12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Сяргей Астравец

_____________________
Кватэра з відам на Свіслач.
Рэцэнзія на кнігу Аляксандра Лукашука
“Сьлед матылька. Освальд у Менску”


Аляксандар Лукашук, “Сьлед матылька.
Освальд у Менску”. “Бібліятэка Свабоды.
ХІХ стагодзьдзе”, 2011, 390 стар.

“След матылька. Освальд у Менску” Аляксандра Лукашука. Я чакаў гэтай кнігі. Гісторыя, якая непакоіць, незразумелая, загадкавая. Зусім жа блізка быў яе пачатак, мы там ходзім самі. Так, гісторыя Освальда заўжды трывожыла, хвалявала. Апошнія гады ягонага жыцця — гэта авантурніцкі сюжэт з трагічным заканчэннем. Было шкада ахвяру, прэзідэнта Джона Кенэдзі, але ж пачуццё жалю выклікаў і былы менчук, як магчымая ахвяра памылковай высновы следства. Як вядома, Освальд толькі быў названы абвінавачаным, пасля чаго яго забілі. Ягоны забойца следам таксама развітаўся з жыццём.
Са школы памятаю першую прачытаную кніжку пра су­часную амерыканскую трагедыю. Інтрыгавалі здымкі, зробленыя на балконе кватэры на Камуністычнай: безумоўна, добры агляд — Свіслач, парк, штаб, фон для здымкаў, але таксама месца размоў з думкай пра схаваныя мікрафоны ў кватэры.

З Менску без любові…

У нашых мясцовых крыніцах прынята пісаць “падазраецца ў забойстве Прэзідэнта ЗША”, у тамтэйшых — “прызнаны забойцам”. Хаця многія амерыканцы дагэтуль сумняваюцца, следства з удзелам самога падазраванага было немагчымым. Першы сумнеў: тры стрэлы былі зробленыя менш, чым за шэсць секунд… Пазнейшыя расследаванні дапусцілі, што стралкоў было два.
Далей: Освальд у руках са стрэльбай і газетай кампар­тыі “The Worker” — ці не фотамантаж, няверыліся даследчыкі? Зрэшты, ён першым запярэчыў: гэта падробка! Але жонка Марына адразу пацвердзіла, што на здымку ён пазіраваў ёй. Адмаўляў, што ўмее страляць, хаця быў стралком, любіў фатаграфавацца са зброяй… Потым — загадкавае забойства па дарозе ў турму, у прамым тэлеэфіры.
Уплыў менскага перыяду жыцця на тое, што здарылася потым… Сапраўды, гэта прынцыпова важна, хай ён мог быць толькі ўскосным. Але досвед жыцця ў Менску, нечаканы, унікальны для амерыканца напачатку 1960-х, безумоўна, адбіўся на маральным стане, свядомасці, паўплываў на самаацэнку, на яго пазнейшыя ўчынкі.
Аляксандр Лукашук задаў пытанне аб гэтым амерыканскаму раманісту Норману Мэйлеру, адзінаму, хто працаваў у менскім КДБ з дакументамі, якія датычылі жыцця Освальда ў сталіцы БССР. Мэйлер гэтую сувязь бачыў: Освальд уведаў жыццё ў СССР з пункту гледжання звычайнага рабочага, якім працаваў у Менску. Ён адчуў, што знае больш за іншых савецкія парадкі, што робіць яго асаблівым, адметным, значным.

Павярхоўная дастаеўшчына

Вельмі сімвалічна, што першым падарункам, які Освальд атрымаў яшчэ ў Маскве на дзень народзінаў, быў раман Дастаеўскага “Ідыёт”. Тут важны, зразумела, не змест (не думаю, што вялікі нудны(??) твор ХІХ стагоддзя амерыканцу быў па зубах), а назва. Напэўна ж, сам Освальд не раз адчуў сябе менавіта ідыётам, падмануты вельмі хутка савецкай рэчаіснасцю. Дзівосы: ці яму карцела пераканацца на свае вочы, што СССР не мае нічога агульнага з антыўтопіяй Оруэла “1984”, пра якую ён узгадвае?
У СССР Освальд амаль адразу трапіў у псіхушку, ускрыў сабе вены, калі яму адмовілі ў савецкім грамадзянстве… Пра здарэнне з ім — уцёк у СССР, адмовіўся ад амерыканскага грамадзянства — паведаміла заходняя прэса, ён стаў вядомым… Чаго нельга было сказаць пра СССР: марыў стаць студэнтам у Маскве, адправілі рабочым у правінцыю, ад яго жадання нічога не залежала. Яго чакалі “праца шэрая” і ў якасці забавы “прафсаюзныя танцы”. Хапіла па горла аднаго года савецкага існавання. Калі наступіў 1961-шы, ён вырашыў, што “з яго досыць”. О, шчасце, грамадзянства захавалася, Освальд пачынае захады, каб вярнулі амерыканскі пашпарт.

1961

Рашэнне выспявала цягам студзеня, калі ў ЗША выбралі самага маладога прэзідэнта — Джона Кенэдзі. Не сказаць, каб у СССР, у сацлагеры жыццё застыла на месцы, не. Палёт Гагарына, кодэкс будаўніка камунізму, падземны выбух самага моцнага ядзернага зараду, пабудова Берлінскай сцяны, вынас Сталіна з маўзалея. Ну, і вяселле Лі Харві Освальда з Марынай Прусаковай.
Але з радзімы даходзілі іншыя навіны. Няўдалы дэсант на Кубу праціўнікаў Кастра. Застрэліўся Хэмінгуэй. Вярхоўны суд ЗША: кампартыя павінна зарэгістравацца, як арганізацыя, у якой большасць членаў — замежнікі.
“Рэйсы свабоды”: актывісты спраўджваюць, ці дапускаюцца ў маршрутныя аўтобусы афраамерыканцы? Твіст выбухова робіцца папулярным у ЗША дзякуючы аднайменнаму шлягеру. Карціна Рэмбрандта набыта нью-ёркскім “Метраполітанам” за неверагодную суму — два мільёны трыста тысяч долараў. Кенэдзі назваў прыярытэтнай задачай высадку чалавека на Месяцы да канца дзесяцігоддзя.
Невядома, ці слухаў Освальд, скажам, “Голас Амерыкі”? Але ў тым ці іншым выглядзе навіны даходзілі… Першае паспяховае выкраданне самалёта, які зрабіў пасадку ў Гаване. Былы прэзідэнт Дуайт Эйзенхаўэр заяўляе, што ёсць небяспека для палітычнага становішча ў краіне з боку пэўных сілаў, “ваенна-прамысловага комплексу”. Кастра ў канцы года абвяшчае сябе марксістам-ленінцам і што павядзе свой народ да камунізму. ЗША разарвалі дыпламатычныя адносіны з Кубай. “Востраў свабоды” Освальда не мог не цікавіць, што паказалі пазнейшыя падзеі.

Освальдсковіч

У марской пяхоце за цікавасць да СССР яму прыдумалі мянушку “Освальдсковіч”, гучала не зусім правільна, але даволі па-беларуску.
Калі задумацца, Освальд у пэўным сэнсе нагадвае, скажам, Самсона Самасуя альбо гогалеўскага Хлестакова, толькі фінал трагічны. Правакатар, прайдзісвет, шукае вострых прыгодаў, неўраўнаважаны (раздае пазней уласнага вырабу ўлёткі мінакам “Рукі прэч ад Кубы!”, бойка з кубінскімі эмігрантамі). Словам, авантурыст. Нездарма КДБ турбуе, ці гэта не “дурацкая правакацыя ЦРУ”? І робяцца намаганні, каб высветліць: ці ён сапраўды быў тым, за каго сябе выдаваў?
Не скажу, што я марыў пра кнігу беларускага паходжання, не, проста хацелася больш прачытаць пра менскі час гэтай гісторыі. Цяпер ёсць менавіта беларуская кніга. Хаця Аляксандр Лукашук зазначае, што першае “літаратурнае следства” адносна жыцця Освальда ў Менску правёў Норман Мэйлер, напісаўшы “Гісторыю Освальда”. Яна дапамагла беларускаму аўтару напісаць сваё паралельнае літаратурнае следства.
Лукашук падсумоўвае сваю працу: “Не ўсё вычарпана, канечне”, Освальд мог сустракацца ў Менску з іншымі людзьмі, пошукі можна працягваць. Аднак відавочна, што “След матылька”, знаходзячыся ў Менску, напісаць было б даволі цяжка. Аўтар зрабіў важныя рэчы: спачатку пераклаўшы раздзелы з кнігі Мэйлера, пазнаёміўшы з імі слухачоў Радыё Свабода і зрабіўшы інтэрв’ю з пісьменнікам. Ніхто не даведаўся, не ўзяў інтэрв’ю, калі той хадзіў па менскіх вуліцах. Потым, пасля выхаду кнігі, у Штатах знайсці яго было значна цяжэй…
Параўноўваючы Освальда з матыльком, Аляксандр Лукашук надаў дакументальнай кнізе менавіта закончаную, зграбную празаічную форму. А ўключаючы ўрыўкі “мемуараў” Освальда, пазначае яшчэ адзін пласт гэтай гісторыі: амерыканец меў выразныя аўтарскія амбіцыі, аб чым доктар Говард Роўм, які аналізаваў рукапісы, засведчыў, што той неабгрунтавана ацэньваў свае “літаратурныя магчымасці”.
Сапраўды, Освальд — пісака нудны. Ты чакаеш, што ўбачыш гарадскі ландшафт з набору шакаладак: вежы на чыгуначным вакзале з цыферблатам, яны на той час хіба ўжо існавалі, нечаканы абсалютна Чырвоны касцёл, нарэшце ўнушальны абеліск, які так і просіцца параўнаць з вашынгтонскім, напрыклад. Праўда, ён запісаў, што Мазураў жыў у васьміпакаёвай кватэры на праспекце (не ў рэзідэнцыі), і колькі каштаваў тады батон. Хаця ў Штатах ён мог працягнуць свае запісы задняй датай, выпісаўшы “Советскую Белоруссию”.

Вымытая падлога

Освальд жыў у Менску ля радыёвежы, працаваў на радыёзаводзе. Цікава, што на адной вуліцы рабілі прыёмнікі з кароткімі хвалямі, з магчымасцю злавіць заходнюю радыёстанцыю, на другой стаялі моцныя глушылкі, каб слухаць было немагчыма.

Да сёння інтрыгуе настойлівае жаданне Марыны Освальд вымыць у кватэры абавязкова падлогу перад ад’ездам. Ці гэта прыкмета такая важная, забабоны, ці яна была проста дбайнай гаспадыняй? Зрэшты, гэта зусім няважна, у Штатах чыстая падлога, пакінутая ў Менску, нічым не паспрыяла.

Двайнік Освальда?

Тэма была выйгрышнай — на паверхні. Але пакуль ніхто з нашых не ўзяўся, не пачаў капаць глыбока, яна выглядала міражом, паветраным збудаваннем.
Кніга Аляксандра Лукашука стала падзеяй: незвычайны матэрыял, адметнае ўвасабленне. Цікава, што ён пакідае магчымасць для іншых аўтараў нетрывіяль­ным крокам. Аўтар прапанаваў Мэйлеру ўявіць, што за амерыканскім пісьменнікам, які наведаў Менск, каб напісаць кнігу пра амерыканца, які тут некалі жыў, сочаць, праслухоўваюць, прымушаюць пісаць справаздачы асобаў, якія з ім кантактуюць. А пазней прыязджае даследчык творчасці гэтага пісьменніка і атрымлівае доступ да архіваў спецслужбаў, якія за ім сачылі. “Мэйлер засмяяўся”, – паведамляе Лукашук.
Пасля кнігі “След матылька. Освальд у Менску” ў Штатах выйшаў новы раман Стывена Кінга “11/22/63”, гэта дата забойства Кенэдзі (у Штатах, як вядома, перш пазначаецца месяц, затым дзень). Тэма не пакідае пісьменнікаў абыякавымі. Кінга зацікавіла: як магло б быць, каб Кенэдзі застаўся б жывы… У сваю чаргу, нам не забараняецца іншы сюжэт: што магло б стаць з Освальдам, каб забойства прэзідэнта не адбылося? Як бы ён скончыў, былы менчук, колькі і якіх дроў яшчэ наламаў бы?
Кароткі лёс Освальда для мясцовага літаратара знаходка таксама. Рэзкія словы Лі Харві: “Мяне затрымалі таму, што я жыў у Савецкім Саюзе. Я проста ахвярны казёл”. Хлусня? Ці ўсё ж падабенства праўды?.. Адна эксгумацыя ў 1981-м чаго вартая — каб высветліць, ці не замянілі Освальда ў СССР двайніком? Тут, у Менску, напрыклад?
Калі загінуў прэзідэнт Джон Кенэдзі, савецкая прэса выступіла ў сваім амплуа: не сказаць вельмі істотнага пра Освальда — што ён жыў у СССР, у Менску! У Амерыцы жылі дзясяткі мільёнаў жыхароў, і толькі адзін з іх — на беразе Свіслачы. Гэтым незвычайным фактам з біяграфіі ён быў адметны ад усіх астатніх яшчэ да забойства прэзідэнта.