12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Сяргей Астравец

_____________________
Флот каўчэгаў.
Аповед пра пакінуты рай

Чаму ж гэткае спусьцелае мора?! Гэткае ціхае
і спусьцелае! Дзе параходы цудоўных, багатых краінаў?”
І. Шмялёў, “Канец канцоўзСонца мёртвых
Рай за кармой. Сьветлая краіна, дзе лепей памерці ўжо, чымсьці жыць. Дзе жудасна застацца. І якую страшна пакінуць. Але яны наважыліся. Зрэшты, не засталося іншага выйсьця. Гэта былі роспачныя ўцёкі з жахлівага сну. Жыцьцё аднойчы ператвараецца ў сон, і такі сон заўжды вусьцішны. З імі здарылася найгоршае. Уцякаць з уласнага дому. Ратавацца
Фабіян з Сабінай выскачылі з недалужнай старой таксовачкі. Пабеглі з рэчамі скрозь сьцяну дажджу. Су­цэльна мокрыя апынуліся на ганку, перад якім экзатычна стаяла выносістая пальма. ПансіянатШчыт і мечаказаўся міліцэйскім. О, сьвятая наіўнасьць, бес­падстаўныя спадзевы! Праўда, каляровы плакат паведамляў пра рыцарскі турнір. Аднак ён меўся адбыцца ня тут, а ў генуэзскай крэпасьці, што на адлегласьці. Але яны выбралі гэтае мястэчка, разважыўшы, што ўмовы каля крэпасьці будуць горшыя.
Абяцаныя кандыцыянер, які музычна рэагуе на пажаданьні, тэлевізар і лядоўня, якая вісела чамусьці над ложкам Фабіяна. Рассунуўшы жалюзі, Сабіна выйшла на тэрасу і не стрымала захапленьня. “У нас ніколі не было такога пакою!” Краявідам было мора. Разьлеглае, попельна-блакітнае. Паміж ім ды імі схілы густа зелянелі кіпарысамі, паўднёвымі кедрамі, ядлоўцавымі і лаўровымі дрэвамі. Паветра здавалася гаючым узварам з іхняга водару.
Стравы ў сталоўцы расчаравалі савецкасьцю. Абяцаныя чатырыста метраў да пляжу ператварыліся ў прыступкі бясконцых лесьвіцаў. Мора сустрэла лагодна-бадзёрай хваляй. Не зважаючы на часовую адсутнасьць сонца. Пасьля першага купаньня пайшлі шукаць паштамт, вывучаючы мапу набярэжнай, і адразу стаўшы часткай натоўпу адпачыньнікаў. Фабіяну захацелася заставацца пасьля пляжу басанож. Сабіна палічыла гэта дзівацтвам, але не пярэчыла.
Першай бутэлькай віна стала чырвонае з горнага заводзіка. Колерам і смакам вельмі падобнае да кяньці. Насычаны смак. Цёмнае, густое. У вінаробаў толькі з мастацкім густам, мабыць, ня вельмі. Наступная пляшка, чырвонага сталовага, весяліла этыкеткай. З назвай гарэмнай прыгажуні. З партрэтам гараджанкі пэндзля фламандскага майстра. З прысьвячэньнем угодкам паэта з бакенбардамі. З ягоным аскомным насатым профілем. З чатырохрадкоўем. З сентыментальнымі жоўтай і чырвонай ружамі. Нарэшце з паведамленьнем, што акцызная марка ўдзельнічае ў розыгрышы каштоўных прызоў. Прыцягнуў увагу яшчэ адрас вінярні: вуліца Македонскага, адзін. Яўна, не імператара.
З трэцяй бутэлькі яны толькі пасьмяяліся. НазываласяМысьліцель”, пераконваючы недалужна радэнаўскай скульптурай. Зьбіраць уражаньні ад вінных шэрагаў таксама цікавы занятак. “Чорны доктар”, “Чорны палкоўнік”. Цэлая батарэяпалкоўнікаў”. На розны густ і кішэню. “Вочы чорныя”. “Чорная маска”. Адкуль такая прага да ўсяго чорнага? Ночы на поўдні вельмі чорныя. Але палкоўнікі? Нейкая лаціна-амерыканшчына.
Пасьля вячэры на тэрасе выпіць удвох бутэльку віна, назіраючы за жыцьцём на моры. Іхняя часовая традыцыя. Так-так, хай кароткая, але традыцыя. Дадатак да аздараўленчага ўплыву мора, сонца і насычанага пахамі субтрапічнага паветра. Пасьля пляжа яны шпацыруць з натоўпамі па набярэжнай, выбіраючы ў крамках наступную пляшку. Распытваюць, просяць паказаць. Бяруць у рукі, разглядаюць, чытаюць. Абмяркоўваюць. Часам Сабіна не згаджаецца.
Але ў рэшце рэшт яны разам спыняюць свае вочы на бутэльках двух заводаў. Якасных і добра аформленых. Першыямоцныя, вытрыманыя, з гадамі. І салодкія. “Стары нектар”, напрыклад. Ад якога вечаровы краявід робіцца цяплейшым, прахалодная ночутульнейшай. Сабіне, праўда, не заўсёды хочацца салодкага віна, яна ніколі не салодзіць каву. І гарбату таксама. Фабіяну, наадварот, даспадобы часам атрымаць асалоду ад густога моцнага прыгожага напою, які мае вінаградна-дубовы настоены пах і пакідае алейныя сьляды на сьценках шклянкі. Але ўрэшце і ён адчуў сябе перасычаным салодкім бурштынным віном. Каб не прахалодныя дзянькі, больш за пару шклянак яго было увогуле б не агораць. Гэта віно для мокрай восені, для халоднай зімы. Наліваць яго ў келіх, адчуваючы радасьць, пяшчоту захаванага сонечнага праменьня. Маючы перад вачыма мокрае ад дажджу або сьцятае марозам акно.
А яшчэ цікавей пакаштаваць чым болей гатункаў з доўгага шэрагу іншых вінаўз антычнымі назвамі і малюнкамі. “Перліна Арыстэя”. Васьмігадовага веку. З самарэкламай на задняй налепцы — “Віно высокага майстэрства і традыцый мясцовых вінаробаў, выдатнай якасьці, сапраўдная асалода для гурманаў”, якая іх крыху сьмешыць, хутчэй бянтэжыць. Гэты старажытны грэцкі бог навучыў людзей вінаробству, а таксама вырошчваць аліўкі. Імя Эўрыдыкі, тым часам, вядомае ў тысячу разоў болей за імя Арыстэя. А менавіта ўцякаючы ад яго, яна наступіла на зьмяю і загінула ад джала.
Сабіна займаецца дакладнымі навукамі, але шмат чытае. Пераважна заходнюю літаратуру. Часьцей сучасную. Фабіян калісьці вывучаў антычную літаратуру. Зрэшты, “у галопах па Еўропах”. Хаця старажытнае пісьменства вельмі прывабіла яго. Пакінула, прынамсі, жаданьне некалі па-сапраўднаму пачытаць тэксты. Глыбока пераканала, што карані ўсяе літаратуры ў тых далёкіх часах, у пергаментах і папірусах, у гліняных таблічках. Што берасьцяныя граматыпапросту мясцовая асаблівасьць, каларыт.
Вывучаць недавучанае такім прыемным чынамяшчэ цікавей. Параіўшыся, яны спыняюцца наМускаце Арыстыя”. Сваіх ведаў тут недастаткова. На набярэжнай яны заходзяць у кнігарню, якая ў атачэньні высокіх кіпарысаў. У антычным слоўніку знаходзіцца патрэбнае імя. Яно належала старагрэцкаму пісьменьніку. Ён напісаў паэму пра міфічны скіфскі народ, пра арымаспаў. Яны мелі толькі адное вока. А-ля цыклопы. Абставіна гэтая крыху бянтэжыць Сабіну і Фабіяна. Хаця, прычым тут цыклопы? Віно прысьвечана адному з самых першых літаратараў. Мець такую пляшку на сталегонар, прыемнасьць. Фабіян падлівае Сабіне. Паварочвае бутэльку і летуценна зачытвае: “Віно пераносіць чалавека ў сьвет мрояў і каханьня”.
Раніцай пахне цёплымі букаткамі. Суседзі за сталомсужэнцы з вялікага прамысловага гораду, дзе кепская экалогія. Праз некалькі дзён пры нагодзе яны прызнаюцца, што абодва — “супрацоўнікі”. Фабіян з Сабінай адносна яго так і падумалі. Потым ён прыйшоў на сьняданьне ў расшпіленай кашулі, з ладным праваслаўным крыжам на ланцужку. І яны крыху завагаліся. Напачатку ніякай размовы — “дабрыдзень”, “смачна есьці”. Адно абмяняліся зьвесткамі хто адкуль. У яго, напэўна, язва ці гастрыт, бярэ дыетычныя стравы, аўсянку. У кухараў нестабільны настрой. То смажаная чырвоная рыба, розныя іншыя прысмакі, то абы-што, ажно шкада грошай.
Кандыцыянер, якім сюды завабілі Сабіну і Фабіяна, нечакана ня вельмі патрэбны. Ва ўсякім разе, не заўсёды. Надворе негарачае, прыемнае для жыцьця. Зусім неспадзявана яны прыехалі са сваёй паўночнай сьпёкі ў паўднёвую прахалоду. Апынуўшыся ва ўмовах, аб якіх не маглі й ду­маць. Ім сказалі, што яны прывезьлі з сабой дождж і палёгку. На дарозе іх засьпела гвалтоўная залева, сапраўдная пляга. Міні-аўтобус, які спачатку сьпяшаўся, парушаючы дарожныя правілы, пачаў рухацца чарапашыным чынам, каб ня быць змытым воднымі плынямі з гор. Другім разам дождж засьпеў іх на пляжы
Каўчэг, адплываў каўчэг. Фабіян спрабуе ўявіць сябе на борце. Адчуваньне на мяжы вусьцішы. Стрыманая радасьць, што адарваўся ад берага. А таксама, што пакінуты бераг хутка зьнікае ў хвалях. Як пад час бедства. Цунамі, вывяржэньня падводнага вулкану. Як зьнікае арда ў адмысловых шапках з чырвонымі зоркамі. Захлынаецца салёнай вадою. Вобмегам траціць сваю пагрозу, небясьпеку, ваяўнічасьць, бясьсьледна губляючыся. Пекла, у якім нягорача. Фабіян ляжыць на пляжы з заплюшчанымі вачыма і бачыць, як вада ўзьнімаецца, робячы горы каменнымі айсьбергамі.
Радасьць насельнікаў каўчэга і жах. Жах не дачакацца зьмяншэньня вады, канца сусьветнага патопу. Не дачакацца берагу. Памерці з голаду, калі закончацца харчы. Са смагі, калі скончыцца або сапсуецца вада. У бочку пакласьці срэбны сігнет, не забыцца. Сьвятая вада, яна на срэбры, яна гаючая. Урыўкі думак. Як кідаецца конь у ваду, плыве за гаспадаром, што, скочыўшы з сядла, узьбег па трапу парахода. І стаіць ля борту, здранцьвеўшы. Зрэшты, Фабіян гэта сабе толькі ўяўляе пад уплывам кіно. Нічога заганнага мысьліць крыху шаблонна. Хаця няма ніякага шаблону, адзін прыклад толькі вядомы, іншых папросту не існавала. Малапапулярная тэма. Іх выгналі, яны ўцяклі. Панічныя ўцёкі, казалі пра іх.
Самі сабе падпісалі прысуд. Прыблізна так, магчыма, думалі камісары, што засталіся на беразе, які патануў толькі ў фабіянавых думках. Шкадавалі, што вымкнуліся з рук. Ці прабачылі, махнуўшы абыякава рукой? Наўрад. Паляўнічы азарт не зьнікае да самага апошняга зацкаванага зьвера. І нават часова потым. Дагнаць, застрэліць, выкурыць з нораў, з логвішча, з бярлогу. Ад пагоні вочы заплываюць крывёй, віно перамогі тлуміць галовы. Хтосьці шкадаваў, што няма аэрапланаў, каб дагнаць, разбамбаваць. Што няма флоту, затопленага ў 18-м. Хаця б адную субмарыну!
Гэтае мора, яно ці ня тое Чырвонае, праз якое ратаваліся ад ягіпецкай няволі? Ад нявольніцтва, абвешчанага свабодай? Знарочыстасьць параўнаньня. Мора было Чорным, а ўцякалі яны ад чырвоных. Фабіян расплюшчвае вочы... Клубы, грудзі. Фабіян служыў усупрацьпаветранай абароне краінытут, блізка мора. Тое, што ў падобных да яго аматараў добрага року, напаўзабароненага тады, выклікала адно адмоўныя ўспаміны, пакінула ў ягонай душы досыць прыемных уражаньняў. Не само войска, якім ён таксама пагарджаў, а знаходжаньне пад час службы на паўднёвых берагах субтрапічнага раю. Ніколі раней ён ня бачыў мора. Ён яго палюбіў. Не хацеў зьязджаць. Яму жадалася ня гэтулькі застацца, як папросту жыць ля мора. Хай нават халаднейшага, але якое значна бліжэй да ягоных мясьцінаў.
Сабіна нарадзілася ля таго іхняга мора. З якога вылоўлівалі ня толькі рыбныя касякі, але і бурштынныя пацеркі. Сярод дзюнаў, пад небам, у якім журботна крычаць мэвы. Побач з рэйдамі, занятымі ракетнымі крэйсерамі. З затокамі, як селядцамі бочкі, наладаванымі субмарынамі. І дзюнамі, за якімі хаваліся рухомыя краты радыёлакатараў і спараваныя цыгары ракетных комплексаў. Моры ў той краіне былі падобныя. Яны заўсёды лічыліся небясьпечнай мяжой. Іх надзвычай пільна ахоўвалі. Публіка на пляжах старалася абстрагавацца. Ахова была падобнай. Адно радары, радыёлакатары і ракеты ў іншым разе хаваліся на вяршынях і сярод горных гаргараў, а не ў сасновых барах і выдмах. А падлодкіу скалістых сховах. І мэвы над цёплым морам луналі вельмі буйныя і больш галасьлівыя.
Горы над самым морам абаранялі пляжную стужку ад засушных стэпавых паўночных вятроў. Але гэта што датычыць геаграфічнай мапы. На штабных усё выглядала інакш. Генералаў мала абыходзілі пляжныя радасьці і ўжо амаль не цікавілі крыху кававыя фігурыстыя харашунькі. Па генеральскай завядзёнцы іх нават ня вельмі прываблівалі вінныя склепы ў горных сутарэньнях. Генералам той арміі належала любіць гарэлку, не зважаючы на клімат. Незалежна ад яго. Тым, хто служыў тут, адно падабаліся дадаткова мясцовыя каньячкі. Але сапраўднай любоўю для іх былі штабныя мапы, у якіх яны плавалі, як рыбіны ў вадзе, то бок у моры. Адно, што пілі аднолькава шклянкамі, па-баявому.
Сабіна з Фабіянам адмовіліся ад кантовых, якія былі ў нумары, пюць сваё віно з пластыкавых. Заўжды пасьля вячэры альбо вечаровага шпацыру. За круглым сталом на тэрасе з марскім краявідам. Фабіян дзеля гэтага выцягвае з пакоя вялізны скураны фатэль з драўлянымі падлакотнямі. Скура тоўстая, у зморшчынах. З такой шылі калісьці крагі і скуранкі для авіятараў і аўтамабілістаў, а сёньнячаравікі для амону і сьпецназу. Скураную гаргару яны называюць Сабакевічам, уладкоўваецца ў ёй зазвычай Сабіна. У талерцы марэлі, вінаград. Сыр. Лёгкая пластыкавая шкляначка ажно падскоквае ад рэзкага струменю, які падае з рыльца. Лепей прытрымаць яе. Залацісты, бурштынны або гранатавы струмень.
Каштаваць віно, назіраючы зьмены на моры. Рух караблёў. Марскіх аўтобусаў, якія спыняліся на кожнай самай малой прыстані, дастаўляючы пасажыраў. Яхты, рыбацкія траўлеры. Драўляныя шхуны. Адныя пераплывалі краявід зьлева направа або наадварот і зьнікалі. Іншыя шукалі сабе месьцейка нанач. Часам нагадваючы ката, які пераборліва перакладаецца з боку на бок, зьмяняючы паставу, перад тым, як за­снуць. Нарэшце кідалі катвігу. Калі пачынала цямнець, запальвалі ліхтары. Нейк па-хатняму. Сузіраньне руху, прыгатаваньняў супакойвала. Так калісьці назіраў наступленьне ночы ў пампасах славуты пісьменьнік-авіятар з кабіны паштовага летака... Можа, яшчэ віна? Так, калі ласка. Ён адзначаў, пралятаючы над селішчамі і мястэчкамі, як запальваюцца агеньчыкі ў дамах, распаўсюджваючы навокал у ночы цяпло камінка, сямейнага агнішча.
Увогуле Фабіяну пашанцавала тады. Гэтак трапіць на службу. Канешне, разам з астатнімі мусіў адбываць кухонны абавязак, хадзіць на варту і дзяжурствы па казарме і начныя баявыя, зрэшты, цэладзённыя. Змагацца са сном з навушнікамі на галаве. Але можна было паслухаць музыку, трапляліся і галасы. Ня тое, што які-небудзьМаяк”. Можна пачуць шмат цікавага. Напрыклад: нават у нацыянальнай народнай арміі ГДРможна піва, выхадныядома, віно, паляўнічыя каўбаскі. А пра армію ЗША і казаць няма чаго. З адкрытага мора было добра чуваць, ягонае люстра якасна адбівала, ствараючы перашкоды толькі ў шторм. Хаця штарміла часам падоўгу, асабліва што датычыла восені і халоднага сезону наогул. Абы афіцэр не засьпеў. Хаця і самі яны карысталі з магчымасьці, слухалі відавочна таксама.
Дзяжурства на гары. Пячора з капэ. Бункер. Рамантыка. У пэўным сэньсе. На капыл, як у кіно пра стаўку фюрэра. Абеды дастаўлялі газікам з даліны, дзе казарма і сталоўка, склады, штаб і салдацкая чайная. Грэчка, кавалак смажанай рыбы. Яйкі і шматок масла, якое ўлетку заўжды растаплівалася, напітвала хлеб, на лусту якога клалі, каб не змарнаваць. У ленпакоі Фабіян, атаспаўшыся, спрабаваў штосьці выдумляць прыблізна ў літаратурным рэчышчы. Паміж лістамі, пісанымі ў тым жа сшытку. Пасьля першага году службы стаў даволі шмат чытаць. Часам нават сёе-тое купляў, калі трапляў у кнігарню ў звальненьні. І ў гарнізоннай кнігараньцы знаходзіў зрэдку цікавыя кніжкі.
Адчуваць сябе геаграфічна было прыемна. Фабіян у сваёй казарме пасьля адбою засынае, усьведамляючы, што за гарою мора, цёплае, чорнае ноччу мора. Цэлая прорва. Глыбокай вады з медузамі і дэльфінамі. А тамака, за морам, іншае жыцьцё. Ідэалагічна варожае. Зусім-зусім не такое, не падобнае. Як дзень і ноч. Яны адчувалі гэта фізічна, ня бачыўшы таго жыцьця і ня меўшы нават надзеі ўбачыць. Іх так вучылі. Паказвалі старыя-старыя чорна-белыя падрапаныя кінастужкі пра Ізмаіл і Чэсму. Кніжкі з карцінкамі. Патрыятызму навучалі. За морам уяўляліся накшталт запарожскіх казакоўвусатыя ў шараварах і з чырвонымі фэскамі або ў чалмах страшныя людзі з крывымі шаблямі. Бармалеі з дзіцячага фільма.
Але баранілі яны не ад іх, не ад аматараў кальяну і ятаганаў. Баранілі не ад нашчадкаў янычарскіх, ад натаўскіх Фантомаў іБ-52”. І ракетнай зброі амерыканскай. Дбайна вывучалі назвы і сілуэтылетакоў, караблёў, субмарынаў, ракетаўпадводнага ды іншага базаваньня. Авіяносьбітаў. Гонка ўзбраеньняў, псіхоз. І штучнае іх узмацненьне. Бясконцыя вучэньні, начныя. Навалы бамбавікоў. Чароды крылатых ракетаў. Як хмары вострых атручаных стрэлаў персідскіх лучнікаў на калясьніцах. Баявыя сланы. Заняткіуявіць лёт такой ракеты, ляціць нізенька па-над морам, узьнімаецца, агінае гару і Фабіяну з хлопцамі капут. Амаль немагчыма зьбіць, увогуле заўважыць. А нейтронная бомба? Жах! А ўсякая іншая трасца? Хмары саранчыкаб зьнішчыць ураджай, выклікаць галадоўлю.
Смак да антычнай літаратуры, цікавасьць да амфараў размаляваных сюжэтнымі сцэнамі, захапленьне старагрэцкімі героямі прышчэплены яму тут, сярод сапраўдных элінскіх краявідаў з вечназялёнымі дрэвамі і вінаграднымі лозамі. Ён і паўночны кіславаты дзікі вінаград потым таксама палюбіў... Як у кагосьці са старажытных? “Што рабіцьмем узімку? Слухай: агонь распалі, ды, не шкадуючы, у кубкі зьмяшчальныя лі хмель уцешны, ды пацяплей у цёплай бавоўне схавайся“. Фабіян ня мог даць веры, калі выйшла вялікая кружэлкаПа хвалях маёй памяці”. Яе набыць было немагчыма, але адразу зьявіліся запісы. Штосьці зусім надзвычайнае, як на тадышнія савецкія парадкі. Ніякага камсамолу, ніякіх саладжавых тэксьцікаў. Вершы Сапфо ды іншых класічных паэтаў. “Песьня вагантаў”. Яе ён сьпяваў, хаця б у думках, калі не дазвалялі ўмовы.
У французскай старане, на чужой планеце...” Уменьне абстрагавацца. У казарменных умовахгэта галоўнае. Каб ня даць апанаваць сябе парцяншчыне, прыкрым армейскім завядзёнкам, ладу жыцьця тупагаловых, якія як рыба ў вадзе пачуваліся. Кніжныя драўляныя салдаты. Сам Фабіян хутчэй заставаўся алавяным жаўнерыкам. Жыць унутраным жыцьцём. Мець уласны сьвет. Без ахвоты, без імпэту і пагатоў азарту выгукваць каманды і адказы, раўці ротныя песьні. Нават не раўці, як іншыя, крыху падпяваць, калі побач прапар або яшчэ які-небудзь дзяжурны. “Плачце ж, мілыя сябры, горкімі сьлязамі...” Гэтак трымацца дапамагала райская мясцовасьць. Яе гістарычны дух. Тая ж генуэзская крэпасьцьмасток паміж напачатку антычным, потым скіфскім, затым надоўгамусульманскім сьветам і сярэдневечнай Эўропай. Можна было паразважаць на паперы наконт татараў, агульнай мінуўшчыны. Гедымінаўскі замак. Дзе пасялілі іхняга хана Тахтамыша. Грунвальд, дзе знакаміта вызначалася татарская коньніца
Раніцы, раніцы былі пазбаўленыя гарадскіх гукаў, аўтамабільнага шуму, нядзельных царкоўных званоў. Сьценаў і дахаў за вакном. Выходзячы на тэрасу, Фабіян узгадваў, што насупраць павінен быў начаваць карабель. Увечары прыплыў і запаліў агонь. А сёмай ён яшчэ на месцы. Робіцца ўтульна. У думках успрымаецца, як амаль стары знаёмец. Але ўвагу міжволі забірае сонца. Як вадкае золата ў моры, што нібы патэльня вялікая з аграмадным мёдавым жаўтком. Іншым разам на ўсходзе ранкам у моры расплаўленае жалеза. Сьлепкае для вачэй. Глядзець немагчыма, можна толькі хуценька зірнуць. Ціхая, маўклівая раніца. Караблі прачынаюцца бязгучна. Толькі з усіх бакоў ад тэрасы капае з трубак кандыцыянераў, якія старанна гудуць, халодзячы паветра ў пакоях. Паступова там, на караблях, устаюць, мыюцца, чысьцяць зубы, зьядаюць сваю яешню і выпраўляюцца па справах. Мора для іх не адпачынак, праца. Не марнаваньне часу, а зарабляньне на хлеб. Раней, гаворыць каляжанка Сабіны, не было паліва, і яны ўсе калываліся ля берагу, прыкутыя ланцугамі.
Каляжанка зьявіцца літаральна на наступны дзень, прыплыве праз адзін пляж, яны тут усе навокал па прапусках. Караблі разыходзяцца, а Фабіян і Сабіна спускаюцца стромымі лесьвіцамі да пляжу. Жудасныя лесьвіцы, сотні прыступак. Але яны значна горшыя, калі трэба назад. Зрэшты, нечаканая трэніроўка. Пасьля выседжваньня каля тэлефона і кампутара. Фабіян іранізуе: другім разам трапіў у вучэбку. Але гэта пасьля пляжу ўжо. А на пляжы іх расшукала Сабініна каляжанка. Сабіна паведаміла ёй па і-мэйлу, што едзе адпачываць у Таўрыду. Яна пацікавіласякуды менавіта. І таксама прыехала, утрох са сваёй сяброўкай і яе дачкой.
Бадай самы рамантычны момант. Караблі ўладкоўваюцца на начлег, ствараючы на вадзе, у цемры часовыя паселішчаз выгляду такія ж, як на беразе. Толькі ў моры менш дамоў і меней жоўтых вокнаў. І няма вуліц, калі не лічыць зіхатлівы ходнік ад пражэктара, які на мачце траўлера. На тэрасе можна запальваць сьвятло, але тады ня бачнае мора і прысутнасьць ягоных часовых жыхароў, падарожных, якія спыніліся на начлег у сваіх перасоўных гатэліках, што быццам ліхтарні папярэджваюць аб уласнай прысутнасьці. Распаўсюджваючы навокал жоўтае сьвятло. Lemon juice. Альбо апельсінавы... Разьліты на чорную марскую роўнядзь. Жоўтыя начныя вочы невядомых зьвяроў. Магчыма, загадкавых марскіх пачвараў, якія ўдзень хаваюцца ад сонца і ад людскога вока. Ах! Трэба класьціся. Апошні глыток вінца, затрыманы ў роце. Быццам раздушыў нёбам ды языком і затым разжаваў даўкую паўночную вінаградзіну.
Фабіян заплюшчвае вочы. На чорна-белым экране па высокіх хісткіх трапах уверх сьпяшаюцца цывільныя буржуазнага выгляду пад капялюшамі з сакваяжамі, трысьцінамі, у пенснэ і акулярах, у скураных пальчатках панове, а таксама дамы, дзеці, гувернанткі. Мы ня ведаем, а хутчэй здагадваемся, што сярод іх дактары, суддзі, адвакаты, універсітэцкія выкладчыкі, банкіры, купцы, стацкія ды іншыя дарадчыкі, дэпутаты, правадыры шляхецтва, земскія чыноўнікі, памешчыкі, паштовыя і тэлеграфныя службоўцы, чыгуначныя інжынеры, фабрыканты. Фабрыканты бяз фабрык, інжынеры без чыгункі, паштавікі і тэлеграфісты бяз пошты і тэлеграфу, памешчыкі без зямлі і сядзібаў, земскае чынавенства даўно бяз земстваў, правадыры бяз шляхты, дэпутаты бяз Думы, стацкія дарадчыкі без міністэрстваў, купцы без тавару, крамаў і параходаў, банкіры бяз банкаў, а калі з грашыма, то з абясцэненымі, выкладчыкі без універсітэтаў, без мікраскопаў і глобусаў, астралябіяў, адвакаты без прамоваў і падабаронных, суддзі бяз мантыяў, дактары бяз лекаў і шпіталяў.
У агульнай чарзе ўзьнімаюцца на сваю, ва ўласных вачах, Галгофу гімназічныя настаўнікі, вучоныя, прафесура, прыват-дацэнты, філосафы, паэты і празаікі, газетчыкі, актрысы з акторамі, рэжысёры правінцыйных і сталічных тэатраў, піяністы, скрыпачы, дырыжоры, божа ж мой, тэнары, басы і сапрана, нарэшце шахматысты і нават балерыны і танцоўшчыкі. Хтосьці трымаў з сабой біблію, хтось пару тамоў пушкіна, нехта, можа, бляшанку з попелам, жменю зямлі, а іншы бутэльку масандры. Фотаздымкі, лісты з маркамі больш няіснай краіны, марныя купюры з імператарамі ды імператрыцаміАдбываліся вялікія пярэбары нават не народу, пярэбары, кажучы цяперашняй моваю, сьпецыялістаў, адмыслоўцаў. Неверагодна: сьлізгалі па леерах спрытнымі рукамі жанглёры, акрабаты, хадуны па канаце, паглынальнікі агню, кінжалаў, утаймавальнікі зьвяроў, картачныя фокусьнікі, але й шулеры і таксама клоўны, як жа бяз іх? Яны болей не былі патрэбныя, прынамсі не адчувалі сябе дарэчнымі, паставілі крыж. Засталіся далакопы, іх чакала праца, праўда, за яе перасталі добра плаціць, што ні дзіўна.
Напруж думку: ці яна, флатылія, якая ня вернецца, здавалася каўчэгам, каўчэгам-караванам на свабоду? Ці каўчэгам быў сам Крым? Часовым каўчэгам, як хутка высьветлілася. Які ім давялося сьпехам пакінуць, ратуючы свае душы, істоты, свае гонар і годнасьць, жыцьцё. Сваю рэлігійнасьць, сумленьне, як ні дзіўна, сваю любоў да радзімы, да зямлі продкаў, да айчынных сьвятыняў. Але з разьбітымі надзеямі, з раструшчаным як царкоўны звон шчасьцем, са згубленымі радасьцямі. Уласна кажучы, бяз веры, пагатоў без цара і зусім без айчыны. З пахаванымі марамі, учорашнімі непатрэбнымі посьпехамі, стлумленымі жаданьнямі, марнымі планамі, колішнімі пражэктамі, з недарэчнымі сёньня памкненьнямі, з пакінутымі ў іншым жыцьці каханьнямі, вянчаньнямі і шлюбамі.
Не зважаючы на спробы ў думках сягнуць унутр, зазірнуць пад скуру, Фабіян працягвае сачыць за нямымі сёньня падзеямі, за рухамі людзей, якіх больш няма, кінахроніка працягваецца. З берагу, які робіцца небясьпечна землятрусным на, хай больш бясьпечную, але не да рэшты дабранадзейную палубную паверхню дробнай салдацкай хадою кіруюць вайскоўцы: са сьцягамі, пры пагонах, узнагародах, са зброяйз шаблямі, рэвальверамі, са стрэльбамі і кулямётамі. Казакі, канешне. Жандары, паліцыянты, турэмныя наглядчыкі таксама. Бацюшкі з матушкамі, з крыжамі, абразамі і нават харугвамі, не пакідаць жа, але без сьвятой вады, без царкоўнага кагору і прасьвірак, толькі са сьвечкамі, з грамніцамі, яны лягчэйшыя і месца меней займаюць.
Глядзіш на тыя даўнія чорна-белыя паражэнскія пярэбары, ліхаманкавую пагрузку на караблі і стрэмкай адчуваеш нечаканую думку пра кіна­аператараў. Бо мы сёньня толькі дзякуючы менавіта ім маем візуальнае ўяўленьне, прычым дакладныя веды пра тое, што тады адбывалася. Яны працавалі на прычале, яны грузіліся са сваімі грувасткімі апаратамі ў апошнюю чаргу. Ім неабходна было захаваць стужкі, знайсьці ўмовы ў Стамбуле, каб праявіць кінахроніку. А калі гэта здымалі для ЧК? Таксама магчыма. Хто мог перашкодзіць, арыштаваць, застрэліць? Ніхто не зьвяртаў, напэўна, асаблівай увагі.
Сьцягі, якім больш ніколі ня трапіць у бой, ня стаць пагатоў пераможнымі, якім наканаваны моль і нафталін. У лепшым разе музейная вітрына для вузкага кола. Некаторыя, праўда, трапілі напачатку ў храмы, але ў ніякім разе не ў штабы, не ў казармы, не ў цытадэлі. Якая карысьць ад іх у храме, сваім ваяўнічым прызначэньнем яны супярэчаць яго духу, само знаходжаньне ў царкоўных сьценахдысананс. Як паказаў час, яны, некалі баявыя, выветрыліся ад пораху, але па-ранейшаму вайсковыя, стваралі пазьней небясьпеку для эмігранцкіх цэркавак і сьвятароў. Не заўжды, але даволі ў шмат якіх выпадках. Хай сьціплыя, амаль сарамяжлівыя, згорнутыя, без прэтэнзій на большае, яны захоўвалі небясьпеку сваімі арламі, божым тварам, крыжамі, сваіміяцямі”, сваёй былой славай і нават, нават апошнімі і канчатковымі паразамі, сваёй біяграфіяй.
Калі быць абектыўнымі, гэта ўсё ж і дакладна нават не былі насамрэч уцёкі, як абвясьцілі адразу пераможцы, як ім хацелася лічыць да ўласнага здавальненьня, дзеля славалюбства, шматразовага ўмацаваньня свайго геройства, сваёй у рэшце рэшт выніковай перамогі. Не, гэта не былі зусім уцёкі. Дай Бог любой іншай арміі адысьці з пазіцыяў у шыхце з прымкнёнымі штыхамі, пакінуць зямлю, якую абаранялі з апошніх сілаў, да скрайняй магчымасьці, адысьці гэтак жа пад сьцягамі, з аксельбантамі, ганарова, і вочы ня трэба было хаваць адным ад адных. Ганьба з гонарам напалам. На жаль.
Хто хацеў, той узышоў, нават хай няпэўным сумнеўным крокам, на апошні хісткі бераг радзімы, на карабельную палубу, як на каўчэг. Хто перамог ваганьні, хто адчуваў фізічны жах да навалы, што імкліва сыходзіла з гор да мора. Хто не знайшоў ў сабе волі, не адчуў рашучасьці, хто разьмяк, змаладушнічаў, лічачы, што бацькаўшчына даражэйшая за паратунак, што ахвяруецца дзеля яе, хай рызыкуючы, што пераможаных ня судзяць, што ўрэшце рэшт ня ўсім хопіць месца на борцепрыгнечаныя, спустошаныя, здратаваныя маральна чырвонай конніцай, яны зьнябытыя, зьнявераныя, зламаныя, зьнішчаныя ўнутрана і абыякавыя да ўласнага лёсу, яны, хто рызыкаваў, хто застаўся нязрушна на месцы нібы камень, грувастка, няўцямна, нічога не адчуваючы, нават страху, хаця кожны ўглыбках душы меў дробныя жарынкі, жменьку прыску, які ледзь цьмеў, але захоўваў у сьцюдзёнае лістападаўскае надворе рэшткі цяпла, рэшткі надзеі, што не загіне, што ацалее, хай нейкім цудам, нейкім дзівам, але павінен застацца жывым, пашкадаваным новымі гаспадарамі апошняга кавалка, архіпелага краіны, апошняга яе берага, з якога змыла марской хваляй усіх нязгодных, хто не скарыўся, не пагадзіўся, не ўтаймаваўся. Яны, хто застаўся, усе яны сьмяротна памыліліся, яны падкінулі ў паветра манетку, але ня здолелі яе злавіць: раптоўна запанавала цямрэча. Заслона не апусьцілася, упала. Як зрынаюцца зьнічкі ў густым крымскім небе.
У сьпешцы эвакуацыі, у атмасферы безнадзейнасьці, фатальных настрояў, краху, у панічным страху ці пакінулі яны сваю агентуру? Генерал Клімовіч? Ці проста ў роспачы спаленыя ўсе масты, абрэзаныя драты, спыненая сувязь, адцятыя як навостраным нажом альбо сякерай ад матчынай пупавіны. Сваіх прыхільнікаў, людзей з гартам, якія заставаліся сьвядома, каб рыхтаваць, але рыхтаваць што? Мяцеж? Ці вяртаньне арміі, высадку на бераг, які яна цяпер пакідала? Але прыклад з гісторыівысадка замежных войскаў, Крымская вайна, быў няўдалым, непераканаўчым, безвыніковым, не дазваляў асабліва спадзявацца. Праўда, гэта былі чужыя арміі, хаўрус ворагаў, што конча істотна. Але ці рэальна арміі, якая здала пазіцыі, адступіла з апошняга свайго поля бою, прычым не за дэмаркацыйную лінію, не засталася дзесь побач, адступіла за марскую нетру ў зусім чужынскі край, ці рэальна спадзявацца, цепліць кволую надзею, што яна не расьцярушыцца, не змалее, ня сыдзе ў пясок нібы абязрушаная хваля, сканалая, а набудзе новае дыханьне, адчуе сьвежую кроў у жылах і нагэтулькі ўзмацнее, што рашуча наважыцца ня проста вярнуцца назад, каб зрабіць адчайную спробу высадкі на заняты праціўнікам бераг, але каб замацавацца на ім, застацца, перамагчы. Не самагубчы чын зьдзейсьніць, ня з мэтай памерці на крымскім беразе са зброяй у рукахРытарычнае, бадай, пытаньне. Ці магчыма зноўку ўвайсьці ў ваду, якой болей ня будзе? У жаху і болю, сьцяўшыся, яны пакідалі небясьпечны бераг у полымі.
Генерал Клімовіч, ці не сваяк твой часам, Сабіна?
Можа й сваяк, але хутчэй цёзка проста.
Урангель успамінаў потым, як за некалькі месяцаў Клімовіч вынішчыў у Крыме ўсю бальшавіцкую агентуру, нездарма паставіў яго контрразьведкай кіраваць. Дый землякі, гэта не апошняй абставінай было, напэўна.
Не, не, у нас дакладна не было паміж сваякоў такіх, такіх, карацей жорсткіх, генералаў увогуле тым больш, не было.
Усё гэта толькі ў пэўным сэньсе настальгічныя моманты сёньня, усяго толькі. Напрыклад вось: адзначаюць сьвята Беларускага гусарскага палка, генерал Урангель вельмі падбаў. Сказаў палымяную прамоўку перад конным шыхтом. Ён прайшоў па ўсіх эскадронах і выпіў з кожным па чарцы, а затым быў абед у афіцэрскім складзе.
Калі такое было?
У 17-м, на Румынскім фроньце.
Ты сказаўён падбаў тады
Ну, я чытаў, што ён паслаў да румынаў, каб набылі воз віна і ў кожны эскадрон выдалі па барылцы, каб узьняць настрой гусараў, нашых, беларускіх. Добра, забудзем. Хаця, вось яшчэ: наш Ермачэнка быў адютантам у генерала. Праўда, брахлівыя газеткі абзываюць яго вельмі дрэнным чалавекам, але ў іх усё выклікае нянавісьць
На суседнім пагорку, зусім побач саШчытом і мячоммузей савецкага пісьменьніка: дом сярод дрэваў і хмызоў з вокнамі кабінету на поўдзень, на бязьмежную марскую прастору, нават балконік ёсьць. Фабіяну крыху зайздросна: у такім месцы, у такіх умовах жыць і пісаць кнігіЦі задумваўся той, ці ўзьнікалі ў галаве яго карціны вялікага зыходу Белай арміі? Не маглі не ўзьнікаць. Да слова, порт, месца адпраўкі апошняга Белага каўчэгу, ён справа, крыху далей, але таксама бачны адсюль.
Тэма, аднак, была ня так непапулярнай, як хісткай, небясьпечнай, навошта чапаць тое, што можа выбухнуць, апаліць, моцна параніўшы ці нават забе да сьмерці? Пісьменьніцкія шэрагі й так прарэджвалі са сталай рэгулярнасьцю, з дбайнасьцю стараннага гаспадара. Вышукваючы, прасьвечваючы, спрабуючы літаральна на зуб: ці не фальшывая манета, ці дакладна адмерана чырвонага золата, ці няма хібных нотаў, ці не праглядаецца скажонай персьпектывы, ці ня бляклыя фарбы або, наадварот, занадта змрочныя, чорныя, брунатныя, ці не чутно дысанансу, ці няма, не праглядаецца скрыўленьне галоўнай лініі? Як з чужынскімі ўплывамі, з варожымі настроямі, папутніцкімі поглядамі? Ці няма неадпаведнага прысмаку, непрыемных пахаў, заморскіх пекнасьцяў, шкодных поглядаў? Падазроных, зьдзеклівых, іранічных інтанацыяў?
Няпэўны шлях цэлай грамады, насельніцтва даволі вялікага гораду, якое апынулася на вадзе нібы ў чаканьні біблейскага патопу. Ды што там казаць: насельніцтва крымскай дзяржавы. З усіх партоў адыходзілі ў мора перагружаныя судны, дзясяткі і дзясяткі, не касякі птушак у небе, а караваны з людзьмі па хвалях кіравалі ў вырай, каб не вярнуцца. Шлях такі ж няпэўны, як хісткай была цяпер палуба ў час абавязковых восеньскіх штормаў. Вагаўся абмежаваны сьвінцова-шэры краявід у вачах, безупынна вагалася само мора, хвалявалася, гушкаючы.
Фабіян у галаве, перад унутраным зрокам, пракручваў туды-назад кінастужку, з кожным разам атрымлівалася крыху інакш, з узмацненьнем, выяўляючы першым разам някідкія, менш заўважныя моманты, на якія не зьвяртаеш увагі, бачачы на экране перш усё буйное, больш агульнае. Уласьцівасьць зроку, яго ўзаемадзеяньня з мозгам, якому дасылае сігналы пра фіксаваныя візуальна абекты, дзеяньні, рух.
Другі мясцовы пісьменьнік жыў пад гарой, на якой пісаў свае творы той, першы, пра якога Фабіян узгадваў папярэдне. У гэтага быў дом больш шыкоўны, нагадваў хутчэй вілу на набярэжнай, на самым праменадзе, з шэрагам унушальных пальмаў перад фасадам. Таксама цяпер музей: грувасткі стол, грувасткая пісьмовая прылада з чарніліцамі, грувасткі драўляны гадзіньнік на падлозе, накшталт трафейных, што з Нямеччыны прывозілі. Пішучай машынкай ён не карыстаўся, рукапісы перадрукоўвала машыністка. А потым выдавецтва, рэдактура-карэктура, цэнзура і гэтак далей. І можа быць нават сталінская прэмія пры канцы адпрацаванага ланцужка. Зрэшты, ён і быў лаўрэатам.
Адзін пісаў пра тое, як конная чырвоная армія ачысьціла Крым ад белагвардзейцаў, пра стварэньне калгасаў, барацьбу з засухай, ірыгацыю і ўраджай бахчавых. Другі, які жыў зьверху і бачыў мора значна шырэй і на большую адлегласьць, стараўся быць хоць крыху нейтральным, наколькі магчыма ў тыя часы, пісаў пра рыбаловаў, тутэйшых вінаробаў, у яго атрымліваліся някепска марскія аповесьці і нават антычныя сюжэты на мясцовым матэрыяле. Той, які жыў у кідкім месцы, на шыкоўны дом якога заўжды зважалі адпачыньнікі, зрабіў бяспройгрышны крокнапісаў эпапеюЧарназём” — пра тое, як гераічныя савецкія людзі эшалонамі возяць чарназём у цэнтральны засушлівы Крым, каб ператварыць яго ў квітнеючы ўрадлівы сад, у сапраўдны, а ня выдуманы зялёны рай, возяць адтуль, дзе тлустую глебу ня ведаюць куды падзець.
Фабіян спрабуе думаць так, як маглі разважаць уцекачы, спрабуе рэканструяваць іхнія думкі, настроі, пачуцьці, але разумее, што вельмі прыблізна атрымліваецца. Ня можа ён, які ў другім пакаленьні нарадзіўся ў новай краіне пераможцаў з сярпом і молатам, пражыў цалкам ва ўмовах, створаных імі, у гісторыі, якую яны прыдумалі, вартаваў тут, на краі былой райскай зямлі іхні лад, іхнюю рацыю, іхнія погляды, іхнія заваёвы, іхнія ваяўнічыя паводзіны нарэшце, іхняе месіянства, інакшЯму ня надта прыемна, але ён разумее, што ў яго, аднак, лепей атрымліваецца думаць так, як уласьціва тагачасным пераможцам, а невымушаным уцекачам.
Разбураны былы іхні гарманічны парадак, дзе яны пачуваліся дома, гаспадарамі, зьнішчана мінулае суладдзе, зьніклі лагічныя сувязі, адбыўся зрух у часе і прасторы. Ранейшы сусьвет зруйнаваны да падмуркаў, люстэрка раструшчанае, талерка разьбітая. Ці магчыма склеіць хаця б разарваныя на шматкі старыя фотакарткі? Не, Фабіян ня цешыць сябе вялікім спа­дзяваньнем. Апынуцца ў шкуры адрынутых задача вялікацяжкая.
Памежны стан паміж жыцьцём і сьмерцю, рэчаіснасьцю і варяцтвам, надзеяй і роспаччу. Новая, нявывучаная роля, няма ніякіх тэкстаў, ніякіх падказак: адгэтуль і назаўждыні госьць, ні гаспадар.
Міжволі ў галаве Фабіяна нараджаюццца думкі, пачынае выбудоўвацца план: як варта было дзейнічаць Урангелю, як найлепей бараніць ідэальна абкружаны морам, злучаны з мацерыком вузкай пупавінай, ён быў нібы створаны Богам для абароны. Фабіян спрабуе адхінуцца ад думак: глупст­ва гэта, недарэчна, гісторыю не перапішаш, старыя штабныя карты не перакроіш. Ён разумее, што Урангель бадай ня мог замкнуцца ў Крыме, яму трэбыло разьвіваць наступ, паказваць, перш Антанце, і сабе не ў апошнюю чаргу асабіста, што армія на нешта здатная, ня толькі да абарончага адседжваньня ў крымскім мяшку. Арміі патрэбны рух, перамогі. Асабліва пасьля паразаў, уцёкаў, фатальнай эвакуацыі ў Крым. Хаця, як на цьвярозую галаву, ён ня мог не разумець, што ўмацоўваць з усіх бакоў, на найбольш небясьпечных напрамках, кругавая абарона можа працягнуць існаваньне як ён сам называўапошняга
Несувымернасьць, неадчуваньне дыспрапорцыі, неразуменьне таго, што памер такі завялікі як на цябе, што апынешся ў ім, як у мяшку. Прыблізна так, мабыць. Як, між іншым, ня мог і сам Крым зьмясьціць адначасова сотні тысячаў уцекачоў, што сьцякаліся з поўначы, зьверху мапы нібы ў ізаляваную судзіну, алеадпампоўваліся”, больш-менш сталымі рэйсамі адплывалі на паўднёвы захад. Каб вызваліць месца для наступных.
Гэтак і крымская армія, выступіўшы вонкі, вымкнуўшыся часова на стэпавую прастору, не была здатнай, ніяк не магла доўга разьвіваць наступ, бясконца пашыраць фронт, бо ў любы час плеўка расьцягнулася б і лопнула. Нельга бясконца дзьмуць у шарык. Гэта, ня кажучы пра бясспрэчны, няўмольны факт: яе напружаныя высілкі з поўначы гнялі адной толькі ўжо сваёй вагой, цяжарам, масай значна большыя чырвоныя арміі.
І яна, крымская армія, неўзабаве сама, без ніякай каманды, адчула, што далейшы рух наперад самазагубны. Яна расьцягнула лукавіну фронту да небясьпечнай мяжы, калі ён неўзабаве пачне сьвіціцца нібы старое радно і стане зусім некантралявана ў самых часам нечаканых месцах лопацца, дзерціся і вызваленую часова тэрыторыю зальле як атрамантам чырвоная коньніца.
Так-так, крымская армія ў рэшце рэшт адхінулася, адхапіла руку, як ад напаленага жалеза, як ад полымя, стала выдыхацца як адкаркаванае нават не віно, а хутчэй піва, самаадвольна адрэагавала, як рэагуе жывая губка ў небясьпечнай сітуацыі. І пачала сьціскацца чыгрынавай скураю, зьмяншаючы імкліва заняты раней абшар, канцэнтруючыся на ўваходзе, загушчаючыся, каб закаркаваць, запячатаць нібы сургучом бутлю. Але яна працягвала залівацца назад праз рыльца, як у пушчанай адваротна кінастужцы, у пасудзіну паўвострава. Атрымлівалася старая амфара з цяперашняй марачнай мадэрай. Яе разьлілі па келіхах, але вярталі назад, ня выпіўшы, не адсьвяткаваўшы перамогі. Зьлівалі, каб захаваць да заўтра, проста каб не змарнаваць, пра новы прыдатны выпадак ніхто ўжо ня думаў, спадзяваньняў не заставалася нават у самых крамнёвых.
Сабіна з Фабіянам з цікаўвасьцю разглядаюць вінныя вітрыны, чы­таюць назвы і астатнія зьвесткі. Яны ўпершыню апынуліся перад цалкам крымскімі шэрагамі віна, якія аказаліся вельмі разнастайнымі. Так, бывае, апынаешся ў іншай краіне ў кнігарні, дзе ўсё табе цікава. Але як немагчыма набыць, прачытаць тым больш, столькі кніжак, так няма сэнсу марыць пакаштаваць вялікую колькасьць вінных гатункаў. Адкаркоўваючы над морам новую бутэльку з бурштынным віном, Фабіян задумваецца ўголас:
А цікава: якое віно пілі яны тады, шмат пілі ці не? Ці былі нейкія абмежаваньні? Лёгка яго было набыць, атрымаць?
А можа ім у пайку выдавалі, такое немагчыма? — прапаноўвае Сабіна свой варыянт.
А нявыключана. Можа, хіба ня ўсім. А ў бронецягніках, у бронеатрадах, лётчыкам, канешне. На караблях, само сабой.
Але такое, як мы з табой на вуліцы пакаштавалі, з бочачкі, як ты хацеў.
Таннага, напаўдэсертнага? Вельмі верагодна. Хаця штабісты, контрразьведка, яны мелі лепшае, напэўна ж.
А ўжо матросы потым хапалі пад руку што трапіцца, што кепска ляжыць, ці не?
Матросывядома ж. А вось да іх у розных палках, у розных частках магло быць сваё віно нумар адзін, свой гатунак. Мелі ж яны ўсе адметныя колерам фуражкі, шэўроны свае, сьцягі. Быў выразны падзел, захаваўся нават у эміграцыі: авіятары, кавалерыя, бронебатальён, карны, артылерысты, юнкеры і на палкі таксама паасобныя.
Марскія афіцэры аддавалі перавагу рому, а медбратысьпірытусу, як ты думаеш?
А мне думаецца, адным больш падабалася масандра, іншым магарыч, а некамуСьлёзы Учан-Су”, вось і ўсё, на што мне фантазіі хапае рэальна, хаця гэта ўсё цікава. Нам толькі застаецца ўспомніць пра іх за шкляначкай сёньня.
Фабіян падсумаваў у думках: што такое віно? Гэта сонца, хмель, сокі вінаграднай лазы, але й здароўе таксамаУскочылі з-за стала, не пасьпеўшы дагаманіць, дапіць. За іх дапілі іншыя, не пагрэбавалі, паклаўшы побач на стале наганы. Каб тых, хто не пасьпеў эвакуявацца, ня здолеў ці не пажадаў, як зьвяроў зацкаваць, выгнаць з нораў і абмыць удалае паляваньне на тых, хто не аказваў супраціву, на бяззбройных і, захмялеўшы ад лёгкасьці крыві, адсьвяткаваць расстрэлы, учыніць баляваньне пераможцаў, якім дасталіся трафейныя гарматы, браневікі, бочкі з порахам і віном і ўчарашнія ворагі
Прафесар антычнасьці, які чакаў пасадкі на судна, трымаў у галаве выбітыя ў крымскім камені сентэнцыі, парады, эпітафіі, не зважаючы на ўсе навалызахаваныя праз вякі, каб ён змог напісаць нечаканую дысертацыю, выступіць з бліскучым дакладам у імператарскім таварыстве аматараў старажытных тэкстаў, выдаць іх пад сафянавай вокладкай, зрабіць фурор у вучоным сьвеце. Ён адчуваў сваю непатрэбнасьць, чужацеласьць у іншым жыцьці, часе, сьвеце, які гіганцкай хваляй насоўваўся з поўначы, з-за гор. Прафесар не дадумаўся сабраць калекцыю, проста занатаваць хуткай рукой сяк-так запісы папярэдняй царскай эпохі і самыя апошнія, якія адлюстроўвалі зьмену ўладаў, запісы, што згінуць пасьля іхніх уцёкаў. Ён ня мог таксама падазраваць, які своеасаблівы росквіт новых надпісаў чакае Крым заўтра. Будучая ўлада жыць не магла без транспарантаў, плакатаў, заклікаў і пагрозаў. Сьцены, вуліцы і плошчы павінны былі крычаць новай моваю, лаяцца, рагатаць, зьдзеквацца, у ніякім разе не маўчаць.
Фабіяну сёньня вядома тое, чаго не маглі ведаць тагачасныя ўцекачы: дзясяткі газетаў, якія размножыліся пры Урангелю, будуць зьнішчаныя, каб сьледу не засталося ад таго, няіхняга жыцьця, ад страхаў, турботаў тых, хто не жадаў здавацца, не жадаў падпарадкавацца, хто ўсё што мага рабіў, каб ня трапіць у жалезныя рукі, не апынуцца ў падярэмным стане, каб вымкнуцца на волю, хай гэта абернецца беспрытульным лёсам, хай яны стануць бяздомкамі, але свабоднымі, што праўда стануць вымушана, гвалтоўна, бовыгнаныя, сапхнутыя з берагу пясчанай бурай, сьмерчам.
З жалезных абцугоў махіны, якая падрыхтавалася няўмольна-дбайна разьлічыцца з кожным, хто не пасьпеў эвакуявацца, ня трапіў на борт уцякацкага каравану з караблёў, для яго не хапіла месца ці ў апошні момант у яго апусьціліся рукі. Для махіны няважныя матывы, акалічнасьці, янапрылада помшчаньня тым, хто апынуўся паміж молатам і кавадлам. Так, гэта рухаліся жорны гісторыі, уласна кажучы, пра якія пажадана максімум толькі пачуць часам, чымсьці трапіць у іх.
На думку Фабіяну міжволі прыходзяць згадкі пра хімію, фізіку. Вад­касьці, пасудзіны, шчыльнасьць розных, агрэсіўнасьць. Карозія, іржа, кіслотнасьць, растварае нібы скуры дубіць. Зьмешваюцца вадкасьці, якія маюць супрацьлеглае паходжаньне, не спалучаюцца, у прыродзе не існуюць разам. Якія магчымы вынікі? Алхімічная рэторта. Штучнае золата? Уяўны філасофскі камень? У рэчаіснасьці чаго дасягнулі? Біблейскага міру, хіба, але бяз ладану й золата, дакладна.
Існуе мноства рэчываў, якія ніяк не рэагуюць паміж сабой, якія бясьпечныя адносна сябе, каталізатар нічога не зьмяняе, ці хай акселератар, калі ўспомніць механіку. На справе існуюць таксама такія, якія ня зьмеш­ваюцца, не ўступаюць у рэакцыю, ператвараючыся ў нешта новае, але яны ўзаемна выцясьняюцца. Агрэсія: хто каго?! Вынішчыць у гэтым канкрэтна месцы, масай выцясьніць, выдушыць, перакрэсьліць. Як жалеза выплаўляюць, ліюць у пясок.
Дагэтуль дзьве сілы ўзаемадзейнічалі, шукалі пастаяннага кантакту, як паветра дзеля падтрыманьня тэмпературы гарэньня. Так-так, яны прагнулі выкрасаць іскры, запальваць агонь, выклікаць выбухі, ствараць зьнішчэньні. У тую сьцюдзёную фатальную восень ніяк белае не спалучалася з чырвоным. Сумесь атрымлівалася толькі выбуховая. Крым зусім не нагадваў палітру мастака, не нагадваў шклянку з вадой, каб зьмяшаць акварэлі. Відавочна: у лепшым разе атрымлівалася славутая крывавая Мэры. Падзеі той восені, калі зусім абстрагавацца, нагадвалі звыклае механічнае дзеяньне: адну вадкасьць выпускаюць, закаркоўваючы дбайна дно. Можна выцерці рукі.
Калі яны адплывалі, стоячы сьпінамі наперад, не маглі не ўзьнікаць у некаторых галовах цьмяныя, неканкрэтныя думкі пра Траянскага каня. Вось каб жа такое стала магчымым! Толькі не драўляная конская статуя, не. Вялізны танк з пачаткаў Першай вайны, жалезная гаргара, што спараджала паніку сярод атакуючых салдатаў міжвольнае трымценьне, нават калі ён рухаўся не насустрач ім, а ззаду, рухаўся ў адным з імі напрамку, з адной мэтай. Нібы аграмадная жалезная жывёліна-выкапень, злавесна павольны вусеневы монстр памерамі, выглядам, а тым больш рухам выклікаў сапраўдны жах, выклікаў страх у акопах, якімі б надзейнымі яны не былі. Прымушаў людзей закопвацца ў зямлю, хавацца глыбей, шукаць нораў бы зьвяры й полазы. Танкі паўзлі ў гушчыні баёў быццам перасоўныя фартэцыі з гарматным агнём. А можа Фабіяну так толькі здаецца і думкі наконт каня Траянскагагэта адно яго ўласныя фантазіі. Ці да антычных рэмінісцэнцыяў ім было, ці мог хтосьці ў тыя хвіліны складаць у галаве пражэкты хаця б таго, што пазьней назавуць пятай калонай? Дый з сімволікай было б складана. Як вызначыць, хто ёсьць хто? Аленагэта хіба Расея, якую выкралі чырвоныя? Ці Траянскім канём быў часова Крым, які не ўдалося ўратаваць? Як іголка ў вушка трапіла скрозь вузкі перакопскі калідор чырвоная коньніца, разгарнулася, ашчэціўшыся тысячамі шабель, пік, штыхоў, скіраванымі ўперад, у бок уцякацкіх плоймаў. На пакінутым беразе засталіся каты і сабакі, і коні, якіх пагатоў забраць было немагчыма. Так пазбаўляюцца на паветраным шары ці ў шлюпцы лішняга баласту.
Узьняць трап, аддаць швартовы! Строма, прорва, пустата. Сьціснулася роспачна сэрца, перацяла паветра. Халодныя хвалі, штармавое мора, нізкае змрочнае неба, сьцюдзёны вецер, ёдкія салёныя пырскі. Смак разьвітаньня на вуснах. Раны гояцца часам, гэтая чакала іх яшчэ далёка наперадзе, ня хутка, праз гады. А цяпер марская соль толькі пачынала яшчэ мацней яе разьвярэджваць.
Праз Чырвонае мора, каб выратавацца з палону ягіпецкага і расьсеяцца па сьвеце, вельмі ў значнай ступені растварыцца з цягам часу ў замежным асяроддзі. Але Чорнае мора страшнейшае. Яно сапраўды чорнае-чорнае, янопрорва, бездань. Усё: прыцісьні мацней здымкі людзей, якіх больш ня ўбачышня толькі памерлых, тых таксама, якія засталіся ў пастцы. Так і краявіды роднай краіны, яны цяпер толькі на фотакартках. Краіны, якая засталася ззаду, ва ўспамінах, у снах, у мроях, якая ня зьнікла, але зыначылася, сталася супрацьлегласьцю, зрабілася забароненым плодам, экзатычным фруктам, каляровым, сьвяточным, але з чарвяточынай, з нябачнай пагрозай атручанасьці.
Эфект, адваротны фотапраяўцы: выява пачынае траціць выразнасьць, абрысы спакваля раствараюцца, канкрэтыка зьнікае, берагу болей няма, а ёсьць толькі цёмна-шэры краявід, суцэльная безжыцьцёвасьць, брудная пляма, усё, краіна не існуе. Як ты для яе, зрэшты. Якісьці візуальны падман, міраж, брыдкія кепікі.
Каб напоўніць бурдзюк новым віном, спачатку трэба выліць з яго сапсутую ваду, прынамсі застаялую, што задохлася, рэшткі. Каб спадзявацца на ўдачу, мець посьпех, каб выйграваць, трэба дыктаваць свае ўмовы, правілы гульні, спрабаваць прынамсі, не адседжвацца на барыкадах, не марудзіць, не здаваць ініцыятыву ў чужыя рукі. Трэба не пушчаць праціўніка на сваё поле, да ўласнай брамы не дазваляць наблізіцца, бамбардаваць яе.
Можа быць ён забыўся, а можа проста часы ня тыя, толькі калісьці абарона замка, гораду за сьценамі, фартэцыі былі звычайнай справай, будзённай практыкай і зусім неабавязкова безнадзейнай, не заўжды замкі заваёўвалі штурмам і аблогі былі конча выніковымі. Хаця бяз вонкавай дапамогі адкінуць ворага ад муроў сапраўды задача найцяжкая, хто б спрачаўся?
Але ж ён, генерал Урангель, якраз і схапіўся за безнадзейную, лічы, справу, разумеючы гэта, за справу, даведзеную амаль канчаткова да катастрофы. Ён пераняў яе ля самай апошняй тады рысы. Гонар афіцэра, нязбыўная прага славы, спадзяваньне на шанцаваньне, ледзьве не на цуд? Магчыма, але абавязак кожнага здатнага сьвядомага чалавека паспрабаваць зрабіць максімум, што ты можаш, і крыху болей, каб перасягнуць сябе, пажадана крыху болей, тады ў яго ня будзе важкіх падставаў для раскайваньня. Генерал Урангель гэта й зрабіў, бадай, хутчэй за ўсё нават так, няма сумневу.
Фабіян не адчуў зусім сябе на месцы генерала, у яго ролі, не ўявіў сябе ім, а нібы мысьленна прымерыў да сябе не яго абавязкі, а хутчэй нават місію, прыгледзеўся да становішча, прыслухаўся да гукаў гісторыі, бо галасоў, у яго не было ілюзіяў, пачуць было немагчыма. Рэальна толькі знайсьці на больш бязьлюдным беразе марскую ракавіну і прыкласьці да вуха. А пачуўшы роўны манатонны шум, паспрабаваць уявіць.
Сёньня Крым учыняўся на поўначы. У фабіянавых мясьцінах. Абуджаныя да свабоды, яго землякі з цяжкасьцю пазбываліся летаргічнага сну, але вольнае паветра рабіла сваё. Янынашчадкі рыцараў, янырыцарская нацыя! Сьцяг з конным рыцарам залунаў над краінайАле каторы ўжо год краіну зноўку дратуе чырвоная коньніца, паўторнай навалы якой не атрымалася пазьбегчы. Што зробіш, няма рады, у наш час роля рыцараўперамагаць маральна. Але гэта цяжкая перамога, не раўнуючы Пірава і амаль уяўная. Перамога-параза насамрэч, калі быць шчырымі.
Крымскага зыходу пасьля забароны рыцарскага сьцяга, аднак, не адбылося, рыцары вымушаныя хаваць свае твары, каб ня вельмі вылучацца з агульнага натоўпу. Яны застаюцца белымі варонамі. Яны ператварыліся ў ордэн перасьледаваных, уцісканых духоўна. Аднак ім не нашываюць накшталт ганебных жоўтых зорак, свайго рыцара яны, часам прагнучы ўзьняць забрала, чапляюць сабе саміна бярэт, капялюш, на штрыфель або пад імгэтак бясьпечней.
А яны якраз адразу апынуліся ў аблозе, ня маючы на большае сілаў, ці лічачы, што ня маюць. Яны самі, можна сказаць, замкнуліся ў сваім Крыме, у сваёй старой крэпасьці, ужо нечакана радыя, што здолелі атрымаць цытадэль. Але яны не рабілі наступу, як генерал Урангель, яны самі сябе абмяжоўвалі, ня ведаючы навукі ваяваць, не разумеючы сапраўднай кітайскай дыпламатыі, не знаёмыя з кампрамісам, з манёўрам, не разумеючы патрэбы хітраваць, не прымаючы закуліснай барацьбы.
Хто апынуўся на чале рыцараў, выявіўся або мяккадушным інтэлігентам, або няўжыўчывым жоўцевым рамантыкам. З адкрытым забраламгэтага аказалася недастаткова, замала. Каб спадзявацца на посьпех, пагатоў у рэшце рэшт перамагчы па-сапраўднаму. Хто прэтэндаваў на першую ролю, дзейнічаў у адных выпадках наіўна, ідэалістычна, у іншыхсякерна, груба, непрыхільна, раздражнёна, не прыцягваючы, але адштурхоўваючы.
Сабіна згаджаецца з Фабіянам, але кажа, што справа была, бадай, безнадзейнай, тым больш з тымі выканаўцамі, якія далучыліся. Хаця яна зусім не крытыкуе, не: інтэлігенцыі перамагчы босых, голых, галодных немагчыма было ў 1920-м, немагчыма было й па-рыцарску, з рытуаламі і рэверансамі, з гонарам і годнасьцю. Паспрабуй захаваць свае пазіцыі ў чарзе, калі раптам трапіцца адзін шалёны! Паспрабуй у аўтобусе штосьці давесьці, калі да цябе прычэпіцца прадстаўнік натоўпу, роту не патрапіш адкрыцьВось так, на жаль.
Яны вяртаюцца словамі ў Крым: сезоннае жыцьцё, зімой няма працы. Люмпенізацыя, пюць. Што рабіць тут узімку? А штоу гарадах на поўначы, забудаваных сьмярдзючымі заводамі і шэрымі інтэрнатамі, перапоўненымі бязрадаснымі натоўпамі і брудным транспартам? Якія вузкія рамкі для чалавека насамрэч! Мы нават не задумваемсяАфіцэрства, “вяршкі”, што іх чакала на поўдні? Чайхана, караван-сарай, усюдыісны дэпрэсіўны голас муэддзіна?
Праз вейкі, амаль заплюшчыўшы вочы, Фабіян бачыць сілуэтныя цені пляжнікаў. Што робіць людзей агрэсіўнымі, варожымі, жорсткімі? Ці магчыма гэта зусім раптоўна, на голым месцы, сярод сьветлага дня? Напрыклад, цяпер? І вось адзін белы, другі чырвоны, апошніх нават два і робіцца ўсё больш і большКрым і цяпер выбухова не нейтральны, тэктанічная стабільнасьць вонкавая. Дзесьці ў нетрах вулканічная актыўнасьць ня ўпала да нуля. Хоць вулканаў, хаця б сьпячых, як быццам ня бачна. Чаму? Калі ён вольны ад Расеі, Расеі метраполіі, Расеі постчырвонай? Сакрэт полішынеля насамрэч. Фабіяну ня хочацца адказваць самому сабе на маўклівае пытаньне.
Фабіян глядзіць на мора, узіраецца ў сіні далягляд. Сто дваццаць шэсьць караблёў, і ў кожнага афіцэра ў кабуры руская рулетка. Колькі зьвернуцца да яе, каб аднойчы выпрабаваць сябе і, вельмі магчыма, вызначыць свой лёс. Яна ім больш рэальна не спатрэбіцца, яна цяпер прылада толькі для ўласнага карыстаньняа рулетка, рулетка, яна для апошняга кроку, каб абараніць свой афіцэрскі гонар, толькі, бадай, наадварот. Ня ў сэньсе апошні набой, каб не здавацца ворагу, каб спыніць жыцьцё з іншых зусім прычынаў, адарваўшыся ад ворагаў, пакінуўшы іх далёка ззаду, уратаваўшы сваю свабоду, а каб ня ведаць потым, што з ёю рабіць далей, як існаваць, што рабіць з жыцьцём, маючы апроч яго толькі рэвальвер.
Думкі пра рэвальвер неадчэпныя, варта толькі прасякнуцца небясьпечнай тэмай. Барабанная прылада ў звычайных, небаявых умовах рэч для сьмяротнай гульні з самім сабой, або, скажам, пад прымусам, ці ў азарце, пяным альбо ў напружана-нярвовым, халоднакроўным, у коле з іншымі, у ланцугу, у чарзе па сьмерцьУ галаве гук барабана, некалькі спосабаў крутнуць яго. Ёсьць яшчэ бінокль, але з турэцкага берагу немагчыма ўбачыць свой. Ёсьць штабныя карты з прайгранымі баямі, тэрыторыяй, зямлёй, краінай, імперыяй, што апынулася пад сярпом і молатам
Міжвольныя параўнаньні. Краіна Сабіны з Фабіянам сама сябе ў аблозе ізалявала. Апошні чырвоны востраў. Дзе чырвоныя сьцягі і зоркі, дзе піянеры з камсамольцамі, дзе ўстанова андропаўская захавалася, нібыта нічога ня здарылася ў гэтым сьвеце, дзе працягваюць ставіць помнікі Іосіфу і Феліксу і рамантаваць статуі Ільліча.
Фабіяну сваё самапаглынаньне тэмай забытай, нецікавай сёньня навакольным тысячам, самапаўторы, неадольнае вяртаньне да яе тут менавіта, дзе калісьці адбылася гістарычная драма, марскі зыход у замежжа на каўчэжным флоце, нейкі самагіпноз пачынае нагадваць разьвярэджаньне раны жменяй буйной марской солі, хай раны фантомнай, націсканьне на балючае месца, трыманьне сэрца ў роспачным стане, вачэйна мяжы сьлёз. Хаця, хаця косткі тых людзей даўно спарахнелі, падзеі перацёрлі жорны гісторыі, яго ўсё гэта ніяк рэальна не датычыла і ніколі не датычыла нават яго родных. Аднак жа чапляе сама тэма, яскрава драматычныя падзеі, сьцертыя з аблічча гэтай прыгожай краіны: ніякіх сьлядоў сёньня. Ты ведаеш, чаму так атрымліваецца? Сабіна ня ведае, але здагадваецца. Мабыць, краявід, які, калі не глядзець на банальную забудову, а зважаць пераважна на ландшафце, засяроджвацца на прыродзе, то яе вялікаснасьць, яе відавочную старажытнасьць, кідкую адметнасьць, нейкую архаічнасьць нават, калі параўноўваць з беларускімі мясьцінамі, усё гэта міжволі выклікае думкі пра мінуўшчыну, прымушае зазірнуць у старыя дзеі.
Ты маеш рацыю сапраўды: глядзіш на горы, неба, на мора і нібы апынаешся ў антычных часах, зараз карабель Адысея пазначыцца белай плямкай ветразя на самым даляглядзе.
Гэта накладаецца ў памяці: візуальная на кніжную. Бо калі ведаеш, што адбывалася калісьці, гэта ўплывае на цябе само сабой, незалежна ад твайго жаданьня.
Напэўна ж так. А большасьць ня ведае і нічога ня бачыць, не заўважае антычнага духу, не адчувае адметнага прысмаку. У большасьці зусім канкрэтныя мэты, без
Без дадатковай лірыкі, згодна.
Вось чаму ў хрушчоўскіх кварталах, а нашая радзімагэта пераважна шэрая забудова, карціны гісторыі не ўзьнікаюць, думкі не сягаюць далей за афіцыйную гісторыю, за суцэльную тэлеайчынную вайну.
А калі ў сьценах кінатэатру ім завалодае якая-небудзь, хай нават рыцарская гісторыя, за дзьвярыма кіназалы ён пазбудзецца яе як часовага зачараваньня.
Каб палюбіць коннага рыцара, нічога раней аб ім ня чуўшы, трэба каб захаваліся кварталы, дзе гэтыя рыцары калісьці не здаваліся публіцы маскарадам.
Так, адной прыроды замала, яна ў нас звычайная, сярэдненькая. А калі замест замка кароўнік, успаміны пра рыцарскія часы не ўзьнікаюць. Сумна, калі так безвыходна і так безнадзейна.
Сабіна цікавіцца ў Фабіяна: ці хацеў бы зараз у звальненьне, як тады?
Двойчы трапіць нагамі ў тыя ж кірзавыя боты? Не, бадай, не хацеў, нават вельмі. Мне лепей з табой, цяпер і тут. І мора з балкону, і віно, і Вялікі зыход, і пакінуты рай ва ўяўленьнях.
Але прысмак свабоды, калі трапляў з несвабоды, з-за плоту ўрайскія шаты”?
Усё роўна не хачу назад. Я рады, што тых часоў больш няма, што ракетныя шахты ў райскіх гарах цяпер як спыненыя і закрытыя назаўжды вугальныя.
Які ты пацыфіст аднак у мяне.
Гэта ўспомніць цікава, але толькі. Як чакаў, лічыў дні, як хацелася дахаты, але разам тут было лепей, прыгажэй, цяплей. Канешне, гэта была краіна, з якой не хацелася зьязджаць.
Хацелася і не хацелася, ясна, зразумела. Гэта напэўна як і з Урангелем было і з усімі астатнімі: хацелася і не
Нам таксама будзе ў канцы: хацецца-не хацецца адначасова, мы не выключэньне. Райскія краіны дзеля таго ж існуюць: каб спакушаць.
Спа-ку-шаць. Ты гэта прачула гаворыш, з веданьнем.
Гэта месца, дзе мне па-сапраўднаму захацелася захаваць свае ўражаньні, пісаць, дзе я захапіўся гэтай ідэяй. Мне вельмі падабаўся прыклад Грына, мне здавалася гэта найлепшым выйсьцем у яго часы, вядома якія.
Але ён быў падазроным, бадай, што не рабіў як усе, белай варонай існуючы.
Так, ён прыцягваў, канешне, непатрэбную ўвагу. Але ж і я прыцягваў, любы, хто не хацеў, спрабаваў быць сабой, хто хоць нейк супраціўляўся традыцыі: “малады-чарпак-старык”.
Акцябронак-піянер-камсамолец.
Дакладна. Але там гэта было ўсё не бяскрыўдна, наадварот. Так, зусім наадварот. Нездарма гаварылі, што ў звычайны час людзей лепей уведаць у армііхто і што.
І як гэта было?
Звычайна, вельмі звычайна. Адны ўнутрана пратэстуюць супраць армейскіх парадкаў, адкрытай жорсткай іерархіі, якая на руку афіцэрам. Калі адны прыгнятаюць іншых. Прыгнятаюць, зьдзекуюцца, прыніжаюць гонар
І годнасьць.
І годнасьць таксама, і толькі таму, што ім не забараняюць гэта рабіць. Ня ведаю, рабіць як той прыганяты з прыгонным па сутнасьці, але рэальна як нахабныя, гнюсныя лёкаі з парабкамі.
Ты так гаворыш пра дзядоў і маладых, усё так і было?
Гэта безупынная халодная вайна паміж сваімі. Толькі таму, што адзін прабыў у казарме па часе больш за іншага, ён выкарыстоўвае рукі, ён з радасьцю бярэ прылады ката, ня можа нацешыцца роляй, якая выпала дзякуючы лішнім месяцам у казарме. Скідаючы рабскую скуру, ён грэбліва кідае яе іншаму. Сваю волю, душу з задавальненьнем робіць нейкай анучай, парцянкай. Парцяначныя душы, сапраўдыХаця палкоўнік Парцянкін у нас быў, нармальны чалавек. Здаецца, толькі прозьвішча салдацкае, нібы мянушка.
Нічога парцяначнага?
Нічога. Але шчэць у яго была, пра такіх гаворацьдвойчы на дзень галіцца трэба.
Назаўтра Фабіян з кубкам кавы ў руках глядзіць згары на ранішняе мора, у якім уяўляе жаўток сонца, як лямпачку ў кубку ўвечары. Ён узіраецца і пачынае разумець, што ня хоча вяртацца, што мог бы і абысьціся без радзімы, такой, якой яна стала бяз рыцарскага герба, бяз грунвальдскага сьцяга, страціўшы апошнія адзнакі шляхетнасьці. Тут ня дома, але дома ён быў ні свой, ні чужы, не адчуваў сябе па-сапраўднаму патрэбным. Дома ўсё той жа безаблічны станнасельніцтва”, агульнай масы, для якой ты незразумелы. Дый што такое радзіма? Калі яна топча твае ідэалы, пагарджае табой, топча сама сябе, не паважае сваю істоту, асобу, персону, страціла рэшткі гонару і годнасьці.
Яна, радзіма, недзе там за сьпінай, адсутная, далёкая, нябачная, яна дзесь на поўначы, як нібы вечная мерзлата, голая халодная тундра, не прыстасаваная, больш за тое, не прызначаная для нармальнага жыцьця, пазбаўленая сонца і надзейнага цяпла. Хай яна там і застаецца, у сваім адвечным летаргічным сьне, у ганебным стане прынукі, пакоры, маральнага напаўпрыгону, у непавазе да сябе, у несвабодзе.
Спакуса раптам прыдуманых уцёкаў, амаль уяўнай нібы-эміграцыі. Так проста: адмовіцца ад квітка назад, здаць. І твая краіна зараз са штодзённай раздражняльнай рэальнасьці ператвараецца ў сюжэт з тэленавінаў, ня ў кожным нават выпуску, якія можна не глядзець увогуле, прынамсі пера­ключыць у разе чаго, бо тут сваіх навінаў хапае. Уласна кажучы, Фабіяна абражалі подласьць і крывадушнасьць цяперашняга жыцьця, нікчэмнасьць людзей, якія спасылаліся на службовы стан, на абставіны, на часы.
Яны таксама ў 20-м, хто чакаў да канца, узважвалі, круцілі ў руках, прыкладалі да вуха нібы марскую ракавіну, прыглядаліся да задумы, магчымасьці эміграцыінаколькі пэўная, наколькі лагічная, надзейная, якая няўмольна ператваралася ў пільную патрэбу, у непазьбежнасьць, у абавязкова кончае самаратаваньне. Чым хутчэй ратаваць ногі, каб захаваць галаву. Гэх! Нічога такога Фабіян, аднак, сёньня не адчуваў. Ён мог і павінен быў вярнуцца, яму канкрэтна пакуль нішто не пагражала, а вось яны тады, у 20-м, такога лёсу ня мелі, яны вярнуцца назад не маглі, яны маглі толькі ўцякчы, выкарыстаць апошні шанц.
Памяць тут, як і ў фабіянавых мясьцінах, заставалася ідэалагічным паняцьцем. Падручнікі гісторыінібы газетныя сшыўкі, з якіх павырэзвалі мноства артыкулаў. Ніякіх помнікаў, ніякага напаміну пра Вялікі зыход з абдоймаў ягіпецкага палону, нявольніцтва. Толькі растыражаваныя канвеерныя манументы пераможцаў. Фабіян заплюшчвае вочы: на вуліцах, плошчах, на прычале ў порце пакінутая баявая тэхніка, зброя, рыштунак.
Сухапутныя ўзбраеньні, якія немагчыма было забраць, захаваць, ня толькі з увагі на пасажыраў, перагружанасьць, на курс у чужую краіну і проста бессэнсоўнасьць, яна страціла патрэбу, яшчэ ўчора каштоўная, на вагу золата, вайсковая бранявая тэхніка, цяжкія гарматы, нават аэрапланы, нібыта прыдатныя для ўцёкаў, ніякай карысьці, далёка не заляціш, пад табой мора. Жалеза, якое астыла
Крымскія горы і даліны надоўга апанавалі чырвоныя. Дэмбельскія альбомы. Цэлае фотафальклорнае радовішча на тэрыторыі колішняе дзяржавы ў дзяржаве. Апроч дурноты, плюганіны і кітчу, сама аснова не выклікала ў шэраговага Фабіяна грэблівасьці. Экскурсіігенуэзская крэпасьць і гэтак далей. Пальмы, кіпарысы. Нават акторкі з кіначасопісу ў якасьці аздобы. Ветразі, яхты. Беласьнежныя лайнеры. Нібы-антычныя калоны, праўда далёка не ва ўсіх. Супер-фота: яны ўзводна ў масоўцы на здымках севастопальскай абароны. Ад англа-французскіх інтэрвентаў. Незвычайнае адчуваньне сябе ня проста не ў сваёй вопратцы, ацарскім жаўнерам. На архаічнай вайне, у іншым жыцьці, эпосе, у надзвычайных абставінах, з думкамі прапрадзедаў, іхнімі патрэбамі і ўяўленьнямі пра сьвет і сябе ў ім. Хаця, напэўна, браты па зброі ягоныя ні над чым падобным не задумваліся. Прасьцей кажучы, не ўскладнялі сабе жыцьця.
Звальненьні, як на ранейшае жыцьцё, атрымліваліся экзатычнымі экскурсіямі. Уражаньні нагадвалі саган з усходнімі пекнасьцямі. Аднойчы пра янычараў пачаў пісаць. Зрэшты, не атрымалася. Што ён тады пра іх мог ведаць? Толькі што гвардыя, целаахоўнікі султанаў і пашаў. Адданыя і жорсткія, ваяўнічыя і бязьлітасныя. Элітныя аддзелы турэцкага войска. Пра сапраўдны зьмест зявы, пра янычарства бадай тады шэраговы Фабіян не здагадваўся. Яны цікавілі сваёй экзотыкай. А крымскія санеты? Загадкавыя каменныя гарады, недаступныяна вяршыні гары. Як тыя сярэдневечныя замкі, алецэлыя гарады. Высечаныя ў скалах на вышыні кляштары першых хрысьціянаў, калі яшчэ не падзяляліся на асобныя канфесіі. Хаця над апошнім фактам ён тады ня мог задумвацца. Ды само неба начное было адметным. Як цёмна-сіняе покрыва з залатым зорным сяйвом. З тысячы ды адной ночы
Не магло не прыгнятаць, прынамсі, адногруды сьмецьця. Сабіну і Фабіяна сёньня гэта вельмі раздражняла. Пры Урангелі, у ранейшыя часы не магло быць так, здавалася ім. Тады прыбіральшчыкі не круцілі носам, не разважаліколькі павінна каштаваць прыбіраньне сьмецьця, быццам гэта моцна кваліфікаваная праца. Засьмецілі рай, занядбалі, засралі, трэба быць шчырымі. Забудавалі хрушчоўкамі, сараямі, складамі, казармамі, нагрувасьцілі. Тут кожны дом павінен быў будавацца інакш, як было калісьці, пакуль рай не пакінулі, ратуючыся ад пагоні вяршкі грамадства, думалася Фабіяну.
Але, не зважаючы на пляжы і віно, паўвостраў, не шкадуючы лішне, зрабілі бочкай з порахам. Якое супадзеньне: ваенных будаўнікоў вучылі менавіта ў райскай краіне, славутыстройбат”. Яны практыкаваліся сярод пальмаў і вінаграднікаў. Цэлае вучылішчакаб будаваць ракетныя шахты, сховішчы для ядзерных боегаловак, бункеры, камандныя пункты, базы падлодак, докі, аэрадромы. Па дапамогу выклікалі шахцёраў, прыцягвалі макшэйдэраў, метрабудаўнікоў. У райскія шаты! Яны ўпарта дзяўблі горы, бурылі іх, бязьлітасна сьвідравалі, пракладалі сакрэтныя тунелі. Сёньнягіганцкая, але шкодная, увогуле марная для райская кутка праца, як падземныя заводы фюрэра. На хрушчоўках будбат адпачываў, у напаўпяным стане, вядома. Салдаты пасьля заканчэньня тэрміну не хацелі на дэмбель. Іх вучылі будаваць падземныя абекты, умацаваньні, капаніры, ангары, штабы, казармы, астатняеяк атрымаецца. І яны не маглі ўжо будаваць як трэба, ды ня ў райскіх лясах, ды без мадэры, на якую ў салдата будбата заўсёды былі грошы. Навокал сёньня мноства недабудаваных санаторыяў, вілаў, дамоў адпачынку, рай не пасьпелі перарабіць цалкам па свойму.
Фабіян аднойчы трапіў на кэпэ глаўкама, ля самага мора. Будаўніцтва заканчвалася: басейн, бункер, вінны склеп, рэстарацыя, ён усяго ня бачыў, але зьдзівіла, што абшалявалі знутры дошчачкай без сучка, сібірская ліствіца, казалі хлопцы. Гэта было вельмі шыкоўна. У казарме ён пачаў складаць пра яблыкі Траянскага каня. Яго прывозяць цішком, уначы, выстаўляюць на прычал і невядомы карабель зьнікае. Гіпнатычны вобраз. Але гэта не запечаная качка з яблыкамі. Вантробы небясьпечныя. Траянскі конь з трупамі? З гадамі, скарпіёнамі? Не, хутчэй у ім трупы памерлых ад чумы. Якісьці сумбур, няздольнасьць будаваць празаічны твор. Фабіяна паслалі ў нарад, дапісаць не атрымалася.
Але думкі пра Крым, яны неадчэпныя. Як стварыўся рай? Адарваўся кавалак, як ад Гандваны, прывандраваў на поўнач? Ці адламіўся, адсунуўся ад паўночнага берагу, утварыўшы невялікае плыткае мора? Гэта што датычыць самой зямлі. А экзатычныя пальмы? Занесла шчодрай жменяй насеньне, раскідала ля мора. Ветрам, які затрымалі горы. Па-за імі, на поўначы засталіся руды стэп, сьпякотнае сонца, сухмень, салёныя азёры, саланчакі. А калі Бог стварыў яго, скажамДзеля адпачынку працоўных, як атрымліваецца? Перш, народных камісараў, працаўнікоў цэка, саўдэпаў, камбедаў, абкамаў-рэўкамаў, чырвоных маршалаў. Творчых сілаў сацрэалізму, ідэалагічных кадраў, чырвонай прафесуры. Для іх таксама: перадавікоў працы, стаханаўцаў, стотысячніц. Для герояў бітвы за ўраджай, сталевараў-ударнікаў, адважнікаў вялікіх сталінскіх будоўляў камунізму. Для будзь гатоў к труду і абароне. Варашылаўскіх стралкоў, для іхахоўнікаў бязьмежнага ГУЛАГу.
Ці не памыліўся Бог? Хаця, спачатку плёнам ягонай працы пакарысталіся царская сямя, фабрыканты, ліхвяры, банкіры, золатапрамыслоўцы. Купцы розных гільдыяў. Кадэты, акцябрысты. Графска-княская костка. Кавалергарды, правадыры дваранства, земскія галовы, генерал-губернатары. Жандары. Тайныя, сапраўдныя і стацкія саветнікі. Кавалеры ордэнаў на шыі і на грудзях. Дума з фракцыямі, сьвяшчэнны сінод з епархіяльнымі ўправамі. У Бога, бадай, не хапіла моцы, а можа жаданьня, адцяць, зрабіць яго востравам, перасунуць у мора, пакрыць суцэльна субтрапічным лесам, цалкам ператварыць у квітнеючы сад. Гэткі вось Кіпр, але ў суседнім моры. Яблыкі спакусы ў райскім садзе сёньня драўляныя, з ядлоўцу. Пахнуць ім, даўка.
За кармой беласьнежная сьцяжына. Ззаду ноч. Зіма. Сьцюдзёна і цёмна. Тутзыркае сонца, сонца ў смузе. Лагоднае, пяшчотнае, супакойнае. Рай. Які прымушалі пакінуць напярэдадні блізкіх Калядаў і Новага году. Сьвята нараджэньня Хрыста. Мішура, серпанцін, канфеці. Атмасфера радаснага чаканьня, раптоўна-хвілёвага зрываньня сэрца з рытму, быццам абрынулася ў прадоньне і ўстрымалася. Прадчуваньне незвычайнасьці, сапраўднага сьвята. Сьвяточная елка, падарункі. Шампанскае. У вядзерцы з лёдам. Мандарыны, шакалад. Хрыстос нарадзіўся! Ах! Шчымліва да сьлёз. Вясёлая язда ў тройцы з бомамі, іскрыцца сьнег, сьмех.
Спыніць! Адкінуць назад, трымаць на адлегласьці хаця б гарматнага стрэлу. У ніякім разе не пусьціць, захаваць старое жыцьцё. Стары лад. Звычаі і завядзёнкі. Традыцыі і каштоўнасьці. Вера. Цар. Айчына. Трыяда, якая нядаўна выклікала трымценьне голасу, шчымленьне сэрца. Збэшчаныя сьвятыні. Зробленыя пустым гукам. Ператвораныя ў нішто тры сланы, на якіх адвеку трымаўся звыклы сьвет. Нават альфабэт зьняважылі. Новыя галодныя агрэсіўныя варвары. Нават альфабэт! Каляндар зыначылі. І ён ім чамусьці перашкаджаў. Абы на свой блюзьнерскі капыл. Няма ні цара, ні айчыны, адкуль застацца веры? Але Богадзінае, што яны яшчэ мелі.
Цар, якога саслалі спачатку ў крымскія пальмы, чамусь ня трапіў сюды. Няма цара, ён зьнік са сьцягоў урангелеўскай арміі. З поўначы наступ вечнай зімы. Спаўзаньне чарговага, раптоўнага ледавіка. Няўмольная навала. Арда. У шапках з сабачага футра, з крывымі шаблямі. З апантанымі вачыма, з крыважэрнымі ратамі. Дзікі стэп... Лейтэнант Джавані Дрога, які гадамі чакае ў генуэзскай крэпасьці варожае войска з боку Татарскай пустэльні, думаецца Фабіяну. Страх ператвараецца ў патрэбу, у манію. Толькі ў рамане насельнікі крэпасьці, загіпнатызаваныя няўмольнасьцю ўяўнай навалы, адмаўляліся пакінуць муры, у думках жадаючы, каб вораг конча прыйшоў. Зрабіўшы спакваля для сябе чаканьне сэнсам жыцьця.
Мы заўжды патаемна чакаем непрыемнасьцяў, гвалтоўных зьменаў, нейкай неакрэсьленай пагрозы. Мы толькі не паказваем выгляду, што чагосьці баімся. Існаваць у лёгкім стрэсенаш лёс. Хоць гэта не дае запабегчы здарэньняў, ліха. Такое не зусім утульнае існаваньне не залежыць ад нашых жаданьняў. Джавані Дрога чакаў па-мазахісцку. Частка афіцэраў Белай Арміі таксама. Яны засталіся, правёўшы вачыма белыя дымы, якія распусьціліся ў моры. Каўчэг быў караванам з мноства караблёў. Яны стаміліся ад уцёкаў, зьняверыліся, сталі абыякавыя да ўсяго, першда сябе. Яны ня ведалі, што іх чакае. Маглі прадчуваць, але на нешта неакрэсьлена спадзяваліся, прынамсі стараліся ці спрабавалі спадзявацца. Эміграцыя здавалася катастрофай.
Час зьязджаць усё ж надышоў, яны з Сабінай, пакінуўшы ў рэцэпцыі рэчы, апошні раз на моры: месца хапае, раніца ня пляжная, надворе нібы адмыслова змікшаванае, каб яны ня надта шкадавалі пра адезд. Пасьля начнога дажджу з маланкамі халаднавата. Сонца заспалася, яго спачатку няма зусім. Уласна кажучы, па пляжы нечакана няўтульна, яны ўстаюць з драўляных лежакоў і ўзьнімаюцца наверх, насалярый”, што прасунуты ў мора. І нават тут ня ўсё занята, як бывае звычайна, яны кладуцца плазам на прахалодныя дошкі і прыкрываюцца, бо апатычнае сонца раз-пораз зашморгваюць фіранкі шэрых хмарак, і ляжаць зусім ня цёпла. Фабіяну ўзгадваецца рыцарскі турнір, што ў дзень іхняга адезду пачнецца на адлегласьціу горадзе з генуэзскай крэпасьцю. Некалі рыцары, кавалеры крыжоў мусілі адплыць з паўвострава, пакінуць райскую мясьціну, дзе вынішчылі затым усё рыцарскае, шляхецкае. Ці атрымаецца вярнуць сякі-такі дух? Штучныя прышчэпкі ці заўжды даюць вынік? У Фабіяна няма адказаў, ёсьць толькі пытаньні. Яны ляжаць з Сабінай моўчкі, размаўляць няма асаблівай патрэбы, хочацца адно надыхацца на астачу марскім паветрам, наслухацца хваляў, каб хоць на бліжэйшыя дні крыху захаваць адчуваньне мора.
Ты ведаеш, парушае праз колькі часу маўчаньне Фабіян, выбітыя, выгнаныя з Ерусаліму крыжакі пагрузіліся некалі на караблі і апынуліся ў моры. Яны заставаліся вайсковай сілай, як і армія генерала Урангеля, яны высадзіліся на Кіпры і заснавалі сваю рыцарскую дзяржаву.
Але ж гэта быў востраў, ім пашанцавала.
Можна й так сказаць, на пэўны час, зрэшты яна праіснавала трыста гадоў
Яны з вялікімі стратамі ўпарта заваёўвалі горад з Дамавінай гасподняй, але бясконца ўтрымліваць яго не маглі. Іх акружала чужароднае ваяўнічае мора. Мне ўвогуле здаецца гэта варяцкім: рыцары ў жалезных дасьпехах у распаленых сонцам пясках. Я думаю, Кіпр стаўся для іх лепшым месцам, думаю, што нават раем, калі ўлічыць, што сёньня гэта суцэльны курорт, прынамсі нетурэцкая частка.
Абрысы Кіпру нагадваюць відавочна відарыс крымскі. Але Бог не зрабіў Крым канчаткова востравам, штось яго стрымала, прымусіла пакінуць аднолькавую магчымасьць і абараняць з посьпехам вузкі уваход, і прайсьці скрозь яго ўнутр. І нашым, і вашым. Тое, што чырвоныя прайшлі цераз гнілую затоку ў халады, перакрэсьліўшы перакопскую абарону, не навіна. Імператарская пяхота рабіла тое ж самае, калі Перакоп абаранялі туркі з татарамі, я чытаў калісьці. Рускія некалькі разоў уваходзілі ў Крым, але пакідалі яго, некалькі разоў, нават дзіўна. Гэта каштавала столькіх жаўнераў, столькі пораху. Крым быў, напэўна, для іх накшталт Ерусаліму: і хочацца, і колецца
Толькі што яны ня бачылі ў ім нічога свайго, не адчувалі сваіх правоў. Гэта пісьменьнік, які потым стаў пісаць па-ангельску, ён таксама трапіў за мяжу праз Крым, ён яго зьдзівіў, пісьменьнік не адчуў рускага духу, як ён пісаў потым. Крым здаўся яму чужым краем, дзе ўсё было нярускім: пахі, гукі, рык асла, крык муэддзіна.
Калі падумаць: рай і не павінен быў выглядаць інакш. Райгэта заўсёды незвычайна, гэта замежная тэрыторыя, экзатычны куток.
Як у рэкламебаўньці”?
Сапраўды. Рай ня мог выглядаць будзённа, як звычайная вёска: саламяныя стрэхі, пахіленыя парканы з парэпанымі збанамі, напрыклад.
Яны зноўку ляжаць моўчкі. Ляжаць, часам расплюшчваючы вочы ў неба, дзе сонца ніяк ня можа вызначыцца, і глядзець ня зырка, нават прыемна, усьведамляючы, што бачыш неба над морам, над Крымам. І неадчэпная думка: апошні раз бачыш. А над галавой часам у абсяг зроку трапляюць мэвы, якіх кідае нібы ў хвалях у паветраных плынях, вецер трывае парывісты.
Бог ім нарэшце пасьміхнуўся, дазволіўшы сонцу апоўдні ўлагодзіць Сабіне з Фабіянам апошнія марскія ванны. Аднак змыць соль аказалася ня так проста, як ім здавалася напярэдадні, амаль немагчыма. Платны душ, які яны даўно прыгледзелі на гэты выпадак, спыніў сваё існаваньне менавіта ў патрэбны дзень. Ім паспачувалі, далі параду, і вось яны па чарзе ў змрочнай старой кацельні сярод іржавых трубаў, вентыляў здолелі за нейкія капейкі пастаяць некалькі хвілінаў пад апатычным цурком з друшлячка.
Апошняя ежа з півам на цяністай тэрасе пад каменным мурам уРаіна набярэжнай. Гэта віла для новых рускіх на самай набярэжнай, яны ў шэзлонгах загараюць у лоджыях. Ад віна перад дарогай Сабіна з Фабіянам адмаўляюцца, апошняя пляшка выпітая ўчора ўвечары наверсе з морам як на далоні. З морам, якое апынаецца спакваля пад цёмным небам, якое не пасьпявае зрабіцца суздром чорным, бо нябачная рука жменяй раскідае па ім россыпы залатых зораў. Апошняй пляшкай было ружовае, інкерманскаяГераклея”, Фабіян не вялікі аматар ружовага, але назва спадабалася вельмі. Яго не пакідае думка пра вінныя склепы ў горных пячорах. Штосьці Урангель, канешне, пагрузіў на караблі. Але колькі засталося яшчэ! Малаверагодна, што выбівалі коркі з бочак, білі бутэлькі, каб крымскі нектар багоў не дастаўся ворагу. Напэўна, матросы адчулі культурны шок, трапіўшы ў склепы з мадэрай.
А што ты думаеш пра гэта? — пытаецца Фабіян, агучыўшы свае думкі пра віно.
Я? — Сабіна робіць зьдзіўленыя вочы. — Я пра гэта ня думала. Каб пры адступленьні заўжды зьнішчалі тое, што немагчыма забраць, замест трафеяў пераможцы атрымлівалі толькі ламачча, металалом. Але, здаецца, з трафеямі звычайна бывала ўсё нармальна. Урангель не зьнішчаў жа свае танкі і самалёты? Вось ты, ці здольны быў бы выліць запасы марачнага ў мора?
Яне.
Вось бачыш.
У мяне ўжо нейкія думкі пад заслону, тэма не дае пераключыцца на іншае. Ці не была белая эміграцыя вылушчаным па восені плодам, зернем, ядром сваёй змучанай, скатаванай бацькаўшчыны? На беразе засталіся асьцюкі, плеўкі, шалупіньне. Ці не была менавіта зьнятымі вяршкамі, якія зьнесла хвалямі, нібы марское белае шумавіньне?
А мне, ведаеш, калі фантазіраваць, хочацца параўнаць іх бадай з ікрой рыбіны, што з успоратым чэравам засталася на беразе кінутай дзюбам на спажыву. Як уяўлю, што ў сярэднім на палубах, у каютах і ў трумах кожнага карабля было больш за тысячу чалавек, робіцца ніякавата. Гэта цяжка ўявіць нават. Параўнаньне з селядцамі ў бочцы не прыдатнае. Тут менавіта пра лічбу ікрынак у слоіку хутчэй падумаеш.
Так, магчыма, сапраўды гэта больш дакладна будзе. Але я пра сваё: плод сасьпеў і адваліўся, нібы какосавы гарэх, да яго кінуліся галодныя і прагныя, ды зубы зламалі.
Хутчэй міма роту пранесьлі.
І гэта праўда. Але, але насеньне расьцерусілася і бяз роднай нівы не дало і не магло даць асаблівага плёну. Яно трапіла ў чужую глебу і кволая рунь была заглушаная пустазельлем. Сэ ля ві.
Вядомы сёньня факт: генерал Урангель забраў паштовых вайсковых галубоў з Севастопалю ў Еўропу. Праз паўтары гады яны вярнуліся. Галубы вярнуліся. Яны не разумелі нічога, тут размаўлялі цяпер ня так іншай моваю, як іншымі словамі, з іншай інтанацыяй. Прыгаломшаныя, яны кружлялі, прыляцеўшы ў свой дом, які стаў чужым, калі не з Парыжу, дык з Бялграду. Зрэшты, яны нядоўга пакутвалі, іх зжэрлі, так-так, зжавалі моцныя чырвонафлоцкія сківіцы, як белагвардзейскіх паштовых сувязных. А як жа?!
Галубы ў клетках на палубечым не каўчэг сапраўды? — думаецца Фабіяну. Яны ратаваліся ад патопу, ад чырвонага патопу, ад шабельнай навалы. Ня выключана, што нейкую іншую дробную жывіну разам з харчовымі прыпасамі ўзялі таксама, шлях да іншага берагу для некаторых забраў дзесяць нават дзён. Так, зусім ня выключана, хаця пэўна невядома, бо дзе падрабязная справаздача пра гаспадарчы бок марскіх пярэбараў? Няма яе.
Пазьней гэты прыклад натхніў можна сказаць чырвоную ўладу. НКВД, пасадзіўшы ў турэмныя цягнікі крымскіх татараў, вывезла іх з райскіх лясоў у тартарары праз вузкі перакопскі перашыек, дарога заняла і месяц, і два. Затым так зрабілі з іншымі яшчэ народамі, арыштаваўшы пагалоўна за ноч, падрыхтаваўшы ім закратаваныя каўчэгі на колах, прызначаныя раней для быдла. Каб учыніць гэта з зашуганымі старымі, дзецьмі, жанчынамі, у высокіх кабінетах і штабах распрацавалі паводле ўсіх вымогаў стратэгіі і тактыкі, а затым хутка і жорстка ажыцьцявілі свае буйнамаштабныя вайскова-карныя аперацыі. Стварыўшы цэлым народам незагойную рану на ўсё астатняе гістарычнае жыцьцё.
Што праўда, у 1920-м перасяленьне белага народу адбылося ў незвычайна прымусовых абставінах, але дабраахвотна, ніхто нікога не вывозіў сілком, у кайданах, і што яшчэ больш істотнагэта быў зыход ад зыркай агнёвай, маланкавай пагрозы нявольніцтва, гвалту, арыштаў, расстрэлаў, ад сьмерці.
Тыя, іншыя пярэбарыне на караблях цераз Чырвона-Чорнае мора, не да цяплейшага краю на паўднёвым беразе, а ў замкнёных вагонах, пад збройнай аховай, у жывёльных умовах, адбываліся раптоўна, гвалтам і на ўсход, у стэпы і пустыні, на пагібель і адбываліся з больш-менш людскіх умоваў, з родных котлішчаў. Першыя ўцякалі, ратаваліся ад варожых шабляў і штыхоў, ад чужынскай улады. Другіх акружалі, бралі ў жалезныя абцугі, хапаліяжовымі рукавіцамінібы карнікі ў нядаўнюю вайну, арыштоўвалі родныя нібыта войскі з пяшчотнымі васільковымі пагонамі. І гэта пасьля вызваленьня з-пад акупацыі і па загаду роднай жа рабоча-сялянскай улады. Але ж дылемы, але ж лёсы! Жорны, напраўду.
Аніводзін карабель не загінуў у моры падчас Вялікага зыходу. Усе пазьней дайшлі да далёкага міжземнаморскага порту, да месца сваёй апошняй стаянкі. Каб ператварыцца там паступова ў жалезнае ламачча. У карабельныя могілкі. Але спачатку ў мёртвую эскадру, у лагер на вадзе з афіцэрскім сходам, шпіталем і школкай, з капліцай, штабам, пральняй і гарматамі. Урангель ад самага пачатку ведаў чым закончыцца ўсё. Як толькі прыняў камандаваньне, ён загадаў рамантаваць караблі, рыхтаваць флот. За паўгода да эвакуацыі. Але таксама стаў умацоўваць армію. Каб даць час быць гатовымі каўчэгам да адплыцьця.
У апошнія хвіліны, ужо ў маршрутцы, Фабіяну думаецца: урангелеўскія караблі сталі казармамі і жытлом на вадзе для афіцэрскіх семяўгэта ня быў ужо флот, з якім можна было спадзявацца на вяртаньне, на паўторнае заваяваньне Крыму. Але ён найдаўжэй заставаўся наколькі магчыма баявым фармаваньнем, прычым флот не пацярпеў паразы, як армія генерала на крымскім мацерыку, флот выратаваў яе ад поўнага разгрому, але ён згас як агонь, як цяпельца, у якое не падкідаюць дроваў. У афрыканскім моры, у Бізэрце на Куцьцю 1924-га над урангелеўскімі караблямі былі спушчаныя сьцягі, назаўжды. Флот каўчэгаў спыніў існаваньне
Уцекачы адплывалі, стоячы на карме па-афіцэрску: пагоны, шэўроны, аксельбанты, узнагароды, пры шаблях і пісталетах, зьняўшы фуражкі. З баявымі штандарамі. Хто застаўсяправодзілі іх поглядамі, закапаўшы ці зьнішчыўшы дакументы, пагоны, медалі, нашыйныя крыжыкі. Нават фатаграфіі, дзе яны ў мундзірах, пры рэгаліях. У баявым шыхце, у конным, пры зброі. Каля браневіка, гарматнай батарэі. Пад трыкалёрам. Забыць сваё мінулае, выкрэсьліць усё, што папярэднічала цяперашняму дню. Заплюшчыў вочы да болю, да каляровых плямаў. Расплюшчыўнавокал усё іншае. Чырвоныя сьцягі, транспаранты, плакаты. Зоркі на шапках... Іх закапаюць у рудаватую зямлю, рэшткі якой засталіся на падэшвах уцекачоў.
Восень 2002, сьнежань 2008.