12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





“Полацкія лабірынты яшчэ падораць нам сенсацыйныя адкрыцьці!”

_____________________
Гутарка Асі Паплаўскай з Уладзімерам Арловым


Уладзімер Аляксеевіч вельмі жывы,
цікавы чалавек. Гутарыць з ім
суцэльнае задавальненьне.
Седзячы на ўтульнай канапе
ў кватэры пісьменьніка, мы пагаварылі
пра Уладзіміра Караткевіча
і Станіслава Аўгуста Панятоўскага,
цэнзуру і тэлебачаньне

Уладзімер Аляксеевіч, ці лічыце вы сябе пераемнікам якой-небудзь літаратурнай традыцыі?
Я, магчыма, як і большасьць беларускіх літаратараў, лічу сябе пераемнікам ці, дакладней, прадаўжальнікам, нацыянальнай літаратурнай традыцыі.
У студэнцкія гады мы з сябрамі адкрывалі для сябе ня проста беларускую літаратуру, а па сутнасьці, краіну. Мы пачыналі разумець, што нашая радзімагэта Беларусь, а не Савецкі Саюз, як тады сьпявалася ў адной песенцы. Адбывалася гэта дзякуючы найперш творам Уладзіміра Караткевіча. Цікава, што скончыўшы школу, я нават ня ведаў, што ў нас ёсьць такі пісьменьнік, як Караткевічне пашанцавала з настаўніцай беларускай мовы і літаратурыУ пэўны час, калі я займаўся яшчэ самвыдатам, калі пісаліся першыя вершы, першыя празаічныя практыкаваньні, Караткевіч, можна сказаць, быў Богам для мяне, як і для майго невялікага літаратурнага асяроддзя.
Потым прыйшло адкрыцьцё Васіля Быкава як другой велізарнай велічыні на небасхіле беларускай літаратуры. Прычым адкрыў я яго як нацыянальнага пісьменьніка пасьля зьяўленьняЗнаку бяды”. І прыйшло ўсьведамленьне таго, што гэтыя два пісьменьнікі ўзаемна дапаўняюць адзін аднога, бо Караткевіч адкрываў, можна сказаць, душу беларуса, гісторыю краіны самім беларусам, а Быкаў ня менш таленавіта адкрываў беларусаў усяму сьвету. Гэтыя пісьменьнікі найбольш паўплывалі на мяне.
Калі казаць пра паэзію, тоЯ не хачу сказаць, што Рыгор Барадулін і крыху пазьней Алесь Разанаў былі маімі настаўнікамі, але яны паўплывалі сваімі талентамі, кнігамі, адметнымі творамі... Безумоўна, сярод паэтаў, у магічным полі ўплыву якіх я знаходзіўся, быў Уладзімір Караткевіч. Дастаткова сказаць, што ягоны зборнік вершаў «Мая Іліяда» я ў студэнцкія гады цалкам вывучыў на памяць...
Вы былі знаёмыя з Караткевічам?
Мы былі знаёмыя, але на адлегласьці. Некалькі разоў размаўлялі з ім па тэлефоне, ён прыслаў мне вельмі прыхільны водгук на адно з першых маіх больш-менш удалых апавяданьняў, якое ўжо належыла больш да літаратуры, чым проста да практыкаваньняў, — апавяданьнеДобры дзень, мая Шыпшына”. Дзякуючы таму, можа быць, незаслужана ўзьнёсламу лісту Караткевіча, я і сваю першую кніжку назваўДобры дзень, мая Шыпшына”. Караткевіч мне шмат чаго напісаў. Магчыма, у яго была такая метода: даваць авансы маладым літаратарам (сьмяецца). Там быў такі момант: мае героі ўначы сядзелі на беразе сажалкі і глядзелі на сузорі гарлачыкаў. Караткевіч піша: “Валодзя, у мяне ёсьць толькі адна заўвага да вашага апавяданьня: мне здаецца, што жоўтыя гарлачыкі, як і белая лілея, на ноч свае кветкі закрываюць. Праверце” (сьмяецца). А я ведаю, што не, бо апавяданьне было аўтабіяграфічнае. Уяўляеце, які я быў натхнёны? Я ведаў у нечым хоць крышачку, але больш, чым сам Караткевіч!..
Караткевіч жыў побач з Адамам Глобусам, ён жа Уладзімір Адамчык. Я некалькі разоў нават спыняўся ў яго. Аднойчы быў пісьменьніцкі зьезд, я начаваў у Адамчыкаў, і мы дамовіліся, што Глобус абавязкова мяне пазнаёміць з Караткевічам. Гэта ўсё адкладалася, адкладалася і ўрэшце я прыехаў у Менск, калі знаёмства ўжо было запланаванае. Валодзя пазваніў да Караткевіча, і высьветлілася, што якраз напарэдадні Караткевіч паехаў з сябрамі на Палесьсе. Сталася так, што гэта была ягоная апошняя вандроўка
Я ня раз бываў у яго кватэры, калі яна ўжо страціла свайго гаспадара. На вялікае шчасьце, дзякуючы сястры Караткевіча, Натальлі Сямёнаўне, дух нашага выдатнага пісьменьніка там застаўся. Па сутнасьці, яна мемарыялізавала пакой, дзе тварыў Караткевіч. Там мяне сутракалі і яго бібліятэка, і стол, і ягоная камізэлька, накінутая на крэсла, у якім ён сядзеў, цацкі ягоныя, якія ён называў сваімі дзецьмі, бо дзяцей яму Бог ня даўДоўгі час пасьля сьмерці Караткевіча мы змагаліся, каб у той кватэры ў доме 36 па вуліцы К. Маркса быў створаны музей, але ўлады на ўсе звароты адказвалі адно: музей можна адчыніць толькі народнаму пісьменьніку. А паколькі Караткевіч ня быў народным, значыць, музея ня будзе. Тады мы спрабавалі ініцыяваць пасьмяротнае прысваеньне званьнянародны”, і лісты нашыя падпісвалі вельмі вядомыя людзі, ня толькі літаратары. Памятаю, калі былі ў Маскве, на семінары маладых літаратараў, першым свой подпіс паставіў Алесь Адамовіч. Праўда ён адразу сказаў: “Валодзя, нічога ў вас не атрымаецца. Я падпісваюся, але ўлада на гэта ніколі ня пойдзе”.
Будзем цешыцца з таго, што захаваўся кабінет, і туды можна трапіць на экскурсію. На жаль, ужо ў лепшым сьвеце і Натальля Сямёнаўна, але цяпер у кватэры Караткевіча жыве яго пляменьніца Алена Іванаўна, якая таксама захоўвае дзядзькаў пакой некранутым...
Чаму вы абралі менавіта гістарычную прозу?
Я ня толькі гістарычную прозу абраў, хоць сапраўды значная частка маіх кніг прысьвечаная гістарычнай тэме. Можа быць таму, што я нарадзіўся ў Полацку, таму што радзільня была побач з Сафійскім саборам, таму што ўлюбёнымі гульнямі былі пошукі падземных хадоў і старажытных скарбаў. Я абсалютна ўпэўнены, што ў XXI стагоддзі полацкія лабірынты, апетыя Вацлавам Ластоўскім у яго аднайменнай аповесьці, яшчэ падораць сенсацыйныя адкрыцьці нашым гісторыкам. Можа быць, сапраўды зьдзейсьняцца літаратурныя прароцтвы Ластоўскага пра тое, што бібліятэка Сафійскага сабору схаваная пад Полацкам. Можа, там знойдуцца кнігі, пісаныя рукой самой Еўфрасіньні, а разам з імі і полацкі летапіс. Сяржук Сокалаў-Воюш, да прыкладу, перакананы, што і арыгінал крыжа, створаны Лазарам Богшам на замову нашай асьветніцы, таксама знаходзіцца там, у полацкіх сутарэньнях. Думаю, гэта былі знакі лёсу: горад нараджэньня, месца нараджэньня. Мяркую, невыпадкова і Вольга Іпатава так плённа працуе ў гістарычным жанры, бо нарадзілася ня дзе-небудзь, а ў Міры і нават, здаецца, нейкі час жыла ў тых старажытных мурах, бо пасьля вайны там знаходзіла прытулак ці ня цэлае мястэчка, спаленае немцамі.
У вас ёсьць любімы перыяд у гісторыі Беларусі?
Не, Ася, у мяне такога аднаго перыяду няма. Мяне вабяць розныя перыяды і розныя асобы. Часам у мяне пытаюцца, якая асоба вас цікавіць найбольш, з якой вы б хацелі сустрэцца? Вельмі шмат з кім хацеў бы сустрэцца, калі была б такая магчымасьць. Я калісьці пачаў фантастычную аповесьцьПрадаецца машына часу”. Яна няскончаная, але там была такая ідэя: сустрэчы з тым, з кім хацелася б пабачыцца. Такі атрымліваўся даволі доўгі сьпіс, які пачынаўся з часоў Полацкага княства. Прычым, я сьвядома не зьбіраўся ў той аповесьці бачыцца з вядомымі асобамі.
Калі казаць пра эпоху Вялікага Княства Літоўскага, то мне хацелася сустрэцца, напрыклад, з Іванам Нямірам, які камандаваў полацкай харугвай у Грунвальдскай бітве. Што да апошняга перыяду існаваньня радзімы нашых продкаўВКЛ, то мяне, безумоўна, вабіць асоба вялікага князя і караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Вось з ім я, відаць, з усіх нашых манархаў, хацеў бы спаткацца найбольш. Уражвае яго трагічны лёс. Яго жыцьцё, ягонае каханьне да Кацярыны II, калі яна яшчэ не была расейскай імператрыцай, вартае не аднаго рамануМала хто ведае, што ў іх нарадзілася дзіця, праўда, яно малое памерла. Яны сапраўды не маглі жыць адно без аднаго. Пазьней Кацярына дапамагла Станіславу ўзысьці на трон у Рэчы Паспалітай, а потым сама й пазбавіла яго гэтага трону, зьнішчыла ягоную дзяржаву, а трон, дарэчы, загадала перавезьці ў Пецярбург і паставіць у сваёй прыбіральні: прыстасавала яго пад унітаз. Такі фінал іх каханьня атрымаўся. Дакладней, фіналам было тое, што на гэтым троне яе ў 1796 годзе і разьбіў паралюш.
З вашай кнігайОрдэн Белай Мышызьвязана некалькі цікавых гісторыяў
ЗОрдэнаматрымалася так. Кніжка ў папяровым фармайце выйшла ў 2003 годзе. Як ні дзіўна, у выдавецтвеМастацкая літаратура”, з якога мяне ў 1997 годзе звольнілі з унікальнай фармулёўкай: “Уволить за выпуск исторической и другой сомнительной литературы”. Я да апошняга моманту ня верыў, што гэта кніга выйдзе. Тым ня менш, яна зьявілася з мінімальнымі цэнзурнымі праўкамі. Па сутнасьці, у тэкст цэнзура ня ўлезла: мне ўдалося абараніць тыя фрагменты, да якіх чапляліся. А прыдзіраліся, у прынцыпе, да чаго заўгодна.
Напрыклад, у апавяданьніМаша і мядзьведзібелыя мядзьведзі зьелі ў зьвярынцы дзяўчынку Машу. Нейкі чыноўнік з Міністэрства інфармацыі праз рэдактарку перадаў пытаньне: чаму менавіта расейскую дзяўчынку зьелі мядзьведзі, а не якую-небудзь іншую? Ня трэба думаць, што гэта нейкае крыважэрнае апавяданьне, яно напісанае ў даволі іранічным стылі і прысьвечанае праблеме рэінкарнацыі (сьмяецца). Мне прапаноўвалася адказаць праз рэдактаркусам куратар маёй кнігі заставаўся невядомым. Я даваў тлумачэньні, рэдактарка, дарэчы, вельмі прыхільная да мяне, запісвала, а потым насіла запісы некуды. Карацей, мне ўдалося іх пераканаць, што тут няма ніякага падтэксту, што, мядзьведзі зьелі менавіта расейскую дзяўчынку, бо ў нашых шыротах яны сустракаюцца значна часьцей, чым грузінскія, або яшчэ якія
У апавяданьніОрдэн Белай Мышы”, ці ў апавяданьні-казцы, як яго часта называюць, была такая сітуацыя: кароль сядзіць за сталом з пісьменьнікам, якога хоча гэтым самым ордэнам узнагародзіць, і расказвае, што калісьці ягоныя, караля, далёкія продкі разьбілі арду вялікага князя Івана Іванавіча. У гонар той перамогі ў іх і зьявілася фамільная страва. Мяне запыталіся: чаму Івана Іванавіча? Што тут за намёкі? Я падумаў: ну ўсё, кніга ня выйдзе. Кажу рэдактарцы, перадайце, што я гатовы зрабіць замест Івана Іванавіча Вавана Ваванавіча. І гэта, як ні дзіўна, прайшло. Так што ў кнізе вы можаце пабачыць вялікага князя Вавана Ваванавіча. Тады якраз Пуцін быў абраны прэзідэнтам у Расеі (сьмяецца).
Кніга, тым ня менш, выйшла, але разгарэўся скандал. Тэкст цэнзураваць не ўдалосяцэнзуравалі ілюстрацыі, што належалі таленавітай руцэ Аляксея Марачкіна. ДаОрдэна Белай Мышына шмуцтытуле быў намаляваны персанаж з кароткімі вусікаміУ апошні момант у адпаведную рэдакцыюМастацкай літаратурыпрыбег чыноўнік з крыкам (прабачце, Ася, я цытую, як гэта было): “Нам і так за кнігу Арлова яйцы адкруцяць! А тут яшчэ Марачкін намаляваў Лукашэнку і мужыка з яйцамі!” Гаворка ішла яшчэ пра адну ілюстрацыю, дзе Марачкін, скажам так, падкрэсьліў у свайго героя мужчынскія полавыя прыкметы. У выніку, малюнкі гэтыя бяз згоды аўтара зьмянілі: вусы падкруцілі, зрабілі, як у Дон-Кіхота, а гэтамумужыку”, як яны выказаліся, “з яйцамі”, гэтую самую частку арганізму адрэзалі.
Мне сказалі, што мяне ня будуць друкаваць у выдавецтве дзесяць гадоў. Але гэтае апавяданьне набыло жыцьцё, незалежнае ад аўтара пасьля таго, як газетаИзвестиянадрукавала ўсю гэтую гісторыю ў матэрыяле пад назвайЦензура отрезала органы”. Але, дзякуй Богу, у нас ёсьць ня толькіМастацкая літаратура”. “Ордэн Белай Мышыдрукаваўся па-беларуску ў маіх зборніках яшчэ некалькі разоў. Яго пераклалі на чэшскую, польскую, украінскую мовы
Як вы ставіцеся да працэсу пераходу літаратуры ў віртуальную прастору?
Станоўча, бо гэта заваёва новай прасторы.
Многія пісьменьнікі маюць свой уласны блог, дзе выкладаюць тэксты, абмяркоўваюць пэўныя праблемы й рэаліі з чытачаміА вы да ЖЖ так і не дайшлі
Я ня ведаю, ці дайду да яго, але ўжо дайшоў да ўласнага сайту (www.arlou.org), хаця ён яшчэ далёкі ад ідэалу. У прынцыпе, з большасьцю маіх твораў можна пазнаёміцца альбо непасрэдна праз гэты сайт, альбо знайсьці спасылкі на творы ў Сеціве. Можа быць, таму яшчэ я не завёў сабе ЖЖ, што мне хапае карэспандэнцыі ў яе звычайнай форме. Я проста, напэўна, ня змог бы сябе камфортна пачуваць, бо я чалавек адказны і імкнуся адказваць на кожны ліст. Але на гэта проста фізічна нестае часу.
Некалькі месяцаў таму па БТ ішла перадачаЖарсьці па культуры”, тэмай якой былаСучасная беларуская прозаразмова зайшла пра тое, што нестае піяру, хаця я казала пра тое, што яго сёньня досыць. Той жа слэм, як адна з найбольш цікавых формаў. Тыя ж бясконцыя вечарыныЯк вы лічыце?
Калі вы ўжо загаварылі пра беларускае тэлебачаньне, то, вядома, яно магло б адыграць сваю ролю ў гэтым. Наколькі мне вядома, як былі зачыненыя рэдакцыі літаратурна-драматычнага вяшчаньня на нашых тэлеканалах у свой час, так іх і не аднавілі. Па сутнасьці, няма праграмаў, якія б знаёмілі з навінкамі менавіта нацыянальнай літаратуры. Малюецца на экране нейкі чалавек, я ня ведаю, хто ён, за якія заслугі вядзе гэтую праграму. Мяркуючы па тых кнігах, якія ён рэкламуе, ніякіх заслугаў у яго няма, а ў нацыянальнай літаратуры ён наогул не арыентуецца. Відаць, і мовы ня ведае, іначай хоць бы слова на ёй прамовіў. А рэкламуюцца кнігі расейскіх выдавецтваў, часта вельмі сумніўнай якасьці, альбо тыя, якія не патрабуюць рэкламы: Каэлья там ці яшчэ што-небудзь, што ў любой кнігарні пабачыш, як толькі туды зой­дзеш. Мне вельмі не хапае на тэлебачаньні тых праграмаў, якія давалі гледачу арыенціры ў нашай літаратуры.
Час ад часу гучаць галасы скептыкаў, што беларуская літаратура нецікавая, што нічога вартага не ствараецца, алеМожа, гэтым скептыкам яна й нецікавая, але выйшла трохтомная анталогія беларускай літаратуры па-польску, анталогія па-літоўску, за апошнія гады выйшла анталогія сучаснага беларускага апавяданьня па-польску, рыхтуецца на італьянскай мове зборнік сучаснай беларускай прозыДарэчы, чэшскі часопіс “Plav”, які сьпецыялізуецца на замежнай літаратуры, нядаўна цэлы нумар прысьвяціў беларускай літаратуры, і рэдактар у артыкуле адзначыў, што на іх думку, беларуская літаратура цяпер адна з найцікавейшых у Еўропе.