12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Генрых Далідовіч
Сяргей Законьнікаў

_____________________
Анкета "Дзеяслова".

1. Чым бачыцца Вам літаратурная творчасьць: нябесным прызваньнем, грамадзянскім абавязкам, прафесіяй, хобі, звычкаю? Што падштурхнула Вас да пісьменьніцкай дзейнасьці. Ці памятаеце свой творчы дэбют? Каго Вы лічыце сваім літаратурным “хросным бацькам”?

2. У чым адметнасьць Вашай творчай працы? Які час сутак найбольш плённы? Да якіх “тэхнічных прыладаў” Вы найбольш звыклі: аловак, пяро, шарыкавая ручка, кампутар, дыктафон, інш.? Ці выкарыстоўваеце Вы “творчыя стымулятары”: кава, цыгарэты, віно, музыка, інш.? Што для Вас натхненьне і ці чакаеце Вы яго, каб пачаць пісаць?

3. Якія цяжкасьці паўстаюць перад Вамі падчас напісаньня твора? Якое значэньне Вы надаеце слову, фразе, рытму твора? Ці зьвяртаецеся падчас пісаньня да даведачнай літаратуры, слоўнікаў, энцыклапедыяў?

4. Што/хто найбольш спрыяе ў рэалізацыі Вашых літаратурных задумаў? Што/хто найбольш перашкаджае Вам у гэтым? Ці ўплывае на Вашую творчасьць ацэнка сяброў, рэдактароў, чытачоў? Ці вяртаецеся Вы да напісаных твораў, каб перапісаць іх, перарабіць, удасканаліць?

5. Ці задаволеныя Вы сваімі творамі? Што ў Вас не атрымалася ў творчасьці? Чым Вы найбольш задаволены? Якія эпізоды сваёй біяграфіі Вы хацелі б перажыць наноў? Наколькі Вашая біяграфія паўплывала на творчасьць і адбітая ў творчасьці?

6. Ці вядзеце Вы дзёньнікі? Як ставіцеся да правіла: “Ні дня без радка”? Ці знаёмае Вам пачуцьцё ляноты, ці змагаецеся Вы з ім (і як)? Калі “не пі­шацца”, што вы робіце, дзе/у чым шукаеце натхненьне?

7. Як Вы ставіцеся да інтэрнэт-літаратуры? Ці чытаеце Вы творы сваіх маладзейшых і старэйшых калегаў? Хто з творцаў Вам найбольш блізкі – з беларускіх і сусьветных аўтараў? Назавіце творы, якія Вы любіце чытаць і перачытваць? Ці ёсьць такія ў сучаснай беларускай літаратуры?

8. Чаго, на Вашую думку, не хапае сучаснай беларускай літаратуры і што чакае яе ў будучыні? Што пажадалі б Вы тым, хто робіць першыя крокі ў літаратуры?


Генрых Далідовіч
1. Хобі і звычка за апошнія 15 гадоў асабліва напорыста хлынулі ў белетрыстыку ў Расіі (жаночы дэтэктыўны і любоўны раман). І ў нас ужо не адзін і ня два сядаюць пры кампутары і вышчоўкваюць адразу раман, загадзя смакуючы попыт непераборлівых чытачоў, а то і тэлеэкранізацыю, вялікія “мані-мані”. І некаторыя без нябеснага прызваньня, зусім не абцяжарваючыся грамадзянскімі і мастацкімі каштоўнасьцямі, без элементарнай прафесійнасьці дасягаюць свайго.
Нядаўна “Комсомольская правда” апублікавала “рэйтынг” расейскіх дзеячаў літаратуры і культуры па… заробках у да­лярах. У сьпісе няма непаўторных па таленце Л.Зыкінай, Н.Мардзюковай, В.Бя­лова, В.Распуціна… Многія выдатныя майстры слова ў Расіі, як і ў нас, жывуць і па­міраюць у занядбаньні, а то і ў галечы!
Што падштурхнула мяне, грэшнага, да творчасьці, добра ня помню. Можа, найперш пятнаццацігадовае жыцьцё на хутары сярод поля, лугоў і лесу пры Налібоцкай пушчы. Яшчэ – каларытныя матчыны, бабуліны і іншых хутаранцаў расповеды, дзіцячыя перадачы па радыё. А ўзяўся за “творчае” пяро ў класе сёмым. Пачаў не з паэзіі, ня з прозы, а з “публіцыстыкі” – з допісу ў раённую газету “Ивенецкая правда”. Пастрыгшыся ў нядзельку, сядзелі блізкія хутаранцы ў нашай хаце, “палітыкавалі” (ня проста балакалі, а гаварылі мудра, бо пабачылі сьвет, у тым ліку і Нямеччыну ў час вайны) і ў адзін момант захіталі галовамі: які кепскі гаспадар, але вялікі хвалько наш старшыня калгасу! Падаў у газету, што ўвесь лён падняты, а яго яшчэ шмат ляжыць. Я за ручку і – ліст у “раёнку”. Надрукавалі. І я, аўтар, зьведаў тады нямала: пахвалу за праўду, разьюшаны гнеў прататыпа і ганарар, за які купіў сабе, сястры і брату сшыткаў і цукерак.
Далей да “публіцыстыкі” прыгарнулі нашая новая раённая газета – стаўбцоўскі “Прамень” і менская “Сельская газета”, для якіх вучнем старэйшых класаў я стаў па-заштатным карэспандэнтам. “Наш няштат. кар.” – гэта ўзвысіла мяне ў вачах равесьнікаў, настаўнікаў. Але калі выкладчык рускай мовы і літаратуры сказаў маці, што з мяне можа выйсьці “писатель”, яна забедавала-заплакала: “У адной польскай кнізе я чытала, што “пісажэ” ці сьпіваюцца, ці іх глумяць, а то і забіваюць…” Заяўку на пісьменьніцтва я зрабіў ужо студэнтам, калі ў 1966 годзе надрукаваў апавяданьні ў “Прамені”, а ў 1968-м у “Маладосьці” з лёгкай рукі незабыўнага Міхася Стральцова. Якраз ён і вызначыў, каб я, як і па пашпарце, падпісваўся па-сёньняшняму: “Генадзёў, стары, у нас хапае і без цябе, а вось Генрыхам сьцьвердзішся толькі ты”. Прадаўжаю тую, ужо далёкую спробу.

2. Раней чытаў, рабіў запісы ўвечары, пісаў да абеду. Шарыкавай ручкай на паперы, пасьля праўкі часта сам і пера­друкоўваў на машынцы, заадно яшчэ раз рэдагуючы. Цяпер, маючы газетную службу з раніцы, пішу тады, калі выпадзе. “Стымулятараў” ня маю (каюся, ужываю моцныя напоі, але пры ўзьдзеяньні іх можна толькі занатаваць тое-сёе, а не сьвядома і адказна тварыць).
Без натхненьня не абыйсьціся і ў прозе. Але яшчэ больш патрэбны загадзя распрацаваныя задума, падрыхтоўка, цярплівасьць, сіла волі, што часамі вымагае самаадданай працавітасьці. У тым ліку і ў пералапачваньні “пяску”, і ў пошуках неабходнага і дакладнага слова.

3. Выдатна сказаў І. Бунін: каб удала пачаць і закончыць твор, нават невялікі, злаві ўласьцівы табе і менавіта гэтаму твору “звук”.
Літаратару, які піша на гістарычную тэму, без дапаможнай літаратуры не абысьціся. І мае хобі ды звычкі ў тым, што апошнія дзесяцігоддзі люблю гартаць розныя слоўнікі, энцыклапедыі, чытаць дзёньнікі, каментары да цікавых мне твораў.

4. У асноўным свае задумы, пачынаю­чы з першай кнігі “Дажджы над вёскай” (1974) ажыцьцяўляю сам (многія творы перадрукоўвала жонка, была маім першым чытачом, крытыкам і рэдактарам. Асаб­лі­ва строга паставілася да томіка “Жар каханьня. Апавяданьні пра жанчын”).
На тэму раману “Кліч роднага звону”, дзе выкладзеная мая празаічная версія ўтварэньня прыкладна ў 1246 годзе Вялі­кага Княства Літоўскага, натхніў настаўнік-дарадца і сябра Мікола Ермаловіч.
Да закідаў, крытыкі я прызвычаіўся ўжо даўно. Бывае горка, але ня ўсё ж лякарства салодкае. Горш, калі на нешта тваё, здаецца, патрэбнае, напісана шчыра і натхнёна, а ў адказ – маўчаньне. Ці вось што гэта такое: у новай шматтомнай гісторыі беларускай літаратуры нібыта прынцып – асобнае слова пра лаўрэатаў Дзяржаўнай прэміі, але пра мяне яго няма? Чаго тут болей: маёй нявартасьці ці элементарнай непрыстойнасьці асобных супрацоўнікаў Інстытуту літаратуры, які ўз­начальвае Ул. Гніламёдаў?

5. Вядома, і я ня ўсімі сваімі творамі задаволены. Ня ўсё ўдалося так, як хацеў і мог. Варта было б перапісаць трылогію “Гаспадар-камень”, “Пабуджаныя” і “Свой дом”, пра наш дарэвалюцыйны Паўночна-Заходні край і пра ўтварэньне БНР і БССР у 1917-19 гадах. Напісаў першы сказ яе на пачатку 1980 году. Каб змог прадбачыць, што яшчэ пры маім жыцьці ўпадуць КПСС – СССР, КПБ і БССР, што можна напісаць пра тое і пра тых, як хочаш, не атрымаць па шапцы і надрукаваць, то тварыў бы “для шуфляды”. Паколькі верылася ў жалезабетонную моц сістэмы, то і перамудрагеліў: а) па парадзе аднаго гісторыка-ідэолага хаваў бэнээраўцаў (Луцкевічаў, Лёсіка, Езавітава і інш.) пад псеўданімамі і сьвядома заблытваў іхнія біяграфіі; б) на пачатку 1990-х у рамане “Свой дом” мог ужо абысьціся і без кансьпірацыі, але таго вымагаў ужыты літаратурны прыём. Трылогіі (часам, з цяжкасьцю здабытымі матэрыяламі для яе, у тым ліку і ў Вільне ды ЗША) аддаў 15 гадоў маладых сілаў і напружанай працы. Быў вылучаны на атрыманьне Дзяржаўнай прэміі РБ, але для яе не хапіла некалькіх галасоў. Перапісваць трылогію няма натх­неньня. Але каб аддаць належнае бацькам БНР і БССР (найперш Зьм. Жылуновічу) напісаў і выдаў у выдавецтве В. Хурсіка гісторыка-літаратурнае эсэ “БНР. БССР”. Новы і, галоўнае, больш дасканалы празаічны твор пра тое няхай ужо напіша хто-небудзь іншы. Падраджаюся быць адным з першых зацікаўленых і спрыяльных чытачоў яе.

6. Дзёньнікі вёў, але потым пакінуў.
Глупства гэта: ні дня без радка. Яно – для тых, для каго галоўнае – хобі і звычка, чым большая колькасьць адляпанага і прыбытковага. Для мяне цяпер часамі перапынкі ў творчасьці змушаныя: шмат часу як аўтар і намесьнік галоўнага рэдактара аддаю, як лічу, вельмі неабходнай і патрэбнай у нас “Краязнаўчай газеце”. Час адбірае і лецішча. Праўда, не без карысьці: у спакойнай, задумлівай рабоце з рыдлёўкай альбо з пілкаю, бывае, штосьці і прыйдзе ў галаву, пакліча сваім “гукам”…

7. Інтэрнэт – незвычайнае вынаход­ст­ва. Як і іншае, яго можна задзейнічаць як на карысьць, так і на зло. Я для яго яшчэ не працую, хоць там маё прозьвішча мільгае.
Не скажу, што чытаю ўсё запар, як у маскоўскіх, так і нашых часопісах. Публі­кацыі, кнігі выбіраю. А што да маіх любімых пісьменьнікаў, то іх шмат ва ўсёй сусьветнай літаратуры. Адзін твор аднаго з іх (“Жыцьцё Арсеньева” І. Буніна) хацеў бы і перакласьці. Згодзен, непамерны гэта цяжар, але бяз важкай ношкі ў літаратуру нічога вартага не прынясеш.

8. Беларуская літаратура ў апошнія дзесяцігоддзі панесла велізарныя страты, церпіць прыніжэньні, зьдзекі, нават гвалт і цяпер, але яна жыве і будзе жыць, паколькі ёсьць і будуць рыцары Бацькаўшчыны, народу, роднага слова, якія да боскага блаславеньня далучаюць свой чалавечы і грамадзянскі абавязак. Цешу сябе надзеяй, што і я працаваў на гэта, сеяў, цярпеў няміласьць, спрыяючы маладым у апублікаваньні іх твораў у “Маладосьці”, а ў “Бібліятэцы часопіса “Маладосьць” – выдаць першую кнігу і на падставе яе стаць сябрам Саюза беларускіх пісьменьнікаў.
Цяпер пішу апавяданьні, заглыбіўся ў раман “Дом няволі” (пра скалечаны лёс пасьля вайны заходнебеларускай моладзі, якая магла б быць апорай беларускай нацыі). Нарыхтаваў матэрыялаў, склаў “праект” раману пра Грунвальдскую бітву 1410 году, але загвоздка ў часе і каштарысе. Знайшоўся б спонсар-дабрадзей, выдзе­ліў бы хоць на аплату кватэры і на кавалак хлеба – адлучыўся б на гадоў пяць, унурыўся б і паспрабаваў бы зьдзейсьніць задуманае – каб быў твор пра тую па­дзею і тых герояў ня толькі славутага Генрыка, але і Генрыха!..
Значыць, жыву, веру і спадзяюся!
Нарач, верасень 2005 г.

Сяргей Законьнікаў
1. Скажу шчыра, і ня трэба шукаць за гэтымі словамі нейкую патэтыку ці сама­прыхарошваньне: літаратура – сапраўдная мая існасьць у гэтым сьвеце. Сёньня, калі за плячыма амаль шэсьць дзясяткаў гадоў, на ўсе пытаньні любога лістка па ўліку кадраў сьмела адкажу: чытаю, думаю, пішу. Прытым мне аднолькава радасна пачуваецца ў дзьвюх іпастасях: быць удзячным чытачом (кланяюся волатам мастацкага слова і проста таленавітым людзям за духоўнае багацьце, якое падарылі, шкадую толькі, што безьліч выдатных кнігаў ня ўдасца прачытаць) і, згодна сваіх здольнасьцяў, нешта ствараць. Ніколі не лічыў творчасьць катаржнаю працаю. Калі пішу – мне добра, здаравею і целам, і душою.
Першы больш-менш прыдатны верш пра хараство роднай зямлі надрукаваў у 1963 годзе ў газеце “Віцебскі рабочы”. Хросным бацькам (без двухкосься!) стаў Уладзімер Караткевіч, які падтрымліваў са студэнцтва і затым даў рэкамендацыю для ўступленьня ў пісьменьніцкую суполку.

2. Усё жыцьцё быў змушаны служыць (з 9 да 18 гадзінаў або з 8:30 да бясконцасьці, ёсьць і такі перыяд у маёй біяграфіі), а таму звычайна пісаў позна ўвечары, бяссоннымі начамі, калі прыхворваў. Зараз жа чацьвёрты год, ня маючы ні зарплаты, ні пакуль яшчэ пенсіі, жыву і зарабляю свой акраец чорнага хлеба з кількаю без усялякай апекі і бязьмежна шчасьлівы зьнешняй і ўнутранай свабодаю, тым, што дапамагаю дочкам Алёне і Сьвятлане гадаваць унучку Марынку і ўнука Францішка, у асобах якіх займеў цікавых суразмоўцаў і ненадакучлівых дарадцаў, што магу прысесьці да пісьмовага стала ў любы час сутак.
Не ўяўляю, як можна пісаць вершы на кампутары ці нават на пішучай машынцы. Гэта празаіку, драматургу тэхніка дапамагае, ня трэба займацца руцінным перапісваньнем тэкстаў. А паэт – істота легкакрылая, яму спакойна можа пасобіць гусінае пяро ці, як зараз, звычайная шарыкавая ручка. Тое, што вынашана ў галаве, сэрцы і душы, па руцэ, па пальцах перацякае на паперу. Ня ведаю, як хто, а я нават фізічна часта адчуваю канцэнтрацыю энергетыкі, цяпло ў кончыках пальцаў.
Грэшны – за пісьмовым сталом палю, стаж – сорак гадоў. Ведаю, што звычка гэтая кепская і шкодная, усім сьветам агульнаасуджаная, але мне чамусьці здаецца, што цыгарэта дапамагае засяро­дзіцца. Што тычыцца падвяселенасьці чаркаю, то ў такім стане ніколі не спрабаваў нешта пісаць. Усяму свой час!
Вершы, паэмы надумваю не за сталом. Штуршок, імпульс да напісаньня нечага прыходзіць раптоўна і ня толькі ў кватэры, часта здараецца такое ў вандроўках.

3. Той, хто ўзяўся за гуж, не павінен думаць пра цяжкасьці. Калі табе цяжка – не пішы. Люблю родную мову і пастаянна вучуся ў яе. з гадамі ўсё больш разумею і адчуваю неўміручую стваральную сілу, карністасьць, вячыстасьць, сьвятасьць нашага слова, шанаваць якое падалі прыклад мае бабулі Праскоўя і Вольга, мама.
А самыя розныя слоўнікі, даведнікі ў мяне заўсёды пад рукою.

4. Рэалізацыі літаратурных задумаў спрыяе або перашкаджае сам аўтар. У яго няма права скардзіцца на нейкія абставіны, акалічнасьці, якія замінаюць.
Напісанае ацэньваюць сябры-творцы і чытачы. На іхнюю думку і арыентуюся. Калі пасьля публікацыі паэмы “Чорная быль” атрымаў каля 500 лістоў і нават пасылку з клубнічным варэньнем і пяшчотнымі, кранальнымі словамі ад настаўніцы-пенсіянеркі Соф’і Сьцяпанаўны Капелюшок з Пружанскага раёну, яшчэ раз пераканаўся ў якім слаўным народзе нарадзіўся і жыву. Нягледзячы на невыводны праз стагоддзі “ідыятызм вясковага жыцьця”, на дэнацыяналізацыю і люмпенізацыю гарадскога насельніцтва, на прадажнасьць уладарным ідалам многіх прадстаўнікоў інтэлігенцыі, так званай эліты, наш народ усё роўна ў патэнцыяле застаецца здольным на высокія душэўныя парывы, на прарыў да лепшай будучыні. З нядаўняй пошты запомніўся ліст Алёны Самахвал, студэнткі, якая напісала: “…У той час, калі мне было вельмі, вельмі дрэнна, Вашыя вершы дапамаглі мне вы­стаяць. Яны сагравалі, падтрымлівалі, я адчувала, што яны дыхаюць разам са мной”. Такія словы дапамагаюць і мне не расчаравацца ў самім жыцьці, якое даецца як “шчасьлівая выпадковасьць”, у вартасьці паэзіі, ва ўсім, што раблю, да чаго імкнуся.

5. Незадаволены шмат чым з напісанага, але вершы і паэмы перарабляю, удасканальваю вельмі рэдка. Яны – выразьнікі і сьведкі пэўнага часу, стану душы, няхай такімі і застаюцца. Проста пры падрыхтоўцы томіка выбранага “Лістам дарога запала…” без шкадаваньня адкінуў тое, што, на маю думку, ня варта ўвагі чытача.
Біяграфія так ці інакш прысутнічае ва ўсім надрукаваным.

6. Дзёньнікаў ніколі ня вёў, звычайна нейкія думкі, якія прыходзяць у галаву, запісваю на асобных аркушах. Такіх занатовак у рабочым архіве сабралася багата. Часам выкарыстоўваю іх, часьцей у публіцыстыцы, якой займаюся даўно і стала, бо гэтага вымагае нягеглая беларуская рэчаіснасьць.
Далёка наперад нічога не планую. Мае творчыя задачы абмяжоўваюцца пасільнай канкрэтыкай. Зробленае прыйшло само па сабе, без майго прымусу. З лянотаю не змагаюся, гэта марны занятак. Нічога талковага сілком ня пішацца. У “непісучы” час хапае розных бытавых клопатаў, а яшчэ чытаю, блукаю па лесе, дзе хораша думаецца (вельмі люблю восеньскую грыбную пару), дагэтуль бадзёра адгукаюся на любую прапанову павандраваць па Беларусі, па сьвеце, часта сустракаюся з чытачамі. Аб’ехаў і пабачыў за жыцьцё шмат мясьці­наў і краінаў, прытым не турыстам, а з пэўнымі мэтамі, маючы магчымасьць унікнуць у глыбіннае быцьцё іншых народаў, зрабіць нешта карыснае (чарнобыльскія клопаты), і гэтым цешуся.

7. Прызнаюся, што сяброўства з кампутарам у мяне пакуль што няма. Увогуле, я чалавек абсалютна не тэхнічнага складу. Нават патрэба адрамантаваць вечна сапсуты водаправодны кран або прас выклікае раздражнёнасьць. Люблю мець стасункі толькі з драўнінаю. Цясьлярнічаць, сталярнічаць вучыўся ад бацькі. Але гэта не азначае, што я такі ўжо дрымучы выкапень або рэтраград. Любы прагрэс вітаю. Нядаўна ў Старахавіцах (Польшча), дзе з прыемнасьцю чытаў міні-сьпецкурсы па творчасьці Васіля Быкава і Уладзімера Караткевіча для беларускіх ліцэістаў, сеў за кампутар і адшукаў у Інтэрнэце нават матэрыялы, датычныя пытаньня пра ўзьнікненьне майго прозьвішча. І ўсё ж чытаю толькі кнігі. Цяпер мая ўвага скіраваная да сучасных іспанскай і японскай літаратураў. З рускай класікі часам перачытваю Талстога, Гогаля, Чэхава, Буніна, а з тых сучасьнікаў, каго ведаў асабіста, -- Астаф’ева. У беларускай літаратуры мае ўлюбёнцы – Купала, Багдановіч, Гарэцкі, Быкаў, Караткевіч, Панчанка, Пысін, Стральцоў. Часта зьвяртаюся да кніг Брыля, Барадуліна, Кудраўца, Казько… Усіх пералічыць немагчыма.

8. Мяне радуе, што нашая літаратура становіцца больш інтэлектуальнаю, роздумнаю, філасафічнаю. Пры ўсёй павазе да бытаапісальнікаў, якімі яна заўсёды славі­лася (і заслужана!), сёньня гэтым не адбудзеш(??). Асабліва тады, калі на дзесяці старонках тэксту апісваецца, як запрагаюць каня, але дугу чамусьці закладаюць ня з левага боку, а з правага. Няведаньне жыцьця ў хаўрусе з моўнай глухатою застаецца для многіх творцаў хранічнай хваробаю.
У маладых, за творчым сталеньнем якіх у меру магчымасьці сачу, пры абсалютнай свабодзе іхніх пошукаў і эксьперыментаў, абавязкова павінна быць адчуваньне нашага беларускага шляху. Трэба не перапяваць некага, а шукаць сваё. Тады мы будзем цікавымі і Еўропе, і ўсяму сьвету. Хай сабе цяпер пісьменьнік не займае таго месца ў грамадстве, якое меў, але за ім усё роўна цягнуцца душою людзі, і пра гэтую ака­лічнасьць, пра публічнасьць прафесіі заўсёды павінен памятаць кожны, хто бярэцца за пяро або сядае за кампутар.