12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Алесь Аркуш

_____________________
Пабываць яшчэ раз... Жодзінскія аповеды



Забойства ля раскапанай магілы
Нічыпар ціха пагрукаў у вакно папоўскага дому. Начны госьць паводзіў сябе надзвычай асьцярожна. За яго сьпінай паміж камлёў старых ліпаў маячыла постаць яшчэ аднаго начнога бадзягі, які, па ўсім відаць, быў пакінуты назіраць за Маскоўскім гасьцінцам. Бальшак праходзіў праз цэнтр мястэчка і быў ці ня самым ажыўленым месцам Жодыня. Праўда, пасьля таго, як у гэтых мясьцінах зьявілася чыгунка, інтэнсіўнасьць руху па шляху Барысаў-Менск-Барысаў значна паменела. Сяляне навакольных вёсак, якія кіраваліся на сваіх падводах у горад, імкнуліся ўправіцца да зьмярканьня, асабліва ў такі неспакойны час. Аднак зусім не сялянаў асьцерагаліся начныя госьці. У любую хвіліну на гасьцінцы мог узьнікнуць чырвоны карны атрад, якімі была нашпігаваная ўся тутэйшая ваколіца. З месяц таму бальшавікі добра пасунулі польскіх легіянераў на захад і цяпер актыўна зачышчалі занятую тэрыторыю ад “варожых элементаў”. У такі неспакойны час жыхары мястэчка клаліся спаць рана – дыск сонца яшчэ не хаваўся за даляглядам, а Жодынь як выміраў.
Драўляная Міхайлаўская царква стаяла насупроць папоўскага дому. Абсаджаная ліпамі і бярозамі, якія нібы захіналі яе ад злосьнікаў, царква таксама стаілася ў трывожным чаканьні.

Нічыпар яшчэ раз нягучна пагрукаў. З хаты пачуўся няпэўны шоргат, а затым хрыплаваты голас немаладога мужчыны прабубнеў праз вакно:
– Якіх чарцей носіць па начах?
– Ня варта, айцец Феафіл, згадваць чарцей, іх і так разьвялося нямерана. У мяне да вас ліст. Адчыніце дзьверы.
– Які яшчэ ліст? – гаспадар не зьбіраўся верыць начному госьцю.
– Я ад генерала Булак-Балаховіча.
– Пачакайце, зараз адчыню…
Рыпнулі дзьверы, і на парозе паўстала постаць айца Феафіла, які на плечы паверх ільняной доўгай, амаль да самых пятаў, кашулі накінуў зашмальцаваны ці то воскам, ці то тлушчам чорны пінжак. У сьвятле газьніцы, якую гаспадар трымаў у выцягнутай руцэ, тыя пляміны ільсьніліся антрацытавым зьзяньнем. “І калі толькі лямпу пасьпеў запаліць?” – падумаў Нічыпар.
– Я не адзін, зараз паклічу сябра.
Праз пару хвілінаў Нічыпар і Павал сядзелі на шырокім услоне ў вялікім пакоі папоўскага дому.
– У мястэчку ёсьць чырвонаармейцы? – першай справай запытаўся Нічыпар, па ўсім было бачна, што ён старэйшы за Паўла як па ўзросьце, так і па вайсковым званьні.
– У чыгуначнай казарме атрад атабарыўся. Масток палякі ўзарвалі адыходзячы, дык яны рамантавалі.
– А патрулі?
– Бывае, соўгаюцца сярод ночы, але апошнімі днямі ціха.
– Вось ліст да вас, – Нічыпар працягнуў гаспадару невялікую капэрту, якая яшчэ нядаўна была складзеная ў некалькі столак і таму выглядала добра пакамечанай. – Выбачаюся, што ў такім стане, але самі разумееце, кансьпірацыя.
Айцец Феафіл нетаропкім рухам узяў ліст і гэткім жа нясьпешным голасам прамовіў:
– Я зараз прачытаю, акуляры толькі знайду, а вы пачакайце, матухна вам нешта на стол справіць. Дарогу адолелі, пэўна, немалую, наўрад ці адмовіцеся падмацавацца.
– Вядома, не адмовімся, але ў нас мала часу, мусім сысьці гэтай жа ноччу, – адказаў Нічыпар, Павал па-ранейшаму маўчаў.
Айцец Феафіл узяў лямпу і выйшаў у суседні пакой.

* * *
На выкананьне сакрэтнага заданьня штаб Вызвольнай арміі генерала Булак-Балаховіча накіраваў трох чалавек: ротмістра з аддзелу выведкі Нічыпара Хведаровіча, штабнога паручніка Павала Кулагу і шарагоўца Мікалая Равёнка. Спачатку яны мусілі патрапіць у Ігумень, дзе невялікаму атраду з трох чалавек былі падрыхтаваныя коні і зброя. Гэтая частка аперацыі прайшла ўдала. Далей ляснымі дарогамі балахоўцы рушылі ў бок Жодыня. Увечары 23 ліпеня 1920 году атрад выйшаў наўскрай лесу побач з вёскай Судабоўка. Дачакаліся зьмярканьня, бо далей трэба было ехаць па адкрытай мясьціне. Як толькі сонца бліснула апошнімі промнямі, тры коньнікі галопам паляцелі па віхлястай палявой дарозе ў мястэчка. За паўгадзіны яны апынуліся на правым беразе ракі Пліса. Наперадзе быў мост, побач вымалёўваўся маўклівы сілуэт вадзянога млыну. Атрад зьвярнуў з дарогі, і вершнікі схаваліся ў хмызах. Коней вырашылі пакінуць у алешніку пад аховаю Равёнка.
Нічыпар і Павал выйшлі зноў на дарогу і прыслухаліся. Мястэчка нібы вымерла: ніводнага гуку з-за ракі да іх не далятала. Удвух яны рушылі на мост. Вінтоўкі дзецюкі пакінулі разам з коньмі, узялі з сабой толькі рэвальверы. “Вялікая зброя будзе замінаць, – патлумачыў Нічыпар, – трэба зрабіць усё хутка і ціха”. Мінулі мост. Адразу за ракой пачыналася мястэчка. Па Рынкавай вуліцы яны выйшлі на Маскоўскі гасьцінец. Далей адшукаць хату папа было нескладана, бо зьлева ўбачылі невялікую драўляную царкву. Поп жыў побач.

* * *
У другой палове вялікай папоўскай хаты было два пакоі. Поп падаўся ў адзін з іх. Хвілінаў дзесяць начныя госьці сядзелі моўчкі. Айцец Феафіл нечым грукнуў, затым ціха з кімсьці перамовіўся. Неўзабаве ў вялікі пакой са сьвечкай выйшла матухна. Яна была зусім непадобная да класічных папоўскіх сужэніц: маленькая, худзенькая, ростам да пляча свайго бацюхны. Павіталася, дастала з прыпечку яшчэ адну сьвечку, запаліла ад сваёй і ўладкавала ў падсьвечнік, які стаяў на стале.
– Добра, што бульбу пакінула ў печы на раніцу, – сказала яна і пацеляпалася ў гаспадарчы кут, загрукала засаўкай у печы, затым посудам.
Кабета хутка справіла стол. Перад гасьцямі зьявіліся талеркі з бульбай, мачонымі гуркамі, салам, гладыш з малаком.
– А чаго ў вас у мястэчку сабак няма, мы думалі, яны гвалту наробяць, а ніводная і ня дзяўкнула, – спытаў матухну Нічыпар.
– Палякі, як адыходзілі, пачалі рабаваць, дык сабак усіх і пабілі, нашага Чарныша таксама прыстрэлілі, а новага пакуль не нажылі, не да таго было.
– А што, чырвоныя не рабуюць? – упершыню падаў голас Павал.
– Таксама рабуюць, харчразьвёрстка ў іх гэта называецца, цягнуць усё, што знойдуць, спасу няма. – Памаўчала крыху і дадала: – Усім трэба есьці.
– Вось калі нашу ўладу ўсталюем, сапраўдную, народную, беларускую, дык і скончыцца гэтае спрадвечнае рабаваньне, – узьнёсла прамовіў, нібы даў абяцаньне, маладзейшы госьць. Твар яго быў хваравіта бледны, было відаць, што яму цяжка даюцца падобныя выправы.
– Ці дажывем? – Матухна глыбока ўздыхнула і амаль шэптам дадала: – Я вам, напэўна, ужо не патрэбная. Нешта кепска пачуваюся, пайду ў ложак.
– Дзякуй! – амаль у адзін голас прамовілі Нічыпар і Павал, уадначас перахрысьціліся, узялі лыжкі і пачалі есьці.
Да гасьцей выйшаў айцец Феафіл. Ён па-ранейшаму трымаў у руцэ газьніцу. У пакоі стала сьвятлей. Балахоўцы паклалі лыжкі і скіравалі свае позіркі на бацюхну.
– Чакаю вас ужо месяц. Васіль казаў, што прышле хлопцаў напачатку ліпеня, а хутка жнівень.
Васіль Труханоўскі, кіраўнік аддзелу выведкі арміі Булак-Балаховіча, быў пляменьнікам айца Феафіла.
– Праз фронт складана прабірацца, ды й неспакойна было, перачакалі, – адказаў Нічыпар.
– Вы тут падмацуйцеся, а я зараз.
– Можа вам дапамагчы? – прапанаваў Павал.
– Ды не ўжо, я сам… Грашыць, дык аднаму.
Бацюхна задзьмуў лямпу, выйшаў у сенцы, бразнуў нечым металічным, пэўна, рыдлёўкай, і выйшаў з хаты.

* * *
– Здаецца, Паэт, усё складаецца нармальна.
Нічыпар зноў узяў лыжку і пачаў есьці.
Павал сапраўды пісаў вершы, ягоная партыйная, эс-дэкаўская, мянушка “Паэт” прыстала да яго яшчэ ў студэнцкія гады, калі ён навучаўся ў Пражскім універсітэце. Да балахоўцаў ён падаўся сьвядома – вырашыў са зброяй у руках змагацца за незалежнасьць Бацькаўшчыны. З Прагі прыехаў у Варшаву, у кішэні меў рэкамендацыйны ліст да генерала ад кіраўніцтва сваёй партыі. Адукаванага хлопца, які ведаў тры замежныя мовы, залічылі ў штаб Вызвольнай арміі.
Калі Павала Кулагу накіравалі на сакрэтнае заданьне, яго не азнаёмілі з дэталямі аперацыі. У аддзеле выведкі імкнуліся правесьці яе ў поўнай сакрэтнасьці. Інфармацыяй валодалі ўсяго тры чалавекі: сам генерал і два кіраўнікі аддзелу выведкі (у тым ліку сам Васіль Труханоўскі), якія гэтую аперацыю і рыхтавалі.
Пра асноўную мэту іхняга ваяжу ў Жодынь Павал даведаўся ад Нічыпара толькі пасьля таго, як невялікі атрад рушыў ляснымі дарогамі з Ігумені. “Не крыўдуй, так вырашыла кіраўніцтва, каб напоўніцу паменшыць мажлівасьць уцечкі інфармацыі”, – ротмістар-выведнік Хведаровіч не асабліва далікатнічаў з “інтэлігенцікам” з Прагі. Сам ён паходзіў з сям’і лесьніка. Жыцьцё вайскоўца, з усімі бытавымі, псіхалагічнымі і маральнымі цяжкасьцямі, не было для яго нечым экстрэмальным. Начаваць у лесе або трываць трыццаціградусны мароз пры паўночным ветры ён навучыўся яшчэ ў дзяцінстве. Нічыпар бачыў, як цяжка такое жыцьцё даецца Кулагу. Ня раз карцела пацьвяліць яго, маўляў, гэта табе ня ў Празе піва піць. Але нешта замінала нахабнаму і задзірліваму Хведаровічу крыўдзіць маладога штабіста. Калі Нічыпар даведаўся, што разам з ім у Жодынь накіроўваюць Кулагу, ён паспрабаваў даць яму адвод. Але ягоных “капрызаў” нават чуць не хацелі. Так загадаў бацька! Загады не абмяркоўваюць!

* * *
У папоўскім доме ў тую ноч начаваў яшчэ адзін чалавек – Мацей Бацян, пляменьнік жодзінскага бацюхны, старэйшы сын Феафілавай сястры Варвары. Мацей за сваё невялікае жыцьцё шмат чаго пабачыў. Ваяваў у аддзелах Дзянікіна, затым зьбег з войска і далучыўся да адной з бандаў, якая прамышляла на Херсоншчыне. Банду разьбілі, Мацей ацалеў, вырашыў падацца ў родныя мясьціны. Мацеевы бацькі жылі ў Сьмілавічах, і ён накіроўваўся да іх, каб нейкі час адседзецца і рушыць далей на захад, да палякаў. Вядома, нічога пра свае херсонскія прыгоды пляменьнік роднаму дзядзьку не апавядаў. Маўляў, быў у Дзянікіна, цудам застаўся жывым, вяртаецца ў родныя мясьціны, каб распачаць мірнае, цывільнае жыцьцё. Папрасіўся толькі пераначаваць.
Мацей таксама пачуў стук у шыбу. Спаў ён не распранаючыся, з незачыненаю форткаю. Калі айцец Феафіл паведаміў яму, што ніякай небясьпекі няма, Мацей усё адно ня змружыў павекі. Ён чуў, як дзядзька сказаў гаспадыні: “Ну, нарэшце, аб’явіліся за сваім дабром”. А яна прашаптала ў адказ: “Ну і добра, бо пачалі ўжо сьніцца нячысьцікі і патрабаваць золата”. Калі айцец Феафіл выйшаў з хаты, Мацей ціха вылез праз вакно, балазе госьці былі занятыя размовай з гаспадыняй, і пачаў сачыць за дзядзькам.

* * *
Айцец Феафіл выйшаў у сенцы, адшукаў рыдлёўку і рушыў да царквы. Рыдлёўку прытуліў да сьцяны, адчыніў ключом уваходную браму. Зайшоў у бажніцу. Там было цёмна, прыемна пахла воскам і ладанам. Поп зрабіў некалькі крокаў у цемру, апусьціўся на калені і пачаў маліцца. Хвілінаў дзесяць ягоныя вусны бязгучна варушыліся. Затым ён падняўся, выйшаў на двор, узяў рыдлёўку і накіраваўся да некалькіх магільных грудкоў, якія месьціліся непадалёку. Перажагнаўся. І пачаў раскопваць магілу.
Калі Васіль Труханоўскі прывёз да яго скураную торбу з грашыма і золатам і папрасіў перахаваць, айцец Феафіл ня мог адмовіць. Але дзе схаваць? У хаце няма патайнога месца. Зарыць недзе на царковішчы – таксама не надзейна. Схаваць у царкве? У любую хвіліну нехрысьці маглі падпаліць драўляную бажніцу. Таму айцец Феафіл і пайшоў на гэты грэх: закапаў казну паўстанцаў на цьвінтары.
Зямля была мяккая. Праз хвілінаў пяць-шэсьць бацюшка ўжо трымаў у руках скураную торбу. І раптам з-за сьпіны пачуў голас:
– І чым тут дзядзька Феафіл займаецца па начах?
Мацей зрабіў некалькі крокаў і наблізіўся да бацюхны.
– А ты што тут робіш? За мной сачыў?
– Ня мог я прапусьціць такой цікавай падзеі. І што гэта вы трымаеце?
Мацей паклаў руку на торбу, якую аберуч прыціснуў да сябе дзядзька.
– Не твая справа. Ідзі ў хату.
– Давайце дамовімся… Вы мне аддасьцё зараз гэта, а ім, – ён кіўнуў убок хаты, – скажаце, што нейкі злодзей напаў і адабраў. А я з вамі па­дзялюся.
Мацей сказаў гэта такім хіжым, пагрозьлівым голасам, што поп крыху сумеўся. Ён мацней прыціснуў да сябе торбу і, нераўнуючы як на якую нячыстую сілу, выгукнуў:
– Адыдзі, Мацей! Не блюзьнер! Не бяры грэх на душу!
– Гэта вы мне кажаце! Вы, патрашыцель магілаў!
Мацей пацягнуў на сябе торбу. Бацюхна не зьбіраўся яе аддаваць. Тады пляменьнік моцна выцяў нагой дзядзьку ў жывот. Той адпусьціў рукі і ўпаў долу, але пасьпеў схапіць былога дзянікінца за нагу. Мацей з усёй моцы ўдарыў вольнай нагой дзядзьку па твары. І той зьнерухомеў.
У гэты час рыпнулі дзьверы папоўскай хаты. Мацей схапіў торбу і сігануў у царкву.
На ганку стаяў Нічыпар. Ён намерыўся спраўдзіць, што гэта айцец Феафіл гэтак затрымліваецца. Падышоўшы да царквы, ротмістар убачыў раскапаную магілу і нерухомае цела папа побач. “А дзе золата?” – думка-трывога апякла ўсё цела. Нічыпар нахіліўся да бацюхны, увесь твар яго быў заліты крывёй. Поп ня дыхаў.
Мацей адным кідком апынуўся побач з Нічыпарам і прафесійна ўвагнаў нож пад левую лапатку. Ротмістр асеў без ніводнага гуку.
Мацей вырашыў зацягнуць забітых у царкву і падпаліць яе. Пакуль доўжылася б калатнеча з пажарам, ён быў бы ўжо далёка ад мястэчка. Сьпешна падняў пад пахі Нічыпара і пацягнуў абмяклае цела. І тут зноў рыпнулі дзьверы папоўскай хаты.

* * *
Счакаўшы крыху, Павал таксама вырашыў выйсьці на сьвежае паветра і папаліць. На ганку паручнік упіхнуў руку ва ўнутраную кішэню нязручнага чужога пінжака (цывільную вопратку яму далі перад адпраўкай на заданьне), – намерыўся дастаць пачак папяросаў. Ад царквы пачуліся нейкія гукі. Павал ціха гукнуў:
– Нічыпар.
Цішыня… Трывога пачала запаўзаць у душу маладога паручніка. Ён выцягнуў рэвальвер і сьцярожкімі крокамі пасунуўся да царквы. Крокаў за дваццаць ён убачыў раскапаны дол і нечае цела на ім.
– Нічыпар, – яшчэ раз гукнуў паручнік.
Ніхто не адказаў. Трымаючы рэвальвер напагатове, Павал падышоў да раскапанай магілы. У забітым ён пазнаў айца Феафіла. “А дзе Нічыпар?” – мільгатнула думка.
Павал пачаў разглядаць месца здарэньня. Да сьвітанку засталося ўжо менш гадзіны, і трэба было прымаць самастойнае рашэньне. Вакол цела бацюхны на пяску Павал разглядзеў шмат сьлядоў. Гэта былі адбіткі падэшваў ботаў, прычым сьляды двух розных людзей. На айцу Феафілу чаравікі. “Значыць, тут былі яшчэ двое, адзін з іх, напэўна, Нічыпар”. Гэткая выснова яшчэ больш напалохала паручніка. “А можа, Нічыпар і забіў папа ды зьбег з грашыма? А тут, ля царквы, яго чакаў хаўрусьнік?”. Павал згадаў, як па дарозе ў Жодынь ротмістар сказаў яму: “Во забярэм грошы і махнем у тваю Прагу”. “Ты што, звар’яцеў! – узлаваўся тады Павал. – Гэта ж народныя грошы, людзі аддавалі на барацьбу за незалежнасьць заручальныя пярсьцёнкі!” Павал ведаў, што ў Менску прадстаўнікі ўраду БНР таемна праводзілі збор сродкаў на ўзброеную барацьбу. Таямніцай для яго было толькі, куды падзеліся тыя грошы. “Я жартую,” – адразу супакоіў яго Нічыпар.
Часу заставалася ўсё менш. Трэба было сьпяшацца. Павал Кулага заўважыў на пяску яшчэ нешта: сьлед-паласу – нібыта штосьці цягнулі ў царкву – і пайшоў па сьледзе. Дзьверы ў бажніцу былі адчыненыя. Цемра не дазваляла нічога разгледзець. Павал сьцярожка пасунуўся ўздоўж правай сьцяны. Мысам бота адчуў, што на сярэдзіне праходу ляжыць яшчэ адно цела – і мацней сьціснуў у руцэ зброю. Вольнай рукой адшукаў у кішэні рэвальверны набой і кінуў яго да левай сьцяны. Адразу выбухнуў стрэл. Павал імкліва скочыў і тры разы стрэліў у адказ. Пачуўся вокрык, і нечае цела гухнула на падлогу. Недзе загула, нібы сірэна, падвешаная чыгуначная рэйка. Чырвонаармейцы, відавочна, забілі трывогу…
Павал знайшоў забітага. Цела мужчыны ляжала ля ўваходу ў царскія брамы. У руках невядомы трымаў торбу. Павал выдзер яе з абдымкаў забітага і прысьпешыў да выхаду. Абмінаючы Нічыпара, нахіліўся, упэўніўся, што гэта ротмістр Хведаровіч, выцягнуў ягоны рэвальвер. “Прабач, сябар, бывай!” – і перахрысьціўся.
На дварэ ўжо бралася на сьвітаньне. Начная цямрэча пачала прасьвятляцца. Павал падышоў да забітага бацюхны. Заўважыў, што з кішэні ягонага старэнькага пінжака тырчыць ражок паперкі. Гэта быў ліст, які яны з Нічыпарам прывезьлі айцу Феафілу. Паручнік піхнуў яго сабе ў кішэню.
“Бегчы на мост небясьпечна”, – амаль інстынктыўна падумаў Павал. Чырвонаармейцы, відавочна, яшчэ не разабраліся, адкуль прагучалі стрэлы, таму ён меў хвілінаў дваццаць, каб пакінуць мястэчка. Але на мосьце, як стратэгічным аб’екце, ужо мог быць патруль.
Павал пабег уздоўж Маскоўскага гасьцінцу, затым пераскочыў праз жэрдкі плоту і паляцеў па бульбоўніку да ракі. У торбе, якая важыла ня менш за пяць кілаграмаў, па-здрадніцку грукала і пазвоньвала золата. Адолеўшы бульбяны палетак, паручнік выскачыў на луг. Пачуў цокат капытоў: напэўна, не дачакаўшыся сваіх, Равёнак пагнаў коней у адваротным кірунку. У гэткай сітуацыі нельга было пакідаць торбу ў сябе. Шанцы на ўдалыя ўцёкі былі кволымі. Месца невядомае, да лесу няблізка, пачынаўся ранак…
Павал выбег да ракі, спыніўся. Спачатку дастаў з кішэні ліст і падзёр яго. Дробныя паперкі імкліва падхапіла плынь. Шырока размахнуўся і з усёй моцы шпурнуў торбу. Яна гучна плёхнулася на сярэдзіну воднай плыні. Затым ён сам боўтнуўся ў ваду і паплыў. Выбраўся на нізкі правы бераг і, чвякаючы ботамі па тваністай нізіне, пачаў выбірацца на сухі луг. Узьняўшыся на пагорак, азірнуўся, каб запомніць месца сваёй пераправы, і пабег да хмызоў, якія, нібы аазіс у пустыні, прыцягвалі мрояй выратаваньня.
Сакавік 2005. Полацк.

Дом культуры ДРЭС
1.
Мне заўжды падабалася месца, на якім стаіць Дом культуры Смаля­віцкай ЦЭЦ*. Насамрэч Смалявіцкая ЦЭЦ месьціцца зусім не ў Смалявічах, а ў маім родным Жодзіне. Калі будавалася электрастанцыя, а было гэта ў канцы 40-х – на пачатаку 50-х, Жодзіна ўяўляла сабой невялічкі пасёлак вакол чыгуначнага паўстанку. Стратэгічны індустрыяльны аб’ект знаходзіўся ў падпарадкаваньні райцэнтру Смалявічы і называўся: Смалявіцкая дзяржаўная раённая элетрастанцыя, альбо Смалявіцкая ДРЭС. Пасёлак, які паўстаў побач са станцыяй, таксама зваўся ДРЭС. І школу энергетыкі мелі сваю, вялікую, двухпавярховую, №1. І сталоўку-рэстарацыю. І помнік Леніну, які традыцыйна, як ва ўсіх райцэнтрах і мястэчках, паказваў рукой у бок “кропкі”, дзе можна выпіць і закусіць. І шматлікія крамы, у тым ліку мая ўлюбёная кнігарня. І Дом культуры. Ня нейкі там пасялковы клуб, а вялізарны гмах класічнай для таго часу архітэктуры, з псеўдарымскімі калонамі ля ўваходу. Гэты будынак і цяпер велічна ўзвышаецца над прыгожай поймай ракі Пліса. Правы высокі бераг быў наш, дрэсаўскі. Мы былі гарадскімі. На супрацьлеглым беразе знаходзіўся пасёлак саўгасу “Загор’е”. І мы глядзелі на суседзяў заўжды са стромы, з вышыні.
Адтуль, дзе месьціцца Дом культуры сапраўды адкрываецца цудоўны краявід. Правы бераг узвышаецца як бы двума прыступкамі. Спачатку вельмі стромка, метраў на восем-дзесяць, а затым яшчэ разы ў два вышэй, але павольна, без небясьпечнай стромкасьці. Вось гэтая горка ля Дому культуры і была месцам нашых улюбёных зімовых забаваў. Нават у самыя лютыя маразы тут зьбіралася амаль уся дзятва пасёлку. З санкамі і лыжамі. І гойсаньне доўжылася да зьмярканьня. Усякае бывала: насы разьбівалі і рукі ды ногі ламалі. Але пасьля акрыяньня, небаракі абавязкова вярталіся да сваёй улюбёнай забавы.
Гэтая горка мне падабалася і летам. Пліса ўнізе рабіла некалькі велягурыстых петляў, ператвараючы краявід у нешта адмысловае. Ня ведаю, ці аздобленая Пліса ў якім іншым месцы гэткім прыгожым ландшафтам. На жаль, ніколі далёка не вандраваў усьцяж ракі дзяцінства. У гэтым жа краявідзе была адмысловая гармонія, ён выклікаў пачуцьцё ці то велічнасьці (краявід з вышыні), ці то лагоднасьці і супакою (гармонія невя­лікай рэчкі з вербамі і аеравымі палосамі па берагах), ці першага і другога разам.
Пазьней, калі я пачаў цікавіцца гісторыяй, у мяне нарадзілася думка: ня можа быць, каб на такім прыгожым узгорку не існавала старога паселішча. Вельмі зручнае месца. Побач рака, па якой можна сплысьці ў Бярэзіну, а па ёй і ў Дняпро. У старыя часы рэкі былі асноўнымі сродкамі камунікацыі. І расьсяленьне-каланізацыя адбывалася ўздоўж рэк. Месца высокае: і паводка не зашкодзіць, і ворага здалёк можна заўважыць. Карацей, з усіх бакоў выгода. Самастойна правесьці археалагічныя дасьледваньні, ясная рэч, я не рашыўся. Але аднойчы ўсё ж надарылася крыху папоркацца тут рыдлёўкай. Нашая СШ №1 месьціцца па суседстве з ДК. Школьнае кіраўніцтва неяк вырашыла – а было гэта ў 70-я гады мінулага стагоддзя, – арганізаваць у скверыку, што атачаў з аднаго боку ДК, невялікую спортпляцоўку для школьнікаў. Я асабіста выкапаў некалькі ямаў пад слупы. Чыстая гліна. Ніякіх сьлядоў культурнага слою. Гэта мяне моцна расчаравала.
Значна пазьней у маёй галаве нарадзілася іншая думка: на такіх месцах паўставалі не паселішчы, а жэглішчы, культавыя аб’екты. Даказаць гэта будзе цяжка: будоўля ДК спляжыла ўсё, што магло захавацца. Але мне асабіста такога доказу і ня трэба. Магія сьвятых мясьцінаў не патрабуе каталагізацыі ды навуковага абгрунтаваньня.
Хрысьціяне-місіянеры на месцах паганскіх жэглішчаў будавалі цэрквы. Тут з храмам не атрымалася. Затое пабудавалі Дом культуры.

2.
А зараз распавяду пра сам ДК ДРЭС. Ня памятаю, калі ўпершыню я патрапіў у сярэдзіну гэтага найвялікшага гмаху нашага пасёлку. Відавочна, было тое ў зусім малым узросьце і, напэўна, на сьвята Новага году. Мае бацькі працавалі на Смалявіцкай ДРЭС, таму ўсе сьвяты яны адзначалі ўрачыстымі паседжаньнямі ў дрэсаўскім Доме культуры. А на Новы год для дзяцей энергетыкаў у ДК ладзілася сьвяточная елка, з усімі адпаведнымі навагоднімі атрыбутамі: вялікай зялёнай прыгажуняй пасярод залы, Дзедам Марозам і Сьнягуркай, карагодамі, сьпевамі і падарункамі. З працы бацькі прыносілі адмысловую паштоўку, за якую Дзед Мароз і выдаваў кожнаму пакуначак з цукеркамі. Вялікім горам было захварэць пад Новы год і не атрымаць падарунку з рук Дзеда Мароза. Праз якіх пару дзён хтосьці з бацькоў прыносіў тыя цукеркі з працы: недзе ў прафкаме іх, натуральна, аддавалі, але гэта ўжо было ня тое, парушаўся рытуал, дзіцё пазбаўлялася сьвяточных пачуцьцяў. І гэтыя пачуцьці ў дрэсаўскай дзятвы былі непарыўна зьвязаныя з ДК, горкай над Плісай і надрэчным края­відам.
Затым, калі я пайшоў у школу, пачаўся іншы перыяд маіх дачыненьняў з ДК ДРЭС. Кінематаграфічны. Многія культавыя савецкія фільмы ўпершыню я пабачыў менавіта ў будынку на маляўнічым узвышшы. Адзін летні месяц я абавязкова праводзіў у піянерлагеры Смалявіцкай ДРЭС “Чайка”. Дарэчы, лагер той дасёньня месьціцца на беразе Плісы, у трох кіламетрах ніжэй гораду. Праўда, ля “Чайкі” нічога адметнага ў ландшафце няма. Рачулка практычна незаўважная пасярод роўнядзі палёў і невялікіх лапікаў лесу. Адзінае, што памятаецца: купаньне ў рацэ і конкурсы рыбаловаў, у якіх я звычайна браў удзел. Лавіліся плоткі, печкуры, акунькі. Я налаўчыўся спрытна лавіць уклеяк і часта перамагаў у тых спаборніцтвах, здабываючы ачкі для свайго атраду. А яшчэ памятаецца, штоты­дзень нас вазілі ў кіно ў ДК ДРЭС. Аўтобусамі дастаўлялі ці ня ўвесь лагер. У зале ўздымалася бязладная гамана і вэрхал. Бесперапынна стукалі драўляныя сядзельцы крэслаў, хтосьці кагосьці клікаў, хтосьці ня мог падзяліць лепшыя месцы. Але як толькі патухала сьвятло і пачынаў стракацець кінапраектар, рабілася ціха – кінематаграфічная дзея хутка ўтаймоўвала самых няўрымсьлівых вісусаў. Памятаецца, менавіта пры такім калектыўным праглядзе я ўпершыню пабачыў “Няўлоўных мсьціўцаў”. Колькі затым было абмеркаваньняў і пераказаў кіношнага прыгодніцкага сюжэту!
Калі вярнуўся з войска, у маім Доме культуры фільмы ўжо не круцілі. Гэта стала эканамічна невыгодна. Пасёлак ДРЭС ператварыўся ва ўскраіну Жодзіна – гарадское жыцьцё пачало віраваць вакол заводу БелАЗ, і, адпаведна, Дому культуры аўтазаводу, які мне ніколі не падабаўся. Гэта быў ужо нейкі вычварны гігантызм. Прынамсі ў Полацку, дзе я цяпер жыву, белазаўскі гмах няма з чым параўнаць. Нават грувасткі былы Дом афіцэраў, які таксама зьдзіўляе памерамі на тле старых двухпавярховых камяніцаў, не выглядае так сувора.
Але вернемся ў 70-ыя. У ДК ДРЭС была цікавая бібліятэка. Я ня ведаю, якім чынам фармаваўся яе кніжны фонд, але тут можна было пабачыць і тагачасныя савецкія кнігі, і дарэвалюцыйныя. Магчыма, яны патрапілі з прыватных бібліятэчных збораў сьпецыялістаў, што прыехалі на Смалявіцкую ДРЭС з Расеі. Напрыканцы 70-х гэтыя старыя кнігі з яцямі пачалі сьпісваць у макулатуру і тое-сёе я здолеў уратаваць. Напрыклад, кнігу Салтыкова-Шчадрына “Современная идиллія” з аўтографам аўтара. Пазьней я паказаў яе таварышу-паэту Анатолю Сысу, які загарэўся разблытаць лёс тому ў скураной вокладцы. Ён пачаў пісаць лісты ў розныя навуковыя літаратурныя ўстановы, у тым ліку і ў ленінградскую бібліятэку імя Салтыкова-Шчадрына. Кніга была падпісаная М.П. Арлову. З “салтыкоўкі” прыйшоў ліст з цытаваньнем урыўку ўспаміну Арлова, у якім ён згадваў гісторыю таго аўтографу. Дарэчы, М.П. Арлоў таксама быў пісьменьнікам і друкаваўся пад псеўданімам М.Севераў. Успаміны былі надрукаваныя ў парыжскім часопісе “Красное знамя” (№2,1906). Вось гэты ўрывак: “...Мне случилось встретиться с Щедриным весною в редакции «Отечественных записок», помещавшейся на Спасской, в квартире секретаря редакции поэта А.Н.Плещеева. Щедрин был здоров и весел, рассказывал похождения героя Очищенного, не попавшие по цензурным условиям в только что вышедшую тогда «Современную идиллію». Тут же, вынув из конторки, он подарил мне экземпляр этой книги, сделав на нем любезную надпись…» Штосьці яшчэ пра лёс кнігі Анатолю Сысу не пашчасьціла дазнацца, а яго найперш цікавіла, якім чынам гэты том, падпісаны аўтарам, мог патрапіць у Беларусь.
Цяпер “Современные идилліи” мне нагадваюць і пра бібліятэку ДК ДРЭС, якой даўно няма, і пра Анатоля Сыса, якога таксама, на вялікі жаль, ужо няма сярод нас.
Не магу не прыгадаць пра апошні перыяд сваіх “дачыненьняў” з Домам культуры ДРЭС. Недзе з 15 гадоў, а можа і з 14-ці, мае аднакласьнікі пачалі хадзіць туды на танцы. Але я ня быў такім раньнім ня маючы ні адпаведнага росту, ні адпаведнага досьведу і сьмеласьці, таму дрэсаўскія танцы доўгі час абыходзіліся без мяне. Пасьля восьмага класу я паступіў у Жодзінскі політэхнікум, але з асобнымі школьнымі сябрамі сувязі не губляў, хаця ў мяне зьявіліся новыя – тэхнікумаўскія. Ясна, што школьныя сябры пачалі запрашаць мяне далучацца да паходаў на дыскатэку. Хадзіць пачаў, але піць разам з імі таннае “пладова-ягаднае” віно, або інакш “чарніла”, адмаўляўся. П’яная тупасьць мяне раздражняла і гэты стан я проста ненавідзеў. Танцы ў ДК ДРЭС тады заўсёды былі пад жывую музыку мясцовага ВІА. Ня ведаю, як ён называўся, і ці меў увогуле якую-кольвечы назву. Гралі хлопцы пераважна савецкія і замежныя хіты таго часу. Бубначом быў Пурзік, Саша Пузанкевіч. Мы з ім жылі ў суседніх дамах, і ён быў маладзейшы за мяне на год.
У зале паўзмрок. Гучаць першыя акорды. Перамагаеш ці то страх, ці то нейкі сорам. Чакаеш, пакуль зьявяцца ў цэнтры залы першыя пяць-шэсьць параў. Затрымлівацца нельга, бо вызначаную дзяўчыну могуць запрасіць у цябе перад носам. Ідзеш, запрашаеш, выходзіце разам у цэнтр, адчуваеш далонямі цяпло дзявочага цела, пачынаеш няўклюдна таптацца, час ад часу квола дакранаешся грудзінай да дзявочых грудак. Ад гэтых дотыкаў уздрыг­ваеш усім целам. Ніколі ня быў добрым танцорам. І, бадай што, не аматар танцаваць. Але на тых танцах у ДК ДРЭС цягне пабываць яшчэ раз.

3.
Унутры Дому культуры можна было пабачыць звыклую савецкую агі­тацыйную аздобу: партрэты правадыроў, кумачовыя лозунгі і цытаты з матэрыялаў чарговых зьездаў КПСС. Усё як у звычайных савецкіх культурных установах. Але было адрозьненьне. З тае нагоды, што ДК належаў энергетыкам, тут ніколі не забывалі на ленінскі план ГОЭЛРО. Гэтае дзіўнае слова заўсёды трапляла мне на вочы з розных плакатаў і транспарантаў. І з дзяцінства неаднойчы чытаў па складах: “Камунізм – гэта ёсьць савецкая ўлада, плюс электрыфікацыя ўсёй краіны”. І толькі ў старэйшых класах я даведаўся, што азначае рэбусавае спалучэньне літараў. Аднак дасёньня слова тое ў мяне асацыюецца ня з планамі бальшавіцкага перайначваньня сьвету, а з Домам культуры на беразе невялікай рачулкі.
Акрамя бібліятэкі ў ДК я наведваў яшчэ два гурткі: краязнаўчы і клуб калекцыянераў. Абодва гэтыя заняткі мне блізкія дасёньня. Мяне й цяпер перыядычна ахоплівае жарсьць калекцыянаваньня – марак, манетаў, старажытных артэфактаў, кніг. З краязнаўствам таксама не разьвітваюся, балазе, мае журналісцкія і пісьменьніцкія заняткі таму спрыяюць.
Нашым дзіцячым гуртком краязнаўцаў кіравала Валянціна Крукава. Разам з ёй мы імкнуліся разгадаць загадку зьяўленьня назвы Жодзіна. Легенды пра стрэлачніка-француза Жардэна, які, нібыта, пасяліўся ў гэтых мясьцінах і даў імя мястэчку, і пра рачулку Жодзінку, якая ўпадае непадалёку ад кінатэатра “Юность” у Плісу, мы ведалі з малых гадоў. Гэта ўжо напачатку ХХІ стагоддзя гісторыкі адшукалі ў архівах матэрыялы пра паселішча Багуслаў Поле, заснаванае князем Багуславам Радзівілам на беразе Плісы, якія пралілі сьвятло на сапраўдную гісторыю майго гораду. А ў далёкіх 70-х летапіс Жодзіна пачынаўся з будаўніцтва заводу БелАЗ.

4.
Ужо калі вучыўся ў Менску ў наргасе, прыехаў неяк у родны горад са сваёй дзяўчынай. Увечары мы ўдвух гулялі па пасёлку ДРЭС і я ўголас фантазіраваў: стану вядомым пісьменьнікам, зараблю шмат грошай, выдаткую патрэбную суму на рэстаўрацыю тутэйшых вулачак і дамоў. Будзе супер-элітны пасёлак пад чырвонай дахоўкай. Падарунак землякам. Мы сьмяяліся і верылі ў фантазіі. Зразумела, на месцы помніка Леніну мусіць стаяць мой бронзавы бюст. Вуліца майго імя, і ў школе мемарыяльны куток. І абавязкова парта, за якой сядзеў. Згадка пра парту выклікала ў нас гамерычны рогат. Бо парты, на якіх сядзелі героі другой сусьветнай вайны, чамусьці заўсёды захоўваліся ў цалюткім стане, нават калі школы і цэлыя гарады ператвараліся ў руіны. У маёй СШ №1 імя Пятра Купрыянава за часамі майго дзяцінства таксама была парта героя. Хоць сам Пётр ніколі ў той школе і не вучыўся, бо яе пабудавалі ў пачатку 50-х гадоў.
Мы так і не прыйшлі да згодны адносна таго, што зрабіць з нерантабельным Домам культуры. Для музею задужа вялікі. Ніякіх матэрыялаў ня хопіць, нават калі б адшукаліся ўсе мае вучнёўскія сшыткі. Прагучала прапанова заснаваць культурна-бізнэс-цэнтр, дзе штогод будуць ладзіцца міжнародныя аркушаўскія чытаньні. Але яе адкінулі з-за празьмернага марнатраўства.
Мы стаялі на прыступках ДК, і я распавядаў пра гэтую тутэйшую знакамітасьць. Пра бібліятэку, дзе былі кнігі з яцямі, пра дзяўчат на танцах, за самых прыгожых можна было атрымаць паміж воч ад мясцовых “каралёў”, пра ансамбль, які сьпяваў песьні бітлоў у расейскім перакладзе, а яшчэ залаты хіт Shocking Blue Шызгары: “Венера, голубая Венера...” Я пракрычаў радкі песьні ў набрыньваючы змрок і рэха паміж псеўдарымскімі калонамі адгукнулася мне знаёмым маладым голасам.
03-05.03.2007, Беласток.

Брызгалаўка
1.
Ні ў адной беларускай энцыклапедыі не пазначана, што ў Беларусі ў 60-х гадах існаваў адкрыты басейн з цёплай вадой, які не замярзаў у самыя лютыя маразы. А такі басейн быў насамрэч. Знаходзіўся ён у Жо­дзіне.
Паўстаў басейн наступным чынам. Па вайне на беразе невялічкай рачулкі Пліса ў Смалявіцкім раёне пачалі будаваць ДРЭС. Для цеплавой электрастанцыі патрэбна шмат вады, таму вырашылі стварыць побач вадасховішча. Плісу запрудзілі, для рэгуляваньня стоку вады ўзьвялі пла­ціну са шлюзамі. Дарэчы, гэтая плаціна як і само вадасховішча, і цяпер адна з галоўных славутасьцяў Жодзіна. 30 лістапада 1951 году станцыя дала першы ток. На той час горад яшчэ толькі пачаў будавацца, а рабіць цэнтральнае ацяпленьне прыватных дамоў аўтэхтонаў было непад’ёмнай раскошай. Узьнікала пытаньне: куды дзяваць лішкі гарачай вады? Варта патлумачыць, што вада тая чыстая, можна сказаць дысцыляваная, – гэта кандэнсат пары – той самай, што круціць турбіны. Ваду пачалі зьліваць у вадасховішча. Ня проста банальна з нейкай аграмаднай трубы, абы пазбыцца. Працэс вяртаньня адпрацаванай Н2О арганізавалі згодна нейкіх галіновых правілаў і нормаў. Пасярод вадасховішча паўстала вялікая канструкцыя з трубаў у стылі лепшых узораў эстэтыкі канструктывізму. Вада лілася ў вадасховішча з некалькіх сотняў соплаў-вадаліваў, ствараючы адмысловы канструктывісцкі малюнак з пырскаў і струменяў. Акрамя малюнку трубы нараджалі музыку, гукі якой луналі над навакольлем, як рокат вадаспаду. І самае прыгожае – над вадаліўным цудам увесь час луналі зыркія вясёлкі.
Народ празваў усё гэта брызгалаўкай. Правы бераг вадасховішча знаходзіўся “пад пратэктаратам” ДРЭСу, ля нашага берагу і месьціўся плісскі Пецяргоф. З часам брызгалаўкай сталі зваць усю прылеглую да вадаліваў тэрыторыю вадасховішча.
Дык вось, побач з тым водным “каларыферам” пабудавалі драўляны адкрыты басейн. Купацца ў ім можна было практычна ўсе чатыры пары году. Сёньня, напэўна, мала хто памятае з маіх землякоў, што ў 60-70 гады ў Жодзіне, з нагоды наяўнасьці шыкоўнай водна-спартовай базы, было вельмі папулярным воднае пола. Горад нават меў моцную каманду, якая ўдзельнічала ў гульнях чэмпіянату Беларусі. Касьцяк каманды складалі старшакласьнікі нашай дрэсаўскай СШ №1. І, зразумела, яшчэ ў тыя брызгалаўскія часы нарадзілася мясцовая школа веславаньня.

2.
Калі зімой улюбёным месцам гульняў і забаваў дрэсаўскай дзятвы была горка ля Дому культуры, дык летам, ня цяжка здагадацца, культавым местам была брызгалаўка. Тут мы прападалі днямі, а часам, і суткамі. Загаралі, купаліся, лавілі рыбу, займаліся спортам, прызначалі спатканьні. Брызгалаўка была ўмоўна падзеленая на сектары. Адразу за плацінай пачынаўся агульнагарадскі пляж з пляцоўкай для купаньня дзятвы, так званы “лягушатнік”. Далей, побач з басейнам, адпачывалі спартоўцы і гарадскія “аўтарытэты”. Было шмат аматараў загараць на драўляных кладках прымітыўнага спартовага аб’екту. А яшчэ далей, побач з дрэсаўскай паліклінікай, пачыналіся любімыя мясьціны гарадской дзятвы. Бераг тут пясчаны, старэйшым жодзінцам зручней загараць на траўцы, а для малалеткаў гарачы бялюткі пясок – дадатковая забава. Купаліся да замарачэньня, а затым дурэлі на пяску, – качаліся, абсыпаліся і зноў у ваду.
Непадалёку ад пляжу знаходзілася яшчэ адно славутае месца – бур­лілка. Поруч з двума таўшчэзнымі трубамі, па якіх паступала вада ў брызгалаўку, ішла яшчэ адна вялікая труба, якая, пад прамым вуглом, давала нырца ў вадаём. Па ёй таксама цякла цёплая вада, але гэта быў страхаваны зьліў, – калі ціск ва ўсёй сістэме падымаўся да небясьпечнага ўзроўню, лішкі Н2О адводзіліся сюды. Вакол трубы вада ўвесь час бурліла, таму месца тое празвалі бурлілка. Звычайна труба была запоўненая на траціну, а то й меней. Занырваньне ў гэты металічны грот было любімым заняткам дрэсаўскай дзятвы. Вось купаюцца некалькі хлопцаў, затым даюць нырца і зьнікаюць. Пяць хвілінаў мінае, дзесяць, а іх няма. Яны ў трубе.
Быў у нас і яшчэ адзін любімы занятак. Катацца на лодках. На супрацьлеглым беразе месьцілася лодачная станцыя. У бацькоў бралі пашпарт, або ў заставу хтосьці аддаваў свой гадзіньнік, яшчэ адзін абавязкова мусілі браць з сабой – пільнаваць час. Гадзіна карыстаньня лодкай каштавала 15 капеек. Зьбіралі каманды па два-тры чалавекі на борт і рабілі вандроўкі за судабоўскі мост, дзе вадасховішча зьнікала ў зарослых аерам затоках. Я любіў грэбсьці і ў мяне гэта някепска атрымлівалася. Па дарозе наведвалі дзьве маленькія выспы. Кожны раз, пры высадцы, песьцілі на­дзею нешта на тых выспах адшукаць. Але акрамя чалавечых экскрэментаў нічога не знаходзілі.

3.
Тое, што на месцы дрэсаўскай паліклінікі некалі знаходзілася старое паселішча балтаў раньняга жалезнага веку, у свой час адкрыў вядомы археолаг Міхась Ткачоў. У 60-х ён чатыры гады жыў у Жодзіне і выкладаў гісторыю ў СШ №3.
Ткачоў выявіў побач з паліклінікай, на беразе Плісы, зьнішчаны будоўляй культурны слой. Афіцыйна гэта нідзе не было зафіксавана (ані публікацыяў, ані навуковай справаздачы), і таму сёньня ўспрымаецца як гіпотэза, пацьвярджаць якую ніхто не сьпяшаецца. Маўляў, няма доказаў. Адзін доказ я меў уласны. У дзяцінстве побач з паліклінікай мне пашчасьціла знайсьці прасьліцу. Пазьней падобныя артэфакты шмат знаходзіў у Полацку. На жаль, тую жодзінскую прасьліцу я памяняў на “вэкээлаў­скую” манетку-солід, калі адпачываў у піянерскім лагеры. Зараз шкадую. Бо месца той прасьліцы – у новаствораным жодзінскім краязнаўчым музеі.
06-08.03.2007, Беласток.