12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Лада Алейнік

_____________________
За відам від.

І. КВЕТНІК.

На ўрадлівай глебе беларускай літаратуры
кветкі ўзыходзяць штогод, часам, нават не ў сезон,
насуперак надвор’ю. Узыходзяць, убіраюцца ў сілу,
цьвітуць, радуюць… У кожнай і свая прывабнасьць,
і свой водар, і свой лёс, і жыцьцёвае наканаваньне.
Вядома таксама, што сёньня, у часы прагрэсіўных
навуковых тэхналогіяў штучна выводзяцца новыя
гатункі кветак, розныя гібрыды…
Яны, бывае, выглядаюць нават больш ярка, прызыўна,
чым “натуральныя”, распаўсюджваюць вакол сябе
моцны водар парфуму... Якая кветка сапраўдная,
выпешчаная сонцам, палітая дажджом,
напоўненая духмяным мядовым нектарам,
а якая штучная, набрынялая хімічнымі элементамі —
паспрабуй разьбярыся…

Белы гарлачык

Жэня Мартынюк.
Белы гарлачык.
Беласток: БДА “Белавежа”, 2004.

Вусны засмяглі,
сум у вачах
як авадзень.

Выцвіцеш маем,
мой белы гарлачык,
і разам увойдзем
у новы наш дзень.

Перад тым, як разгарнуць паэтычны зборнічак Жэні Мартынюк пад назваю “Белы гарлачык”, не ўтрымаешся, каб хві­лінку не палюбавацца на выяву кветкі на вокладцы. Сярод халоднага колеру вады ў аздобе абыякава-безаблічных талерак лісьцяў асабліва выразна бачыцца адзінокая прыгажосьць чысьцюткіх пялёсткаў безабароннага белага гарлачыка, што пакорліва гайдаецца-трапечацца на хвалях, падуладны зьменлівым настроям капрызьлівага ветрыку…
Кампазіцыйна кніжка складаецца з трох частак. У першай акварэльнымі фарбамі пастэльных таноў выканала мастачка эцюд сьвету сваіх пачуцьцяў. Тут інтанацыі пераважнай большасьці вершаў журботныя і песімістычныя. Гэта чуйнае рэха жаночых расчараваньняў, страта колішніх спадзяваньняў… Відавочны лейтматыў зборніка – сумная рэфлексія пра кволасьць чалавечых адносінаў, інтуітыўнае прадчуваньне блізкай зімы каханьня. Менавіта гэты мінорны настрой агучвае радкі самотнай музыкай жалейкі, ахутвае тонкай лірычнай меланхоліяй…

Не кажы нічога,
пакуль снежная мяцеліца
не замяце нашых слядоў…

Аглядаючыся на пройдзены шлях, разьвітваючыся са сваімі юначымі летуценьнямі, паэтка з прыкрасьцю асэнсоў­вае былую ўласную наіўнасьць, калі верылася ў непарушнае трывалае пачуцьцё, у шчасьце “на ўсё жыцьцё”. Гэты ма­тыў дамінуе ў вершах “Маё вяселле”, “Загубленая надзея”, “Багацце”, “Ростані”, “Сняцца мне”, выяўляючыся ў тыповых рамантычных вобразах-сімвалах – “А свечкі дагаралі”; “Бягу да дзвярэй, // адчыняю іх… // Але то сухавей!”; “На супольным парозе // развітальныя ру­жы”; “…развітальныя пісьмы // піша мне // залаты кастрычнік”.
У пачатку другой часткі зборніка надвор’е “яшчэ больш пагаршаецца”, ра­нейшы лірычны накцюрн зьмяняецца матывамі жалобнай безвыходнасьці, без­надзейнасьці, тут “самаспачувальнымі” сьлязьмі наскрозь набрынялі паэтычныя радкі (Каб магла // нанізаць на нітку // кожную слязінку…) Думаецца, агульны сэнс гэтага “цыклу” можна аб’яднаць у наступным чатырохрадкоўі:

Сады цвітуць штогод, штогод.
Сляза тугі на квецце ападае.
Нішто мяне не цешыць тут,
мой родны краю.

Некаторыя вершы спавядальнымі ін­танацыямі і “пакутлівым” пафасам зусім дароўніваюцца да галашэньня, дзе аплакваюцца “на кусочкі разбітыя ўспаміны”, нешчасьлівае жыцьцё, няспраўджаныя надзеі маладосьці. Паэтэса самазабыўна і метадычна разварушвае балючыя ўспаміны, перагортвае “старонкі свайго альбома”, вымольваючы “ў лёсу шчасця крышку хоць”. Далей – болей… Эмацыя­нальныя колеры інтэнсіўна набываюць адценьні роспачы, нібыта на вачах адбываецца экзальтацыя спакутаванай душы датклівай кветкі, пераход яе ў іншую маральную субстанцыю. Беспрасьветны жалобны смутак саступае тут месца змрочным арганным руладам, злавесна пачынаюць згушчацца эсхаталагічныя фарбы…

Пастаўце яго [камень – Л. А.] на магіле,
калі ўжо памру.

* * *
Ці хопіць сілы быць,
Пакуль гадзіннік не спыніцца.

(Не магу стрываць: каб ведала я таго “героя”, што гэтак “натхніў” паэтэсу, – дальбог, згадаў бы ён у мяне ўсіх сьвятых!..)
Не выклікае зьдзіўленьня, што напрыканцы кніжкі зьяўляюцца вершы, дзе аўтарка просіць суцяшэньня ў Бога. Вя­дома, што нярэдка шлях у Храм – адзінае выйсьце з роспачы. Але ж менавіта роспач і натхняла паэтку на творчасьць, абуджала мелодыі душы… Як жа быць? Сама ж яна і супакойвае свайго чытача:

Імкнуся, Хрысце,
слязьмі абмыць твае раны,
каб душа ачуняла –
ды задалёка мне
да суцяшэння Чары.

Яшчэ некалькі разоў цяжка ўздыхнуўшы ў вершах “Няма”, “Гуляю ў хованкі” і “Старыя забытыя дрэвы”, белы гарлачык нясьпешна паплыў у “восень жыцьця”, мроячы, “каб яна была толькі залатая”.

Чароўная лілея

Ірына Багдановіч.
Сармацкі альбом.
Мн., 2004.

Трапяткое маё каханне,
Залатая мая надзея…
Ад высокіх нябёс пасланне –
Бел-чырвоная бел-лілея
Упрыгожыла так мілавочна
Сход сармацкі…

Новы зборнік вершаў Ірыны Багдановіч “Сармацкі альбом” – ня толькі сьведчаньне паэтычнага таленту аўтаркі, але і красамоўнае выяўленьне тонкага густу, эмацыянальнай шчырасьці і датклівай чуй­насьці яе духоўнай ліры. Ужо сама назва зборніка абяцае цікавае падарожжа па старонках мінулага, інтрыгуючы, прадказваючы судакрананьне з сармацкаю культураю, з высакароднымі рыцарскімі традыцыямі, з самім гераічным духам продкаў. У прадмове да кнігі Ю. Хадыка падкрэсьліў: “У вузкім сэнсе слова “сармацкай” завецца культура ХVІ-ХVІІІ стст. У шырокім сэнсе яна ахоплівае шматвяковую гісторыю Вялікага Княства Літоўскага, калі нашы продкі ў бітвах з татара-мангольскімі захопнікамі вызвалілі Украіну. Спынілі наступ нямецкіх крыжацкіх ордэнаў. Трыста год стрымлівалі націск Масквы. Калі яны мелі сваіх князёў і каралёў, якіх абіралі на Соймах”.
Безумоўна, сустрэчы з паэтычнымі вобразамі “Сармацкага альбома” пакідаюць глыбокае ўражаньне, выклікаюць шматлікія міжвольныя асацыяцыі між гісторыяй і сучаснасьцю. “Насельнікі” вершаў І. Багдановіч – персоны вольналюбівыя і незалежныя: мудрыя каралі і годныя князі, мужныя рыцары і гордыя дамы, вобразы, надзеленыя шматзначнасьцю і сімвалічнасьцю, ахутаныя рамантычным арэолам. З імі, славутымі ваярамі, няўрымсьлівымі самаахвярнымі бунтарамі, чые пазнавальныя постаці бачацца на пераломных скрыжаваньнях эпохаў і ў лёсавызначальных сутарэньнях гісторыі, вядзе гутарку паэтэса, яны наталяюць нахненьнем і плёнам камертоны яе ўражлівага паэтычнага сьветаадчуваньня:

Цуд мне дараваны шыкоўны:
На фоне жыцця маляўнічым
Бачыць вас зрокам духоўным,
Калі немагчыма фізічным…

Лірыка І. Багдановіч спалучае фантазію з жывым уражаньнем, летуценьне з непасрэдным пачуцьцём, выкліканым са­праўднасьцю. Вершы, шчыльна зьнітаваныя ў непарыўнае адзінства асабістага і агульнага, бруяцца шматфарбнымі адценьнямі пачуцьцяў, выпраменьваюць яскравыя сьпектры эмоцыяў. Высокае пачуцьцё каханьня зусім натуральна атаясамліваецца аўтарам з палымянаю любоўю да Айчыны, а вобразы кветак – “бел-чырвона-белая лілея”, язьмін, ружа, астра, што скразным матывам праходзяць у вершах, – выдатнейшы мастацкі сімвал гэтай еднасьці, выразная яе персаніфікацыя. Абавязковая ўмова ўласнага шчасьця для паэтэсы – вольная і шчасьлівая Бацькаўшчына.

Як бы шлях наш не звузіўся вузкі,
Дух змагання наш не змалее.
Як да чашы даткнуцца вусны
Да ўрачыстых пялёсткаў лілеі.
І паўстане аднойчы ранне,
Калі зробіцца ўсё магчымым:
Трапяткое маё каханне
І свабода маёй айчыны.

Нельга пакінуць па-за ўвагай яшчэ адну відавочную рысу паэзіі І. Багдановіч – дзіўную гарманічнасьць твораў і асобы аўтара. Вядома ж, нярэдка бывае, што сьціплы, “непрыкметны” літаратар раптам “шакіруе” паплечнікаў па пяры трасіруючым агнём палымянага радка, а мацёры бунтар, што на прылюдна ірве на сабе кашулю, на паперы сьлязьліва настальгуе ў міноры. “Сармацкі альбом” ня з гэтага шэрагу. Тут усё адпавядае вобразу сп. Іры­ны – інтэлігентнага і шчырага чалавека, выдатнага навукоўца, аўтарытэтнага выкладчыка-філолага БДУ, вядомага сьпецыяліста ў галіне старажытнай беларускай літаратуры. У пластычнай гнуткасьці фразы, у рэчыўнай вобразнасьці радка чуецца асязальная пульсацыя яе паэтычнага метранома…

Попелам даўніх часоў,
Кафлі адроджанай глінай,
Звонам забытых падкоў
Стукае ў сэрца Айчына.

Трапіўшы ва ўладу такіх радкоў, перапаўняешся надзвычайнай урачыстасьцю пачуцьця, узьнёсласьцю думкі. Гэтае адчуваньне ўласьцівае нават Л. Галубо­вічу – “шчыраму” сябру шматлікіх аматараў пяра, які з абаяльнай усьмешкай аку­лы раз-пораз у “легальнай” перыёдыцы элегантна перакусвае хрыбты літаратарам. Так, у не зусім традыцыйнай для яго манеры, крытык характарызуе паэтэсу: “І. Багдановіч – <…> закрытая і псіхалагічная, напоўненая, нібы тая амфара на марскім дне, сваёй першабытнай гісторыяй і біяграфічнай таямнічасцю…” (ЛіМ, 19 сьнежня 2003 г.). І сапраў­ды, таямніцы духоўнага сьвету паэтэсы – філасофія пачуцьця, сэнсавая алегарычнасьць думкі, эмацыянальная насычанасьць, абрамленыя ў тэмпераментны радок, – наталяюць эстэтычную прагу сучасьніка, вымагаюць новага асэнсаваньня шматаблічнай спадчыны мінулага, даючы сьвежыя сілы аптымістычнаму позірку ў будучыню...

А гэты Дзень, Богам дадзены нам,
Як вольны ў палёце бусел,
Вястуе светлы і вечны Храм,
Які не разбурыць ні кат, ні хам,
Адроджанай Беларусі.

Напрыканцы хацелася б заўважыць, што, пранікаючыся высокім пафасам паэ­зіі І. Багдановіч, трапляючы ў эмацыйны палон яе творчых пачуцьцяў, зусім губляеш магчымасьць заўважаць, што часам замнога паўтараюцца пэўныя рыфмы (“рай” – “край”, неаднаразова “Айчына” – “магчыма/немагчыма”), якія ўжо сталі своеасаблівым клішэ ў беларускай паэзіі… Міжволі згадваецца, як у рамане “Рэвізія” А. Федарэнка распавядаў пра колішняе паседжаньне “літаратурнай моладзі” ў Доме літаратараў: «Чыстым, звонкім галаском, без адзінай запі­начкі яна, не гледзячы ў лісток, прадэкламавала доўгі верш на гістарычную тэму пра князя і князёўну, у якім ці не праз слова трапляліся “дзіды” і “воі”, “рамёны” і “цягліцы”, “веі” і “скрыдлы”… <…> Падымаўся хлопец ці дзяўчына, чыталі верш ці абразок; у вершах, як правіла, былі ўсё тыя ж “воі” – “веі”, “скрыдлы” – “дзіды”, “Храм” – “хам”… Бялявы хваліў усіх падрад – на той падставе, што “такія рэчы не прыме ніводная афіцыйная рэдакцыя”, а найвышэйшай пахвалой у яго было – “амаль як у Караткевіча»…
Аднак, нягле­дзячы на сапраўды значную колькасьць “гістарычнай” і “гераічнай” атрыбутыкі (яе, зрэшты, вымагае сама тэматыка), кніга чытаецца з вялікім эстэтычным задавальненьнем.
Нельга не пагадзіцца з Ю. Хадыкам, які раіць: “Прачытайце гэты невялікі зборнік цалкам. Каб з каляровых крышталікаў паэтычных вобразаў склаўся цэласны краявід сармацкага светаўспрыняцця”.
Справядлівая парада. Кніга цікавая, вершы годныя… амаль як у Караткевіча…

Каларытная астра

Аксана Спрынчан.
Вершы ад А.
Мн.: “Мастацкая літаратура”, 2004.

Пераглядаю свае фотаздымкі –
цюльпаны, бэз,
пралескі і нават архідэі,
гладыёлусы, ружы,
аксаміткі і хрызантэмы.

І ніводнай астры…
Яны схаваліся ў вершах.

Назва дэбютнага зборніка паэзіі Аксаны Спрынчан “Вершы ад А.” вельмі дакладна адпавядае зьместу. Кніга ў пэўнай меры нагадвае візітоўку: аўтар з кранальнай непасрэднасьцю распавядае пра сябе, пра сьвет сваіх пачуцьцяў і летуценьняў, пра свае зямныя клопаты, пра жаночыя ілюзіі і расчараваньні. Аўтэнтычнасьць верша – своеасаблівая “ідэнтыфікацыя” асобы або так званая “рэканструкцыя душы”, што далучае да сьветаасэнсаваньня паэткі, дае магчымасьць зірнуць на жыцьцё яе вачыма. А гэта заўсёды цікава і прывабна, бо мастацтва сьпецыфічна універсальнае, тут усё мае свой сэнс – і, безумоўна, ня толькі зьмест і форма, але і мэта, і метад, і прадмет, і тэхналогія творчасьці...

Выбіваю стэп
свайго жыцця…
Часам – збіваюся,
месцамі – забываюся,
збіваю высокі абцас душы
да вышыні нябыту…

Самазаглыбленасьць, самааналітыка аўтаркі – навідавоку. Чуйна ўслухоўваецца яна ў музыку ўласнай душы, асэнсоўвае душэўныя зрухі і спрабуе перадаць уражаньні праз мастацкія вобразы.
Многія вершы вымагаюць неадназначных інтэрпрэтацый, іх можна “лакалізаваць” і як роздум пра ўласную творчасьць (максімум шчырасьці), і “пашырыць” да “філасофіі мастацтва”:

Усё сваё жыццё
аркуш паперы
марыў пра малюнак,
які не ўбачыць ніхто,
акрамя яго.

Малюю
чыстым пэндзлем.

Увогуле, паэзіі А. Спрынчан уласьці­вая філасафічнасьць. Праўда, часам рэчы і зьявы, якія натхняюць аўтарку на філасофію, як, напрыклад, у вершы “Прыбіраючы кватэру”, нечаканыя... (“Когда б вы знали, из какого сора // Растут стихи, не ведая стыда…” (Г. Ахматава)):

У сонечным промні,
які ўварваўся ў кватэру
праз фіранку на акне,
выконваюць апошні танец
пылінкі.

Не кожнаму дадзена
Танцаваць перад смерцю.

Колькасна ў зборніку пераважае лірыка каханьня. Хоць нельга не заўважыць, што распачынаюць кнігу два вершы, на­поўненыя “шчырым патрыятычным пафасам”. Складаецца ўражаньне, што А.Спрынчан нібыта наўмысна прадэманстравала дасканалае ўменьне паэтызаваць “высокія” грамадскія ідэалы, каб амаль ад­разу ж засяродзіць увагу на прыватным і асабістым. Што ж датычыцца інтымнай лірыкі, дыяпазон аўтарскіх эмоцыяў тут вельмі шырокі, і гэта зусім ня дзіўна – жаночы сьвет багаты на пачуцьці, адценьні настрояў, сэнсавых інтанацыяў. Любоўныя вершы вельмі істотна выяўляюць размаітасьць эмацыянальных станаў паэткі. Часам, яны самотныя і цнатлівыя…

Я магла б намаляваць цябе
на палатне маіх мараў.
Не паспела – сустрэла.
Намалявала на палатне
сваёй памяці;

часам – ня вельмі…
Твая падушка ў моры маіх валасоў.
Ты ў нябёсах майго цела.
Хутка шторм.

Сярод творчых прыярытэтаў, якімі, верагодна, кіруецца ў сваёй паэзіі А.Спрын­чан, можна вылучыць два асноўныя: шчырасьць і натуральнасьць пачуцьця і своеасаблівая “вынашанасьць” мастакоўскіх вобразаў. Яе жаночыя пачуцьці, апранутыя ў вельмі адпаведныя ўборы “каляровых” словаў і карункавых фразаў, набываюць выразнасьць, акрэсьленасьць і важкасьць. Гэта асабліва заўважаецца ў вершах “Для мяне Вы шукалі…”, “Шэрай зязюляй…”, “Чорнай коткаю…”, “Жоўтае лісце пад нагамі…” і пад. Сакавітыя фарбы сэнсава-эмацыйных адценьняў дакладнымі штрыхамі падкрэсьліваюць алегарычнасьць паэтычных вобразаў, ме­тафарычнасьць мастацкіх сімвалаў. Несумненна таксама і тое, што канцэпцыя дэбютнага зборніка – “ўслухоўваньня ва ўласную песьню” – удалая і ары­гінальная. Паэтэса, якая ўжо неаднаразова прадстаўляла свае вершы на суд чытача ў беларускай перыёдыцы, упершыню прапанавала на ўвагу шырокай публікі “свой цэлы маленькі свет”, ад­крылася як асоба і як мастак, патлумачыла сваё бачаньне рэчаіснасьці. І шчодра забуялі яе астры – рознакаляровыя, яркія, непакорныя замаразкам рэгламентуючых канонаў, прывабныя непасрэднаю жывою пекнатой.



ІІ. ДЫЯРЫУШ.


…мудры…

Язэп Лёсік.
1921–1930.
Мн.: “І. П. Логвінаў”, 2003.

Юбілейнае выданьне збору твораў Язэпа Лёсіка, кніга, як адзначыў яе ўкладальнік А. Жынкін, “фактычна бяз наз­вы”. Сюды ўвайшлі публіцыстычныя і навуковыя творы славутага беларускага адраджэнца, што датуюцца 1921 – 1930 гадамі. Цалкам відавочная шчырасьць аўтара прадмовы, ягоныя прызнаньні: “Усё, што было зроблена, рабілася намі без аніякай выгады, часам на задор бу­дзённай працы, толькі дзеля светлай памяці і з удзячнасцю”.
Матэрыялы, сабраныя ў гэтым выданьні – мудрым дыярыушы гуманізму – насамрэч каштоўнейшыя дасьледаваньні беларускага навукоўца, чые меркаваньні як былі актуальнымі і справядлівымі ў пачатку ХХ ст., так і сёньня, у пачатку ХХІ-га, па-ранейшаму застаюцца надзённымі і запатрабаванымі. Безумоўна, найперш кніга прынясе вялікае задавальненьне прафесійным гісторыкам і філолагам.
Многія артыкулы Я. Лёсіка выклікаюць уражаньне, нібыта пісаліся адмыслова дзеля сёньняшняга дня, а іх аўтар прадбачыў сучасную сітуацыю. Напры­клад, такое: “Маладыя лектары і настаўнікі! <…> Школа – гэта сьвяцільня, што асьвячае сьцежкі да крыніц веды. <…> Вашы сьвечкі запалены, і вы становіцеся апосталамі беларускае справы. Цяпер, як ясныя зоркі, разыдзецеся вы па Беларусі, каб панесьці з сабою вялікую радасьць аб уваскрасеньні Беларусі. <…> Пільнуйце і бойцеся, каб не пагасла сьвечка замілаваньня вашага да свае многапакутнае Маці-Беларусі!..”
Крытычныя артыкулы Я. Лёсіка запамінаюцца глыбінёй думкі і пільнасьцю да важнейшых складнікаў пісьменьніцкага таленту, майстэрствам аналітыкі і мастацкай красамоўнасьцю. Характарызуючы паэзію Максіма Багдановіча, аўтар засяродзіў увагу менавіта на тых прыкметах творчай індывідуальнасьці мастака, якія якраз і вызначалі яго генія­льнасьць: “Яго [М. Багдановіча – Л. А.] талент умеў высякаць з сталёвых слоў такую форму чалавечай думкі, якая пры сваім самым звычайным зьмесьце палоніць пачуцьці чалавека чарадзейнай сілай. Форма вершу Багдановіча становіцца жывою, як сама чалавечая думка… <…> І формай свайго вершу, і зьместам свое поэзіі, і ўсім сваім сьветлым, кароткім, як чалавечая радасьць, жыцьцём, М. Багдановіч служыў тэй справе, якую мы называем справай адраджэньня, беларусінскім нацыянальным жыцьцём”.
Пісьменьнік і навукоўца, знаўца роднай мовы, Я. Лёсік валодаў яшчэ і прыроджаным “слыхам” да слова, ягонага гучаньня… Цудоўна разумеючы, што менавіта ў мове – культура народа, сьвядомасьць, сам “нацыянальны дух”, ён зрабіў велізарную працу па захаваньні гэтага скарбу. Сьведчаньнем таго стала і яго грамадская дзейнасьць, і навуковыя дасьледаваньні, артыкулы, якія ўвайшлі ў зборнік: “Неўстаноўленыя вы­падкі нашага правапісу”, “Да рэформы беларускага правапісу”, “Да рэформы беларускай азбукі”, іншыя. Ён піша: “…адзін скарб астаўся ў нашага народу ад далёкіх прашчураў. Гэты скарб – яго родная мова і роднае пісьменства <…> Абое – і мова, і пісьменства – як магчымасьць самасьвядомасьці, як памятка ад прамінулага і надзея на будучыя часы”.
Названая кніга – ня толькі важкі ўклад у нацыянальную літаратурную скарбніцу, але і даніна павагі велічнай асобе, чалавеку, які ў самых складаных жыцьцёвых варунках найперш клапаціў­ся, каб захаваць беларускае ў беларусу.

…спавядальны…

Янка Брыль.
Блакітны зніч.
Мн.: “Про Хрысто”, 2004.

У жанры лірычнай мініяцюры Янку Брыля без перабольшваньня можна назваць калі не пачынальнікам, то заканадаўцам. Але, думаецца, мала каму з айчынных майстроў прыгожага пісьменства ўдалося “далучыцца” да традыцыі майстра. Тут недастаткова адно ўражаньняў ды цікавых сустрэч, вопыту і мастацкага асэнсаваньня… Найперш мудрасьць і жыцьцёвая відушчасьць, настоеныя на шчырасьці пачуцьця, прапушчаныя праз “душу жывую”, прыцягваюць неаслабную чытацкую ўвагу да лаканічных занатовак пісьменьніка.
Новая кніга пісьменьніка “Блакітны зніч” вабіць шчырасьцю меркаваньняў, увагай да “дэталяў” жыцьця, якія ня кожнаму дадзена заўважыць. А вось “пачуўшы” іх ад Я. Брыля, нанава ўдумваешся ў глыбокі сэнс шматлікіх дробных “зьвёнаў” нашага існаваньня, з якіх, па сутнасьці, і складаецца цэльны жыцьцёвы ланцужок. Увагу маэстра прыцягваюць рэчы самыя розныя: чалавечыя ўзае­маадносіны, прыгажосьць самазабыўнай працы, сакавітае роднае слова, сучасныя грамадскія зьявы, літаратурныя і калялі­таратурныя падзеі… Думкі важкія, аб­грунтаваныя, справядлівыя, некаторыя з іх – нібыта “навырост”, “авансуюць” і стымулююць сучасьнікаў: “…радасна бачыць, колькі ў нас маладых, таленавітых сяброў ды сябровак. Каб ведаць іх, трэба многа чытаць. Вядома ж, няма нейкай суцэльнай, злітнай таленавітасці, трэба яшчэ шукаць ды знаходзіць сапраўднае. Аднак, радасна тое, што гэты наш, калі пакарыстацца вайсковай тэрміналогіяй, асобы батальён, звыш пяцісот чалавек, усё-такі ў уніформу не апранеш і строем грукаць кірзачамі ды гарлапаніць шчаслівую песню яму не загадаеш. Ёсць каму вольна, высока трымаць сцяг беларускай літаратуры, несці далей свяшчэнны агонь роднага слова…”
Розныя эмоцыі чуюцца ў гэтых філасафічных нататках – замілаванасьць, пяшчота, радасьць, часам настальгія, сум, заклапочанасьць… Аднаму пачуцьцю, аднак жа, не знаходзіцца месца ў лірычных замалёўках аўтара, што, дарэчы, вельмі характарызуе гэтага чалавека… Я. Брыль, пісьменьнік, імя якога вядома далёка за межамі Айчыны, адзін з буйнейшых аўтарытэтаў нацыянальнай літаратуры, амаль нідзе не дазваляе сабе дыдактызму або фанабэрнасьці. Калі ж зьвяртае ўвагу на пэўныя “парадоксы жыцьця”, то з адчувальнай іроніяй нібыта сумна пасьміхаецца: “Укормленая, модная дзявуля, адзіная дачушка з акадэ­мічна-цёплай сям’і. Ужо й друкуецца. Вершы як з цэглы, аднолькавыя. І вучыцца ў аспірантуры. Ахтунг! – і не заўважыш, калі прыйдзе і такое, што і яна пачне вучыць цябе, як пісаць, і гэта яшчэ трэба будзе перажываць”.
Шмат якія лірычныя замалёўкі Я. Бры­ля датычацца мінулага – гэта спавядальныя ўспаміны пройдзеных жыццёвых шляхоў, што захапляюць багацьцем уражаньняў, колькасьцю яркіх і запамінальных знаёмстваў, выпадковых і знакавых сустрэч, эпізадычных перакрыжаваньняў лёсу, што нярэдка рабіліся сьцежкамі трывалага і доўгага сяброўства. Гэтыя кароценькія гісторыі прывабліваюць сваёй непадробнай шчырасьцю, а часам выклікаюць натуральную зайздрасьць: “Пазаўчора ў Мінску, а сёння ўжо тут, на дачы, чытаў “Аўтабіяграфічную прозу” Цвятаевай. Успомнілася, як недзе калісьці чытаў, што Марына Іванаўна ў эміграцыі, у Празе і пасля, сябравала і перапісвалася з Валянцінам Фёдаравічам Булгакавым. Я ж таксама… добра знаёмы, а можа і ў дружбе быў з ім, і перапісваўся, і двойчы сустракаўся ў Яснай Паляне, з-за чаго і з ёю, Цвятаевай, адчулася нейкая блізкасць душэўная, цяпло прыхільнасці”.
З пільнай увагай і датклівай чуйнасьцю, якая, думаецца, уласьцівая далёка ня кожнаму майстру слова, Я. Брыль “услухоўваецца” ў народнае слова, імгненна “ловіць” яго ў выпадковых сітуацыях, сьпецыяльна “палюе” ў вясковых гутарках. Дбайнасьць і ашчаднасьць, з якімі аўтар абыходзіцца з роднаю моваю, выклікаюць ня проста вялікую павагу, але прыносяць сапраўдную эстэтычную асалоду ад залатога самародкавага слова. Не сакрэт жа, што ў апошні час усё больш зьяўляецца “шэдэўраў”, дзе на старонках шчодра буяе жаргон, слэнг. Гэта ўжо зрабілася амаль модна – прадэманстраваць такім чынам “праўду жыцьця”, агаліць рэчаіснасьць. Дарэчы, гэтая зьява не засталася па-за ўвагай Я. Брыля, праўда, таленавіты майстар выказваецца сьціпла, нібы “прабачаючыся”, без павучаньняў: “Вялікае інтэрв’ю ў часопісе стракаціць ад скарачэнняў нецэнзуршчыны. Толькі першая літара і мудрае шматкроп’е. Ведаючы ўдзельнікаў гэтага пуставата-піжонскага дыялогу, думаецца, што праўка зроблена ў рэдакцыі. А можа, яно яшчэ лепш было б – за кожным ра­зам даваць у дужках: (лаянка), (лаянка), (лаянка)?.. І гэтак далей, пакуль аж зусім не агоркне. Прапаную – і крыху няёмка: і ў самога часамі таксама “намёкі” бывалі, няшмат, аднак усё ж…”
Мініяцюры Янкі Брыля чытаеш і пе­рачытваеш мноства разоў, штораз ад­крываючы сьвет у новым і паўзабытым.


…трывожны…

Юрка Зубрыцкі.
Міжчассе.
Беласток, 2003.

Амплітуда творчых зацікаўленасьцяў Юркі Зубрыцкага (псеўданім беларускага пісьменьніка і выдаўца з Польшчы Геор­гія Валкавыцкага), выяўленая ў “Між­чассі” – ня менш, як цэлы сьвет, і вылучыць у ёй пэўную дамінанту немагчыма. Названы зборнік – своеасаблівая “плынь сьвядомасьці”, дзе ў полі зроку аўтара ўсё, што можа прыцягнуць увагу сучасьніка, што вартае асэнсаваньня і далейшага абмеркаваньня. А вось у эмацыйнай афарбоўцы сітуацыяў, якія занатоўвае погляд мастака, несумненна, пераважаюць пачуцьці клопату і трывогі. У сваім “хокупадобным” дыярыушы аўтар ня толькі занатоўвае рэчаіснасьць з найбольш характэрнымі і значнымі яе праявамі, але і філасофствуе пра “вечныя” чалавечыя праблемы: сэнс быцьця, хуткаплыннасьць часу… Некаторыя вершы часта нагадваюць лацінскія “крылатыя фразы”, што нібыта канстатуюць рэчы агульнавядомыя, але разам з тым утрымліваюць глыбіню і мудрасьць, вы­магаюць зваротнай рэфлексіі:

Час, як рака,
Плыве нястрымна.
І не пытае куды.

***
Створаныя “па вобразу і падабенству”
Віруем у Нікуды.
І няма каму памахаць рукою.

У асобных вершах Ю. Зубрыцкага ві­давочна назіраецца імажынісцкая схіль­насьць да ўскладненых метафараў, падпарадкаваная, верагодна, узмоцненаму выяўленьню адмоўных сацыяльных зьяваў. Аўтар нібыта ставіць перад чытачом мэту не абмяжоўвацца адно “сузіраньнем” негатыўных праяваў жыцьця, але і заклікае “адчуць” іх сутнасьць, заўважыць дэфармацыі сьвету і, безумоўна, устрывожыцца…

Прышласць вярэдзіць даўнія раны.
А тэрапеўты дамарослыя.
Не забывай!

***
Гравітацыя жыццё ўдыхнула Сонцу,
Сонца – нам.
Мы аспрэчваем закон.

Скразныя ў зборніку тэмы пра “хіст­касьць” чалавечых каштоўнасьцяў, якія спрадвеку здаваліся непарушнымі, пра згубную апантанасьць сучасьнікаў улась­ніцкімі інтарэсамі, эгаістычнымі памкненьнямі. Шматлікія негатыўныя зьявы аўтар інтэрпрэтуе ў сьпецыфічнай асацыятыўна-завостранай форме. Гэтыя аўтарскія інтэнцыі набываюць прыкметы адначасова лаканічных рэзюмэ і ўражвальных вердыктаў:

Прырода гіне паасобку.
За відам від. За відам від.
Чарга за чалавекам.

***
На ўзгорку магіла невядомага салдата.
Пад зоркай шыфр з бяздоннай нематы.
Тут пахаваны ты.

Часам, нібыта кантрастна адцяняючы “экстраардынарныя” мастацкія вобразы (“паломнікі абрабаваныя”, “зланцужэнне”, “закабалены сонцапаклоннік”, “акружэнне канібалаў”, “злыя карлікі”, інш.), аўтар нечакана зьвяртаецца да вобразаў звычайных. Гэты кантраст – грувастка-злавеснага і лірычна-тонкага – адразу ж напаўняе паэтычны відарыс чульлівай пранікнёнасьцю:

Наіўная, як дзіця,
Трапятала ад радасці.
Так добра стаяць пад акном.

Гаспадар
Зрэзаў бярозку.
Засланяла вуліцу.

“Міжчассе” стымулюе да асэнсаваньня многіх зьяваў сучаснасьці. Рознымі сродкамі “чапляе” аўтар чытача – і “па­кручастым” словам, і трапным афарызмам, і эмацыянальнымі мадыфікацыямі, – вымагаючы разуменьня небясьпечных карозіяў сьвету, непасрэднага ўдзелу ў захаваньні гуманістычных прыярытэтаў жыцьця…

Жыве наш цырк!
Свабода смеху –
Гарантыя жыцця.

...іранічны…

Міхась Андрасюк.
Мясцовая гравітацыя.
Беласток: “БЛА “Белавежа”, 2004.

Новая кніга Міхася Андрасюка працягвае тэму, распачатую яшчэ ў дэбютнай кнізе празаіка “Фірма” (Беласток, 2000). На мэце ў аўтара – своеасаблівае дасьледаваньне псіхалогіі сучасьніка, сьпецыфічнае канструяваньне характэрных вобразаў часу і далейшае іх вывучэньне. У анатацыі да кнігі Галіна Тварановіч слушна адзначыла: “Асноўная тэма пісьменніка з Гайнаўкі – жыццё простага чалавека на польска-беларускім памежжы ў няпросты час змен сацыяльна-палітычных фармацый – рэалізуецца з пазіцыі ўдзельніка, добразычлівага назіральніка падзей і чалавечых лёсаў”.
Несумненная адзнака творчай індывідуальнасьці М. Андрасюка – дасьціпнае валоданьне самымі рознымі адценьнямі сьмехавых інтанацыяў. Сюжэты ягоных твораў анекдатычна абыгрываюць шматлікія сітуацыі, якім у варунках паўсядзённых клопатаў мы часта не надаём асаблівай увагі, не заўважаем іх парадаксальнасьці. Мастацкі гумар аздабляе падзеі шматзначным сэнсам, а вобразы, узводзячыся ў ранг камічных, набываюць алегарычную пазнавальнасьць.
Стыль твораў – іранічная манера выкладу матэрыялу, скразная гумарыс­тычная афарбоўка маўленьня, камічныя ракурсы духоўнага зьместу герояў – у пэўнай меры атаясамліваецца са стылем М. Зошчанкі. Іранічны пафас здольны ня толькі непасрэдна адлюстроўваць казусы жыцьця, але, па-сутнасьці, выяўляць і падкрэсьліваць тра­гізм сітуацыі, дзе “індывідыум” ня здо­ль­ны адэкватна ацэньваць ні сябе, ні свае дзеяньні, дзе супакаеньне тлумачыцца тым, што “ў сьвеце няма дасканаласьці”, а значыць, няма і сэнсу да яе імкнуцца.
Своеасаблівым пралогам да зборніка М. Андрасюка зрабілася апавяданьне “Шафа”, дзе герой, метадычна пералічваючы варон за вакном, марыць “перайначыць” сябе і сваё жыцьцё. Але надта ж цяжкая і рызыкоўная гэтая справа, яна вымагае пэўных дзеяньняў, напружваньня… Значна прасьцей паверыць у містычную “шафу”, дзе ў “перайначванні” не задзейнічаныя “ніякія калідоры, зубастыя шасцярні, складаныя машыны”, зайшоў усярэдзіну – і выйшаў новым чалавекам. Перакананы гандляром у магічнай сіле “мэблі”, герой набывае яе ў асабістае карыстаньне…
Думка пра дробязнасьць чалавечых памкненьняў – вар’яцкую залежнасьць ад “матэрыяльнага дабрабыту”, хвара­вітае імкненьне да “добраўпарадкаванасьці” без аніякіх высілкаў – зьяўляецца лейтматывам зборніка. Яна выяўляецца ў іранічнай падтэкставасьці казуістычных догмаў, ненатуральнай і бес­падстаўнай высакамернасьці, якімі апелююць і героі, і сам апавядальнік – “чалавека падвышае крэсла або добрае аўта…” (“Клёсы”), “Усе яны цяпер чыстыя. Памыўшыся ў ванне [пра дзявочую цнатлівасьць – Л. А.]” (“Дзяўчына”), “няма будучыні з такім картоплем між вачэй” (“Мастацкі нос”)… Сатырычны герой прозы М. Андрасюка – персанаж амаль класічны, прыкметы якога трапна ахарактарызаваў яшчэ М. Чарнышэўскі, заўважыўшы, што гэта “ўнутраная пустата і нікчэмнасьць, якая пры­крываецца зьнешнасьцю, што мае прэтэнзію на зьмест і рэальнае значэньне”.
Барочная дэкаратыўнасьць аўтар­скай мовы заслугоўвае асобнай гутаркі. Яна грунтуецца на метафарычнасьці фразы, гратэск – на зьедлівай дасьціпнасьці разгорнутага параўнаньня, трапны каламбур падфарбоўвае сюжэт асацыятыўнасьцю, арыгінальная каларытнасьць мастацкіх эпітэтаў – удзячная аснова шаржу. Сьмех чуецца і ў слове, і ў вобразе, і ў самім інтанаваньні аповеду: адлюстраваньне – “дублікат фізіяноміі”, гандлярка – “жанчына, замацаваная на сутыкненні дзвюх алеяў, быццам бы павесіла вочы на мяжы вакууму…”, мары героя – “…звычайныя, як цёмна-сіні артальён на спіне, і салідныя, як чаравікі, што цягам гадоў выстаялі не адну спёку і калюжыну…” Несумненна, падзеі і персанажы набываюць асаблівую выразнасьць у вялікай ступені дзя­куючы дасьціпнасьці мастацкага маў­леньня пісьменьніка, якое выпраменьвае цэлы сьпектр гумарыстычных адценьняў.
Іранічная хроніка сучаснасьці Міхася Андрасюка заслугоўвае ўвагі і дасьледчыкаў літаратуры, і лінг­вістаў, і паэтаў, і гандлярак.