12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Ірына Багдановіч

_____________________
Абразкі з Visby. Вершы


Visby

Гадзіннік у Sankta Maria спявае гадзіны,
Над крыжам трыкупальна пеўні вятры вызначаюць;
А я ў сваёй келлі сяджу ва ўспамінах Пузыны,
Натхнёна і светла над ёю мне ранкі сплываюць.

У Visby чароўным жыву, а нібыта я ў Вільна,
Дарэчы, падобныя месцы па водарах даўных:
Не вулкі, дамы тут, а россып каменных пярлінаў –
Утульна-святлістых, у ружы пры ганках убраных.

У людзе тутэйшым – прыгожая стрыманасць продкаў,
Сурова-чароўная Балтыкі вольнай пячатка.
О, як жа мне дыхаць тут, думаць узнёсла-салодка!
О, як жа прыўкрасная неба й зямлі тут апратка!

Ты, Божа, такімі мяне ўзнагародзіў дарамі:
Паклікаў сюды, каб пачулася тут блаславёна!
Святая Марыя мне ў вочы глядзіць купаламі,
А я – на Яе
і на мора гляджу задумёна…
19.07.2012

Балтыйскі вецер
Ноч агарнула муры старагоцкія Візбю,
Хмары ўскудлачана цвеляць балтыйскія далі.
Я ж тут пад казачным дахам малюся і трызню,
Слухаю вецер і мора бунтоўнага хвалі.

Спіць экзатычны, схаваны у Балтыцы Готланд,
Толькі нябачныя постаці рыцараў даўных
Ходзяць па вежах і сценах тут вартаю годнай,
Каб ні адкуль не надзьмула зайздроснікаў марных.

Готыкай светлай, не змрочнай, малююцца дахі,
Казачны горад туляцкае сэрца прывеціць.
Выдзьме тут вецер сумненні, турботы і страхі –
Вецер балтыйскі, свабодны і велічны вецер!
7.08 2012


Плаванне
***
Мора мяне запрасіла
Ў хваляў сваіх прахалоду,
Ў ім надзвычайная сіла!
Мора мяне запрасіла,
Дорачы гарт і свабоду,
Дух ува мне ўваскрасіла!
Мора мяне запрасіла
Ў хваляў сваіх прахалоду.

***
Цела маё, быццам галька,
Адшліфаванае морам.
Чуюся вольна, як чайка!
Цела маё, быццам галька,
З хваляў сплятаецца ўзорам,
Точыцца пад іх напорам
Цела маё, быццам галька,
Адшліфаванае морам.

***
Плыву па сонечнай дарожцы
Глыбей у Балтыку, далей…
Глядзі ж, мой духу, не змалей!
Плыву па сонечнай дарожцы,
“Вяртайся, – кліча пірс, – хей-хей!”
А я сабе не па-нарошцы
Плыву па сонечнай дарожцы
Глыбей у Балтыку, далей…
8.08.2012


Ветраны ранак

Вецер б’ецца ў мае вокны,
Вецер ледзь не зносіць дах,
Ранак спіць бялеса-мокры
На царкоўных купалах.

А баранчыкі на моры
Вырастаюць ў бараноў,
І сурова ў непакоры
Усчыняюць хвалі бой!

Толькі ўсё ж знайшоўся смелы:
І ў той хваляў гамане
Выплывае ветразь белы
І плыве сабе, плыве…
9.08.2012


Готландскае руно
Абразок у краме

Шопінг на востраве ў Візбю – цудоўны занятак!
Што ж тут у крамах? Мясцовай экзотыкі рэчы?
Вулкі і вулічкі крамаў – стракатых апратак,
Хітрыя позіркі ў брамах каменных авечак.

Тут вам не шведскі, не готландска-візбюўскі выраб!
Файныя рэчы, але… ўсенька шыта ў Кітаі!
“Мадэ ін Чайна” над людствам – як фатум, як вырак!
“Чайна” з усіх этыкетак у крамах вітае!

Ты ж – як турыста, як госць – сувеніра шукаеш
З водарам вострава, Балтыкі, чаек над морам.
Што ж мне за радасць, як “Мадэ ін Чайна” прыдбаеш?!
Я й на радзіме такое набуду не з гора!

Раптам у вулцы маленькай – ільсністыя воўны,
Голых каменных авечак жывая апратка,
Позірк чаруюць срабрыстым, мякуткім, шыкоўным,
Арыстакрацкім, праўдзіва мясцовым парадкам!

Вось жа дапяла да цуду такога жывога!
Лашчу рукамі руно, што сагрэе шляхотна.
Той сувенір-то каштуе! Ён варт дарагога!
Ён прэзентуе сапраўдны і велічны Готланд!..

Крочу ізноў брукаваначкай вузкай марудна,
Спінкі каменных авечак ізноў аглядаю…
Ат! Абыдуся як-небудзь без панскага футра!
Хіба тут мала і так асалоды для Раю?!
9.08.2012


Прагулка па ўзбярэжжы

Я па ўзбярэжжы крочу, ў дзіўнай цішы
Заходзіць сонца, ўсё гучыць спакоем,
Балтыйскі вецер дрэвы не калыша,
Маяк мігціць, вяслуюць качкі строем…

Я госця тут, зусім не небарака,
Паўночнаю прывечана краінай,
Прасоленая морам, як салака,
Нябёсамі ўскрыляна, як багіня…
9.08.2012


Бура

Бура над морам! Такое тут часта бывае.
Шторм! І равуць у імпэце суровыя хвалі.
Вецер ірве тут сцягі, дахі ледзь не зрывае!
А гарызонт быццам выкуты з шэрае сталі.

Толькі на вежы гадзіннік у Sankta Maria
Роўна а восьмай гучыць, дорыць цуднае гранне.
Вежы нязрушна стаяць – што ім тая стыхія!
Дзень так па дні, адзначаючы ранне за раннем…

Вечнасць, здаецца, муроў гэтых не зачапіла.
Бура – сястрыца правелічнай гэтай Святыні.
І, незямною яна змацаваная сілай,
Шле сабе ў неба людскія мальбы ды правіны.
9.08.2012

Фартэцыя

Цацачны горад і цацачныя дамочкі,
Ружы і мальвы пры кожным дагледжаным ганку,
Рынкавы пляц, радыяльных завулкаў кручочкі,
Вецер балтыйскі спявае над ім калыханку.

Гожыя продкі калісьці фартэцыю ўзнеслі
Тут, на ўзбярэжжы, пад моцнай скалой-апаяскай,
Каменяры працавалі тут дружна і цеслі,
Неба над імі блакітнела Божаю ласкай.

Глеба была тут адно на камень урадлівай,
Быў і характар людскі, як камень той, трывалы.
Гожа святыню ўзвялі, чайкам белым на дзіва,
Агнец даў выжыць, стаў сімвалам гоцкім вспанялым.

Готаў зямля! Шлях адсюль спакваля церабіўся
Морам і рэкамі – ў грэкі з варагаў… І мніцца,
Гэта ж адсюль Рагвалод на Дзвіне пасяліўся
І кіраваў нашым краем як велічны Рыцар!

Можа, праз тое і мне тут куточак Радзімы –
Продкаў змагарных і дужых святыя карэнні?!
Можа, то дух наш гартуе, які не здадзім мы,
Вецер балтыйскі, што мора ўздымае і пеніць?..
9.08.2012


Шторм на Готландзе

Балтыйскі вецер усчыніў галоп шалёны,
Ідуць валы, а кожны грукат уздымае,
І мора цёмным малахітам выглядае,
Танцуе з ветрам разгуляна і шалёна.

Надзьмутых чаек зграйкі ціснуцца ў каменнях,
Заціхлі ўсюдна гукі рыцарскіх турніраў,
Нібыта сыплецца ў нябёсных сутарэннях
Шрапнэль дажджу над мокрым і бязлюдным жвірам.

А я прыйшла на тое мора падзівіцца!
Мне валасы – ўразлёт,
і прадзімае грудзі…
А Готланд – хоць бы што!
Як старадаўні Рыцар,
Стаіць на варце Балтыкі спакойна...
Й будзе!
9 – 10.08.2012

Меса ў царкве Святой Марыі
У Санкта Марыя Нядзельная служыцца Меса…
Божае Слова па-шведску, а мне зразумела!
Цела і Кроў кансэкруе святар – пастарэса:
Ешце… Бярыце… І я Цябе, Госпадзе, ела…

Хто – ува Мне, і Я ў ім, –
Ты казаў, –
прабываю…
Я ж гэтак веру! Глыбока, сардэчна, да плачу!
Ўсюды – й на Готландзе –
я Цябе, Божа, шукаю!
Ты ж такі добры!
А як жа Табе я аддзячу?..

Божую Ласку спазнала, ды зноў Яе клічу!
Дзева глядзіць з алтара Залатая з Дзіцяткам:
Чуе вандроўную госцю – мяне, каталічку,
Дзеліцца шчодра Любоўю са мной
і Аплаткам!
9 – 10.08.2012

Сярэдневяковы карнавал у Візбю
Рупны гадзіннік нястомна рахуе гадзіны,
Люд у намётах сярэдневяковы таўчэцца:
Тут карнавал –
у Еўропе, магчыма, адзіны.
Ён ад нядзелі тут ходзіць, спявае і б’ецца!

Рыцары б’юцца ў двубоях і пеша і конна,
Ходзяць паны і сяляне ў нясённяшніх строях,
Музыку неба вызвоньваюць тут карыльёны
І завіваюцца ў небе ў малітвах і мроях.

Госцю таксама ў віры карнавалу няблага,
Мора і вецер на думкі нарошчваюць крылы:
Чуюся вольна –
Міцкевічам на Аюдагу!
Быццам паэт падзяліўся са мною тут Крымам...
10.08.2012