12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Сяргей Астравец

_____________________
Жыцьцё ёсьць жыцьцё.
Тры эсэ пра тое, што любяць беларусы

1. РОДНУЮ МОВУ ЛЮБЯЦЬ.

— Вам жа рускім языком сказана! — любяць разд­ражнёна абурацца беларусы, калі іх не разумеюць. Ніхто ніколі не сказаў: беларускай мовай... Бо беларускай, як правіла, ня кажуць. Яе трымаюць дзесьці ўглыбі душы. Як старую ашчадную кніжку на дне шуфляды.
Беларусы доўгі час ганарыліся, што гавораць па-рус­ку. Для іх было ня важна, што гэта нейкі “піджн рашн”, сурагат. Галоўнае, што ўдалося пазбыцца роднай мовы, якая лічылася “дзеравенскай”, прымітыўнай, нецывілі­заванай, на якой не гавораць з трыбунаў і ня пішуць падручнікі па ідэалогіі. Гэты патаемны гонар увасобіўся ў жаданьні беларусаў навучаць іншых рускай мове. Самая вялікая прыемнасьць навучыць афрыканца або азіята вымаўляць: “здраўстуйце, спасіба, да сьвіданьня” і гэтак далей. Каб яны здолелі атрымаць на рускай мове вышэйшую адукацыю.
Калі Хрушчоў пахваліў беларусаў, што яны хутчэй за іншых нацменаў пачалі забываць сваю мову, а таму першымі апынуцца ў камунізме, яны адчувалі сябе шчасьлівымі. Бо пры камунізме, як ім абяца­лі, родная мова не спатрэбіцца, паколькі ўсе мовы конча зьліюцца ў адную рускую. А які ж беларус у савецкія часы ня марыў быць расейцам?! І сёньня гэтая патаемная мара не дае спакою шмат каму. Вяскоўцы актыўна перасяля­ліся ў гарады, пакідаючы ў хатах родную мову. Гарадскія выгоды — унітаз, цёплая вада, ванна атаясамліваліся з адмовай ад мовы.
Больш за ўсё на сьвеце беларус баіцца быць западозраным у нацыяналізме. Нават радыяцыі так не палохаецца. А нацыяналізмам традыцыйна лічыцца размова на роднай мове. Беларусы са зьдзіўленьнем і радасьцю ўсьвядомілі, што ня спраўдзілася перасьцярога класіка: не пакідайце ж мовы сваёй беларускай, каб ня ўмёрлі. Дагэтуль яны з тэлевізару чуюць, што існуюць толькі “два глаўныя языкі” — рускі і ангельскі. Таму бяз роднай у жыцьці можна абысьціся.
Раней роднай мовай карысталіся пісьменьнікі або дысідэнты, нядобранадзейныя для ўлады людзі. Сёньня яна стала мовай апазіцыі. АМАП на трэніроўках нацкоўваюць на беларускамоўных. Хто ў натоўпе, на дэманстрацыі або мітынгу размаўляе па-беларуску — тых трэ­ба першымі лупцаваць дубінкамі, схапіць, заламіць рукі, начапіць кайданкі, арыштаваць.
— Скажыце, калі ласка, дзе знаходзіцца Скарынаўскі цэнтр? — пацікавіўся аднойчы ў міліцыянтаў у бярэтах адзін беластоцкі беларус і адразу пашкадаваў аб гэтым. Польскі грамадзянін, але шчыры беларускі патрыёт, ён ледзь ня трапіў за сваё пытаньне ў пастарунак. Сваёй беларускай мовай, ды яшчэ з польскім акцэнтам ён выклікаў падвойную падазронасьць тых, для каго любое беларускае слова азначае “фас!” Доўга трымалі ў напружаньні, спраўджвалі дакументы, абражалі. Але так і не сказалі дарогу, бо і ня ведалі, і пляваць хацелі на яе.
Родная мова накшталт музейнага экспанату з этнаграфічнай экспазіцыі. Дзе саламяныя капелюшы, цацкі, лапці. У лепшым разе гэта часам таксама досыць шыкоўная рэч з вітрыны ювелірнай крамы, якая нікому не па кішэні. Пра якую рэдка згадваюць. У штодзённым жыцьці якая рэальна нічога ня значыць. Толькі ў рэдкія пампезныя сьвяты яе выносяць, каб паказаць публіцы, і хаваюць назад.
Беларуская мова зрабілася аднойчы дзяржаўнай. Але чыноўнікі ленаваліся вучыцца, і яе зноўку адсунулі ў дальні кут. Праўда, нека­торыя з іх наважыліся нават выступіць на беларускай мове, даць ін­тэрв’ю. Сёньня яны з жахам успамінаюць пра гэткае сваё вольнадумства і лібералізм. Для чыноўніка — галоўнае не вылучацца з агульнай масы.
У душы шмат хто знаходзіць для сябе апраўданьне, каб не карыс­тацца роднай мовай. Яны гавораць самі сабе: няма чаго выпендрывацца, трэба быць як усе. “Што, пакрасавацца сюды прыйшлі, паразмаўляць на беларускай мове? Паказаць, якія мы тут ідыёты? — не вытрымлівае суддзя, які разьбіраецца з апазіцыянерамі. — Што я — мовы ня ведаю? Ды я вас сам злаўлю на русізмах!” — Гаворыць ён з акцэнтам, але па-руску. Апазіцыянеры сапраўды ня могуць без русіз­маў. Але яны лічаць, што каб размаўляць — трэба размаўляць. Да нядаўняга часу суддзі дэманстрацыйна вы­клікалі перакладчыкаў, каб перакладалі паказаньні апазіцыянераў.
Часта вядомыя акторы, сьпевакі, якіх палюбілі за ролі ў нацыянальным тэатры, за выкананьне народных песьняў, па-за сцэнай беларускай мовай ніколі не карыстаюцца. Дыктары тэлебачаньня лічаць яе для сябе толькі службовай. Беларус наважваецца загаварыць па-беларуску толькі калі побач няма начальства альбо калі ён нападпітку. Што цьвярозая галава мысьліць, тое п’яны язык плясьне. У застоліцы беларуса цягне за­сьпяваць “Касіў Ясь канюшыну” або “А я лягу-прылягу край гасьцінца старога”, чаго без кілішка ён ніколі ня зробіць.
Беларусы недалюбліваюць тых, хто правільна размаўляе па-беларуску, раўнуюць. Лічаць, што такія хочуць здавацца лепшымі за іншых. Большасьць старалася зжыць свой акцэнт, каб размаўляць чыста па-руску. Цяпер перасталі баяцца сваёй трасянкі. Як казаў адзін вядомы палітык: у нас хто как хаціт, той так і гаварыт. Сёньня таго, хто гучна размаўляе па-беларуску ў аўтобусе, у душы нават падтрымліваюць. Нездарма ж, пасьля перапісу выявілася, што большасьць насельніцтва лічыць роднай менавіта тую мову, якую не пачуеш на вуліцы.
Звычайна беларус любіць сваю мову моўчкі, не паказваючы выгляду. На падсьвядомым узроўні ён ніколі не забываецца, што за яе саджалі за краты і расстрэльвалі. Што мова — гэта заўжды палітыка. Так атрымалася, што нават носьбіты беларускай часам размаўляюць на розных мовах. Увогуле тыя, хто карыстаецца роднай мовай, зьяўляюцца своеасаблівай нацыянальнай меншасьцю ўнутры большасьці, якая любіць мову пасіўна альбо па-ранейшаму грэбуе ёй. Родная мова — не штодзённы інструмент. Мова — сьвяшчэнная карова, да якой баяцца дакрануцца, ня кажучы ўжо пра магчымасьць узяць ад яе малака. Хай сабе гуляе нядоеная, а мы вадзічкі з-пад крану пап’ем.
Некаторыя гавораць, што праблема беларусаў у тым, што іх саміх і мову іхнюю вельмі доўга ніяк не маглі назваць. І рускай называлі доўгім часам, і русінскай, і славенскай. А ў новыя часы — і крыўскай, і вяліка­літоўскай, і беларутэнскай. Зусім заблыталіся. І ў самой Беларусі амаль ператварылі яе ў мёртвую лаціну. Толькі эміграцыя ўпарта захоўвала роднае слова. Калі адзін амерыканскі беларус прыляцеў у Менск, таксіст ня ўзяў з яго грошай, пачуўшы беларускую мову. Гэта яшчэ раз пераконвае, што ў глыбіні душы беларусы будуць любіць яе вечна.

2. ПІСЬМЕНЬНІКАЎ ЛЮБЯЦЬ.

Пятрусь Броўка піша лоўка,
Піша лоўка і даўно.
Але ўсё, што ні напіша...

Ня буду працягваць, гэты вершык шмат хто ведае. Мне ён запомніўся з маленства. І давялося пачуць нават некалькі ягоных варыянтаў. Невядома, праўда, ці сам гэта народ вымысьліў, ці зайздросьнікі пладавітага лаўрэата Сталінскай прэміі. Але ўелася ў мазгі, што быў такі народны паэт, якога чытаць ня варта.
Народ ёсьць народ. Карціць яму пасьля сьлязьлівых радыёвершаў пра “сінявокую рэспубліку” выказацца са смакам. Даць адказ паэтам, якія напісалі за яго па-свойму знакаміты “Ліст да вялікага Сталіна”. Але самі пісьменьнікі ўвесь час у гэты народ настойліва ішлі. Каб спадабацца звычайным людзям ды пачытаць што-небудзь простае і даступнае. Байкі, пародыі, эпіграмы. Карацей, стараліся народ усяляк улагодзіць. Каб жыць было весялей.
Асабліва файна было трапіць у калгас. У заможны, само сабой, у “ар’ергарды” іх не вазілі. На вёсцы частавалі лепей. І сьвежына, і мёд, і гуркі сольныя. А самагону — колькі хочаш. Пісьменьнікам за гэта яшчэ і плацілі. Такім чынам, люд падтрымліваў сваіх песьняроў матэрыяльна. Хаця ў народзе пісаць кніжкі за працу ніколі не лічылі. Успрымалі заездных літаратараў гэткімі масавікамі-зацейнікамі, акторамі арыгінальнага жанру. Гэта не былі сустрэчы з аматарамі краснага пісьменства. Зганялі ўсіх пагалоўна, як на любы іншы сход ці канцэрт. Стваралася ілюзія пашырэньня літаратуры ў масах. Але насамрэч кнігі, якія ня трапілі ў бібліятэкі, назапашвалі пыл у кнігарнях, а потым траплялі пад гільяці­ну. Рабіліся макулатурай, ператвараліся ў скрынкі для абутку і ў туалетную паперу.
Яшчэ беларускі першадрукар Скарына адрасаваў свае тамы “паспалітаму люду”, разьлічваў на шырокія чытацкія масы. Але беларусы чыталі значна болей чужых пісьменьнікаў і на чужой мове. А калі і сваіх, дык стараліся знайсьці ў расейскім перакладзе. Беларускія кніжкі нярэдка прымушалі браць у нагрузку — як абавязковы дадатак да якога-небудзь кніжнага дэфіцыту. Гульня ў голага караля працягвалася доўга. Маладыя аўтары кінуліся пісаць масавае чытво — дэтэктывы і кніжныя мыльныя оперы, каб спакусіць народ пачытаць на роднай мове. Але масы цікавілі ўжо ня кніжкі, а ежа і тэлесерыялы.
Пісьменьнікі заўзята нагадвалі адзін адному, што ўсе яны выйшлі з народу і пра патрэбу “сплочваньня доўгу” простаму люду. Ніколі не забываліся на партыйнасьць і народнасьць. На сталічным асфальце выціскалі сьлёзы па вёсцы, пакінутай дзеля славы і ганарараў. З трыбунаў агітавалі сябе, што трэба быць яшчэ бліжэй да народу. Але ніяк не маглі яму дагадзіць, бо ён быў прывучаны сваёй мовы саромецца.
Вяршыняй славы было званьне “народнага” паэта або пісьменьніка. Хаця не народ яго надаваў, а – ад імя народу. Пісьменьнікам падабалася называць саміх сябе “інжынерамі чалавечых душаў”. Падабалася, калі за раманы давалі ордэны, рабілі героямі сацыялістычнай працы, прадастаўлялі месцы ў Вярхоўным савеце. Але ідылія закончылася. Праўда, узнагароды дагэтуль трапляюць на грудзі некаторых, хто запісаўся ў прыдворныя. А народ збольшага перастаў успамінаць пра пісьменьнікаў. Не запрашаюць болей у працоўныя калектывы. Праўда, забылася публіка і на “Сказ пра Лысую гару” — некалі па-сапраўднаму папулярны твор, напісаны пісьменьнікамі пра саміх сябе. Народ чытаў яго і сьмяяўся з таго, якія пісакі — п’яніцы і лаўкачы. Лысая гара была тым Парнасам, на які калісьці трапіў Тарас — герой вядомай ананімнай паэмы. Вось ужо паназіраў, як богі-літаратары п’юць і гуляюць.
Пісьменьнікам сёньня несалодка. Кніжкі выдаюць звычайна толькі вернападданых аўтараў. Іншыя самі шукаюць спонсараў. Яшчэ Мацей Бурачок мусіў друкаваць кніжкі ў адным месцы, на вокладцы пісаць другое і патаемна правозіць іх праз мяжу. Нават прафесія такая ўзьнікла: кантрабандысты-кніганошы. Сёньня кніжкі разам з іншай кантрабандай улічаныя ў мытных дэкларацыях пад непаэтычнай назвай “друкаваная прадукцыя”. І часам на пісьменьнікаў або на звычайных кніганошаў пільныя мытнікі складаюць пратаколы.
Перасякаць мяжу для беларускіх кніжак — звыклая справа. Традыцыя з часоў нашага слаўнага першадрукара. Адно што ён без праблемаў даставіў сваю Біблію з чэшскай Прагі. Хаця замест ягоных кніжак цяпер адныя муляжы. Затое ордэн Скарыны — ордэн пісьменьніка(!) і перша­друкара называюць галоўнай узнагародай. Даюць і за ўраджай, і за дружбу народаў. Праўда, гэта ордэн “Францыска-Георгія” — згодна вернутай камуністычнай і праваслаўнай завядзёнцы.
Народ мае пра сваіх песьняроў па-ранейшаму вельмі цьмянае ўяўленьне. Нават на тэлебачаньні могуць пераблытаць Францішка Багушэвіча з Альгердам Абуховічам і нават з Максімам Багдановічам. Або ў навінах АНТ вядучы з разумным выглядам паведаміць, што “хуліганы зьбілі акадэміка Максіма Гарэцкага”, якога даўным-даўно расстраляла НКВД. Апроч “я мужык-беларус” ці “дурны мужык, як варона”, у народных галовах нічога літаратурнага болей няма. Толькі раз бачыў я жывую цікавасьць да Купалы, у якога два мужчыны шукалі вершыкі пра гарэлку і п’янства.

Расхрыстаеш грудзі
Ты, п’яны гуляка,
Язык жа твой будзе
Брахаць, як сабака.

Вядома ж, ён ня толькі пра гарэлку пісаў. А таму выклікае падазрэньне ў начальства, як усякі паэт. Будзь ты хоць з бронзы. На Дзяды да гарадзен­скага бюста паэта прыйшла публіка і давай дэкламаваць купалавы вершы. Наехала вобмігам “варанкоў”, пахапалі ўсіх, кайданкі начапілі і — у па­старунак. Не арыштавалі толькі самога Купалу. Так што ў нас вершы лепей чытаць моўчкі, у думках.
За савецкімі часамі народ наслухаўся, начытаўся і болей цяпер глядзіць “Багатыя таксама плачуць”. Але кніжак меней не становіцца. І з самага верху загадана было будаваць кнігасховішча. Са словамі, што гэта будзе не якая-небудзь “каробачка з рухляддзю”, а сапраўдны кніжны храм. І загадалі, каб здавалі ўсе грошы. І мусіў народ падначальвацца. І першымі адрапартавалі памежныя войскі, мытнікі ды іншыя дзяржаўныя людзі. А ў простага люду пачалі вылічваць з заробку.
І нехта ўзгадаў прызабыты вершык: Пятрусь Броўка...

3. НЯБОЖЧЫКАЎ ХАВАЦЬ Любяць.

Беларусы сёньня паміраюць стабільна і нават звыш за тое — болей паміраюць, чымсьці нараджаюцца. Сьмерць ускоча, калі захоча — кажуць людзі. Самым прыбытковым бізнэсам, асабліва ў райцэнтрах і мястэчках, стаў выраб трунаў. На іх сталы попыт і грошы жывыя, як любяць казаць у народзе. Здаровы народны фаталізм: ад сьмерці доктара няма. Каб ня мёрлі, дык бы неба падпёрлі.
Пры савецкай уладзе жыць было нялёгка, але яшчэ цяжэй было памерці, дакладней, дачакацца пахаваньня. Каб крэўныя маглі ўздыхнуць з пэўнай палёгкай. З вырабам чыгуну, цэглы або супрацьпяхотных мінаў на душу насельніцтва заўжды ўсё было ў ажуры. А трунаў, каўбасы, туалетнай паперы заўсёды не хапала, адчувалася хранічнае адставаньне. На дамавіну, каб яе атрымаць, трэ’ было запісвацца задоўга. Як на ўсякі іншы дэфіцыт. Але каб стаць на чаргу, неабходна было мець адпаведную даведку. Адным словам, народ так напакутваўся, што калі савецкая ўлада нарэшце “загадала доўга жыць”, стаў паміраць значна весялей. Амаль што з палёгкай.
А перад тым улада заігрывала з народам, як магла. Закупіла партыю элеганцкага выгляду чаравікаў, прычым недарагіх. Людзі кінуліся купляць, бо з абуткам заўжды існавалі праблемы. Чаравікі трымаліся да першай праходкі, паколькі мелі кардонныя падэшвы і прызначаліся для замежных нябожчыкаў. А затым зьявіліся труны з фанерным сподам, каб вэтэранам таньней абыходзіліся. Яшчэ быў скандал са сьмярдзючым імпартовым мылам, якое выдавалі па талонах. Высьветлілася, што яно адмысловае — для абмываньня нябожчыкаў. Некалькі гадоў давялося ўсёй краіне ім мыцца ў лазьні, бо іншага ў крамах не было. Ат! Сьмерць і радзіны не выбіраюць гадзіны. Маўляў, усё адно тамака будзьма.
Раней працэдура пахаваньня пахла перагарам. Напаўп’яныя дзядзькі капалі яму, нярэдка ўкідалі ў яе валун, за дадатковую бутэльку выцягвалі яго і адзін другога. За наступныя бутэлькі апускалі труну, засыпалі, рабілі капец і гэтак далей. Савецкія далакопы цьвярозымі не бывалі ніколі. Хіба што на ўласных хаўтурах. Вядома, так хавалі звычайных беларусаў. З начальствам было інакш. Класічная музыка па тэлевізары. Аркестр, салют, некралогі, падпісаныя “групай таварышаў”. Чырвоная зорка на абеліску. І ўсякія дэфіцыты на памінальным стале. Каньяк армянскі, “сталічная”, “Вочы чорныя”. Народ часьцяком мусіў памінаць самагонам уласнага вырабу. Прыгаворваючы пасьля чарговага тосту: сьмерць у бутэльку не заткнеш. А з другога боку стала адказвалі: піце, жылы, пакуль жывы, бо як памрэш, дык калом не ўваб’еш.
Але часы зьмяніліся, дамавіны сталі даступным таварам. На пахавальны абрад сталі больш зьвяртаць увагі. Каб ніякага махлярства не было. Першую царкоўна-дзяржаўную прэмію за духоўнае ўваскрашэньне нават далі раману пра тое, як несумленныя далакопы хавалі пустыя труны, а нябожчыкаў здавалі ў “обшчэпіт” на катлеты. Бацюшак зноў сталі клікаць на пахаваньне. Праўда, царкоўныя расцэнкі на памінальна-пахавальныя паслугі кусаліся разам з коштамі ў крамах. Пахаваньне зрабілася не па кішэні пенсіянерам. Але затое бясплатна сталі хаваць валацугаў і вэтэранаў вайны.
Каб аднога вясковага вэтэрана завезьці на могілкі, нядаўна калгас пры­слаў самазвал, якім возяць гной і бульбу.
У беларусаў ёсьць свае някропалі. Першы прысьвечаны спаленым вёскам. Там усё з граніту і мармуру, але крыжы не прадугледжаныя праектам. Быццам пахаваны тамака першы дабраахвотніцкі камуністычны полк. Ленінскую прэмію, не абы-якую, далі за могілкі без крыжоў. Але гэта могілкі сімвалічныя. Другімі — сапраўднымі, гуляюць як у футбол. Улада ўвесь час стараецца сьпіхнуць месца масавых расстрэлаў на рахунак немцаў. Зьнішчаюцца крыжы. На месцы някропалю хочуць пабудаваць жылое паселішча. Каб схаваць сьляды, пакінутыя любімымі ўладай варашылаўскімі стралкамі.
Па беларускіх абшарах вандруюць сапёры, якія ачышчаюць нетры ад старога боезапасу, і батальён далакопаў. Далакопы раскопваюць безназоўныя магілы, таксама пакінутыя апошняй вайной. Здараюцца і недакладнасьці. Раскапалі пахаваных кайзераўскіх жаўнераў. Адкапалі такія боты, ажно лейтэнант пазайздросьціў. Толькі падэшва не трымалася, бо цьвічкі заіржавелі.
Капаюць, каб вызначыць імёны і ўрачыста перазахаваць. Аднак дарма толькі варушаць старыя косткі. Яны маўчаць. У лепшым разе, са ста шкілетаў, толькі ў аднога імя становіцца вядомым. Дзеля эканоміі косткі ссыпаюць у агульную труну і робяць гэткі пахавальны калгас — у адной яме. Увогуле, Беларусь — краіна братніх магілаў. Раней была краем курганоў, у якіх спалі беларускія асілкі. Але курганы зруйнавалі дзеля пашырэньня калгасных палеткаў.
Мабыць, беларусы, адзіны ў сьвеце народ, надмагільлі якога падпісаныя на чужой мове. Раней па-беларуску напісаць на помніку было небясьпечна, бо расцанілі б як чыстай вады нацыяналізм. Маглі б і пасадзіць, сваякоў, вядома ж. Беларускую мову лічылі непрыдатнай для могілак. Таму спрэс надмагільлі сьпісаны расейскімі тэкстамі, а ў некаторых мясьцінах яшчэ і польскімі.
За апошні час людзі сталі непераборлівымі да пахаваньня, страцілі былы піэтэт да нябожчыкаў. У чыгуннай дамавіне былога ўладара маёнтка мылі бялізну. Можна было разбураць фамільныя склепы. Разрабаваць і зьнішчыць пахаваньне апошняга караля. Бульдозерам зруйнаваць могілкі і пабудаваць што-небудзь на костках. Зьняважыць сьвятыя мошчы. Красьці на могілках вянкі і перапрадаваць. Не дабраліся толькі да Радзівілаў, дамавіны якіх у касьцельным склепе. Але яны патрэбны былі начальству. Кажуць, крамлёўскія дактары вывучалі спосаб бальзамаваньня Радзівілаў, каб лепей захаваць тады нашага агульна-савецкага Леніна.
Беларусы мелі два вольныя дні для памінаньня нябожчыкаў — Дзяды і Радаўніцу. Цяпер Дзяды зрабілі працоўным днём. Праваслаўныя могілкі ўлады даводзяць да ладу, каталіцкія пакідаюць на потым. Праўда, хаваюць цяпер на агульных – камунальных. А замест чырвоных зорак на магілах зноў крыжы. Але большасьці насельніцтва хапае грошай толькі на танныя помнікі з цэменту, якія хутка пачынаюць рассыпацца.
Доўга яшчэ пакутаваць беларусам. Надта ж шмат набудавалі цесных хрушчовак. Багата люду памянялі на іх свае хаты. Труну немагчыма вынесьці з кватэры. Хіба што паасобку з нябожчыкам, або — прывязаўшы яго да труны. На першым паверсе — праз вакно. А нават, здаралася, з балкону на вяроўках спускалі. Калі дом высокі, з ліфтам — яшчэ горш. Труну і нябожчыка можна толькі паставіць ў ім. Таму звычайна перадаюць іх па лесьвіцы з рук у рукі. І называецца гэта талакой. Жыцьцё ёсьць жыцьцё. А горшага праклёну, чымсьці “каб на цябе сьмерці не было” — у беларусаў няма.

Люты-сакавік 2003.