12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Сяргей Астравец

_____________________
Конны помнік з пап'е-машэ. Кастрычніцкае апавяданьне

Мокры чарапічны дах, пахмурнае надвор’е. Кастрычнік, але ўсё яшчэ цёпла. Люблю такія дзянькі, адчуваю асалоду, каб не дыскамфортная абставіна. Шкада сабаку, які скуголіць ля суседняга пад’езду. Кавалеры мадзеюць па балонцы, якая жыве на апошнім паверсе. Яе больш не выпушчаюць і водзяць — нябачная дагэтуль навіна! — на павадку. Каб перапыніць бясконцае, як здаецца, сабачае вясельле. Шкада аўцабыка, як мы яго называем. Гэты сабака нагадвае менавіта якогасьці канадскага аўцабыка. Мяшаная парода. Ён пачынае гэтак жаласна прасіцца, што немагчыма трываць. Я вызіраю ў вакно. Аўцабык, стоячы на задніх лапах, пярэднімі адчайна перабірае ля ручкі дзьвярэй, марна спрабуючы расчыніць.
Асноўная падзея меланхалічнай нядзелі: памылі ў ваннай ката рэшткамі шампуню, прывезенага калісьці ажно з Англіі. Мокры, ён зусім не такі мажны, а крыху бездапаможны і вельмі мілы. «Твайму мілачку спадабаўся б віскас», — фраза з пражскай рэкламы. Ах, калі ж яна была, тая Злата Прага ў тваім жыцьці. Як заўжды, спадзяешся ледзьве не наступнага году зноўку пабываць тамака, дзе так спадабалася і было гэтак добра. Але гады пачынаюць чаргавацца, круціцца вавёрчына кола. Зьяўляюцца непатрэбныя раней візы, зьмяншаецца колькасьць аўтобусных рэйсаў, а галоўнае: жыцьцё пачынае неспа­дзеўкі строіць кепскія кепікі. Чым ты угневаў Бога? Тым, што не хадзіў на наіўна-фармальныя споведзі? Няўжо за гэта можна так бязьлі­тасна караць? Даруй за блюзьнерства.
Галава караля нашага, з бронзы, пазірае зьверху, з калоны ўнутры катэдральнага касьцёлу побач з купельлю ў нагах укрыжаванага Хрыста. Ногі з чырванаватымі пацёкамі, нібы ад памады, сьляды якой наслойваюцца. Гэта ў царкве, куды ты аднойчы трапіў, бацюшка непрыхільна ў вочы адхвастаў жанчыну на памінальным набажэнстве: гэта вам царква, а ня танцы, напамадзілі сабе вусны, як нейкія гуляшчыя! У царкве жанчынкі ў хустках закручаных, вочы пакорлівыя. Як у мусульманак. Але я часам дальбог узгадваю пра забарону царкоўную маляваць вусны, калі мінуючы каралеўскую галаву апынаюся перад расьпяцьцем з рэшткамі памады на нагах.
У апошні верасьнёўскі дзень цёпла-цёпла, можна яшчэ па-ранейшаму прайсьціся ў сандалях без шкарпэтак. Уявіць, што лета ня скончылася зусім. Такі лагодны-лагодны пачатак восені рэдка здараецца. Калі ласка, адпачні на астачу. Пасьля сьпякотнага нярвовага лета бяз возера, бяз мора, толькі з каламутнай ракой пад асфальтным мостам. Лета бяз лецішча, бяз лесу, без прыроды, лета на распаленым бруку пад цагляна-чарапічным дахам, пасярод аўтамабільнага чаду. Верасень маленькі дарунак, падабенства палёгкі. Каб не зусім ужо адразу са сьпёкі ў мокрую золкую халадэчу, бяз дня са­праўднага адпачынку. Пара куфляў піва пад ценем парасону — ня ў лік.
Пражскі помнік нагадваў віцязя, магутнага асілка ў латах, якісьці кітайгародскі стыль. Ваявода Хаванскі вершна вырушыў на крымчакоў. Мода тады існавала ў мастацтве: былінна-легендарныя вобразы, казачныя, дэманічныя постаці. Славяншчына, магутная купка, матывы паганства. Пом­нік вялікаму князю з жалезным воўкам у нагах зусім іншы. Памкнёны наперад, і конь не цяжкавагавы, і сам князь не ацяжэлы. Але горад з помнікам апынуўся за калючым дротам. Дакладней, мы за калючым дротам. Толькі першую хвілю цяжка скеміць — каму лепей: хто дасылае паветраныя пацалункі з вакна вагону, ці хто застаўся стаяць на запляваным засьмечаным семкамі асфальце перону. Конныя каралеўскія помнікі, на жаль, на другім баку.
Калі я быў там апошнім разам, у горадзе з нечаканай гарой пасярэдзіне, быццам гузак на галаве, на якой вартавая вежа і сьцяг, які лунае свабодна і годна, я сфатаграфаваў каралеўскі помнік, каб у рамцы павесіць на сьцяне, але не зрабіў дагэтуль. Хіба ад падсьвядомай зайздрасьці? Жалезны воўк. Вядомая летапісная гісторыя... Князь сасьніў ваўка, які быў жалезным, і той жалезны воўк загадаў ці параіў яму пабудаваць на гэтым самым месцы горад. Горад пераходзіў з рук да рук, з адной моўнай стыхіі трапляў ў іншую, апынуўся за калючым дротам і даволі надоўга, але захацеў дыхаць вольным паветрам, прыехалі танкі, была кроў, але кайданы ўпалі, горад уцёк з-за калючага дроту. Вымкнуўся на волю. А жыхары паставілі помнік заснавальніку сталіцы — князю і ягонаму ваўку.
Нашага караля называлі чалавекам з жалезным поглядам, якога баялі­ся хаванскія загоны. Нямецкі падарожнік пакінуў апісаньне: кароль выязджае ўрачыста са сьвітай з замка на гары і калідорам вуліцы рушыць да касьцёлу на набажэнства. Абапал мноства публікі, сярод якой і немец, якога так уразіла працэсія, сама атмасфера, што ён неўзабаве сеў з паперай і чарніліцай, узяў пёрка і напісаў пра ўбачанае. Пра дрыжыкі, які выклікаў міжволі грос кёніг, які здаваўся жалезным.
Не дасягнуўшы катэдры, кароль спыніўся і стаіць дагэтуль на пляцы ў гайніку. Конь, напэўна, шчыкае траўку, апошнюю восеньскую, якая чэзьне навідавоку, неўзабаве буцьвее, жоўкне і пятрэе на марозе. А кароль не зьязджае. Уся ягоная сьвіта даўно пахавана на цьвінтарах і ўнутры храмаў, у лёхах. Ад апошніх захаваліся часам магільныя пліты, напаўсьцёртыя надпісы. Хто апынуўся ў зямлі, зьніклі дазваньня. Няма даўно крыжоў, багародзіц, анёлаў, няма надмагільляў. І саміх могілак няма. Ані сьледу. А косткі спарахнелі, ператварыліся ў глебу. А кароль запыніўся ў одуме, не кранаецца з месца.
У горадзе з вольнай ад калючага дроту часткі мапы якія хочаш помнікі. Маршалкі, кардыналы, каралі... А ня толькі чыгунныя богачалавек — правадыры, наркамхарчы, людзі з маўзерам пры баку. Вольны вецер, вецер зьменаў заблытваецца невытлумачальным чынам ў калючых дратах, у сеціве «сістэмы». Людзі неабазнана лезуць напрасткі цераз драты. Скрозь калючыя агароджы чалавеку працярэбіцца амаль немагчыма. Наважваюцца толькі тыя, хто ў сваіх азіяцкіх стэпах і пустэльнях ня ведае пастак і суцэльнага драцянога сеціва, хто паняцьця ня мае, што трапіць у вольны сьвет з нявольнага — надзвычай складаная і вельмі небясьпечная справа. «Сістэму» рабілі і ўдасканальвалі дзесяцігоддзямі, каб ніхто ня мог уцячы адсюль. Працавалі адмыслова, адбіўшы ня толькі ахвоту, але самыя нават думкі пра ўцёкі. Даўным-даўно «сістэма» працавала адно супраць зьвяроў, якія ня ведалі абмежаваньняў і не падазравалі пра межы. А тым болей пра людскія пасткі, падрыхтаваныя для іх, лясных насельнікаў, якія, адрозна ад людзей, захоўвалі сваю свабоду, наколькі атрымлівалася.
Непрыемныя словы «візавы рэжым». Падобныя на спружыну або на гумовы эспандэр. Шархоткае сьцябло асоту ці чаратовае, вострае як лязо. І штосьці ад замкнёнасьці: вокны з кратамі, дзьверы, тэрыторыя, абгаро­джаная калючым дротам. Рэжым. Зона. Уваход па пропусках. Уезд па візах. Кантроль. Падазронасьць, непрыязнасьць, адсутнасьць усьмешкі. Падзел на людзей двух гатункаў. Абразьлівыя словы, якія выклікаюць прызабытыя думкі аб Місісіпі ў агні і аб нядаўняй Паўднёвай Афрыцы.
Кароль здранцьвеў. Разам з канём. Можа гэта міраж? Здань караля. Што ж, мабыць, гэта найболей праўдападобна. Беспрытульная постаць, якая растане як туман, як дым, як смуга. Скрозь якую пройдзеш нічога не адчуўшы. А большасьць нават нічога не заўважыць. Бо заўважаць у гэтым разе, значыцца ведаць, любіць, адчуваць піэтэт. Мець пашану ў душы, ганарыцца і пакутваць. Наяўнасьць нябачнай оптыкі? Кантактных лінзаў? Ці можа, вочы нармальныя ў меншасьці, здольнай бачыць ня толькі вонкавае. Меншасьці, якой не пасьпелі ці не патрапілі кропнуць атрапін, каб зьмянілася рэзкасьць зроку, бачаньне навакольных рэчаў.
Жывыя статуі. Людзі ня ведаюць што ім яшчэ вымысьліць. Ім чагосьці ўсё карціць... Ім замала быць самімі сабой, бачыць свой твар у люстэрку, яны стаміліся ад сябе. Ім патрэбны не пластычная аперацыя, а маскі. Ім хочацца вылузацца з уласнай скуры, скочыць вышэй за галаву, укусіць сябе за локаць. Быць людзьмі, хома сапіенс ім ужо нецікава. Гэты стан ім здаецца прэсным, бяз смаку. Ім заманулася стаць манекенамі. Ператварыцца ў маўклівую постаць, у статую, у камень. Яны прагнуць быць акторамі, выконваць ролі, гуляць. Нават калі няма звычайных здольнасьцяў, ня кажучы пра талент. Уласнае імя ім непрыемнае. Ім хочацца кідкіх гучных прозьвішчаў, артыстычных мянушак.
Усе квіткі дашчэнту разабраныя, каб пасьпець у іншую краіну да дня ікс, да візавага рэжыму. Доўгая чарада машынаў перад шлагбаўмам, у бакі ад якога разыходзяцца шэрагі калючага дроту. Золкая шарая нярвовасьць у нейтральнай зоне. Напагатове да неспадзевак і каб выконваць любыя каманды. Нявыспатыя і скалелыя трымаюць пашпарты напагатове кожную хвіліну. У акенца ў разгорнутым выглядзе, толькі ў разгорнутым. Каб не ўзлаваць. Тварам у анфас, вочы ў вочы, нікуды не паварочваць галаву, не глядзець убок. Спраўджаньне ў якіхсьці зашмальцаваных сшытках. Пячатка. Лясь! Можна у фры шоп, чаму б і не? Ці будзеце вы што-небудзь браць? Не-не, ня буду. І адразу пашкадаваў — апошні раз да візавага рэжыму... Буду! У цеснай крамцы ажыятаж, гармідар: ваш фрышопны талон, тры хвіліны на выбар. А вось пляшка палінкі, мадзярскай палінкі, якую піў кароль, асабліва ў маразы. Ён ня толькі падабаў віно, віно сваёй ра­дзімы, у тваім горадзе, які таксама палюбіў, атабарыўшыся ў старым замку на гары над самай ракой.
У пабе ў вольным горадзе з вальяжнай публікай, за вокнамі бронзавая статуя Ягамосьці. Ганаровы погляд, шляхецкія вусы, крывая шабля-карабеля пры баку. Бараніў ад хаваншчыны, фундаваў храмы, друкаваў кнігі. Піва ў пабе, дата на фірмовым куфлі — «1790». Так-так, тут шануюць традыцыі, тут памяць маюць не абцятую. Табе ня хочацца лішнім разам нават не прыніжацца, а звыкла крыху наракаць, твой прыяцель канешне ўсё зразумее, ён ставіцца да вашых праблемаў спачувальна... Але як стрымацца, як не сказаць, калі тут старанна адшукалі ў архівах першыя ўзгадкі пра бровар яго мосьці і старанна з гонарам напісалі дату на піўных бутэльках і бляшанках. Яшчэ гораду ніякага не было, адно палац з паркам і дзьве-тры брукаваныя вулічкі. Але сапраўдны палац, міні-Версаль, згодна тадышніх друкаў.
Ну й што, Веслаў? Мой горад даўным-даўно у «Сівітатэс орбіс тэрарум» названы сярод найгалоўных гарадоў сьвету. А ў наступным новы кароль пацьвярджае ранейшыя прывілеі жыхарам і вызваляе саладоўні і бровары ад падаткаў, якімі абцяжарыў іх папярэдні манарх з нагоды зацягненай і зьнясільнай вайны з кітайгародцамі. Хаця вайна працягваецца. Але піваробы прызвычаеныя на ўсім эканоміць, яны падмаладзілі гарадское піва, пазбавілі моцы на трыста год. Ах, кароль, ах каралеўскія прывілеі! Яны зьніклі ў кітайгародскіх архівах, трапіўшы туды ваеннымі трафеямі разам з касьцельнымі званамі, са штандарамі і гарматамі.
Ты вяртаешся, вы паступова мінаеце шэрагі калючых дратоў, нейтральную тэрыторыю, падазрона-пільную варту, шлагбаўмы, зноўку драты. Ка­ралеўская сталіца, нарэшце! Вітаю цябе, замак апошняга манарха! Цытадэль на гары. Па-за дротам, канешне, добра, але тут дом. Мост высока па-над ракою, якая гэтак моцна шырока плыла ў каралеўскія часы. Кава дома. Памежны трафей — вялікая бутэлька палінкі. Палінка — гэта, ведай, — драй эпрыкот брэндзі. Цымус! У каралеўскім замку падзея: успомнілі пра караля, якога скульптуры займаюць нечакана цэлую залу — з тулавам і без, на кані, на манаршым пасадзе, бюсты, галовы, барэльефы, з вырабленым тварам і — без вачэй, носа, з рукамі без далоняў, бронза, медзь, чыгун, гіпс... Аўтар — адзіны. Якісьці здранцьвелы, ці папросту засмучаны. Ён прызвычаены да майстэрні, да самоты, цэлыя гады рабіў у чатырох сьценах каралеўскія скульптуры. Пасярэдзіне макет коннай статуі, на сьцяне фотапанарама гарадскога пляцу. Штосьці незвычайнае! Вершны каралеўскі помнік. Скульптар прыклеіў ягоную выяву на фоне гайніка. Ён сьціпла прызнаецца, што марыць, калі-небудзь на пляцы ўбачыць сапраўдны помнік.
Густыя гукі сярэдневечнай музыкі, камерны аркестр ажыўляе мелодыя­мі мёртвую скульптуру. Віно ў кілішках нагадвае пра каралеўскія склепы. Калі ён памёр, у замкавых лёхах знайшлі пяцьдзясят адную бочку з віном, якое ён не пасьпеў выпіць. Кулуары. А ці ведаеце, ён сапраўды баяўся атруты. Нездарма дагэтуль спрачаліся: ці ня быў атручаны? Бо надта хутка і дзіўна памёр. Ён выпісваў з замежжа сродкі ад атруты і нават сам імі карыс­тацца рыхтаваўся. На каго толькі ня думалі! А найперш — што жонка. Так, яна была старая, яе матка любіла атруты. Ён уцёк сюды ня проста, каб паляваць аленяў, якія бадзяліся за гарадскімі мурамі, дачка палясоўшчыка мела ад яго сынка пазашлюбнага. Напраўду? Трэба не баяцца архіваў. Калі ён памёр, сам Папа Рымскі прыслаў удаве залатую ружу.
Непазьбежнасьць надыходзіць з нуля гадзінаў ночы, кажучы па-вайсковаму. Трэба ўставаць у цемры, званкі з кішэннага тэлефончыка, сонныя апатычныя галасы. Язда на няблізкую мяжу, якая спатыкае неспадзявана пустатой перад шлагбаўмам. Сумныя шапікі, у якіх зрабіліся непатрэбнымі пісьмовыя машынкі, на якіх адстуквалі пашпартныя дадзеныя ў ваўчарах. І танна, і хутка — можаш праязджаць цераз шлагбаўм. Ніколі болей. Званок з далёкай радыёстанцыі, паведамленьне ў жывым эфіры пра першыя гадзіны візавага рэжыму. Вяртаньне з выпадковым падарожным да гарадской ускраіны. Паўгадзіннае калываньне ў перапоўненым аўтобусе з потнымі шыбамі, з цяжкім паветрам, з заціснутымі апатычнымі пасажырамі, збольшага — жанчынамі, я агледзеўся: прывабнымі часьцей маладымі спадарынямі, якім бы крочыць на подыюмах, аздабляць вокладкі модных часопісаў, здымацца ў вядомых рэжысёраў.
Гаспадар вялікага, але старога мерседэса, з якім вяртаўся з мяжы, наракаў на памежныя парадкі, дакладней, на падзел сваіх на звычайных і прывеліяваных, перад якімі нават мытнікі — як служкі. Для якіх усё па-за чаргой, усё хутка, якія з памежнікамі запанібрата, у якіх усё куплёна. Спыніліся на чыгуначным пераезьдзе, чакаючы амаль пусты нетаропкі цягнічок. У памежную зону шмат пасажыраў не бывае. А памежнікі? Паназірайце, калі яны працуюць самі па сабе і калі прыязджае іхні камендант. Так са сваёй будкі не паказваюцца, а так — праштампавалі пашпарты і чакаюць наступных, напагатове. А калі няма начальства чакаем мы немаведама чаго. З немцамі, ды з астатнімі, езьдзілі ж людзі далей, — так паспрабуй толькі працаваць. Усе гавораць: нашая мяжа самая брыдкая, яны паводзяцца як паны, ня ведаю... Мы сябе адчуваем людзьмі другога гатунку... Прастукалі колы цягнічка, выклікаючы званкі на пераезьдзе, узьняўся шлагбаўм. Я дапяў, што ён перавозіць паліва праз мяжу, хуценька здае і вяртаецца. Таксама бізнэс. Сказаў, што як кошты павялі­чыліся, даводзіцца мяшаць салярку з газаю. Такі бізнэс.
Атрымаў і-мэйл з краіны, якая ня ведае, што такое калючы дрот. Яны там двойчы на год адпачываюць: цёплае мора, горы. Апынаюцца часова пасьля дарагой краіны ў таннай, дзе ўсё вэры чып. Але гэта іх не пазбаўляе ад традыцыйнага спліну. Яны змагаюцца з ім штовечар у пабах з “Гінэсам”, у сяброўскім коле, на частых каляжанскіх пагулянках. На возеры ў фітнэс-клубе, пабудаваным з дрэва ў скандынаўскім стылі. Унутры — нібы апынуўся на дракары вікінгаў. Басейн, саўна, джакузі. Аднак усё гэта не ўратоўвае дэпрэсіі. Яны мусяць наведваць сваіх псіхааналітыкаў, якія вэры экспэнсіў. Што ж тады нам казаць, што рабіць мне? Бяз мора і гор, бяз пабаў і псіхааналітыкаў? Набыць пляшку таннага францускага віна з-пад крыса і вельмі дарагога кіце-кэту, паслухаць добры рок і палашчыць свайго ўлюбёнага ката: мур-мур-мяў.
Калі ўчора не было візаў, а сёньня яны ёсьць, гэта як раптоўныя маразы пасьля цёплых дзянькоў, але маразы, якія надышлі натрывала. Можа й не навечна, але вельмі надоўга. У душы штосьці сьціснулася, як абу­джаны страх, шкадоба да самога сябе, клубок непрыемных думак, пачуцьцяў. Учора іх не было, а сёньня яны — непазьбежнасьць, дадатковая перашкода на шляху па-за калючы дрот. Як не было спачатку жалезнай заслоны, халоднай вайны, а потым яны на дзесяцігоддзі вызначылі існаваньне з вечнымі страхамі, падазронасьцю, варажнечай. З падзелам на два сьветы.
Не пасьпеў вярнуцца, як лопнулі мяхі набрынялых хмараў, разам з дажджом пасыпаліся на галаву каляныя каштаны. Зырка-жоўтыя кляновыя, барвовыя каштанавыя лісты хутка страцілі сваю мастацкасьць, намоклі і паплылі, брукаваная вуліца патанула ў вадзе. Рачулка, як звочыць, набрыняла, узьнялася на выбрукаваныя берагі і памкнула пад мост побач з якім дождж бязьлітасна хвастаў гранітны бюст паэткі. Больш ня будзе цяпла, надоўга ня будзе лета. Немагчыма ўхапіць яго за хвост, як дзяўчыну. Мокне на рацэ плывучая рэстарацыя «Каўчэг». Ніхто ня хоча больш піва. Яе завядуць у затоку, прышвартуюць, каб увесну не сарваў крыгалом. Ня будзе больш і вулічных рок-канцэртаў ля бару «Піўная бочка». Актор, які выканаў ролю караля, нягегла і непераканаўча, спрабуе перад люстэркам апанаваць ролю, і пакуль яшчэ ён не задаволены сабой.
Гэта цяжкі крыж, але гэта і пячатка абраньніцтва. Гульня, свавольства. Ніякага канвееру, ніякай установы. Сьпі, чытай, езьдзі па грыбы. Вечаровая праца, праца дзеля прыемнасьці і задавальненьня натуральных амбіцыяў. Калі толькі роля табе адпавядае. Калі не другарадная і калі лепшую не атрымала табе непрыемная асоба, якой ты ня так зайзросьціш, але папросту ня любіш яе, у горшым разе пагарджаеш. Ці мала за што можна пагарджаць? Канешне, могуць сказаць, што гэта не па-хрысьціянску. Але тэатральная трупа — не дванаццаць апосталаў. Зрэшты, часам можна ўбачыць аналогію з таемнай вячэрай. Можна, але параўнаньне будзе занадта моцным, перабольшаным. Часьцей здараецца накшталт: чаму ён ідальга, а я служка? Чаму Дон Кіхот... Ну, тут больш складана, справа густу, асабіс­тых перавагаў. Але чаму, чаму ён кароль, а я толькі блазан, га?!
Пашэньціла стаць каралём. Але як пераўвасобіцца на вулічным сьвяце, калі навокал смажацца шашлыкі, а ў цябе на сьняданьне быў бутэрброд з сырам, калі побач нязрушна стаіць Вялікі Правадыр, як статуя Камандора, навокал салдацікі зухава сьпяваюць “цыганку-малдаванку”, парабкі з бярвеньня будуюць першую гародню, а сьпецназ радасна ламае аб галовы некандыцыйную цэглу і не жуючы глынае айчынных жабаў, каб ня трапілі ў рот французам? Каралеўскі маналог прагучаў праз сіпаваты мікрафон зусім непераканаўча, сам адчуў. На караля адразу забыліся, і ён спусьціў­шыся з вулічнай сцэны прысеў пад парасонам і папрасіў выпіць, але гэта было на сьвяце забаронена.
Апаноўваць ролю бяз грыму цяжка: у люстэрку звычайны твар з натоўпу. Штораз накладаць грым — ты не жанчына, каб кожны дзень мазацца. Грым трэба эканоміць, у тэатры гэта — адвечнае. Скура пачала за столькі часу рэагаваць алергічна. Хіба што браць маску альбо карлеўскае адзеньне хаця б да поясу. Не-не, усё адно цяжка. Цяжка паспрабаваць уявіць, што ў цябе... Што жонку цябе прымусілі ўзяць у якасьці «нагрузкі» да каралеўскай кароны, і ёй значна больш гадоў, чымсьці табе. Што яна за жанчына — невядома, удава ў жалобе. Матка яе была атрутніцай, і ты пабойваешся, каб здольнасьці ды імпэт не перадаліся старой дачцэ. Ты замаўляеш у замежных краінах сродкі ад атруты, асабліва добрыя, кажуць, у гішпанскіх алхімікаў. Але гішпанскія алхімікі мусяць хавацца ад вельмі руплівых дамініканскіх «сабак».
Каб пераўвасобіцца ў ролю па-сапраўднаму, трэба ўявіць, што ў цябе трафічная (але ж слоўка!) язва нагі, што ў цябе велізазныя ныркі, як у вала, амаль як у спакладанага барана. Так напішуць прыдворныя лейб-медыкі ў справаздачы, якую надрукуюць кніжкай пад псеўданімам. А яшчэ, яшчэ ў жоўчным пухіру знойдуць камень, а пратоку закаркуе другі — памерам з мускатны арэх. Канешне, сам кароль гэтага ня ведаў, яму папросту было кепска, вельмі кепска. Але ж актор ведае і ня можа адмовіцца ад гэтага веданьня. Паміж ім і каралём у гарачцы фаліянты наступных — за некалькі стагоддзяў падзеяў, цяжар пражытых гараджанамі гадоў.
Паспрабаваць легчы і ўявіць. Але дзе? У цеснай грымёрцы на прыстаўленых усутыч крэслах? Дома на канапе? Ці пайсьці і легчы цішком на сцэне, каб ніхто ня бачыў, у цемры, быццам у сутарэньнях? Што ў цябе зроблена лекарамі «апектура» — дзірка на назе, цераз якую сплывае гной з раны, якой не наканавана загаіцца. (О, як жа яна брыдзілася тваёй сьмярдзючай нагой, нашчадніца вялікага італійскага роду, каралеўская ўдава і паўторна — каралева пры каралі з нагой, якая не перастае гніць.) Сабака ўкусіў, звычайны, не «дамініканскі». Мабыць цякучая рана болей вызначыла штодзённае жыцьцё будучага караля, чымсьці што іншае. Ён увесь адчуваў яе, яму ўвесь час балела, ён ніколі ня мог забыцца на яе. Ягоны адвечны праклён. Спачатку яе загаілі. (Каралеўскія медыкі найлепшыя!) Але не вогнішча інфекцыі. Пачало пруцянець цела. Рану ўзрэзалі скальпелем і прышпілілі пас з жалезнай шпількай, каб вярэдзіць рану, каб сыхо­дзіла дурная матэрыя.
Так-так, актору няпроста ўявіць сабе падобныя пакуты, ён спрабуе хадзіць з вялікай канцылярскай кнопкай на назе. Атрымліваецца кепска, ці праўдзівей зусім не атрымліваецца. Але, мабыць, дарэмна шкадаваць караля, у каралеўскія часы былі распаўсюджаны вярыгі, і для яго, як для добрага верніка, адна шпілька гэта зусім не гіена агнёвая. Хутчэй адзнака боская. Бо Ён жа таксама цярпеў за нас і быў укрыжаваны пры Понцкім Пілаце... Для актора тут складанасьць. Уявіць рэлігійную экзальтацыю нябожчыка магчыма, адчуць — хутчэй не. Пайсьці пабыць у храме — гэта можна. Але каб маліцца... Актор дагэтуль ня вызначыўся. Нібыта Бог ёсьць, павінен быць, прынамсі. Але ў сталых гадах пайсьці пахрысьціцца, наведваць набажэнствы. У царкве барадатыя дзячкі, мноства бабулек, жанчыны, і не прысядзеш, каб пра сваё падумаць. Увесь час нібы ў чарзе ці на мітынгу. У касьцёле цікавей, музыка, але ксяндзы выглядаюць занадта па-замежнаму, занадта па-ватыканску ці што.
Магу сабе ўявіць, як актор стаіць у музеі перад своеасаблівай мадэльлю каралеўскай коннай статуі: драцяны каркас. «Шкілет, на які засталося нарасьціць мяса», — фраза на адкрыцьці выставы, якую мог пачуць і ён. У тэатры я толькі глядач, як астатнія. Да пастаноўкі дачыненьня ня маю. Яны звычайна любяць п’есы мёртвых аўтараў альбо вельмі далёкіх, каб не плаціць ганарару. Мая п’еска патрапіла да гістарычных угодкаў. На прэм’еры я сяду на балконе, каб разгледзець уяўнае анатаміраваньне ўяўнага трупа. Мне таксама цікава, як усё будзе адбывацца, як увасобяць усяго толькі словы на паперы ў рухі, дзеяньні, у відовішча. Я таксама часам прагну відовішчаў. Тэатральнай гульні, умоўнасьцяў. Якія не падобныя да жыцьця, аднак пад узьдзеяньнем якіх часова на жыцьцё забываешся.
Запануе халодны сьнежань, як і ў тыя далёкія ад нас часы, у тыя дні і гадзіны, калі Ягоная каралеўская мосьць пасьля не зацягненых пакутаў памёрла. Я апрануся, выйду з дому і пайду праз Стары горад, дзе калісьці ён жыў і дзе заўчасна памёр. У тэатры я з школьніцкай цікаўнасьцю буду назіраць згары, што адбываецца на сцэне. Мне добра вядома наперад, што ён павінен двойчы апынуцца на анатамічнай лажніцы. З яе пачнецца дзея і ёй жа скончыцца. Невялічкае псіхалагічнае выпрабаваньне для выканаўцы галоўнай ролі. Якія там у іх нажы ў тэатры? Лязо зьнікае ў тронку? Кроў? Не, мабыць, крыві быць не павінна, ён скалеў, пакуль яны спрачаліся, пакуль не дайшло да скальпелю.
Я ўяўляю, як сяджу на балконе на прэм’еры, і думкі мае снуюцца ад выканаўцы ролі да самога нябожчыка. Я выйду з дзьвярэй і ўбачу танк, які так і не дачакаўся дэмантажу, як і Вялікі Правадыр, і стаіць руляй насустрач аўтамабільным калонам, якія толькі што працярэбіліся праз мяжу. Але пакуль я ня бачу самога танка, а толькі ўзгадваю пра яго. Я бачу на сцэне таго, які пажадаў быць пахаваным там, дзе памёр, бо любіў тут жыць. Растлумачыць гэта цяжка: любіў ды ўсё. Ён ня мог ведаць, ня мог чакаць, што ягоны труп зрэжуць нажамі эскулапы. Ня мог нават уявіць, што спачатку зробяць, як захацеў: забальзамуюць і пакінуць на спачын у касьцельных лёхах. Але з вясной выцягнуць на сьвежае паветра і сонечнае сьвятло, паставяць дамавіну ў катафалк і з аховай вырушаць у бок цяперашняй мяжы, якой тады не існавала.
Каралі павінны быць пахаваныя з каралямі, нават калі ён быў замежні­кам і не размаўляў па-іхняму. Нябожчыкі аднолькава маўчаць. Мне зробіцца сьмешна ад думкі пра візу: сёньня патрэбная віза, каб выехаць адсюль туды. А каб вывезьці нябожчыка? Дазвол консульскай службы і процьма папераў. А бюракратычная важданіна? Ён мог бы і застацца назаўжды тамака, дзе хацеў спачываць з уласнай волі. Што вязеце? Караля. Альбо — дамавіну з нябожчыкам. Такое аднойчы было. Іншага караля, які таксама рэзідэнцыю меў у нашым файным, але не сталічным горадзе, вярталі праз калючы дрот: візы альбо там дыпламатычныя працэдуры. Пагрузка, чыгунка, перачэпка вагонаў. Атмасфера сакрэтнасьці. Вайскоўцы, урадоўцы, памежнікі, шпегі ў цывільным. Калі дамавіну даставілі да канчатковага пункту і ўзьнялі вечка, шкілет ня ўбачылі, адно рэшткі ботаў, шпоры, тронак ад шаблі, акраўкі каралеўскага паланціну з гербамі і несапраўдную тамбаковую карону.
2003.