12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Алесь Бакач

_____________________
"О, тонкі майстра...". Памяці паэта, празаіка, мастака Венанцыя Бутрыма

“Вершы вельмі слабыя...” — гэтыя словы пра паэзію Венанцыя Бутрыма, сказаныя мне Аляксандрам Фядутам, да якога я зьвярнуўся як да нашаніўскага літкрытыка, падштурхнулі мяне да напісаньня артыкулу пра майго земляка.
І асобаю, і творчасьцю Венанцыя Вікенцевіча я назаўжды зачараваны ад часу знаёмства з ім у нашых Баранавічах у 1994 годзе на сходцы тагачаснага літаб’яднаньня «Плынь». А пасьля сьмерці паэта ў 2003 годзе яшчэ выразьней усьвядоміў, што за нізку выбраных вершаў Венанцы Бутрым варты алімпа беларускай паэзіі.
Хто ж ён, невядомы паэт Венанцы Бутрым?
Нарадзіўся 9 верасьня 1936 году ў Баранавічах. Яшчэ ў школьныя гады выявіў мастацкія здольнасьці. Па заканчэньні школы і тэхнічнага вучылішча пару гадоў працаваў электрыкам. І, нарэшце, ступіў на свой, наканаваны жыцьцём, шлях, – паступіў у Менскае мастацкае вучылішча.
На трэцім курсе пабраліся шлюбам са студэнткай-мастачкай. Пра Інэсу Паўлаўну варта сказаць асобна. Важна тое, што яна своечасова заўважыла шматгранныя таленты мужа і, з яе словаў, імкнулася зрабіць усе ўмовы, абы тварыў ён – жывапіс і графіку, вершы і прозу на беларускай і рускай мовах.
Па заканчэньні вучобы пераехалі ў Баранавічы, дзе некалькі гадоў Бутрым быў настаўнікам чарчэньня і маляваньня, а пасьля, аж да пенсіі, працаваў мастаком у майстэрнях Мастацкага фонду.
Няхай даруе мне Венанцы Вікенцевіч, але раскажу сёньня пра тое, што некалі было сказана ім толькі ў прыватных размовах, між іншым, напаўголас.
Неяк аднойчы Венанцы Бутрым паўжартам сказаў пра сябе: “Пісаць прозу я пачаў таму, што ня меў сваёй мастацкай майстэрні, а пісаць вершы таму, што яны пішуцца хутчэй за прозу.” Іншым разам прызнаўся, што, каб хацеў, мог даўно быць сябрам трох Саюзаў – пісьменьнікаў, журналістаў і мастакоў.
У апошні год жыцьця Венанцы Бутрым мімаходзь згадваў і пра перапіску з Васілём Быкавым. Тыя лісты ад Быкава, па маёй просьбе, паказала жонка Бутрыма пасьля сьмерці мужа. Ня думаю, каб Васіль Уладзіміравіч, крывіў душою, ці пісаў “адчэпнага” ў лісьце да Венанцыя Бутрыма ад 30 мая 1973 году: “Я прачытаў усё, што Вы мне даслалі, і адразу ж скажу Вам, што Вы сталы літаратар, чалавек таленавіты і, відавочна, разумны. Вам трэба ўсур’ёз засесьці за працу і рэалізаваць Вашыя магчымасьці. Яны – у наяўнасьці. Вершы, па-мойму, цалкам добрыя, і іх можна друкаваць, проза – сьведчаньне таго, што Вы можаце. Канешне, “Апошнія канікулы” – назіральныя, практыкаваньне ў стылістыцы – ня болей, але яны выяўляюць выдатны стыль аўтара, яго даволі прафесійнае ўменьне бачыць і апісваць. А гэта ўжо нямала. “Юнгі”, наадварот, гавораць аб Вашых здольнасьцях будаваць канфлікты, ляпіць (крута ляпіць) характары, драматызаваць па вышэйшым рахунку. Хаця, як апавяданьне, яно яшчэ недастатковае. Хутчэй, гэта ўрывак, але ўрывак выдатны...”
Вось некалькі датаў з літаратурнай біяграфіі Бутрыма.
Дэбютаваў у друку ён ажно ў 38 год, калі ў кастрычніку 1974 году часопіс “Маладосць” надрукаваў чатыры яго вершы. У студзеньскім нумары “Маладосьці” за 1976 год пабачыла сьвет яго апавяданьне “Ліпеньскім днём”. У чэрвені таго ж 1976 году часопіс “Нёман” друкуе аповесьць “Юнгі”. Добрым словам згадвае творы Венанцыя Бутрыма пісьменьнік Барыс Сачанка ў аглядным артыкуле газеты “Літаратура і мастацтва” за 24 сьнежня 1976 году.
На пажоўклых ад часу старонках Брэсцкай абласной газеты “Зара” ад 30 красавіка 1977 году захаваўся артыкул “Санеты Бутрыма”, напісаны пісьменьнікам Уладзімерам Калесьнікам, і ніжэй тры санеты. Тая ж газета друкавала яго вершы і ў 1982 годзе. У зборніку “Дзень паэзіі” за 1989 год знайшлося месца і вершу Бутрыма “Каляровая літаграфія”.
У жніўні 1996 году ў Баранавічах, заместа зьніклай “Плыні”, паўстала грамадская арганізацыя “Творчае згуртаваньне “Сьвятліца”. А ўжо ўлетку наступнага 1997 году ў выдадзеным ёй літаратурным альманаху, сярод цікавых і ня надта аўтараў, упрыгожаньнем былі і вершы Бутрыма. Тое ж паўтарылася ў 2000 годзе. У 1998 годзе ў зборніку выбранай беларускай паэзіі “Агледзіны”, пачэснае месца займае і верш Бутрыма “Варта”. Сем вершаў Бутрыма друкуе альманах паэзіі Берасьцейшчыны “Дзядзінец” у 1999 годзе. У розныя гады зрэдку друкавалі вершы Бутрыма мясцовыя Баранавіцкія газеты, газета “Наша слова” ў 2000 годзе...
Але не было галоўнага – яго асабістых кніг.
А Бутрым тым часам, бывала, казаў: “Гэта вершы з маёй кнігі “У барвах зямлі”, а гэтыя – з кнігі “Паралелі”. Я зьдзіўляўся – што за жарты? Аказваецца, ён дакладна, верш за вершам, прадумаў зьмест будучых кнігаў. І ўласнаручна загадзя выканаў да іх густоўныя, вытанчаныя малюнкі.
Мне пашчасьціла разам са “Сьвятліцаю” ды іншымі сябрамі грамадскага руху з Баранавічаў спрычыніцца да выданьня гэтых кнігаў. Няхай сабе і выдалі іх накладам усяго 270 ды 250 асобнікаў.
Адной з апошніх сьветлых старонак жыцьця паэта была яго перапіска з Данутай Бічэль, якая рэдагавала яго кнігу “У барвах зямлі”. Аднойчы Бутрым, як заўсёды ціха, але расчулена, паказаў мне рукапіс кнігі пасьля правак Дануты Бічэль. Яна, шаноўная і спрактыкаваная, якую цяжка чым-небудзь зьдзівіць у паэзіі, напісала алоўкам на палёх каля аднаго верша: “Шэдэўр! Я плачу.“ Якраз той, упадабаны ёю верш “Змые пыл, жыватворным напоіць...” быў надрукаваны пазьней, у 2002 годзе, у Менску, у супольным зборніку “Верш на свабоду”.
У лісьце ад 23 кастрычніка 2000 году Данута Бічэль піша Венанцыю Бутрыму: “Мілы сябра! Не крыўдуйце, што правак шмат. Старалася павыкідаць канцылярызмы, кніжныя словы, у нашага з Вамі пакаленьня яны трапляюцца. Побач з такой прыгожай мовай, з такімі незацяганымі словамі, назавем іх “бутрымкамі”. Вы паэт незвычайны, самабытны, калярова-страката-мастакоўскі і ўвесь у беларускіх барвах, у барвах зямлі...”
Кніга “У барвах зямлі” выйшла ў 2001 годзе, напярэдадні 65-годдзя паэта. Яна падзеленая аўтарскімі малюнкамі на чатыры безназоўныя часткі, якія адпавядаюць па зьмесьце вершаў часінам году. Значная частка вершаў – гэта некласічныя санеты, адметнасьцю якіх зьяўляюцца асобна вылучаныя і часам нават як бы выпадкова не зарыфмаваныя двухрадкоўі-сюрпрызы, як гэтае: “Будзе ноч насьцярожана сьветлая/ сілуэты лічыць збоч дарог...” Старонкі кнігі – нібы расьсьцеленыя палотны мастака, які барвамі-словамі вядзе чытача па беларускіх краявідах. Яна – як суцэльнае прызнаньне ў любові да нашай зямлі. Але ўстрымаюся ад далейшага цытаваньня вершаў: чытайце нізку іх ніжэй і ацэньвайце самі.
Сьвежавыдадзеную “У барвах зямлі” Венанцы Бутрым даслаў у Менск Леа­ніду Галубовічу, з якім ліставаўся ў апошнія гады свайго жыцьця. Галубовіч піша Бутрыму ў лісьце ад 26 кастрычніка 2001 году: “...Вершы Вашы мне падаліся не мусова напісанымі, а выдыхнутымі... У іх, як шапнуў расейскі геній, “веет дух...”
У сьнежні 2002 году два вершы Бутрыма надрукаваў часопіс “Полымя”.
Венанцы Вікенцевіч яшчэ пасьпеў патрымаць у руках выдадзеную ў 2003 годзе анталогію беларускай паэзіі ХХ стагоддзя “Краса і сіла”, куды патрапіла і яго сьціплая біяграфія ды, вырываецца ўжо сказаць, усяго два вершы.
Восеньню 2002 году “Сьвятліца” сьпехам узялася за выданьне другой кнігі Бутрыма “Паралелі”, але здарылася самае страшнае – 16 жніўня 2003 году Венанцы Бутрым памёр, не дажыўшы двух месяцаў да яе выхаду...
Назва кнігі “Паралелі” абумоўленая тым, што падставаю дзеля напісаньня кожнага вершаванага твору былі ці то знакавая асоба, ці то радкі з вершаў, ці падзея. Гэтак у кнізе надрукаваны цыкл вершаў, прысьвечаны Федэрыка Гарсія Лорку, паэма “Фрагменты жыцьця Цёткі, Алаізы Пашкевічанкі”, паэма “Ліра і Горан”, прысьвечаная Паўлюку Багрыму. Амаль перад кожным з вершаў і перад паэмамі, нібы ключ, – эпіграф. Гэта радкі Адама Міцкевіча, Паўлюка Багрыма, Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Яўгеніі Янішчыц, Алеся Разанава, Канстанты Ільдэфанса Галчыньскага, Федэрыка Гарсія Лоркі, Мікалая Рубцова. У “Паралелях” аўтар выяўляе сябе як грамадзянін, прасякнуты і хваляваньнямі сьвету, і, найперш, глыбокім роздумам над лёсам свайго народу.
Цяпер аматары творчасьці Бутрыма працуюць над выданьнем кнігі яго беларускай прозы і зборніка рускамоўнай паэзіі. Фатаграфуем мастакоўскую спадчыну Бутрыма: яго карціны, эскізы, малюнкі, каб разьмясьціць усё на будучым сайце пра мастацтва Баранавічаў.
Так сталася, што сын Венанцы Бутрыма Аляксандар працуе відэааператарам на Баранавіцкім тэлеканале. І для гарадскіх навінаў яму некалькі разоў давялося здымаць сюжэты з тых літаратурных вечарынаў у бібліятэцы, на якіх выступаў і яго бацька. Шкадуем цяпер, што маглі, а не зрабілі адмысловых відэазапісаў. Разумелі, хто быў побач, а саромеліся прасіць: вось сядай, ды раскажы пра ўсё што думаеш, што ведаеш, дзеля гісторыі, дзеля мастацтва. Тым больш, што самому Бутрыму гэта было непатрэбна. Ён быў самым ціхмяным і сьціплым чалавекам са знаёмых мне людзей мастацтва. Ня ведаю і нават не магу сабе ўявіць чалавека, які б крыўдаваў на Бутрыма. Дабразычлівасьць, тактоўнасьць, усьмешка... Ён любіў сьвет паперш яго сэнсу, але за славу і за жыцьцё не чапляўся… Бо на самой справе ня важна – у “саюзе” паэт ці не, а важна, каб у яго была Паэзія, і ўжо, як найвялікшае шчасьце, – каб яе любілі нашчадкі.
Той, хто разумее і любіць творы сапраўднага мастацтва, ведае, што, чым больш разоў іх чытаеш, слухаеш, назіраеш, тым болей яны падабаюцца. Колькі б разоў я ні перачытваў вершы Бутрыма, нязьменна пераймае дыханьне і ўзьнікае дзіўнае адчуваньне, што чытаеш і яшчэ нешта іншае, большае, невымоўнае, што паміж ці па-за радкамі. У паэзіі Бутрыма ёсьць нейкая магія, якую цяжка вытлумачыць логікаю. Можа таму, што гэта паэзія чыстай красы, якая праўдзіва гучыць ва-ўнісон з галасамі і колерамі, з касьміч­нымі вібрацыямі нашай зямлі. Толькі вачыма мастака можна ўбачыць і толькі нашаю моваю можна так вымавіць хараство нашай зямлі. На старонках “барваў” жонка паэта Інэса Паўлаўна налічыла 28 колераў і адценьняў, якія паэт згадвае 153 разы!
Яго кожнае слова – па-беларуску ціхае, але зьмястоўнае і дакладнае, як дотык пэндзля майстра, – выпраменьвае дух, абуджае цэлы сьвет пачуцьцяў, хваляваньняў, мрояў. Часам ловіш сябе на думцы, што пад гэтыя вершы, як пад нязмоўкны пошум лесу або пад музыку, пачынаеш думаць аб нечым сваім, патаемным, глыбінным. Гэта сьветлы сум, які дораць радасьць.
Паэт Бутрым вольны ад самашкадаваньня і эгаістычнай сканцэнтраванасьці на сабе. У яго вершах не сустрэнеш ані фальшывай зухаватасьці, ані павучальніцтва. Адно абсалютная шчырасьць перад сабою і чытачом.
Думкі аўтара, як хвалі, нязмушана рыфмуючыся, набягаюць адна на адну без аніякай вымучанай падгонкі словаў, ды так, што і саму рыфму перастаеш заўважаць, і сам як бы апынаешся ў вершы. Гэткая манера пісаць сёньня завецца модным тэрмінам “плынь сьвядомасьці”. Мо таму многія яго паэзію разумелі з цяжкасьцю, недабачвалі. Але, зрэшты, гэта толькі мае ўласныя адчуваньні, а чытачу застанецца самому зрабіць высновы, ці знайшоў Бутрым у літаратуры сваё аблічча, свае барвы, свой непаўторны голас.
Калі ў мяне пытаюцца – а чаму сам мала пішаш, адказваю: пісаць як Бутрым – няма таленту, пісаць горш за Бутрыма – няма сэнсу.