12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Ганна Аўчыннікава

_____________________
Кропля бурштыну. Вершы


Адсутнасць

Я бачу, як сланечнік ля дарогі,
Счарнелы, апускае галаву,
І Сонца, што свяціла да знямогі,
У жоўтую скацілася траву.
Там ціха, хай зямля цябе хавае,
Кахання і жыцця адзіны сын!
Я водар у паветры адчуваю
Знаёмы – як адсутнасць і палын…
І ў гэты час нікога не ўратую
Ад восені – сустрэньце, як прыйшла!
У глебу пахаваныя сухую,
Ужо не ўзыйдуць кветкі да святла.

* * *
Аднойчы пераблыталіся ніткі,
Якімі кіравалі нашым лёсам,
І з той хвіліны на жыццёвых кроснах
Не ткуцца пераблытаныя ніткі.
А мы шукаем марна шлях адзіны,
Бо толькі ў памяць прыйдзем, як дадому,
З перакананнем ясным і праўдзівым,
Што лёс непадуладны анікому.
Але выходзіць шэрым і няясным
Узор, і нечакана нітка рвецца,
Калі жыццё пакліча цьмяным бляскам
І спыніцца ў грудзях на момант сэрца…


Дзённік

Аповедам тваім – ці верыць мне,
Элізабэт?
З’яўляецца ў палітры верасня
Чырвоны след,
І словы, як пялёсткі, вырваны
З маёй душы.
Вяргіня дагарае чырванню –
Сядай, пішы…
І восень паліецца словамі
Праз цэлы свет.
Ды бліскне жорсткі смех пад бровамі
Элізабэт:
“І я жадала бачыць здзіўленым
Свой сумны час,
І я жадала быць адзінаю –
Як кожны з нас…”
Так словы, былога коннікі,
Дрыготкую рвуць прастору.
Гартаю пялёсткі дзённікаў,
Пялёсткі крывавых дзённікаў
Элізабэт Баторы…


* * *

Калі іголкай замест кропкі
З вачэй, дзе плач аб нашых ранах,
Халодная зляцела зорка –
З зямлі, што мне не абяцана –
Ты выбраў шлях… Ды ўсё ж я веру:
Яшчэ сустрэнемся з табою,
Дзе, нібы слёзы на паперу,
Адной спрадвечнаю ракою
Плывуць спакойна зоркі ў студню –
У ранак Велікодны сіні…
Ідзі. Хто можа – той даруе.
Я больш нічога не павінна.


На магіле Алаізы Пашкевіч

У жывым і застылым сусвеце,
Дзе калісьці была Алаіза,
Мне дажджамі заплаканы вечар
Падаваўся лагодным і блізкім.
Бо ніколі не стоміцца памяць,
І ніколі не высахне вера,
А запішацца сонца радкамі
На нябёсах, далёкіх і шэрых,
Ты ніколі не будзеш самотным
У свой дзень – і апошні, і першы –
На зямлі, дзе на нашыя крокі
Адгукаюцца родныя сцежкі.


Надзея

Запаліў цёмных свечак агні
Стомлены горад,
На азёрах начной цішыні –
Срэбныя колы.
Плёску хваляў ніхто не пачуў –
Трэба паслухаць…
Засынаю і разам сачу
За гэтым рухам.
А пакуль мне насустрач плыве
Трэснуты човен,
Ноч асобны стварае сусвет –
Жоўты і чорны.


Лістота

З тых дрэў, што шумяць цішэй
Пад ветрам жыцця над намі,
Лістота на дно вачэй
Спадае, складаецца ў памяць…
Здаецца, да краю поўна,
І гэтак быць не павінна –
Яна як быццам бы гіне,
І робіцца больш каштоўнай.
Пад тонкім снежаньскім лёдам,
Адмоўленая, застыне,
І раптам засвеціцца жоўтым,
Як мёд ці кропля бурштыну.


Правал

У месяцы задумення,
чорных нябёсаў, правалаў
Калышацца тонкае голле,
згінаюцца цёмныя травы.
Нібы пазалеташні келіх
разбіўся і выліўся раптам,
І цэлая чвэрць вады
атрутнай і горкаю стала.
Пачаты пошук крыніц
вядзе праз таемныя сховы,
Туды, дзе плача пясок,
дзе рэк адгукаецца голас,
Які абяцае вяртанне
любові і страчанай моцы,
Ды толькі запозна змагацца,
і дыхаць таксама запозна.
Дык пойдзем на нашы сляды,
на азёрны пакінуты бераг,
Там знойдзем сваю цішыню
і ў пясок закапанае сэрца.
Падгледзім, як спяць у вірах
адбіткі збавення і веры…
Як быццам па коўзанцы слізкай,
жыццё пад вадой апынецца.