12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Уладзімер Арлоў

_____________________
Ці засынаюць жоўтыя гарлачыкі?


Гэты тэкст быў напісаны для кнігі ўспамінаў пра Уладзіміра Караткевіча, што рыхтуецца выдавецтвам “Мастацкая літаратура”. Аднак зборнік выйдзе без маіх згадак, як і без успамінаў Рыгора Барадуліна – аднаго з найбліжэйшых Караткевічавых сяброў, а таксама бяз тэкстаў яшчэ некаторых «сумнеўных» аўтараў. Якраз мы ўсе разам і перавысілі запланаваны аб’ём кнігі.

Мне пашчасьціла нарадзіцца і пражыць дзіцячыя гады ў Полацку: бегаць па тых самых вуліцах, дзе некалі гучалі крокі Еўфрасіньні і Скарыны; шукаць з сябрамі старажытныя скарбы; спускацца, узброіўшыся сьвечкай і клубком бабуліных нітак, у лёхі, якія ў Сярэднявеччы злучалі полацкія манастыры і храмы і якія яшчэ, магчыма, падаруюць нашым археолагам сенсацыйныя адкрыцьці...
Але, як вядома, наш сьвет далёкі ад дасканаласьці. Мне жахліва не пашанцавала са школьнымі настаўніцамі гісторыі і беларускай літаратуры. Гэтых жанчын іхнія дысцыпліны, напэўна, цікавілі не на шмат болей за праблемы кансерваваньня гуркоў. У выніку, скончыўшы школу і паступіўшы на гістарычны факультэт БДУ (хоць бацькі марылі пра маю кар’еру ў медыцыне) я нават не падазраваў, што Беларусь мае такога пісьменьніка, як Уладзімір Караткевіч.
Шчыра кажучы, не было падставаў ганарыцца і універсітэцкімі выкладчыкамі. Каб вы ўявілі тагачасны ўзровень выкладаньня нацыянальнай гісторыі ў галоўнай alma mater рэспублікі, я працытую толькі адзін запіс у сваім зялёным агульным сшытку-кансьпекце за 1973 год. Там усьлед за словамі прафесара Л. Абэцэдарскага, нашага загадчыка кафедры гісторыі Беларусі, мая рука вывела блюзьнерскія радкі: «Ефросинья Полоцкая была церковной мракобеской, которая курила опиум для народа».
Гісторыя Беларусі гэтак званага «дакастрычніцкага перыяду», якую мы вывучалі, грунтавалася на створаных расейскай гістарыяграфіяй (між іншым, яшчэ ў той самы «дакастрычніцкі перыяд») міфах пра адзіную старажытнарускую народнасьць, пра заваёву нашых земляў спачатку літоўцамі, а потым палякамі, пра адсутнасьць у продкаў уласнай дзяржаўнасьці... У той шэрай і ўбогай, зацьверджанай у Маскве (куды тады вазілі на подпіс нават рэцэпты беларускіх тартоў) гісторыі дзейнічалі безаблічныя «народныя масы», якія амаль што з першабытных часоў цягам стагоддзяў мелі ўсяго два клопаты — змагацца з праклятымі экс­плуататарамі ды імкнуцца да ўзьяднаньня з братнім расейскім народам. У той гісторыі не было герояў, чые партрэты хацелася б павесіць у сябе над ложкам у бацькоўскім доме або інтэрнацкім пакоі.
Аднойчы на студэнцкай вечарынцы нехта сярод іншых забаваў прапанаваў і такую: бяз роздуму за хвіліну напісаць імёны дзесяці гістарычных асобаў. Гэты, сучаснай мовай кажучы, тэст завяршыўся гамерычным рогатам, бо найчасьцей у адказах сустракаліся экзатычныя імёны сярэднявечных японскіх уладароў-сёгунаў. У маім уласным адказе таксама прысутнічалі заморскія Мінамота Іарытома, Такугава Іэясу ды іхнія суайчыньнікі. Прычына была ў тым, што ўсе мы захапляліся таленавітымі лекцыямі нашага выкладчыка гісторыі Японіі й Кітаю, на якія, адрозна ад лекцыяў з гісторыі Беларусі, зьбіраліся ня толькі студэнты-гуманітарыі, а нават «радыёфізікі» і «прыкладныя матэматыкі».
Але ніхто з нас, будучых выпускнікоў гістфаку Беларускага дзяржаўнага універсітэту, не згадаў у сваіх адказах аніводнай выдатнай асобы з айчыннай гісторыі...
Якім жа дарункам лёсу сталіся для нас утыя гады кнігі Уладзіміра Караткевіча! Здавалася, іх не хапала мне ад самага нараджэньня на сьвет. У задушлівай атмасферы брэжнеўскага «разьвітага сацыялізму» гэтыя кнігі былі жывым азонавым струменем, што прымушаў душы страпянуцца і пазбыцца безнадзейнасьці.
Памятаю, калі ў продажы зьявіўся новы зборнік прозы Караткевіча з «Дзікім паляваньнем караля Стаха», у нас сарвалася лекцыя, бо амаль увесь курс дружна рушыў у цэнтральную кнігарню.
А першай «маёй» кнігай Уладзіміра Сямёнавіча быў раман «Каласы пад сярпом тваім». Яго на тры дні даў мне аднакурсьнік і сябра Генадзь Кулажанка, першы сустрэты мною гарадскі хлопец, які гаварыў па-беларуску, які пісаў таленавітыя вершы, марыў пра незалежную Беларусь і які не вярнуўся з Афганістану...
Трох дзён на «Каласы», як выявілася, было зашмат. Дзякуючы пісь­меньніку, які адразу стаў улюбёным, у мяне апрача Генадзя зьявіўся новы надзейны сябра — Алесь Загорскі.
Гэты двухтомнік і цяпер стаіць у маёй бібліятэцы на той паліцы, якую Юры Алеша называў «залатой», — дзе кнігі, што будзеш раз-пораз гартаць і перачытваць, пакуль не закончыш свой шлях пад сонцам.
Усьлед за «Каласамі пад сярпом тваім» адбылося ўсьцешлівае адкрыцьцё рамана «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». А потым надышоў час Караткевічавай паэзіі. Праўдамі і няпраўдамі я здабыў сабе томік «Маёй Іліяды», з якім не разлучаўся, пакуль ня вывучыў усю кнігу на памяць. Яна і сёньня гучыць ува мне: «Сьнягір» (О Радзіма, мой сьветач цудоўны, адзіны, Явар мой, мой агністы сьнягір на сасьне, Ледзь цябе не забыў я з чужою жанчынай...), «Балада плахі» (Кожны дзень гінуць мужнасьць і сьвятасьць...), «Корчмы» (Дарогі... Корчмы... Ліра за сьпіною... Ў гадах Хрыстовых — бедным шкаляром...), «Безгаловая Венера» (За што галаву ты згубіла? Якую праўду сказала?), прарочая «Дзяўчына пад дажджом» (Дзяўчына ад шчасьця сьпявала... Стронцый быў у дажджы...)
Але найбольш уразілі і закранулі душу «Таўры». Памятаеце?

Таўры жылі, як і ўсе народы:
Ваявалі,
Кахалі,
Гарэлку пілі,
Мудравалі,
Зьліваліся з маці-прыродай...
Насваволілі,
Навершавалі,
Пайшлі.
Але так,
Без сьлядоў,
Нішто не зьнікае.
І дасюль,
Па абшарах сваёй стараны,
Між людзей,
Непазнаныя, таўры блукаюць
І ня ведаюць самі,
А хто яны...
. . . . . .
Дрэмле Кошка-гара,
Дрэмлюць таўраў руіны.
Я стаю і ўяўляю,
Што я не ізгой,
Не паэт з беларускіх узгоркаў сініх,
А апошні таўр
Народу свайго.
О, якая ганебнасьць у гэтых згадках!
О, які атрутны бяспамяцтва дым!..
Крый нас божа, калі і на нас
Нашчадкі
Паглядзяць,
Як мы
На таўраў
Глядзім.

Караткевічава «Іліяда», якая таксама мае сваё месца на «залатой паліцы», езьдзіла са мной у студэнцкія будатрады ў Казахстан і Сібір. Неяк на беразе таёжнай ракі Кець я дэкламаваў «Таўраў» адной прыгожай юнай сібірачцы, студэнтцы Томскага універсітэту. Напэўна, дзяўчына чакала ад мяне ў тыя хвіліны зусім іншага, але энергетыка і музыка верша на незразумелай мове (гэта казка, што расейцы разумеюць беларускую без перакладу) відавочна заваражыла маю спадарожніцу. Яна папрасіла прачытаць што-небудзь яшчэ, і гэта таксама былі радкі з «Маёй Іліяды»:

О каханьне маё бясконцае,
Не ўцякай ад мяне, пашкадуй...

А потым сталася ўсё, як у Караткевіча:

Сьмешная і нібыта заспаная,
Пад пяшчотаю маёй маўчыш,
А пасьля аддана і рахмана
Засынаеш на маім плячы...

Вярнуўшыся пасьля летніх вандровак і прыгодаў ва універсітэцкія аўдыторыі, мы мусілі слухаць тыя самыя навылёт прапітаныя ідэалогіяй лекцыі. Але мы ўжо рабіліся іншымі. У нас быў Караткевіч.
Ягоныя творы захаплялі рамантызмам і ўзьнёсласьцю, багацьцем мовы, вытанчанасьцю стылю і вострымі авантурнымі сюжэтамі. Караткевічавы апавяданьні, аповесьці, раманы вярталі нам, студэнтам-гісторыкам, са­праўднае мінулае нашай зямлі, якое, аказваецца, было зусім ня сьціплым разьдзельчыкам у гісторыі Расеі, а прыгожай і багатай гісторыяй еўрапейскага народу. У ёй беларускія гарады, як і ва ўсёй Еўропе, жылі паводле магдэбургскага права, што рабіла чалавека свабодным. У ёй былі эпохі Рэнесансу і Рэфармацыі, бліскучыя перамогі над ворагамі з захаду і ўсходу, былі выдатныя палкаводцы і мужныя паўстанцкія камандзіры. У памяці дагэтуль жыве радасная акрыленасьць, якую я перажыў, вычытаўшы ў Караткевіча, што Беларусь мела сваё рыцарства. Значыцца, мой далёкі продак таксама мог вандраваць па дарогах Еўропы, удзельні­чаць у славутых бітвах, выйграваць рыцарскія турніры дзе-небудзь у Кракаве, Празе або Парыжы і зьдзяйсьняць подзьвігі ў гонар дамы сэрца, якая чакала яго ў Полацку ці Нясьвіжы...
Але кнігі Уладзіміра Караткевіча ня толькі адчынялі мне і маім сябрам, а разам з намі і тысячам суайчыньнікаў, вакно ў дзівосны, шматфарбны і таямнічы сьвет беларускай гісторыі, якой нельга было не ганарыцца. Насуперак сьцьверджаньням нашых падручнікаў пра «новую этническую общность — советский народ», насуперак папулярнай тады дэбільнай песеньцы «Мой адрес — не дом и не улица, мой адрес — Советский Союз» гэтыя кнігі вярталі адчуваньне нацыянальнай годнасьці. Вярталі нам нашую краіну — Беларусь.
Караткевіч падводзіў да «моманту ісьціны». Мы пачыналі разумець, што з народам, пазбаўленым памяці, можна рабіць любыя, самыя злачынныя эксьперыменты і ўрэшце, ператварыўшы гэты народ у насельніцтва, пазбавіць яго гістарычнае персьпектывы.
Без Караткевіча не надышоў бы ў маім жыцьці той дзень, калі я сказаў сабе, што як палачанін з нараджэньня, як гісторык паводле адукацыі і літаратар паводле схільнасьцяў, я мушу заняцца гістарычнымі сюжэтамі. А раптам муза Кліо паблажліва ўсьміхнецца мне і пагодзіцца папазіраваць? Мне верылася ў лепшае, бо ў маёй кароткай літаратурнай біяграфіі ўжо адбыліся дэбютныя публікацыі ў студэнцкім самвыдаце, за якія я атрымаў «ганарар» у выглядзе «прафілактычных гутарак» з літаратуразнаўцамі ў цывільным. Гэта было першае прызнаньне, і яно не палохала, а абнадзейвала.
На самым пачатку 1980-х мяне запрасілі на семінар маладых літаратараў у легендарны цяпер Дом творчасьці пісьменьнікаў у Каралішчавічах. На разгляд «мэтрам» я прапанаваў апавяданьне «Добры дзень, мая Шыпшына», названае ды і напісанае, відавочна, не без уплыву Караткевічавай «Чазеніі».
Плён маіх бяссонных начэй быў зусім неспадзявана ўшчэнт разьбіты Янам Скрыганам. Неспадзявана — бо апрача ўсяго астатняга я ведаў Скрыгана яшчэ і як цудоўнага аўтара перакладу бунінскіх «Цёмных алеяў». Ён жа абвінаваціў мяне ня ў чым-небудзь, а ў апяваньні распусты, якой мае маладыя закаханыя героі нібыта дзень і ноч займаюцца ў дзядзькавай адрыне ды іншых прыдатных месцах. Такое рэзюме, дарэчы, зрабіла згаданаму аповеду (ды і мне самому) выдатную рэкламу сярод семінарыстаў. Дзьве машынапісныя копіі пайшлі па руках і да мяне ўжо не вярнуліся. Але нейкі непамысны асадак ад «прысуду» Скрыгана на душы, безумоўна, застаўся.
Уявіце сабе мае пачуцьці, калі праз колькі тыдняў я раптам атрымаў ліст з водгукам на «Шыпшыну» ад самога Уладзіміра Караткевіча.
Зноў і зноў перачытваючы той водгук, поўны авансаў і незаслужаных кампліментаў, я колькі дзён лётаў як на крылах. Між іншага, Уладзімір Сямёнавіч цытаваў там адрасаваныя Івану Буніну словы Шаляпіна: «Черт тебя подери, Ванька, читать невозможно — в глазах рябит от твоей образности». Але нават гэтую зьлёгку прыхаваную і сагрэтую іроніяй параду я тады адназначна ўспрымаў як надзвычай высокую ацэнку.
Аднак, хоць і сьмешна прызнавацца, найбольш я быў усьцешаны ня столькі ўхвалай свайго опусу, колькі тым, што мой адрасант у адной з заўвагаў ня меў рацыі. Караткевіч сьцьвярджаў, быццам бы жоўтыя гарлачыкі, як і белыя лілеі, нанач закрываюць кветкі. Я ж, пішучы апавяданьне, адмыслова, як і мае героі, начаваў каля сажалкі і ўпэўніўся, што — прынамсі у нас, на Полаччыне,— жоўтыя гарлачыкі не «засы­наюць».
Дзякуючы лісту ад Караткевіча першая мая кніжка была без ваганьняў названая па тым апавяданьні — «Добры дзень, мая Шыпшына».
Трымаючы ў руках аўтарскія экземпляры, я скрушліва думаў, што ўжо не пашлю іх са свайго Полацку ні ў Менск Караткевічу, ні ў Зэльву Ларысе Геніюш, у якой мы з Уладзімірам Сямёнавічам ня раз бывалі, але, на жаль, так там і не сустрэліся.
Трэба сказаць, што я — спачатку інтуітыўна, а потым і асэнсавана — ніколі не імкнуўся блізка сыходзіцца з пісьменьнікамі, творчасьць якіх люблю і цаню. Рэч у тым, што талент вельмі аўтаномны ад асобы свайго ўладальніка, і добрыя кнігі зусім не заўсёды пішуць добрыя людзі. Ды толькі мне чамусьці верыцца, што ў выпадку з Караткевічам я ня быў бы расчараваны.
На вялікі жаль, на бліжэйшае знаёмства я адважыўся не адразу. Доўгі час нашыя асабістыя стасункі абмяжоўваліся рэдкімі тэлефоннымі размовамі. Але суседам Караткевіча па лесьвічнай пляцоўцы быў мой добры прыяцель Адам Глобус, з якім мы пад час майго чарговага прыезду ў Менск нарэшце дамовіліся зайсьці да Уладзіміра Сямёнавіча. І тут высьветлілася, што якраз раніцай таго самага дня Караткевіч выправіўся з сябрамі ў падарожжа на Палесьсе.
У сваё апошняе зямное падарожжа...
Пахаваньне запомнілася вострым да фізічнага болю пачуцьцём велізарнай трагічнай страты — ня толькі выдатнага пісьменьніка, але і асабіста блізкага чалавека. Думаю, што адчуваньне асірацеласьці памятаюць з таго сьпякотнага ліпеньскага дня вельмі многія.
Каля партрэту ў фае Дома літаратара ляжалі тры гвазьдзікі — белы, чырвоны і белы. Іх хутка закрывалі іншыя кветкі (асабліва шмат прыносілі валошак), але нечая рука зноў і зноў клала тыя гвазьдзікі наверх.
У разьвітальным слове Генадзь Бураўкін назваў Караткевіча апосталам нацыі, і ў гэтым не пачулася ніякага перабольшваньня.
...Тыя часы былі ў маім жыцьці ня самымі простымі. За год да разьвітаньня з Уладзімірам Караткевічам мне выпала несьці труну Ларысы Геніюш і выступаць на пахаваньні выдатнай паэтэсы і нязломнай грамадзянкі БНР. Неўзабаве кіраўніцтва Саюзу пісьменьнікаў атрымала з «кампетэнтных органаў» загад выкрэсьліць мяне са сьпісу ўдзельнікаў Усесаюзнай нарады маладых літаратараў у Маскве. Хтосьці пусьціў чутку, нібыта супроць маёй персоны заведзеная справа па палітычным артыкуле. Некаторыя знаёмыя ў Менску і Полацку пачалі пры сустрэчы са мной палохацца, хуценька разьвітваючыся або наогул «не пазнаючы».
Хачу, дарэчы, сказаць маім тагачасным куратарам і «дабрадзеям» шчыры дзякуй, бо акурат у дні згаданай маскоўскай нарады я пад крылом у Кліо напісаў апавяданьне «Місія папскага нунцыя», якое запачаткавала маю першую кнігу гістарычнай прозы.
Неўзабаве страсьці вакол мяне крыху ўгамаваліся, і літаратурнае ці яшчэ нейкае начальства вырашыла, што, хоць у сталіцы пускаць Арлова пакуль што небясьпечна, але на абласным семінары творчай моладзі вялікай шкоды ён не наробіць.
Той семінар адбываўся ў Оршы. Пасьля выступу сакратара гаркаму партыі, які натхнёна расказваў нам аб працоўных посьпехах аршанцаў, я ад імя маладых талентаў прапанаваў назваць вуліцу, дзе некалі жыў Караткевіч, імем знакамітага пісьменьніка і, безумоўна, найславуцейшага з усіх жыхароў гораду за ўсю ягоную гісторыю.
«Мы на гэта ніколі ня пойдзем. Такое рашэньне будзе ідэалагічна памылковым», — адрэзаў функцыянер. «Чаму?» — не здаваліся мы. «Таму што гэтая вуліца названая ў гонар савецкіх касманаўтаў». «Яны што, усе разам тут нарадзіліся і жылі?» — не стрываў нехта. Партыйны сакратар быў не пазбаўлены своеасаблівага пачуцьця гумару: «Яны над Оршай праляталі!».
Напэўна, наш апанент непахісна верыў у сваю праўду. Але перамагла нашая. Прамінула няшмат часу, і аршанская вуліца Касманаўтаў атрымала імя Уладзіміра Караткевіча, а потым на ёй зьявіўся і помнік аўтару «Каласоў пад сярпом тваім» і «Дзікага паляваньня...».
Бываючы ў Оршы, я абавязкова прыходжу на тую прыдняпроўскую вуліцу. Мне хочацца пабыць там сам-насам з Караткевічам. Запытацца парады. Прызнацца, што без ягонай «Зямлі пад белымі крыламі» я, напэўна, ніколі не напісаў бы свае «Таямніцы полацкай гісторыі» і «Краіну Беларусь». Сказаць, што без яго і я сам, і гэтая краіна былі б іншыя.