12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Анатоль Астапенка

_____________________
Беларускі нацыяналізм: учора, сёньня, заўтра. Палемічны артыкул



Я напісаў артыкул пра беларускі нацыяналізм.
“ЛіМ” прыняў яго да друку, але ўзяты газетай
новы “холдынгавы” курс аніяк не пасаваў
да прапануемых мною ідэяў. І, заняўшыся
напісаньнем кнігі пра нацыяналізм, я нікуды яго
больш не аддаў. Але мне трапіўся “суплёт эсэ”
Валянціна Акудовіча “Вялікая здрада”
(“Дзеяслоў”, № 10-12). Прачытанага хапіла,
каб адрэагаваць і абнавіць мой ранейшы артыкул…

Такім чынам, уводзіны. Ці “Зачын”, як у Акудовіча.
З самага пачатку свайго эсэ Валянцін Акудовіч ідзе ў лабавую атаку на рэлігію. Ён сьцьвярджае: “Нацыянальны чалавек паўстаў з крызы рэлігійнага чалавека і, шырэй, з крызы цывілізацыі рэлігійнага тыпу”. Адкуль узяў аўтар гэтую рэлі­гійную крызу? Уся цывілізацыя чалавецтва напоўнена пошукамі Бога, і яны адлюстраваныя ў стварэньні народамі сваіх рэлігійных канцэпцыяў. Язычніцкія вераваньні нашых продкаў замяніліся сістэмамі монатэізму. У нас гэта хрысьціянства, якому споўнілася 2000 гадоў. У арабаў – мусульманства, якое крыху маладзей, але таксама валодае лёсамі мільёнаў лю­дзей. У індусаў – будызм і індуізм. Нішто, адзначу, і ніколі ня можа адрынуць Бога. Толькі князь гэтага сьвету – сатана.
Я разумею: спадар Акудовіч атэіст. І ён адкідвае ідэю Бога, замест якой, па ягоным разуменьні, была “пакліканая ідэалагема Нацыі”...
Пра ўзьнікненьне нацыяў рознымі дасьледчыкамі створана шмат працаў. І ніхто з іх не дайшоў да такіх “крутых” пасажаў, як Акудовіч.
Э. Рэнан першым вывеў нацыю за межы этнічных рамак і пастуліраваў яе як духоўны прынцып. Больш таго, у яго нацыя – гэта містычны, трансцэндэнтны прынцып духоўнага жыцьця чалавека. “Нацыя – гэта вялікая салідарнасьць, якую ўсталёўваюць пачуцьцём ахвяраў... Нацыя – гэта паўсядзённы плебісцыт, як існаваньне індывідыуму – вечнае сьцьвярджэньне жыцьця. Жаданьне нацыі – адзіны законны крытэр, да якога трэба заўсёды вяртацца”1 .
Сутнасьць ідэі нацыі ў тым, што этнічныя супольнасьці праз пэўны перыяд пераходзяць у якасна новую стадыю свайго існаваньня – нацыянальную. Падрабязна гэты пераход разгледжаны мной у кнізе “Паслухайце нацыяналіста”2 , дзе я назваў гэтую стадыю нацыятэізмам. Гэта якасна новы крок у бясконцым імкненьні чалавека да Бога. Эвалюцыя чалавецтва ў нацыі набывае новы віток, які набліжае яго да канцавой мэты – Усяленскай Царквы, як гэта даводзіць таксама Канстанцін Ляонцьеў. Нацыя – гэта супольнасьць, у аснове якой ляжыць любоў да свайго народу і вытокі якой знаходзяцца ў хрысьціянстве (ці іншай рэлігіі, але яны абавязкова ёсьць).
Своеасаблівым разуменьнем сутнасьці праблемы напоўнены і іншыя разьдзелы згаданага эсэ В. Акудовіча. У разьдзеле “Рэлігійнае і нацыянальнае” ён пастулюе сваё крэда: “..ёсьць Бог і ёсьць адзін, сам-насам, чалавек. І больш нікога і нічога няма, прынамсі, усё астатняе неістотнае... Бог і чалавек зьвязаныя між сабою верай чалавека ў Бога і любоўю (хаця гэта часам і выклікае сумнеў) Бога да чалавека”. Мне шчыра шкада такога чалавека... Бог і чалавек ня “сам на сам”, яны адно цэлае, і толькі любоў Бога да чалавека, адзіная сапраўдная каштоўнасьць для нас. Па Акудовічу, рэлігійны тып цывілізацыі такі прымітыўны, што ў “дачыненьнях паміж Богам і чалавекам дзьве змацаваныя накрыж трэскі маюць аднолькавую каштоўнасьць з крыжам Еўфрасіньні Полацкай. А, верагодна, трэскі – нават і большую”. Яму, відаць, не зразумець, што славуты крыж Еўфрасіньні Полацкай быў створаны толькі па вялікай ласцы Божай і толькі любоўю да нашага Збавіцеля...
Агульная тэорыя ўзьнікненьня нацыяў гаворыць аб тым, што нацыі пачалі ўтварацца напрыканцы ХVIII ст., і большасьць нацыяў утварылася напрацягу ХІХ ст. Завяршаецца працэс нацыяўтварэньня ўзьнікненьнем нацыі-дзяржавы. Для беларускай нацыі гэты працэс ішоў са спазьненьнем, і асноўныя рысы сфармаваліся толькі ў ХІХ стагоддзі. Хаця шэраг этнічна беларускіх рысаў можна лёгка ўбачыць яшчэ ў ВКЛ.
Што прадстаўляла сабой у этнічна-нацыянальным сэнсе ВКЛ? Яшчэ ў ХVI ст. існавалі этнічныя групы, што аб’ядноўваліся па моўнай, тэрытарыяльнай і канфесій­най адзнацы. Аднак ці толькі пра этнічныя групы мы можам гаварыць? Не малую ролю адыгрывалі тады і патрыятычныя пачуцьці, што відаць з твораў Ф. Скарыны. І, хаця нельга назваць насельнікаў ВКЛ беларускай ці ліцьвінскай нацыяй, але ў гэтым народзе ўжо ўтрымліваліся многія прыкметы будучай нацыі, якую мы сёньня называем беларускай, і такія поліэтнічныя ўтварэньні можна назваць пранацыяй.
“І вясковыя жыхары, і значная большасьць месьцічаў заставаліся праваслаўнымі. Прычына гэтага супраціву рэфармацыйным плыням ляжала ў спольшчанасьці большай часткі магнатаў, так што адданасьць веры продкаў была для большасьці беларусаў справаю нацыянальнага выжываньня”3 , – піша Янка Запруднік. Філосаф В. Акудовіч, цытуючы гэтую фразу, адразу вылучае апошнія словы пра “нацынальнае выжываньне” і робіць наскок на беларуска-амерыканскага дасьледніка, бо як жа так: “нацыя” яшчэ ж не ўтварылася, таму якое можа быць “выжываньне” неіснуючага. Забаронены прыём. Бо ясна, што ў гэтай фразе мае на ўвазе Запруднік. Ён кажа пра нацыянальныя прыкметы той пранацыі беларусаў, якой мы ганарымся і цяпер. І тое ж праваслаўе доўгі час было моцнай зброяй выжываньня беларусаў, якія ніяк не хацелі “зьлівацца” з палякамі ў Рэчы Паспалітай і прымаць каталіцызм. Якраз менавіта вера і была моцным стрыжнем захаваньня беларусакага этнасу спачатку ў ВКЛ, а потым і ў Рэчы Паспалітай. І унія зьявілася па гэтай жа прычыне. Менавіта імкненьне да захаваньня сваёй веры продкаў – найбольш істотны складнік такой супольнасьці людзей, якая завецца нацыяй.
Увесь трактат Акудовіча насычаны, мякка кажучы, недакладнасьцямі. Напрыклад, ён піша: “Але як толькі мовай Улады робіцца польская, дык старабеларуская адразу заняпала (курсіў мой. – А. А.), бо яна была каштоўнай не сама па сабе...” Па-першае, беларуская мова не адразу была выцесьнена з ужытку. Вядома, што толькі ў 1697 годе быў прыняты вядомы каралеўскі ўказ аб забароне “пісару” карыстацца ў справаводстве беларускай мовай. Ад Брэсцкай царкоўнай уніі 1596 г. – гэта роўна 100 гадоў, а не “адразу заняпала”. Па-другое, няпраўда, што старабеларуская мова не каштоўная сама па сабе. Без яе не было б і цяперашняй. Гэта тое самае, як сказаць, што лацінская, ці старжытнагрэчаская мовы не зьяўляюцца каштоўнымі самі па сабе, бо няма іх жывых носьбітаў. Кожная мова, нават мёртвая, ёсьць вялікі скарб сусьветнай культуры.
Але разам з аўтарам эсэ вернемся да тэмы нацыі. Далей ідзе сьцьверджаньне: “Імя альтэрнатывы рэлігійнаму – Нацыя”. Гэты тэзіс усяляк прасоўваецца на працягу эсэ. Праўда, растлумачыць, чаму зьявілася “Нацыя”, у Акудовіча ніяк не атрымліваецца, аб чым ён і сам гаворыць: “Феномен нацыі і па-сёньня застаецца толькі названым, але ня вытлумачаным”.
Феномен нацыі добра растлумачаны многімі аўтарамі. І ў кантэксьце рэлігійным таксама. Нідзе ён не разглядаецца як альтэрнатыва рэлігіі. Наадварот, зьяўленьне нацыяў ёсьць неабходны элемент рэлігійнага быцьця. Грунтоўна дасьледваў гэтую сувязь у кантэксьце хрысьціянства Іван Ільін. У артыкуле “Аб нацыянальным хрысьціянстве” ён піша: “Нацыянальнае пачуцьцё ня толькі не супярэчыць хрысьціянству, але і атрымоўвае ў яго вышэйшы сэнс і абгрунтаваньне; бо яно стварае яднаньне людзей у духу і любові...”. І яшчэ: “Рэлігійнае пачуцьцё і нацыянальнае пачуцьцё не адрываюцца адно ад аднаго, але зьліваюцца і ўтвараюць нейкае жыцьцёвае творчае адзінства, з якога і ва ўлоньні якога вырастае нацыянальная культура”. Нават цяжка ўявіць сабе існаваньне такой нацыі, дзе не было б Бога. Такіх у зямным быцьці няма.
У Акудовіча асабістыя адмоўныя адносіны да рэлігіі пераўтвараюцца ў адзіны аргумент супраць ролі рэлігіі ў станаўленьні нацыі. Ён піша: “Аднак факт застаецца фактам: нашая Нацыя сфармавалася і паўстала ня толькі насуперак суседнім дзяржавам, але і без непасрэднага ўдзелу Рэлігіі. (Ну, а што насуперак Рэлігіі, то гэта натуральна – такім ёсьць шлях кожнай Нацыі)”. Сказана даволі прамалінейна. Ня буду паўтараць думкі многіх выдатных філосафаў аб ролі рэлігіі ў разьвіцьці нацыі, хацелася б толькі папрасіць аўтара, каб ён назваў хоць адну нацыю, якая ўтварылася “насуперак Рэлігіі”. Наадварот, на прыкладзе любой нацыі мы бачым яе перыяд найвышэйшага росквіту толькі ў цеснай сувязі з рэлігіяй. І недарма прэзідэнт США бярэ прысягу абавязкова на Бібліі. Гэтым цэментуецца тоеснасьць служэньня нацыі і Богу. Але не, усё ж была дзяржава – ня нацыя, а кангламенрат, саюз нацыяў, якая адкінула ідэю Бога і растаптала хрысьціянскія каштоўнасьці. Гэта дзяржава – СССР…
В. Акудовіч прэтэндуе на “новы” погляд па пытаньні разьвіцьця беларускага этнасу і беларускай нацыі. Адным махам малюецца “арыгінальны” падыход да гэтай праблемы. Цытую: “Якраз як да нацыянальнага высьпяваньня (і нацыянальнай мовы), то асабіста мне падаецца куды больш істотным не перыяд ВКЛ з яго “залатым” шаснаццатым стагоддзем, а вось гэтая пара “татальнага мораку” ХУІІІ— ХІХ стагоддзяў. Больш за тое, я схільны лічыць (хай сабе пакуль толькі ў фармаце версіі), што не ў часы ВКЛ, а менавіта ў гэтую “нічыйную” пару і сфармаваліся беларусы, як этнас – маючы на ўвазе ўжо ўласна беларускі этнас”. Калі так, дык сучасная “версія” незалежнасьці Беларусі, што датуецца 1944 годам, мае больш логікі, чым гэты тэкст. У згаданыя Акудовічам часы, г.зн. часы існаваньня Беларусі ў складзе Расійскай імперыі (ХІХ ст.), фармаваўся ўжо ня этнас, а нацыя. Усе прыкметы этнасу сягаюць як да Залатога Веку (ХVI ст.), так і да ранейшых часоў Полацкага і Тураўскага княстваў. Аб гэтым сьведчаць як моўныя помнікі, так і іншыя прыкметы этнасу: народныя традыцыі, звычаі, рэлігійныя вераваньні і г.д. Акудовіч паўтарае тэзіс аб тым, што беларуская нацыя аформілася “толькі ў дыскурсе Расейскай імперыі”, і што Расія была “калыскаю нацыяў”. Дзіўна выглядае: дык што, мы, можа, павінны яшчэ падзякаваць Расіі за прадстаўленую ёй “калыску” і магчымасьць нацыянальнага разьвіцьця? Насамрэч, было наадварот: адсутнасьць умоў нацыянальнага разьвіцьця працяглы час была тормазам для фармаваньня нацыяў у Расейскай “калысцы”. Менавіта таму ў ХІХ стагоддзі – эпоху фармаваньня нацыяў ва ўсім сьвеце – толькі этнасы народаў, што ўваходзілі ў склад Расейскай імперыі, затрымаліся ў сваім разьвіцьці. Аднак гэтыя ж аб’ектыўныя і непазьбежныя працэсы пераўтварэньня этнасаў у нацыі сталі адным з вырашальных фактараў распаду Расейскай імперыі…

Ці існуе ўвогуле ідэалогія беларускай дзяржавы і што зроблена ў кірунку фармуляваньня беларускай нацыянальнай ідэі і нацыяналізму?
Адказ на гэтыя пытаньні, на жаль, песімістычны. Амаль усе палітыкі і навукоўцы, што спрабавалі займацца пастаўленымі праблемамі, выяўляюць ці вельмі павярхоўнае разуменьне праблемы, ці прапануюць проста памылковыя падыходы.
Прывяду некалькі прыкладаў.
Любяць разважаць на тэму нацыяналізму літаратары. Разгледзім хаця б артыкул Валеры Булгакава “Пра клясычны і неклясычны нацыяналізм”, які быў надрукаваны ў часопісе “ARCHE” (№3, 2002), а потым лёг у аснову ягонай кнігі “История белорусского национализма”. Аўтар артыкулу з самага пачатку выносіць на абмеркаваньне пэўныя творы вядомых і невядомых літаратараў ды прэтэндуе на аналіз сучаснай беларускай думкі і такіх паняцьцяў, як “нацыя”, “нацыяналізм” і г.д.
В. Булгакаў сьвядома ці несьвядома абмяжоўваецца толькі творамі літаратараў на тэму нацыяналізму (аддаючы, аднак, увагу кнізе польскага навукоўцы Рышарда Радзіка). І тут адразу высьвятляецца наступная дылема: ці трэба аналізаваць мастацкія якасьці твору, ці вылучыць той навуковы сэнс паняцьцяў. Аўтар яўна блытаецца ў мэтах сваёй задачы: то ён аналізуе якасьці бліскучага чыста літаратурнага твору – эсэ У. Арлова “Незалежнасьць – гэта…”, то спрабуе знайсьці вызначэньне філасофска-паліталагічных катэгорыяў нацыі і нацыяналізму ў літаратараў С. Дубаўца ці А. Лукашука. Толькі паляк Р. Радзік у С. Булгакава можа нешта сказаць пра беларускі нацыяналізм навукова. А дзе ж нашыя навукоўцы? Такое ўражаньне, што яны аўтару артыкулу “Пра клясычны і ….” проста невядомыя. А такія імёны ёсьць. І ў гістарычнай персьпектыве, і ў сучаснасьці. Гэта цэлая плеяда вядомых людзей мінулага: ад Ф. Скарыны, М. Сматрыцкага, князёў Астрожскіх да К. Каліноўскага, В. Ластоўскага, А. Станкевіча, У. Гадлеўскага і многіх іншых. Гэта і нашыя сучасьнікі: палітыкі З. Пазьняк, Ю. Хадыка, філосафы У. Конан, М. Крукоўскі, літаратуразнаўца А. Мальдзіс, гісторыкі: М. Ермаловіч, Г. Сагановіч, палітолагі: У. Роўда, В. Чарноў і іншыя. Найбольш поўна былі прадстаўленыя нашыя дасьледчыкі на канферэнцыі “Беларуская нацыянальная ідэя”, што праходзіла ў 1999 годзе ў Гародні. У 2000 г. была надрукаваная кніга матэрыялаў гэтага форуму.
Аўтар згаданага артыкулу пра нацыяналізм “клясычны і неклясычны” абмяжоў­ваецца, як мы ўжо адзначылі, творамі некаторых літаратараў і зьвязвае іх з праблемай беларускага нацыяналізму. Бясспрэчна: літаратар можа браць за аб’ект літаратурнай апрацоўкі любыя зьявы як у прыродзе, так і ў грамадстве. У тым ліку і такую філасофскую катэгорыю, як “нацыяналізм”. Іншая рэч, наколькі яна (гэтая зьява) адэкватная свайму навуковаму адпаведніку. Дык вось, усе літаратары, творчасьць якіх разглядае В. Булгакаў, даволі далёкія ад праблемаў нацыналізму і даволі цьмяна ўяўляюць яго сутнасьць. Літратурныя мроі – гэта ніякае не адлюстраваньне сутнасьці нацыяналізму…

Адным з найбольш вядомых дасьледнікаў, які аналізуе беларускую нацыянальную ідэю (БНІ) з пункту гледжаньня паліталогіі, зьяўляецца У. Роўда. У адной са сваіх працаў у разьдзеле “Аб грамадзянскай нацыянальнай ідэі і этна-культурным нацыяналізме” на прыкладзе фармаваньня нямецкай нацыі аўтарам робіцца выснова аб тым, што этна-культурны нацыяналізм “нецярпіма ставіцца да правоў чалавека і нацыянальных меньшасьцяў і цяжка сумяшчальны з дэмакратыяй”. Зусім ня так. У Нямеччыне якраз вельмі паважліва ставяцца да правоў чалавека. А ўзьнікненьне нацызму-фашызму, на які робіць намёк аўтар, адбылося ў Нямеччыне не ў часы, калі складвалася нямецкая нацыя, а калі яна ўжо склалася, калі нямецкая культура добра заявіла аб сабе. Зьвязана ўзьнікненьне нацысцкай ідэалогіі пошукамі выхаду з эканамічнага крызісу пачатку 20-х гг. ХХ стагоддзя, у якім апынулася Нямеччына. Гэтыя пошукі прывялі рамантычны па прыродзе нямецкі народ да канцэпцыі элітнай крыві і культу лідэра. Як піша ў сваёй знакамітай кнізе “Нацыяналізм у 20-м стагоддзі” Энтані Сміт: “Фашызм і нацызм прадстаўляюць альтэрнатыву і выклік нацыяналістычнаму і сусьветнаму бачаньню разьвіцьця, а не працяг яго”. Няма ніякіх падставаў сьцьвярджаць, што этна-культурны нацыяналізм прыводзіць да “чыстай этнакратыі”, бо менавіта ён ядро, аснова любой нацыянальнай дзяржавы.

Такім чынам, падыходжу да асноўнай часткі свайго артыкулу.
Дзеля таго, каб сфармаваць нацыянальную ідэю, мы павінны выразна ведаць: «Чаго мы хочам?».
А потым мы (калі ўжо ведаем адказ на першае пытаньне) павінны даць адказ на сакраментальнае пытаньне «Што рабіць?».
Здаецца, большасьць грамадзянаў Беларусі будуць салідарнымі ў першым пытаньні: усе мы хочам лепшага жыцьця. Праўда, гэтае «лепшае жыцьцё» людзі разумеюць па рознаму. Большасьці, зразумела, трэба мець шмат грошай пры мінімуме высілкаў. Ёсьць такія, што скажуць: годнае жыцьцё – гэта ня толькі грошы, гэта культура, родная мова, гэта Радзіма-Беларусь. Ёсьць і вялікая трэцяя група людзей, якая дакладна ня ведае, чаго яна хоча, але ня супраць першага і другога падыходаў.
Нам трэба даць такую ідэю, якая б задаволіла ўсіх. Яе прынята называць нацыянальнай. Якой жа павінна быць беларуская нацыянальная ідэя?
Неабходна заўважыць: спалучэньне словаў “беларуская нацыянальная ідэя” (БНІ) – незразумелае “сярэдняму” жыхару нашай краіны. Таму мы павінны БНІ фармуляваць як бы ў двух вымярэньнях :
А – для дасьведчаных грамадзянаў;
Б – для большасьці “электарату”.

Фармулёўка Беларускай нацыянальнай ідэі для групы А:
Беларуская нацыянальная ідэя – гэта праект рэалізацыі нацыі і нацыянальнай дзяржавы.
Галоўныя атрыбуты беларускай нацыянальнай ідэі (далей – БНІ):
1. БНІ – імкненьне грамадзяніна Беларусі ўсьвядоміць сябе ў сваёй нацыі і сваёй нацыянальнай дзяржаве.
2. БНІ ёсьць выразьнік акрэсьленага тыпу культуры, уласьцівага беларускаму этнасу, і ўключае эканоміку, вытворчасьць, адукацыю, рэлігію, мастацтва, літаратуру і іншыя складнікі ўсёй сьвядомай і мэтанакіраванай дзейнасьці грамадзянаў.
Канкрэтызуем гэтую пазіцыю па асноўных галінах культуры.
а) Нацыянальная эканоміка. Некаторыя эканамісты думаюць, што не існуе нацыянальнай эканомікі (напрыклад, Л. Злотнікаў). Гэта не зусім правільнае меркаваньне. Менавіта нацыянальныя каштоўнасьці дазволілі пасьляваеннай Нямеччыне хутка выйсьці з крызісу. Людвіг Эрхард, творца пасьляваеннай нямецкай эканомікі, назваў новую эканамічную праграму “нямецкім цудам”. За невялікі тэрмін (1947–1953) дзякуючы прадуманай і нацыянальна прыстасаванай эканамічнай праграме ФРГ выйшла са стану поўнага разбурэньня і стала перадавой еўрапейскай краінай.
Кожная перадавая дзяржава дасягнула сваіх посьпехаў дзякуючы менавіта сваім нацыянальным асаблівасьцям у эканамічнай галіне. Акрамя тэхналагічных нацыянальных асаблівасьцяў пры стварэньні эканамічных праектаў вялікую ролю маюць таксама тэрытарыяльныя і геапалітычныя асаблівасьці разьмяшчэньня краіны, прыродныя багацьці. Напрыклад, шэраг еўрапейскіх краінаў маюць значны прыбытак ад транзіту тавараў (Швейцарыя, Чэхія, Аўстрыя і іншыя).
б) Нацыянальная адукацыя. Навучаньне павінна праводзіцца на мове тытульнай нацыі. Але гэта будзе ў ідэале, пераход на беларускую мову павінен быць паступовым і “неадчувальным”. Дзеля таго, каб пазьбегнуць дыскрымінацыі нацыянальных мяньшыняў, на тэрыторыі іх пражываньня побач са звычайнымі навучальнымі ўстановамі адкрываюцца школы з роднай мовай мяньшыняў.
в) Рэлігія. У разьвітых нацыях-дзяржавах Царква непазьбежна нясе на сабе нацыянальны адбітак. Як у каталіцкіх Касьцёлах, так і ў праваслаўнай Царкве набажэнствы па магчымасьці праводзяцца на нацыянальных мовах, альбо ў комплексе з прафетычнымі мовамі (накшталт царкоўнаславянскай).
3. Няма дзяржавы, што ня мела б сваёй нацыянальнай сімволікі: нацыянальнага сьцягу, гербу і гімну. Беларусы маюць бел-чырвона-белы сьцяг, герб Пагоню і некалькі нацыянальных гімнаў (сярод якіх найбольш папулярны “Магутны Божа”, створаны кампазітарам Міколам Равенскім на словы паэткі Натальлі Арсеньневай).
4. БНІ павінна быць накіравана на кансалідацыю грамадства. Толькі нацыянальная ідэя здольная аб’яднаць розныя, часам непрымірымыя групы насельніцтва, якія жывуць сумесна, у адной дзяржаве.
5. Беларуская нацыянальная ідэя павінна знаходзіць свае карані ў мінулым. Гэта ўся нашая вялікая гістарычная спадчына, якая пачынаецца з помнікаў матэрыяльнай культуры, гэта летапісы і хронікі, гэта народныя традыцыі, паданьні, фальклор і інш. На гістарычным матэрыяле БНІ мацуецца, набірае сілу.
Ня дзіва, што многія народы, этнасы і нацыі дзеля паўнаты самасьцьвярджэньня апелююць да гіпербалізаваных падзеяў, часта ўзьвялічаных і нават выдуманых постацяў мінулага. Пры гэтым героі мінулага ідэалізуюцца. Яскравы прыклад – гістарыяграфія ў сучаснай Летуве, дзе ўсе набыткі мінулага ВКЛ разглядаюцца як спадчына сучасных этнаграфічных летувісаў, хаця добра вядома, што 80–90% жыхароў Княства складалі русіны – продкі сучасных беларусаў і ўкраінцаў.
6. Мэтай БНІ зьяўляецца стварэньне незалежнай беларускай нацыі-дзяржавы: усе грамадзяне краіны, улучна з тымі, хто і не ўваходзіць у склад тытульнай нацыі, здольныя аб’яднацца, каб сумесна жыць у адзінай, суверэннай дзяржаве. БНІ мае ў гэтым ролю “пуцяводнай зоркі”.
7. БНІ ляжыць у аснове зьнешняй і ўнутранай палітыкі Беларусі. Нацыянальныя інтарэсы краіны – першасныя пры заключэньні міжнародных дамоваў, пры ўтварэньні міждзяржаўных эканамічных і палітычных саюзаў і г.д. Ігнараваньне сваёй нацыянальнай ідэі можа прывесьці да паглынаньня больш моцнай дзяржавай свайго меншага “саюзьніка”. Так, напрыклад, склаўся лёс ВКЛ пасьля заключэньня ў 1569 г. Люблінскай уніі з Каралеўствам Польскім і царкоўнай Брэсцкай уніі ў 1596 г. Тады вырашальнымі сталі прыватныя інтарэсы заможнай шляхты ды крывадушнасьць і фанатызм часткі праваслаўнага духавенства. Так можа і цяпер скласьціся лёс Беларусі пасьля магчымага паглынаньня яе Расіяй у выніку неабдуманай зьнешняй палітыкі.
8. Нацыянальная ідэя набывае пэўную закончанасьць, калі яна фармулюецца як ідэалагічная платформа нацыі. Гэтая тэарэтычная канцэпцыя носіць назву “нацыяналізм”. Нацыянальная ідэя непазьбежна вядзе да нацыяналізму – праграмы дзеяньняў для падтрымкі гэтай ідэі і дасягненьня яе мэтаў. Салідарнасьць, пра якую мараць нацыяналісты, засноўваецца на валоданьні ўсім этнічным багацьцем у часе і прасторы, набыткамі мінулых пакаленьняў, якія нясуць у сабе росквіт нацыянальнага генія. Фактычна, нацыяналізм ёсьць рэалізацыя нацыянальнай ідэі ў тэарэтычнай плоскасьці, нацыя – рэалізацыя нацыянальнай ідэі ў плоскасьці практычнай* .

Фармулёўка Беларускай нацыянальнай ідэі для групы Б (электарату):
Перш чым сфамуляваць БНІ у практычным яе сэнсе, г. зн. у той форме, у якой яна будзе блізкай і зразумелай кожнаму грамадзяніну Беларусі, мусім падзяліць нашае грамадства на некалькі ўмоўных групаў.
1) Інтэлігенцыя (служачыя) і рабочыя.
2) Гарадскія жыхары і вяскоўцы.
3) Прыхільнікі дэмакратыі, незалежнасьці Беларусі і праціўнікі гэтых каштоўнасьцяў, тыя, хто да гэтага часу марыць аб вяртаньні зьніклага Савецкага Саюзу ці хутчэйшага Саюзу з Расіяй.
4) Вялікая група “абыякавых” – “балота”, шэрая маса, тыя, хто, на першы погляд, нічога ня хоча і нікуды не імкнецца. (З гэтай групай трэба найбольш працаваць, бо яна і дасьць неабходны працэнт перавагі дэмакратам.)
5) Ёсьць мноства і іншых групаў: аб’яднаньняў па інтарэсах, па працоўных калектывах, нацыяналістаў і шавіністаў, прыхільнікаў і праціўнікаў беларушчыны і г.д. Усе гэтыя групы неяк перакрыжоўваюцца з папярэднімі і могуць уваходзіць у іх, як і кожная з групаў 1–4 можа падзяляцца па прыкметах групы 5.
Неабходна дамагчыся таго, каб платформа рэалізацыі БНІ, сфармуляваная вышэй у дачыненьні да групы А, стала блізкай і зразумелай групе Б – усім жыхарам Беларусі.
1. Самая першая і важнейшая задача аднолькава неабходная для ўсіх групаў насельніцтва, – гэта ўсьведамленьне неабходнасьці існаваньня Беларусі як незалежнай дзяржавы. Калі для большасьці сяброў апазіцыйных партыяў і няўрадавых арганізацыяў, сьвядомай інтэлігенцыі гэтая ісьціна не патрабуе доказу, дык для простага народу, рабочага і селяніна, наогул тых, хто жыве мінулым, – незалежнасьць не відавочная каштоўнасьць. Прывядзём шэраг моцных аргументаў:
а) Ідэя свайго дому. Беларусам уласьціва дамавітасьць, гаспадарлівасьць, прывязанасьць да свайго кута. Неабходна ўпасьлядоўнічаць лозунгі: “Беларусь – наш дом” і “Беларус – стань гаспадаром сваёй зямлі!” у жыцьцё.
б) Беларус ня любіць ваяваць. Трэба пастаянна даводзіць, што шчыльны, палітычны саюз з Расіяй, а тым больш зьліцьцё з ёй – гэта небясьпечны крок для нас. (Гэта і “каўказцы” на рынку, і чачэнскія войны, служба ў гарачых кропках нашых сыноў і непазьбежныя цынкавыя труны.)
в). Важнейшае пытаньне – аб саюзе з Расіяй. Трэба пасьлядоўна праводзіць палітыку дружалюбнасьці да Расіі і самых добрых пачуцьцяў да расейцаў, але падкрэсьліваць нашую дружалюбнасьць і да ўсіх іншых народаў: украінцаў, палякаў, літоўцаў і іншых. Але на першы план гэтага сяброўства і любові неабходна ставіць любоў да свайго народу, да сваёй краіны, да свайго дому – Беларусі. (Мы ня супраць Расіі і за сяброўства з ёй, але ставімся да яе толькі як да добрага суседа. Не павінна быць састарэлых адносінаў да расейскага народу як да “старэйшага брата”.)
2. Другая задача, што стаіць перад грамадзянамі Беларасі, – выхаваньне пачуцьця сваёй годнасьці, самакаштоўнасьці свайго “Я”. У нас працавіты адукаваны народ, у нас вельмі высокі працэнт адукаваных людзей у Еўропе. Нашыя вучоныя, інжынеры, пісьменьнікі, мастакі вядомыя ўсяму сьвету. У беларусаў славутае мінулае, старажытная гісторыя, мы складалі ядро адной з мацнейшых дзяржаваў Еўропы – Вялікага Княства Літоўскага. Мы павінны выкарчаваць ярлык непаўнацэннай нацыі, якая ня мае мінулага, гісторыі. Трэба разьвіваць той тып нацыяналізму, што носіць у палітаталогіі назву “прэстыжны”. (Магчыма, недзе патрэбна і міфалагізаваць сваё мінулае.)
3. Трэцяя задача: фармаваньне, “узгадаваньне” народнага правадыра. Гістарычна склалася так, што беларускі народ прызвычаіўся жыць за сьпіной “бацькі”. Некалі быў цар. Былі пошукі “добрага цара”. Потым быў “Бацька ўсіх народаў” – Сталін. Яго баяліся, але і цанілі “цьвёрдую руку”. Потым Хрушчоў, Брэжнеў, Андропаў… Шэраг гэтых імёнаў для ўсіх савецкіх грамадзянаў адзіны, але для беларусаў ён яшчэ дапаўняецца легендарным Машэравым. Не зусім правільным будзе меркаваньне аб тым, што гарантам суверэннасьці Беларусі будзе не прэзідэнт, а моцная грамадзянская і палітычная супольнасьць. Якраз “моцную супольнасьць” і зробіць моцнай прэзідэнт, правадыр, якому паверыць народ. Ня так проста нашаму народу зьмяніць векавую традыцыю падпарадкоўвацца “галоўнаму начальніку” – цару, генсеку ці прэзідэнту. Гэтая традыцыя перарасла ў беларускую якасьць і стала адной з рысаў нашай ментальнасьці. Аднак трэба ў новым заканадаўстве абавязкова замацаваць шэраг неабходных законаў для абмежаваньняў магчымасьцяў прэзідэнта.
4. Стварэньне (канструяваньне) беларускага нацыяналізму.
Аналіз сучаснага становішча беларускага этнасу ў сьвеце прыводзіць да наступных асноў канструяваньня беларускай нацыі. Мы падзелім гэтыя асновы на дзьве групы: першую назавём “група НЕ” (гэта ідэі, якія нельга рабіць першаснымі, засяроджваць на іх максімум увагі, хоць яны і маюць дачыненьне да фармаваньня беларускай нацыі і нацыяналізму; на другім этапе яны, магчыма, будуць вядучымі, але толькі пасьля зьдзяйсьненьня першага этапу, ці ў спалучэньні з ім). Другая група аб’ядноўвае ідэі, якія павінны быць першаснымі, павінны “ўзяць на сябе” ўвесь цяжар стваральнай працы. Назавем гэтую групу “група ТАК”.
Група НЕ.
У адрозьненьне ад многіх разьвітых народаў у беларусаў ня склалася дастаткова выражанага нацыянальнага аблічча, якое прынята зьвязваць са сваёй роднай мовай. Будзем зыходзіць з таго, што ёсьць. Будзем грунтавацца толькі на рэальным становішчы рэчаў.
1. Перш за ўсё адзначым наступнае. Відавочным стаў факт: беларуская мова ня можа быць асновай для беларускай нацыянальнай ідэі. Нацыю давядзецца ствараць (дастворваць) на іншых каштоўнасьцях. Мова “прыйдзе” пазьней, і яна непазьбежна прыйдзе, але пасьля таго (ці паралельна з тым), як у грамадстве складзецца “сьвядомы” беларус. Гэты сьвядомы беларус САМ захоча размаўляць на роднай мове. Дарэчы, мноства, калі ня большасьць, сьвядомых беларускамоўных грамадзянаў загаварылі па-беларуску ў сталым ці дастаткова дарослым узросьце, – дзякуючы менавіта ўсьведамленьню сябе як беларуса, як прадстаўніка асобнага этнасу, як адзінкі адметнай грамадзянскай супольнасьці.
Якія ж фактары трэба вылучыць, каб канструяваньне беларускай нацыі і, адпаведна, беларускага нацыяналізму стала рэальнасьцю? І які механізм можна ўзяць за аснову?
Гісторыя ведае розныя варыянты станаўленьня нацыяналізму. Напрыклад, нямецкі нацыяналізм заснаваны на моўным аб’яднаньні людзей. У свой час менавіта нямецкая мова аб’яднала мноства рознародных нямецкіх земляў, якія мелі адзін агульны аб’ект – адзіную мову. Аднак для беларусаў, па прычынах, згаданых вышэй, гэты варыянт, на жаль, малаверагодны.
2. Не падыдзе беларусам і рэлігійная мадэль яднаньня нацыі. Вядома, што паляк асыцыіруецца з каталіцызмам, расеец – з праваслаўем. Англіканская царква стала царквой англічанаў – і толькі іх рэлігіяй. Менавіта гэтая акалічнасьць стала вырашальным фактарам у пераўтварэньні англійскага этнасу ў англійскую нацыю, што адбылося яшчэ ў XV – XVI-м стагоддзях.
У Беларусі назіраецца вельмі стракатая палітра рэлігійных канфесіяў, і на шляху пошукаў адзінай нацыянальнай веры для “сярэдняга” беларуса нас чакае параза. Таму гэтую вобласьць трэба аднесьці да самых інтымных бакоў ментальнасьці беларуса ці жыхара Беларусі. І, магчыма, гэта і добра.
3. Гістарычныя міфы. Яны вельмі важныя для беларусаў. Але яны “дойдуць” да народу толькі на другім этапе. Рэч у тым, што за гады атэістычнага, сатанінскага бальшавізму ў беларусаў склаўся менталітэт занядбанага народу, накшталт крылатага: “Мы ня людзі – мы палешукі”. Сваё славутае гістарычнае мінулае яны ня ведаюць, а калі нехта і даводзіць да іх сапраўдныя гістарычныя факты, дык яны іх проста не ўспрымаюць: “Можа, яно і так. Але ж…”.
Група ТАК.
1. Больш прымальная для беларусаў французская мадэль нацыяналізму: канструяваньне нацыі вакол ідэі дзяржаўнасьці. Сапраўды, суіснаваньне жыхароў Беларусі, усяго беларускага грамадства на кампактнай тэрыторыі з даволі нядрэннымі прыродна-кліматычнымі ўмовамі, з выдатным геапалітычным становішчам, з высокім інтэлектуальным і навукова-тэхнічным патэнцыялам – гэта амаль ідэальная мадэль для разьвітай сучаснай дзяржавы еўрапейскага кшталту. Гэта даўно ўжо зразумелі беларускія прадпрымальнікі, якія адны з першых будуць адстойваць наш суверэнітэт. Мадэль Беларусі як нейтральнай незалежнай краіны, што ляжыць паміж зонай дзяржаваў НАТА і Расійскай Федэрацыяй, – цяпер вельмі рэальны варыянт. Нашая зьнешняя палітыка павінна будавацца на ўсталяваньні блізкіх кантактаў, эканамічных і інвестыцыйных стасункаў з краінамі Заходняй Еўропы і, зразумела, ЗША – з аднаго боку, і сяброўскіх адносінаў з Расіяй на аснове раўнапраўных партнёрскіх сувязяў – з другога боку.
2. Некалькі задачаў трэба рашыць у першую чаргу. Трэба выпрацаваць неадкладныя дамовы, правілы, якімі мы будзем карыстацца ў працы.
Найперш гэта тычыцца ўнармаваньня граматыкі беларускай мовы. У дадзены момант існуе некалькі варыянтаў выкарыстаньня граматыкі, сярод якіх вылучаюцца тры галоўныя: тарашкевіца, наркомаўка ды іх сярэдні варыянт (празваны “дзеясловіца”, – ён выкарыстоўваецца ў “Дзеяслове”). Такі стан рэчаў вядзе да блытаніны, непаразуменьняў, урэшце, да непісьменнасьці.
Яшчэ напачатку 90-х гадоў вялася дыскусія аб неабходнасьці правядзеньня навуковай канферэнцыі аб беларускім правапісе і выпрацоўкі адзіных нормаў беларускай граматыкі. Але гэта не было зроблена. І ня трэба чакаць ад Акадэміі Навук станоўчых крокаў. Такую канферэнцыю можна правесьці праз Інтэрнэт.
Інтэрнэт і тэлекамунікацыі даюць неабмежаваныя магчымасьці шырокага разгортваньня працы па станаўленьні беларускай нацыі і нацыяналізму. І калі пачнецца пасьпяховае напаўненьне зьместам азначанай намі “групы ТАК”, яна непазьбежна “пацягне” і першую групу “НЕ”, якая, безумоўна, стане кампанентам ТАК беларускай нацыі.
3. Ідэя дзяржаўнасьці яшчэ не самадастатковая для канструяваньня беларускай нацыі. Яна толькі ўмова станаўленьня, прагрэсу нацыі. Саму нацыю трэба перш за ўсё стварыць. І гэты механізм неабходна, відаць, пачынаць з нуля. Такі варыянт нацыяналізму вядомы як фінскі. Фінскую нацыю стварылі нацыянальныя ідэолагі ў канцы ХІХ ст. шляхам стварэньня фінскага міфу, які шляхам адукацыі і асьветы быў прынесены ў народ.
Беларускую нацыю можна таксама ствараць “з нуля”. Але не рамантызаваць нацыю праз нейкага нацыянальнага генія, а ствараць яе праз распаўсюджаньне легенды аб практычнасьці нацыянальнага існаваньня, выгодах быць беларусам, наогул прыярытэтнасьці беларускай ідэнтычнасьці на Беларусі ў адносінах да іншых этнасаў, у прыватнасьці, расейскага.
Пачатак ХХІ стагоддзя засьпеў беларусаў, магчыма, у самы спрыяльны момант дзеля стварэньня сваёй ідэнтычнасьці, стварэньня сваёй нацыі і нацыяналізму. Канец ХVIII–ХІХ стагоддзе зьвязаны з пачаткам індустрыяльнай рэвалюцыі, якая прывяла да пераўтварэньня многіх этнасаў у нацыі-дзяржавы. Гэты працэс працягваецца і цяпер. Але ў дадзены гістарычны момант сусьветная гісторыя ўвайшла ў новую адметную эпоху.
Гэтая эпоха носіць назву інфармацыйнай рэвалюцыі і пачалася зусім нядаўна – з 90-х гадоў ХХ стагоддзя. Тады, калі ў нас пачыналася нацыянальнае адраджэньне і станаўленьне кволай беларускай дзяржаўнасьці, у сьвеце разгарэлася інфармацыйная рэвалюцыя, якая рэзка мяняе стасункі паміж людзьмі, мяняе менталітэт і шмат чаго іншага. Дзякуючы сусьветнай кампутарнай сетцы ўвесь зямны шар імгненна пераўтварыўся ў адзіную сістэму, законы якой адрозьніваюцца ад ранейшых і вынікаюць з агульнай тэорыі сістэм. Цяперашнюю эпоху атаясамліваюць з працэсамі глабалізацыі, сусьветная супольнасьць дзяржаваў нават атрымала назву “сеткавае грамадства”, што пераводзіць нашае існаваньне ў сьвеце на якасна новы ўзровень.
Разам з разьвіцьцём філасофіі глабалізацыі ня меншы размах атрымаў і іншы працэс – адваротны. У людзей зьявілася імкненьне да пошукаў тоеснасьці. “Самасьць”, сваё “Я” набывае першаступеннае значэньне. І сусьветная кампутарная сетка, інтэрнэт – найлепшы сродак дзеля зьдзяйсьненьня беларускай ідэнтычнасьці на справе. Тое, што рабілі некалі фіны “ўручную”, пачынаючы сваю нацыю “з нуля”: хадзілі ў народ, вялі праз маладзенькіх настаўніц адукацыю вёскі і інш., цяпер можна ажыцьцявіць зусім іншым шляхам, не выходзячы, практычна, з дому. Усе гэтыя задачы пасьпяхова выканае тэлебачаньне ды інтэрнэт. Больш таго, да адраджэньня беларускай нацыі можа спрычыніцца амаль кожны. Кампутарызацыя, тэлекамунікацыі патрапляюць у кожны дом, у кожны горад, а хутка прыйдуць і ў кожую вёску.
Усё гэта дае нам выдатны шанец...