12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Ганна Аўчыньнікава

_____________________
Песьні каханьня.
Вершы



Надвячоркам

І ў яблыку, і ў зьмятае траве –
Усё мяжа.
У восені і вечары жыве
Адна душа.
У восені – нацягнутай струне –
Жыцьцё і зрыў.
І час абводзіў коламі мяне,
Ды не лячыў.
Перацякае ў золата блакіт,
Вакол спакой...
Дазволь дабраславёнаю мне быць
Тваёй рукой!
Сустрэчы нашых позіркаў і рук
Паміж людзей –
Мне тая цішыня, дзе кожны гук
Зьвініць чысьцей.


Песьні каханьня

Песьня 1
Нібыта ў сьне, салодкім сьне
Я сёньня голас твой пачула.
Ён мару кожную кране,
Што называлася “мінулым”.
Нібыта ў сьне, салодкім сьне
Я зноў жыву і зноў з табою,
І прарастае праз мяне
Пунсовай кветкаю былое.
Я так жадала быць адной,
Ды адчуваю штохвіліну:
Я толькі глеба, на якой
Растуць каханьня успаміны.

Песьня 2
Мы шукалі патрэбных слоў,
Толькі хутка мінула лета.
Я сябе пакідаю зноў
За мяжою твайго сусьвету.
Лета зьнікла, і голас сьціх.
Асыпаецца пазалота.
Нас чакае Быцьцё ўдваіх –
Ці адна на дваіх Самота?
Колькі дзён у маім жыцьці,
Што каханьнем было сагрэта?
Мне так лёгка, лёгка ісьці
За мяжою твайго сусьвету.

Песьня 3
Стылай восені Сонца ня грэе,
І душу не сагрэе ніхто.
Я іду па чырвонай алеі
І хаваю сябе ў паліто.
Я зрабілася ветрам і звонам
Над прастораю. Восень – мой дом.
Я абмытая бляскам чырвоным
І вянчаная жоўтым лістом.
Ці пазнаеш у гэтых карунках,
Што каханьнем асьветлена я –
Па жаданых такіх пацалунках
Ды па слове ледзь чутным:”Твая...”?

Песьня 4 (Vita nuova)
Я адлятаю ў лістапад,
Нібыта птушка ў ціхі вырай,
І азіраюся назад
З усьмешкай яснай і няшчырай.
Вяртаю падарунак твой –
Вясёлы сьмех на разьвітаньне,
А над маёю галавой
Лістота ладзіць баляваньне.
Я пакідаю гэты сад,
Дзе нельга шчыраю застацца,
І адлятаю ў лістапад,
Каб навучыцца усьміхацца.
Тады сатру былога сьлед
І прашапчу малітвы словы:
“Хай каляровым будзе сьвет,
Што назавецца Vita nuova!”

Coda

Душа мая жыве тваёй душою.
А іншага – і ў трызьненьні ня трэба!
Хачу быць павянчанаю з табою
Перад анёламі, людзьмі і Небам.
Хачу сьнягоў і верасьнёўскіх ранкаў,
Прыгожага і простага чагосьці:
Каб вокнаў шкло завешвалі фіранкі,
Каб блізкія зьбіраліся у госьці.
Ты станеш ім расказваць апраўдальна,
Што жонка – летуценьніца, паэтка...
Ты застанешся самай сьветлай марай,
Я ў позьняй восені — апошняй кветкай.

* * *

Цішыня ідзе за аблокі
І вяртаецца музыкай зноў.
Гэты голас — лагодны, далёкі –
Нас паклікаў між доўгіх вятроў.
Цішыня адыходзіць да Бога
І вяртаецца нізкаю слоў:
І цябе, і сястру, і любога
Я хачу там убачыць ізноў.
Як сьціраецца сьвет гэты – бачу,
І ня моцна трымаюся я.
Толькі плачу, нястрымана плачу:
Ці на тое –
Воля Твая?