12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Сяргей Астравец

_____________________
Чэшскае піва.
Запіскі капітана Кавалёва. Аповед

1.

Дахаты вярнуўся 5 лістапада, напярэдадні сьвята. Прыехаў апошнім. Пакінулі з інжынерна-аэрадромным батальёнам — пяць эшалонаў тэхнікі. Абсалютна новай. Аэрадром за 8 гадзінаў. Выраўняць, узараць, заліць бітумам і ўкатаць. Гатовая ўзьлётня.
Яго ўвялі першым, а выводзілі апошнім чамусьці. Хоць праз некалькі тыдняў стала ясна, што вайны ня будзе, што будаваць аэрадромы не давядзецца. У апошні момант прыкамандзіравалі, не хацелася заставацца вядома ж. Нашыя ўзьляцелі, астатнія, калона — каля ста машынаў пайшлі напачатку лістапада.
Тэхніка аэрадромная негабарытная, эшалоны не маглі прайсьці пад мастамі старымі мураванымі. Кружнымі шляхамі да нямецкай мяжы рухаліся. Прыбылі ў Цвайбург. Потым ў 3 гадзіны ночы ў Фрайберг. Ехалі з начальнікам службы падпалкоўнікам Пятровым у вагончыку драўляным на платформе. Ён званіў па дазвол, каб машынай яго у Гросдорф падкінулі, а мяне дахаты. Даставілі ў гадзінаў 6 раніцы.
Увечары лазьня, чатыры-пяць афіцэраў, піва. Лазьня на аэрадроме — для лётчыкаў. 6-га пайшлі з жонкай купілі гарнітур цёмна-сіні, карычневы потым — у Берліне. Урачысты сход. Вячэра ў сталоўцы тэхнічнага складу. Вялікая зала асобаў на дзьвесьце. Усе ў прыўзьнятым настроі. Бургамістры двух суседніх мястэчкаў з жонкамі. Афіцыянты. На сталах закускі, келіхі, накрухмаленыя сурвэткі. Усё па-сьвяточнаму. Файна было вярнуцца дахаты. Нямецкая мова нават здалася такой знаёмай, надзейнай.

2.

Калі ўехалі ў Чэхаславаччыну, на мяжы чэхаў не было зусім. Немцы не кантралявалі таксама, недзе там хадзілі толькі. Кіламетраў праз восем стромы зьезд — 17 градусаў. Перакуліўся танк. Таму адразу далі БТР, ехаў наперадзе, сьледам мы з Ладагіным. На малой хуткасьці.
Т-56 мог па асфальце пяцьдзесят кіламетраў рабіць. Звычайна рухаліся ўзбочынамі, таксама па палетках — чорт з імі, маўляў! Чэхі — рахунак потым за страты. У чэхаў 14 дывізіяў, мы ўвялі 30. Пакінулі 21 гарнізон пасьля.
У Жыбуртове — штаб корпусу супрацьпаветранай абароны. Полк: чатыры эскадрыльлі. Тры на новых Міг-21, у траўні атрымалі з Саюзу. Яны — у ангарах. У чацьвёртай Міг-17 — пад небам. Штабны аддзел у горадзе на пляцы з крамамі, у старой камяніцы. Добры кабінет. Паліраваныя сталы, мягкая мэбля, дываны, сервант — кілішкі, бутэлькі. Атрымліваў афіцэр 2800 кронаў. Першае знаёмства. У кіназале — французскія фільмы каляровыя, сардэлькі, піва, кава. Салдату дзяжурнаму давалі грошы купіць піва дзесяць пляшак, потым яшчэ. Крама побач. Ад піва ня робяцца такімі агрэсіўнымі, як бывае ад гарэлкі.
Начальнік — Будзічэк, намесьнік — Кучэра. Спачатку недавер. Начальнік ламаў камедыю, што ня ведае мовы. Намесьнік не хаваў, але гаварыў: навошта прыйшлі? Потым лёд растаў, толькі не бяры хахла — маёра Бандарэнку, гаварылі. Ён ім не спадабаўся чамусьці. Падаравалі мне потым карціну і статуэтку ў скрынцы — з Плзеня. Ня быў гатовы, з пустымі рукамі прыехаў. А заўтра апошні дзень. Нічога. А 8-й раніцы, толькі пагаліўся, выйшаў, — салдат-чэх на цывільнай машыне чакае. Жонка прыслала з самалётам бутэльку “Пятроўскай”, зафарбаванай — з дубовай бочкі, гарэлкі. Узяў з сабой.
Гарэлка — піва — кава. 13 нуль-нуль. Заседзеліся. Трэба ехаць — эшалон а 14-й. Сувязі няма. Нічога, — давязем да нямецкай мяжы, а там дабярэшся... Афіцэры чэшскія заўжды жылі ў бліжнім горадзе, мястэчку. У гарнізоне — толькі салдаты. Афіцэры 12 адсоткаў адлічвалі, каб пабудаваць кватэру ў іншым горадзе, дзе хацелі б жыць пасьля службы.
Супраць нас былі збольшага палітработнікі і выхавацелі, на якіх набралі студэнтаў. 80 адсоткаў афіцэраў размаўлялі па-руску, у Саюзе вучыліся.

3.

У Брандаў — штаб дывізіі мотастралковай. 18 загінула салдат іхніх, але не ў баях, па-рознаму, хто як. Дыслацыравалася папросту на Вацлаўскім пляцы. Ад музею ў шахматным парадку: танк — БТР — танк — БТР. Хадзілі патрулі аддзяленьнямі. Аднойчы шугануў з гранатамёту ў акно. Штосьці здалося. Не-не, а мінулым разам — на аўтаматную чаргу ў адказ. Пра гэта памяталі, трымалі ў галаве, дый інструктавалі салдатаў кожнага разу. Дык вось: туды наверх хутчэй — стары сядзіць спалоханы, трымціць. “Замялі”.
Музей стаяў у кулямётных адмецінах. Буйнакаліберных. Аднойчы дзьве бочкі 200-літровыя з бензінам падпалілі і ўніз — на бронетэхніку. Нашыя як на талерцы там сядзелі. Адусюль можна было чакаць страляніны. Нервы, напружаньне. Горача сядзець, у танках асабліва. Не ў акопе, не ў бліндажы, але ня выйдзеш, каб у бары насупраць піва папіць. Нават у прыбіральню небясьпечна.

4.

Вада адключаная. Толькі з ракі. Шмат хлоркі. Асадак. Гарбату ў канцы немагчыма было піць. Боршч — усё з хлоркай. Салдаты машыны-цыстэрны цэлыя напаўнялі. А што было рабіць? Ні вады, ні сьвятла не давалі. Але ў нас на аэрадроме падстанцыя аўтаномная працавала.
Палявыя плацілі — 2.50 ў дзень, рублямі. Хто з Саюзу — толькі рублі — дома потым атрымалі. Нашыя мелі маркі і гарнізонную крамку, дзе за маркі продаж. Начфін прывозіў грошы, астатнія выплочваў жонкам па даверанасьці.
Акуратныя вагончыкі для чэшскіх лётчыкаў — там абедалі. У адным — кам. палка Смагін, нач. штабу Тапароў, штурман Куцко з Украіны. Мы з Ладагіным побач у намёце.
Фазаны, зайцы, курапаткі. Кішма кішэлі лясы. Стралялі, колькі хочаш было. Дый часу — хоць забірай, вайны ж не было, дзякуй Богу.
Адрозьненьні. У чэхаў батальён абароны аэрадрому — чалавек 200. У нас рота аховы — 78 чалавек, часам па сем-дзесяць дзён не бывалі ў казарме.
У крамы мы не заходзілі, але адчувалі, што ўсё было…

5.

А было так: 21 жніўня загад — у Чэхаславаччыну — у ноч. Зьлятала спачатку перадавая каманда, я таксама ў яе складзе, затым — баявыя самалёты. Наземныя службы рушылі на колах у той жа дзень. Як на вучэньнях, але гэта маглі быць зусім не вучэньні.
У калоне пайшлі па чарзе — батальён сувязі, батальён аэрадромнага забесьпячэньня, рота аэрафотаздымкі. 97 машынаў. Кіламетраў на пяць расьцягнулася. Кам. палка на “Пабедзе”. Пасьля Чэхаславаччыны яму замянілі на ГАЗ-69. Адную машыну — салдат па дарозе заснуў, стукнуўся — пакінулі на дарозе. З гэтай нагоды генерал езьдзіў туды глядзець.
Раніцай вярнуліся тады з палёту, на АН-8. Каб выехаць з калонай. А трывогу сыгралі а 12-й ночы. Толькі лёг спаць. А спачатку — званок у дзьверы —дзяжурны афіцэр націскае кнопку. І так увесь гарнізон абабеглі. Салдатаў не пасылалі, тэлефонам не карысталіся. Прыбег у штаб. Дзяжурны маёр — сьцяг ахоўваецца, астатнія — па сваіх месцах! Я — за тэлефон.
— Аляксей Іваныч (камбату)? У чым справа?
— Давай сюды, не тэлефонная размова.
— Зразумеў.
Самалёты ўжо расчахлілі. Гэта ўначы 20-21 жніўня. Клас пастаноўкі задачаў. Лётны і штурманскі склад. Штурманы крэсьляць на картах паветраныя маршруты. Далі шыфроўкі. Не было ЗАС і ВЧ. Тэлеграф. Машына раскадзіравала. Нам. кам. палка дае прачытаць. Пастаўленая задача. (Ніколі дагэтуль размовы не было, ніхто ня ведаў пра такую магчымасьць, пра ўваход у Чэхаславаччыну. Інакш напэўна хтосьці прагаварыўся б). Задача — падрыхтаваць лётны склад, тэхніку, затым пасадзіць полк на аэрадроме Жыбуртоў у 4.00 і далажыць.
Кіламетраў 400 напрасткі — 450, можа. Ніхто ня ведаў маршруту, у Чэхаславаччыне з 48 году нашых войскаў не было. Наш полк 45 самалётаў —Як-27Р — разьведны.
На ўзьлётным пасе ўжо чакаў АН-8. Іваноў — сакратар партбюро, інжынеры, тэхнікі, Трубачоў нам. камбата. Чалавек 30. Па баках металічныя сядушкі. Вядома было ўжо, што дэсант выкінулі. Камандаваў групай нярускі, накшталт Харазаў ці Хазараў — каўнаская дывізія. Камандзір іхні — генерал — абпалены твар. Спачатку сеў у Тузіне на цывільным самалёце ў цывільным адзеньні, каб ня ўзьнікла падазрэньняў. А чэхі — замінка — рамантаваць трэба. Затрымаўся ўвод праз гэта. Хацелі раней зрабіць.
Вылецелі мы ў 2 гадзіны ці ў палове 3-й. Маўчалі. Выдалі ўсім сухія пайкі, якія для лётнага складу. Ні камандаў, ні ліхтароў. Адно лётчык трымаў сувязь. Раз прайшоў над аэрадромам. Асьвятленьне сякое-такое было: склады, па перыметры, гарадок, суседні горад — агні. Два разы па кругу прайшоў. Пас доўгі. У транспартнай авіяцыі штурманскі партфель з падрабязнымі картамі —усе аэрадромы, падыходы да іх — усе дадзеныя.
Дэсантнікі падбеглі. Чэхі кінулі на пасе драбіны. Самалёт мог зачапіцца. Лётчык фары запаліў, праз іх пераляцеў, пасьпеў. Нам сказалі дэсантнікі, якія ўсё бачылі, але былі далей. Яны ўвесь час бегма. Прыбралі драбіны.
— Зараз будзе полк сядаць! — камандаваў імі маёр.
Мы счакалі, пакуль сядзе полк, а затым — назад.

6.

Дождж на наступны дзень, ледзьве не залеўны. Нашая калона рухалася скрозь яго вобмацкам. Я спаў у машыне. Прыехалі позна. А на месцы, на аэрадроме быў неспадзявана ўзвод з нашых. Яны там з траўня, з вучэньняў засталіся, ня ведаю як гэта магло здарыцца. Два танкі, два БТР-ы. Старшы лейтэнант, палявая форма. Брудныя, ня мыліся. Не галіліся таксама. Як партызаны.
У нас у кожнага “трывожны чамаданчык”: мыла, брытвены прыбор, шкарпэткі, зьмена сподняга, грошы — марак пяцьдзесят, сьпіс — што ў чамаданчыку, зубная шчотка, ручнік, кубак, лыжка.
У гарадку — штаб чэхаславацкага палка, КДП — камандны пункт — старшы кіраўнік палётаў, метэастанцыя, радыёстанцыя. На КДП пакой адпачынку. Жанчына была афіцэр. Злая вельмі, што мы селі, разьбіла сякерай ці кувалдай унітаз, ракавіну…
Начальнік штаба іхняга палка Піхлак прыехаў да нас на мапедзе. Размова даволі напружаная. Сьвятло адлучылі, ваду дзесьці перакрылі. Знайшлі не знайшлі дзе гэта, але ня сталі настойваць. Ён — напаўнемец. Потым з імі усімі пазнаёміліся — кам. палка, нампаліт. Адзін гаварыў: мяне падставілі. Лаяльны, па-руску размаўляў. Пагрозы — паштоўкі — павесім цябе, званкі правакацыйныя. Дачку выганялі са школы.
Так, высьветлілася: калі стала вядома пра ўсё, яны па трывозе сабраліся. Кам. палка даў каманду — усім афіцэрам выдаць зброю. Нашыя танкі павярнулі рулі на вялікія вокны штаба і КДП, на штаб батальёна, на казармы батальёна абароны. У штабе кавярня была. Калі мы зайшлі, яны п’яныя равуць папросту.
Наш генерал хацеў паразмаўляць. Нас некалькі чалавек было разам. Іхні камандзір бачыў зьверху, што мы зайшлі. Лозунгі наклеены: “Фашысты!” На дрэвах таксама, на дарогах, тратуарах — надпісы, на ўзьлётным пасе, на дамах таксама: “Убірайцеся прэч!” — свастыка. “Ленін, устань! Брэжнеў з глузду зьехаў”. “Дубчак наш, Сібір — вашая”.
Паставілі сабе вартавога жаўнерыка — маленькі, караценькі, павесіў на грудзі аўтамат. Наш генерал Герой Савецкага Саюзу. Той загарадзіў яму дарогу, аўтамат трымае. Генерал адвёў убок рулю:
— Дзе камандзір палка?
Разгубіліся, пабеглі далажыць на другі паверх.
Песьні сьпяваюць. Расчыніў дзьверы генерал, перасталі, глядзяць.
— Калі старшыя заходзяць, належыць уставаць!
Усталі.
Мы пайшлі наверх. Свобада — кам. палка злы:
— Вашае знаходжаньне тут... Я вашай бясьпекі не гарантую.
Лейтэнанцік з намі быў, ня ведаю, як апынуўся, які камандаваў узводам, што з вучэньняў застаўся, няголены такі. Дык ён, як чорт з-пад рукі выскачыў:
— Я таксама не гарантую! Паглядзіце — вунь стаяць мае машыны — 150 метраў адсюль. Як плясну!
Так і сказаў — “плясну!” Хаця яму ніхто слова не даваў. Але сапраўды з акна відно было адразу — паміж рулёжкай і ўзьлётняй стаялі танкі.
— Чаго хочаце, што трэба?

7.

Напачатку ў некаторых было чаканьне небясьпекі, няпэўнасьць, нават часам неакрэсьленыя страхі. Пасьля Хамутова, пасьля такой сустрэчы, сапраўднага шоку. Нейкая боязь натуральная. Адчуваньне пагрозы, невядомай навалы. Былі спробы ацаніць ступень пагрозы, даць прагноз, вызначыць колькасна магчымыя вынікі. Кожная ахвяра ўспрымалася нейк балюча, крыху з недаўменьнем — бо не было ж вайны. Чэшская армія захавала нейтралітэт. Толькі бухцела і піла сваё піва скрынкамі.
Было і такое: чаканьне стрэлу з-за рогу, з даху, з акна, у сьпіну. Быць атручаным вадой пабойваліся. Чэхі самі пісалі на студнях, што вада атручаная. Хто захоча высьвятляць? Часам чуткі даходзілі розныя. Няясныя паведамленьні з межаў. Палякі, глядзіш, таксама маглі ўзбунтавацца, штосьці там адбывалася, нейкае бражэньне. Як у бочцы з віном, дакладней у бутлі з самаробным, яблычным. Трэба абавязкова адводзіць бурбалкі, газы. Інакш яны могуць разарваць шкляную бутлю.
І венграў, на добры лад, таксама варта сьцерагчыся. Яны не забываюць 56-ы. Хоць нашыя войскі там ёсьць. Сапраўдныя былі вулічныя баі, спаленая бронетэхніка. БТР-ы тады выпускалі адкрытыя. Дома, у ГДР, таксама баяліся. Жонка расказала, калі прылятаў на пабыўку, што пра дзень “ікс” гавораць. Такое было ў 50-х, немцы бунтавалі. Як назад ляцелі, іншыя афіцэры таксама чулі ад сваіх, гаварылі.

8.

Перад уводам войскаў а 8-й раніцы выгналі машыны — спраўджалі, загружалі. Усё везьлі, каб ні ў чым ня мець патрэбы, ні ад каго не залежаць. Вугаль самалётамі дастаўлялі потым, нават дровы. Печкі — у намётах пахаладала — буржуйкі. Газа. З НЗ — вялізныя гумавыя ёмістасьці. Ляжалі яны папросту на траве — ахоўвалі, камуфляж, сеткі. Затым прыбылі цыстэрны, пералівалі. Чэхі перашкаджалі эшалонам з палівам і ўсё зьдзіўляліся, што нашыя ляталі бесперапынна.
Аднойчы прыйшоў аўтабатальён з поўначы. 100-150 ці больш машынаў, таксама з палівам. Разам стаялі тры палкі. Наш, на Міг-21 Мекленбургскай зьнішчальнай дывізіі, плюс з Кал-й вобласьці Міг-19 — зьнішчальнікі-перахопнікі СПА краіны.
У Ладагіна пад ложкам фляжкі са сьпіртам, запасьлівы быў. Прыносіў старшына, забіраў пустыя. Скрынкі з “Баржомі” па дваццаць бутэлек, апроч яе нічога не пілі. Кубкі фарфоравыя, столік. Гарбату піць было немагчыма. Для сталоўкі ваду ў ёмістасьці дастаўлялі самалётам праз мяжу нямецка-чэшскую.
Адначасова наш быў базавым аэрадромам транспартнай авіяцыі — грузы для наземных войскаў. АН-12. Для нашых нічога. У нас свой быў АН-8, у суседзяў таксама. Чэхі выкапалі ноччу яму за бетонкай, кола трапіла, падламілася стойка, тыдзень рамантавалі. Прывез дзесяць тонаў каўбасы ў верасьні напаўвэнджанай — з Саюзу — колцамі, накшталт кракаўскай, на аэрадроме пакінулі. Нам не патрэбна была, не ахоўвалі, у скрынках стаяла. У верасьні цёпла яшчэ. Салдаты некаторыя ідуць — захацелі ўзялі, хаця паёк павялічаны быў, а потым — жываты. Цьвільлю пачала брацца. Верталёт які-небудзь прызямліцца — пару скрынак возьмуць. Ніхто не расьпісваўся, што атрымаў. Скрынкі на вуліцы штабелямі стаялі.
Дазволілі потым, тыдні праз два-тры лятаць дамоў — са згоды камандзіра — на выходныя. Я двойчы прылятаў. Па чарзе, чалавек па дваццаць. У суботу ў абед, субота была працоўнай. У панядзелак а 8-й раніцы назад, у 9 на месцы. Менш за гадзіну ў небе.
Толькі з дому вернешся — фазаны гатовыя ў сталоўцы. Васіль Іваныч Клычкоў, загадчык сталоўкі, гаворыць: калі хочаце, таксама зайца згатую. Ён быў у Саюзе дырэктарам рэстарану, прыехаў у Нямеччыну — загадчык лётнай сталоўкі, жонка — шэф-кухар тэхнічнай. Прадстаўнічая жанчына. Немцы прыязджалі на шашлык заўжды. Пазвоніш, яна запакуе. Рабіла іх на сьмятане. Немец Герман тры штукі за раз зьеў, такія смачныя. Я кажу: бяры яшчэ, яна паклала яму штук пятнаццаць.
Буфет на аэрадроме — гарэлка, піва рознае. У Нямеччыне прадавалася ў гарадку таксама і нямецкае, і чэшскае, немцаў ня выгнаць было, сваё не хацелі піць. Ну, яшчэ ў буфеце віно, мінеральная вада, печыва, вафлі, цукеркі. Цыгарэты не куплялі, па пачку ў дзень выдавалі кожнаму, незалежна — курыш ці не. Папіросы давалі, зрэшты, малы збыт мелі ў Саюзе. “Казбек”, “Палехскі баян”, “Герцагавіна-Флор”, якія Сталін любіў, — па 50 капеек былі, цыгарэты “Сталічныя” каштавалі таньней за папіросы — па 30, “БТ” — 40, “Ява” яшчэ. “Беламор” — тэхнічнаму складу, яго таксама ў Нямеччыне давалі ўсім тым, хто паліў. Салдатам — папіросы. Ладагін не курыў, едзе да чэхаў сустрэцца — пачастуе — усім па пачку. Ён вайну закончыў у 45-м у Чэхаславаччыне на аэрадроме. Абстаноўка была тады — неба і зямля.
Што яшчэ было, чым кармілі? Каўбаса кітайская кансерваваная з НЗ, тушонка, рыбныя бляшанкі, сала. Да пайку афіцэрам яшчэ дадаткова 150 г каўбасы на дзень, масла, печыва. Купляць ня трэба было нічога. Зайцоў, фазанаў стралялі, іх там процьма.

9.

Радыёкропкі, тэлевізара — нічога гэтага не было. Газеты дастаўлялі, але ніякага кіно. Толькі валейбол для адпачынку. Праўда, нам. начальніка палітаддзелу заўсёды хадзіў з прыёмнічкам, я — з фотаапаратам. Чэх адзін фатаграфаваў нашую тэхніку на аэрадроме. Заўважылі, затрымалі. Забралі стужку. Слабыя здымкі. Начальнік аэрафотаслужбы капітан Кашуба рабіў. Дзьве бочкі 200-літровыя са сьпіртам меў плёнкі “сушыць”. Адразу ўсё праяўлялася і рабіліся здымкі. У суседняй палатцы у маёра Трубачова і нампаліта Іванова ў галовах таксама стаяла бочка са сьпіртам. Асабліва Трубачоў часта прыкладаўся. Звольніўся потым, у расійскай вобласьці доўга працаваў, што цікава — старшынём сельсавету. Нам усе зайздросьцілі наземныя, а таксама з медсанбату, нават у іх са сьпіртам напружанка была.
Чэшскага радыё мы не ўключалі. Нашы арганізавалі радыёстанцыю “Влтава”. На рускай і чэшскай вялі перадачы. Для чаго ўвялі войскі? — абараніць дэмакратыю, каб ня трапілі пад пяту заходніх дзяржаў. Песьні круцілі, канцэрты. Але чэхі ня верылі, не хацелі слухаць, палічылі, што —правакацыя. А мы слухалі. Нічога асаблівага не перадавалі. Даходзілі чуткі: там выкрыты склад зброі заходняй, там абяззброілі кагосьці. Галасы чутны былі вельмі. Ніхто іх не глушыў. Паслухаць было цікава, але мы ня верылі. Хаця часам інфармацыя супадала з нашай. Але мы ўспрымалі іх адназначна, што гэта варожыя галасы. Разумелі, што ў гэтых умовах дэзінфармацыя —вельмі дзейсная зброя. Заблытаць, выклікаць недавер, паспрабаваць спарадзіць панічныя настроі — усё гэта добра вядомыя прыёмы.
Інструктаж: сьцерагчыся правакацый, быць гатовымі да розных нечаканасьцяў, быць заўжды пільнымі, напагатове. Могуць нечакана стрэліць, могуць разьліць на дарозе машынны алей, кінуць на ўзьлётны пас што-небудзь, стварыць аварыйную сітуацыю, іншыя перашкоды. Не расслабляцца нават калі ў прыбіральню ідзеш, нават у ложку. Быць пастаянна гатовым да сігналу трывогі. Падрыхтаваным быць да нападу, да бою, спаць не распранаючыся.
Далей: у лістах дахаты не паведамляць, дзе знаходзішся. Па тэлефоне — ніякіх канкрэтных дадзеных — адносна дыслакацыі, колькасьці, званьні, прозьвішчы, нумары часьцей, узбраеньні. Звычайны рэжым сакрэтнасьці.
Тыя, якія прыйшлі з Саюзу — гаварылі: перахапілі некалькі лістоў. Салдаты пісалі дахаты: мама, дашлі грошы тэрмінова і не шкадуй. Хоць пагуляю апошнім разам, бо ў хуткім часе нас перакінуць у Чэхаславаччыну, і там будзе вайна.

10.

З нашай паветранай арміі з Польшчы чэхі верталёт зьбілі нібыта, бачыў сам, як гарэў. Апроч экіпажу, два карэспандэнты ляцелі. З “Аганька”, здаецца, і з “Краснай звязды”, палкоўнік. Потым артыкул быў. Ляцелі Мі-8. “Шчаўчок” і — упалі. Ад гарадка кіламетраў пятнаццаць-дваццаць. Нам было бліжэй. Упаў як камень. Аб гару грымнуўся. Зьлева, дзе дзьверцы, прыціснуты гарой. Згарэлі. Адзін толькі жывы. Яго — у Цвайбург, у Нямеччыну на верталёце. Намесьнік камандуючага, генерал-маёр прылятаў потым, гутарыў. Мы туды адразу на БТР-ы пасьпяшалі, чалавек пяць. Бачылі ўвачавідкі.
Яны везьлі ўлёткі, на чэхаў разьлічаныя — з растлумачэньнем мэты нашага ўводу. Сам я не чытаў і ня бачыў. Немцы свае раскідвалі. У паветранай арміі таксама быў аддзел агітацыі і прапаганды, друкарня, паштоўкі друкавалі на рататары. Адна дывізія нямецкая стаяла, адна польская, адна балгарская, венгерскіх, здаецца, тры. Немцы стаялі ў нашым горадзе па суседству. Анекдоты пра іхнюю строгасьць хадзілі. Хтосьці прыдумае, нашыя пачынаюць дадаваць, калі расказваюць.
Ну, вось успамінаецца адзін: нібыта немцы правялі у ваенным гарадку лінію, за якую нельга заходзіць. Жыць у намётах ня сталі. Сказалі вызваліць казармы, каб пад дахам самім быць. І быццам бы чэх наблізіўся, каб спытаць штосьці ў немца, нейкая патрэба ўзьнікла. Немец стрэліў ў паветра бяз лішніх размоваў. Чэх ад спалоху ўпаў, прычым нагой на лінію накрэсьленую. Немец падышоў, нагой ссунуў яго, каб не на лініі была. Каб парадак быў нямецкі, карацей.
Так, яшчэ вось сяржанта балгара забілі. Стаялі ў полі яны, кукуруза расла высокая. Пайшоў у прыбіральню, знайшлі ў кукурузе забітым.

11.

У Хамутове, першым горадзе, куды мы прыбылі напачатку, зьнянацку спыніліся. Затрымала цывільнае насельніцтва. Вуліца цэнтральная — ракам сталі да нас. Машыны абасцалі, не саромеліся жанчын. Даўгавалосыя. Салдатам — не выходзіць каманда. Праз усю вуліцу лозунгі. На азадках таксама сваіх напісалі. На кожным азадку па літары. На дамах і дрэвах. Ніякіх кантактаў. Крэйдай на машынах нашых — свастыкі. Каля гадзіны трымалі. Міліцыя — рукі назад, бяз зброі, нават не глядзяць, што робіцца.
Пачало цямнець. Суправаджаў верталёт, інсьпектар падпалкоўнік Пціцын, у Рызе сустрэў палкоўнікам потым яго. З ім сувязь па радыё. Паведамляюць сьпераду і ззаду калоны зьвесткі. Ён перадае тады ў армію — як рухаецца калона.
Перад мяжой, дарэчы, днём — пасьля абеду спыніліся адпачыць. Раптам ГАЗ-69 — капітан з пяхоты: ледзьве вырваліся! Чэхі перакульвалі машыны. Ці можна з вамі? Ехаў з намі. Але гэта потым здарылася. А на самым пачатку — нямецкі гаштэт, апошні перад мяжой. Ладагін — пойдзем вып’ем па 100 грамаў — прапанаваў. Хто ведае, маўляў, — што там будзе заўтра і ўвогуле... Немцы, дарэчы, гэтую справу віталі, што мы ехалі. З усьмешкай. Чэхаў не любілі ці што? Быў яшчэ з намі такі Зубцоў. Узялі ўтрох па 100 грамаў шнапсу, потым яшчэ і яшчэ. Пацяплела.
У Хамутове як душ халодны! Не скранешся, ходзяць па тратуарах зьлева-справа, лямантуюць. Наперадзе — над вуліцай віядук, на ім — лозунгі таксама, усё ў лозунгах суцэльна. Насустрач выслалі нам тады два БТР-ы. Ішлі побач, запалілі фары, уключылі сірэны, руху на вуліцах не было. Жах навялі — на хуткасьці. Усе разьбегліся з асфальту, як здзьмула. Мы зрушылі тады і пайшлі. Яны крычаць, плююцца, кулакамі машуць абапал дарогі. Навошта? Нам гэта ня трэба, загадалі. Але каму растлумачыш? Так і праехалі. Апынуліся за горадам, стала лягчэй.

12.

Наконт таго верталёту, дарэчы. Чэшскія журналісты — або абвержаньне друкуйце або яны — пратэст у міжнародную арганізацыю журналістаў. Не магло такога быць, каб зьбілі! Тады генерал — восем салдат, рыдлёўкі, сякеры, рэшата. Шукалі асколак, кулю — у бензабаку. Другі пілот сьцьвярджаў: быў хлапок. Пералапацілі. Не знайшлі нічога.
У палатцы радыёстанцыя, побач палатка лётнай сталоўкі. Сядзелі нейк з палякам-палкоўнікам, ваенным журналістам, частаваліся чэшскім півам. Гаварыў, што польскае — адназначна горшае. Ён адлятаў ад нас, чакаў вылету. Расказваў, за некалькі дзён да нас з Заходняй Нямеччыны ўклінілася на сем кіламетраў у Чэхаславаччыну танкавая брыгада амерыканская — пад выглядам здымкі кіно. Калі нашыя ўвайшлі, выштурхоўвалі іх. Нашая танкавая дывізія. Сутыкненьняў, аднак, не было. Перамовы якія вяліся з імі — невядома.
Пазьней даведаўся: у Рызе радыёперахоп зрабілі — шведы ведалі загадзя, за тры дні пра наш увод, але нікому не сказалі. Ды цяжка было й ня ведаць, як выходзіла. Аграмаднае перасоўваньне войскаў адбвалася напярэдадні ў Саюзе. Цэлая армія з Калін-у сваім ходам ішла. Адзін начпрод, падпалкоўнік, на ГАЗ-21 ехаў, дык сказаў шафёру кубікі намаляваць, нібыта таксі. Каб больш па-цывільнаму. Адусюль ішлі войскі, партызанаў прызвалі. Заробкі выдалі за наступны месяц, дык яны не прасыхалі, пакуль на беларускай тэрыторыі заставаліся, потым у Польшчу перакінулі, сваім ходам таксама.
А ў нас тры палкі ляталі дзень і ноч. Суцэльны гуд. Чэхі спадзяваліся, што калі не дадуць паліва, нашы будуць стаяць. Але ляталі ў тры зьмены. Гулі два з паловай месяцы. А потым усё згарнулі. Узьняліся ў паветра. Калона скранулася. Засталіся толькі прыбіральні драўляныя. Ды пустыя пляшкі з-пад піва іхняга і “Баржомі”.
За ўзьлётнай склады былі, хлебазавод свой. Ахоўвалі аэрадром мотастралковы батальён і танкавы. Былі мы нейк там, пах сьвежага хлеба заўсёды казыча ў носе. Маці калісьці свой пякла ў печы. Запомнілася, як начальнік частаваў нас хлебам са скарынкай і сьмятанай густой-густой. Вельмі захапляўся нашымі: здорава лятаюць! Наступнага дня наведацца да нас вырашыў. Прывозіў штосьці, ГАЗ-69 з тэнтам быў. Дык вось: чырвонае сьвятло гарыць, самалёт на пасадку заходзіць. Шафёр спыніўся. Гэта як на пераезьдзе чыгуначным, трэба перачакаць. Начальнік паглядзеў — пасьпеем! Толькі на сярэдзіну выехаў, пас дзевяноста метраў шырынёй. Шасі выпусьціўшы, Міг-19 сядаў. Су-9, той увогуле 340 кіламетраў пасадачную хуткасьць мае. У Міг-19 меншая, ён лягчэйшы. Салдат на руль прыгнуцца пасьпеў. Правым колам разьдзёр тэнт, шыбу, стойкі. Галаву зачапіла начальніку хлебазаводу. Шасі адляцела. На два колы здолеў пасадзіць самалёт лётчык, выпусьціў тармазны парашут. Убраў газ, ручку на сябе, пакаціўся. А мог урэзацца ў палатку, людзі адпачывалі якраз. Зьехаў на грунт, загруз правай стойкай. Ліхтар расчыніў, выскачыў. Не загарэўся.
Фельчар падасьпеў. Параненага на верталёт і ў Цвайбург. Памёр у паветры ці калі толькі селі. Чалавек, які пёк хлеб. Адзіная ахвяра гэтых падзеяў на нашым аэрадроме.

13.

Але некаторая небясьпека ўсё роўна адчувалася, што ні кажы. З самага захаду — ФРГ, амерыканскія базы, на поўдні Аўстрыя. Хаця ясна было, што гэта немагчыма, але не-не, ды ўзьнікне думка пра самалёты, нават чэшскія — а раптам узьляцяць? Пра ваду падумвалі: у раку таксама можна што-небудзь выпусьціць, а з яе мусілі браць. Краны перасохлі, не маглі знайсьці — дзе перакрытыя. Але махнулі рукой: раптам пусьцяць ваду, але чагось дамяшаюць.
Па-за службай не было чаго рабіць. Ляталі, запраўлялі самалёты, стаялі на варце, адсыпаліся, а потым ня ведалі чым заняцца. Свае абавязкі, як заўжды у войску, меў кожны. Але і вольнага часу хапала. Ні дома, ні сям’і. Палявыя ўмовы, палявая пошта, палявая кухня. Але нікуды ня пойдзеш. Марнавалі час, чакалі вяртаньня.
З гісторыі чэхаў засталіся ў памяці нейкія пару момантаў. Ніякіх лекцыяў не чыталі нам. Што па радыё пачуеш, што нехта раскажа. Асноўныя падзеі. У 38-м нашы прапаноўвалі ўвесьці войскі, некалькі кавалерыйскіх дывізіяў і яшчэ нешта. Але яны не схацелі, і англічане з французамі сказалі “не”. Немцаў не любілі, але здаліся без бою. Узьнялі рукі.
Бітва была ў Сярэднія вякі, іх разьбілі і сталі анямечваць. Ян Гус, якога спалілі, Жыжка. Аўстра-Венгрыя, Яраслаў Гашак, бравы салдат Швейк (я любіў чытаць раней). Мяцеж белачэхаў. Славакі ахоўвалі чыгунку ля нашай вёскі ў 42-м, дарэчы, немцы даручылі. Дык ня ведалі каго больш баяцца —партызанаў ці немцаў. Не хацелі ваяваць, і да насельніцтва ставіліся лагодна. Што яшчэ? “Рэпартаж з пятлёй на шыі”, “Вайна з саламандрамі”, лепей памерці стоячы і гэтак далей, карацей сумбур застаўся.
Трэба ім цешыцца, што маюць Пражскі град і піва самае лепшае. Прычым якога хочаш і колькі хочаш. Нашыя таксама аматары піва, але каб папіць нармальнага, трэба было ехаць у Маскву або ў Рыгу. Казалі яшчэ, лідскае нішто, хто служыў там. Але мне тады не даводзілася піць яго, не прадавалася ў нас. Мы хадзілі пасьля службы калісьці да дзядзі Мішы ў бліжэйшую вёску, з бочкі пілі “жыгулёўскае”, маладыя лейтэнанты. У гарадку тады не дазвалялася гандляваць рознымі напоямі.

14.

З піва запомнілася “Плзеньскае”. Праязджалі горад, праз шыбу я сфатаграфаваў піўзаводскі будынак, ехалі міма. Здымак атрымаўся — нічога асаблівага, шэрая будыніна, сьцяна. Але самі абставіны запомніліся. Сьпяшаўся на нараду. Звычайна кожны дзень самалёт хадзіў па ўсіх аэрадромах, зьбіраў данясеньні, пошту і пасажыраў, калі каму трэба было ў стаўку. Штурман збіраў усе пакеты і здаваў у штаб. А тут дождж, самалёту няма. А ехаць больш за 200 км. Камбат кажа: бяры двух аўтаматчыкаў. А 6-й раніцы выехалі. Два салдаты са мной. У шафёра аўтамат таксама, і ў мяне пісталет і аўтамат. Трэба быць асьцярожнымі. Часам чэхі паварочвалі дарожныя знакі ў другі бок. Тым больш краіна незнаёмая, мясцовасьць, горы…
Лагер наш быў паміж узьлётнай і рулёжкай, самалёты ўзьляталі побач, і так два з паловай месяцы. Ахоўвалі нас два батальёны, я ўжо казаў. У камандзіра танкавага дзень нараджэньня. Маёр Красноў падыйшоў да мяне: як бы арганізаваць скрынку піва ў буфеце? Яны свае рублі езьдзілі абмяняць у нямецкім Цвайбургу. Памежнікаў, праверак не было. Але ўсё адно — дарога зусім няблізкая. Дзеля скрынкі чэшскага піва. І на шляху не адзін толькі Хамутоў, горныя дарогі, дзьве замежныя краіны. Але ніхто не затрымаў, ніякія патрулі. (Само піва, якое нарэшце яны набылі, прайшло такі ж самы, падвойны шлях: у ГДР і назад). Вярнуліся яны, маючы трохі марак. Абменныя пункты толькі былі ў Берліне і буйных гарадах. Ім жа нецікава — за мяжой упершыню, а купіць нічога ня могуць, грошай няма. А тут памянялі, але самі ў буфет пабойвацца: адкуль, маўляў, валюта? Я кажу: ніякіх праблемаў. У наш буфет піва чэшскае завозілі, але з Нямеччыны, самалётам. А ім надта ж хацелася пакаштаваць. Апынуцца за мяжой і не пасмакаваць чэшскага...
У скрынцы дваццаць пляшак. З фальговымі галовамі. Я ў яго пытаю: дык можа вам і біклажку сьпірту арганізаваць? Ён абрадаваўся: канечне, калі можна. Пайшоў да Кашубы, земляка гомельскага, а ў яго бочкі 200-літровыя. Ён даў дзьве біклажкі, не шкада. Бавіліся сьпіртам некаторыя ў нас. Дык потым гэты маёр Красноў настраляў два рукзакі фазанаў і зайцаў і пакінуў, калі мяне не было, у намёце. Як удзячнасьць. А ў нас усе ўжо сытыя былі. Там жа фазаны разам з курамі хадзілі. Спрабавалі з пісталета страляць, не пацэліш. Дробнакаліберныя стрэльбы мелі некаторыя, хаця забаранялі. Дык загадчык сталоўкі гнаў прэч: пайшлі к чорту са сваімі зайцамі, надакучыла гатаваць. Але ж часы.

15.
У Прагу нават трапілі, у галерэю графікі, зробленай вугалем. Маёр чэх, прозьвішча не памятаю, камандзір інжынернага батальёну ў Тузіне. Там нашыя таксама стаялі, асобны батальён сувязі і радыётэхнічнага забесьпячэньня палётаў нашага палка. Ня ведаю, у каго ўзьнікла ідэя Прагу паглядзець. Можа, наш камбат прапанаваў. Маёр гэты, былы партызан, у Беларусі партызаніў, гаварыў па-руску. Ён згадзіўся. Паехалі аўтобусам і на дзьвюх машынах.
Грошай чэшскіх ня мелі. Ён дамовіўся за паўцаны ў галерэі, свае заплаціў. Карціны даволі змрочныя. Мала, што чорныя, але і самі малюнкі: сьмерць з касой, сярод мерцьвякоў ходзяць санітары з насілкамі, газавая атака, храпа забітага каня з мухамі у вачах. Уражаньне хутчэй непрыемнае засталося. Потым Пражскі град. Доўга хадзілі, ёсьць фота — на прыступках сфатаграфаваныя. Глядзелі на раку, затым пешшу ў цэнтр да гістарычнага музею. Яму няёмка было на вуліцы, ён — у форме сваёй і — з намі. Чэхі кулакамі махалі. Хтосьці плюне, адвернецца дэмастрацыйна. Ня ўсе, адзінкі. На вуліцы стаялі танкі, БТР-ы, як у ваенным лагеры. Патрулі — аўтаматчыкі аддзяленьнямі хадзілі, з гранатамётамі. Потым другім разам у Прагу заязджалі ненадоўга, праехалі па вуліцах. Прыгожы горад.
Сядалі яшчэ аднойчы на верталёце на аэрадроме ў Градчанах, пралётам у Добрыград. А там — лес, горы, рачная даліна, глыбокая цясьніна і ўздоўж ракі ўзьлётны пас. Там потым быў лідскі полк зьнішчальнікаў-бамбавікоў. Потым пазьней аднойчы ў лесе знайшлі нашага лётчыка забітага, капітана. Чэхам ня ставілі прыцэлы для ракетаў, дарэчы, толькі гарматнае ўзбраеньне, давалі спрошчаны варыянт самалёту.

16.

Калі нашая калона вырушыла тады, у жніўні, праехалі праз мястэчка, збочылі на берлінскае кальцо, потым на аўтабан. Аўтаматы, каскі, процігазы. Дзьве радыёстанцыі — у галаве і ў хвасьце — так належыць — для пастаяннай сувязі. Патронаў не давалі, толькі афіцэрам. У паветры тры верталёты баражыруюць. Паліцыя нямецкая суправаджала, спыняла машыны, каб даць рух калоне нашай.
Потым, калі пераехалі мяжу, назіральнік з верталёту паведаміў: адбыўся напад на іншую калону. Далі каманду — выдаць патроны, старшына вёз у жалезнай скрынцы. Пазьней, каля Ліпавай гары — насустрач БТР і маёр з блакітнымі пагонамі авія: перадайце па калоне — сасьлізнуў танк, пасьля дажджу, ехаць асьцярожна. Месцамі гліністая глеба, памятаю, дождж накрапваў. Некаторыя салдаты за рулём толькі з вучэбкі, хаця стараліся саджаць больш вопытных. А потым — Хамутоў злашчасны. Калона спынілася. Машыны сталі расьпісваць крэйдай яны, свастыкі ды надпісы. Ніколі нічога падобнага мне не даводзілася болей адчуваць, трапляць у такія пераплёты.
У Хамутове адчуваньне было, як апынуўся ў пастцы. Нібыта ўсе цывільныя, нібыта бяз зброі. Ды хто ведае: машыну падпаліць мінутная справа. Бранятэхнікі мы ня мелі. Наперадзе незнаёмая краіна, як адна вялікая пастка. Настроенае агрэсіўна мясцовае насельніцтва. Вуліца, як закаркаваны з двух бакоў тунель. Гэтая гадзіна ў зачыненых машынах здалася даўжэйшай, расьцягненай у часе. Звонку непрыхільныя людзі, якія лаюцца, якія выкрыкваюць лозунгі. Непрыемна. Галоўнае — завошта? Мы праязджалі міма, не спыняліся, нічога не хацелі ад іх. Нашай задачай было прасьледваць да месца дыслакацыі. Забясьпечыць палёты. Кропка.
Але ўсё скончылася няблага. Пры канцы ў кішэні меў пару манетак. Не было куды ўкінуць, каб вярнуцца. Але я й ня ведаў: ці хацеў бы зноўку сюды? Чэшскі леў не такі грозны, хутчэй зьвер з заапарку або цырку. Здаецца, які рыкае, але падае лапу і не чапае галаву дрэсіроўшчыка, пакладзеную ў пашчу. Запомніўся надоўга гаркавы прысмак піва. Потым чэшскае замаўлялі часьцей, хоць яно было даражэйшым. Ды ўсе яго бралі. Немцы бетанавалі пас на аэрадроме, таксама пасьля працы — у нашую кавярню і піва чэшскае жлукціць. Сваё нямецкае — у ніякім выпадку. Канечне, гэта ня тое, што ў гаштэце разьліўное, за пяцьдзесят пфенігаў шклянка. Ніякага параўнаньня з чэшскім.

2003