12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Кнігапіс

_____________________


Гамлет у карункавых стрынгах,
серыя -наццатая

Віктар Ываноў. Асарці: паэзія, проза, п’еса. – Мінск: Галіяфы, 2009.
Па “Асарці” можна рабіць серыял – штосьці паміж “Ясені­ным” і “Ідыётам”, галоўнае, каб пра літаратуру і з Бязрукавым. Пра літаратуру – бо гледачы любяць зазіраць на творчыя кухні, дзе разборак паболей, а літаратурная тэма дае кінатвору прысмак элітарнасці. З Бязрукавым – бо нашто прымушаць гледача запамінаць розныя твары, хай будзе адзін у розных парыках. Быў бы і акторам-пасціжорам заробак, і беларускай літаратуры прамоцыя, і аўтару гонар і слава напалам з ганарарам. А гледачам зазвычай усё адно, абы адарвацца ад сваёй рэчаіснасці.
Сюжэт апавядання “Кутузава”, найдаўжэйшага ў кнізе твору, найбольш прыдатны для экранізацыі. Малады і канечне ж геніяльны творца Васіль Кутузаў заняты пошукам новай паэтыкі і заляцаннямі да кожнай новай дзяўчыны, якая трапляе ў кадр. Пакутуе ад непаразумення і жарцікаў калегаў (тут рэжысёр можа зрабіць лірычнае адхіленне пра стасункі Творцы і натоўпу, жаласлівыя дзяўчаты так і прыліпнуць да экранаў), наведвае розныя вечарыны і школы, дзе ў асноўным знаёміцца з дзяўчатамі і разглядае іх (камера дае буйныя планы ножак, бачных з разрэзаў спадніцаў, падымаецца ўсё вышэй, і да экранаў ліпне ўжо мужчынская частка аўдыторыі). Нявінныя забавы Васіля прыцягваюць увагу Пашы Пасюкевіча, творцы-бізнэсоўцы, які імкнецца скарыстаць кутузаўскую эпатажнасць для прамоцыі ўласнага праекту. Спробы адной з гераіняў – а яны ўсе, як на падбор, прыўкрасныя – ацывілізаваць Васіля, зрабіць з яго нармальнага хлопца, замінаюць планам прагматыка Пасюкевіча, і былы вучыцель, зладзюга, адбівае ў паэты дзевак… Аднак бліжэй да двухсотай серыі ўсё ўпарадкуецца, Васіль з дапамогай усё той жа гераіні выкрывае Пасюкевіча і зрывае зладзейскія бізнэс-планы, ды так, што Пасюкевіч з’язджае далёка-далёка, у Антарктыду. Ці будуць шчаслівыя Кутузаў і Алеся, залежыць ад глядацкіх рэйтынгаў: калі будуць высокія, то ў сметніцу аўтарскі хэпі-энд і пагналі. Тым больш што гледачы не павераць, быццам Кутузаў-Казанова здолее застацца з адной дзеўкай, не вывіхваючы шыю для назірання за новымі чароўнымі ножкамі. А то можна зняць прыквел і нат не наймаць сцэнарыста, а скарыстаць яшчэ адзін твор з “Асарці”, “Подыхі творчасці”, дзе пра ранейшы перыяд жыцця Пасюкевіча з пікантнымі, як любяць гаспадыні, падрабязнасцямі (праўда, некаторым гаспадыням тыя падрабязнасці ў выглядзе калекцыі скарыстаных прэзерватываў падаліся брыдкімі).
“…У вас, безумоўна, свой арыгінальны стыль, вы прыгожа гуляеце са словам <…> але ж тэматыка вершаў мне зусім не падабаецца.
“Гэта добра, – падумаў Вася Кутузаў, – значыцца, плебс не ўспрымае маіх тэкстаў…” (“Фантазія 3”)
У гэтым серыяле непазбежна згубіцца ўсяго некалькі нязначных аспектаў. Пазнаванне прататыпаў, жарцікі над тым, што называюць сучбеллітам – непрыгожа, але для нашага выпадку трапна – гэта так, дробязь, баўка для сваіх. Але героі “Кутузава” шмат думаюць, куды менш кажуць і зусім мала робяць. Шпацыруюць, гавораць, жлукцяць піва, ядуць – і нават без скандалу пакідаюць піцэрыю, акуратна расплаціўшыся. Няма чаго здымаць, хіба Джармуша запрасіць рэжысёрам… Часам дзеянне адбываецца ў прабеле паміж тэкставых кавалкаў, сціпла хаваецца, як першая не-мройная сексуальная прыгода Кутузава ці поўха Васілю ад Алены. Ці, што яшчэ цікавей, як перадаць у “кіне” зліццё аўтарскага наратыву і плыні свядомасці героя, прыёму, які прымушае чытача спыняцца і разбірацца, ставіць пад сумнеў высокую пазіцыю аўтара (а ці не памёр ён там, сапраўды)? Ці такі прыём з арсеналу тых, хто на кодавую літару “п” – іх згадвае ў прадмове да кнігі Вера Бурлак, і калі ўжо яна чакала разумнейшых за сябе людзей, каб гаварыць пра той кляты “п”, дык і мы пачакаем, – як рэфлексіі наконт творчасці, інтэрактыўныя гульні з чытачом (прыкладам, падчас стварэння знешняга выгляду вакаліста Чарапахіна). А скразная іранічнасць?.. А ідыёцкія тэксты прыдуманых творцаў – эпізадычных роляў?
“Но где же Ноздряков, спросит меня, сгорая от уничтожающего нетерпения, читатель. Спешу удовлетворить это любопытство: Ноздряков в настоящее время находился все еще в состоянии определенного неведения относительно масштабов своей деятельности, когда он, как ты, читатель, наверное, помнишь, выпустил жирафа из его клетки на волю и он побежал по заводу, он работал у станка в дальнем цеху и находился в блаженном неведении.” – гэта ўрывак з апавядання пісьменніка Віктара Юдзіна. І аўтарскі каментар да яго: “А зрэшты, фіг яго знае, можа, і не Наздракоў быў у тым апавяданні, і не жырафа, і нават не завод. Не памятаю я, калі шчыра. І нават і стыль можа не супадаць – маю я права, у рэшце рэшт, забыць, якім стылем піша пісьменнік Віктар Юдзін?”. (“Фантазія 2”)
Сюжэт патанае ў карунках, якіх навязана вакол яго. Калі хочаце, сюжэтная нітка для таго і трэба, каб гэтыя карункі трымаць. Зноў жа возьмем “Кутузава”, бо ён даўжэйшы, з мноствам герояў (жанр твора аўтарам пазначаны як “раман у фантазіях”) і сваёй тэрыторыяй – Зямлёй-Пасажырскай. Пралог захоплівае пасядзелкі літабяднання – менавіта так, без апострафа, каб падкрэсліць сувязь з семай “бедны”, як тлумачыцца ў “Фінальнай фантазіі”. Літаб’яднанне – гэткі паноптыкум графаманаў, якіх утрымліваюць разам аднолькавыя для ўсіх кампліменты старшыні і жаданне надрукавацца, хай сабе і за грошы ў аб’яднанскім альманаху. Крытыка тут не ўхваляецца, а крытыкаў выганяюць з ганьбай.
“ – Дзетачка, – ня вытрымаў Жора і казаў далей адкрытым тэкстам. – Левая дзясьніца гэта хрэнь, і я-так-бачу таксама хрэнь <…> далей: “Эльфа всё предчувства гложут,/ Эльф на место меч не ложит”. Слова “ложить”… Жора не давяршыў сваёй думкі. Ён давёў паэтку да сьлёз – гэта быў тэхнічны накаўт, і бой спынілі. Жора быў дыскваліфікаваны”.
Увогуле ўсе гэтыя літаратурацэнтрычныя, тэкстацэнтрычныя рэчы цяжкавата будзе перадаць у серыяле, а прымі іх – і не застануцца ад твораў гісторыйкі пра падлеткаў і секс. Гэта, вядома, заўжды цікава, але цымус твораў “Асарці” ў іншым – у тонкіх і тоўстых стылізацыях, з’едлівых каментарах, самаіранічнасці творцаў, парадыяванні і самапарадыяванні.

Кастынг на галоўныя ролі

Вернемся да Бязрукава і патлумачым, чаму ў нашым серыяле ён прэтэндуе адразу на некалькі роляў – найперш Кутузава і Пасюкевіча. Яны падаюцца такімі ж блізнятамі, як Кроплік і Соплік з твору “Кроплік і Соплік”. Адзін актыўны, другі пасіўны, адзін прыносіць пакуты, другі іх церпіць, а часам і сам напрошваецца. З першага погляду ў Пасюкевіча і Кутузава шмат агульнага – “нефарматная” літаратурная творчасць, гіперцікаўнасць да дзяўчат, нават выкарыстанне ў дачыненні да іх аднолькавай тэрміналогіі, падкінутай наратарам (лірычнае адхіленне пра тыпы дзявочай прыгажосці можа быць часткаю плыні свядомасці абодвух герояў, а можа быць аўтарскім насланнём).
Пасюкевіч мусіць быць творцам, перакананым ва ўласнай геніяльнасці настолькі, каб ператварыць кватэру ў свой музей, перадспасылаць кожнаму вершу-экспанату грунтоўны аналітычны артыкул і запускаць праект “Бляск”. Кутузаў таксама ад сціпласці не памрэ, і постаць мае не абы якую – бронзавага помніка, і кутузавазнаўцы недзе недалёка бадзяюцца ў чаканні новых шэдэўраў. Абодва смешныя, але з Пасюкевіча смяемся без шкадавання, а з Кутузава – ледзь не з горыччу. Пасюкевіч прэ як танк – Кутузаў усё думае, адмоўчваецца, баіцца агульных месцаў (прыкладам, не можа прызнацца, што канцэрт гурта “Жаба ў кальяне” яму страшэнна спадабаўся – “не дазваляе гонар”), саскоквае (у тым ліку і літаральна – ад Алесі-Афеліі з падножкі трамвая), гатовы прывесці тысячы тэорыяў ва ўласнае апраўданне. Пасюкевічу ніякіх апраўданняў не трэба.
Любоў да мудрагелістых тэорыяў лучыць гэтую парачку і грае немалое месца ў тэкстах кнігі, якая распачынаецца, дарэчы, з таго, што Пасюкевіч у лазенцы вынаходзіць тэхніку аквабамбістыкі (падчас літаратурнай школы лектар-Пасюкевіч распавядзе пра аквабамбістыку ў шэрагу з іншымі нестандартнымі тэхнікамі пісьма, што, з аднаго боку, пакажа паходжанне ягоных глыбокадумных тэорыяў, з іншага – яшчэ больш саб’е пафас ягоных выказванняў пра неабходнасць зменаў у літаратуры). Адзін з варыянтаў празмернага захаплення тэорыяй, махлярскага эксплуатавання разумных словаў для прыкрыцця пустэчы дае яшчэ адзін персанаж, якога мог бы сыграць усё той жа бяствары-бязрукі. Чарапахін вучыць нашых герояў спяваць бакавымі сценкамі трахеі, пераконвае, што галасавых звязак у чалавека няма, затым правальна выступае на канцэрце і падвяргаецца абструкцыі і маральнай дэструкцыі з боку разумніцы Леначкі.
“– Я сьпяваў піяна на субтоне, – апраўдваўся Чарапахін. <…> Тое, што мы робім, гэта досыць складаная двухгалосная політанічная музыка, і гэта не куплет-прыпеў, а постсюітная форма ў чатырох з паловаю частках…” (“Фантазія 10. Поўны сур’ёз”)
Цікавая дробязь да выбару імёнаў: Чарапахін падчас выступу спрабуе спяваць на спіне. І, натуральна, апынаецца проста бездапаможным.
У кожным тыпусы, які наведваецца на літ-школы, вылучана і гіпертрафавана якая-небудзь рыса, якая тут жа знаходзіць адлюстраванне ў апісанні тыпаў графаманаў (зноў бачым любоў аўтара-наратара да класіфікацыяў). Наведванне кунсткамеры атрымліваецца запамінальным, ажно думаеш – ці не разгоняць пасля “Кутузава” ўсе аб’яднанні, як шкодныя для айчыннай літаратуры? Нешта зашмат саюзаў развялося :) Ды, вядома, на Беларусі творцы ходзяць статкам.
Панны бела-ружовыя

Давядзецца нашаму няшчаснаму актору і за жаночыя ролі ўзяцца. Не, не таму, што дзеўкі ў разгляданай прозе мужападобныя. Яны надзвычай і падкрэслена дзявочыя, гэтыя дзеўкі. Ідуць паперадзе будучага каханка па лесвіцы і шкадуюць, што спадніцу не апранулі.
А таму, што вобразы карыкатурныя і зліваюцца ў адзін твар-маску, якую бачна што ляпіў мужчына. З дзяўчаткамі так: спачатку паказваецца захапленне героя (Кутузава ці Пасюкевіча) знешнасцю паненкі, затым паненка існуе, як сатэліт, у сферы прыцягнення герояў, затым чароўны вобраз разбураецца якой-небудзь дробяззю – прыкладам, толькі вы паверылі ў ідэальнасць разумнай Леначкі, як прыўкрасная прапаноўвае Кутузаву дачакацца, пакуль яна кіне свайго Мішу, і абяцае, што васілёў “смычок” будзе першым у чарзе па яе “віолу”. Бр-р.
І былая пасія, зваліўшыся з п’едэсталу і рассыпаўшыся на мізэрныя аскепкі, саступае месца новай музе.
Талент аўтара ў апісанні дзявочых вабнотаў беспадобны – гэта вам не купалаўскае прэснае “за белымі грудзьмі сачу”. Будуць тут і вочы колеру гарбаты (цікава якой), ідэальныя ножкі, падвід ідэальныя неспартыўныя, і эратычныя лёгкія штонікі ў абліпачку, і кветачкі на пазногцях, і празмерна даўгія вейкі. Будзе раздзяленне на пафарбаваных і не, на тых, хто сядзіць на дыеце і не сядзіць… Але верш, напісаны для адной, Кутузаў з лёгкасцю чытае іншай, потым яшчэ адной – нашто дабру прападаць?
“Яна села (ад чаго халацік стаў нашмат карацейшы) і пайшла сваімі кароткімі кіпцюрочкамі працаваць над гузікамі. Яе доўгая шыя стаяла проста перад вачыма. <…> – Бягу-бягу, – крыкнула Марына, дастала з кішэні сурвэтку, паднялася, усё старанна абцерла і пабегла. На правай Марынінай назе засталася кропля, Вася хацеў спыніць, але не пасьпеў.” (“Фантазія 4. Мара ідыёта”.)
Камера заўважае самыя дробныя дэталі, кшталту тае кроплі, і старанна іх падае, утвараючы кіношнае жыццепадабенства, але глыбіні перажыванняў перадаць не можа (і гэта пры тым, што кутузаўскія перажыванні апісаныя жыва і з гумарам). Ці то дзеўкі Кутузаву трапляюцца невысокай вартасці, ці то разглядае ён іх з адной мэтай – здагадайцеся якой... Ат, не здагадаліся, з мэтай натхнення на літаратурныя шэдэўры. Крыху псіхалагізму і матываванасці набывае хіба што Алеся – нездарма ж яна, як выяўляецца, стрыечная пляменніца Пасюкевіча. Да яе прымяняецца ўжо вядомы нам прыём плыні свядомасці, што нараджаецца з быццам бы аўтарскага маналогу: апісваецца ахвярная натура Алесі, якая ўсё даруе Кутузаву і хоча зрабіць з яго нармальнага чалавека, а затым – бац! – змена ключа, са скрыпічна-узвышанага на басова-здзеклівы, і вось ужо Алесенька “з асаблівым пачуццём” “думае думку”, “якая яна загадкавая і непрадказальная”, і пяць разоў самой сабе паўтарае “казёл”. І зноў жа без Кутузава ці Пасюкевіча Алесі не існуе. А што яна радавод там нейкі складала – дык трэба ж было яе неяк у аповед укруціць.

Ідэі пра запас

Напышлівы Пасюкевіч прагаворвае не адну ідэю, важную для аўтара. Гэта, найперш, “БЛЯСК” – “Беларуская Літаратура Як Сеткавая Кампанія”, камерцыйны праект Пасюкевіча, і ягоная лекцыя пра не-катрэньчыкавую паэзію. Выкарыстанне прынцыпу сеткавага маркетынгу для прамоцыі беларускай літаратуры ўкладзена ў вусны адыёзнага персанажа, але сама ідэя не такая ўжо і вар’яцкая. Калі згадаць артыкул Віктара Ыванова, змешчаны на “навінах.бай”, у якім падлічваецца, колькі ў беларускай літаратуры чытачоў, дык задумаешся, што б такога ўтварыць, каб чытачоў пабольшала. І сеткавы маркетынг прыдасца.
Шкада, між іншым, што ў “Асарці” не патрапілі літаратурна-крытычныя артыкулы. Гэты даробак быў бы на карысць нашаму літпрацэсу – але, напэўна, разбураў бы цэласнасць кнігі (што яна цэласная, нягледзячы на маніфеставаную аўтарам анатацыі пярэстасць, – давесці лёгка, ды няма ўжо ні часу, ні месца).
Паўстанне супраць роўных вершаў катрэньчыкамі распачынаецца латэнтна на першым жа пасяджэнні літабяднання, з аўтарскіх кепікаў з паэткі Юліі Шмэрц, якая “ня той паэт, які напіша няякасны верш”, працягваецца ў творчасці Кутузава і Пасюкевіча і дасягае адкрытай формы на пасюкевічавай школе.
“Катрэны трэба ўвогуле забараніць пісаць. Ёсьць жа столькі нармальных чалавечых варыянтаў, ёсьць жа тэрцыны, актавы, рансарава страфа, спэнсэрава, ёсьць мільён аўтарскіх строфаў (ён зазірнуў у Дашын нататнік, убачыў “1 000 000 аўт. стр.” і ў думках цяжка ўздыхнуў). Бываюць памеры не такія, як вас у школцы вучаць. Ёсьць камбінаторная паэзія, ад паліндромаў пачынаючы і па спісе: абэцэдар, анаграма, брахікалон, далей з прыпынкамі ва ўсіх населеных пунктах. <…> Бо гэта ж немажліва! Даша, дай творы… вось, глядзіце: шаснаццаць вершаў. Пятнаццаць катрэнамі, адзін двухрадкоўямі. Усё пра каханьне, усё пра сябе. Рыфмы гэтыя… бррр!” (“Фантазія 11. Любоў і спорт.”)
Згадаем заклік аўтара з артыкулу “Парадокс”: “Ну не друкуйце ж вы столькi квадратных вершаў! Друкуйце круглыя, трохкутныя, у форме бутэлькi Клейна – якiя заўгодна”. Знойдзем сугучнасць. Пагартаем “Асарці” ў пошуку “катрэньчыкавых” вершаў. Знайшлі? Санеты ёсць, монаверш, метатрыялет, форму “Паэмы авала” будзеце дарэмна шукаць у слоўнічку Рагойшы… То ж бо. Бачыце, наколькі гэтая тэма важная? Ізноў падумаем пра тое, чаму гарачая прамова пра вершаваныя формы ўкладаецца ў вусны Пасюкевіча.
Пакуль гарталі кніжку, вы, пэўна, звярнулі ўвагу на аўтамабільны цыкл. Вось яшчэ адна ідэя, якой не заляжацца бы ў выдавецкай скарбонцы – калі б выдаць гэтыя вершы асобнай кнігай ды з добрымі выявамі, то пайшла б і на экспарт, бо аналагаў няма, а патрэба ёсць, прытым не толькі і не столькі ў філолагаў.
Яшчэ адзін закід да наступных выданняў і карысных ідэяў, якія можна пазычыць з кнігі – гэта Класіфікатар графаманаў, што можна было б выпусціць асобнай брашуркай і адправіць па рэдакцыях у дапамогу рэдактарам-пачаткоўцам, ім крыху гумару не заміне.

Форма

З боку формы, упакоўкі празаічных тэкстаў адзначым нелінейнасць. То паказваецца гаворка за півам, якая адбудзецца крыху пазней па сюжэце, то даецца паўтор тоста пасля пэўных разважанняў, то ўсплываюць дэталі сна Кутузава ўжо ў рэальнае жыццё, то дзяўчаткі, якія збягалі з літабяднання ў пачатку твору, з’яўляюцца зноў бліжэй да развязкі, замыкаючы нябачнае кола эвалюцыі герояў... Так што пільнуйцеся і атрымлівайце асалоду. І наастачу – урывак не разгледжанай тут драматургіі, якая ў кнізе прадстаўлена адным, ды шматабяцальным, творам:
“Э л і з а. Перш за ўсё я хацела б прачытаць нізку, прысьвечаную вашаму цудоўнаму гораду
Значны па аб’ёме корпус тэкстаў з глыбокімі асананснымі рыфмамі.
Наступны верш, ён напісаны яшчэ ў школцы. Я прысьвяціла яго сваёй настаўніцы па беларускай мове
Цэнтон з рыфмамі a ab abc bcd cde…
А гэты вянок санетаў напісаны ўчора ў салярыі
Вянок акрасанетаў.
Не стаміліся?
Г л е д а ч ы. НЕ!!!
Э л і з а.
Касіда на 75 бэйтаў.
Яшчэ я вельмі люблю хайку
Стужка з 27 хайку.
І на развітаньне я хацела б выканаць…”

Маргарыта АЛЯШКЕВІЧ.


...Каб дамаўляцца без пасярэднікаў?

Беларуска-літоўскі размоўнік//Baltarusių-lietuvių pasikalbėjimų knygelė. Укладальнік Алесь Мікус. – Мінск: Выдавец Зміцер Колас, 2009, 112 стр.

Калі гаворка заходзіць пра беларуска-літоўскія адносіны, то звычайна прамоўцы абіраюць высокія словы пра супольную гісторыю, агульную дзяржаву на аскепках якой мы апынуліся, і геаграфічную блізкасць сталіцаў. І не таму што ім неяк рупяць тыя Радзівілы, проста сучасны стан міжкультурных кантактаў такі нікчэмны, што даводзіцца ўспамінаць пра справы даўно мінулых стагоддзяў. Бо іначай і гаворка не завяжацца ды й размаўляць не будзе пра што. Бо нашыя культурныя сувязі напрацягу доўгіх дзесяцігоддзяў знаходзяцца дзесьці на ўзбочыне шопінг-тураў.
І той факт пры фінансавай дапамозе пасольства Літоўскай Рэспублікі выйшаў літоўска-беларускі размоўнік – вельмі добры сімптом. Ён сведчыць, што нарэшце зьявілася разуменьне таго, што суседзям ўсё ж варта спрабаваць дамаўляцца напрасткі, без дапамогі пасярэднікаў.
Але на гэтым добрыя навіны для вас у мяне сканчаюцца. Кніга пакідае гнятлівае ўражанне паспешліва складзенага праекту. На ўзроўні курсавой працы не самага стараннага студэнта. Прынятая аўтарам сістэма транскрыпцыі літоўскай мовы выклікае шмат пытанняў, але ніколі не дапаможа чытачу хоць трохі наблізіцца да ўзроўню вымаўлення, на якім яго пачнуць разумець носьбіты мовы. У першую чаргу гэта тычыцца рашэння перадаваць літоўскі дыфтонг ie дыграфам іэ. На самой справе, няўзброеным адмысловымі прыставаннямі, якія выкарыстоўваюць у эксперыментальна-фанетычных доследах, вокам адрозніць яго ад прывычнага нам «е» практычна немагчыма. У выніку беларуская транскрыпцыя ў размоўніку атрымала выразны грузінскі акцэнт. Праз увесь тэкст літоўская літара e, перадаецца як «я», хаця ў залежнасьці ад пазіцыі яна можа гучаць на беларускае вуха як «я» (то бок палаталізаванае «а» ці «е» (палаталізаванае э). Наступствам такога рашучага падыходу стала тое, што ў транскрыпцыі, прапанавай Алесем Мікусам, ветлівыя звароты да мужчыны і жанчыны выглядаюць абсалютна аднолькава, хаця ў літоўскай мове гэта не амафоны і амографы. Мне цяжка вызначыцца, гэта дрэнна ці смешна.
Акцэнталогія літоўскай мовы не з'яўляецца для замежнікаў лёгкай і зразумелай. Да ведама, каб уявіць сабе аб'ём праблемы, з якой сутыкаецца кожны чалавек, які вырашыў яе вывучыць – у мове нашых суседзяў націск рухомы, існуе тры яго тыпы, і ён да ўсяго можа трапляць як на галосныя, так і на санорныя зычныя. Але аўтар палічыў гэтыя зьвесткі абсалютна лішнімі для беларускага чытача, і ў транскрыпцыі для пазначэньня акцэнту пакінуў толькі вядомы беларусам са школы акут. Я разумею, што гэта ўсё ж размоўнік, а не сур'ёзная лексікаграфічная праца, але аўтэнтычную разметку інтанацыяў у літоўскай частцы тэксту можна было пакінуць.
Укладальніку размоўніка, відавочна, бракуе агульна-філалагічнай падрыхтоўкі. Калі яе памножыць на не вельмі шырокую эрудыцыю, то атрымаем у выніку безліч недакладнасцяў. Аўтар піша: «Літоўская мова не мае такіх характэрных беларускай мове асаблівасцяў вымаўлення, як дзеканенне-цеканне, аканне-яканне <...>.» У гэтым тэзісе, для таго, каб ён стаў падобны да праўды, не хапае толькі аднаго прыметніка: «літаратурная». Бо ў літоўскіх дыялектах вельмі проста знайсьці і цеканьне, і дзеканьне, і аканьне. Больш за тое, яны – асноўны маркер, паводле якога можна адразу пазнаць носьбіта паўднёва-аўкштайцкіх і прывіленскіх дыялектаў. Можна спрачацца (альбо не спрачацца) наконт таго, ці роднасныя генетычна гэтыя з'явы да тых, што назіраюцца ў беларускай мове. Але адмаўляць само іх існаваньне нельга.
Даволі рэвалюцыйна гучыць тэзіс: «Літоўская мова можа быць цікавая беларусам не толькі таму, што гэта мова краіны, з якой Беларусь мяжуе. Гэта яшчэ і мова, падобная да гаворак, якімі размаўлялі продкі беларусаў у сівой старажытнасці. Праз літоўскую мову беларус можа даткнуцца да сівой спадчыны, якая таксама ягоная». Да такіх рашучых высноваў можна прыйсьці толькі праз адну акалічнасьць – абсалютнае няведаньне гісторыі літоўскай мовы. У мяне няма сумневаў, што ў фармаваньні беларускай нацыі ўдзельнічаў і балцкі субстрат, але ці былі тыя балцкія гаворкі вашых прашчураў надта падобнымі да сучаснай літоўскай літаратурнай мовы – вялікае пытаньне. Літоўская мова (як і любая іншая) з цягам часу змянялася. У дваццатым стагоддзі ў Літве выразна віравала тэндэнцыя моўнага пурызму (зрэшты, яна выразна дамінуе ў масавай свядомасьці і сёння), таму з лексічным складам мовы даволі адбыліся значныя змены, якія зусім не наблізілі яе да тых балцкіх гаворак, што існавалі калісьці на тэрыторыі сучаснай Беларусі. І калі для носьбіта беларускай мовы такія літоўскія лексемы cybulė, brudas, arielka, kvietka, chlapčiukas, gadynė (прыклады можна набіраць бясконца) пры ўважлівым разглядзе акажуцца блізкімі і зразумелымі. То і для літоўца, які заспеў мову дзядоў ў варыянце «несапсаваным» школьнай адукацыяй тыя цыбулі, бруд, гарэлка, кветка, хлапчук, гадзіна – не будуць гучаць птушынай мовай. Як ні парадаксальна выглядае для беларускіх балтафілаў, менавіта для літоўскага чытача вывучэнне сучаснай беларускай мовы – добрая нагода ўспомніць родны дыялект і мову дзядоў.
Імкненне (натуральнае і зразумелае) аўтара навязаць свае лінгвістычныя густы – недарэчнае для даведачнага выдання. На старонцы 18 літоўскаму чытачу паведамляецца: «Зварот «прывітанне» таксама часам выкарыстоўваецца, але ён запазычаны з расейскай мовы». Магчыма, гэты назоўнік з'яўляецца калькай. Але не так складана для яго знайсці дзеяслоў-фармант «вітаць». Але навошта, нават з добрымі намерамі ўводзіць у зман людзей наконт наконт таго, што гэтая форма менш частотная за «вітаю»? Жанр размоўніка не пакідае месца для рэалізацыяў аўтарскіх фантазіяў. Неахайнасць і недакладнасць у фармулёўках гэтай работы прыгнятае. Без папярэдняга тлумачэння асаблівасцяў літоўскай антрапамінічнай сістэмы ўжыты ўкладальнікам выраз «жаночыя імёны тыпу Aušra“ (стр. 20) – знаходзіцца па-за межамі логікі.
Не бачу нічога станоўчага ў тым, што аўтар ідзе (слепа ці свядома – не так і істотна) следам за тэндэнцыяй экзатызацыі літоўскіх рэаліяў і літоўскай мовы. Верагодна, такі падыход да феномену Літвы быў адзіна магчымы ў эпоху рамантызму і палітычна абгрунтаваны ў міжваенны перыяд, але давайце глядзець праўдзе ў вочы. Нашыя народы жывуць побач вельмі даўно. Мовы структурна – даволі блізкія, на працягу пэўнага (і надзвычай працяглага) перыяду беларуская мова вельмі моцна ўплывала на літоўскую, і нааадварот. Шчыльныя кантакты рэальна перарваліся ў міжваенны перыяд, калі паміж Літвой, СССР і Польшчай з'явіліся межы. Можа, больш прадуктыўна шукаць адзін у адным не экзотыку, а падабенства? Напрыклад, у раздзеле пра грошы ўзгадваецца імя патрыярха літоўскага нацыянальнага руху Ёнаса Басанавічуса, чый партрэт аздабляе купюру наміналам пяцьдзесят літаў. Але чаму б беларускаму чытачу не паведаміць, што доктар Басановіч сябраваў з братамі Луцкевічамі і быў адным з арганізатараў Беларускага музычна-драматычнага гуртка, у якім узначальваў музычную секцыю? Адной фразы хапіла б для стварэння кантэксту.
Не з'яўляецца моцным бокам кніжкі і краіназнаўчая інфармацыя. Каментуючы выявы на беларускіх грошах аўтар у пяці выпадках з адзінаццаці рэзюмуе адным сказам: «Пабудаваны ў даваенны/паваенны савецкі час». Няўжо нічога больш нельга сказаць пра гэтыя будынкі? На старонцы 31 прыводзіцца прыклад віншавання з Купаллем. Мала таго, што ў прыватным жыцці з гэтым святам людзі адзін аднога ў Літве надзвычай рэдка віншуюць (выключэнне складаюць хіба нешматлікія прыхільнікі неапаганскіх культаў), дык і замест распаўсюджанай формы «Joninės» аўтар прапануе менш частотныя і больш грувасткія словазлучэнні «Rasos diena» і «Jono diena». Калі вы паспрабуеце ўслед за Алесем Мікусам пашукаць у Вільні «бюро экскурсій» – то будзьце гатовымі да таго, што вашыя пошукі скончацца нічым. Верагодна, мінакі зразумеюць, што вам трэба, але ўстановаў з такой назвай амаль не засталося. Іх функцыі выконваюць турыстычныя агенцтвы і дзяржаўныя цэнтры турыстычнай інфармацыі.
Што да словаспісу і абсягу тэмаў, уключаных у размоўнік, то не магу не падзяліцца сваім здзіўленнем ад факту, што засталіся не закранутымі такія тэмы як падарожжа авіятранспартам, пошта і мабільная сувязь.
Нягледзячы на тое, што гэта далёка не ўсе заўвагі да гэтай кнігі, немагчыма не прызнаць за ёй адной вельмі карыснай функцыі. Літоўска-беларуска размоўнік з усімі яго недахопамі, хібамі і проста памылкамі друку дазваляе аб'ектыўна пабачыць становішча, у якім знаходзіцца беларуская літуаністыка. І як ні круці, гэтая кніжка адзін з камянёў у падмурку будучага літоўска-беларускага слоўніка, яго першая цагліна, якая была закладзена Аляксандрам Ружанцовым так даўно, што пра яе не памятаюць нават паважаныя кансультанты выдання.
Напісаўшы гэтую рэцэнзію, я дазволіў сабе правесці невялічкае сацыяльна-лінгвістычнае даследванне наконт таго, якая ступень зацікаўленасці беларускай мовай у сённяшняй Літве. На літоўскім букіністычным сайце выставіў свой асобнік на продаж. Кошт паставіў сімвалічны. На працягу двух тыдняў кніга сабе новага гаспадара так і не знайшла...
Андранік АНТАНЯН.