12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Алесь Аркуш

_____________________
Ля Дзвіны у высокіх травах. Вершы


* * *
ведаю, толькі снег
здольны захаваць мае пісьмёны
да кожнай кропкі ў шматкроп’і
да кожнай галоснай у тваім імені
да кожнага чыстага аркуша
на якім напішу
што сны мае
гэта адваротны бок
месяца
траўня
у якім нарадзіўся

* * *
што можа быць складаней
за збіранне пазла
з лістоў вярбы
што расце ў парку
над таемнай лавачкай
якую ведаеш
толькі ты
і яшчэ адзін чалавек
імя якога
няможна назваць

як ні ўкладай
вузкія зялёныя
лісточкі
не атрымліваецца
патрэбны малюнак
нібыта паміж
рэальнасцю
і тваімі мроямі
няма аніякай
сувязі


* * *

рукі на ўзроўні плячэй
не
гэта не фіззарадка
у дзіцячым летніку
“Чайка”
і гэта не размінка
на ўроку фізкультуры
пад кіраўніцтвам
Браніслава Станіслававіча
у СШ №1 імя Пятра Купрыянава

рукі на ўзроўні плеч
і порстка-порстка
перабіраючы нагамі
рухаючыся па коле
хутчэй яшчэ хутчэй
адзін за адным
па коле па коле
хутчэй хутчэй

мільгаюць вокны
толькі вокны якія
пакінулі рамы дамоў
толькі вокны распазнаеш
у гэтым шалёным тэмпе
лязгінкі

* * *

недзе з усходу гудок цеплаходу
ліпеньскім ранкам
што толькі не прымроіцца

знаёмы хлопчык Ваня
ля вусця Палаты
прамывае праз сіта
рачны пясок –
скарбы шукае

кірлі патрулююць сваю тэрыторыю
хто ім яе размеркаваў?
можна розныя выказваць здагадкі
але наўрад ці знойдзецца
дакументальнае пацверджанне

у высокіх травах
што атачаюць бераг
дзве вужакі спляліся

пульс крыніцы
і ўдары ўласнага сэрца
якое надзейна схавана
пад зялёным покрывам

лодка з прабітым дном
якую прыбіла сюды паводка
яна нетутэйшая
і ёй няёмка
і за сваё калецтва
і за падгляданне
можна сказаць ненаўмыснае
як мы цалуемся
пад старой вярбой


* * *

няпэўнымі дзіцячымі крокамі
ідзе лістапад
услед за мной
куды я – туды і ён

застаўся беспрытульным
як котка ці сабака
ці мае штосьці прыватнае
да мяне
і ніяк не наважыцца
звярнуцца

жоўтая лістота
плыве па Дзвіне
як залаты падатак
што сплочвае Полацак
за цёплае спрыяльнае лета

галоўнае ўпільнаваць
як першы промень сонца
дакранецца да крыжоў Сафіі

складаная гэта задача
у лістападзе

лістападам назаву
і вялікую белую кірлю
якая лётае над Дзвіной
і некуды роспачна кліча


* * *

марыць па-сапраўднаму
гэтага ў нас ніхто не адыме
пра што – не істотна
бо марыць –
як мець надзею
на лепшае і светлае
і не істотна што свет
як дзіцячы калейдаскоп
пры кожным руху
укладае новы малюнак
з простакутнікаў ромбікаў
трохкутнікаў і кружочкаў –
падставовых матэрыялаў
для любой сур’ёзнай справы

мара – гэта вочка калейдаскопу
глядзець у якое дазваляецца
у час гульні з дзецьмі
у час свята нашага таямнічага
і ў свой апошні час