12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Ірына Багадновіч

_____________________
Навабеліцкія талісманы.
Вершы

Купалаўскі трыпціх

1. Жалейка.

Што там сьніцца калаўроту,
Калі сьпіць кудзелі дзея?..
Зоркі ў хмарах, пошук броду,
Змрок і вечная надзея...
Ўжо цяпер ня надта ёмка
Словы пафасныя траціць –
Беларусь, як незнаёмка,
На парозе ў роднай хаце.
Хто з задумлівых адкажа,
Дык пра што жалейка грала?
Дзень да дня турботу вяжа,
Доўжыць сон, што сьніў Купала.

2.Сны...

Мне сьняцца сны аб Беларусі..., –
Сказаў, ніхто тады ня ўцяміў,
Ў якім пякельным, жорсткім крузе
Усе дазваньня будуць самі.
Ня збыў яшчэ ўсіх бед..., – ці чулі!
Такое кінуць пралетарам,
Што павярнуць зямную кулю
Ўзяліся дружна з пылам-жарам!
А пафас будучыні звонкі?
А кельмаў сьпевы ў рыштаваньнях?
Што ж, ён сасьніў сабе старонку
Адзін-адным! Расчараваньня
Не прыхаваў прад дзёрзкім тварам
Літаратурных камісараў!
О так, я буду пралетарам!
Сваіх і вашых рознасьць мараў
Адкрыць у слове тым вазьмуся...
Мне сьняцца сны аб Беларусі...

3.Прывід.

А што за новыя павевы
Над краем прымхлівых балот?
Якія тут чуваны сьпевы?
Аб чым туркоча калаўрот?
Чые кіруюць тут нашчадкі
І мудры лад сабе вядуць?
Ці проста пляскаюць у ладкі
І, як заўжды, на край плююць?...
А калаўрот сабе туркоча,
Кудзеля тчэцца з году ў год
Удзень і ўночы, ўдзень і ўночы,
На новы шлюб, а не на звод.
Нябачным прывідам Купала
Самотна ходзіць паміж нас.
Ці хоць чыя душа пазнала
Яго й дала яму адказ?
Яго маўклівыя пытаньні,
Як дзіды, шчэрацца шыхтом,
Бо груганы – на паляваньні,
І ўсьцяж ні шабляй, ні шчытом
Няма каму ўжо бараніцца:
Той згінуў ціха, той здалёк...
Аб Беларусі сон нам сьніцца,
Які паслаў Купалу Бог...
А калаўрот сабе туркоча,
Кудзеля тчэцца з году ў год
Удзень і ўночы, ўдзень і ўночы,
На новы шлюб, а не на звод.


ТАВІЗ


“Скідаліся” на пляшку лошыцкага віна з агрэсту
ці антонаўкі, малой цаны, але выдатнага смаку...
З успамінаў Максіма Лужаніна.

“Над чаркай выпітых гадоў
хачу сьпяваць, хачу маліцца”, –
Сказаў паэт узьнёслых сноў
І краю скрадзенага рыцар...

Праз хмары часу бачна нам,
Як п’юць сяброўства шчыры водар
Язэп, Уладзік і Адам,
Максім і, безумоўна, Тодар.

Багемна дым пад стольлю віс
У рэстарацыі “Эўропа”,
Дзе ўвесь узрушаны ТАВІЗ
Свой ганарар любіў прахлопаць...

Гаворка пра краіну йшла,
Пра тое, хто ў ёй свой, хто лішні,
Размова ткалася з цяпла,
Віно крышталячы ў кілішках.

Віно з агрэсту грэла кроў,
Віно з антонаўкі патолю
Над чаркай выпітых гадоў
Ліло і варажыла долю...


Прыватныя рымляне

Прыдумаў нехта міф аб рымскіх продках,
Каб веяў водар арыстакратычны
Над краем, да сярмягі больш прывычным,
Дзе архідэй ня знойдзеш у стакротках.
Але і ў Рыме быў ня кожны панам,
Насіў ня кожны тогу і кірасу.
О, колькі безыменных пад тыранам
Палегла лёсаў! Моўчкі і адразу!

Адразу, моўчкі... Час па часе крочыць.
А той закон паўсюдна ж уладарыць:
Дух аб свабодзе вечнай толькі марыць,
Яго палёт вартуе дэман ночы.

Адно жыцьцё для цэзара, вяльможаў,
Ды іншы шлях для рымлян шэраговых.
Для іх – налогі, праца, быт суровы,
І карны меч, ці слуп расьпяцьця, можа...

Іх енкі, плач, іх сьвяты, спадзяваньні
Не апісаў нядбалы летапісец,
Пад вартай зор заснулі іх каханьні
І сталі проста пылам там, у высі.

Вяльможны ж дух прыдбаў вянок лаўровы,
Партрэты ў рымскай вопратцы заказваў,
Лаціну толькі вызнаваў за мову,
А іншы гук – як злосную абразу.

Але ж руйнуе час так адэкватна
І той партрэт, і той вянок узорны.
Дык што ж казаць пра рымлянаў прыватных!
Яны даўно – астыглы прысак зорны...


Навабеліцкія талісманы

Навабеліца – места гербоўнае:
Места Рысі ў блакітным полі,
І душы маёй хустка ахоўная,
Што ня вынасіцца ніколі.

Тут наўсьцяж разрасьліся акацыі,
Больш нідзе я іх столькі ня бачыла.
Ах, акацыі, маеце рацыю,
Што найлепшая вы мая спадчына.

Вы з маленства мяне зачароўвалі
Незвычайнай драбнотай лісьцікаў.
Школьны сад і дзяўчынка на ровары,
Матылі, і фантан, і... містыка...

Ах, акацыі, – ілюстрацыі
Да жыцьця таго бесклапотнага,
Элегантныя панны-грацыі
Вы з юнацтва майго узьлётнага.

Бо з галін вашых, як мне верыцца,
Я сягнула ў нязнаныя высі...
Талісманы мае навабеліцкія –
Пах акацый і рысы Рысі.


Паланэз

Ізноў летуценны загадкавы бэз
Паклікаў душу ў небакрайныя далі,
Як выклік вясны, як кахальныя хвалі,
Як старашляхетных часоў паланэз.

У тым паланэзе калышацца сьвет,
Натхнёны ўрачыстым і сейбітным маем,
Ён годна ўладарыць і сэрцам, і краем,
І ў чэрвень нясе свой зялёны імпэт.

А музыка лісьцяў чаруе і спрэс
Крышталяў на кветках расістае зьзяньне,
Трымценьне, трыумф, трапятаньне, трываньне
Душы, і бясконцасьць вясны... Паланэз.


* * *

Пасьля разлукі доўгай – міг сустрэчы...
Ці той жа ты? А я?.. – Маўчы!..– Ці тая?..
Што ў тым стагоддзі клалася дарэчы
У плойме дзён, цяпер, як дым, зьнікае.

І толькі пацалунак прахалодны
Кране шчаку, як мармур цьвінтаровы.
Так, ты і я – даўно ідзем наводдаль
Між словаў двух:
“вітаю” й... “будзь здаровы”...


Крумкач


Быў крумкач спачатку белы,
Але сьвет быў чорнай згубай.
Быў крумкач яшчэ той сьмелы –
Стаў дзяўбсьці нябёсы дзюбай.
І праз дзірку ў вечным грудзе
Сонца ён здабыў напорна –
Белы сьвет прынёс ён людзям,
Але сам зрабіўся чорным.
Так гаворыць нам паданьне.
Крумкачы ж, як воі ў латах,
Сьцерагуць нас ад зьляканьня,
Ад нячысьцікаў кудлатых.
Мы ж злавеснае ў іх бачым,
Брыдкай трупнасьці атруту.
Ўсё іначай, ўсё іначай,
Бо крумкач ня церпіць бруду,
Легкадумства, непарадку.
Ён – жывога першапродак.
Паглядзі – ў зімовым парку
Ён вартуе сон прыроды.