да рэалiзацыi.
Вiдавочна, што сёньня на Беларусi ёсьць сферы, дзе этнанацыянальная iдэя – дастаткова тэхналагiчная iдэя. Тут найперш згадваюцца лiтаратура, часткова – адукацыя, фрагментарна – культура, у асобных праявах – палiтыка, гісторыя, беларускамоўная журналiстыка i да т.п. I хаця гэткiх сфераў вельмі мала, яны лакальна разасобленыя, пераважна не прэзентатыўныя, аднак iх наяўнасьць сьведчыць, што пакуль этнанацыянальнай iдэяй можна ня толькi жыць (эмацыйна, духоўна), але што з яе таксама можна i жыць (матэрыяльна, прагматычна).
Разам з тым, у беларускага этнанацыяналізму, як сістэмнай і самастойнай па­дзеі, падобна, няма будучыні. Засталося трохі пачакаць, каб убачыць, як яго прыгарне да сябе і ўжо ніколі не адпусьціць з абдымкаў паспаліты нацыяналізм. З гэтага можна моцна нурыцца, а можна і хоць трохі ўсьцешыцца. Ужо хаця б таму, што паспаліты нацыяналізм ніяк не абыдзецца без складовай этнаграфізму, асабліва тых яго фрагментаў, што забясьпечаныя тэхналагічнасьцю. А значыць беларушчына і надалей застанецца на Беларусі, прынамсі, ў тым яе патэнцыяле, які яна рэальна зможа сама з сябе выявіць…
Міне яшчэ колькі часу і пад беларускім нацыяналізмам пачнуць разумець зусім ня тое, што разумеюць сёньня. У ім мала застанецца ўласна беларушчыны, але затое будзе ўся Беларусь. І ў той Беларусі аб’явіцца процьма беларускіх нацыяналістаў, якім не да галавы будзе ні беларуская мова, ні нацыянальная культура…
Так яно станецца. Ужо ж напэўна.
Адно не пытайцеся мяне, ці добра гэта?
Не бывае правільных адказаў, правільнымі бываюць толькі пытаньні.