12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Маргарыта Аляшкевіч

_____________________
Выратавальная мізантропія.
Нататкі пра кнігу Альгерда Бахарэвіча «Праклятыя госьці сталіцы»


Пасьля прачытаньня кнігі Альгерда Бахарэвіча бачыш, што ўсё наўкол – фальш, жыцьцё – дрэнь і самы час вешацца на кальсонах. Твор, здольны прывесьці беднага крытыка да стабільнай дэпрэсіі, заслугоўвае адзнакі “моц­ны”.
Стваральнік беларускай інтэлектуальнай прозы працягвае свой досьлед мізантропіі, распачаты ў папярэдніх тэкстах. Людзей можна забіваць і ўваскрашаць – вы­штурхоўваць з вокнаў, кідаць нож у сьпіну, даваць ім цэлы горад для практыкаваньняў у чалавеканенавісьніцт­ве. Назіраць за імі, як за патагеннымі бактэрыямі, праз шкло, празрыстае толькі для назіральніка, сачыць, як яны групуюцца, забаўляюцца, размнажаюцца… Назар Мінус, першы, з кім знаёміцца чытач “Праклятых гасьцей сталіцы”, нагадвае Воланда, які разглядае са сцэны маскавітаў. Толькі Мінус глядзіць людзям ня ў твар, а ў патыліцы, не са сцэны, а з рубкі кінамеханіка, адкуль зазвычай ліецца на экран магічнае сьвятло ілюзіяў. Яго нязвычнае імя зьбівае з панталыку на­хабную журналістку: у Назары ёй “чуецца нешта біблейскае”, у Мінусе – штосьці адмаўляльнае. Воланд – фігура маштабная, Мінус – падкрэсьлена маленькая, гэта курдупель Цахес з тварам Энтані Хопкінса ў зені­це славы, ад яго нават серай не патыхае, як адмыслова падказвае аўтар. Аднак маленькі матэматычны знак здоль­ны ператварыць агромністую ліч­бу ў нішто.
“Пакрысе ў залі ўсталявалася ці­шыня, а ў рубцы кінамеханіка зноў загучала музыка. На гэты раз – працяжная, жудасная, трапяткая й рыпучая, як сухое дрэва ў ветраную ноч. І калі чалавек паднёс мікрафон да вуснаў, ніхто з нас /назіральнікаў у рубцы/ ня мог ужо прыняць ягоную лагоднасьць за шчырыя пачуцьці. Пад такую музыку станавілася зразумела: за ўсьмешкай гэтага ўпэўненага ў сабе чалавека хаваецца нешта ганебнае”
Запамінальных персанажаў шмат, герояў сярод іх вылучае нясьцерпнае жаданьне жыць у вежы са слановай косткі. Паколькі сланы ў дэфіцыце, вар’яцтва найлепей падыходзіць для адмежаваньня ад ненавіснага чалавецтва. Кіроўца аўтобусу есьць грошы, журналістка праз неадчэпны сьвіст у галаве становіцца карэспандэнтам Асірыйскага тэлебачаньня (якое за невыкананьне абавязкаў залівае супрацоўнікам у рот расплаўленае волава), замкнёнага ў музеі Кармушкіна перасьледуе нечысьць, Даражку мроіцца горад без людзей.
“Ён выйшаў на балькон… узіраўся ў вільготны й нерэальны горад, пакуль у ягоных вушах не зьявіўся знаёмы шум натоўпу; Даражок глядзеў на горад з заплюшчанымі вачыма: людзі беглі да гатэлю нібыта на штурм…той-сёй трымаў у руках сьцяг, і ставілі да сьценаў пажарныя лесьвіцы, і цягнулі абложныя прылады, і даражокбургцы лілі на гэты охлас кіпячую смалу.”
А вось прышчапіць камусьці фі­лантропіі апынаецца задачай няпрос­тай. Бадай што адзіны, хто спачувае людзям і рвецца ім дапамагчы, калі яны паміраюць ці губляюць прытомнасьць – гэта Маленькі Лекар, але й яму часам карціць “забыць зонд у чыёй-небудзь дупе”. На душы ў яго сьвярбіць, бо вакол ня людзі, а тупыя твары – “пустыя вочы, нізкі лобік і любоў да добрай жрачкі”. Малады Мастак спачувае свайму твору, які па загадзе камісіі мусіць заўжды ўдаваць бадзёрасьць, бо павінны служыць вобразам сучаснага жыхара сталіцы – сам творца прыбягае да цудадзейнага кактэйлю з “панацэну”. Аднак чароўнае рэчыва можа ажывіць чалавека, ды ня можа за яго палюбіць такое жыцьцё.
“Надзіманы чалавек асвойваў усё новыя й новыя глыбіні дабра, веры і аптымізму. У дадзены момант ён пазіраў на сваіх бацькоў з выразам дабрадушнай пагарды... ягоная пазітыўнасьць пачынала няўхільна руйнавацца, позірк набываў зьдзеклівае адценьне, быццам Надзіманы няздатна граў навязаную яму ролю... блі­­жэй да ночы Надзіманага можна было параўнаць хіба з сэрыйным забойцам... Ці варта казаць, як паглядаў на сваіх стваральнікаў надзіманы гігант ра­ніцай...”
Охлас, пролы, неандэртальцы – усе тыя, хто думаюць, што ведаюць, як жыць правільна, і ўпэўнена навязваюць гэта веданьне іншым. Ад іх чалавек з “разьвітым душэўным нюхам” можа выратавацца хіба аўтсайдэрствам (вар’яцтвам, беспрацоўем...) ды мізантропіяй. Бахарэвічава мізантропія падобная да скальпелю, што рэжа пачварны гнайнік: доктар па локці ў гноі, хворы мацюкаецца.

Шматзначнасьці тлусты шмат
У адным з эпізодаў Надзіманы апы­наецца волатам, які занадта доўга жыў сярод людзей. Наглядзеўся на іх і – узганарыўся. Ня хоча ўзьнясеньня і ўваскрашэньня, ня хоча паміраць за грэшных карузьлікаў, а хоча заставацца волатам з падціснутымі вуснамі і пагардай у позірку. Але напрыканцы, падчас сьвята, якога так чакала сталіца, увазносіцца і ператвараецца. А можа, адбываецца і штосьці іншае, у Альгерда Бахарэвіча заўсёды столькі значэньняў у адной і той жа дзеі, аднаго персанажа ці кавалку тэксту. Так, прыкладам, аповед пра паяданьне грошай адным разам гучыць як трызьненьне алкаголіка, другім – як маразм ветэрана, а больш шырока гэта вырачэньне штучных каштоўнасьцяў, чаго так ці інакш дамагаюцца ўсе героі.
Маю Леанідаўну мы бачым напачатку як дырэктарку кінатэатру – яна мужна слугуе нацыянальнай ідэі, арандатары ейнай кіназалы палохаюць жыхароў-суседзяў “загадкавым, аднак адназначна непрыстойным вок­лічам «Жыд ведае Русь!»”. Затым кінатэатр купляе Мінус, і Мая між­волі ператвараецца ў акторку ягонага тэатру, а нацыяналістычныя зборы – у фарс.
Што гэта за тэатр, які існуе “ўжо некалькі тысячагоддзяў”? Можа, гэта Бог глядзіць на нас праз празрыстае шкло нябёсаў, маўкліва сузірае нас, а мы Яго ня бачым. Можа, жыцьцё – гульня, і людзі ў ім акторы. Ці жы­ць­цё – гэта “караван, які праважае бессэнсоўнымі вачыма яшчарка”. Ба­харэвіч, паважаючы свайго чытача, не навязваецца з пэўным варыянтам, а прапануе некалькі і дазваляе выбіраць у залежнасьці ад эрудыцыі і асабістых перавагаў.

Дробязі, чароўныя дробязі
Валянцін Акудовіч, намацваючы слабыя месцы прозы Альгерда Бахарэвіча, адзначаў, што “дэталь нярэдка падпарадкоўвае сваёй прыхамаці вобраз”. І ў той жа момант багацьце дэталяў, аздобаў, прадуманасьць да дробязяў адзначаюць сапраўдны мастацкі твор. Панарама сталіцы намаляваная, як чароўныя мапы з казак: зачэпішся вокам за дэталь, які-небудзь будынак – ён адразу ж павялі­чыцца так, што кожную цаглінку мож­на разгледзець. Так, асобныя фразы, персанажы вырываюцца з кантэксту і зьвяртаюць на сябе многа ўвагі, замінаючы цэласнаму ўспрыняцьцю твору, але бяз іх раман быў бы бяднейшы: без чынуш “з фрыкатыўнымі гальштукамі ў роце”, бяз “плугу, якім аруць цішыню... з гэтай узаранай ці­шыні, засеянай дробнымі клопатамі, нічога не прарасьце – ну хіба што яшчэ адзін дзень, банальны, як хлеб”, без “разьвешаных нечай не пазбаўленай густу рукой водбліскаў ліхтароў”. Без фантазіі пра забарону спраўляць натуральныя патрэбы, што мусіла павялічыць жылую плошчу жыхароў:
“Знаходзяцца незадаволеныя, ладзяць сядзячыя пікеты... большасьць насельніцтва неўзабаве па-майстэрску авалодвае навукай патаемнай дэфекацыі й раніцай у нядзельку, як сьлед аблягчыўшыся ў замаскаваны пад урну з прахам продкаў унітаз, ідзе граміць сраных адшчапенцаў.”
У Набокава з анекдоту, распаведзенага ў адным творы, вырасла Лаліта. У Югасі Каляды апавяданьне ў апавяданьні стала сюжэтаўтваральным ходам. У Альгерда Бахарэвіча такіх “фантазіяў”, зачэпак для будучых сюжэтаў, багата рассыпана па кнізе, з-за чаго яна робіцца падобнай на кансьпект чагосьці большага.
Немалаважныя для нашага ўспрыняцьця і такія дробязі, як імёны персанажаў. Вось Даражок, у галаве якога, магчыма, адбываецца дзеяньне раману, бо ён любіць “выдумляць людзей і гутарыць з імі”. Ён падобны да Хадка з “Ніякай літасьці Валянціне Г.” і суфіксам, і асновай, у якой чуецца рух (хада і дарога). Абодва асуджаны на валацужніцтва сярод няшчасных ненавісных людзей, але Хадок – хадатай да вышэйшай сілы за неразумных, Даражок – дарагі сам па сабе, незалежна ад сьцежак-дарожак, якія ён абірае. Між іншым, Даражок адзіны ўзнагароджаны эпітэтам “сымпатычны”.
Вось Мая Леанідаўна, чыё імя нібыта падказана Марыйкай Мартысевіч, якая заўважыла пра імёны абраньніц герояў Бахарэвіча: “Тая – “Натуральная афарбоўка”, Яна – “Прыватны пляж...” маюць сьлед граматычнай адчужанасьці. Зрэшты, пазасталыя займеньнікі беларускай мовы пакідаюць нам надзею, што пісьменьнік пацешыць нас новымі жаночымі вобразамі з граматычна блізкімі імёнамі – Мая ці Свая”. Вось Кармушкін, ля якога будзем дарэмна шукаць кармушкі, вось Ірына, якая становіцца асірыйска-замяцінскім выцягнутым І...
Ірына дае падставу ўсумніцца ў беспамылковасьці карэктара кнігі. Раптам яна ўкліньваецца ў апавяданьне жаночымі канчаткамі там, дзе мусілі б быць мужчынскія:
“Я зноў адправіўся на кухню... мне было яе шкада... яна апынулася такой жа падатлівай і здатнай да выкарыстаньня, а імкнулася ж выглядаць згатаванай з асірыйскага цеста, з бабілёнскіх смуглявых камянёў. Я, канечне, разумела – тое, што адбылося, нагадвала хутчэй таропкае ўдушэньне, чым любоўны акт; было б у мяне больш часу, я б паказаў ёй свайго зімуючага рака... Пакуль я зьнясілена сядзела на кухні, спусташаючы бутэльку, яна запаліла сьвечку...”
Аднак Віка Трэнас адкарэктавала ўвесь тэкст сумленна. Калі тут і ёсьць памылка, дык толькі ў хворай галаве Ірыны, у якой раздваеньне ці нават раз-траеньне асобы.
На апошняе пытаньне журналісткі Назар Оскаравіч адказвае ў жаночым родзе: “Ведаеце, кім я працавала да таго, як стаць рэжысэрам? Езьдзіла па горадзе на вялікай бел-чырвона-белай машыне зь мігалкай”. На “хуткай” езьдзіць Маленькі Лекар – атрымліваецца, што персанажы блытаюцца адмыслова, бо прадстаўляюць розныя грані адной асобы...
У дробязях раскрываецца гумар, якім поўніцца апісаньне абсурднага жыцьця сталіцы:
“Дзейны дырэктар быў арыштаваны, відэасалён закрыты, у залі на суткі замкнуты поп з кадзілам, з калектывам праведзеная прафіляктычная размова, кінамэханіку ўвалена паўсотні шпіцрутэнаў, прыбіральшчыцы за пільнасць прысвоена воінскае званьне капітан, мэтадысту ўсаджаны ў сэрца асінавы кол, рэпэртуар прыведзены ў адпаведнасьць з нормамі...”
А яшчэ дробязі нясуць важную сюжэтаўмацавальную функцыю.

Кавалкавасьць
Раман развальваецца, як Надзіманы чалавек, якога на працягу кнігі майструе Малады Мастак. Кавалкі дыхтоўнай прозы сыплюцца на сталіцу і яе праклятых гасьцей, нас з вамі.
А гэта ў вас што?
На савецкай лямпе, што так удала імітавала старажытную жырандолю ў стылі барока, гайдаліся на скразьняку дзіравыя жаночыя калготкі. “Заб’ю суку”, вырашыў Мастак у адначасьсе, а Майк, адарваўшыся ад маляваньня, лянотна працадзіў:
Гэта мая дыплёмная інсталяцыя.
Словы гэтыя зрабілі на цётак цудадзейнае ўражаньне. Яны з павагай пераварылі іх у сваіх падобных да катлоў галовах, і тая, што была худзейшая, сказала:
А ў гэтым нешта ёсьць. Сучаснае мастацтва. Тут наўпрост лезьці нельга.”
Тэкст разьбіты на восем частак, кожная частка разьбітая на параграфы, якія могуць быць прысьвечаныя розным персанажам і падзеям. Тут выявілася нашае мысьленьне, назаўжды сапсаванае тэлерэкламай – хуткая зьмена кадраў, паўтор ключавых пазіцыяў. Нават драбленьне на кавалкі абумоўленае няздатнасьцю перагружанага інфармацыяй мозгу ўспрымаць вялікія тэксты. А дробязі мільгацяць, быццам горад у вакне маршруткі.
Першыя шэсьць частак – самастойныя, самадастатковыя гісторыі, якія ненавязьліва злучаюцца дробязямі: кавярняй “Вавёрачка”, песьнямі Івана Хруля, імёнамі Жданава і Найтмара... Усё гэта й стварае ўражаньне прасторава-часавай цэласнасьці яшчэ да таго, як героі сустракаюцца ў тэатры Мінуса. Даражок, вандруючы па пустым горадзе, заходзіць у майстэрню з Надзіманым чалавекам. Ірына на прэс-канферэнцыі з нагоды Сьвята чуе пра Мастака. Маленькі Лекар прыязджае ў дом побач з кіно імя Жданава (дзе затым будзе тэатр). Кармушкін, замкнёны ў музеі Хруля, чытае ў газеце пра тэатр “Мінус” і Маладога Мастака...
У дзьвюх апошніх частках нітачкі з усіх папярэдніх сьцягваюцца, прымушаючы напружваць памяць. Але гісторыяў многа, памяць слабая (а ўсё гэты загруз інфармацыяй!), і ўрэшце ствараецца гэткае постмадэрнісцкае адчуваньне другаснасьці тэксту, падмацаванае безьліччу цытат і спасылак на савецкую і не-савецкую мінуўшчыну, да таго ж часта кантамінаваных:
“Сто разоў уяўляў сабе трактарыст Ягорка, як кідае бомбу ў царскі экіпаж, аднак у вырашальны момант разгубіўся... утапіў пякельную машынку ў ставе на Патрыяршых, вярнуўся ў свой стылы пакойчык на Мойцы ды павесіўся на кальсонах.”
Кавалак, які ледзь не забіў па яркасьці астатнія тэксты, – цудоўная навэла пра музей Хруля з гогалеўскім ажыўшым партрэтам, булгакаўскім тэлефанаваньнем нечысьці да ахвяры і архетыповымі мілымі бабулькамі-ведзьмамі, якія трымаюць у тумбачках катавальныя прыстасаваньні...
Чытаньне адначасова нагадвае гульню ў хованкі (адшукваеш па старонках, дзе пэўная дробязь узьнікла ўпершыню) і вязаньне, калі пачынаюць разьбягацца петлі. Раздражняе ў бясконцым высьлізгваньні, няўлоўнасьці – і гэтым жа зачароўвае.
Да гэтага твору дапасуецца азначэньне, дадзенае Шлегелем: “Раман – твор твораў, цэлы суплёт паэтычных стварэньняў”, “багата і па-майстэрску сплеценая кампазіцыя, дзе ўсе магчымыя стылі шматкроць зьмяняюць адзін аднаго; з гэтых стыляў часта разьвіваюцца новыя спалучэньні...”
Альгерд Бахарэвіч падчас прэзентацыі “Праклятых гасьцей сталіцы” распавёў пра складаныя стасункі з раманам – маўляў, доўга ня браўся, бо ня ведаў, ці адолее. Тым ня менш, наклад зьніштажаць ня стаў, а толькі перапрасіў у чытачоў за тое, што кні­га атрымалася “слабейшая за папярэднюю”. Здаецца, аўтар усё ж какетнічаў.