12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Натальля Арсеньнева

_____________________
Лісты. Пераклады


Прадмова,
падрыхтоўка
тэкстаў да друку
Анатоля
Сідарэвіча.

Калі ў канцы 2001 — пачатку 2002 году ў “Беларускім кнігазборы” складалі том выбраных твораў Натальлі Арсеньневай, я згадаў, што ў маіх сшытках маюцца перапісаныя лісты паэткі да Антона Луцкевіча. Набраўшы тэксты тых лістоў на кампутары й аддаўшы іх рэдактару Міхасю Скоблу, я вырашыў напісаць пра ўзаемаадносіны паэткі з ейнымі настаўнікамі беларускае літаратуры ў Віленскай беларускай гімназіі — Максімам Гарэцкім ды Луцкевічам. Так зьявіўся нарыс “Вучаніца і настаўнікі”. Пішучы яго, я перагледзеў усе мае запісы ва ўсіх маіх сшытках, зробленыя ў канцы 1980-х — пачатку 1990-х гадоў у знакамітым 21-м фондзе Цэнтральнае бібліятэкі Літоўскае Акадэміі навук, або Віленскім беларускім фондзе, дзе захоўваюцца дакументы з Беларускага музею імя Івана Луцкевіча1. І ў сшытку, пазначаным лічбаю 10, убачыў запіс: “Папка 10. Лісты Н. Арс.”. Далей ідзе дата — “Хэлмна, 15 лютага 1929 г.” — і зварот: “Паважаны Пане!” І больш ніякіх запісаў. Толькі праз дзьве старонкі ідуць запісы вершаваных тэкстаў. Запісы скончыліся “Песьняю, пяянай малым фокам”.
І я згадаў: працуючы ў фондзе, вырашыў быў спачатку перапісаць пераклады Арсеньневай з Рэдзьярда Кіплінга, а потым ужо і яе два лісты да Антона Луцкевіча. Ды не пасьпеў: былі трывожныя і гарачыя дні 1991 году. Пасьля крывавых падзеяў у віленскім тэлецэнтры я зьезьдзіў у бібліятэку яшчэ раз ці два, а пасьля замітусіўся ў віры палітычных і грамадскіх здарэньняў, пайшоў працаваць у ліцэй, у якім (замест таго, каб сядзець у архівах) змарнаваў восем гадоў жыцьця, а тым часам быў уведзены візавы рэжым...
Яшчэ жывая была Натальля Арсеньнева, я мог бы напісаць ёй, распавесьці пра свае знаходкі, але каля нашае дыяспары ў Амерыцы круціліся ўвішныя людзі, дый навошта турбаваць немаладую і, пэўна ж, небагатую жанчыну? Карацей, не знайшоўшы дабрадзея, які б аплаціў мне немалыя, як для настаўніка, кошты візаў, паездак, працы ў бібліятэцы і пражываньня ў гатэлі, я махнуў рукою й забыўся на гэтыя запісы. І вось дзякуючы “Беларускаму кнігазбору” згадаў іх.
Аддаючы нарыс “Вучаніца і настаўнікі” ў рэдакцыю “Нашае Нівы”, я намякнуў: някепска было б знайсьці фундатара, зьезьдзіць у Вільню і да 100-годдзя Натальлі Арсеньневай падрыхтаваць публікацыю яе лістоў і перакладаў. Але ў “Нашай Ніве” ці то не пачулі мяне, ці то забыліся на мае словы, і справа каторы раз адкладалася на нявызначаны тэрмін. І тут зноў мяне патурбаваў Міхась Скобла: напішыце што-небудзь да юбілею паэткі. А што я напішу? Найлепш было б апублікаваць яе лісты і пераклады. І Міхась, дай Бог яму здароўя, спытаўся: а дзе яны? Даведаўшыся пра папку № 10 у 21-м фондзе, ён патэлефанаваў у Вільню Леакадзіі Мілаш (дай Бог і ёй здароўя), якая дапамагла атрымаць у архіве копіі рукапісаў паэткі. Неўзабаве Міхась наведаў нашую старажытную сталіцу і прывёз адтуль згаданыя матэрыялы.

* * *
Няволя ёсьць няволя. Мусіць, трапіўшы ў кіпцюры НКУС ў 1939 г., А. Луцкевіч згадваў свае ранейшыя турмы: і Пішчалаўскі замак 1904 г., і Лукішкі 1920-га, і гаўптвахту 2-га аддзелу польскага генеральнага штабу таго ж 1920-га, і Лукішкі 1927-1928 гг. І мог параўнаць рэжымы. І пераканацца: крытыкуючы бальшавізм, ён меў рацыю, бо гэта сапраўды аднаго поля ягада з фашызмам.
У студзені-лютым 1991 году я друкаваў у “ЛіМе” тры артыкулы “З жыцьця Антона Луцкевіча”. Другі з іх меў загаловак “Астрожныя запісы”. У ім я пісаў, што, седзячы ў турме на Лукішках, Луцкевіч інтэнсіўна працаваў. Зьмесьціва папкі 224, што захоўваецца ў тым самым 21-м фондзе, складае агульны сшытак, у якім перапісаная частка перакладу “Кнігаў джунгляў”2 Рэдзьярда Кіплінга. Пераклад пісаны акуратным, каліграфічным Луцкевічавым почыркам на няцотных старонках сшытку, а на цотных маюцца разнастайныя запісы. У прыватнасьці — план “Чарговыя працы”, у якім аўтар паставіў сабе задачаю перагле­дзець і паглыбіць свой ранейшы артыкул аб творчасьці Натальлі Арсеньневай, напісаць паводле гатовага плану пра лірыку Купалы і асобна пра драматургію (“драму”) Купалы, напісаць працу “Абдзіраловіч і Барыка” (у дужках пазначана “новае”), перагледзець і дапоўніць успаміны “За дваццаць пяць гадоў”, перакласьці “Другую кнігу джунгляў” і Acta Apostolorum.
Пра лірыку (праўдзівей, пра творчасьць Купалы) А. Луцкевіч напісаў і прачытаў на пачатку 1929 г. лекцыю “Напевы ліры Янкі Купалы” (у тым самым годзе яна будзе надрукаваная ў кнізе “Адбітае жыцьцё”). У 1930 г. Луцкевіч першы раз прачытае лекцыю пра Купалу як прарока адраджэньня. І напіша ледзь не паэтычны тэкст да 25-х угодкаў творчасьці Паэта1.
У турме (у лютым 1928 г.) Луцкевіч накідае фрагмент “Абдзіраловіч і Барыка”, а ў 1939 г. выдрукуе ў “Калосьсі” аднайменны артыкул.
Успаміны “За 25 гадоў”, сапраўды, былі дапоўненыя тым матэрыялам, пра які аўтар зрабіў нататкі ў турме, і выдадзеныя ў 1928 г. асобнаю брашураю. Праца над імі была скончаная ў турме, бо радок з адпаведным запісам “Чарговых працах” быў перакрэсьлены.
Што ж тычыць Дзеяў Апосталаў, дык пераклад гэтае кнігі ўбачыў сьвет у 1931 г. — калі па-беларуску быў апублікаваны ўвесь Новы Запавет з Псальмамі. (Дарэчы, у папцы 816-й таго ж 21-га фонду захоўваецца рукапіс перакладу Кнігі Псальмаў, зроблены, найбольш імаверна, Лукашом Дзекуць-Малеем, бо почырк — не Луцкевічаў).
Больш трэба запыніцца на перакладзе “Кнігі джунгляў” Рэдзьярда Кіплінга. Праца над ім ішла ў турме да канца зьняволеньня, бо на апошняй старонцы 221-га сшытку бачым упісаную Луцкевічам дату: “21/V. 1928 — Лукішкі”.
Пераклад захоўваецца ў папках 221—226 таго самага 21-га фонду. Я бачыў і гартаў агульныя сшыткі з ім. Вось іх зьмест кожнае з папак. У 221-й мы можам прачытаць “Аповесьць слана Газі” і пачатак “Помсты Маўглі”, у 222-й папцы перахоўваюцца заканчэньне “Помсты Маўглі”, “Рудыя сабакі”, “Веснавая пагулянка”, “Мэгер з Мэгер-Горту”2, у 223-й — “Паляваньне Каа” і “Тыгр! Тыгр!”, у 224-й — заканчэньне разьдзелу “Тыгр! Тыгр!”, “Песьня Маўглі, якую ён пяяў на Скале Рады, скачучы на скуры Шэр-хана”, а таксама “Каралеўскі анк” і “Белая Нэрпа”3, у 225-й — “Рыкі-Цікі-Таві” і “Маленькі Тумай”. 226-я папка адрозьніваецца ад сваіх папярэдніц тым, што ў ёй захоўваецца машынапіс з тэкстам “Браты Маўглі”.
Такім чынам, мы бачым, што ў агульных сшытках утрымліваецца пераклад шасьцёх разьдзелаў (з сямі) “Кнігі джунгляў” і чатырох разьдзелаў (з васьмі) “Другое кнігі джунгляў”. Цяпер мне цяжка сказаць, які разьдзел Кіплінгавага твору Луцкевіч назваў “Помстаю Маўглі”. Праўдападобна, гэта “Нашэсьце джунгляў” з “Другое кнігі...” Затое не магу сказаць, які разьдзел атрымаў загаловак “Аповесьць слана Газі”. Калі вяртацца да статыстыкі, дык можна сказаць, што Луцкевіч пераклаў дванаццаць разьдзелаў з пятнаццаці.
Выйшаўшы з турмы, Луцкевіч, мусіць, працягваў працу над перакладам. Ва ўсякім разе з лістоў Н. Арсеньневай мы бачым, што былі перакладзеныя абодва тамы “Кнігі джунгляў”. (Я ўпэўнены, што захаваліся рукапісы і трох разьдзелаў, тут не названых. Іншая справа, што ніхто не шукае іх.)
Луцкевіч скончыў свой пераклад хутчэй за ўсё ў Ракуцёўшчыне, бо, як вядома, пасьля зьняволеньня ён разам з жонкаю два месяцы жыў у вёсцы1. А далей была падрыхтоўка да друку ўспамінаў “За дваццаць пяць гадоў”, кнігі “Адбітае жыцьцё”, і, мусіць, на чарзе стаяла “Кніга джунгляў”, пра што сьведчыць машынапіс самага першага разьдзелу.
Луцкевіч пераклаў празаічны тэкст Кіплінгавай кнігі, а вось з вершамі ў яго была праблема. Праўда, Луцкевіч спрабаваў сябе ў вершатворчасьці і ў перакладах паэзіі. У прыватнасьці, у тых астрожных запісах захавалася ягонае двухрадкоўе:

Белы кужаль — на ім струйка крыві.
Гэта — сьцяг паняволенае Беларусі2.

Захоўваецца і пераклад славутага чатырохрадкоўя Авідзія Назона, якое, перш чым перакласьці яго, Луцкевіч выпісаў у свой сшытак на мове арыгіналу. Вось гэты пераклад:

Першы быў век залаты, калі без ніякай прынукі
У добрае волі сваей шанавалі і вернасьць, і праўду,
Страху прад карай ня зналі, ня чулі слоў грозных законаў
Дый без апекі суддзі былі тады людзі бясьпечны.

Пакінуўшы гэты пераклад на суд адмыслоўцаў, адзначу: не перапісаўшы ў свой сшытак лісты Арсеньневай, я ня быў прымушаны ўважліва прыгледзецца да Луцкевічавага перакладу, спраўдзіць, ці ёсьць у тых рукапісах ягоныя пера­клады вершаў Р. Кіплінга. Бо калі б перапісваў лісты, змушаны быў бы высьветліць прычыну, чаму перакладчык выслаў Натальлі Арсеньневай ня ўсе вершы з Кіплінгавае кнігі (на картках, пра якія пісала паэтка). З дакладнасьцю можна сказаць, што Луцкевіч пераклаў адзін верш з “Кнігі джунгляў”: “Песьня Маўглі, якую ён пяяў на Скале Рады, скачучы на скуры Шэр-хана”. Бо гэты верш — нерыфмаваны3.
Хоць побач з ім быў Хведар Ільяшэвіч (нямала вершаў надрукуе ў газеце “Наперад!”, што пры актыўным удзеле Луцкевіча выходзіла ў 1929—1930 гг.), былі іншыя паэты, перакладчык палічыў патрэбным папрасіць дапамогі ў сваёй вучаніцы, першае ў той час сярод заходнебеларускіх паэтаў (Уладзімер Жылка паехаў па сьмерць у БССР, а Максім Танк дэбютуе толькі праз чатыры гады). І вучаніца-паэтка прыйшла на дапамогу настаўніку-крытыку. “З прыемнасьцяй” прыйшла: сыны падрасьлі, вольнага часу “аж надта многа”, а працы ў капітаніхі Кушаль няма (дый асабліва не шукалі яе афіцэрскія жонкі: хто-хто, а вайскоўцы ў польскай дзяржаве былі забясьпечаныя добра).
Засталіся рукапісы перакладаў Натальлі Арсеньневай. Гэта 13 аркушаў з вершамі “Кнігі джунгляў” і 11 аркушаў — з вершамі “Другое кнігі джунгляў”.
Засталіся лісты Натальлі Арсеньневай да Антона Луцкевіча, дзякуючы якім мы аднаўляем яшчэ адзін эпізод з жыцьця ейнага настаўніка і даведваемся, калі і як яна працавала над перакладамі з Р. Кіплінга.
Будзем спадзявацца, што нехта з літаратуразнаўцаў возьмецца за гэты сюжэт (пераклад “Кнігі джунгляў”) больш грунтоўна.
Чаму “Кнігі джунгляў” у перакладзе Антона Луцкевіча і Натальлі Арсеньневай не былі надрукаваныя, можна толькі гадаць, але найбольш імаверная прычына — недахоп сродкаў.
Анатоль СІДАРЭВІЧ.



Натальля АРСЕНЬНЕВА
ЛІСТЫ ДА АНТОНА ЛУЦКЕВІЧА

№ 51
Хэлмна, 15 лютага 1929 г.

Паважаны Пане!
Выбачайце, што так доўга дала чакаць на свой пераклад, але шмат на гэта злажылася прычынаў. Па-першае: не было, як гаворыцца, натхненьня, бралася за работу некалькі разоў і нічога не выходзіла, аж нарэшце прыйшоў дзень, у працягу якога ператлумачыла траха [ня] ўсё. Шукала кнігі, каб параўнаць пераклады рускі з польскім і нямецкім, каб быць як найбліжэй арыгіналу. Нарэшце дастала да хаты пераклад польскі і ўдалося пабачыць нямецкі. Для перакладу карысталася, побач з прысланымі мне праз Пана карткамі, польскім выданьне[м] Кіплінга (Бібліятэка Laureatow Nobla, nakladem Wydawnictwa Polskiego, пераклад з ары­гіналу P. Mirandola). Пераклад гэты, насколькі магу судзіць, надта добры.
У кнізе гэтай вершаў зьмешчана шмат болей, чым Пан прыслаў мне да перакладу, напр., у канцы кожнага разьдзелу ёсьць песьня якой у картках няма, гэта, за выняткам 2 песьняў (песьня ваўкоў і песьня малпаў2)3: 1) Песьня малога Маўглі, 2) Луканон, 3) Так пяяў кравец Дарці, 4) Сіва й Казёлчык4; 5) Песьня абазовых зьвяроў падчас парады. Таксама ў тэксьце ёсьць некалькі песьняў болей.
На ўсякі выпадак я ператлумачыла ўсё ў такім парадку, як гэта знаходзіцца ў польскім выданьні. Такім чынам скончыла ўвесь першы том і сьпяшаюся выслаць, бо й так спазьнілася. Можа й карнавал троха перашкодзіў1, але трудна2, як гаворыцца “noblesse obliga”3.
Другі том пастараюся выслаць як найскарэй, ня маю яшчэ кніжкі, а хацела б мець для параўнаньня, бо пераклад рускі досыць вольны й палагацца на ім адным было б не саўсім добра. Мне здаецца, што польскі тэкст бліжэй да арыгіналу, хоць, праўда, некаторыя вершыкі і тут, і там саўсім падобныя, асабліва вершык “Як удалося табе паляваньне?” проста слова ў слова і ў рускім, і ў польскім перакладзе. У крайнім выпадку, калі ня ўдасца дастаць 2-га тому, ператлумачу з прысланых картак, там усяго тры вершыкі. Ня ведаю, як удаўся пераклад мне, але ў кожным разе старалася як найлепей. Калі што будзе ня так як трэба, ці калі Пан будзе ўважаць, што трэба што-небудзь перарабіць, — зраблю зь вялікай прыемнасьцяй.
Прывет ад мужа. Астаюся з шчырай пашанай
Н. Кушаль.

№ 6
<Канец лютага — 5 сакавіка 1929 г.>

Паважаны Пане!
Сьпяшаюся выслаць вершыкі з ІІ тому “Кнігі Джунгляў”. Былі б гатовы многа раней, але я была хворая на грыпу, толькі ў мінулым тыдні ўстала й узялася за працу. Ізноў, як і ў томе І, вершыкаў у кнізе, зь якой тлумачыла, многа болей4 і ўзноў на ўсякі выпадак ператлумачыла іх усе. Адзін зь вершаў, прысланых мне Панам як належачы на І тому, тут, у кнізе, зьмешчаны ў другім [томе]5. Гэта ёсьць “Песьня малога паляўнічага”, якой я дзеля гэтага другі раз не пасылаю, толькі першую зваротку, у якой троха перароблены пачатак. Надта хацела б ведаць, ці дайшлі вершы6, бо пасылала іх звычайным лістом, але хіба не загінулі? На ўсякі выпадак ня нішчу пакуль што робленых алавіком перакладаў. Калі б што было не саўсім добра, з прыемнасьцяй перараблю ці папраўлю, часу маю вольнага аж надта многа, дык нудна.
Астаюся з пашанай
Н. К.
Шчыры прывет ад мужа.
Падрыхтоўка да друку
Анатоля Сідарэвіча.

Пераклады вершаў Рэдзьярда КІПЛІНГА
з “Кнігі джунгляў”

Разьдзел 1

Зыходзіць ноч з імглою, туманамі...
Пара жыцьця зьвяроў, пара кажаніх лётаў.
Лясны народ на бой гатуецца з ахвотай —
Прадзіўны час настаў, час бою паміж намі.
Змагайцеся ж, зьвяры, адважна, сьмела, жвава,
Як кажа нам адвечных джунгляў права!
(Начная песьня ў джунглях)

Паляўнічая песьня ваўкоў

Калі мінулы дзень у хмарах дагарае
І крык казулі чуецца здалёк...
Раз-два, раз-два...
Алень у гушчары начлег сабе шукае,
І чутны кожны крык, і чутны кожны крок,
Тады я йду адзін і чулым вухам
Сачу, сачу за кожным новым гукам.
Раз-два, раз-два...

Калі мінулы дзень у хмарах дагарае
І крык казулі чуецца задлёк...
Раз-два, раз-два...
Зьбіраюцца ваўкі, — іх грамада чакае,
Выходзяць з гушчароў, паўзуць у мокры лог.
Няясны гул расьце і шырыцца па сьвеце,
У цемры воўк адзін... другі... і трэці...
Раз-два, раз-два...
Калі мінулы дзень у хмарах дагарае,
Наш вой цягучы чуецца здалёк...
Раз-два, раз-два...

Наш лёгкі крок сьлядоў не пакідае,
Праменным днём нам выдаецца змрок.
А мову нашую вялікую, сьвятую
Хай кожны уначы глухой пачуе!
Раз-два, раз-два...

Разьдзел 2
Падарожная песьня малпаў Бандар-Лёгаў

Месяц сьвеціць бялява, цудоўна
На галіны, гдзе малпы начуюць,
Толькі лісьцейкі шэпчуць над намі.
Ад усіх мы вышэй безумоўна.
Ўсе нас тутка пабачуць, пачуюць,
Мы за ўсіх разумней навакола.
Дык хвастамі гуляйма вясёла!
У калысцы зь зялёных галінаў
Мы будуем вялікія пляны,
Важым прышлыя лёсы народаў,
У лятунках праводзім гадзіны...
Што мы знаем — ня знана нікому.
Мы будуем... Тут раптам зь вярхоўкі
Нам гарэшак зьляціць на галоўкі.
Думкі блутае сьмех навакола.
Ох, хвастамі гуляйма вясёла!

Наша мова й багата, й прыгожа,
Штораз новыя гукі ці словы.
Што пачуем, паўторым адразу:
Льва рыканьне, вой воўка варожы,
Песьню птушкі, лясныя размовы,
Шум гальля і зьмяіныя сыкі, —
Словам розныя, розныя зыкі.
Ці ж няпраўда. Спытайце наўкола.
Ах, хвастамі гуляйма вясёла!

Мы вялікай ляцім грамадою
Праз нязнаныя, змрочныя нетры,
З галіны на галіны ў падскоках
Мы сьмяемся ў бары, над вадою,
Цешыць нас кожны скок у паветры.
Дык далей, да нязнанае мэты,
Наша слава задзівіць паўсьвета.
Хай з нас кпяць усе чыста наўкола —
Ах, хвастамі гуляйма вясёла!

Разьдзел 3

Як удалося табе паляваньне?
— Ой, вартаваў я ў гушчары да раньня.
Што ты маркотны, ня віджу здабычы?
— У лесе дзічына, хто ж вольную зьліча?
Дзе ж твая сьмеласьць, адвага і сіла?
— Ў цёмным бары яна дзесь заблудзіла.
Дзе ж ты ідзеш, у якую дарогу?
— Сумна памерці у цёмным барлогу.

Разьдзел 4

Люлі, мой сынку... У цёмных аблоках
Месяц хавае свой твар белавокі.
Ціха калышуцца морскія хвалі.
Быццам як ты, яны, сінія, спалі...

Хай табе сьніцца ружовае раньне,
Гдзе непатрэбны ні страх, ні змаганьне,
Сьпі ж пад каханую песьню матулі!
Люлі, сыночак мой, люлі, ах, люлі...
(Калыханка фокаў (цюленяў))

Не, не сьпяшайся на сінія хвалі,
Плаваць ня ўмееш, згінеш у моры.
Злая акула плыве, можа, здалі,
Зьесьць цябе, дзеткі, мы будзем у горы...
Ворагі злыя чакаюць наўкола,
Мусіш, маленькі, ўсяго навучыцца,
Мусіш на сілы й адвагу здабыцца,
Вось паплывеш тады ў мора вясёла!
(Песьня, пяяная малым фокам)

Луканон
Песьня — гымн жалобны фокаў (цюленяў)

На скальным беразе Паўночы,
Дзе вечна б’ецца роспач хваль,
Мільёны фокаў ўдзень і ўночы
У песьнях выліваюць жаль

Яны пяюць аб Луканоне,
Дзе быў нязнаны чалавек,
Дзе сьмех гуляў у хваляў звоне,
Дзе плыў шчасьліва зь векам век.

Штодзённа смутак цісьне грудзі,
Штодзённа вочы сьлёзы льлюць,
Бо родны край забралі людзі,
Зьлілі крывёй, памстуюць, б’юць.

А быў як рай: ў сьвятле, ў зіяньні,
Ў ружовых дымах туманоў...
Так кажуць даўнія казаньні.
Хто ж звольніць край праменны зноў?

На скальным беразе Паўночы,
Дзе людзі край зьлілі крывёй,
Мільёны фокаў ўдзень і ўночы
Ўсьцяж крыўдай труцяцца сваёй.

Ты, чайка, ўзьбіся пад аблокі,
Наш смутак Пану занясі,
Скажы, што скора згінуць фокі,
Калі ім помач не дасі.

Разьдзел 5

Ў гушчары ў яме сядзіць Наг.
Над ямай Рыкі кажа так:
Цябе я клічу, Наг, на бой,
Ня жыць нам разам, мне з табой!
Зірні мне ў зоры-вочы
(Наг круціцца, ня хоча)
Гатуйся, брат, да бою
(Зіяе Наг лускою)
На сьмерць і жыцьце бой
(Схаплю і будзеш мой)
Ня страшны мне твой яд!
(Так згінуў чорны гад).

Так сьпяваў кравец Дарці
(Ода на чэсьць храбрага Рыкі)

Ні адзін з вас, дам вам шыю,
Сабе гнёздаў не пашые,
Й ні адзін звас, знаю я,
Не сьпяе вам так, як я,
Гэта слава — чэсьць мая!

Раскажу я вам пяяньнем,
Што тут здарылася сяньня:
Не жыве ўжо страшны Наг,
Што між вамі сеяў страх.
Гэта здарылася так:
Рыкі сільны, Рыкі сьмелы,
Рыкі рыцар чорна-белы,
Рыкі кінуўся у скок
І, адзін зрабіўшы крок,
Злога гада Нага змог!

Рыкі, шлюць табе падзяку,
Птушкі ўсіх радоў і знакаў:
Ўжо ня вернецца назад,
Здох навекі страшны гад,
Разам зь ім — ягоны яд!
(У гэтым месцы перарваў яму Рыкі,
дзеля гэтага рэшта песьні загінула.)

Разьдзел 6

Мы хочам даўнай волі,
Што згінула нам гдзесьці.
Таму, што мусім есьці, —
Трываем у няволі.

Пакуль ня ўстане раньне,
Гуляйма ў братнім коле,
Забыўшы аб няволі,
У лесе на паляне.

Бог Сіва, Пан ветраў, зямлі і нябёсаў,
Пан нашае сьмерці і Пан нашых лёсаў,
На сьвеце даў кожнаму ежу ласкава.
Адным даў Ён мяса, другім — ізноў травы.
Дык кожны — ад мухі да можнага пана —
Хай слухае Сівы уночы і зрана.
Бог Сіва ёсьць Сьветам, а Сьвет — гэта Сіва,
Ўсім нам ён пануе разумна, шчасьліва.
Жывёле даў пашу, аратаму — нівы,
Дзіцяці малому матулю даў Сіва1.

Сіва і казёлчык
(Песьня, якой матка Тумая закалыхівае дзіця)

Бог Сіва, Пан ветраў, зямлі і нябёсаў,
Пан нашае сьмерці і Пан нашых лёсаў
На сьвеце даў кожнаму ежу ласкава.
Адным даў Ён мяса, другім — ізноў травы.
Дык кожны — ад мухі да можнага пана —
Хай слухае Сівы уночы і зрана.
Бог Сіва ёсьць Сьветам, а Сьвет — гэта Сіва.
Mahadeo? Mahadeo!
Жывёле даў пашу, аратаму — нівы,
Дзіцяці малому матулю даў Сіва.
Паноў корміць жытам, а просам бядноту,
Дзядом-жабраком дае рэшткі за цноту.
Тыгр жывіцца быдлам, крумкач чарнакрылы
З ваўком дзеліць косьці і моцныя жылы.

Пан крыўды на сьвеце ня зробіць нікому.
Раз Сівава жонка, чаму — невядома,
Звясьці, ашукаць Яго захацела:
Схавала казёлчыка ў сукнях на цела.
Бог Сіва ёсьць Сьветам, ўсё чыста ён знае,
Ці ж Сіву кабета адна ашукае?
Так цяжка схаваці каня ці вярблюда,
Казёлчыка лёгка схаваці усюды.

Калі Пан раздаў і абед, і адзежу,
Спыталася жонка: “Ці ўсе маюць ежу?”
“Але, — адказаў, засьмяяўшыся Сіва, —
Ўсе, нават казёлчык, якога злавіла”.

Зрабілася сорамна жонцы і, жвава,
Пусьціўшы казёлчыка ў польныя травы,
Схілілася жонка з пакорай да Сівы,
Які нам пануе магутна, шчасьліва.
Бо Сіва ёсьць Сьветам, а Сьвет — гэта Сіва,
Бо Сьветам Ён радзіць магутна, шчасьліва.
Ён быдлу даў травы, аратаму — нівы,
Дзіцяці ж малому матулю даў Сіва.

Разьдзел 7

Улева, управа
Сьмела, жвава
Шчыльнай, важнай грамадой
Маладыя, удалыя
Ўсьцяж гатовыя на бой!
Кожны зьвер шукае пары
Ур-ра!
Кожны зьвер шукае пары,
Слон, вярблюд і воўча стары.
Йдуць, ідуць зьвяроў мільёны
Ад дажджу у бор зялёны
Ур-ра!

Песьня зьвяроў у абоз падчас парады

С л а н ы:
Асілкі некалі наш гарт насьлядавалі.
І розум, сілу, спрыт ад нас таксама бралі.
Хоць маюць іншыя і капыты, і рогі,
З дарогі нам, сланы ідуць, з дарогі!

А р т ы л е р ы й с к і я в а л ы:
Сланы ня любяць куляў граньня
І дым гармат ня ўсмак ім сяньня,
Мы ж на вайне — маўляў араты
Свой плуг — на бой вязём гарматы!

К а в а л е р ы й с к і я к о н і:
Забываюцца ўсе сумы,
Калі зь песьняй йдуць драгуны.
Дык гучней, гучней грымі
Марш вайсковы “Bon Dundee!”
Сена, паша — што ўсё роўна —
Рэчай ёсьць для нас галоўнай.
Мкне швадрон, гучней грымі
Наша песьня: “Bon Dundee!”

М у л ы г о р с к а й б а т а р э і:
Смела, гэй смела, у горы, вышэй!
Ўкола бяздоньне... Ўсё роўна нам, гэй!
Вузкаю сьцежкай пад хмары ідзём,
Славу вайсковую ў хмары нясём.
Сьмела вядуць нас сяржанты на бой,
Кожны цярпліва цяжар цягне свой.
Сцьежкай каменнай мы ў хмары ідзём,
Славу вайсковую хмарам нясём!

В я р б л ю д ы:
Сумны лёс, сумны лёс,
Кожны зьвесіў нос...
Кій па скабах скочна грае
Ра-та-та, прыпамінае.

Сумны лёс, сумны лёс
Нас сюды занёс.
Зноў па скібах кій гуляе
Ра-та-та-та выйгравае!

Х о р з ь в я р о ў:
Пакорна нясём свае сілы
Ў рабоце цяжкой а нямілай,
Ці ў коннай язьдзе ці у возе
Працуем даўно мы ў абозе.

Трэ слухаць прыказаў...
Праз нас на зямлі б’юцца людзі,
Праз нас ім спакою ня будзе.
Бо цяжка было б ім спраўляцца,
Бяз нас не маглі бы змагацца.
Трэ слухаць заўсёды прыказу,
Хоць можа мы й згінем адразу...
Ці ў коннай язьдзе, ці у возе
Мы службу нясём у абозе,
Паслушны прыказу...

Канец І тому.