12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Анатоль Вярцінскі
Ніл Гілевіч

_____________________

Анкета "Дзеяслова"

1. Чым бачыцца Вам літаратурная творчасьць: нябесным прызваньнем, грамадзянскім абавязкам, прафесіяй, хобі, звычкаю? Што падштурхнула Вас да пісьменьніцкай дзейнасьці. Ці памятаеце свой творчы дэбют? Каго Вы лічыце сваім літаратурным “хросным бацькам”?

2. У чым адметнасьць Вашай творчай працы? Які час сутак найбольш плённы? Да якіх “тэхнічных прыладаў” Вы найбольш звыклі: аловак, пяро, шарыкавая ручка, кампутар, дыктафон, інш.? Ці выкарыстоўваеце Вы “творчыя стымулятары”: кава, цыгарэты, віно, музыка, інш.? Што для Вас натхненьне і ці чакаеце Вы яго, каб пачаць пісаць?

3. Якія цяжкасьці паўстаюць перад Вамі падчас напісаньня твора? Якое значэньне Вы надаеце слову, фразе, рытму твора? Ці зьвяртаецеся падчас пісаньня да даведачнай літаратуры, слоўнікаў, энцыклапедыяў?

4. Што/хто найбольш спрыяе ў рэалізацыі Вашых літаратурных задумаў? Што/хто найбольш перашкаджае Вам у гэтым? Ці ўплывае на Вашую творчасьць ацэнка сяброў, рэдактароў, чытачоў? Ці вяртаецеся Вы да напісаных твораў, каб перапісаць іх, перарабіць, удасканаліць?

5. Ці задаволеныя Вы сваімі творамі? Што ў Вас не атрымалася ў творчасьці? Чым Вы найбольш задаволены? Якія эпізоды сваёй біяграфіі Вы хацелі б перажыць наноў? Наколькі Вашая біяграфія паўплывала на творчасьць і адбітая ў творчасьці?

6. Ці вядзеце Вы дзёньнікі? Як ставіцеся да правіла: “Ні дня без радка”? Ці знаёмае Вам пачуцьцё ляноты, ці змагаецеся Вы з ім (і як)? Калі “не пі­шацца”, што вы робіце, дзе/у чым шукаеце натхненьне?

7. Як Вы ставіцеся да інтэрнэт-літаратуры? Ці чытаеце Вы творы сваіх маладзейшых і старэйшых калегаў? Хто з творцаў Вам найбольш блізкі – з беларускіх і сусьветных аўтараў? Назавіце творы, якія Вы любіце чытаць і перачытваць? Ці ёсьць такія ў сучаснай беларускай літаратуры?

8. Чаго, на Вашую думку, не хапае сучаснай беларускай літаратуры і што чакае яе ў будучыні? Што пажадалі б Вы тым, хто робіць першыя крокі ў літаратуры?

Анатоль Вярцінскі

1. Найперш — працай думкі (ці, можа: душы). Думка, розум, душа... Ім ужо, паводле боскага іх прызначэньня, іманентна ўласьцівая здольнасьць да стварэньня, да творчасьці, у тым ліку да творчасьці літаратурнай. Спрабаваў закранаць гэтую тэму ў вершах розных гадоў. Дазволю сабе згадаць некаторыя радкі...

Жыцьцё даецца, каб жыцьцё тварыць.
Маральны самы, самы натуральны
пачатак гэты вось жыцьцестваральны.
Інакш — якая ад жыцьця карысьць?
Тварыць!

Альбо:

Ні болей, ні меней: жывое слова,
Слова інакшым ня можа быць.
Іначай што яно можа зрабіць?
Іначай, ня зерне яно, а палова.
А слова павінна быць —
як насеньне,
якое сеем парой вясеньняй...

Падштурхнула да пісьменьніцкай дзейнасьці перажытая ў дзяцінстве вайна. З яе ліхалецьцямі, асабліва — з гвалтам, з гібельлю людзей.
Строга кажучы, своеасаблівым дэбютам было надрукаваньне верша ў школьнай насьценнай газеце, рэдактарам якой быў сам. Помніцца, як зьяўляліся першыя вершы на старонках студэнцкай газеты, часопісу «Маладосць».

2. Ранішні час.
Шарыкавая асадка. Друкарская машынка. Сьвежазавараная гарбата з малаком. Часам – кава.
Тая ж праца думкі (рухі душы). Пры­ліў пачуцьця...
Справа ня столькі ў чаканьні гэтага самага загадкавага натхненьня, колькі ў пэўным душэўным настроі, у пэўнай жыцьцёвай сітуацыі. Чакаць не было калі – не было як.

3. Цяжкасьці маральна-псіхалагічнага плану. У пераадоленьні цяжару самога жыцьця і яшчэ, мабыць, у недахопе гэтай самай стваральна-сьцьвярджальнай волі. Жыцьцёвыя мукі цяжэйшыя за творчыя.
Да слоўнікаў і даведнікаў зьвяртаюся. Люблю гэта рабіць. Гэта адначасова — і праца, і адхланьне.

4. Пераважна ўсё тыя ж жыцьцёвыя абставіны, грамадска-палітычныя і побытавыя рэаліі. Яны і спрыяюць, і пера­шкаджаюць. Быцьцё усё ж насамрэч «вызначае сьвядомасьць».
Не. Больш турбуе ненапісанае, больш непакояць (прыходзяць на памяць, не-не ды нагадваюць з дакорам пра сябе) нерэалізаваныя задумы.

5. Некаторымі — так.
Незадаволены тым, што, як толькі што зазначыў, ня мог, ня меў магчымасьці даводзіць усё задуманае да ладу, інакш кажучы – пісаць больш мэтаскіравана, больш сістэматычна.
Наконт значэньня біяграфіі. Не ўяўляю паэзію, асабліва лірычнага кшталту, без біяграфіі аўтара. Зыходжу тут і са свайго пэўнага досьведу. Ды і наш знаны празаік Янка Брыль вунь таксама сьведчыць: «Пішу — як жыву».

6. Раней вёў. Дакладней: стараўся весьці. У выпадку патрэбы. Скажам, пры жаданьні занатаваць коратка перажытае ці зафіксаваць думку, выснову, задуму верша, запісаць асобныя радкі. (Адсюль, дарэчы, і зьяўленьне цыклу «Асобныя радкі»). Сабралася нямала розных запісаў (блакнотаў і сшыткаў). Сёньня думаеш: «А які ў іх сэнс? Што з імі рабіць?»
Ленавацца не было калі. Не зусім уяўляю, што гэта такое. Іншая справа — эмацыйныя перапады, разгубленасьць, хвіліны прыгнечанасьці, дэпрэсіі, трывожнага роздуму пра сваё і ўсіхняе жыцьцё, пра лёс блізкіх людзей... Ды тут думка не лянуецца, працуе штодзень, нават у сьне.
7. У гэтым пункце, у пытаньні гэтым — некалькі пытаньняў. І яны — асобная тэма. Скажу толькі, што гаварыць пра сёньняшнюю літаратуру — гэта амаль тое ж, што гаварыць пра нашую прыроду, пра клімат наш, пра сёньняшняе надвор’е. Стаўлюся да яе (літаратуры), як да Богам дадзенай рэчаіснасьці, прымаю яе як непазьбежную, прадвызначаную лёсам дадзенасьць. Несумненна толькі адно: яна трансфармуецца і заўтрашні яе дзень будзе адрозным ад сёньняшняга.

8. Наконт гэтых самых «першых крокаў». Са свайго немалога досьведу так званай «працы з маладымі» ведаю: літаратура — такі дом, у які няцяжка ўвай­сьці, але з якога вельмі цяжка, а то і прос­та немагчыма выйсьці. Нават тады, калі ў цябе ўзьнікае жаданьне «выйсьці», па­збавіцца ад гэтага «дабраахвотнага ярма»...


Ніл Гілевіч
1. У літаратуры працую прафесіянальна, і мяркую, што па прызваньні, бо не працаваць на гэтай ніве не магу, нейкая звышсіла прымушае рабіць гэтую работу зноў і зноў, і такім чынам самарэалізоўвацца. Думаю гэтая «звышсіла» і ёсьць прызваньне. Паэт (кампазітар, мас­так, артыст) без прызваньня, гэта значыць, бяз дару божага, бяз таленту – нонсенс. Паралельна з літаратурнай творчасьцю гэтаксама прафесіянальна працаваў дзясяткі гадоў у галіне навукі (фалькларыстыка і літаратуразнаўства) і на педагагічнай ніве (на філфаку Белдзяржуніверсітэту). Праца ў БДУ давала гарантаваны кавалак хлеба, вызваляла ад неабходнасьці зарабляць радкамі.
Першы «верш» склаў раньняй вясной 1941-га, на дзясятым годзе жыцьця, — па ўзоры слыннага лірычнага шэдэўра Тараса Шаўчэнкі «Садок вішнёвы каля хаты», — тады ён быў у нашай школьнай чытанцы ў перакладзе Зьмітрака Бядулі. (Праз пяцьдзесят гадоў перастварыў яго на родную мову і я грэшны). Зімой 1941-1942, пад нямецкай акупацыяй, напісаў некалькі вершаваных сатыраў на сяброў і суседзяў, якімі моцна ўразіў бацьку Сымона Пятровіча, а таксама двух слабодскіх мужчынаў, Рыгора і Зьмітрака — аж папрасілі, помню, прачытаць ім тыя сатыры яшчэ раз. З восені 1945-га і па сёньняшні дзень пішу, не перапыняючыся надоўга. Упершыню надрукаваўся летам 1946 году ў часопісе «Бярозка». У ліпені 1947-га быў удзельнікам Першай рэспубліканскай нарады маладых пісьменьнікаў, дзе пабачыў амаль усіх вядомых членаў СП БССР, і тройчы бачыў і слухаў прамову Якуба Коласа. Нарада стала тым вырашальным у маёй біяграфіі момантам, пасьля якога я ўжо, здаецца, не сумняваўся, што мая жыцьцёвая дарога прадвызначаная. Хоць прызнацца ў гэтым нікому, вядома ж, яшчэ доўгі час не асьмельваўся.
Назваць кагосьці сваім «хросным бацькам» у паэзіі не магу — такой апекі ад канкрэтнага старэйшага паэта ня зьведаў. У поўным сэнсе слова ішоў да мэты сам, цалкам самастойна, без павадыра. Першымі дарадчыкамі і настаў­нікамі лічу вялікіх паэтаў і вялікіх беларусаў, з чыімі творамі знаёміўся па школьных хрэстаматыях і кнігах: гэта Багушэвіч, Купала, Колас, Багдановіч, Паўлюк Трус. Так, абавязкова і Паўлюк Трус, лірыкай якога быў проста зачараваны, як і паэзіяй Багдановіча. У ліку маіх настаўнікаў, бясспрэчна, і Куляшоў, і Панчанка, і Танк, і сатырык і байкар Крапіва. Таксама і расейскія паэты, з творчасьцю якіх мне пашчасьціла пазнаёміцца ў 1945-1947 гадах: Пушкін, Лермантаў, Някрасаў, Ясенін, Твардоўскі, Ісакоўскі (па геніяльных песьнях). I вядома ж, несьмяротны украінец Тарас Шаўчэнка, «Кабзар» якога трапіў на колькі дзён у мае рукі яшчэ зімой 1943 году і многімі вершамі запаў у душу назаўсёды, каб сьвяціць і грэць, хваляваць і клікаць.

2. Пішу, калі выпадае, і раніцай, і ўдзень, і вечарам, а ноччу — абавязкова, да 3-х, 4-х, а здаралася — і да 6-і, і да 7-і раніцы, калі вельмі «забірала» і не адпускала гэная містычная рэч — «на­тхненьне». «Божа, ён яшчэ ня клаўся! Што ты сабе думаеш?!» — чуў такое ад Ніны Іванаўны безьліч разоў — а трэцяй ці а чацьвёртай запоўнач.
Калі не ў кабінеце за сталом — пішу і шарыкавай ручкай, і асадкай з набраным атрамантам, а ў кабінеце — толькі архаічнай асадкай з пяром, якім тыкаю ў чарніліцу-невылівачку; ёсьць на стале і чарніліца з прыгожага шэрага мармуру, з уздыбленым над рэзервуарчыкам казярогам — купіў гадоў сорак таму ў Сімферопалі. Алоўкам амаль ніколі не пісаў, хіба што вымушана. Нашрайбаванае перадрукоўваю сам – на нямецкай «Эрыцы» (служыць ужо 45 гадоў), рэчы больш аб’ёмныя – аддаю на перадрук машыністцы. Дыктафонам не карыстаюся, кампутара ня маю, — карацей, вельмі старамодны таварыш. Можна сказаць, кансерватар і нават рэтраград: у XXI стагоддзі піша пёрамі, якімі пісаў да Другой сусьветнай вайны!
Гэткі ж дарэчы кансерватар, архаік і ў многім іншым: нават супы ем самаробнай драўлянай лыжкай.
У час працы ні ў якіх «творчых стымулятарах» патрэбы ніколі не адчуваў і не адчуваю, — ні ў каве, ні ў віне, ні ў музыцы; курыць, дзякаваць Богу, і не спрабаваў навучыцца.

3. Цяжкасьці залежаць ад творчага заданьня, ад тэмы — наколькі ўжыўся ў яе, наколькі асвоіў «матэрыял», — напры­клад, у працы над буйной эпічнай рэччу. Залежыць таксама і ад жанру: адна справа — зарыфмаваць жарт-досьціп, гумарэску, і зусім іншае нешта — выказацца ў сур’ёзным вершы-роздуме ці справіцца з сюжэтам у трагічнай баладзе.
I слову, і фразе, і рытму, і інтанацыі (музыцы радка, страфы), і форме ў цэлым надаю значэньне вельмі вялікае. У слоўніках капаюся часта, бяз іх сваёй працы проста не ўяўляю. Не выпадкова на кніжных паліцах у кватэры іх каля трохсот, палавіна — беларускія (з іх дзьве трэці — дыялектныя) , палавіна — рускія (тамоў 30), балгарскія (тамоў 20), славенскія, польскія, украінскія, сербскія, славацкія, лацінскія, англійскія і інш. Да энцыклапедычных выданьняў на розных мовах, а яны займаюць некалькі паліцаў, таксама зьвяртаюся часта. Префесійная праца абавязвае.
4. Вельмі спрыяў мне ў працы той хатні творчы «клімат», які ствараўся клопатамі гаспадыні, мудрай і самаахвярнай Ніны Іванаўны. Надта падабалася працаваць у ціхіх пакойчыках нашых беларускіх дамоў творчасьці «Каралішчавічы» і «Іслач». Што перашкаджала? Ну, па-першае, на працягу 27 гадоў павінен быў хадзіць на працу ў БДУ, затым 9 гадоў — у СБП, а пасьля 5 гадоў — у Вярхоўны Савет РБ; гэта забірала лепшы для творчасьці час. Па-другое, бясконцая тузаньне па самых розных справах грамадскіх (усялякія пасяджэньні, сустрэчы, камандзіроўкі і г.д., і г.д., і г.д.).
Думку чытачоў наогул, а тым больш сяброў заўсёды цаніў і цаню, быў і застаюся ўдзячны, калі нават і не зусім пагаджаюся. Некалькі прыкладаў. Першым слухачом «Сказа пра Лысую гару», калі паэма яшчэ пісалася, быў, як вядома, М. Аўрамчык, і яго бурнае захапленьне (неаднойчы сьмяяўся да сьлёз падтрымлівала мой творчы настрой і паднатхняла, хаця некаторыя яго парады па фактуры сюжэту быў прыняў пасьпешліва і пасьля паапускаў іх як драбнаватае, выпадковае і малазначнае, для сур’ёзнай сатырычна-гратэскавай рэчы непрыдатнае. Рукапіс «Родных дзяцей» першы прачытаў В.Быкаў, выказаў шмат пахвальных словаў, але і зрабіў істотныя крытычныя заўвагі, асаб­ліва ўдзячны яму за адну з іх (помню, аж пачырванеў ад няёмкасьці, што не адчуў правалу густу сам). Гадоў колькі таму патэлефанаваў Г. Далідовіч, пахваліў маю новую нізку вершаў, але з уласьцівай яму далікатнасьцю паказаў на два русізмы; я шчыра падзякаваў яму, і ўжо ў новай кнізе паэзіі тых русізмаў не было. А гадоў 35 таму, зьмяшчаючы ў «Полымі» маю паэму «А дзе ж тая крынічанька», мне насадзілі трохі словаў з віцебскіх гаворак, без маёй згоды, вядома; пасьля я іх павы­кідваў з тэксту, аднавіў свае лагойскія. Чаму? Таму што адметнасьць мовы пісь­меньніка размываць няможна.
Ці вяртаюся да твораў апублікаваных, каб перарабіць іх і ўдасканаліць? Здаралася і здараецца – пры цьвёрдым перакананьні, што гэта зрабіць трэба. Найбольш характэрны прыклад — тая ж паэма «Сказ пра Лысую гару». Па-першае, яна была напісаная ў два заходы. Праз чатыры гады пасьля таго, як пайшоў па руках першы варыянт, я напісаў тры новыя разьдзелы, — гэта амаль палавіна паэмы. Па-другое, шмат умешваўся ў тэкст пасьля, многія строфы істотна перарабіў, фактычна напісаў нанава, 25 строф выкінуў увогуле, 4 дабавіў но­выя, выкінуў два дадаткі (50 радкоў). Рабіў пэўныя праўкі і ў рамане «Родныя дзеці», і ў некаторых вершах.

5. Ці задаволены напісаным? Як цяпер модна гаварыць: пытаньне не зусім карэктнае. Тым ня менш адкажу. У паэзіі больш удалымі ці больш значнымі лічу: раман у вершах «Родныя дзеці», паэмы «Лодачкі», «Недзяленя», «Заручыны», «Паланэз Агінскага», з твораў гратэскава-сатырычных — «Сказ пра Лысую гару» (самую гілевічаўскую па ўсіх вымярэньнях і адзнаках рэч гэтага жанру), «Сказ аб адной незвычайнай зпідэміі...», « Сказ пра Лігу Чыста­кроў­ных»; п’есы «Не кажы гоп!», «Ведзьма»; манаграфіі «Паэтыка беларускай народнай лірыкі», «Паэтыка беларускіх загадак». Што датычыць вершаў, пера­кладаў, апавяданьняў, артыкулаў — тут пералік можа быць даўгаваты, і таму ўстрымаюся.
Эпізоды і моманты маёй біяграфіі адбіліся амаль ва ўсіх эпічных і ліра-эпічных творах, ну а ў лірыцы — спрэс, усё ў ёй — мая біяграфія, усё — у той ці іншай меры — жыцьцё маёй душы і сэрца.

6. Дзёньнік пачынаў весьці яшчэ ў 1947 годзе. У такім плане: «22 сакавіка. Сёньня першы раз убачыў шпакоў. Прыляцелі!» Але далей быў перапынак аж да 1953 году. З гэтага году дзёньнікавыя запісы рабіў праз усё жыцьцё — аж да канца 2002-га, але — не пастаянна, часам — з вялікімі перапынкамі. Тым ня менш, запісаў за 50 гадоў сабралася вельмі шмат, некалькі тысячаў, сярод якіх ін­фармацыі чыста бытавога зьместу амаль няма. Пачуцьцё ляноты, прынамсі да гэтага часу, мне было невядомае.

7. Да інтэрнэт-літаратуры стаўлюся станоўча, але гэта ўжо не для мяне — і ня маю амбіцый далучыцца. Для чытаньня ж хапае тых 15 тысячаў кніг, што ёсьць у кватэры, у тым ліку новыя (усё яшчэ купляю трохі). Чытаю часопісы і газеты, хоць усё менш і менш.
З творамі калегаў стараюся па магчымасьці знаёміцца, найперш з творамі тых, каго ведаю і люблю за талент. Назаву толькі чатырох і толькі з ліку старэйшых. З радасьцю сустракаю кожны новы твор вялі­кага майстра слова Івана Пташнікава. Гэтаксама і Віктара Казько — пісьменьніка глыбокага, праўдзівага, горкаіранічнага, балючага, усім гэтым надзвычай мне блізкага. З вялікай насалодай чытаў і чытаю вельмі самабытную па мове, гранічна шчырую жыцьцёвую прозу Сакрата Яновіча. Як і сьветла-лірычныя, душэўныя, непрыдуманыя аповеды Алены Васілевіч. Паэтаў закранаць ня буду. Люблю многіх. Нават пішу водгукі, прадмовы да кніг, хаджу на іх вечарыны.
З паэтаў-класікаў сьвету найбольш блізкія мне Т.Шаўчэнка, Х.Боцеў, М.Някра­саў, С.Ясенін, з маіх сучаснікаў — А.Твардоўскі, Дз.Паўлычка, Андрэй Германаў, Ізет Сарайліч... Многіх замежных калегаў, перш за ўсё балгар­скіх, чытаю ў арыгінале. Нядаўна быў глыбока ўзрушаны раманам-эсэ Ніколы Інджова «Възречени от Манастър» («Вернутыя з Манастара»), — вялікая рэч у балгарскім слове, магутная выява нацыянальнага балгарскага духу.
У нас бы хто напісаў такую! — пра Беларусь, пра трагічны лёс нашага народу!
Мой любімы твор для перачытаньня – «Новая зямля» Якуба Коласа: каб дазваляў час – кожны дзень гартаў бы. Больш зямной і больш беларускай літаратуры ня ведаю.

8. Не хапае шырокага сьмелага выхаду на вострыя жыцьцёвыя праблемы часу, іначай сказаць — мужнага ўварваньня ў жыцьцё. Такія творы ня будуць надрукаваныя? Ну хай ходзяць па руках у машынапісных варыянтах — як 17 гадоў хадзіў «Сказ пра Лысую гару», як хадзілі вершы Ларысы Геніюш (помню, як мне прывёз іх з Гародні Быкаў, вершаў дваццаць, усе па тым часе «крамольныя»). Не скажу, што такой літаратуры сёньня няма зусім, яна ёсьць, але яе вельмі мала. Пераважае, на жаль, нешта дробнае, аморфнае, вялае. Або да непрыстойнасьці прэтэнцыёзнае, дзе апрача нахабнага эгацэнтрызму нічога няма. У такі час, які перажывае нашая краіна, літаратура абавязаная больш напорна працаваць на абуджэньне і мабілізацыю духоўных сілаў народу, на сьцьвярджэньне ідэалаў гуманізму, незалежнасьці, свабоды. Таму маё пажаданьне маладым адно: вучыцеся жыць вялікім, сябры! Не апускайцеся і не драбнейце! I ў аніякім разе не спакушайцеся на прыманкі д’ябла і не прадавайце яму душу — з гісторыі і айчыннай, і сусьветнай літаратуры вядома, чым для творцы гэтакі торг канчаецца.