12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Алесь Бакач

_____________________
Пад поўневым святлом. Вершы


Пачатак верша

Пачатак верша боскай стрэмкай
садніць паэтавай душы.
А Бог глядзіць смяшлівай зрэнкай:
маўляў, пазбаўся – дапішы.

Няма ад слова вызвалення!
У хмарах дум сваіх жывеш,
пакуль маланкай азарэння
не блісне так чаканы верш.


Памяці брата Мікалая

Брат віншаваў з днём нараджэння.
Я затрымаў яго руку,
нібы хацеў спыніць імгнення
лісток
на лёсе-скразняку.

Было ў тым поціску гарачым
за ўсе гады, на ўсе гады
зняццё віны, зычэнне ўдачы…
і развітанне…
назаўжды.

Званок з Масковіі па-руску
ўначы ударыў, як набат:
пад Рослаўлем на трасе вузкай
ў аварыі загінуў брат…

Не папракну анёлаў смерці –
работа ў кожнага свая.
Сувой грахоў пакутай сцерці
яшчэ, напэўна, мушу й я.


Дом Яна Збажыны

Дом дванаццаць.
Завулак Паўночны. Вясна.
Ціш. Трава выбягае пад ногі.
Жыў тут сябар мой Ян Збажына
да знямогі.

Ён знямогся ад краю манкуртаў-мяшчан,
ён люляў беларушчыну ў сэрцы
і пацвердзіў славянскае званне Іван
ранняй смерцю.

Кнігі выкінуць, дом прададуць сваякі
і пасварацца, хто з іх раднейшы.
Знікне ўсё, а душа яго тут на вякі
жыцьме ў вершы.


Беларусаў – няма!

Беларусаў – няма!
Вывучаем дарма
мы няродную мову ў школе.
Мы яе адмялі,
з Божых рук не ўзялі –
і народу не стала болей.

З нас што хочаш ляпі:
хоць любі, хоць забі,
кожны кожнаму катам родным.
Будзе вечна наш лёс
цяжкай карай нябёс
за адрынуты дух народны.


Перапрагляд

Зычэнне кастанэдаўцу Андрэю Дзятлёнку

...Сабраць з дарог каменні тыя,
Што губяць сілы маладыя…
Якуб Колас, «Новая зямля»

Так і жыццё аднойчы надакучыць,
калі больш ні на што не стане сіл…
і ты, змарнелы, стомлены, засмучаны
агледзіш дзён сшарэлы небасхіл.

Перапрагляд уласнае дурноты
хай верне тваё згаслае святло
са свету, што вярбуе ў ідыёты,
падманам зніштажаючы на тло.


ну-ля-Вы-я

На Нямізе снапы сцелюць галовамі...

“Слова аб палку Ігаравым”
Тысячу гадоў «ідзем на вы»*
аж на Вы адзін другога клічам!
А духоўны вынік – ну-ля-Вы,
хоць зямлю святою Руссю лічым.

Тыя ж смерды, чэлядзь і князі,
воі ды апрычнікаў дружына
ў гістарычнай выжылі гразі,
з коней пераселі на машыны.

Рускай Праўды** варварскі закон
у галовах, як даўней, пануе,
Слова Збаўцы падмяніў нам ён –
на сябе, на свет, на Вы ваюем.
- - - - - - - - - - - - - - - - - - - - -
З роднасці, любові, прастаты
брату брат, як Богу, мовіць – ты.

Бязладдзе

Пад поўневым святлом працую ў садзе.
Ноч на Пакровы: холад, вільгаць, змрок.
І ў гаспадарцы, і ў сям’і бязладдзе,
і поле духу абрабіць не змог.

Зграбаю ў гурбы лісце дзён забітых,
нязбыўнае на вогнішчы палю.
Ляцяць да зорак іскры самавіта,
ды, згасшы, ападаюць на зямлю.

Дзён і начэй маіх цяпер замала,
каб хоць бы нешта, збольшага, паспець.
Гарыць жыццё, як пустацвет збуялы, –
да раніцы майму вуголлю тлець.


За 50


Божа мой, якая стома – жыць
І да самай смерці паміраць.
У. Някляеў
Скахаліся, стаміліся, счужэлі.
Агульнага – манаткі ды дзіця.
Любошчы ў ціхі вырай адляцелі
да юных дзён наступнага жыцця.

Канвеерам – нуда, згрызота, праца,
дзе нам праменнем радасці згасаць,
без бою непазбежнасці здавацца,
дасварвацца, дахворваць, дажываць.


* * *

Віктару Сырыцу,
старшыні Баранавіцкай гарадской Рады ТБМ

На сход, на ўсенародны, грозны, бурны сход
Ідзі, аграблены, закованы народ!
Янка Купала, “На сход!”

Эх, сябра Вітусь, летуценнік,
хацеў сабраць народны сход!..
А дзе ж народ? Ёсць “население” –
яно без мовы – не народ.

Меў суд і штраф ты ад “смотрящих”,
каб нават пікнуць люд не змог.
Ды не скарыўся, не злядашчаў.
Дух беларускі – перамог!

Хоць ведаў вынік да пачатку,
ды, ахвяруючы сабой,
ты смела кінуў злу пальчатку,
бо ты – народ, бо ты – герой!


Бяссонне

Зачапіліся думкі адна аб адну
і забралі спакой, і пазбавілі сну.
Наляцеў цэлы рой успамінаў і мар,
і да рання душыў разумовы кашмар.
Асалоду і боль я ізноў пражываў,
аб мінулым тужыў, сам сябе шкадаваў.
Планы бралі ўзахоп: што сказаць, што зрабіць…
І… плялася паэзіі тонкая ніць,
і выбліскваў радок, нібы першы прамень,
і бяссонне вяло ў новы сонечны дзень.


Яшчэ

…праўду, праўду кажу табе:
калі хто не народзіцца звыш,
не можа ўбачыць Царства Нябеснага.
Евангелле паводле Іаана, 3:3

Яшчэ плыву, як малады,
і, хоць пасля ўжо з ног валюся,
струмені сонечнай вады
вяслую, не скароны скрусе.

Углыб цябе, углыб гадоў,
гляджу, жыццём зачараваны,
мая апошняя любоў,
мая вада, мая нірвана.

Яшчэ рамантыкі імпэт
дзівачыць і гарэць натхняе,
яшчэ жыве ўва мне паэт.
…Ды гэта больш не наталяе.

Сам ад сябе плыву, бягу,
бо духу выспеламу цесна…
І звыш радзіцца не магу,
і ў грамадзе не маю месца…