12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Алесь Аркуш

_____________________
Свята развітання з мінулым.
Вершы


ВЯРТАННЕ Ў ПОЛАЦАК

Нас будуць сустракаць як Гагарына,
Шампанскае адкаркоўваць на гаўбцах.
Мы плануем вяртацца па бульвары Скарыны.
З пажарнай вежы на галовы сыпануць канфеці.

Наперадзе нашай калоны
будзе граць “Стары Ольса”,
А над галовамі імчацца дэльтапланы.
Вінцэсь Мудроў будзе шпацыраваць босы
Са слязой на шчацэ і ад шчасця п’яны.

Каля помніка Францыску Скарыну
Наша калона прыпыніцца на хвіліну.
Прамову скажа Лявон Баршчэўскі
Пра тое, што Скарына быў малец някепскі.

Затым калона рушыць далей па бульвары,
А Сокалаў-Воюш дастане сваю гітару,
Будзе спяваць пра невядомага касінера,
Які аддаў жыццё, каб не знікала наша вера.

Ля помніка Цэнтру Еўропы
Уладзя Лобач распавядзе легенду пра цыклопа,
Новую, запісаную ў апошнюю экспедыцыю,
Якую ладзілі студэнты
на Верхні Замак за бальніцу.

Каля Сімяона Полацкага Якуб Лапатка
Будзе чытаць вершы манаха гладка
У перакладзе на фінскую мову, мовячы,
Каб было зразумела нават на поўначы.


Ну а ля помніка “У нескладоваму”,
ад перадозы любові,
Уладзя Арлоў насмеліцца праспяваць
песню Бон Джові.
Яму падыйграюць на губных гармоніках
Аніса і Ален – два рокеры-законнікі.

І я там быў,
Кока-колу піў,
Чытаў вершы ля помніка Тарычу,
еў вінаград і алычу,
пра астатняе прамаўчу.

ПЛАЦІНА

Сяджу над плацінай, як Бог над сусветам,
Вясёлка ўнізе між пырскаў мне свеціць.
Уверсе каметы – як авіяшоў –
Па парах ляцяць, паглядзі, проста шок.

Вада аглушае, як выступ Грэнд Фанка,
Хоць гэта Пліса, а не арыі Ганга,
Сваёй гіпнатычнасцю вабіць, як Вій,
Гучаць мае модлы: не ўкрадзі, не забі.

Дарэмныя толькі мае хваляванні,
Плаціна пра іншае думае ўранні:
Калі першы промень кранецца вады,
Ты надпіс убачыш, які праз гады

Выразна ільсніцца на засаўцы шлюза –
“Люблю цябе Таня”. Няма ўжо Саюза,
Няма тых людзей, што плаціну ўзвялі,
А надпіс жыве й будзе жыць на зямлі.

* * *

Нічога не можа здарыцца,
А можа хіба паўтарыцца.
Гульня пад назовам “Матрыца”
Павінна перагрузіцца.

* * *

Калі Пліса разліваецца да Зарэчча,
Напаўняючы ўсю пойму веснавой вадой.
Тады я прашу, нават кленчу,
Трасучы сваёй ужо сівой барадой,

Каб вярнуцца ў дзяцінства і на шалёнай маторцы,
Праімчацца між хмызоў разняволенай ракой,
Каб ля ДК ДРЭС стаяла на горцы,
Дзяўчынка адна і з усмешкай махала рукой.


ЗДАРЭННЕ НА КАЦЯРЫНіНСКІМ ТРАКЦЕ

Мы беглі за карэтай імператрыцы,
Якая праязджала праз Жодзіна,
Магчыма ў Варшаву, а можа ў Ніцу,
Цяжка было даўмецца па яе паводзінах.

А была яна нейкая злосная,
І хустачкай манерна прыкрывала свой твар.
Паглядзела на нас напышліва грозна,
Як у цемру глядзіць апошні ліхтар.

Ахоўнік імператрыцы выцяў нас пугай
І на ўсё горла загарлаў: – Кыш!
І ў той самы момант паляцеў над лугам –
Гэта з рагаткі яго збіў наш Кібальчыш.


ПРАГУЛКА НА БЕЛАЗЕ

Даўнюю маю мару – праехацца на БелАЗе
Па вуліцах роднага Жодзіна:
Сігналіць красуням-модніцам,
Трымаць нагу цвёрда на газе.

Заеду на стадыён «Тарпеда»,
Каб круг зрабіць з развароту,
Адзін, каб паспець да абеду
Вярнуць аўто для завода.

Дазволю ўявіць пагоню,
Крыкнуць на ўсё горла:
Нас ніхто не дагоніць!
Нас ніхто не дагоніць!

Затым пракачуся да ДРЭСа
Па родных з маленства сцяжынках.
Будуць мець добрага стрэса
Улады свае – з Дзяржынкі.

* * *

На жаль, машына часу не існуе,
Каб выправіць памылкі ў мінулым.
Зайсвойваць урокі застаецца,
Канспектаваць, як пачаткоўцам-вучням,
Не прамінаючы ніводнае драбніцы
З падзеяў прамінулых і вірлівых,
Высновы робячы ўласнымі глуздамі,
Не слухаючы голасу чужынцаў,
Гартуючы ў сабе змагарскі дух.

Тады адрозніш ты беспамылкова
Гук таямнічы, гук тваёй свабоды, –
Нібыта пошум хвояў гонкіх,
Ці зумканне чмяля над кветкай канюшыны,
Ці свіст стралы, што ведае свой шлях.

То будзе граць сурма ў дзень паводкі,
Якая нечакана завіруе
Вакол цябе шалёным карагодам,
І панясе, і панясе на хвалях моцных
Маленькі карабельчык тваёй мары,
Адкрыўшы для яго ўвесь сусвет.

І гэта будзе святам развітання
З мінулым – застаялым, шэрым, нудным,
З самім сабой, якім ты быў раней.

І гук сурмы надзвычай узмацніцца
Калі твой сцяг нарэшце залунае
Вышэй за ўсе вязніцы на Зямлі.