12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Альгерд Бахарэвіч

_____________________
Пасьля фейерверку. Аповесьць


Луізе
Я ненавідзеў гэтых падлюгаў, якія займалі мой столік, той, які каля самага выхаду. Я ненавідзеў іх так, як толькі можна ненавідзець людзей, упэўненых у тым, што рэчы бываюць агульнадаступнымі ці, больш за тое, аднолькавымі. Бывала, прыйдзеш у кавярню на гадзіну пазьней, а за маім столікам ужо нехта сядзіць і жуе, раз-пораз падазрона паглядваючы на свой хот-дог і не задумваючыся пра тое, што заняў чужое месца. Мяне гэта так раздражняла, што я сядаў побач і ўважліва ды строга ўтаропліваўся гадзіне ў карак, ажно пакуль аматар пазабаўляцца чужымі столікамі не адчуваў загадкавы дыскамфорт і не ўцякаў, давячыся рэшткамі сваёй убогай ежы – заплочана ж, ня выкінеш. Мусіць, нешта ня так было з іхнімі хот-догамі, калі яны не маглі адвесьці ад іх вачэй, і калі пасьля такіх вось свалачэй заставаліся на століку сарамлівыя палоскі морквы й кетчуп. Сам я хот-догаў ніколі ня браў – я замаўляў двайную і таму ўдвая паскудную танную каву й паўшклянкі гарэлкі, мне падабалася піць гарэлку маленькімі глыточкамі, так, каб яна даўжэй заставалася на вуснах, пагрэла мне нёба. Здаралася, я наўмысьля вы­ліваў трохі кавы на суседнія зэдлікі, і расчараваньне тых, хто ўжо наважыўся да мяне падсесьці, надзвычай пасавала гарэлцы ў маёй пласт­масавай шклянцы. Мне было да­спадобы паліць у гэтай вулічнай кавярні, каля самага выхаду, там у празрыстым тэньце было мноства дзірачак для вентыляцыі, і дым цудоўным чынам выходзіў вонкі цэлым букетам стру­мянёў, я радаваўся, як матылёк, калі паблізу спынялася шумная дзявочая кампанія, калі хто-небудзь з астатніх наведнікаў ціха разгортваў зачытаную кнігу, ці калі сюды прыходзілі міліцыянты ды выводзілі бам­жаватых звар’яцелых дзядоў, улюбёным заняткам якіх было бянтэжыць супрацоўніц найбліжэйшага банку, што зазвычай тут абедалі, непрыстойнымі знакамі.
Зрэшты, у той дзень сваю гарэлку я так і ня выпіў, хаця прыклееныя да сьценаў сьвяточныя паганскія зоркі, што, як хрушчы, распладзіліся ў нашай краіне, з самага пачатку мне нібыта спрыялі. Мой столік быў вольны, і ніхто з наведнікаў, на шчасьце, ня прагнуў зазірнуць суседу ў зубы. Толькі я ўладкаваўся й выцягнуў ногі, толькі я пачаў наладжваць навакольны сьвет, як адна з ягоных струнаў абярнулася труною. Моцныя пальцы, што пахлі крэмам для галеньня, накінуліся ззаду на маю бедную галаву, ледзь ня выціснуўшы крышталік з левага вока. Мы са столікам сінхронна скалануліся – так я пазбавіўся сваёй гарэлкі.
— А я сяджу, чакаю – пазнае-не пазнае? Не пазнаў!
Рамонак з трыма пялёсткамі. Вось ужо ня думаў, што мужчыны з такімі мураванымі марамі й такімі змрочнымі тату здольныя на падобныя гульлівыя дотыкі-сюрпрызы. Я ледзь пасьпеў пасунуцца, а інакш гэты цуд некранутай прыроды пляснуўся б проста мне на калені. Ён сеў побач і не марудзячы пачаў масіраваць сабе голень, дабразычліва ўсьміхаю­чыся мне ў самыя зрэнкі.
— Ты ж ня п’еш!
Гэта праўда, у тым сэньсе, у якім яны ўжываюць гэтае слова, я ня п’ю. Я толькі раз у жыцьці нажэрся, ня так даўно і зьнянацку, адзін ды ў гэтай самай кавярні — прынамсі, да пэўнага моманту: далей у маёй памяці зеўрыць правал, роўная трэшчына, якая працягнулася да наступнага ранку, і якую я назаўтра акуратна прыкрыў чым папала, каб ня наступіць другі раз. Наста кажа, што алкаголь мне не пасуе, і гэта праўда. Ёсьць людзі, якім ён дадае чароўнасьці, з якіх ён здымае ўпакоўку, даючы ім магчымасьць праявіць сябе. Ад мяне ён не пакідае анічога. Хіба што бледна-фіялетавы квіток з загнутым заечым вухам на дне скрынкі.
— Ты прабач, сёньня я пас! Працы да халеры!
Я ўзяў сурвэтку й прамакнуў ёй лужынку на стале. У пахаладнелай руцэ застаўся зручны мокры камячок, вось бы засунуць яго ў гэтую пашчу. Хто ж ён такі? Твар відавочна знаёмы, і ўсьмешка на ім раптам паблякла:
— Слухай, не глядзі мне так у рот, добра?
Напэўна, я й праўда глядзеў на яго з нейкім гідлівым інтарэсам. Я адвярнуўся, мусіць, занадта імкліва, бо ён прысунуўся да мяне бліжэй і пракрычаў:
— А я ж цябе пазаўчора ў парку бачыў! З кола агляду! Так!
Пазаўчора была нядзеля, і я ўвесь дзень праваляўся ў Насты. Дзень быў удалы: я здолеў атрымаць усё і нават адбіцца ад запрашэньня прыняць разам ванну, прычым без усялякіх стратаў для нашых з Настай стасункаў. Гарадскі парк мяне ня вабіў: калісьці я часта ў ім бываў, яшчэ некалькі гадоў таму ў ягоных цёмна-рудых закутках было сентыментальна-брудна й восеньскае лісьце гніло пад праіржавелымі лаўкамі, і можна было зламаць ногі, спускаючыся па шчарбатых узгорках (і нага будаўніка ступала там, відаць, менавіта з такім вынікам), і калі ты хацеў пабыць адзін, то натыкаўся між сіямскіх дрэваў на сьляды чужое самоты, і там былі яшчэ гэтыя мілоскія піянеры, знаходка для ўвішных фатографаў, і рэшткі нечых начных забаваў раніцай натхнялі на вывучэньне дэдуктыўнага метаду, і мільгалі ў траве між замшэлых пнёў замшавыя здані вавёрак, і далёка сплываў журботны смурод стаўкоў, і шмат чаго было там да рэканструкцыі, што ня ўбачыш і з самай прыцэльнай вышыні. І нават кроплям з каштанаў там цяпер забаронена падаць табе за каўнер.
— Ты на новым коле ўжо катаўся? Там цяперака рэстарацыя! Замаўляеш у кабінку, бярэш з сабой сябрукоў і .... Круцішся амаль гадзіну. За родны горад, калі на самай вышыні, за бабс... А можна й малога з жонкай узяць.
Мяне ўсяго сьцяла, калі я ўявіў сябе на вяршыні кола агляду, п’янага і ў кампаніі такіх жа прыяцеляў. Аднаму з іх абавязкова захочацца па­круціць душагубку вакол уласнае восі, узьбіць кампанейскі кактэйль: на такім паветраным шары я ўжо пасьля першых трох метраў пазбавіўся б ад унутранага баласту. Вышыня ёсьць каралевай маіх фобіяў: пяты паверх я яшчэ цярплю, але на дзявятым немінуча знаходжу ў сваіх пятках сапраўднага сябе, які забіўся туды, каб быць бліжэй да зямлі. І, як вясёлы прывід, выкліканы маімі разважаньнямі, паблізу ўзмыў у пракуранае неба маленькі цацачны боінг.
— Не паліце, тут жа дзеці!
Мой знаёмы з жывым інтарэсам павярнуўся. Нехта з сумневам, півам і цыгарэтаю ў зубах пачаў спрэчку з маці бесклапотнага чарнявага пілоту, адначасова праціскваючыся да нас:
— Тут попельніцы стаяць? Стаяць! Чаго ты з малым сюды прыпёрлася? Танько, гэта купэ для курцоў ці не? Вось бачыце, мамаша! Свабодна?
Па боінгу раздражнёна ўдарыла рука дысьпетчара, якому адказаць было няма чаго, і малы зайшоўся ў плачы. Мой знаёмы элегантным жэстам усадзіў задаволенага кліента па другі бок ад мяне, і нешта падказвала мне, што час уцякаць, і што я гэтага, як заўсёды, не зраблю. Я даўно не сядзеў у такой шматлюднай кампаніі, пагатоў за сваім столікам, і піць чужую гарэлку мне не хацелася. Абодва мае суседы шматзначна маўчалі, потым першы, удосталь наталіўшыся сваім валасатым філе, з фальшывым захапленьнем працягнуў свой цікавы аповед, асабліва напіраючы на тое, што “гэта ўсё круцей за астанкінскую тэлевежу, бо ехаць жа нікуды ня трэба”, а другі сьціпла папіваў піва й відавочна рыхтаваўся да выхаду на сцэну. “Там нядаўна, чуеце, гісторыя была”, — прамовіў ён нарэшце, ікнуўшы пунктуацыйна няправільна, але гучна. “На коле. Нешта там ад­ключылася, і кола... стала, увогуле. А там што ні кабінка, то з півам людзі. Дзьве га­дзіны стаяла, кажуць, пакуль ратавальнікі прыехалі. Дык малалеткі проста адтуль мачыліся. Дзяўчынкі там... Мой брат бачыў”. Гісторыя зрабіла на нас уражаньне: мы пачалі размаўляць пра маленькія трагедыі на вялікіх механізмах, мы замовілі яшчэ піва й цытрынавай гарэлкі, мы паказалі адно адному свае мабільныя тэлефоны, мы дымілі адзін аднаму ў твар і раз-пораз пляскалі па калене няголенага чалавека, які проста хацеў пасядзець за сваім столікам у адзіноце некалькі не абкла­дзеных падаткамі гадзін. Мы пачалі гаманіць пра лазьні, з сухой парай і парай сук, пра тое, што пасьля гэтага адчуваеш сябе іншым чалавекам, іншым, не такім, як гэты маўчун, які камечыць у далонях нешта ружовае, не каб у сьметніцу шпурнуць, але мы й не такое бачылі, вось, напрыклад, нядаўна на нашых вачах на гарадской плошчы таксама камечылі нешта ружовае й цёплае, і потым шпурнулі ў машыну, вось гэта было відовішча. Мы пачалі пра заробак, а потым зноў успомнілі пра лазьні, і гэты хлопча сядзеў і не міргаў. А яшчэ добра дапамагае бойка: умомант ачышчаешся, як у рыла заедуць, а яшчэ добра на горных лыжах (бойка на горных лыжах? А што, цікава... я лыжаю не хацеў бы атрымаць), але ж гэта толькі зімой. Не, можна й летам, там штучны сьнег насыпаюць, дорага, праўда. А што цяпер танна? Скажы нам, мілы ты наш чалавек. Што цяпер танна? Ну хаця б міргні. Вып’еш? Чыстая, як сьляза. Зірні на яго, вось каму сапраўды трэба абнавіцца. А яшчэ можна зімой у пельцы. А я б у формуле адзін паўдзельнічаў – вось адкуль іншым чалавекам, напэўна, выходзіш. Напэўна, можна там паўдзельнічаць, ці хаця б кола па трасе зрабіць – за пару штук. За які парашут? За пару штук, я кажу. А я падумаў, парашут. Што гэта, думаю, за парашут. Парашут. Парашут! Усё, мы ведаем танны спосаб. Там, за горадам – не, гэта ў гарадской рысе – ёсьць авіяклуб. Дакладна! На парашуце – усяго дзясятка. Мы пачалі размову пра парашуты, і мы напраўду завяліся. Прызямлішся новым чалавекам. Трыма новымі людзьмі. Цэлай кучай маленечкіх новых людзей. Мы засьпявалі пра каня, а гэты лапух словаў ня ведаў. Мы яго абдымаць, а ён не даецца – сьлізкі, як зьмяя. На таксі, у метро ня пусьцяць. Не, пастой, ты куды. За шыю яго трымай, а я тут, вось так. Мы табе дапаможам. Перапіў трошачкі. Ня лезьце, мамаша. Вось бачыце, ён сам хоча з намі. Ды колькі тут ехаць! Мы ўжо на месцы. Мы скідваемся за сябе й за гэтага дурня й бянтэжымся пры выглядзе інструктара. Мы грукаем нагой па колах кукурузьніку і ўпотай расшпільваем адно аднаму пасы на гэтых штуках. Мы народ такі – вядомажземлякі, нашыя душы скатаныя ў рулоны, толькі паслаб вяровачку – разгорнуцца да самага далягляду. Прыгажосьць якая. Дык колькі, ты казаў, да зямлі? Ну, давай. Давай, я сказаў. Ты нам потым дзякаваць будзеш. Штурхай яго. Сьлізкі, як зьмяя. Ну і хрэн з табой. Давай, Даніла. Давай за мной.

Кажуць, калі я быў маленькі, бацька часта браў мяне на калені й шап­таў у падатлівае вуха, так, каб чулі цёткі: “Хутка мы зьедзем адсюль, зье­дзем, далёка-далёка...”. Медытацыя была кароткай, але дзейснай: вочы ягоныя шклянелі, рукі неўзабаве мягчэлі, я ссоўваўся на падлогу й пачынаў румзаць, пасьля чаго ачунялы бацька спускаўся са сваіх вольных гор і пачынаў нецікава й мэтанакіравана вучыць мяне гішпанскай мове. Ці варта казаць, што мы так нікуды й не паехалі, засталіся тут, у краіне пляскатай, як стол, накрыты на адну персону. І мне тут падабаецца. Бо можна вельмі доўга йсьці й так і ня стукнуцца ілбом ні аб якую сьцяну. І дыханьне застанецца роўным, нібыта й не хадзіў нікуды. І абутак захоў­ваецца доўга. Гучыць аптымістычна, ці ня праўда? І па-гішпанску я ведаю толькі два словы.
Бацькавы заклёны, аднак, мелі вынік нечаканы, быццам іхняе, такое прамяністае, хаця й нежывое сьвятло дагнала мяне, спатыкнуўшыся па дарозе аб нейкае няправільнае шкельца. Ня ведаю, што там адбывалася ў агромністай галаве трохгадовага хлопчыка, які некалькі разоў на ты­дзень вымушаны быў гуляць з эмігранцкімі мроямі бацькі, замест таго каб з калашнікавым у руках ставіць да сьценкі сваіх сваякоў, але я даўно жыву з адчуваньнем, нібыта ў мяне ў кішэні ляжыць квіток на хуткасны цягнік, праштампаваная індульгенцыя на месца ў прычэпным вагоне: можна прайсьціся па начным прывакзальным скверы й зрабіць што захочаш, бо раніцай ты будзеш ужо далёка-далёка. Можна ўвязвацца ў любыя авантуры, можна рызыкаваць, можна не зьвяртаць увагі на розныя дробязі, з тых, што любяць трапляцца пад ногі пасажырам, якія выйшлі іх разьмяць (стаянка пятнаццаць хвілінаў!). Лёгка, надзвычай лёгка дыхаецца ў цёмным прывакзальным скверы без супрацьгазу адказнасьці! А калі ўзьнікне пагроза, то вось ён, мой верны паравоз, прыкрыты плашчамі шаргатлівых клёнаў, я чую ягонае дыханьне ў змроку, цеплыня ягонага пуза напітвае паветра, вагні ў тумане, белая пара кланяецца мне, як цэлая ўсходняя сям’я, сям’я джынаў у найсінейшых у сьвеце джынсах. Яму нельга заставацца далёка, і дзе б я ні быў, якія б глупствы ні рабіў, варта мне сьвіснуць – і ён адгукнецца мне з цемрадзі, і я вазь­муся за ледзяны поручань, і мы правалімся скрозь зямлю.

Некалькі летніх тыдняў таго году я прабавіў у лякарні. Гэтаму папярэднічала доўгая чарада паходаў у паліклініку: карацей, накіраваньня ў больніцу мне давялося дабівацца, нібы візы ў карлікавую дзяржаву. Безьліч разоў я кашляў і чыхаў у безабаронны твар свайго ўчастковага тэрапеўта; цудоўна валодаючы, як і кожны курэц са стажам, мастацтвам надаваць свайму голасу самыя разнастайныя мадуляцыі, я хрыпеў і булькатаў, і скардзіўся на задышку, а яна толькі пісала мне цытаты з Вергілія на блан­ках рэцэптаў і папраўляла станік пад цесным халатам. І вось аднойчы ў мяне насамрэч забалела нешта пад правым сэрцам, і – цуд! Пасьля аднаго непрацяглага сеансу, які можна было б назваць даволі эратычным, калі б яго не праводзіў бяскосны сівы мужычок гадоў пяцідзесяці, у самым далёкім кабінеце паліклінікі, я атрымаў нарэшце запаветны да­звол.
Гэта была сапраўдная раніца 38 жніўня, бо ўвесь месяц над краінай віравалі мусоны ды іншыя цыклоны, а тут вызірнула сонца ды імгненна высушыла грыбнікоў. Я разьвітаўся з бацькамі ды спусьціўся на трэці паверх. З-за некаторых дзьвярэй ужо чуўся бадзёры голас радыё, які паведамляў пра нашу агульную перамогу. Пашу ж я, відаць, разбудзіў на самым цікавым месцы – ён высунуўся з-за дзьвярэй да поясу й праз хвіліну паказаў мне сваю ніжнюю частку.
— Даўжок! – нанізаў я на палец ягоны асалавелы позірк, і ён неўразумела пазіраў на мяне яшчэ некалькі імгненьняў. – Мы прайгралі.
— А, ты пра гэта? Што, праўда? Ужо абвясьцілі? – ён прыцішана вылаяўся, каб ня чула маці, і пайшоў у свой пакой па каньяк. Недзе на паверсе вышэй радыё радасна вырвалася на лесьвічную пляцоўку й потым зноў вярнулася ў будку.
Неўзабаве я ўжо йшоў па вузкай, ушпілянай недапалкамі дарожцы да ўваходу ў лякарню. Лавачкі ўздоўж дарожкі яшчэ пуставалі, толькі на адной падстаўляла сонцу пляскаты твар маладжавая бабуся. Я няўклюдна нёс у адной руцэ пластыкавы пакет, а ў другой куртку. Ад сьляпучага кавалачку сонца, што ўрэзаўся ў адно з самых высокіх вокнаў будынку дый завяз там у шкле, балелі вочы. Потым я яшчэ доўга буду любавацца тут гэтым штодзённым шляхам ранішняга сонца, якое паволі спаўзае па сьцяне, са шкла на шкло, з квадрату на квадрат, ажно пакуль увечары, перад вячэрай, не разаб’ецца аб прымружаныя дзьверы вестыбюлю.
Папаліўшы трохі на разьвітаньне, я ўвайшоў у парадную браму, тую, якая для здаровых. Пастаяў перад графікам прыёму адміністрацыяй лякарні. Чарговы раз падзівіўся, як шмат у нас людзей з нязвыклымі імёнамі. Сьпяшацца мне не хацелася. Усьлед за мной у вестыбюль увайшла вясёлая сям’я: бацька, які памахваў ключамі ад машыны, маці, сагнутая цяжарам такога ж пакету, які быў у мяне, дзяўчына ў клятчастай спадніцы, падобная да сімпатычнага спаніэля, з пакетам паменей і Хлопчык Без Пакету. Яны ад душы рагаталі: відавочна, у людзей было сапраўднае гора, і да ціхае гадзіны іхні дзядуля, ці тое, што засталося ад дзядулі – тапачак на мыліцы, абгорнутай газетай, з-пад якой выглядвае аблуплены нос і сьмярдзючы мундштук – не дажыве – інакш навошта было ім прыязджаць да яго а восьмай раніцы? Напэўна, у пакетах у іх бананы, чамусьці хворым заўсёды ў лякарню прыносяць бананы, ня толькі бананы, канешне, але абавязкова й бананы таксама – напэўна, таму, што нават з агульнага халадзільніку ніхто бананы ўжо не крадзе; напэўна, таму што бананы гніюць хутчэй, чым людзі, і перад ціхай гадзінай гэта вельмі прыемна ўсьведамляць
— Ну давай, малая, — дзядзька пакруціў на пальцы ключы. – Давай, пяльмешка.
Пяльмешка дастала з пакету белы халат, спрытна ўлезла ў яго й толькі потым сагнулася пад цяжарам другога пакету:
— Ды навошта мне столькі бананаў? Куды я іх дзену? Не, ня буду я з табой цалавацца, ведаю я твае пацалункі!
Дзядзька задаволена зарагатаў. Жанчына штурханула яго локцем і выціраючы сьлёзы спытала:
— Дык ты на выходныя не прыедзеш, ці што?
— Субота рабочая, — усьміхнулася пяльменьніца. – На, жуй.
Хлопчык заняўся бананам. Яны разьвіталіся, і я пайшоў у прыёмны пакой.
— А гэта што такое? – замаскаваная пад доктарку ключніца выцягнула з пакету бутэльку каньяку. – Гэта, я пытаюся, што яшчэ такое?
— Разумееце, — замармытаў я, панізіўшы голас, — Архібальд Анд­рэевіч... Ён вельмі прасіў мяне... Мы дамаўляліся...
Пытаньне было вырашанае, і хутка ключніца ўжо вяла мяне — праз пагранічныя пасты аддзяленьняў, праз доўгія кішкі й міякарды пераходаў, з гастраэнтэралогіі да кардыялогіі, ад траўмаў да тромбаў, мяне, з пакетам і курткай, нібы я сам быў толькі наведнікам, што зазірнуў ва ўмоўны лад свайго жыцьця. Насустрач нам почасту трапляліся групкі розных марсіянаў ды іншых ахвяраў доктара Маро, а аднойчы з-за павароту выйшла чарада згорбленых смактальшчыкаў — відавочна, ня з нашай галактыкі: у кожнага з роту тырчэла жоўтая трубка, канец якой быў апушчаны ў загадкавы апарат, прымацаваны на грудзях. Выгляд у іх быў такі, што калі б я спыніў якога-небудзь смактальшчыка ды папрасіў распавесьці, дзе прыбіральня, яны б разарвалі мяне на шматкі. Большасьць тутэйшага насельніцтва была апранутая ў звычайныя спартовыя касьцюмы. Няцяжка здагадацца, што за гэтым стаіць, каму кідаецца выклік. Бо ў любой лякарні ёсьць маленькі кабінет бяз шыльды, з пустуючым пісьмовым сталом, на якім тым ня менш штодня выціраюць пыл – кабінет сьмерці.

У маёй палаце стаяла тры ложкі, і можна было беспамылкова вызначыць, што за суседзяў я маю: на адным, апрача падушкі ды коўдры з прасьціною, ляжала абалонка чагосьці, што цяпер знаходзілася далёка ад шпрыцоў і градусьнікаў, ад медсястрычак і стандартных сьняданкаў – гэта нешта сядзела, відаць, у артапедычным фатэлі іншага вымярэньня й вяло напружаную размову са сваімі велічнымі аўтарамі. “Добры дзень”, — павітаўся я, і адказам мне была песьня, словы якой цяжка было ра­забраць.
Затое другі ложак і бліскучая тумбачка каля яго казалі пра адсутнага гаспадара так шмат, што ня трэба было й знаёміцца. Ложак быў па-салдацку засланы, а на тумбачцы ганарыста тырчалі некалькі бутлікаў з туалетнай вадой, адкідваючы гатычныя цені на веер эратычных часопісаў. Паўголыя прыгажуні пазіралі на мяне без асаблівага жаданьня, і ў танных іхніх вачах ясна чытаўся сум па зьніклым гаспадары. Ручнік, пачэплены на жалезную сьпінку, разносіў па пакоі водар здаровага самца ў перыяд спарваньня. Бяз ценю сумненьня я адчыніў тумбачку й пабачыў упакоўку прэзерватываў, якая й не зьбіралася хавацца за батарэяй бязсмачных ёгуртаў і пластмасавых слоікаў з-пад сьмятаны. Пад падушкай майго суседа грэліся чыстыя майткі.
Я ляжаў з кніжкай і ўжо адчуваў голас свайго страўніка, калі Бурэніч нарэшце ўвайшоў у пакой. Ягоная радасьць была шчырай – ён адразу ж, калупаючы запалкай у зубах, распытаў пра маю Krankheit і ўмомант выклаў усе вядомыя яму рэцэпты самалячэньня, а потым зьдзівіў мяне сваімі ведамі і ў традыцыйнай медыцыне. Буйны, каржакаваты, з галавой як неахайна абцясаны таленавітым скульптарам гладыш, ён быў упэўнены, што мы пасябруем. Ён выйшаў кудысьці й праз пяць хвілінаў прынёс мне ў палату гарачы абед, як ляжачаму, ён распавёў мне ня толькі пра анатамічныя, але й пра біяграфічныя падрабязнасьці кожнай з нашых сясьцёр, ён быў асабіста знаёмы з Архібальдам Андрэевічам і ўласнаручна дапамагаў трэцяму жыхару нашай палаты схадзіць па-малому. Ён галіў валасы ў патаемных месцах свайго вялікага цела, ён працаваў дальнабойшчыкам, ён меў двух сыноў. Як патлумачыў мне Бурэніч, ён заўсёды слухаў тых, хто абазнаны ў той ці іншай галіне больш за яго, і таму, хаця ў больніцу яму не хацелася, ён лёг і пастараўся зрабіць усё, каб ягонае знаходжаньне тут было камфортным. Ён ляжаў з тымі ж праблемамі, што і я, і мы абодва пакуль ні на што ня скардзіліся. Ён падарыў мне пачак цыгарэтаў, бо наважыўся кінуць паліць, ён сказаў, што наш трэці – ужо труп, ён паказаў мне, дзе знаходзіцца морг і паабяцаў арганізаваць экскурсію (толькі ня еш нічога перад гэтым, і ня пі!) – добрым чалавекам аказаўся Бурэніч, і мой каньяк стаў для яго прыемнай узнагародай за клопаты. І калі медсястра Ірына, робячы мне назаўтра, невядома навошта, нейкі прафілактычны ўкол, нахілілася над маім ложкам, Бурэніч відавочна зьдзяйсьняў з ёй розныя маніпуляцыі – і я шчыра пажадаў Бурэнічу посьпеху.

Я ляжаў тут ужо тыдзень і быў амаль шчасьлівы ад таго, што лякарня пазбавіла мяне чароўнымі палачкамі сваіх скальпеляў і зондаў ад неабходнасьці штодня хадзіць на працу ды пісаць усе гэтыя справаздачы пра дзейнасьць газавых камераў... Я пачуваўся як ніколі добра, і нават бацькі, якія наведалі мяне ў суботу, адзначылі, што я йду на папраўку — хаця той укол быў пакуль адзіным, а ўсе пігулкі я выкідваў ва ўнітаз, як гэта рабілі героі маіх улюбёных дзіцячых раманаў, якіх зьнявольвалі ў вар’ятнях. “У цябе нават колер твару стаў больш здаровым”, – сказала маці, ня ведаючы, што ад няма чаго рабіць у лякарні я стаў паліць удвая болей. Калі ў мяне тут што-небудзь і балела, то адно жывот ад якаснай і рэгулярнай ежы. Зранку неабходна было згуляць хворага пры абходзе, пазбавіцца ад пігулак, потым усе йшлі піць кіслародны кактэйль, а я выпраўляўся на шпацыр па парку, каб вярнуцца роўна пад заслону сьняданку. Абед, кніга, паўсоннае слуханьне баек Бурэніча, піва з ім ля бліжэйшага гастраному, вячэра, кніга, тэлефанаваньне Насьце з аўтамату, кніга, Бурэніч, пігулкі, сон. Камунізм.
Гэта здарылася ў аўторак, здаецца. Нашага трэцяга павезьлі кудысьці, прадэманстраваўшы, як жалезныя ложкі на колцах могуць ператварацца ў сімвалы. Палата апусьцела. Я ляжаў з кніжкай на жываце й вырашыў праверыць нарэшце, як там пажываюць мае Фобас і Дэймас. Так, надыйшоў час распавесьці пра іх, маіх маленькіх сяброў.
У месцы, якое я пакуль не хацеў бы канкрэтызаваць (калі на мне майткі, яго не відаць), я маю іх, маіх шчанятаў, маіх непрыкметных нэцкэ, Фобі й Дэймі. Звонку яны падобныя да дзьвюх пунсовых мар­меладзінак, тая, што паболей – Фобі, тую, што паменей, адпаведна, клічуць Дэймі, але гэта, паўтаруся, хутчэй мармелад, чым маргарын. Прычым яны толькі звонку нібы з мармеладу – націснуўшы на іх, можна прыадчыніць хваравітыя паўпразрыстыя бутоны й пабачыць начыньне – нешта блізкае па колеры й кансістэнцыі да птушынага малака, у танюсенькіх ружовых пражылках. Дыяметр? Калі ласка: каля двух сантыметраў Фобі й трохі меней Дэймі. Форма – Фобі больш падобны да кроплі, чым Дэймі, чыя вострая частка загінаецца ўбок. Дзьве вялікія ўзбуджаныя смочкі, кажучы пра іх вышыню; дзьве кляксы, кажучы пра ўсё астатняе. Двое маіх спадарожнікаў, дзьве кроплі, ні кроплі не падобныя да радзімак.
Яны зьявіліся на мне месяцы два таму; увечары, вяртаючыся з працы, я раптам зразумеў, што часаўся сёньня цэлы дзень, і ня тое каб невыносны, але сьверб, сапраўдны сьверб гнаў мяне падалей ад майго стала з самага шэрага ранку. Дома я пабачыў іх, маіх Рамэа і Джульету, маіх Купалу й Коласа, маіх цудоўных гасьцей, Бівіса й Батлера, Маркса і Энгельса, Джонсана і Джонсана, Трыстана і Ізольду... Пабачыў, і мая ўчорашняя ліхаманка, і александрыйскі пажар твару, і некалькі разоў незакрыты газ на кухні, і кашмарны сон, дзе я засоўваў у сябе руку і яна выходзіла праз рот, пагуляўшы па сухім і гідкім, бы гняздо молі, маім бедным нутры – усё гэта набыло раптам злавеснае тлумачэньне. Яны былі малымі й сьляпымі, мае Гаральд і Мод, яны толькі прабіваліся па-веснавому са зблытаных валасоў на маёй скуры, яны сьвярбелі, нібы просячы іх пакарміць. Я не спалохаўся, не, мне нават было цікава, што з гэтага атрымаецца. Што мяне прыводзіла ў жах, дык гэта тое, што давядзецца рушыць у скурвендыспансер, і гэтае скурвен гучала страшней, чым любы дыягназ. Я не люблю лячыцца, мне падабаецца камунізм больніцаў (гл. вышэй), але ня іхні сталінізм. Але ж ты пабяжыш туды, калі твае малюткі пасьвярбяць яшчэ з тыдзень, сказаў я сабе ўначы, пацеючы й палячы ў фортку, пабяжыш як міленькі. А там кандыдаты навук здадуць цябе з рук у рукі практыкантам. І Наста пацалуе цябе ў шнары. Я прачнуўся без галавы – Паўль і Пэтэр сядзелі ціха, і пасьля ранішняй кавы я ўжо зноў адчуваў сябе поўным сілаў і здароўя. Болей яны не падавалі голасу, і правільна, шаптаў я ім: кветкі мусяць радаваць вока, а ня вуха. Натуральна, пасьля гэтага я раз-пораз успамінаў пра іхняе існаваньне з лёгкай трывогай, і думаў – такая ўжо цікаўная натура ў чалавека – чый жа гэта падарунак: майго ці чужога арганізму, і ці не заразныя яны, мае кветкі-какеткі, мае Боні і Клайд, і навогул, ці не пайсьці ўсё-ткі й ня здацца ў абыякавыя рукі ўрачоў. Але мінуў тыдзень, другі, трэці – і маё жыцьцё йшло як раней, і нічога яго не ўпрыгожвала й не азмрочвала. Нібы й ня меў я нічога лішняга. У адрозьненьне ад тых, каму таксама неўзабаве будзе сорак. І я супакоіўся, пагартаўшы папярэдне, канешне, некалькі сьпецыялізаваных выданьняў з жахлівымі коміксамі – убачанае толькі пераканала мяне, што нічым з гэтага суквецьця пошасьцяў я пахваліцца не магу.

Бурэніч зайшоў нячутна, з ручніком на коратка стрыжанай галаве. Я здрыгануўся, кніжка ўпала. Ён акуратна разламаў на дзьве лусты назву нейкае каманды на сваіх шырокіх грудзях, павесіў куртку на крэсла й спакойна прамовіў:
— А вось гэтага ня раю. Не, можна, вядома ж, калі трэба падрыхтавацца, ці калі ў радыусе ста кіламетраў ніводнай, але вось так: ня раю, ня раю... Пара цябе бліжэй з кімсьці пазнаёміць. Дзяжурныя сястрычкі сёньня ня супраць адпачыць, я ўжо дамовіўся. Зьлётай толькі па бутэльку й шампусіка вазьмі.
Адмаўляцца было няёмка пасьля ўсіх тых дробных паслугаў, якія аказаў мне Бурэніч. Я пастараўся як мага годна нагягнуць нагавіцы й пайшоў да дзьвярэй. Яны адчыніліся, і Іра, па-змоўніцку пасьміхнуўшыся, сказала: “Цяпер будзеце тут удваіх кукаваць”.

Хіба ня ты штодня ўпарта вышукваў на яе твары плямы віны за неспадзяваны падарунак? Хіба табе не падавалася, што ты бачыш у яе застылых зрэнках вочы забойцы, безыменнага экспарцёра скуранога мармеладу? Хіба ня ты, ахоплены жахам, аднойчы наважыўся вытруціць, выпаліць сваіх маленькіх гасьцей, і ганебна адступіў у апошнюю секунду, і зацягнуўся туга набітай цыгарэтай, прызначанай для сваіх пунсовых кветачак? Хіба ня ты пырскаў на іх рознай брыдотай, ад якой яны толькі сталі больш пругкімі? Хіба ня ты, паланёны роспаччу, прымусіў яе неяк у яе ж доме – тады якраз адключылі электрычнасьць – распрануцца й ляжаць пад тваім мікраскопам, без надзеі на прыемнае заканчэньне гэтага пачварнага рытуалу? Хіба ня ты шныраў па самых белых яе схілах і правяраў, правяраў кожную радзімку, няўмела робячы выгляд, што лашчыш сваю Насту? Хіба ты быў у яе першым? Хіба ня ты зрабіў тысячу непрыхаваных намёкаў і расставіў вакол яе каменных гэтых стодзікаў, як варту, прадажную варту дзеля сваёй уласнай абароны? Хіба ня ты зноў і зноў боўтаў у рэшаце сваёй памяці падрабязнасьці вашага першага зьліцьця? Хіба ня ты прымаў яе пену за злавесныя споры? Хіба ня ты настроіў супраць сябе яе нешматлікіх дурных сябровак? Хіба ня ты, ад’язджаючы ў бліжэйшы абласны цэнтр на выходныя, умольваў Пашу за трыццаць бутэлек піва прасачыць за Настаю й даць табе ў панядзелак справаздачу? Хіба не табе, клоўну, тыкнулі ў нос бездакорным алібі?

Яна зьявілася тут зусім не адразу, праз некалькі дзён пасьля таго, як я лёг у шэзлонг сваёй шыкоўнай лякарні. І я быў трохі раззлаваны: я тут паміраю, сьцякаю крывёй, пад смакоўніцай кропельніцы валяюся, як бездыханны Адам пасьля складанай трансплантацыі адной важнай косьці, а яна дазваляе сабе працаваць! Яна была пяшчотная са мной, і яе пяшчота, афарбаваная незразумелай мне тады тугою, стала прычынай таго, што мы часта сядзелі моўчкі, абняўшыся, нібы мне ўжо вынесьлі сьмертаносны вырак. Я, натуральна, даў ёй зразумець, што ў маім гіпсе маюцца ўсе неабходныя адтуліны, але Наста іх чамусьці не хацела заўважаць. Так мы й сустракаліся, сачылі за шпацырамі дагараючага сонца, разьвітваліся з летам, у прахалодным цені больніцы, між бадзёрага натоўпу ў спартовых касьцюмах. Памятаю, як яна прыйшла перадапошні раз: мне пачало надакучваць нашае маўчаньне, я апісваў ёй медсясьцёр, з патаемным жаданьнем выклікаць хаця б трохі рэўнасьці, і ў экстазе жэстыкуляцыі зьбіў з яе пераносіцы акуляры, якія спрытна абмінулі разгубленага спрута нашых рук і пляснуліся на жоўты пясок.
— Цяпер ты трапіш пад аўтобус і будзеш ляжаць на паверх ніжэй за мяне, — супакоіў я Насту. – Вунь тыя вокны, дзе цяпер сонца.
— Не, цэлыя, — яна зьдзьмула са шкельцаў пыл. – Я ўжо, дарэчы, замовіла новыя. У пятніцу забіраць. Гэтыя насіць ужо стала бессэнсоўна. Ты глядзі, у цемры не чытай, я цябе ведаю, будзем кахацца як двое сьляпых.
— Гэта цікавая ідэя, — сказаў я. – Ну, табе акуляры не патрэбныя, жанчыны ж любяць вушамі. Так вучоныя гавораць. Гэта мужчыны вачыма. Я й кажу: і навошта нам усе гэтыя атавізмы паміж ног?
— Я сур’ёзна, — прамовіла яна, усьміхаючыся. – Ты й так, бывае, блытаеш некаторыя не такія ўжо непрыкметныя... органы... Часам гэта ня вельмі прыемна: хочаш аднаго, а атрымліваеш другое...
— Я ўжо кніжку, дарэчы, дачытваю, — сказаў я, крывячыся. – Ста­ронак дваццаць засталося.
— О, я ж зноў бачыла нядаўна Несьцера, — ажывілася Наста. – У краме!
Я засьмяяўся.
— Ну і як ён?
— Брыдотны! – і мы разам зарагаталі. Нібы ўсё вярнулася: лецішча, комін, Паша, які грукае ў прыпертыя камодаю дзьверы, нізкая-нізкая столь, што пахла аліфай, глыбіня, глыбей, глыбей.

Несьцер – гэта такі пісьменьнік. Маіх прыкладна гадоў, лысы й вы­сачэзны, заўсёды ў вузкіх джынсах, якія рабілі яго, і так хударлявага й зьняможанага, падобным да героя мультфільму, такога сабе ўмоўна намаляванага чалавека, звар’яцелага доктара, толькі даволі маладога. На ягоных вуснах заўсёды грала фанабэрыстая ўсьмешка, і чалавека непадрыхтаванага яна магла б увесьці ў зман, але толькі ня нас з Настаю: мы бачылі яго некалькі разоў у кампаніі з калегамі, зусім блізка, і вось што зразумелі: усьмешка ўсьмешкай, але ў вачах Несьцера заўсёды жыў кранальны, амаль дзіцячы страх перад чытачамі й, напэўна, крытыкамі, хто іх разьбярэ, гэтых пісьменьнікаў і іхнія міжсобскія паядынкі. І настолькі, як высьвятлялася, была фальшывай, няўмелай гэтая Несьцерава пыхлівасьць, настолькі жывымі былі ўсе тыя шматлікія комплексы, што сьвяціліся па-здрадніцку ў ягоных маленькіх вачах, што яго было па-сапраўднаму шкада. Тое, як ён высільваўся ў сваіх нешматлікіх інтэрв’юшках, было таксама варта жалю. Усе гэтыя “Мая лепшая кніга ўжо напісаная!” і “Брыль? А хто гэта?” пацяшалі, ня больш. Не пасавала яму гэтая маска! Мы бачылі яго зблізку некалькі разоў – гарадок наш невялікі, дарма што сталіца! – сядзелі з ім на супрацьлеглых лавачках, пакуль ён непрыгожа й шумна піў таннае піва з сябрамі, бачылі яго з жонкай, надзвычай, як высьветлілася, прыгожай дзяўчынай, у супермаркеце, бачылі, як ён прыдзірліва, бы для свайго героя, выбірае памперсы. А аднойчы мы стаялі з ім у суседніх кабінках грамадскае прыбіральні, і я выразна чуў, як цырчыць струмень самага персьпектыўнага празаіка айчыннай літаратуры. Струмень сьціх, надзея нашага пісьменства задаволена ікнула й не памыўшы рук пайшла есьці чабурэкі.
“Брыдотным” мы, аднак, называлі яго выключна ласкава. Ён быў неахайны, з кепскім пахам з роту, ён насіў белыя шкарпэткі, як мы падазравалі, дзеля эпатажу, ён відавочна рэдка мыўся й насіў жаночы пярсьцёнак на ўказальным пальцы. Але кнігі ягоныя мы чыталі з задавальненьнем. Здаецца, сюжэт у іх паўтараўся з тому ў том, здаецца, гісторыі, што ён выдумляў, былі абсалютна непраўдабадобныя, здаецца, геніем Несьцер ня быў, але нечым такім змазваў ён свае каляіны, што чытаць яго было прыемна й ні Наста, ні я ніколі яшчэ – а мы прачыталі ўсе ягоныя опу­сы, я якраз дачытваў апошні – не заставаліся расчараваныя, пакідаю­чы атракцыён.

“Усяго добрага вам”, — сказала яна, заўсёды такая ветлівая; з нейкім салодкім страхам, значэньне якога, зрэшты, яна не перабольшвала, яна ўсё ж зірнула на прадаўца-кансультанта, і той, цяпер такі прывабны, пасьля таго як набыў ясны абрыс, юрліва пасьміхнуўся ёй. Мружачыся, яна пайшла дасьледваць вуліцу, па якой прыйшла сюды ўсяго пятнаццаць хвілінаў таму, а вуліцы, вузкай, як лыжня, напляваць было на чароўнае шкло і іншыя казкі, вуліца калолася й казытала, і рухалася, задзяваючы яе локцямі. Яна з заміраньнем сэрца імкнулася ісьці бліжэй да навісаючых над ёй цагляных стогадовых дамоў, пад зарослымі плюшчам балконамі было неяк бясьпечней, і аднак плюшч гэты быў цяпер такім востра-зялёным, якім бывае перац у перасохлым роце: вады, вады б трошкі, той трохі каламутнай вады, якая размывала ўсё перад вачыма й рабіла прыймальна-бяскрыўдным частакол навакольнага сьвету; кідкія людзі йшлі насустрач, бы аголеныя, бо яна так звыклася з іхнімі туманнымі тогамі, іхнімі мармуровымі догамі, што аказаліся толькі дварнягамі, затое якімі: пераліў, зьзяньне, ільсьністасьць поўсьці! Сьвет апынуўся больш дагле­джаным, чым яна чакала, і тым жахлівей былі правалы, якія, нібы акторы, чакалі яе ў адмысловых нішах – тых нішах, міма якіх яна спакойна крочыла толькі сёньняшняй раніцай: правалы з бяззубымі жабракамі, з каўбаснымі грудастымі лялькамі ў парыках, што выбіралі сабе парфуму, з цяжарнай дзяўчынай, што ляціць з лямантам у лесьвічны пралёт, і яна ўсё цягнула да яе руку, цягнула – не дастаць! ажно пакуль ня ўцяміла, што гэта праўда падзеньне – яе падзеньне ў абдымкі падземнага пераходу. Вернуты зрок – таксама адна з формаў асьляпленьня. О так, гэтыя шкельцы напрошваліся на труізмы, і яна паглядзела на сябе ў бліскучае вакно банку – яны мне пасуюць пытальнік яны мне пасуюць трэба ў яго спытаць але нельга. Сёньня ўжо нельга. Для гэтага насамрэч зусім ня трэба ехаць на ўскраіну гораду й любавацца ягоным сонцам на вітрыне моргу... Гэта сапраўды якасныя акуляры ў добрай аправе, і яна ўжо цяпер бачыць, і сама баіцца свайго ўсемагутнага бачаньня, яна ўжо бачыць яго, ашчэранага, і ягонае каханьне, якое, як цяпер відаць, было не такім бесклапотна-стракатым, як яна бачыла праз тыя, другія, таксама ў неблагой аправе, і яна ўжо бачыць, як варушацца ягоныя вусны. Ах вось што аказваецца напісана на тым плякаце! Ах вось якія мы дасьціп­ныя дэбілы! Гэткая пунктуацыя вельмі пасуе гэтаму населенаму пункту, які я бачу, верце ня верце, упершыню. Ах вось колькі ў нас мазгоў – ах вось што я лічыла раней за іхні верхні слой! Яна паціху звыкаецца, чаго ня скажаш пра яе пераносіцу, якая з цяжкасьцю пераносіць усё новае, нават такую дарагую аправу. Яна бачыць, што ў кантралёра крыва падстрыжаныя вусы. Яна бачыць, што яна прыгожая. Яна бачыць, як на яе глядзяць часопіс­ныя мужчыны й газетныя кабеты. Яна бачыць, што каляндар хлусіць. Яна бачыць, што едзе да яго ў апошні раз.

На нас, двухногіх, так лёгка ўсё чапляецца, нібы мы зробленыя з аксаміту. Пылінкі, варсінкі, галушкі чужых думак і звычак, словы й сьпевы. Самая цяжкая абраза – калі табе скажуць, што ты да кагосьці падобны; мы намагаемся быць індывідуальнасьцямі, калі нават ня маем да гэтага падставаў. І вось мы здымаем наш аксамітны пінжак і вешаем яго ў шафу. З палёгкай уздыхаем. Аднак адбіткі іншых людзей усё адно застаюцца на нас, як бы гэта не раздражняла, пакуль нябачныя адбіткі: варта нам трохі паваляцца ў жыцьцёвай муцэ, як яны праступяць, сьляды чужога, і пакажуць, што мы – гэта мы толькі напалову. А яшчэ мы – гэта безьліч іншых людзей, у тым ліку даўно памерлых, у тым ліку тых, хто народзіцца пасьля нашае сьмерці. У тым ліку тыя, каму не дадуць нарадзіцца.
Мы сустракаліся роўна год. Яна навучыла мяне гатаваць амлет і казаць: “Дзякуй”, яна ўвогуле навучыла мяне шмат якім элементарным рэчам: заўсёды браць з сабой насоўку, карыстацца электроннай поштай, чытаць між радкоў, ператвараць унутранага раба ў клоўна, не жаваць жуйку ў царкве, слухаць добрую музыку, чысьціць зубы і перад сном таксама й не праглынаць гукі. Яна навучыла мяне весьці кароткі дзёньнік, які, калі напраўду, я закінуў перад самай лякарняй – не хапіла цярпеньня – а гэта й насамрэч апынулася цікавым заняткам: даведвацца, што, напрыклад, дакладна дзевяць месяцаў таму а восьмай вечара мы, без усялякае папярэдняе змовы, падарылі адно адному аднолькавых драўляных казлоў з бутэлькамі ў капытах... Яна зрабіла мой язык больш рухомым і спрытным, яна зрабіла мае пазногці чыстымі, яна адкрыла для мяне чараўніцтва пранікненьня праз чорны ход. Яна навучыла мяне годнасьці й гордасьці, яна навучыла мяне таму простаму закону, што мужчыне ў маім узросьце нельга прышываць жанчынам анёльскія крылы. Яна пераканала мяне, што мне не пасуе алкаголь, яна пераканала мяне, што калі цябе любяць, заўсёды неабходна памятаць, што гэта не назаўсёды. І калі яна сыходзіла, я бачыў, што маіх сьлядоў на ёй нашмат менш.

— Гэта твая ўчора прыходзіла? – запытаўся Бурэніч, калі мы паважнай хадою кавалераў крочылі па цьмяным калідоры. – Што ж ты не сказаў? Я б вам палату знайшоў...
Мы падышлі да месца прызначэньня, і Бурэніч горда прапусьціў наперад бутэльку шампанскага. “Нам нельга, дзяжурства ж”, — дзеля прыстойнасьці паламаліся медсёстры, з інтарэсам на мяне паглядваючы й наразаючы сухую каўбасу. Іх было чамусьці трое, Ірыну я ўжо добра ведаў, Бурэніч пазнаёміў мяне з астатнімі, і я, як заўсёды, не запомніў з першага разу, як іх завуць, але потым узгадаў ягоныя аповеды й хутка разабраўся. Адной з іх была тая, якую я бачыў, калі толькі прыехаў засяляцца ў гэты гатэль – і чаму толькі яна нагадала мне спаніэля, сімпатычнага, трэба прызнацца, сабаку, а трэцяя была на пяць гадоў старэйшая за мяне і, як бы гэта апісаць, таўставатая, на аматара, як выразіўся б Бурэніч. Ірыне й Зоі алкаголь імгненна ўдарыў у галовы, мусіць, таму, што яны былі яшчэ маладымі й нявопытнымі: і вось ужо весела рухаліся гу­зікі на кароткіх халатах, і Ірына сядзела на Бурэнічавых каленях і даказвала яму, што ён дзяўбаны сімулянт. Няўпэўнены, што я сказаў бы што-небудзь разумнейшае, калі б закінуў у сябе сто грамаў гарэлкі й запіў усё гэта шклянкай шампанскага... Але я паволі пацягваў свой цёплы алкаголь і маўчаў. Зоя ды Жана са сьмехам абмяркоўвалі нейкіх сваіх знаёмых: дзясятак скрадзеных у маіх сваякоў імёнаў і ні кроплі гумару. Бутэрброды ляжалі некранутыя, попел падаў міма попельніцы, змайстраванай, відаць, загадчыкам аддзяленьня з чэрапу аднаго з пацыентаў, і дзіўна было назіраць гэта ўсё ў строгім медыцынскім інтэр’еры. Жана ўключыла музыку. Потым Зоя выйшла падыхаць на балкон, выхад на які быў у канцы калідору, ёй стала блага, наколькі я зразумеў; Бурэніч з Ірынай выправіліся ў суседні пакой, дзе стаяла вызваленая нядаўна кушэтка з нашай палаты. Мой пластмасавы кубачак быў напалову пусты. Да пары я дазваляў Жане займацца маімі вушамі й валасамі, але калі Зоя, з мокрымі вачамі і апраўдальнай усьмешкай на вуснах, вярнулася, я асьцярожна зьняў з сябе Жаніну руку, і тады мяне пакінула ў спакоі і ўсё астатняе. Жана адкінулася на сьпінку крэсла й прымружыла свае расейскія вочы.
— Гэты з сёмай палаты яшчэ ходзіць, — прамовіла Зоя, адвярнуўшыся. – Ня ўлягуцца ніяк. Сьмертнікі.
Музыка скончылася.
— Ладна, — пляснула сябе Жана па шырокай лытцы й нечакана зарагатала. – Пайду праверу, як там нашыя цяжкія.
Яна выйшла, і мы з Зояй выпілі трохі й закусілі.
— Налі мне яшчэ гарэлкі, — сказала яна хрыпла й сунула мне рабы банан. Я падпарадкаваўся. Мы выпілі, і яна адчыніла вакно. Грукнула фортка. Я дапіў шампанскае.
— Ня будзем тут паліць болей, — яна зашпіліла халат. – Як ты сябе ўвогуле адчуваеш? Казалі, у цябе ня надта добрыя аналізы.
Я ня ведаў, што ёй адказаць, а позірк мой ўсё ніяк ня мог адчапіцца ад яе ног.
— А як жа ўрачэбная тайна? – я нарэшце падняў вочы й пстрыкнуў запальнічкай. – Ня ведаю, гэты, як там вашага завуць, Сяргей... Мікалаевіч... Ён мне не казаў нічога. Я сябе адчуваю акрэплым і аздароўленым, як быццам месяц пражыў на Канарах.
— Аналізы... – яна быццам і ня чула, што я сказаў. – Аналізы... Аналізы пенсіянеркі Лапуховай сьведчаць пра тое, што яны сьвежыя... Калісьці мы вельмі сьмяяліся... Папалім? На балконе толькі...
Мы выйшлі на цёмны й цесны балкон. Відаць, заўтра прыйдзе канец майму сонцу і ягоным прабежкам па вокнах. Зоя нярвова й марудна зацягвалася, й дым ішоў проста мне ў твар. Я стаяў да яе напаўзвароту. Калідор быў асьветлены амаль да тых дзьвярэй, за якімі разгортвалася нашае баляваньне. Сюды, да закутка перад балконам, яно практычна не дабіралася, але нагадвала пра сваё існаваньне сьветлым квадратам удалечыні. Я бачыў, як у калідоры зьявілася Жана й, сьлепа паўзіраўшыся спачатку ў адзін, потым у другі бок, зачыніла за сабой дзьверы. Проста перада мной цьмяна бялела маленькае Зоіна вуха, і я адчуваў ягоную цеплыню. Было ветрана. Яна стаяла й маўчала, нібы наўмысна, нібы прымушаючы мяне ацэньваць яе хударлявы профіль. Я зноў запаліў, і тут яна ўздыхнула, неяк роспачна й ціха, і дакранулася да мяне вуснамі.

З хуткасьцю прыкладна восемдзесят кіламетраў у гадзіну мае Саўка й Грышка мірна імчаліся да Калюжына, раённага цэнтру, месцазнахо­джаньне якога я ўяўляў нашмат горш, чым, да прыкладу, Парамарыба. Збоку ад мяне, высока выставіўшы вострыя калені, абыякава пазірала праз цёмныя акуляры на пляскатыя краявіды Зоя; патыліца ейнага брата, што кіраваў машынай, раз-пораз нярвова торгалася – мне ўсё здавалася, што ён павернецца зараз і што-небудзь утворыць. Зоя мне ўжо распавяла, яшчэ на вясельлі, што яе стрыечны брат Ягор – хлопец добры, але “часам на яго находзіць, не палохайся – яго проста разбэсьцілі”. Заручальны пярсьцёнак я ўсё яшчэ адчуваў як нешта чужароднае, і мне ўсё марылася, што я здыму яго, як толькі перастану быць, як яны кажуць, маладым.
Апошнія некалькі месяцаў былі насычаныя такой колькасьцю розных пасьпешлівых падзеяў, што мне было даволі цяжка аднавіць іх храналогію. Бурэніч на вясельлі нажэрся і ўявіў, напэўна, што нечага недабраў у лякарні – і калі б ня Зоіна радня, якая ўвогуле досыць доўга памяркоўна сачыла за ягонымі заляцаньнямі да нявесты, быць бы Зоі згвалтаванай. Маім сьведкам быў Паша, які некалькі дзён запар распавядаў, як ён паставіць на дыбкі ўсю гэтую хеўру, а сам ужо праз гадзіну пасьля першага тосту заснуў сярод кучы падарункаў, і ягоны храп да ночы чуўся з-за скрынак з посудам усіх памераў і колераў. Яны дарылі нам посуд гэтаксама, як хворым у лякарню нясуць бананы; я мяркую, што мы маглі б адкрыць у Калюжыне рэстарацыю, замест таго, каб цэлы дзень разгортваць і загортваць міскі ды кубкі – на тое, каб палічыць грошы, нам хапіла пятнаццаці хвілінаў. Ірына, якой выпала шчасьце быць сьведкай, прыйшла ў такое шаленства ад сузіраньня Пашы, што пасьля некалькіх спробаў разбудзіць у ім хаця б нешта сама напілася й не бяз посьпеху імкнулася напаіць Зою. Гармідар гэтых месяцаў яшчэ зьвінеў у ва мне, усё перад вачыма плыло, і мае Джынджэр і Фрэд толькі пасьля першае шлюбнае ночы перасталі шкрабсьціся ў дзьверы. Гэта ўсё нервы, казаў я сабе, назіраючы, як Зоя гуляе сама з сабой у вясёлую гульню: угадай, хто колькі падарыў!
Зрэшты, вясельле прайшло няблага. Мае бацькі, прасякнуўшыся да мяне нечуваным раней спачуваньнем, усё стараліся падыграць сватам: размаўлялі на іхняй мове, абвязваліся кухоннымі ручнікамі й з дурным сьмехам пілі каламутную калюжынскую брагу. Нанятыя таксісты й таксідэрмісты да канца былі пэўныя, што жаніх – Бурэніч, і вызвалілі мяне шмат ад якіх сумнеўных абавязкаў. І ўсё ж праз два дні я ўжо ляжаў у глыбокай дэпрэсіі: сьвята скончылася, і ты болей не герой, а так, адзін з мільёнаў жанацікаў-лунацікаў. І цябе ўжо ніхто не павязе на Курган Славы, і не памахае рукой з “жыгулёнка” незнаёмая сямейная пара, і лядашчы папарацы ня будзе сачыць за кожным тваім крокам, і музыканты ня грымнуць больш у твой гонар Гімн трыумфуючых мікрацэфалаў, і дзяржава пыталася ў цябе, ці згодны ты, першы і апошні раз – цяпер яна зноў толькі загадвае, і паспрабуй ня выканай загад.
Зоя, якая пасьля рэгістрацыі занадта, на мой погляд, доўга займалася маленькім бронзавым струкам анёльчыка ў гарадскім парку – той, здаецца, пасьпеў кончыць другі раз – перанесла ўсё лепей за мяне, хаця і ў яе былі прэтэнзіі: да паветраных шарыкаў і свайго былога бацькі, ня­ўдачлівага брата таго жартуна, які лез да яе цалавацца, калі я неабачліва параўнаў будучую жонку са спаніэлем (зрэшты, гэтае параўнаньне прыходзіла мне ў галаву яшчэ некалькі разоў, і што самае непрыемнае, у загсе). Бацькі Зоі былі ў разводзе, хаця й жылі ў Калюжыне ў суседніх дамах: Зоя з маці, а бацька з нейкай, як мне патлумачылі хорам жончыны сваякі, курваю, якую на вясельле, натуральна, не паклікалі, — і вось гэты самы бацька нападпітку вырашыў раптам, што ніякага разводу не было, і ледзь ня зьбіў (любячы так, зьлёгку) былую палавіну. Так, уражаньняў мне хапіла надоўга, і я з трывогаю й прагай выглядваў у змроку свой верны паравоз, і супакоена вяртаўся за астылую сьвініну – ён быў на месцы, засыпаны лісьцем і тым ня меней гатовы да справы.
Нашыя з жонкай супярэчнасьці вылезьлі вонкі ўжо ў першую шлюбную ноч, якую ў мяне з такім імпэтам намагаўся скрасьці Бурэніч, гэты вечны запасны гулец паводле свайго сьветапогляду. Ёй закарцела зрабіць усё пры сьвятле – я абараняўся як мог, а калі яна, падступна высьлізнуўшы з-пад мяне, падбегла да ўключальніка й пераможна асьвяціла поле бітвы, я ўжо ляжаў на жываце й мне нічога не хацелася. Мы змагаліся доўга, і магу сабе ўявіць, якая гэта была пацеха для гасьцей, што назіралі за нашымі вокнамі, дапіваючы сваю норму ў начным двары. Урэшце, быў знойдзены кампраміс. Я завязаў ёй вочы і ўключыў сьвятло, а потым паціху мы ўсё ж раздзьмулі патухлыя нашыя жарсьцінкі, я ўважліва й мэтана­кіравана рухаў яе, каб толькі нашае сямейнае жыцьцё не спатыкнулася ў першую ж ноч аб мае Трынідад і Табага... Можна ў гэта ня верыць, але ў мяне атрымалася – нашыя з Настаю мінулыя практыкаваньні не засталіся бясплённымі, і Зоя была задаволеная.
Халоднай і калючай жанатай раніцай я пакінуў Зою ў нязвычна пахнучым цяпле ложку й выйшаў на кухню. У калідоры на мяне наткнуўся яе бацька, яшчэ не працьверазелы. “Ты хто?” – смурна спытаўся ён у мяне, марна намагаючыся адагнаць ранішні паўзмрок, і абклаў мяне мацюкамі. Я пакінуў яго лаяцца й рушыў далей, мне было цікава, як гэта ўсё выглядае новымі, жанатымі вачыма. Неўзабаве ён сьціх, і толькі пакрэкваў жаласьліва ў прыбіральні. Мае жарты таксама сталі халоднымі й злымі. На кухні сядзеў Паша ў пакамечаным касьцюме й кампенсаваў учарашнія страты: перад ім стаялі абледзянелыя салаты й недапітая бутэлька, і мяса ў Пашавым роце нешта прамычэла ў адказ на маё хмурнае прывітаньне. Ён вінавата паціснуў плячыма.
— На калені! – усклікнуў я і нявесела ўсьміхнуўся. – Ты мне ця­-пер абавязаны, сьведка ты пачынаючы... Слухай сюды.
Хутка я вярнуўся са спачывальні. Мы дасталі з лядоўні ўвесь кетчуп – пардон, таматны соус, прызначаны для другога дня катаваньняў — і неўзабаве сваякам і іншым гасьцям была прадэманстраваная шлюбная прасьціна: на ёй не было жывога месца, яна была наскрозь прапітаная крывёй, кроў крапала з яе бесьперапынна, тканіну гэтую можна было выціскаць бясконца... З чырвоным мокрым палотнішчам у руках, на якім, магло падацца, расчлянілі не адну сотню трупаў, мы з Пашам прай­шліся па пакоях, прадэманстраваўшы ўсім наяўным гасьцям, якой усё ж неймаверна нявіннай была нявеста. Ніхто не сьмяяўся, на мяне пазіралі з падазрэньнем, толькі Ягор, стрыечны брат, ацаніў жарт і станчыў загадкавы эпілептычны гапак. Кроў стукала ў маёй галаве, я выпіў кавы й пайшоў да Зоі, супакойвацца яе правінцыяльнай і чыстай цеплынёй.
Задоўга да вясельля, калі нашая шлюбная змова чакала дзяржаўнага блаславеньня, я перазнаёміўся з усімі яе сваякамі. Сканчаўся бульбяны сезон, і мяне адразу ж, як толькі я прад’явіў прэтэнзіі на Зоіны ні ў чым не вінаватыя вабноты, запрэглі ў поле – так я адразу ж пазбавіўся свабоды й любімых старых красовак. Я ім, гэтым мілым абаяльным лю­дзям, з першага ж дня не спадабаўся, яны адпачывалі пасьля зьбіраньня бульбы, якое на мясцовым дыялекце таскама называецца адпачынкам, і адпачывалі, натуральна, з гарэлкай, расьсеўшыся колам на ўзгорку, захінуўшыся ватнікамі махнатых елачак. Я піў з тэрмасу гарбату й сачыў, як Зоя раздае ўсім бурае сала. Яе пляменьнік бегаў па ўзьлеску й душыў, душыў, душыў чарвякоў. Да Калюжына было кіламетраў дзесяць, назвы навакольных вёсак прыводзілі мяне ў захапленьне – цэлая планета раскінулася паблізу: Аўгінін Стан, Пякіны, Лясота, Туркі, Карачкі... А ў самую сталіцу Зоінага дзяцінства, месца будучай прапіскі маіх Рэма й Ромула, слаўны горад Калюжын, мяне дагэтуль не пускалі. Да гэтага самага дня, калі шаша раптам узьнялася на пагорак і абрынулася адтуль у статак цагляных хатак, раскіданых вакол нямытай царквы. Зоя зірнула на мяне й заахвочвальна пасьміхнулася, думаючы пра нешта сваё.

У адной з гэтых хатак мы й пачалі віць сямейнае гняздо. Пасьля шырокай, як страна мая радная, сталінскай кватэры маіх бацькоў гэта двухпакаёўка ціснула мне ў сьцёгнах. У адным пакоі жыла Зоіна маці са сваім каляровым сужыцелем, у другім мы: цётку Таню яе апарат відавочна цешыў, задавальняючы ўсе патрэбы, ад камунікацыйных да сексуальных, Зоя таксама пакуль на мяне ня скардзілася. Гэта быў нейкі шчасьлівы выпрабавальны тэрмін – цэлы месяц мяне ніхто не чапаў, толькі халодныя кроплі падалі на мяне са столі лазьніцы, калі я палежваў га­дзінку-другую ў замалой для мяне ваньне з карычневым дном. Побач з гэтай пасудзінай стаяў агромністы, дзе-нідзе праіржавелы бак, нібы гатовая ўзьляцець ракета, і я заўсёды драпаў сабе азадак, калі вылазіў. Бялізна не хацела тут сохнуць; надыходзіў сьнежань.
Я пачынаў звыкацца: з нашым пакоем, дзе маім начным столікам служыў стос Несьцеравых кніг (я прыхапіў іх з сабой, гэтыя шэсьць дзіўных раманаў у аднастайных блакітна-шэрых вокладках, ні фотаздымкаў, ні адпрасаваных аўтарам вытрымак з прэсы) — тут нават можна было рабіць ранішнюю гімнастыку, калі ўзваліць на плечы шафу й канапу разам з Зояй; з павышанай гукапранікальнасьцю сьценаў, з карункавымі лялькамі на кужэльных покрывах расшытых падушак, з відам з нашага вакна: як ні вызірнеш, там была адна й тая вуліца — да гэтага я, бадзяга-аматар, не прывык – а па вуліцы ішоў хлопец па мянушцы Калдун: там заўсёды ішоў хлопец па мянушцы Калдун, і калі яго не было там, на бруднай і багністай вуліцы, гэтага хлопца па прозьвішчы Калдун, то трэба было ўважліва прыглядзецца, звыкнуцца з капрызамі шарай гадзіны, і хлопец Калдун абавязкова там адшукваўся – справа, ці зьлева, ці на тым баку вуліцы каля гародаў – ён там быў, ну, а калі яго ўсё ж немагчыма было знайсьці на гэтай цёмнай, страшнай і крывой вуліцы, то трэба было проста адвярнуцца ад вакна, заплюшчыць вочы й хутка сказаць, не запінаючыся: Фобас і Дэймас, Фобас і Дэймас, Фобас і Дэймас – а потым зноў зірнуць у вакно, з-за фіранкі, нібы мімаходзь, падняўшы адно брыво – і хлопец па мянушцы Калдун зьяўляўся там, ён ня мог там не зьявіцца, ён проста крыху затрымаўся, бо ўпаў тварам у глеістую клейкую лужыну – з кім не бывае.
З Калдуном Зоя вучылася калісьці ў адным класе – як і кожны другі здаровы калюжынскі хлопчык, ён да паўналецьця пасьпеў пабываць у калоніі за спробу згвалтаваньня. Вярнуўшыся, Калдун сказаў сваёй маці: “Бырбыр”, што значыла ў вуснах юнака прыкладна наступнае: давай па-добраму, старая, ты мне пенсію штомесяц аддаеш, і спакойна паміраеш сваёй сьмерцю. Маці Калдуна была ў добрым здароўі, зьбірала бутэлькі, лазіла па сьметніках і кленчыла ля царквы грошы. Калдун шчасьліва жыў у сваім танным араматызаваным раі. Трагедыі не адбылося, і жыхары Калюжына вельмі гэтым ганарыліся. Усё на сьвеце можна вырашыць мірам. Мірам, я сказаў.
Добры хлопец Калдун! Гэтая лужына, гэтая вуліца, гэты гарадок, гэтая краіна належаць табе, юны ты наш саколе, і ў мяне і ў думках не было нічога аспрэчваць. Ты – будучыня гэтага квітнеючага краю. Толькі ведаеш, вось, вось, запальвай, так, так, забірай увесь пачак – ведаеш, дарагі Калдун, можна і я тут таксама трошкі пажыву? Я шмат месца не займу, я вось там, на ўскрайку, з жонкай і дзіцём: мы табе будзем грошыкаў падкідваць паціху, толькі не чапай нас. Хаця б да таго часу, як дзіця падрасьце. Калі ласка. Ты хадзі, хадзі гэтай вуліцай, а мы ўжо як-небудзь гародамі. Нам шмат ня трэба. Чаго ж мы будзем кідацца на чужое. Хай яны там плявузгаюць, што ты неўзабаве падохнеш, ідыёты. Хто-хто, а мы ведаем: ты вечны.

Яшчэ адным маім новым знаёмым быў залатых рук майстар Казімір Іосіфавіч, невысокага росту пажылы дзядзька з трагічна скрыўленымі вуснамі, ён якраз пад намі жыў. Безьліч ягоных уменьняў, якія калісьці зачароўвалі любую хатнюю гаспадыню, а цяперака маглі саслужыць тэрміновую службу шматлікім дзецям і ўнукам, апынуліся нечакана бескарыснымі й нікому не патрэбнымі. Самы кемлівы сярод калюжынскіх мужчынаў, Казімір Іосіфавіч глядзеў на свае залатыя пальцы й ня ведаў, што з імі рабіць. Дзікая прырода савецкага хатняга побыту адкрыла нашаму суседу ўсе свае таямніцы, але трохі спазьнілася. І вось вынік: небарака Казімір Іосіфавіч мог, напрыклад, з дапамогай аднаго толькі сьлясарнага набору, паўлітра кіпню й наждачнай паперы ператварыць старую зубную шчотку ў кручок для вешалкі, а флакончык з-пад адэкалону – у ручку шафы, ён быў здольны змайстраваць ліхтарык, ня маючы лямпачкі, ён і толькі ён валодаў д’ябальскім сакрэтам, як вырасьціць Добрую Бочку Агуркоў, яго ніколі б не прывяла ў роспач перагарэлая сьпіраль электрапліткі, ён мог за хвіліну ўваскрасіць здохлы транзістарны прыёмнік, ён адзін быў у курсе, навошта пішучай машынцы жавальная гумка – і што? Ягоная магія ўжо нікому не магла прыдасца, і гэты бог на пенсіі пачуваўся як на іголках: піць чарніла й лаяць Буша ля пад’езду для яго было відавочна замала.
Дзень зьмяняў дзень, пасьля лякарні мне здавалася, што я прамяняў шыкоўны гатэль на студэнцкі інтэрнат, мастак па дрэве (тут многія мужчыны былі чамусьці мастакамі па дрэве – майстравалі прыгожыя карцінкі з пісаючымі дзяўчынкамі й голымі дэмбельскімі сяброўкамі, і потым з гордасьцю дарылі іх суседзям, так-так, дарылі, ars longa – vita brevis) настойліва клікаў мяне ў лазьню з кампаніяй такіх жа талентаў – яны адчулі ўва мне родную душу, пабачыўшы аднойчы на лаўцы з кніжкай. Старая бібліятэкарка шторазу праводзіла са мной доўгія і строгія выхаваўчыя размовы – зноў жа такі з невядомай мне прычыны: мусіць, яна была ўпэўненая, што ў сталіцы сярод чытачоў кнігі прынята вяртаць, толькі скарыстаўшы іх папярэдне як сялёдачніцу. Цётка Таня размаўляла са мной усё сушэй, кроплі, якія падалі ў ванну, усё больш аддавалі металам. Калдун адзеў зашмальцаваную шапачку. Неяк вецер данёс да нашай адчыненай перад прыходам цёткі Тані форткі пах апошняга засмаленага сёлета парсюка. У Калюжын прыехалі будаўнікі-чэхі, даводзіць да ладу вантробы разьмешчанага непадалёку Дому калгасьніка – іх пасялілі ў будынку старой школы. Ацяпленьне ўключылі позна, але з лютым жарам. На вуліцы абменьваліся апошнімі плёткамі невыязныя птахі. Як бачыце, мае любыя Фобі й Дэймі, у мяне для вас была ў той час процьма навінаў.
Я ўзгадаў, як калісьці мы з Настаю стаялі на ейным балконе, мы былі тады яшчэ навінкамі адно для аднаго, недачытанымі, незразумелымі, кожны дотык пагражаў ашаламляльным адкрыцьцём, яе бацькі далікатна сышлі на кухню, і вось: мы стаялі, палахліва прыціснуўшыся адно да аднаго плячыма, мы стаялі, і пусты кветкавы гаршчок нешта значыў, і попельніца так востра пахла на доўгачаканым марозе, і яшчэ ня выключаныя, занураныя ў сябе ліхтары абводзілі гэтую раніцу востра заточанымі алоўкамі – бо выпаў першы сьнег, які немагчыма апошліць нават самаму ўмеламу паэту, першы, першы, беспамылковы, перад якім мне заўсёды было сорамна, з самага дзяцінства. І Наста пакінула мяне на балконе, імкліва выйшла ў пакой і зрабіла адзінае, што пасавала гэтаму ранку. Яна пераслала ложак, і потым, трохі падумаўшы, накрыла ўсё, што было навокал, белымі прасьцінамі. Мы з палёгкай уздыхнулі. І паміж намі ў тыя імгненьні было такое ідэальнае маўклівае паразуменьне, якое наўрад ці яшчэ паўторыцца, прынамсі, у маім жыцьці.
Цёплая ванна й паўшклянкі гарэлкі, маленькімі глыточкамі. У бутэльцы было значна больш, я памятаю. І хто ж гэта пачаставаўся?.. Гэтая ванна, мне падаецца, становіцца ўсё меншай, я яшчэ пазаўчора пачуваўся тут вальней. Ці яна й сапраўды павузела?.. Уся гэтая краіна меншае з кожным працоўным днём, скарачаецца й сьціскаецца, дзяржаўныя межы, аб якія, як аб барты, штурхаецца ўскалыхнутая ўлада, адступаюць, сьпіною назад. І калі-небудзь ад краіны застанецца толькі пятачок, скрылік зямлі з горадам Калюжынам і вёскаю Аўгінін Стан. Толькі тутэйшыя жыхары наўрад ці гэта заўважаць.
Навошта я ўсё ж прыехаў сюды? Толькі праз тое, што ў маім пакоі ў сталіцы жыве малодшы брат з жонкай, а ў Зоі тут свае дзесяць квадратных метраў і праца – памочніцай мясцовага зубадзёра? У кватэру, я чую, зайшоў Ягор – і праўда, у яго ня ўсё ў парадку з галавой: цётка Таня папрасіла яго прасьвідраваць дзірку ў сьцяне, паліцы пачапіць, а ён захапіўся й сьвідруе, сьвідруе, сьвідруе сьцяну ў розных месцах, у дваццаці, пятнаццаці месцах, ня дзіўна, што тут такая гукапранікальнасьць, я бачу, як асыпаецца старая чэзлая фарба над замерзлымі пальцамі маіх ног. Аднойчы Ягорка прыйшоў да нас, калі дома быў я адзін, з вядзерцам фарбы й пафабаваў вялікае люстра ля ўваходу ў мілы памаранчавы колер. Я патлумачыў яму, ветліва, як мог, што цётка Таня, можа, і будзе радая пазбавіцца свайго адлюстраваньня, але яму давядзецца набыць нам новае люстра, і... Я не чакаў, што адказам на мае лагодныя словы будзе плач. Ягорка плакаў так, што я не стрымаўся й пагладзіў яго па галаве. Ня трэба было гэтага рабіць – ён грымнуўся на падлогу й качаўся там з пэндзлем у руцэ, і ягоная істэрыка была бясконцай. На шчасьце, прыйшла Зоя, якая на хаду расшпіліла сваю вязаную кофту, вызваліла са станіка грудзі – і ён даволі хутка супакоіўся, паеў вафляў і сыйшоў. “Ня трэба з ім так”, — мякка папікала Зоя мяне потым, і цётка Таня стаяла ў праходзе і ўсім выглядам выражала строгую згоду. “Ён такое можа з сабой зрабіць – потым усё жыцьцё вінаватымі будзем!”. Я падняў рукі й разгублена рэтыраваўся. Ніхто не пайшоў мяне даганяць: пасьля вясельнай гісторыі з прасьціной цётка Таня лічыла мяне, відаць, ня менш дзіўным.

Да пэўнага часу маёй самай далёкай вылазкай быў паход да мясцовых чыноўнікаў, запісвацца ў калюжынцы. Але неяк перад Новым годам я зайшоў далей.
“Я ў дальні!” — крыкнула мне цётка Таня праз дзьверы, маючы на ўвазе краму на другім канцы гораду, дзе можна было купіць рэчы ня толькі для цела, але й для душы: парфуму, пральны парашок, батарэйкі, пруткі для вязаньня. Зоя была на працы. Я лянотна пляскаўся ў ваньне, разважаючы, ці не дадаць мне гарачай вады і ці не зрабіць Зоі які-небудзь сюрпрыз сёньня: у апошні час яе пачуцьці да мяне пачалі набываць прыкметы стомленасьці. Напрыклад, яна займела звычку хадзіць гадзіне так а восьмай да былой аднакласьніцы ў суседні дом, і вярталася толькі апоўначы, на лёгкім падпітку. Раней мы бавілі разам кожны вечар, ляжалі на канапе, грызьлі танны салёны арахіс ды балбаталі, гулялі ў што-небудзь, а то й лашчыліся паціху. А з нядаўніх часоў я валяўся ў нашым пакоі адзін – займаючыся, зрэшты, тым самым. П’янаватая, яна прыходзіла потым, прыносіла мне якога-небудзь пірага ці пханай пальцам каўбасы, і саладжавы перагар з яе роту дапамагаў нам выканаць, і пасьпяхова, сямейныя абавязкі. Але вось, напрыклад, учора яна прыйшла, калі я ўжо спаў. “Па мясцовых звычаях я цябе мушу пабіць”, – прамармытаў я праз сон. Але яна ўжо храпла, забыўшы зьняць калготкі.
Астылая вада ў маёй ваньне ціха пагойдвалася. Я чуў, як бразнулі дзьверы, як шчоўкнуў замок. На нейкі час кватэра цалкам належала мне. Я вылез і адчыніў лазьніцу, выцерся да чырвані, асьцярожна даўшы маг­чымасьць маім Бювару й Пэкюшэ высахнуць самім. Мая скура ўдала ўяўляла сабе прыемны халадок, апынуўшыся ў натопленым калідорчыку. Зусім голы, сьпяваючы нешта пра la donna e mobile, я ўвайшоў у наш пакой. На канапе, проста перада мной, сядзела цётка Таня й прагна ўглядалася ў маю велічна-бестурботную постаць.
Я ня стаў прыкрывацца – гэта было б бессэнсоўна, Фобі й Дэймі надта яркія зоркі на бледным небе майго цела. “Даруйце”, — толькі гэта я й вымавіў, навобмацак шукаючы Зоін халат. Яна прадказальна здрыганулася, а потым паднялася й падышла бліжэй.
— Акуляры... – мне падалося, яна зараз учэпіцца ў мяне. – Ня ба­чыў... Мае... Акуля...
Я ўсё ж улез таропка ў цесны белы халат і стаў падобны да блакітнага порнаактора пасьля напружанага працоўнага дня. Яе позірк цяжка завіс у вузкай прасторы паміж намі. “На кухні паглядзіце”, — працэдзіў я, адступаючы й даючы ёй магчымасьць прайсьці. “На лядоўні за лебе­дзем”. “За лебедзем”, — скрушна паўтарыла яна й выйшла ў калідор. Я імкліва апрануўся. Цётка вярнулася й спынілася ў дзьвярах, як і надоечы пасьля гісторыі з Ягоркам.
— Тут Гена табе прасіў перадаць, што ў яго на аўтабазе месца ё, — прамовіла яна, адкашляўшыся. – Як сястру ягоную... Ніхто шчэ не прыйшоў... Засеклі ж у Карачках, там шчэ ніхто не ўладкава... У сталіцы пашукаць... Аўтобусам... Гадзіну ўсяго... Мог... Бы...
— Мог бы, — згодна пахітаў я галавой і заківаў мацней, і гэтыя рухі міжволі станавіліся ўсё больш інтэнсіўнымі: я ўсё ківаў, і ківаў, і ківаў, калі нацягваў боты, калі душыўся шалікам, калі намагаўся па­трапіць у рукавы – а іх і было ж усяго два.

Мы моўчкі выйшлі на вуліцу, і яна пайшла ў «дальні», а я ў другі бок, яшчэ далей за яе, далей, абагнаўшы Калдуна, далей, на ўскраіну. Пад валасамі, што пакрыліся ледзяной коркай, мярзотна пачало ламіць чарапную каробку. Неўзабаве я апынуўся на пустэльнай сьлізкай дарозе, у каляінах дзе-нідзе, як пер’е, ляжалі купкі пілавіньня. Дарога ўзьбіралася на ўзгорак, за якім упадала ў шашу на сталіцу, другі яе канец вёў у Аўгінін Стан. Недзе бурчэў матор. Удалечыні я бачыў некага ў чорным, хто пасьпешліва крочыў праз поле, раз-пораз правальваючыся ў падабенства сьнегу. Невыносна доўга, нібы я быў хуткасным, а ня ён, мяне абганяў грузны тоўсты аўтобус.
— Супруг! – я павярнуўся. Мясцовая хуткая дапамога, бэзавы “масквіч”, рэзка затармазіў метрах у дзесяці ад мяне, ледзь ня вылецеўшы на прамерзлы палетак. Адтуль высунулася Зоя:
— Мы ў сталіцу! Па лекі! Паедзеш?
Я не паехаў. Я пайшоў дамоў, і мне ўсё чамусьці здавалася, што яна ня вернецца.

Некалькі дзён таямнічыя сілы ўва мне гулялі ў свае гульні, і вось нарэшце гэта адбылося. Я прачнуўся з сусьветным пажарам у галаве й прагорклай кашай у роце; мае косьці нылі, нібы на іх сушыліся брэзентавыя тэнты, у вачах скакалі маланкі, на мне ўсё паныла вісела і не хацелася абсалютна анічога. Я патэлефанаваў Зоі ў лякарню, што каштавала мне вялікіх намаганьняў. “Твой”, — сказалі там радасна й хутка. Зоя прыляцела на гэтым самым бэзавым “масквічы”, і кіроўца піў гарбату й глядзеў, як мяне націраюць сьпіртам. “Дзе працуеце?” – ласкава запыталася доктарка, і ледзь ня ўпала з зэдліка, калі Зоя кінула мімаходзь: “Нідзе”. Увечары я спрабаваў палячыцца народнымі сродкамі, і на раніцу мне стала яшчэ горш. Мяне ванітавала, і цётка Таня паставіла каля маёй плахі яшчэ адзін тазік. Новы год я сустрэў у ложку. Казімір Іосіфавіч на кухні абмяркоўваў з цёткай Таняй палітычныя навіны, а майстар па дрэве падарыў нам прыгожую ўсьмешлівую сьвіньню, дзіўна падобную да герояў маіх саракаградусных галюцынацыяў, жывёлу для камоды, ненажэрнае стварэньне з адмысловымі шчылінамі для даляраў і еўра. Майстар прыходзіў кожны дзень, еў усё тое, што ня лезла ў мяне, і на Раство цётцы Тані й Зоі давялося валачы яго дамоў. Гэта ўсё, што я памятаю, што засталося ў рэдкія ясныя моманты сярод суцэльнай адключкі і млоснага елачнага паху. Мне пашанцавала, што я меў жонку-медыка: моцы ў яе было шмат: яна працавала, даглядала мяне, а калі я пагружаўся ў свой начны сон, здымала стрэс гарэліцай. Увогуле, хто іх ведае, чым яны займаліся тут, пакуль я быў Там. Але мы выжылі, мае Лёлек, Болек і я, і да лютага я ўжо зноў мог ісьці на працу – у лазьніцу ці ў парадкам абрыдлы мне ложак.

— Суп еш, суп, ад гарачага стане на ногі! Быстра... – пераконвала Зою маці, і я еў, і сапраўды хутка стаў на ногі, і зноў мы рызыкавалі завесьці дзіця. І ў тую ноч мы чарговы раз зьбіраліся рызыкнуць гэта зрабіць. Яна сядзела, напаўраспранутая, у цэнтры нашае канапы, і чакала, я ня бачыў яе вачэй, тэлевізар за сьцяной працаваў ужо сам для сябе, з даху крапала, як са скручанага крану. Музыка, той самы Гімн трыумфуючых мікрацэфалаў, праехала ўздоўж дому, тахкаючы, і пацягнулася да могілак, і ўрэшце заціхла.
— Не магу знайсьці, — задышліва прамовіў я, корпаючыся ў прагнілай тумбе. Я палаяўся трошкі, потым вываліў на падлогу ўсю гаспадарчую драбязу, якая там была. – Няма. Ты ж яе...
— А я яе ў вакно выкінула, — флегматычна, зусім як гераіня фільма, паведаміла Зоя ды адвярнулася.
— Але навошта? – я ўжо прадчуваў нядобрае. Чорная павязка, якая верай і праўдай служыла нам ужо амаль паўгады, вычарпала, аказваецца, свае магчымасьці. Мае мазгі ліхаманкава працавалі: замену, замену, трэба знайсьці замену – і ў той жа час звыклае жаданьне фатальна ўлятучвалася праз адкрытыя гэтай Зоінай заявай і маімі нечаканымі турботамі адтуліны.
— Бо мяне гэта затрахала! – так, як яна яшчэ ніколі са мной не размаўляла, крыкнула Зоя, і ў вачах яе зьявіліся п’яныя сьлёзы. – Кожную ноч як сьляпая... Нецікава гэта ўжо... Я хачу бачыць, як ты мяне...
— Гэта не настолькі займальна, як ты думаеш, — хутка прамовіў я, не даючы ёй сказаць што-небудзь яшчэ. – Жанчыны любяць вушамі. І ўвогуле – ведаеш, як ты натрэніравала сваю здольнасьць адчуваць? Калі я куды-небудзь зьеду... Ненадоўга... Ты пасьпяхова зможаш сама сябе абслугоўваць. І толькі ўявіш чорную павязку на сваіх вачах...
— Куды гэта ты сабраўся? – перастала яна румзаць. – А? Ды не хачу я любіць вушамі! Я ведаеш чым хачу любіць? Ведаеш? Фантазёр ты мяне называла!
Яна вылаялася й натуральна плюнула ў мой бок. “І працаваць ідзі”, — дадала яна, хаваючыся пад коўдру. “Я змарылася. Я можа ў адпачынак хачу!”. Я запаліў цыгарэту, другую даў ёй. Яна ўзяла, глыбока зацягнулася, потым паднялася, адчыніла фортку – да мяне раптам усё вярнулася, калі я пабачыў яе азадак у амаль непрыкметных майтках. Я дакрануўся да яе, і яна тарганула раздражнёна сьцёгнамі. “Як баптысты нейкія”, — яна зноў легла і адвярнулася, і набрала поўны рот разынак. “Ну, ня хочаш як хочаш”, — я пазяхнуў і таксама адвярнуўся – мне гэта каштавала вялі-і-і-кіх намаганьняў. “Не хачу. Нічога я не хачу”, — праз хвіліну, таропка пражаваўшы разынкі, яна ўжо пасопвала.
Я асьцярожна правёў кончыкамі пальцаў па маіх Ясю і Яніне. Яны, уяўляў я сабе, зьзяюць цяпер у гарачай паўцемры пад коўдрай, як перліны. І ўсё ж мне хацелася, я ня мог прызнацца сабе, але мне хацелася зараз ад іх пазбавіцца. Я ведаў, што заўтра ўсё стане добра, і шалі зноў застынуць у належнай позе, і не настолькі яны мелі істотнае значэньне, мае Фобі й Дэймі. Але ў гэтае імгненьне... Я пайшоў у лазьніцу й зрабіў усё, каб спакойна заснуць.

Дашын сын усё больш нагадваў чалавека – прынамсі, з таго часу, як Зоя паказвала мне ягоныя фотаздымкі, вялікія здымкі маленькай галавастай істоты, крыштальны позірк якой выклікаў у мяне, бадай, балючае спачуваньне: няўжо яму дастанецца, калі ён вырасьце, Вось Гэта? Мы сядзелі колам у іхнай расьпісной зале, і Дашын муж дзелавіта корпаўся ў носе мазолістым пальцам, а жанчыны навыперадкі сьлінява кугікалі над немаўлём. Асабліва шчыравала адна невядомая мне маладая карга, якая, відаць, была ўпэўненая ў сваім валоданьні мовай смактункоў: яна дурнавата шчоўкала языком, жудасна крыўлялася і бесперапынна прамаўляла да немагчымасьці прымітыўныя склады – асабліва мяне прыводзілі ў шаленства яе пу-пу-пу. Пу-пу-пу – плявалася яна няшчаснаму дзіцю ў твар, як бяскрыўдны і навязьлівы пацыент дурдому, і блазнавата шчэрылася ва ўсьмешцы. Вось каму трэба было б сфатаграфавацца й павесіць фатаграфію над уласным ложкам. Хутка немаўля зайшлося ў крыку. Даша ўрэшце паспрабавала яго супакоіць, але ні яе трохі больш асэнсаваныя гукі, ні чароўная бутэлечка не дапамагалі, а ўпівацца ў смочкі мамашыных грудзей малому было строга забаронена: мамаша занадта імі ганарылася, каб траціць на такую пустую справу. Бацька Дар’і сядзеў на кухні, паліў нешта сьмярдзючае нават па тутэйшых мерках і пазіраў на нас добрымі вачыма ідыёта. Урэшце Дар’я па-мацярынску жаласьліва вылаялася і апусьціла рукі.
Паглядзі, сказаў я, паглядзі, вось ляціць вялізны самалёт, вось так, скрозь аблокі, ён пагойдвае крыламі й хаваецца ў хмарках. А вось маленькі праляцеў. Вялікі самалёт, куды ты ляціш? Можна, я з табой? Ён цябе не разумее, з прыкрасьцю прарыпела яна. Яму яшчэ году няма. Карга знайшла бразготку й ледзь не сапсавала ўсю справу. Я схапіў яе за руку. Выпіла б ты, ці што, зашыпелі на маю жонку сяброўкі. Дашын сын заціх і ўсьміхнуўся. Ягоная маці зірнула на мяне з удзячнасьцю. Вось мы якія, працягнула маладая карга пакрыўджана. У дзіцячым садку ў нашым месцы ёсьць, ідзіце да нас працаваць. Пайду папалю, сказала карга Дашынаму мужу й пацягнула яго за сабой. І я, уздыхнула Даша зморана. У вас, я гляджу, праблемаў паменей будзе. Пашанцавала табе, са зьдзекам кінула карга, выходзячы. І стары дзед на кухні ўсё так жа глядзеў на нас добразычліва й тупа.
Як узьнікае зайздрасьць? Вясновае сонца залівае падлогу, і па ёй поў­зае малое дзіця, намагаючыся ўхапіць непаслухмяную пустую бутэльку з-пад мінеральнай вады. Бутэлька высьлізгвае, катаецца па ярка асьветленым лінолеуме, і па сьцяне бегаюць трапяткія зярністыя цені. Адкла­дзіце пакуль у бок цацкі, чалавек заняты мастацтвам, дайце яму наталіцца. Але вось ён зноў крычыць, так, што закладвае вушы, ён лямантуе, сам не разумеючы, чаму па падлозе пацягнула чорным холадам. Ідзі, ідзі да маці, якая хаця й пахне тытунёвым дымам, але любіць цябе. Гэта проста за сьвежаатынкаваным мурам едка задымілася гумовая дарослая зайздрасьць.
Як узьнікае сувязь? Насупраць цябе сядзіць нафарбаваная дурніца, а ты толькі што чытаў аўтаматычна аб’явы над яе галавой, і цяпер разважаеш пра свае невясёлыя справы. Хто ж задумваецца пра тое, куды глядзяць вочы, калі разважае пра зусім невясёлыя і абсалютна свае справы? Я ня меў аніякага ўяўленьня, што гляджу на нечыя ногі. Хай бы яны былі ідэальнымі, хай былі б зацягнутыя ў калготкі з Мікі-маўсамі, хай былі б валасатыя як еці – я б не зьвярнуў на іх увагі. А яна нервуецца, яна сьціскае іх, свае любімыя ногі пад кароткай спадніцай, яна ставіць на калені сумачку, яна сплятае й расплятае пальцы рук. Яе вочы ясна гавораць: я не для цябе, чаго ўтаропіўся? Толькі вось каму яны гэта гавораць? Праз паў­хвіліны дзьверы расчыняцца, я ўсё зразумею і ўсьміхнуся, і гэта зноў будзе ацэнена няправільна, і яе шчокі ўспыхнуць, яна ўстане, хаця магла б пасядзець яшчэ колькі секундаў. Мы выйдзем, ледзь не пацершыся адно аб аднаго сьцёгнамі, яна направа, я налева, і будзем ісьці кожнае па сваім шляху, да сваіх дэманаў, але позна: паміж намі ўжо ўсталявалася сувязь, тонкая, але досыць трывалая нітка зьвязвае нас, безыменных і таму запамінальных. Мы паедзем у супрацьлеглыя бакі гораду, і нават каму-небудзь пра ўсё распавядзем, нітачка напінаецца, сувязь яшчэ жыве на прыдоньні двух нашых версіяў аднаго дня, і мы ружавеем, успамінаючы пра хуткае й недарэчнае здарэньне ў апошні раз, але вось баланс адноўлены, розьніца ў масе бярэ сваё, нітачка рвецца, оп – і мы ўжо нічога ня памятаем, і, хутчэй за ўсё, не ўзгадаем пра гэта ніколі. Калі толькі адзін з нас ня сядзе за кампутар і не апіша гэта, пісацель хрэнаў, і тое, чаго не было, будзе, зьявіцца, і на нашай сьпіне надалей штоімгненьне будзе сядзець неадчувальны, але рэальны й бачны пад пэўным ракурсам матылёк дробнай падзеі ў паўпустым вагоне.

Хто б мог падумаць, што наш новы сусед, жвавы азербайджанец Мустаф, адкрые ў сакавіку ў гэтым Зеўсам забытым гарадку інтэрнэт-кавярню? Я, напрыклад, мог. Я пайшоў туды не адразу, я пачакаў, пакуль час разьмяркуецца па інтарэсах, і пачаў яе наведваць урэшце недзе каля восьмай вечару. Цяпер ужо цяжка палічыць, колькі раз я набіраў, ломячы клавіятуру: “Мілая Наста! Мне ўжо хутка 40000000000000000 гадоў, і я...”, і колькі разоў я зьнішчаў гэты дурны тэкст, каб набіраць яго зноў, хаваючыся за куфлем піва. Спроба, спроба, спроба – колькіх памылак мы маглі б пазьбегнуць, калі б умелі вось так зірнуць на нашыя ўчынкі й словы вачыма іншага чалавека, і колькіх разнавіднасьцяў шчасьця... Урэшце мне заставалася пяць хвілінаў, я пасьпешліва перакопваў усё, што магло б дапамагчы мне выжыць, час сканчаўся – на жончыны грошы не пасядзіш у інтэрнэце. А вось яшчэ адно піва я мог сабе дазволіць. Пасядзець за адным сталом з чэхамі, пагутарыць нібыта з імі, а насамрэч сам з сабою. Дарма што яны славяне, але славяне больш высокага гатунку. “Іржы, як праца? Іржы, ты рускіх любіш?” – вось і ўсё, пра што цікавіліся ў іх мясцовыя, употай ганарыўшыся, што размаўляюць з замежнікамі. Некаторыя з тутэйшых рабацягаў нават сталі пераймаць гасьцей, прыходзілі ў кавярню ў чыстых кашулях, добра адпрасаваных нагавіцах, паголеныя, размаўлялі паважна й не мацюкаліся – і ўсё для таго, каб вярнуцца дахаты й нырнуць хутчэй у сваё лайно, стаць самімі сабой, запэцкаць і сябе й сваіх хатніх жывёлаў, і з палёгкай легчы спаць – не, сабой быць лепей і зручней.
Я якраз дачытваў даволі цікавае інтэрв’ю Несьцера ў той вечар, Зоя пайшла да Дашы, гоман галасоў стаяў пад стольлю, як дым. Гаварылі пра адно – нядаўна ў Карачках зноў нехта на прадавачку крамы напаў, засячы хацеў сякераю, эксгібіцыяніст нейкі, бо ўваліўся ў краму голы, перад самым закрыцьцём. Але баба нязломкам апынулася, у яе атрымалася ўвярнуцца ды на складзе схавацца. Толькі плячо да касьці расьсеклі... Я табе кажу, цешчын брат у мянтуры працуе, ён расказваў... Ды ўсе пра гэта ведаюць, адзін ты, тупая башка, футбол глядзіш...
Мустаф абыйшоў па чарзе кожнага, хто бавіўся сецівам, праверыў, ці ўсё ў парадку, ён увогуле быў цудоўным мужыком, чарнявы калюжынец Мустаф. Словы Несьцера, набраныя так дробна, што балелі вочы, вы­клікалі ў мяне задаволеную сьлязу. Хто яго ведае, што ён меў на ўвазе, але нешта ў гэтым было, нешта было, гэта Несьцер умее напісаць на дзесяць старонак, што нешта было, а мне да яго далёка. Страшны Несьцер, непрыстойныя й прыцягальныя раманы, юнацкае інтэрв’ю. Брудны Несьцер, загадкавы Несьцер, клоун Несьцер, нашая з Настай першая падзеленая жарсьць. У апошні час я чытаў іншыя кнігі, і ўсьмешка на маіх вуснах ціхенька падрыгвала, калі я бачыў, як па-дзіцячаму напраломна ганіў ён маё тутэйшае чытво. Пятнаццаць хвілінаў таму Казімір Іосіфавіч памахаў мне маркотна з другога канца гэтай прасторнай залы (тут калісьці была сталоўка), і я падумаў, што гэты геній цьвіка й дрэлі цалкам мог быць выдуманым Несьцерам, персанажам ягонай кнігі – з тым жа посьпехам, што й рэальным чалавекам. З тым жа самым, у той жа меры – для літаратуры гэта дасягненьне.
Недзе наперадзе пачуўся сьвяточны звон посуду, і нейкая жанчына віскнула, чэшскі заахвочвальны сьмех і мясцовы рогат прымусілі мяне прыўстаць, як і ўвесь статак, што сядзеў на кукішках у інтэрнэце. На доўгі стол у глыбіні залі ўскараскалася дзіўна знаёмая мне дзяўчына, у джынсах і напаўрасшпіленым станіку. Яна хісталася, зьбіваючы задаволеным ненаедлівым наведнікам на калені келіхі з півам і талеркі, мой юны сусед, забыўшыся на свае порнасайты, не адводзіў ад яе вачэй. Яна нецярпліва махала камусьці ля барнай стойкі, патрабуючы зрабіць гучней музыку, яна прагнула танцаў, мая жонка Зоя, мая кіпячая калюжынка. Ёй ухвальна пляскалі, а некаторыя ўжо паглядвалі ў мой бок, заінтрыгавана так, сола пакрысе ператваралася ў дуэт. Мустаф кінуўся да музычнага цэнтру, пасьпешліва дадаў гуку. Міліцэйскі начальнік, што сядзеў на ганаровым і самым зручным месцы, у асобнай кабінцы ў куце, выцер рукі аб нагавіцы.
— Думаеце, не магу? – яна істэрычна зарагатала. – Глядзіце сюды!
Яна дакладна ўпала б са стала, калі б я не прыняў яе ў свае злыя рукі, яна лезла мне ў вочы сваімі вострымі, як шкло, пазногцямі, яна білася ў маіх руках, нібы рыбіна. І нехта з маладзейшых наведнікаў ужо чапляўся да мяне, і адзін з іх пасьпеў трапна пацэліць мне ў скулу, пакуль я выцягваў Зою на двор. Аднак яны засталіся ўрэшце там, і Мустаф утаймоўваў самых пакрыўджаных, тых, каго пазбавілі такога непаўторнага шоў. Я доўга яшчэ чуў узбуджаную гаворку чэхаў, ажно пакуль мы не павярнулі за рог вуліцы. Яна спаўзла на зямлю, і паляжала там, і абклала мяне сваімі любімымі мацюкамі, а потым зьнясілела, і захінулася ў маю куртку, і далей мы рушылі моўчкі.

Наступнай раніцай мяне, натуральна, пабудзіў тэлефон. “У мяне ані грошай, ані цыгарэтаў”, — смурна сказала Зоя, і я нібы адчуў пах яе зубадзёрнага кабінету. Яна была ўпэўненая, што я не захачу з ёй размаўляць, і таму, трохі памаўчаўшы, паклала слухаўку. Я не сьпяшаўся, я паляжаў у ваньне, адзначыўшы, што пасьля ўчарашніх прыгодаў нейкі юны калюжынец трохі папсаваў безабароннага Дэймі, я зайшоў да Казі­міра Іосіфавіча, пазычыў цыгарэтаў і выправіўся да паліклінікі.
“Лагічны кабінет” – было напісана на гэтых старых, прагнілых дзьвярах, і не засталося нават сьлядоў ад зьніклых калісьці літараў. Што ж, сэнсу ў надпісе й так хапала. Я зайшоў, сонца асьвятляла пустое жахлівае крэсла, грала на катавальных прыладах, наглядчыца музею інквізіцыі суха павіталася й выйшла, паціснуўшы для чагосьці плячыма. За вакном заліваліся птушкі. Зоя глядзела на мяне спадылба, седзячы ў куце, у белым халаце, пры выглядзе якога мяне апанавала шчымлівая й дакучлівая туга. Яна ўзяла цыгарэты й пайшла кудысьці, і я паплёўся сьледам.
Даруй, сказала яна; нейкая другая Зоя, я бачыў, рвалася ўжо з-пад абалонкі, хітрая ды ўмелая акторка. Ня ведаю, што гэта са мной. Мяне Дашка напаіла. Я не хацела. Цяжка. Цяжка мне. Натуральна, прамовіў я з усьмешкай. Столькі выжраць. Я не пра гэта, усхліпнула яна, і тут другая Зоя выскачыла, і ўпала на калені, і стала цалаваць мае вычышчаныя першай Зояй нагавіцы. У нас усё будзе інакш. Я – і далей пайшоў пералік, яна прымервала на сябе чужыя брыдкасьці, хворая ў бальнічным халаце, безнадзейна хворая й пастарэлая, яна церлася аб маіх Фобі й Дэймі, а Дэймі былі сёньня супрацьпаказаныя лішнія дотыкі, і я няўклюдна адступіў, і яна папаўзла за мной. Мне раптам стала балюча дыхаць, попел з маёй цыгарэты падаў ёй на валасы. На нас глядзелі й зьнізу, і зьверху, і з бакоў, і кожны твар быў мне знаёмы. Мы становім­ся публічнымі персонамі, падумаў я паныла, я нам, наогул, не зайздрошчу, невыносна гэта: жыць навідавоку. Я падняў яе на ногі й супакоіў, як мог. А што мне яшчэ заставалася. Я нават ня быў здольны, узгадаўшы Насту, сказаць з пэўнасьцю, ці пасаваў Зоі калі-небудзь алькаголь. Дарую, дарую, дарую, паўтараў я. Вось каму-каму, а вясьне, якая неўпрыкмет прыехала ў Калюжын на рэйсавым аўтобусе, усё гэта зусім не пасавала.

Ягорка маўчаў усю дарогу, а калі мы ўжо пад’язджалі да Аўгінінага Стану, скінуў хуткасьць і пачаў нечакана весела распавядаць пра візіт да яго органаў правапарадку. Ён увечары дамоў ішоў — і тут міліцэйскі «уазік» як выскачыць з-за павароту, як тармазьне, Ягорка захлынаўся сьлінай і ажно выпусьціў з рук руль. Дубанцэвіч, маленькі тоўсты міліцыянт, выйшаў і гаворыць: праверка ў нас, пагалоўная, прадавачка, тая, якую па плячы рубанулі, паведаміла, што псіхапат гэты голы меў нейкія плямы ў інтымных месцах, да хваробы скураной падобныя. Яна, ня­шчасная ахвяра, усіх у навакольлі ведае, а гэты быў зусім незнаёмы. Ты, Ягор, у сталіцы працуеш? Так, на рынку, адказаў Ягор з гордасьцю. А што? А то, запаліў Дубанцэвіч цыгарэту, што спускай порткі – наверсе прынятае рашэньне ўсіх падазроных праверыць. Ты, дарэчы, дзе ў пятніцу быў?
— Так і сказаў? – хорам усклікнулі Зоя й цётка Таня.
— Так вось проста й заляпіў, — задаволена адказаў Ягор.
Цётка Таня скасавурылася на мяне, і я пакачаў галавой. Яна схапілася за галаву: на такога чалавека, як Ягорка, гэта магло б зрабіць непрадказальнае дзеяньне. Порткі здымай... Та-а-ак...
— І ты зьняў? – асьцярожна спытаў я.
— А што было рабіць? – ахвотна адказаў Ягорка. – Я сказаў толькі: чаму ж ты сам прыехаў, Дубанцэвіч? Прыслаў бы сваю Яўгенію, ёсьць там адна страхалюдзіна, працуе ў міліцыі, яна суседка майго прыяцеля, Вовачкі, вы яго ня ведаеце...
Базарны дзень у Аўгініным Стане толькі пачынаўся. Зямля пахла мокрымі анучамі. Ягорка застаўся ў машыне, а мы бадзёрым крокам рушылі да радоў. “Сала, малако, яйкі”, — нібы акупант, паўтарала цётка Таня, абмяркоўваючы між тым з Зояй, што б мог зрабіць Ягорка, калі б сустрэча з міліцыянтамі выклікала ў яго іншыя эмоцыі. Аўгінінцы па­зяхалі нам у твар і лянотна называлі цану. “Хай ён усохне, той, хто ў Калюжыне рынак зачыніў!” – плюнула цётка Таня на сонную бязьдзетную курыцу, што праходзіла міма. “Яго ж толькі на рамонт”, — баязьліва запярэчыла Зоя. “Абяцалі такі рынак зрабіць – ты адтуль вылазіць ня будзеш!”. “Як жа тут, ня вылезеш, канешне”, — цётка Таня пакруціла ў руках сакавіты кумпяк. “З нашымі прыбыткамі...” Яна красамоўна зірнула на мяне. “Колькі?”
— Я болей не магу, — усьміхнуўся я. – Калі я праз хвіліну не апынуся ў прыбіральні, мяне разарве. Не за сталом будзе сказана.
— Тут няма туалетаў, — зьдзіўлена прамовіла Зоя, узяўшы мяне пад руку. “Ёсьць”, — прамармытаў раптам прадавец, з галавой настаў­ніка фізкультуры й вачыма настаўніцы сьпеваў. “На станцыі аўтобуснай...”. “Я мігам”, — кіўнуў я й пабег: “Вы купляйце, сустрэнемся на гэ­тым жа месцы!”
Я выбег на задзяўбаную нейкімі гіганцкімі птахамі вуліцу, на якой у трэшчынах асфальту ляжала пахмельная трава, і расшпіліў на кофце верхні гузік. Па-спартыўнаму разагравалася сонца. Неўзабаве яны зноў пачнуць цягаць мяне на сельгасработы, ганяць у бяскрайнія палі, грукаць вядром і махаць рыдлёўкай, ці што яны там яшчэ прыдумаюць. Аўгінінцы і аўгінінкі, усе як адзін з прыкметамі выраджэньня, крочылі з вёдрамі да рынку. Я павярнуў направа, і тут жа заблудзіўся ў нагрувашчваньні аблупленых хатак і непралазных садкоў, цагляных двухпавярховікаў і канфіскаваных некалі ў палякаў панскіх палацыкаў. Ледзь не наступіў на сьвіньню, і тая, прачытаўшы мне разьюшаную лекцыю пра правілы да­рожнага руху, уцякла за напаўразваленую агароджу. Касьцёлу й царквы, адзіных маіх арыеньціраў, было не відаць за высачэзнымі абстракцыямі нечага двара. Было такое адчуваньне, што я трапіў кудысьці ў Багдад. Я пралічыў усе магчымыя варыянты й пайшоў па вузкай вуліцы ўверх, пакуль ня тыцнуўся носам у цагляны тупік.
Маладжавая бабулька карміла кагосьці вісклівага – адкуль мне ведаць, як называецца істота, што можа так мярзотна вішчэць? Ля адчыненых дзьвярэй, з якіх даносіўся пах нездаровага вясковага сьняданку, на невялікай лаве сядзелі, задраўшы да каленяў спадніцы й далёка выставіўшы малочныя ногі дзьве дзеўкі з асалавелымі вачыма і лушчылі семкі. Я глядзеў на іх з інтарэсам, так што бабулька нарэшце разагнулася ды ўсьміх­нулася. “Рынак – гэта там?” – махнуў я рукой у няпэўным накірунку. Бабулька зноў усьміхнулася, у яе амаль не было зубоў, дарма што выглядала яна не такой ужо старой. Я зноў запытаўся пра рынак, абапершыся на плот. Бабулька паманіла мяне рукой, яна ўсё ўсьміхалася. Дзеўкі таксама млява выпрасталіся на лаўцы. Мне стала няёмка, а гаспадыня ўсё клікала мяне, ласкава заграбаючы далоняй паветра. Урэшце я вырашыў зайсьці. Бабулька выцерла рукі аб сваю неабдымную сукенку й пайшла ў дом, прапусьціўшы дзевак наперад. Я паціснуў плячыма і ўсьміхнуўся ў адказ. А мяне ўсё клікалі, клікалі гэтыя дзіўныя гасьцінныя аўгінінкі. Прыгнуўшыся, я зайшоў. Бабулька правяла мяне да самага далёкага пакою ды адчыніла дзьверы. Я прыгнуўся яшчэ ніжэй ды ступіў наперад.
У пакоі было добра прыбрана, прынамсі, настолькі, наколькі можа быць добра прыбрана ў амаль курнай хаце, пахла кіслым малаком ды потам. Дзеўкі ляжалі зусім голыя на дарэформенным высокім ложку, яны ляжалі на жыватах, гледзячы проста ва ўзор на шпалерах, і іхнія целы бялелі ў паўцемры. Пухлыя азадкі з надта аддаленымі адзін ад аднаго берагамі раз-пораз торгаліся, нібы адганяючы мух. Бабулька запрашальна махнула мне рукой. Дзеўкі, я бачыў, азірнуліся, іхнія твары не выяўлялі анічога. Яны боўталі нагамі й кусалі пазногці. Каля сьцяны стаяў невялікі тазік, напоўнены вадой, і ляжаў вялікі кавалак мыла, у покуці гарэла сьвечка. Выразаны з нейкага часопісу Том Круз пазіраў на ўсё гэта з аптымістычнай амерыканскай усьмешкай. Вакол учарнелага абагравальніка мёртва абвіваўся шнур. Ад печы – адзін яе бок служыў сьцяной гэтаму пакою — ішла ледзь улоўная цеплыня. Фіранкі, усе ў бандыцкіх ружах, надавалі памяшканьню хваравітае крывавае адценьне. Я зрабіў крок назад і наткнуўся на бабульку. Дзеўкам, напэўна, надакучыла ляжаць у такіх паставах, і яны перавярнуліся на сьпіны, чакальна расставіўшы ногі з фіялетавымі пазногцямі, памясіўшы абыякава цеста грудзей, выставіўшы ўверх сваё чорнае курчастае валосьсе, якога аказалася так шмат, што я здрыгануўся. Бабулька зразумела мае рухі па-свойму, яна выцягнула з-пад ложка шырокую скрыню, а адтуль – некалькі бутэлек лікёру мясцовага прыгатаваньня, каламутную бомбу самагону, пакет з нейкай травой. Яна ўсё гэтаксама ласкава пасьміхалася і ўсё гэтаксама маўчала. Дзеўкі хорам пазяхнулі. Я падышоў да вакна і адсунуў фіранку. Метрах у дваццаці ад мяне Зоя й цётка Таня азіраліся навокал, вусны іх варушыліся. “Прынамсі, не цяпер, дзякую”, — прамовіў я і таксама ўсьміхнуўся. Дзеўкі ўскочылі з ложку, заляпалі босымі нагамі па драўлянай падлозе, пачалі нацягваць свае шарсьцяныя сукенкі. Бабка прапусьціла мяне наперад, я выйшаў на вуліцу й пайшоў агінаць гасьцінны дом. Перад тым як завярнуць за вугал, я яшчэ раз зірнуў у двор: бабулька карміла кагосьці, нізка нахіліўшыся да зямлі, і дзеўкі сядзелі каля дзьвярэй, асалавела гледзячы проста перад сабой.

Падазраю, што Калюжын жыў ува мне з самага дзяцінства. Падазраю, што яшчэ калі бацькі вазілі мяне да маіх бясконцых бабак і дзедак у правінцыю, ужо тады склаўся канчаткова й зацьвярдзеў у сваёй бляшанай форме вобраз гэтага гарадка, які мне неабходна было толькі знайсьці, ці дачакацца, пакуль мой паравоз сам мяне сюды прывязе. Усё астатняе – Зоя, лякарня, цётка Таня, школа, бацька, Несьцер, і нават Фобі й Дэймі – было толькі жэрдачкамі, абачліва падкладзенымі пад мае ногі, якія думалі, што ня ведаюць, куды йдуць – насамрэч праект маста быў даўно зацьверджаны. Падазраю, што калі б не разнастайныя псіхолагі ды іншыя аўгуры, мне б ніколі не прысьніўся такі дзіўны сон, сон у пакоі, адкуль адкрываецца экзатычны від на вуліцу з хлопцам па мянушцы Калдун. Мы самі прыдумваем сабе будучыню.
Я йшоў па цёмнай вуліцы, і мне было страшна, я ўсё абганяў ды абганяў Калдуна, а ён зноў крочыў наперадзе, па сваім нябачным цыркавым канаце, пакусаным пацукамі, у сваёй зашмальцаванай лыжнай шапачцы, і я ўварочваўся ад яго, мокры ад поту, я кідаўся то ўлева, то ўправа, і пада мной хрумсьцеў лёд, быццам камусьці на жывую вырывалі зуб. Болей нікога навокал не было, і ўсё ж я дакладна ведаў, што Наста ў гэты момант сочыць за мной, не магу сказаць, якім чынам, але ўвесь горад, можа, і не Калюжын, не, ён ня быў падобны да Калюжына, хутчэй да маёй роднай сталіцы, толькі такой, дзе ўсё стаіць не на сваіх месцах, як пасьля вобшуку: нехта паставіў каля тэлевізара помнік, і памяняў месцамі змрочныя палацы, што сьвяціліся знутры, і прыцягнуў у цэнтр з майго раёну недабудаваны кінатэатр, кінуўшы яго неахайна побач з вакзалам, адкуль ніхто не выходзіць. Мы йшлі так доўга, у мяне нават вырасла рэдкая барада, пакуль я намагаўся адстаць ад Калдуна, а ён усё маячыў недзе наперадзе, і хістаўся, і падаў, і вось тут я ўпэўніваўся, што абганю яго й пакіну далёка ззаду, але не – ён зноў быў на даляглядзе вуліцы, і цудоўным чынам пераступаў праз паваленыя слупы. А потым зьявіліся яны. “Мы пойдзем біць ка...”, — я не дачуў, каго менавіта, мне сунулі ў рукі нешта халоднае, я заўсёды жыў са страхам, што мне сунуць у рукі нешта халоднае. “Будзе шмат крыві й піва”, — сказаў Казімір Іосіфавіч, і мы выйшлі за горад, і я быў удзячны натоўпу, за тое, што Калдун усё ж застаўся ззаду. Зоя махала мне сваёй насоўкай, і прыціскала яе да шчакі, і Наста бачыла гэта ўсё, а я задзіраў зрэдзьчас галаву, і ня мог разабраць, адкуль яна на нас глядзіць. Потым яны саскочылі з дахаў, і я кінуўся ў нейкае сутарэньне, і бег там так доўга, як дазвалялі мне сьцены. О, гэты панічны енк таго, хто бачыць, што сьцежкі для ўцёкаў зьліваюцца ў адзін вузкі праход, гэтыя поўныя нагавіцы цеплыні, калі цябе даганяюць твае перасьледнікі й дыхаюць так часта і ўрачыста. Не чапайце мяне! Я вас пазаражаю, у мяне вось што! І вось! І гэтае апошняе спадзяваньне недзе ў пятках, што сьцяна зараз разваліцца пад тваім роспачным напорам, і ты зноў адчуеш шчасьце бегу. Я гатовы бегаць да скону жыцьця, толькі не стаяць тут, у мяне гомаклаўстрафобія. Яны сьмяюцца, яны пераможцы. Знайшоў чым зьдзівіць, кажуць яны, у нас глядзі што. Таксама. Але гэта брыдкія шанкры, гэта нешта венерычнае, гніючае, гідкае, хворае, гнойнае. У мяне зусім іншае – прыгожае, завершанае, цудоўнае. Хіба можна ставіць гэта побач. Зараз паспрабуем, рагочуць яны. Мы ўзьнясем цябе на вышыню. Не, толькі не на вышыню. Я памру на вышыні. У мяне з сэрца пырсьне сок. І праўда, глядзіце, пырскае. Я памёр. Не, ты зноў мяне разбудзіў. А мне заўтра а сёмай, між іншым. Галава баліць. Божачкі, як баліць галава.

Ён шмат у чым папросту ня меў рацыі, гэты Несьцер, шмат што казаў проста так, ад сваёй пісьменьніцкай балбатлівасьці. Вось, напрыклад, пра тое, што яго ніхто не чытае па-за сталіцай, і што ён гэтаму толькі рады. Не, паважаны таварыш Несьцер, я вось сядзеў у той вечар у негераічным горадзе Калюжыне, у вогкай інтэрнэт-кавярні, былой сталоўцы, і замест таго, каб адпавядаць вашым стэрэатыпам, чытаў вашае інтэрв’ю. І не магу сказаць, каб мне не было цікава.
Сапраўдная літаратура ёсьць чараўніцтвам, казаў ён у сто дваццаць другі раз, сапраўдны пісьменьнік ёсьць чараўніком (а ўсе гэтыя вашыя І. К. Савічонак, І. Грэкаў і Зьмітрок Эдуардавіч Татур – проста шчаўкапёры, пісакі, шакалы ратацыйных машынаў!). Можна працаваць адным пальцам, ён справіцца з клавіятурай, але чым абавязкова мусіць быць гэты ўказальны палец, дык гэта чароўнай палачкай, пасьля тысячы ўзмахаў якой ты можаш стварыць тысячы новых людзей і прадметаў, больш рэальных, чым так званая рэальнасьць. Зусім не на актуальныя пытаньні быцьця павінна даваць адказы літаратура, а на вечныя. І ляпіць з рачнога пясочку сваёй біяграфіі й свайго разуменьня сьвету кнігі – нахабная самаўпэўненасьць з боку пісьменьніка. Хто ён такі, каб кагосьці чамусьці вучыць? Чаму ён вырашыў, што ягонае ўбогае жыцьцё можа быць камусьці цікавае? Чаму ён так перакананы, што ведае адгадку? Не, пісаць трэба казкі – сапраўдны пісьменьнік заўсёды казачнік (а яны, гэтыя вашы народныя трыбуны, нават кароткай казачкі для ўнука ня могуць стварыць, а бяруцца весьці чытача да іьціны!). Найвышэйшая асалода, казаў Несьцер у тысячны раз, бачыць, што твае героі выклікаюць у чытача больш эмоцыяў, чым так званыя жывыя. Шчасьце – калі ты здолеў стварыць цэлы горад, населены жывымі істотамі, індывідуальнымі болей, чым вось мы з вамі (інтэрв’юер касавурыцца на прарэх сваіх нагавіцаў). Я заўсёды да гэтага імкнуўся, і я буду лічыць сваю задачу выкананай, калі чытачы пачнуць пісаць гнеўныя лісты ў картаграфічныя ўстановы: чаму на маёй мапе няма гораду Іксбурга, гары Ігрэ-Карангі, ракі Зэттэр? Ня можа быць, каб ён гэта выдумаў! Сапраўдны пісьменьнік мусіць гадаваць у сабе чараўніка – вось ягоная адзіная задача. Увасобіць свае фантазіі, уладкаваць натоўп сваіх мрояў на зімовыя кватэры вечнасьці – ці ж гэтаму шкада прысьвяціць жыцьцё? А яны мармычуць мне пра сучаснасьць, пра народ, пра мову, пра палі... Тык у клавішу, тык у рэдакцыю – і вось ён ужо пісьменьнік, працавіты прагрэсіўны празаік прапануе прачытаць праект прадмовы пра праблемы праціўнікаў празьмернага... чагосьці там яшчэ на пра...! Сьмешна!
І мне было сьмешна. Я даволі шмат чытаў, і самых розных аўтараў – ня мог жа я перачытваць без канца сьціплыя раманы Несьцера! – і часам мяне чапляла, я адарвацца ад кнігі ня мог, і душа балела, і ў канец усё хацелася зазірнуць, і думка круцілася ў апухлай галаве: а праўда ж, ну чаму, чаму і г.д. Але такія кнігі забываліся гэтак імкліва, што я праз месяц ня мог узгадаць: а ці чытаў я іх увогуле. Далей горай: неяк я злавіў сябе на тым, што такія ж пачуцьці (а праўда ж, ну чаму, чаму і г.д.) выклікаюць у мяне некаторыя перадачы па Еўраньюс і чытаньне незалежных газетаў. У чым жа тады розьніца? Ці, можа, газетныя артыкулы цяпер называюцца літаратурай, а кнігі — карэспандэнцыямі?
З кнігамі Несьцера ўсё было інакш. Мы й так штодня вымушаныя гуляць па ня намі ўсталяваных правілах, круціў ён пальцам у вуху, і ў пісьменьніка маецца шанец згуляць нарэшце па ўласных. Для гэтага трэба мець дар, і дар гэты трэба разьвіваць. Як? Вось гэтага я сказаць не магу. Пісаць. Графаманіць нават, але пісаць. Пісьменьнік мусіць пісаць. Гэта адзінае, што павінна яго хваляваць. Не краіна, не народ. Не палі... Ты казаў, табе падабаецца Зінаіда Эдэм-Трасянецкая, яе кароткія апавяданьні пра буракі? Яе набрынялыя бярозавікам рэпартажы з Вялікага Княства? А ты ведаеш, што яна напісала гэта адмыслова да конкурсу састарэлых літаратараў “Кухня нашых продкаў”? Вось так, і ня дай божа твой рэдактар гэта выкрасьліць!
Добрая літаратура падобная да акуляраў, згаджаўся Несьцер неахвотна й падпальваў запальнічкай сабе вейкі, і лаяўся скрозь чорныя зубы. Так, да акуляраў. Чалавек у акулярах глядзіць на тое самае, што й чалавек з нармальным зрокам. Але бачыць трохі інакш. І хто, аднак, скажа з пэўнасьцю, якая з выяваў правільная. Што, чалавек у акулярах, або чалавек з дрэнным зрокам ня здольны жыць так, як тыя, хто акуляраў ня носіць? Ідзіце вы ўсе з вашымі міфамі пра аб’ектыўную рэальнасьць. Я бачыў людзей, якія за год былі цьвярозымі толькі адзін дзень. Няўжо яны мелі іншыя вочы, чым маем мы з вамі? І няўжо яны бачылі так, як бачым мы? Калі ўжо казаць пра сьляпых, то ў нас іх насамрэч трое, у нашай літаратуры, і ўсе яны – дастойныя пасьлядоўнікі нашых славутых класікаў. Імёны? Калі ласка. Запісвайце: Іван Канстанцінавіч Сраковіч, Ігнат Гаўрылавіч Рэкетаў, Зінаіда Эдэм-Трасянская. Гэтыя прафанатары чараўніцт­ва, гэтыя бяздарнасьці, гэтыя нудотныя маралісты, гэтыя саплівыя адраджэнцы...

Я ад пачатку быў супраць гэтае задумы, але ж у мяне ніколі не хапала місіянерскіх здольнасьцяў, каб разварочваць людзей ад адной веры да другой, і вось вынік: нядзельнай чэрвеньскай раніцай мы стаялі на ўскраіне вёскі Лясота, у доўгай чарзе такіх жа небаракаў, і з нас шчыра пасьміхаліся качкі, што прымалі недалёка сонечныя ванны ў вузкай сажалцы. Барадаты, падобны да Распуціна, мужык засланяў сабой брамку й правяраў па сьпісе кожнага, хто нарэшце набліжаўся да запаветнае хаты. Почасту ён гучна абвяшчаў: бабка Адэля адышла да малітвы, бабка Адэля адкушвае боршч, бабка Адэля адпачывае, і па чарадзе прагных праходзіў прыцішаны стогн: пачынаўся самы санцапёк, а жаданая хвіліна адсоўвалася ў цень! Аднак людзі цярпліва стаялі, і было, прынамсі, зразумела, што выпадковых тут няма. Пачынаўся час мінералкі, а некаторыя цэлымі сем’ямі, паўтарыўшы папярэдне ў трэці раз: мы за вамі, за вамі, не, не за вамі, а вось за імі, раскладваліся на траве й ладзілі пікнікі. Ягорка спаў у машыне, такой душнай, што Зоя адмовілася там сядзець, яна толькі насоўвала на лоб панамку, а я паліў ды паліў, адну за адной, і гасіў унутранае хваляваньне.
У мяне ўжо плыло ўсё перад вачыма, калі мы нарэшце ступілі на дарожку, што вяла да брамкі. Перад намі стаяла чалавек восем, і тут Распуцін зноў прыклаў да барады далонь і прагрымеў: “Дарагія праваслаўныя! Бабка Адэля адпачывае! Папрашу не шумець!”. Чарга пакрысе за­ціхла. Шкарлупіньне яек сасьлізгвала ў пакеты. Мне падавалася, што я чуў, як у хаце гаючай бабкі запрацаваў тэлевізар, якраз у гэты час пачынаўся нядзельны бразільскі тэлесерыял. Чарга за намі даходзіла ажно да ўзгорку, застаўленае машынамі поле плыло ў смузе, людзі прыслухоўваліся да ўласных хваробаў і рэпетавалі тэксты. Зьніадкуль зьявілася цётка Таня, з гаспадарчай торбай, якую цягнулі да зямлі тры трохлітровыя слоікі малака: вы яшчэ толькі тут? Мы зморана махнулі рукамі, бо па­крысе ўваходзілі ў транс ад задухі й сьпякоты. Яна рашуча стала побач, абліваючыся потам.
Тры, два, адзін... “Я маці”, – горда сказала цётка Таня. “Бабка Адэля па трое не прымае”, – строга прамовіў менеджэр вядзьмаркі. “А гэта хто?”—“Муж яе...”. “А справа якая?” – “Ды па дзяцей...”. “Добра, ідзі ты з мужам, а ты тут пачакай”,— праваслаўным басам адпавёў барадаты ды адчыніў брамку.
Бабка Адэля сядзела на высокім ложку, уся ў падушках, як грыпозная. Гарэлі сьвечкі й нешта ў печы, сьцены былі завешаныя абразамі, як пакой тынэйджара – постэрамі. “Бачу, бачу”, — раптам сказала бабка Адэля, і Зоя, і так напалоханая ўсёй гэтай абстаноўкай, ледзь ня ўпала на калені. “Чаго хочаш?” – сказала бабка Адэля праз пару хвілінаў голасам бабы Ягі. Зоя, заікаючыся, патлумачыла, а потым, спахапіўшыся, паставіла каля трону пакет з нашымі харчова-спажывецкімі гасьцінцамі. “Распранайся ды ступай сюды”, — спраўна выконвала сваю ролю бабка Адэля. “Спадніцу здымай, і трусы свае, цьфу ты госпадзе, што за срамату носяць!” – бабка Адэля чакальна выставіла наперад сабраныя ў жменю пальцы. Зоя баязьліва зрабіла тры крокі да ложку, не выпускаючы маёй рукі. Бабка Адэля панюхала паветра. “Люцыфер”, — сказала яна камусьці, хто заварушыўся між падушак і пухавікоў. Я з інтарэсам азіраўся навокал. Асабліва мяне зацікавіла вялікае старажытнае люстэрка ў шыкоўнай, але трохі пабляклай аправе, што вісела на супрацьлеглай сьцяне – мы з Зояй адлюстроўваліся там, нібыта былі намаляваныя на сярэдневечнай карціне. Бабка Адэля заплюшчыла вочы й пачала шаптаць. Мы з палёгкай уздыхнулі – працэс пайшоў. Урэшце зьнясіленая бабка адкінулася да сьцяны й заціхла. Мы стаялі доўга й нерухома, пасьля забойчай вулі­цы хата была блаславёна прахалоднай. “Можа, яна... таго?” – прашаптаў я Зоі на вуха. “Глядзі, ня дыхае...”. Зоя прыклала да вуснаў палец. Мы пастаялі яшчэ. За вакном зацягнуў п’яную песьню певень, але яго абарвалі на паўслове. Я падышоў да ложка й лёгка дакрануўся да халоднага бабчынага запясьця. Ніякага выніку. “Ну, мы пайшлі”, — прамовіў я наўмысна гучна. “Дзякуй вам вялікі, і посьпехаў у працы”. Здранцьвелую Зою было ня ссунуць з месца. Урэшце я проста дзьвюма рукамі пад­штурхнуў яе да выйсьця.
— Будзе вам тое, чаго хочаце, — прарыпела нам усьлед бабка. – А ты, хлопча, куды пайшоў?
— А ў мяне... Здаровы я, — я абярнуўся. – Дзякуй, калі што, я адразу да вас... Без талончыку, па скорай, так бы мовіць...
— Брэшаш, ой брэшаш, — прамовіла бабка, пазіраючы кудысьці паў­зьверх мяне. – Маеш ты хваробу, глыбока яна сядзіць, давядзе яна цябе – на каленях катацца будзеш, галавой у сьцяну біцца, сьлязьмі крывавымі плакаць... Ой, маеш ты хваробу, маеш... Бачу, бачу як мышы грызуць, а ноч кароткая...
Мы выйшлі да цёткі Тані. Распуцін схадзіў у хату, вярнуўся й громападобна абвесьціў: “Бабка адпачывае, перапынак паўгадзіны!”. На нас гля­дзелі з зайздрасьцю. “Ну як?” – Ягорка пацягнуўся ўсім целам. Мы паціснулі плячыма, і цётка Таня перахрысьцілася.

Я езьдзіў у Аўгінін Стан раз на тыдзень, выключна з гігіенічных мер­каваньняў, каб не засохнуць. Паміж двума аўтобусамі якраз было дастаткова часу, каб пасьпець зрабіць усё, што мне патрабавалася. Вядома ж, я вельмі рызыкаваў, бо, напэўна, прымільгаўся ў гэтых краёх, і хто-небудзь гаваркі цалкам мог пусьціць інфармацыю па мясцовым тэлетайпе: бачылі твайго ў Аўгініным у гэты панядзелак, і ў той, і ў пазатой... Але мой паравоз быў са мной, і я, як і раней, не сумняваўся, што ён умомант вырве мяне з лапаў перасьледнікаў, калі такія знойдуцца. Удзень я пачуваўся бясьпечна. Зрэдку я пазіраў на сваіх Ахіла й Гектара, яны трохі відазьмяніліся за гэты час: на кожным зьявілася нешта падобнае на кветачную завязь, пяшчотны інтымны вузельчык з вусікамі, мікраскапічны, але добра адрозны, калі глядзець зблізку. Пакорлівым, маўклівым, працавітым і прыемна пасіўным аўгінінскім дзеў­кам было ўсё адно, што я маю апрача неабходных інструментаў, яны, магчыма, бачылі й не такое, а я вінаваціў бабусіна мыла дый наогул – адчуваў толькі адзін пах: водар начнога прывакзальнага скверу.
Але ахвотныя зірнуць на маіх Лейлу й Меджнуна ўсё ж існавалі. Я пасьпеў забыцца на гісторыю, што адбылася ўвесну ў Карачках, калі аднойчы, пасьля ўдалае паездкі ў Аўгінін Стан, быў спынены каля ўласнага пад’езду тым самым «уазікам». Мясцовы праваахоўнік, хутчэй за ўсё Дубанцэвіч, перагарадзіў мне шлях і зірнуў у вочы. Сябры праваахоўніка чакалі яго ў машыне. Прадставіўшыся па ўсёй форме, Дубанцэвіч дыхнуў мне ў твар перагарам і вінавата сказаў:
— Праверка... Ты ўжо не крыўдуй. Але трэба, разумееш, трэба...
Я разумеў, што ад мяне трэба, але ўсё ж вырашыў пацягнуць час:
— Што трэба?
— Здымай парткі... Калі ласка... Ня будзь дурнем, здымай.
Я марудна дастаў цыгарэты, марудна запаліў, марудна расьцёр плячо. Майстар па дрэве павітаўся з Дубанцэвічам, спыніўся каля пад’езду й таксама запаліў. Дубанцэвіч крэкнуў і далучыўся, дабразычліва прамовіўшы:
— Хацеў кінуць, але дзе тут... Доктарка сказала: кідай, табе з тваімі язвамі... Слухай, Раман, мне на лецішча трэба на кухню што-небудзь гэткае-перагэткае... Каб душа разгарнулася... Ну ты разумееш...
— Разумею, — усьміхнуўся майстар па дрэве. – Ты мне як-небудзь у двух словах намякні, да канца тыдня зраблю... Даўно я ўжо...
Я не сьпяшаўся, ды і ім сьпяшацца не было куды. Сонца апускалася за палеткі, на лаўцы ля пад’езду ляжаў белы аднавокі кот у рудых плямах, гатовы пасьля першага ж нашага рэзкага руху шмыгнуць у кустоўе. Цьвілі вішні, і ў вакне на першым паверсе захлынаўся азартнай сьліной тэлекаментатар. Мы пагаварылі пра Мустафа, на якога нядаўна напалі ў Турках і якому цяпер давядзецца ўстаўляць цэлую сківіцу – як бы не падняў ён кошты? Нарэшце недапалкі паляцелі на зямлю.
— Добра з вамі, хлопцы, — уздыхнуў Дубанцэвіч. – Лета ж праляціць, не заўважыш... Добра, трэба мне ўжо йіхаты, як хахлы кажуць.
— Ну давай, — майстар парукаўся з Дубанцэвічам і зрабіў хлопцам ва «уазіку» рот-фронт. Дубанцэвіч махнуў мне рукой:
— Ну, давай! Давай, хуценька, а то нам яшчэ ў Аўгінін трэба за­ехаць...
— Што давай?
— Слухай, Раман, ну не разумее чалавек! Можа, ты яму патлумачыш? Ты ж вось праходзіў праверку?
— Ну... А вы яшчэ не знайшлі гэтага цюкнутага?
— Дык аб чым я табе... Яшчэ пару чалавек праверыць, і... Давай, давай... Ну слухай, будзь ты чалавекам! Нам таксама адпачываць трэба!
— А калі я не...
— А калі ты не, — Дубанцэвіч шчыра зарагатаў і паказаў пальцам на маю гордую постаць сваім калегам ва «уазіку» – тыя неяк напружыліся, — а калі ты не... Не, гэта справа дабраахвотная, канешне... Але вось у гэтай сумцы (ён паляпаў па маёй торбе, якую я браў з сабой у Аўгінін) мы зараз знойдзем што-небудзь... Наркату там якую-небудзь... Разумееш, мілы ты мой?
— Давай, — абняў мяне майстар. – Ня крыўдзь Дубанцэвіча. Ён свой мужык. Ён мне ведаеш неяк як дапамог... Ну, ня мне, цесьцю майму...
Мае Фобі й Дэймі! Я паволі расшпіліў пас, з нянавісьцю пазіраючы на ката. Мае пальцы дрыжэлі. Мой паравоз паволі выпусьціў воблачка пары, потым уздыхнуў, распрастаў вострыя суставы, што пасьпелі зацякчы. Сьвінападобны джып, блізьнец таго «уазіка», што стаяў цяпер у некалькіх метрах ад мяне, зьявіўся на пачатку вуліцы й паволі рухаўся да майго дому. Я заўважыў яго бакавым зрокам, але не падаў выгляду. “Ну ты што, забыў як порткі здымаюцца?” – залямантаваў Дубанцэвіч. Я спыніў свае прыніжальныя рухі й паглядзеў яму ў вочы, не забыўшы адзначыць для сябе месцазнаходжаньне едучай машыны. Я вельмі марудна ўзяўся за край калашыны, машына дадала газу й ліха спынілася, ледзь ня ўрэзаўшыся ў сьпіну Дубанцэвіча. Той вылаяўся й нецярпліва зірнуў на маладога міліцыянта, што высунуў радасны твар з кабіны.
— Прызнаўся! – і Дубанцэвіч пляснуў у ладкі. – Цэлы дзень мучыліся...
— Гэта трэба адзначыць! Давайце, хлопцы, добра адпачыць вам! – Дубанцэвіч ускочыў у свой уазік і махнуў рукой: паехалі. Я так і стаяў з расшпіленымі джынсамі, і міма мяне праехалі адна машына, поўная вясёлых здаровых людзей, і другая, з задняга закратаванага вакна якой шчэрыўся на мяне жывёльны, сіні, размаляваны кровападцёкамі твар Калдуна.
Мы пачалі піць яшчэ на вакзале, і Бурэніч, не знаходзячы словаў, усё біў мяне кулаком у грудзі й радасна павіскваў. Паша, які зусім не зьмяніўся, ужо няцьвёрда стаяў на нагах, калі мы рушылі да майго дому, і ўсё паўтараў жаласьліва: “Цэрквы хачу паглядзець, касьцёлы...”. “І праўда, добры горад, наш уласны Люксембург, можна сказаць”, — заявіў Бурэніч, заняўшы палову кухні. “Нібыта ты быў у Люксембургу”, — сказала Зоя, уносячы тушанае мяса. “Ня быў, але ўпэўнены, што ў нас лепей”, — абняў яе за талію Бурэніч, зарагатаўшы мне ў твар. Ірына маўчала ды глядзела ў вакно, за якім была вуліца, а па вуліцы йшоў хлопец па мянушцы Калдун, і няхай тое быў насамрэч зусім іншы Калдун – мне ў гэта не асабліва верылася. У Бурэніча з Ірынай так нічога й ня выйшла, яны пасьля нашага вясельля разышліся, але захавалі добрыя й нават зрэдку, але нерэгулярна, блізкія адносіны. Ведаючы здаровае стаўленьне Бурэніча да ўсяго на сьвеце, не даводзілася ў гэтым сумнявацца. Вось і прыехалі разам, каб нас праведаць.
— Я вось што скажу, — Бурэніч пражаваў кавалак мяса й выкалупаў з зубоў кукурузінку. – Добры горад, добрае паветра, добрыя людзі. Пашанцавала вам, хлопчыкі й дзяўчынкі. Калі па тэлебачаньні кажуць, што народ наш памяркоўны, та... талерантны, правільна, Пашка, працавіты й гасьцінны, гэта можна, вядома ж, разумець, як... Як ну вось там сказалі па тэлевізары, і ўсё... Проста так, лічы... А праўда ж – прыедзь вось у такі Калюжын: тут табе й тое, і гэтае, і трэцяе... Праўду, аказваецца, сказалі... Так, цётка Таня?
Цётка хітнула галавой ды наліла ўсім яшчэ па чарцы.
— За нашых маладых! За вечна маладых! Калі ўжо на адведкі мы паедзем да іх, а, Пашка? Ладна, яшчэ па адной і гуляць. Гэх, а ці не купіць нам тут з табой хату, Ірка, і не зажыць тут весела й дружна? Ірка, ня сьпі! Давайце, а гэтую ў лядоўню паставім, трэба ж пад шашлык пакінуць.
Мы з Зояй цадзілі нашае піва й панура маўчалі, але на гэта ніхто не зьвяртаў увагі. Цётка засталася мыць посуд, мы пайшлі па запыленым Калюжыне. на цэнтральнай вуліцы клалі асфальт, дзеці скакалі з моста ў рэчку Калюжку, неба перасякала пенная паласа, што цягнулася за самалётам. Паставіўшы на аўтапілот кабылу, трэсься ў вазку п’яны дзед у бейсболцы. Мы зайшлі ў царкву, я схаваўся за сьпінамі ды адразу ж выйшаў. Але мірна перачакаць гэтую экскурсію з цыгарэтай у цені мне перашкодзіў Паша – працьверазелы, ён саскочыў з прыступак усьлед за мной і сеў побач:
— А ты чаго?.. Надакучыла, я разумею...
Я нічога не адказаў. Не тлумачыць жа мне яму было, што ў любых культавых пабудовах я пачынаю задыхацца, што на мяне ціснуць іхнія купалы, што пайсьці ў царкву для мяне тое ж самае, што добраахвотна прабавіць гадзіны дзьве ва ўпраўленьні ўнутраных справаў. Што ў царкве мне абавязкова прыходзяць у галаву пытаньні, страшныя пытаньні, пытаньні без адказу, душныя пытаньні, млосныя пытаньні: я ў царкве, царква ў Калюжыне, Калюжын у нашай прыўкраснай краіне, краіна там, а гэта на планеце, а планета ў Сонечнай сістэме, а сістэма гэтая ў большай, а тая... А дзе канец гэтай раскошы? І што там, па-за канцом? Яна бясконцая? Але як можа нешта быць бясконцым? Я спрабую ўявіць сабе бясконцасьць, і мне становіцца спачатку неяк не па сабе, а потым непраглядны жах апаноўвае мной, уздымаецца ціск, і вочы засьціць зорны туман. Недзе мусіць быць край. Край усяго. Як жа гэта, бяз краю, пачынаю разважаць я, нібы сапраўдны калюжынец. Нам даецца такое непрацяглае жыцьцё, каб мы не звар’яцелі, спасьцігаючы бясконцасьць. Нам даецца такое працяглае жыцьцё, каб мы адчулі яе казытку. Нам даецца роўна столькі, колькі мы заслужылі, столькі, колькі мы ў стане спасьцігнуць. Цыгарэта падае ў мяне з рук, і я прысаджваюся на кукішкі, і нахіляюся да пыльнай травы, да мурашоў, да пажоўклых пакетаў з-пад чыпсаў. У мяне заўсёды была тройка з мінусам па фізіцы.
Шашлык атрымаўся, як кажуць узбагачаныя сальманэламі куры. З-за арэшніку, які зусім ня мы першыя дадумаліся выкарыстоўваць як прыбіральню, можна было разгледзець увесь Калюжын, і Паша нават зрабіў некалькі паштовачных здымкаў. Стромы схіл з гэтага боку клікаў разагнацца і ўрэзацца ў шкло вады, над якой блішчэлі завіслыя кроплі стракозаў. “Вып’еш, Зойка?”, — запытаўся разамлелы Бурэніч, раскладваючы падзорную трубу пластмасавых шклянак. Я ўважліва паглядзеў на яе. Яна страпянулася, і міжволі працягнула руку. Пашава галава спачывала на каленях у Ірыны. “Ёй нельга”, — гучна і з істэрычнымі ноткамі ў голасе прамовіў я, і пальцы Зоі сьціснуліся, і падаліся назад, і абхапілі край коўдры. Бурэніч, зусім цьвярозы, зьдзіўлена скрывіўся, але потым лоб ягоны разгладзіўся, і ён летуценна стаў разглядваць аблокі. На другім беразе паказаўся трактар, і марудна-марудна, нібы наўмысна, праехаў уздоўж рэчкі, і яны выпілі яшчэ па дзьве, пакуль ён зьнік за ляском.
Ня памятаю ўжо, каму прыйшла гэтая ідэя, пайсьці купацца голымі, надыходзіў вечар, цёплы, як астылы пунш, з ледзяным кавалачкам ветру, што таяў над нашым вогнішчам. З Пашы гвалтам сьцягнулі плаўкі, і ён адразу ж пабег уніз і схаваўся ў вадзе. Я ляжаў на сьпіне й назіраў, як спраўна здымаюць купальнікі Зоя ды Ірына. Бурэніч прысьпешваў іх, пляскаючы па азадках. Яны скаціліся ўніз ды наваліліся на беднага Пашу, і тапілі яго, тапілі, ажно пакуль ён малпаю ня выбег на бераг ды не ўскараскаўся да мяне. На шчасьце, яны ўцямілі, што мне ня трэба задаваць лішніх пытаньняў. Паша нацягнуў джынсы й сеў каля мяне выкручваць плаўкі. “Зайздрошчу табе”, — сказаў ён мімаходзь, ікнуў ды прыпаў да каністры з півам. Неўзабаве вылезьлі і астатнія, Бурэніч крычаў, расьціраю­чы сваю тушу да чырвані, Ірына, дрыжучы, задзірала ногі над дымным вогнішчам і выклікала ў мяне складаныя пачуцьці. Нарэшце яны апрануліся й селі вакол коўдры, на якой ласаваліся рэшткамі нашага стала восы. “Пасьля такога грэх не прыняць”, — прасьпяваў Бурэніч і ўзяўся за апошнюю, ужо адкаркаваную бутэльку. “Можна?” – Зоя павярнулася да мяне. Я бачыў, што яна гатовая на многае, каб дабіцца дазволу. “Гэта будуць твае праблемы”, — кінуў я ды пайшоў да арэшніку. Адтуль мне было добра відаць, як яна, павагаўшыся, закінула ў сябе паўшкляначкі, і на яе шчаках зьявілася даўно ня бачаная мной чырвань.

Аўтара я ня памятаю, я ўзяў гэтую тоненькую кніжачку, якая між тым мела гордую назву раман, у бібліятэцы, мне сказалі, што гэта навінка, я прачытаў яго за тры дні, там вялося пра аднаго юнага наркамана, які захварэў на снід, натуральна, ня мог жа ён захварэць на ангіну ці мікраспарыю, ён жыў у адным маленькім гарадку, дужа падобным да Калюжына, і гэта быў, тым ня меней, станоўчы герой, а як жа інакш, выданьне было аплочанае адным фондам з блізкага замежжа, па барацьбе са снідам, гэты маладзён выклікаў ледзь не замілаваньне, нават я старонцы так на шасьцідзесятай ледзь не пусьціў сьлязу, бо там былі дзеці, а сьпекуляваць на іх заўсёды бяспройгрышны варыянт, аўтар быў ня тое што нікому не вядомы, прозьвішча знаёмае, адзін з тых сярэдняй рукі, якія здаецца й пісаць умеюць, але пішуць так сабе, пачытаць можна, але каб перачытаць не... Цікава, а ці бываюць увогуле сярэднія пісьменьнікі, і ці бываюць пісьменьнікі, што ня ставяць перад сабой звышзадачаў, а толькі сярэднія, у меру мастацкія, у меру практычныя задачы, і (а) гэты дарэчы раман выйшаў спачатку, не, гэта было ўжо потым, я ўсё блытаю, пасьля кніжкі ў часопісе, у часопісе, гэты наркаман па волі аўтара мусіў прайсьці доўгі шлях да ўсьведамленьня таго, што ён жыве няправільна, але адчувалася, што аўтару старонцы гэтак на сотай надакучыла апісваць дно маленькага гарадка, і ён вынырнуў на паверхню, дый правільна, вадаём неглыбокі, оп – і ты ўжо адплёўваешся, прыехала дзяўчына й выратавала, папярэдне яе згвалтавалі й паспрабавалі таксама падшыць да справы, але яна ж была валанцёр, а валанцёры трывалыя стварэньні, яна арганізоўвала там лякарню паводле заходніх узораў, на ўскраіне гарадку, не, у вёсцы, і да таго ж адзіны жаночы персанаж, і аўтар пашкадаваў дзевачку, яна ж яму яшчэ патрэбная была ў фінале, а інакш не атрымалася б маралі, аўтар відаць ведаў, што асабліва захапляцца маральлю цяпер ня модна, што трэба яе схаваць, як труп пад восеньскім палым лісьцем, вось ён і накідаў сказаў і эфектных фразачак напрыканцы, але варта было чытачу, г.зн. мне, падзьмуць на гэты буданчык, і старонкі гарталіся самі сабой, і душа героя неяк неўпрыкмет загартавалася, і “узяўшыся за рукі, яны пайшлі ў лягер”.

Я нават падумаць ня мог, што неўзабаве мне давядзецца зноў пабачыцца з Дубанцэвічам, прычым з уласнае ініцыятывы. Зоя выправілася да Дашы, я, як заўсёды, пачытаў перад сном, выпіў гарбаты з малаком, цешачыся, што мой страўнік паціху звыкаецца ўжо з мясцовай натуральнай тлустасьцю. Цётка Таня выключыла тэлевізар, я папаліў у форт­ку й лёг спаць. Раніцай я, як заўсёды, не расплюшчваючы вачэй, пашукаў носам яе цёплае баваўнянае плячо. Месца побач са мной было халодным. Дзень прамінуў хутка, вечарам я сядзеў на лаўцы й казаў самому сабе: ня буду я тэлефанаваць, ня буду, разбэсьціцца яна зноў ад такіх знакаў увагі, а Казімір Іосіфавіч скардзіўся мне на маладое пакаленьне. Мы паглядзелі з цёткай Таняй на ахвяраў чарговага тэракту, і я заснуў па дарозе ў наш пакой. Прачнуўся я зноўку ў адзіноце, і ў шаленстве патэлефанаваў у паліклініку. Там ніхто не здымаў слухаўку да абеду, а ў абед я пайшоў у кавярню Мустафа й праседзеў там да ночы. Вяртаючыся ды сустракаючы на кожным рагу Калдуноў, я здалёк пабачыў сьвятло ў нашым пакоі. Дома нікога не было, а сьвятло, відаць, я сам забыў выключыць. Цётка Таня, чуў я ў дрымоце, лежачы голым на гарачай прасьціне, прыйшла позна й не адна, але мяне гэта ўжо не хвалявала. “Дзе твая жонка?” – спытала яна мяне на раніцу, выпраўляючы свайго госьця. Я зноў зазваніў у паліклініку, там мне са сьмяшком сказалі, што Зоя трэці дзень не выходзіла на працу. І тады я пайшоў на другі канец гораду, да праваахоўнікаў.
— Зьнікла? – Дубанцэвіч пацмокаў языком. – Нельга зьнікаць у та­кіх абставінах, асабліва жанчынам... Калдуна мы пасодзім, але ж дзе гарантыя... Тут сам бачыш, колькі такіх калдуноў...
Ён усё даставаў нейкія паперы, з сейфу, з шафы, з шуфлядаў стала, з кішэняў. “Пойдзеш уніз і заяву напішаш”, — сказаў ён нечакана груба й наліў сабе мінералкі. Я пайшоў да дзьвярэй, ён спыніў мяне, пакрэмзаў асадкай па паперы, скамечыў аркуш і кінуў яго ў сьметніцу. Праклінаючы Зою, я маўчаў. Дубанцэвіч павесіў галаву, потым раптам рэзка выпрастаўся й кінуў мне ў твар:
— Што ты ўсё дурнем прыкідваешся? Зьнікла... Усе ведаюць, дзе твая жонка, ты на вуліцы б спытаў ці каля «дальняга», а не да нас ішоў... Да «дальняга» схадзі, за магазін зайдзі, там у скверыку й пашукай, грама­дзянін ты наш...
Яна й праўда сядзела там, на лавачцы пад каштанам, каля вывернутай ветрам сьметніцы, у кампаніі калдуноўскіх істотаў, і паліла танную цы­гарэціну бяз фільтру. Яна не была падобная да тых, хто шчасьліва лы­біўся побач з ёй, і вопратка на ёй была досыць чыстая, толькі валасы ненатуральна блішчэлі. Яе новыя сябрукі заўважылі мяне, і ажывіліся, як макакі, і сталі паказваць на мяне пальцамі, і торгаць яе за плечы. Яна павярнулася, я спыніўся, і нашыя позіркі, падалося мне, перапляліся, сустрэўшыся, і сонца біла мне проста ў вочы, і адна з калдунападобных мамашаў была з дзіцём, і да дальняга пад’язджала бочка з квасам, і мы глядзелі адно на аднога, не пазнаючы, і хто яе ведае, што яна адчувала. Я павярнуўся й пайшоў прэч. Яна пакрычала мне нешта неразборлівае, і, магчыма, нават зноў прасіла прабачэньня. Прынамсі, там былі вельмі падобныя гукі. Губныя, санорныя, галосныя.

Не, гэта было маёй памылкай, ня трэба было мне закусваць гэтым празрыстым салам тую непразрыстую самагонку. Позна я пра гэта падумаў. Мае Фобі й Дэймі пакрысе астывалі, у нагавіцы да іх завітваў ве­цер, ды, абслужыўшы, вылятаў вонкі, на чарговыя замовы, каб неўзабаве вярнуцца. Набіты чалавечынай стары аўтобус, так падобны да газавай камеры, што я дзівіўся, як гэта ніхто раней не параўнаў яго з ёй, паволі адольваў мізэрную адлегласьць паміж Аўгініным Станам і Туркамі. Гэтыя сьмярдзючкі селі ў Аўгініным, рабіць ім няма чаго, пазабі­ваў бы свалачугаў, яны стаялі, сядзелі й ляжалі вакол мяне, і калі б я захацеў пачасацца, у мяне б нічога не атрымалася. Посткаітальнае сала падступала да майго горла, і некалькі разоў я ўжо вырашыў: хай будзе што будзе, але я стрымлівацца далей не магу, няхай выходзіць на іхнія маленькія ўбогія галовы зьмесьціва майго страўніка, няхай, гэта лепш, чым памерці ад удушша, ну што яны, па сутнасьці, могуць са мной зрабіць, ну чвартуюць пад указальнікам “Калюжын”, ну выб’юць апошнія зубы, ну дадуць такога падсрачніка, каб я даляцеў да Месяца. Галоўнае, мне палягчэе. “Кіроўца, спыніся!” – гэтыя словы, што не знаходзілі выйсьця, рэзалі маю чарапную каробку, як вострая папера; завіслы нада мной гадзіньнік айчыннай вытворчасьці, які я пасьпеў вывучыць ва ўсіх падрабязнасьцях (можа, гэта мяне і ўратавала), паказваў, здаецца, адзін і той час; можа, гэта ён пачуў мае мольбы, зьвернутыя да кіроўцы. “Прачніся, дэбіл ты аўгінінскі”, — так і хацелася крыкнуць мне гэтаму вясковаму інтэлігенту з празьмерна валасатымі рукамі, — “Выкінь свой гадзіньнік, выкінь, гад! Ён даўно здох!”. Але вымавіць я ня мог нічога, бо разам з гэтымі словамі даў бы волю і ўсяму іншаму, якое было мне непатрэбна, але вось загадка, ад якога я не сьпяшаўся пазбаўляцца. Ну, тое, што я нічога ня мог вымавіць, таксама было хлусьнёю, бо сказаў жа я, калі мяне штурхануў нейкі трактарыст, сказаў жа я: “Прабачце”, хапіла ж у мяне моцы. Раб. Сам ты раб.
Нарэшце аўтобус спыніўся ў Турках, мінула ўсяго дваццаць хвілінаў, натуральна, калі рабіць такія крукі для шыяў гатовых званітаваць пасажыраў, праміне дваццаць хвілінаў, я б пешкі хутчэй дайшоў да Калюжына; так, так – захіталася згодна галава аднаго з пасажыраў, нібыта ён чуў мае няісныя ўнутраныя маналогі. Салон аўтобусу нібы званітавала, такое меў я адчуваньне, ён выверг з сябе непатрэбнае і, аддыхаўшыся, пабразгаў далей. Я нарэшце пачасаўся ды адчыніў фортку. На тварах тых, хто застаўся, чыталася шчырае чалавечае шчасьце. Мне падалося, што мы імчым на ўсіх парах, хаця аўтобус зусім не сьпяшаўся. “Калгасьнікі аўгінінскія”, — гучна сказаў за маёй сьпіной нейкі калюжынскі калгасьнік. Сала ў маёй глотцы трохі ўляглося, глядзіш, і наступствам майго эратычнага туру стане ўсяго толькі некалькі мірных хвілінаў у пакаяльнай прыбіральні. Я ўзгадаў з лёгкай усьмешачкай наведваньне Аўгініна Стану, падцягнуўся на поручні, каб адчыніць люк у белай аўтобуснай столі, і ў той момант, калі мае ногі ўперліся ў суседняе ся­дзеньне, а рукі прыціснуліся да бруднай багажнай паліцы, мае Нінья ды Сантамарыя загаласілі, яны ўспыхнулі ды ажылі, яны загарэліся такой паходняю, якая імгненна асьляпіла й машыніста майго вернага паравозу, і ягонага адзінага VIP-пасажыра, яны ўзраўлі, нібы два гоначныя маторы, яны сталі жывымі, так, яны сталі жывымі, такімі жывымі, што я, скурчыўшыся, упаў у праход, на пясок, што застаўся ад падэшваў добрых аўгінінцаў, і біўся галавой аб калені аслупянелых пасажыраў, і крычаў, і клікаў маці, і я аддаў бы не задумваючыся й Насту, і Зою, і Бурэніча, і каго заўгодна за тое, каб яны перасталі, каб яны змоўклі. Але ім не патрэбна была мая плата, мая даніна, яны адчулі нарэшце шчасьце быць, мае Фобі й Дэймі, і ім спадабалася – марна я, перагнуты напалам жудасным болем, знаходзіў у сабе моц палашчыць маленькі зародак надзеі, пакінуты мне ў спадчыну зубам ды вушамі, што боль ёсьць боль, і ён ня можа быць бясконцым – нічога ж не бывае бясконцым! – яны й слухаць нічога не хацелі, мае альты, мае пранізьлівыя, бы стрэлы, фальцэты ў будынку оперы пад назваю Я, яны сьпявалі свае гімны, на сваёй мове, мове Фобасу й Дэймасу, і да майго болю, які, зрэшты, як і ўсялякі боль, з цягам пэўнага часу – яшчэ ў аўтобусе, які так і не спыніўся – я пачаў усё ж асэнсоўваць, што дало мне каліва палёгкі. Яны балелі, балелі, балелі, яны елі мяне жыўцом, і я ведаў у той момант, што чакаў гэтага, што проста недастаткова падрыхтаваўся, што ўсё ідзе як мае быць.

Аптэка даўно зачыненая – высьвечваўся надпіс на заднім плане маёй беднай спакутаванай сьвядомасьці, і бягучым радком рухаўся па яе значна павузелых сьценках; што аптэка – я ведаў, я хутка ўжо корпаўся, цяжка дыхаючы й плачучы, плачучы – гэтыя гукі цётка Таня глушыла тэлевізарам, яна ўспрымала іх па-свойму – у Зоіных шуфлядах, і нарэшце знайшоў іх: пігулкі, кучу абоймаў. Ці ёсьць яшчэ порах у вашых парахоўніцах, мае цудоўныя спадарожнікі, шаптаў я, глытаючы ўсё запар, усё тое, што ў адпаведнасьці з маімі напаўміфічнымі згадкамі пра жыцьцё дома, у бацькоў, магло хаця б неяк дапамагчы, стварыць хаця б ілюзію перадышкі. Ці зьнізіць узровень прынамсі да зубнога болю – я быў бы шчасьлівы, калі б у мяне атрымалася! Заліваючыся сьлязьмі, я залез у ванну, мне чамусьці падалося, што яна ачысьціць мяне ад прыліплага намёртва болю, гарачая ванна, у якой я калісьці атрымліваў такую асалоду ад дурных думак, ад сваіх Фобі й Дэймі, такіх безабаронных, такіх бяскрыўдных – падступных дзяцей, якія праз патураньне бацькоў дайшлі да злачынства. Мае Садом і Гамора наліліся ружовым зьзяньнем, яны сталі цьвёрдымі як дыяменты. Яны весела пляскаліся з вадзе, і ўпарта не хацелі заўважаць, што па пляжы бегае спляжаны чалавек у купальным касьцюме й роспачна махае ім рукой. Я вылез з ванны, дрыжучы, нібы мяне дасталі з акіяну. Боль не зьмяншаўся й не адыходзіў, ён роўна ляцеў на той жа вышыні, і ягоныя прапелеры рэзалі маё цела.
Паўголы, я дапоўз да залы й на каленях папрасіў у цёткі Тані бутэльку. Яна не зьдзівілася, у яе прымітыўных вачах зьявілася нешта падобнае да спачуваньня. Я выпіў, і мяне вырвала аўгінінскім салам, але, магчыма, самое гэтае дзеяньне, ажыцьцёўленае падчас гульняў маіх мілых Фобі й Дэймі, зрабіла сваю справу – трохі супакоіўшыся, але ўсё адно грукаю­чы зубамі аб край шклянкі, я прымусіў сябе выпіць яшчэ, і яшчэ, і цётка Таня, расчуліўшыся, выпіла таксама, чокнуўшыся са мной, і завяла ратавальныя філасофскія размовы, але я быў ужо сьмяротна п’яны, нават тады ў сталіцы, у кавярні я выпіў удвая меней, і я ўпаў на падлогу ды захроп – так яна потым распавядала, гэтая сьвятая сьляпая жанчына.

На пазычаныя ў майстра па дрэве грошы я скупіў увесь бедны аптэчны запас нейкіх універсальных пігулак. Прадавачка не хацела мне яго аддаваць, надта вялікім попытам карысталіся гэтыя малюсенькія жоўтыя круглыя радасьці, давялося накінуць ёй ды намякнуць на тое, што мы можам сустрэцца як-небудзь позьнім вечарам у Мустафа. Пігулкі, як высьветлілася, дапамагалі мне толькі ў вельмі вялікіх колькасьцях, і неўзабаве скончыліся. Тады я перастаў гідзіцца прапановамі суседзяў зайсьці да іх на чарку, і хутка ад мяне пачалі чакаць такіх жа прапановаў – заканамерны вынік. Фобі й Дэймі вялі са мной загадкавую вайнушку, ім гэта відавочна падабалася, гэтая жорская хлапечая гульня – яны адступалі, калі я з жахам чакаў іхняй невыноснай навалы, і ішлі ў атаку, калі я быў гатовы да як мінімум чатырохгадзіннай перадышкі. Людзі на вуліцы глядзелі на мяне коса, многія ведалі пра нашыя з Зояй галівудска-беларусьфільмаўскія справы, многія спачувалі, але ж нічога не бывае бясконцым, ці ня так? Норму сьлёз, алкаголю ды сваіх шчырых прызнаньняў, якія ўсе прымалі за трызьненьне непітушчага ў запоі, я вычарпаў. Ад мяне пачалі ўцякаць, мяне пачалі пасылаць туды, куды ў гэтым горадзе любога з любоўю пасылалі штохвіліны: ад начальніка да ўласнага сына, ад доктара да нападніка мясцовай футбольнай каманды. Зоіны прыяцелі пазіралі на мяне ўсё з большым інтарэсам: такога, каб у іхні клуб уступалі сем’ямі, яны не памяталі. Як жа вы дорагі мне, шаноўныя калюжынцы! Атамнай бомбы не хапае на ваш прыгожы старажытны горад.

Званок засьпеў мяне на кухні, я адкаркоўваў бутэльку, у нашай гульні “хто першы” лік ішоў на секунды. На парозе стаялі Казімір Іосіфавіч ды Раман, гросмайстар па дрэве. Цётка вызірнула з залы й зараз жа, зашпі­ліўшыся, пайшла за намі. Я ня ведаў, як мне прывячаць гасьцей, а яны штурхалі мяне ў сьпіну й гналі як быдла ў мой пакой. Я ўпаў на ложак, яны селі побач. Яны пахлі натуральнай скурай, я ляжаў на баку й глядзеў у сьцяну, як баран.
— Трэба нешта рабіць, — шматзначна адкашляўшыся, прамовіў Ка­зімір Іосіфавіч. – Трэба нешта.
Цётка ўсхліпнула. Усхліп пляснуўся перада мной, на ўскрайчык падушкі, вільготны, жывы.
— Мы ж табе не чужыя, — хрыпла дадаў майстар па дрэве.
— Вам, — паправіў яго Казімір Іосіфавіч, і яны ўсе хорам, утрох, выкрыкнулі: “Вам!”
Я адчуваў, як мае Розэнкранц і Гільдэнстэрн завібравалі ў прадчуваньні чарговае пераможнае бітвы. Напінаючыся, яны бразгалі сваёй зброяй, і знаёмая дрыготка працяла маё зьнясіленае цела, і над усім гэтым лунаў іхні ружовы сьцяг – сьцяг болю, сьцяг панаваньня; іхняя ўлада магла дазволіць сабе адпачыць, і, выспаўшыся, вярнуцца да сваіх цацак.
Яны паднялі мяне пад пахі, яны пацягнулі мяне да дзьвярэй. “Калі пачне выламвацца, дай ёй разочак у зубы”, — вучыў мяне майстар па дрэве. “Толькі адзін раз, запомні. І ня бі ў жывот, ні ў якім выпадку!” Казімір Іосіфавіч горда йшоў наперадзе, пералічваючы дробязь. Цётка Таня ціха скуголіла, і гэта быў канцэрт, арганізаваны выключна для мяне. Мы выйшлі на вуліцу й рушылі да берагу Калюжкі. Знаёмыя твары абарочваліся нам усьлед, і нехта сьмяяўся, а нехта выходзіў замуж.
Зоя, я так разумею, спазьнілася, яна падбегла да маста, блізарука ўглядаючыся ў нашу сур’ёзную, урачыстую кампанію, я вісеў на руках майстра й Казіміра Іосіфавіча, і таму яна не адразу мяне заўважыла, а калі нарэшце сустрэла позіркам маё павіслае падбароддзе, то запаволіла крок. Яна была вычышчаная і ўсё ж старая, пратэрмінаваная, нібы кілім, які набылі калісьці на дзень нараджэньня дарослага цяпер дзіцяці. Іосіфавіч і Раман сардэчна з ёй павіталіся, цётка адразу ж пачала з Зояй раздражнёную размову пра Дашу, а я вісеў на сваіх валасатых наручніках і слухаў, як вар’яткай мармыча свае прароцтвы балотная вада Калюжкі. “Абдымі­цеся!” — загадаў нарэшце, нібы ўзгадаўшы пра нешта, майстар па дрэве. “Абдыміцеся, маць вашу, а то не магу на гэта глядзець!”.
— Давайце, галубкі! – Казімір Іосіфавіч намагаўся падштурхнуць нас адно да аднаго. Зоя з гатоўнасьцю выканала загад, нягледзячы мне ў вочы, а я – я адчуў такую агіду, нібы быў вымушаны апрануць чужыя брудныя майткі. Нашыя добрыя анёлы ашчэрыліся. Зоя прыціскалася да маіх грудзей, як да флюараграфічнага апарату; яе расплюшчаны аб мае рэбры бюст будзіў унізе жывата непрыстойнае бяззубае рэха. Мае Эдысон і Свэн запратэставалі. Я сагнуўся напалам, і Зоя была вымушаная адступіць. Пратэрмінаваная Зоя, Зоя, закладзеная ў ламбард.
— Так у нас нічога не атрымаецца, — журботна ўздыхнуў Казімір Іосі­фавіч. – Бачу, без адной дэталі тут не абыйдзешся...
— А калі без яе хто абыходзіўся? Пасядзім, абмяркуем... – залапатаў раптам, як смуглявы замежнік, майстар па дрэве, і паўтарыў гэта яшчэ разоў дзесяць, і шторазу гэтыя словы гучалі ўсё неразборлівей, і нарэшце зьліліся ў жывёльны рык, і я глядзеў зьнізу з жахам, як ён калупаецца ў зубах, і цётка Таня чысьціла хвост спрытнымі нафарбаванымі кіпцюрамі. Зоя расчэсвала сваю поўную галушак поўсьць, а мяне ўжо штурхалі ў сьпіну, у накірунку цывілізацыі й культуры, і я ўпаў на калені ды папоўз усьлед за імі, такімі доўганогімі, з навюткімі купюрамі ў кароткіх пярэдніх лапах, з любоўю на далёка выцягнутых наперад насам з кропелькамі поту на кончыках. І мае Дон Кіхот і Санча незадаволена нахмурыліся, пабачыўшы, што мы набліжаемся пакрысе да найбліжэйшае крамы, апірышча майго кволага супраціву.

Пахмельле наступнай раніцы, прыплюсаванае да скокаў маіх Фобі й Дэймі, ледзь не забіла мяне, а год ужо перавальваўся на другі бок, сьцягваючы з мяне коўдру, і каляндар не пасьпяваў спраўляцца з нашымі тычкамі ў час, грубымі тычкамі навобмацак, і Калюжын лез да мяне ў вакно. Бацькі тэлефанавалі, але я не падымаў слухаўку. Зоя раз-пораз зьяўлялася дома, запякаючы свае пальцы ў духоўцы, разьліваючы алей, засынаючы ў прыбіральні; цётка Таня саліла сала. Мая жонка згубіла працоўную кніжку, і пайшла яе шукаць, і прыйшла праз два дні з сіняком пад вокам, каб потым зьнікнуць яшчэ на тыдзень. Майстар па дрэве й Казімір Іосіфавіч заходзілі да мяне, і ганарліва лаяліся: а мы ж табе што казалі, не, сям’я ёсьць сям’я, мы табе, можна сказаць, вярнулі тваю законную супружніцу, налівай. І я наліваў, з запасаў цёткі Тані, а яна потым хадзіла да суседзяў патрабаваць плату, а я паміраў над пігулкамі, якіх не хапала, і аднойчы забыў за сабой выцерці, і з таго часу ўжо не выціраў. У тэлевізары зламаўся выключальнік, і мае Пушкін і Лермантаў марадзёрствавалі сярод руінаў, слухаючы, як на экране нехта намагаецца ўгадаць іхнія такія нескладаныя імёны.
Мне было шчыра напляваць на сваё атачэньне, што так весела бавіла час і замінала жыцьцю стаяць спакойна – ім усё здавалася, што ілюзія рухаў выратуе іх, і яны рухаліся, рухаліся, сінімі сваімі рукамі раптам пачынаючы нешта майстраваць, смажыць, зашпільваць, а потым зьнясі­лена спаўзаць па сьцяне ў свае лужыны, каб замерці, застыгнуць, і пабачыць сябе ў сваіх палых люстэрках з наклееным у куце сэрцайкам, і зноў адпрацоўваць свае працадні. Мае Стаўры і Гаўры зморана даканчвалі свой двухногі, двухрукі, зьмярцьвелы абед, яны ўжо адчувалі, што надоўга мяне ня хопіць.
Аднойчы ноччу я прачнуўся, мокрыя прасьціны зблытвалі мне ногі. Нейкі час я ляжаў нерухома, камары лаяліся са сваім дысьпетчарам. Нехта трэці пасяліўся ўва мне; я выйшаў на балкон і зразумеў, што дапаможа мне пратрымацца яшчэ трошкі ў сваім аздобленым па-сьвяточнаму целе. Яна гарэла ў ва мне, яна патрэсквала, бляднела і зноў расла, яна адкусіла кавалачак сьцябліны й запалала ўжо па-сапраўднаму, паядаю­чы галінку, на якой сядзела – прага помсты. Пякучае жаданьне знайсьці таго, хто так разнастаіў маё ціхае жыцьцё каля соннага паравозу, хто ўварваўся ў мой прывакзальны сквер, надало мне сілаў. Мае Фобі й Дэймі цяжка ўздыхнулі. Я залез у ванну, боль паспрабаваў выкінуць мяне вонкі, але толькі рыпнуў спружынай: я стаў на калені, і з маіх маленькіх катаў крапала вада, вада з алеістымі разводамі. Памаліўшыся камусьці, я паглядзеў у апошні раз на расстаўленыя пальцы сваёй правай рукі, на гэтую піктаграфічную інструкцыю па карыстаньні самім сабой, якую ўтваралі лініі майго жыцьця й каханьня, і потым, глыбока ўдыхнуўшы й не выдыхаючы, правёў асьцярожна падушачкамі пальцаў па жываце. Помста ня гасла. Я прымружыўся й пачаў ціснуць указальным пальцам на Фобі. Ён паспрабаваў мяне запалохаць: ведаеш, сігналізаваў ён мне, якія рэзервы болю тояцца там, пад маімі нявіннымі ягадзіцамі з зефіру й мармеладу? Твае рэшткі будуць тысячагодзьдзямі курчыцца ў зямлі. Спыніся. Але я не спыняўся. Мой дрыжачы, але рашучы палец націснуў на Фобі, як на расхістаную старую кнопку, рызыкоўны гузік званка... Неўзабаве Фобі быў ужо ўнутры мяне, умяціна на аўтамабільным крыле, сьлед аварыі без ахвяраў. Я націснуў на яго з новай сілай. Некаторы час ягоная пругкасьць пасьпяхова вытрымлівала мой націск, але чалавечы палец – значна больш моцная вынаходка, чым мы думаем – ускрайкі Фобі пачалі расступацца, мой палец адчуў не абароненую нічым мякаць ніжніх слаёў скуры, якая й ня ведала пра існаваньне эпі­дэрмісу; Дэймі, мне здавалася, бегаў вакол і ўстрывожана брахаў, перад маімі вачыма ўсё плыло, хутчэй не ад болю, а ад чаканьня ягонага працягу, аднак – радасьць першаадкрыцьця, задушша роспачы гналі мяне далей: Фобі лопнуў, і ў вока мне пырснула кроў, але я ўпарта ціснуў пальцам на гэты мокры й цёплы ўключальнік. Чым далей, тым, нібы ў моры, станавілася халадней, і палец увайшоў у нутро ажно да фалангі, і я не спыняўся – вось ужо ён цалкам пагрузіўся ў мае вантробы, і сок сьцякаў у астылую ваду сотняй барвовых ручайкоў. Я напружыўся, і нарэшце ўся мая рука да запясьця апынулася ў гэтай не такой ужо й страшнай ране. Я адчуў унутры пустату, а мой аэрастат імчаўся далей... Там было суха й пуста, і нешта шаргатала там, ува мне, і асыпалася са сьценаў, і на пальцы наматвалася павуціньне. Боль нарэшце прачнуўся й цяпер гуў, нарастаючы, недзе каля сэрца – таго самага месца, якое мая рука абагнула, па локаць занураная ў мой гулкі торс. Пальцы ўпёрліся ў вузкую адтуліну шыі, я склаў іх разам, і толькі тады яны здолелі трапіць у прыдоньне галавы – локаць цалкам увайшоў у мяне, я неасьцярожна таргануўся, скура вакол таго месца, дзе быў Фобі, трэснула, і ашмецьце з некранутым Дэймі, які цяпер мёртва гайдаўся на ім, павісла над маімі каленямі. Вада пада мной блішчэла, як марганцоўка. Адной рукой я трымаўся за ўмывальнік, а пальцы другой нарэшце дасягнулі выйсьця, упёрліся ў нёба, рушылі трохі ўніз і грукнуліся ў зубы. Я адкрыў рот, і пазногці з яркай пунсовай каймой мільганулі недзе пад крылцамі носу, я сагнуўся, рука правалілася ўнутр амаль па плячо, і вось нарэшце неабвержным доказам перад маімі вачыма зьявілася мая далонь, уся ў сівым дымным павуціньні нутра, яна рухала пальцамі, і мае вочы сьлеплі, адмаўляючыся ў гэта верыць. Пальцы правяралі сябе на рухомасьць, яны згіналіся й разгіналіся, адзін за другім, а потым сьціснуліся ў кулак. Я накрыўся прасьціной і стаў чакаць раніцы.

Стракатай і халоднай раніцай я спускаўся ў падземны пераход на сталічным аўтавакзале. Усю дарогу сюды мяне не пакідала адчуваньне, што са мной едзе хлопчык, неадвязны як цень, мой хлопчык, пра якога я ня маю права забываць. Ён і цяпер, здавалася, ідзе побач, бегаючы між рэхаў, зазіраючы за пустыя яшчэ вітрыны, гэты маленькі хлопчык у вязаных штанах, сіняй куртцы й швэдрыку – у цябе вылезла кашуля, давай паправім, я ведаю, што мае пальцы халодныя, пацярпі, ды пастой ты спакойна, вось, — і агаляецца ружовы жывот, а на ім, у самым нізе, нібыта фарбай, нібыта перавадныя карцінкі – дзьве плямы, дзьве копіі зусім блізкага арыгіналу, пакуль амаль пазбаўленыя аб’ёму, але з патэнцыя­лам шэдэўраў, а ў астатнім мы абсалютна здаровыя.
Мы пешшу пайшлі да бацькоўскай кватэры; цэнтр гораду быў спрэс заклеены афішамі, што паведамлялі пра заўтрашні канцэрт у палацы спорту нейкай патухлай зоркі – цікава, разважаў я, калі б тая зорка на піку сваёй кар’еры займела б такіх вось Фобі й Дэймі ў сваіх мільянерскіх майтках, тады б, мусіць, гэта стала б модна, і хлопчыкі ды дзяўчынкі шукалі б, дзе б заразіцца чым-небудзь падобным. І дэмаркацыйная лінія паміж пупком і лабком пралегла б значна ніжэй. Маладыя жанчыны ў акулярах сноўдалі міма так заклапочана, нібы іх таксама гнаў кудысьці таемны боль – зрэшты, жанчыны ведаюць пра боль болей, чым не-жанчыны. Дзеяньне выпітай яшчэ ў Калюжыне пігулкі сканчалася; калі яна была ўжо зусім на зылёце, я пасядзеў трохі ў бязьлюднай кавярні, ваду несьлі злачынна доўга, і мяне перапаўняў страх, што мае Дафніс і Хлоя вось-вось вырвуцца з клеткі.
Апошні месяц у Калюжыне зьмяніў мяне ня ў лепшы бок. Я баязьліва адзначыў, што алкаголь ужо не выклікае ў мяне колішняй агіды, ды што там казаць – у гэтую няўтульную раніцу мне проста хацелася выпіць. Не шляхетнымі маленькімі глыточкамі, не – выпіць нагбом шклянку й закусіць якой-небудзь пальцам пханай каўбасой. І ікнуць. І вылаяцца. Я б так і зрабіў, але мяне стрымліваў мой хлопчык. Дзе ён, дарэчы? Я выскачыў з кавярні й пачаў клікаць яго, вуліца зьдзекліва зашумела. Ды не было ў цябе ніякага хлопчыка, сказала мне прадавачка, хутаючыся ў сваю вязаную камізэльку. Не магло быць. А што трэба для таго, каб ён зьявіў­ся? Я вельмі хачу прыйсьці да сваіх бацькоў з хлопчыкам пад пахаю. Сувенір з Калюжына. From Kaluzhyn with love. Але ты мог прывезьці з Калюжына ўсё што заўгодна, толькі ня хлопчыка. Чаму? А хіба могуць даць прыплод шафа й пусты пачак з-пад пральнага парашку? Авадзень і самка жырафа? Карпаў і Каспараў? Жыхар планеты смактальшчыкаў і венерыянка? Розныя віды, розныя генетычныя будовы. Гэта ведае кожная калюжынская школьніца.
— Прывітаньне! – крыкнуў я, марудна выціраючы ногі, каб даць усім магчымасьць выйсьці да мяне пры парадзе. Кватэра, поўная гукаў, пакрысе суцішвалася. Нарэшце адсьвістаў сваё чайнік, і маці, абняўшы мяне, зірнула на пляцоўку: а дзе Зоя?
— Якая Зоя? – спытаў я зусім як у анекдоце пра Брэжнева й Хо­некера й пайшоў у лазьніцу.

Я быў гатовы прасядзець тут увесь дзень, у гэтай прыземістай, прагні­лай ад дажджоў хатцы на курыных лапках, якая стаяла ў цэнтры дзіцячай пляцоўкі перад домам, дзе жыла Наста. На шчасьце, ніводзін малы не зазіраў пакуль сюды, праз высечанае ў пазелянелым бярвеньні вакно – уяўляю, як бы я яго напалохаў. Аднак гэта быў ідэальны назіральны пункт. Я бачыў суседку Насты, якая калісьці заўжды вельмі ветліва са мной віталася, потым нарэшце зьвіліся яе бацькі, грузныя невысокія людзі з парасонамі, яны надзвычай пастарэлі з таго дня, калі я бачыў іх у апошні раз. Яны паволі прайшлі міма, метрах у пятнаццаці ад мяне, і я доўга чакаў, пакуль іхнія постаці зьнікнуць за паваротам, а потым запаліў цыгарэту.
Натуральна, больш за ўсё я баяўся, што яна зьявіцца не адна, што побач з ёй будзе йсьці нехта ладны-чакаладны, нехта, хто заняў мае ложкі, канапы й дыванкі перад імі, пасьля якіх калісьці так соладка балела сьпіна, нехта, хто выцесьніў з люстэрак гэтай знаёмай мне да дробязяў кватэры мае адлюстраваньні. Нехта, хто заняў маё законнае месца, як займалі калісьці мой столік у кавярні нахабныя падлюгі з барсеткамі й бранзалеткамі. Мне і ў галаву не прыходзіла, што Наста магла ўвогуле не зьявіцца, магла зьехаць кудысьці, быць на працы, перасяліцца да кагосьці... Мае вочы, вярнуўшыся ў звыклае асяроддзе, ужо некалькі дзён міжволі шукалі на гарадскіх вуліцах колеры яе адзеньня; натрэніраваныя ў свой час на белы, зялёны й чорны, яны цяпер успомнілі мінулае ды імгненна выхоплівалі з натоўпу кожную пародыю на маю Насту. Цікава, думаў я, у мяне нават не засталося на пальцы сьледу ад абручальнага пярсьцёнка, так хутка я яго зьняў – мае абручальныя пярсьцёнкі, нявесела ўсьміхнуўся я, зусім не на пальцах, яны зьзяюць зусім у іншым месцы, і вось: як толькі я ўзгадаў пра гэта, мае Мінін і Пажарскі занылі, папярэдне балюча кальнуўшы; я падсеў бліжэй да вакна.
Дурням шанцуе: апоўдні яна выйшла з пад’езду й пайшла чамусьці наўпрост да маёйго ўкрыцьця. Давялося вылезьці – я зьявіўся перад ёй як герой народнай казкі, яна застыла на месцы, агаломшаная, а потым зарагатала так, як калісьці, калі Калюжын быў для мяне толькі бессэнсоўным словам у тэлевізійных справаздачах пра ўраджай.
— Ну што, што ты плачаш, як курыца над шкарлупіньнем? – яна ўпёрлася рукамі ў бакі. – Небарака...
Мы пайшлі поруч па яе вуліцы, яна адразу ж пачала распавядаць пра тое, як прамінуў яе хуткі год, яна размаўляла так, нібы нічога не адбылося, нібы толькі ўчора ўпалі на жоўты пясок перад лякарняю яе старыя акуляры. Неўпрыкмет мы апынуліся на галоўнай плошчы, яна набыла сабе марозіва. Я амаль нічога не казаў, толькі няўклюдна паліў, і вецер скідваў попел на яе доўгую, да пятаў, спадніцу. Яна расказвала пра тое, што атрымала нядаўна правы кіроўцы, што скончыла курсы ангельскай, што яе бацькі ледзьве не разьвяліся ўвесну, але цяпер усё нармальна, толькі сьпяць у розных пакоях, яна балбатала пра тое, што ёй рабілі тры месяцы таму аперацыю па жаночых справах, пра тое, што адна яе сяброўка зьехала ў Піцер, пра тое, што яна прачытала за гэты год... Я нагадаў ёй пра інтэрв’ю Несьцера, і яна, з поўным ротам марозіва, са зьведзенымі ў салодкай малочнай сутарзе сківіцамі, замахала энергічна галавой, акругліўшы вочы – непрыгожая Наста, мярзотная Наста, мая Наста...
— Ты ня быў яшчэ на новым коле агляду? – яна выкінула абгортку ў сьметніцу. – Такая цікавая штука...
Яно ўзвышалася над паркам, як мост, як агромністы бубен са званочкамі. Мае ногі пахаладзелі, але я зрабіў крок, і другі, і трэці, і яна ўжо набывала квіткі, і нам несьлі каву (вох, гэты незабыўны смак апошняе кавы на языку пасажыра падаючага самалёту!). Кола здрыганулася, і мы паволі папаўзьлі ўверх.
Нейкі час мы сядзелі моўчкі, я прымружыў вочы, а цемра перад маімі вачыма асьвятлялася жахлівымі ўяўнымі карцінамі. Мае рукі абхапілі поручань так, што ад напружаньня цалкам маглі б раскрыцца налітыя яшчэ не зусім адчувальным болем бутоны Фобі й Дэймі. Я ні з таго ні з сяго пачаў ёй распавядаць пра іх, вось так, адразу, падштурхнуты невядома адкуль узьніклым імпульсам у спакутаваных мазгах, без усялякае прадмовы, — і нечакана для самога сябе адплюшчыў правае вока. Пада мной застыў горад, мне чуўся шум прапелераў, тонкая страла жаху працяла маё цела з ног да галавы, навылёт, а язык мой усё маляваў і маляваў перад Настай сцэны з удзелам гэтага таленавітага дуэту пад маім пасам. Мне падалося, што яна ня слухае, а потым, нейкім шостым, сёмым, восьмым пачуцьцём дапяўшы нарэшце, што мы ўскараскаліся на самую вяршыню, я проста застагнаў, ня маючы сілаў вымаўляць болей асэнсаваныя гукі... І ў гэты самы момант яе пальцы спрытна расшпілілі мне прарэх, і далей я праваліўся ў цёплае, гарачае, туды, дзе апынаюцца душы тых, хто бярэ авіяквіткі ў адзін канец, хаця ўпэўнены, што ў два.

На працягу ўсіх гэтых дзён я, аднак, ні на імгненьне не забываў пра сваю помсту. Знайсьці й хаця б проста зірнуць у ружовыя бязьлітасныя вочы брату й сястры маіх Адама ды Евы – вось што было маёй задачай. Пагатоў словы, якімі Наста разьвіталася са мной: “Можа, пабачымся яшчэ калі-небудзь”, не заміналі мне цалкам аддацца пошукам. Ён мусіў быць зной­дзены, той, хто адарыў мяне такой пакутлівай аздобаю, якога б полу ён ня быў. Я меў містычнае перакананьне, што выкананьне гэтае задачы прынясе мне палёгку, вылечыць мяне; мы ўсе становімся паганцамі, калі боль перасякае агавораную мяжу, усе, усе, нават скончаныя матэрыялісты...
Мне даўно прыйшла думка, што ў маіх пошуках могуць дапамагчы дзёньнікі, якія я вёў калісьці – недзе напрыканцы гэтага часавага прамежку мае Фобі й Дэймі ўпершыню ўручылі мне свае верыцельныя граматы. Калі выключыць з кола падазроных Насту, то насамрэч зьнікаў адзіны верагодны віноўнік маіх даволі працяглых урачыстасьцяў – далей была цемень, імгла, рухі навобмацак, якія маглі прывесьці да чаго заўгодна.
І вось нарэшце я сядзеў над тонкім сшыткам з маім дзёньнікам, што пахнуў падвальнай сырасьцю. Я пачаў чытаць, і неўзабаве гэтыя кароткія абрывістыя запісы так захапілі мяне, што я забыў, дзеля чаго, уласна, я ўвогуле адгарнуў дзёньнік, Наста сьмяялася мне ў твар, і патрачаныя на ўсялякія пустыя забаўкі грошы расьпіралі кішэню... Я спахапіўся й пачаў чытаць спачатку. Было вельмі цяжка ісьці па гэтай сьцежцы нікуды не зварочваючы, значна прыемней было б проста аддацца словам гэтае кронікі, іхняй бестурботнай плыні. “Не забывай, навошта ты гэта чытаеш!” – сказаў я ўрэшце самому сабе, і матчын папугай зірнуў на мяне насьмешліва праз свае краты; я дапіў бацькаў каньяк і перачытаў усё яшчэ раз.
Выходзіла такім чынам, што толькі адзін дзень з гэтых прыкладна дзьвюх ясных і відавочных сотняў матляўся на сваёй вяроўцы напалову абарваны, тоячы ў сабе загадку – тады я яшчэ сумняваўся, ці тая гэта загадка, якая мне патрэбная... “Напіўся як сурок у сваёй кавярні, нічога ня памятаю, нават як дамоў дабраўся”, — лаканічна паведамляў мне крывы й неахвотны запіс. Відаць, кепска мне было ў тую раніцу, калі я марна намагаўся выцягнуць амаль трынаццаць гадзінаў з калодзежу забыцьця... Гэта быў хаця б нейкі кручок, і я – мне нічога больш не за­ставалася – ухапіўся за яго.
За год нічога не зьмянілася: мае ўспаміны пра той вечар абрываліся на наступнай банальнай карціне: я сяджу за сваім улюбёным столікам у сваёй улюбёнай кавярні й п’ю сваю ўлюбёную гарэлку з астылай кавай. Хто яго ведае, якім чынам і навошта я тады так перабраў. Мяне, як я ўжо неаднаразова зазначаў, шчасьліва абмінула заганная, разбуральная схільнасьць большасьці маіх суграмадзянаў да алкаголю, калі людзі п’юць для таго, каб піць, лічаць гэта нечым накшталт спорту, і назаўтра здымаюць куплены ўчора боль новай порцыяй атруты. Магчыма, справа тут у тым выпадку, прысыпаным лісьцем майго дзяцінства: маці казала, што калі мне было гадоў пяць, я выпіў кілішак гарэлкі, зблытаўшы яго... ну, ня ведаю ўжо, з чым менавіта, можа, з сокам бярозавым... Я тады, паводле аповедаў, не заснуў імгненна, як любы іншы хлопчык на маім месцы, не, мне стала блага, і мяне нудзіла да раніцы. Потым я пакрысе прывучыўся да дабрадушнага на выгляд зьмея з Бахусам на зялёнай футболцы, але, за выключэньнем некалькіх адзінкавых выпадкаў, маім рэкордам заставаліся класічныя сто грамаў маленькімі доўгімі глыткамі. У той злавесны вечар я, на сваю бяду, чамусьці гэтае правіла парушыў.

Я ненавідзеў гэтых падлюгаў, якія займалі мой столік, той, які каля самага выхаду. Вось і цяперака ён быў заняты – я вырашыў не зьвяртаць на гэта ўвагі й стаў у чаргу, якая, зрэшты, даволі хутка выштурхнула мяне да рагоў піўнога апарату.
— Даўно нешта вас не відаць, — усьміхнулася мне залатазубая прадавачка. – Як раней, ці...
Я замовіў гарэлку й каву ды, пакуль другая, маладзейшая, налівала мне з непрыстойнымі гукамі аўтаматычную брунатую бурду, паспрабаваў патлумачыць, што мяне, уласна, цікавіць. На шчасьце, за мной ніхто не стаяў, сьмярдзючы дзед, якія жаваў свае аб’едкі ў самым куце, пазіраў на мяне з жабрацкай юрлівасьцю, аднак наўрад ці прыслухоўваўся да маіх даволі блытаных словаў.
— Тады, калі гэтыя двое пацягнулі вас... куды там, у аэрапорт? – выявілася, што ў пажылой прадавачкі не такая ўжо дрэнная памяць. Проста знаходка для дэтэктыва-аматара. “Не”, – памахаў я галавой, набываючы ў яе для яе ж сьціплую, але густоўную чакалядку. “Перад гэтым. Я тады піў адзін, і, ведаеце, перабраў, бывае...”.
Прадавачка задумалася, і тады з-пад вітрыны вынырнула яе каляжанка:
— Успомніла! Вы ж не адзін тады тут сядзелі... То бок спачатку адзін, а потым да вас падсеў нехта, такі ў плашчы...
— Разумніца, — прашаптаў я й дадаў ужо гучней:
— Дайце мне яшчэ бутэльку шампанскага для самых лепшых і абаяльных работніц нашага гандлю ды абшчапіту! Для вас, дамы! Далучыцеся?
— Мы на працы, — засьмяяліся яны: у маладзейшай таксама былі залатыя зубы. – Вы ведаеце што, падыходзьце перад самым закрыцьцём, і тады ў нас будзе хвілінаў пятнаццаць...
— Вы заслугоўваеце як мінімум доўгай і зорнай ночы, — адказаў я сур’ёзна. – Я буду мець на ўвазе. І ўсё ж: хто ж гэта быў тады са мной?
— А нам адкуль ведаць? – сказала старэйшая, наліваючы камусьці прастыламу кіпень і апускаючы туды пакецік з гарбатай. – І наогул: а навошта гэта вам? Спадабалася з ім...? А вам праўда жанчыны падабаюцца? Ці ў вас іншае... хобі?
Яны зарагаталі.
— Я, прызнаюся вам, пісьменьнік... – сказаў я хутка. – Але справа ня ў гэтым. Той мой сабутэльнік узяў у мяне адну вельмі каштоўную кнігу й не вяртае, гад. А кніга мне якраз вельмі спатрэбілася.
— Ня ўмее хлусіць, — з жалем канстатавала старэйшая, павярнуўшыся да каляжанкі. – Прыдумаў бы што цікавейшае...
— Той, што з вамі сядзеў, — таксама быў... – маладзейшая пстрыкнула пальцамі. – Ну, з гэтых... Мастак, ці што... Не, не, успомніла, пісьменьнік... Я якраз несла нешта вунь за той столік, там заўсёды такі маладжавы хрэн садзіцца, ну ты ведаеш, Надзя, такі ўвесь з сябе...
— А, жаніх, — старэйшая пажадна пасьміхнулася.
— Ну, — маладзейшая задумалася. – І вы ўсё пра кніжкі, пра лі-та-ра-ту-ру... Ён такі неахайны быў, у плашчы, так... Пальцы кусаў, у носе калупаўся... Паветра псаваў... Мы яшчэ іржалі тут, за касай... Ды мы ўвесь вечар іржалі, пакуль вы не сыйшлі...
— Мы разам сыйшлі? – я схапіўся пальцамі за абрус.
— Так, — у адзін голас сказалі мілыя мае жэншчынкі – ім надакучыла гэтая размова, пагатоў за мною ўжо шыхтаваліся супрацоўніцы банку, нецярпліва паглядваючы на свае вегетарыянскія салаты.

Я заўсёды меў падазрэньне, што нашыя з Несьцерам шляхі калі-небудзь перакрыжуюцца. Высьветлілася, што гэта адбылося задоўга да таго, як я пра тое даведаўся. Кожны лішні кілішак – цагліна ў падземным бункеры нашага патаемнага жыцьця. Калі такое здарылася са мной, непітушчым нягоднікам, то магу сабе ўявіць, колькі жыцьцяў маюць запойныя алкаголікі, як мала яны ведаюць пра сябе, колькі чашуйчатых зьвяроў уласнай біяграфіі высьлізгнула з-пад коўдры іхняе памяці...
Дзе знаходзіцца сталічны Дом пісьменьніка, я ведаў – і гэта быў адзіны спосаб знайсьці Несьцера. Не, вядома ж, мне ня вельмі хацелася туды йсьці, і я спачатку паспрабаваў сутыкнуцца з ім на вуліцы, наведваў ягоныя ўлюбёныя месцы, але той як скрозь зямлю праваліўся, ці проста гэтыя самыя ўлюбёныя месцы цяпер займеў іншыя?... У Доме пісьменьніка – ён тады яшчэ часткова належаў сваім гаспадарам – мы з Настай бывалі некалькі разоў, сядзелі ў ягонай вечна паўпустой халоднай зале, пасьля якой у Насты заўсёды падымалася тэмпература, слухалі, як дрэнна чытаюць свае неблагія тэксты нашыя інжынеры чалавечых душаў. Тут мусілі ведаць, дзе мне шукаць маю ахвяру, ці дзе ахвяры шукаць свайго ката...
Праз службовы ўваход, ці як ён там у іх называецца, проста так прайсьці не ўдалося. Падобны да кастрыраванага ката ахоўнік запатрабаваў запісацца ў адмысловым журнале, і я вывеў там, пад уганараванымі ўсім чым магчыма прозьвішчамі, якія ўзьненавідзеў яшчэ ў школе: Бабаджанян, 12.45. Ахоўнік ня гледзячы загарнуў журнал, я падняўся наверх.
У прыёмнай сядзеў нейкі поп і чытаў сьвежы нумар апазіцыйнае газеткі. “Вы пачакайце, зараз хто-небудзь зьявіцца”, — сказаў ён заканамерным басам. Я выйшаў у фае, паляжаў у прахалодным фатэлі, папаліў на балконе. Вярнуўся, зноў упаў у фатэль, там было вельмі прыемна выцягнуць ногі, у гэтым агромністым фатэлі, абцягнутым малінавым дэрматынам. Са сьцяны на мяне сувора глядзелі палеглыя за Сталіна майстры айчыннага прыгожага пісьменства. Зьлева ад іх віселі фатаграфіі тых, хто загінуў за што-небудзь іншае. Час цягнуўся марудна, пісьменьніцкая сіеста, відаць, толькі пачыналася. Я падняўся й, заклаўшы рукі за сьпіну, падышоў паглядзець у бесьсьмяротныя твары. Дошку можна было разглядваць бясконца, але я нарэшце зазірнуў у вочы кожнаму й перайшоў да сьвежазакапаных. Зрабіў тры крокі й здранцьвеў. Проста на мяне з чорнай траўрнай рамкі ўтаропіўся Несьцер.
Я ня мог адвесьці ад яго вачэй, а Несьцер, здавалася, усьміхаўся з задаволеным выглядам чалавека, які ўсіх падмануў, а самога сябе так і ня даў правесьці. І ніколі ўжо ня дасьць. “Сволач”, — сказаў я яму ціха проста ў твар. Несьцер зноў усьміхнуўся, а потым па-прыяцельску падміргнуў камусьці, хто, радасна паціраючы рукі, бег у кабінет. Гэты літаратар, відаць, толькі што паабедаў. Ён заўважыў мяне й спыніўся побач, з любоўю разглядваючы й так, відаць, да драбніцаў знаёмыя яму фота.
— Ён жа быў даволі малады... – няўпэўнена прамовіў я, паказаўшы на Несьцера пальцам.
— Гарэлка... – разьвёў рукамі пісьменьнік і разгублена засьмяяўся. – А колькі мог яшчэ добрых вершаў напісаць...
— Несьцер, наколькі я ведаю, пісаў прозу, — асьцярожна выправіў яго я, разважаючы, ці мог аб’ект маіх пошукаў займацца ўпотай версі­фікатарствам.
— Несьцер? – мой сусед зноў засьмяяўся. – Не, гэта Дудкавец. Няхай будзе яму зямелька пухам. Несьцер жывы й здаровы, што яму зробіцца... Несьцер у нас жыцьцялюб і педант. Ён цяпер за мяжой, сабака, прахладжаецца там...
Пісьменьнік з зайздрасьцю прымружыўся і з ахвотай паказаў замежны часопіс з маім любімым апавяданьнем Несьцера, над якім усьміхалася фота незнаёмага мне чалавека, падобнага да парасяці. Я хутка пералічыў, колькі маю ў кішэні грошай, узяў творцу пад дабрадушны локаць, і мы рушылі ў кавярню.

Я ня буду распавядаць пра тое, колькі разоў мне давялося мокнуць перад шэрым замкам амбасады, пад стракатым вясёлым сьцягам, з якой цяжкасьцю я здабыў неабходную суму, колькі анкетаў сапсаваў, колькі здымкаў былі забракаваныя ветлівай юнай гадзінай у куленепрабіўным акенцы – толькі калі мая асоба паўстала перад ёй у чым маці нарадзіла, на вораху дакументаў і даведак, яна трохі зьмякчылася; я ня буду апісваць, якое кола чужых людзей было ўцягнутае ў працэс здабываньня для мяне запаветнага запрашэньня. Я ня буду доўга казаць пра тое, як я перасек урэшце дзяржаўную мяжу, у адным вагоне з цэлым натоўпам дзіўных істотаў, ствараючы якіх, Бог узяў пяць пудоў размарожанай кураціны й паўпуду нізкаякаснай гліны. Я ня буду расказваць пра ўсе мае перасадкі, пра тысячы цыгарэтаў на начных абыякавых вакзалах пад дэмакратычным месяцам, пра раскошу другога класу ў, здавалася б, нерухомых цягніках, якія тым ня меш няўхільна пасоўвалі мяне ўсё бліжэй да мэты па гуляльнай дошцы Еўропы, пра сонцы на дахоўках маленькіх гарадкоў, якія раптам вынырвалі з-пад рэкламных узгоркаў, пра бліскучыя рачулкі й рэкі, якія ўпадалі зусім не ў Касьпійскае мора, пра кантралёраў з завушніцамі й рыцарскую прыгажосьць сабораў і кірхаў. Мне здавалася, я ехаў месяц, а насамрэч ужо праз два дні паліў на дагледжаным і паўпустым вакзале гораду Холенбургу, разважаючы, у які бок мне трэба цяпер ісьці. Мой пашпарт з тыднёвай візай ляжаў у нагруднай кішэні й штосекунды страчваў сваю магічную сілу.
Засяліўшыся нарэшце ў гатэль і з сумам дасьледваўшы зьмесьціва міні-бару ў сваім нумары, я пайшоў аглядаць горад. Тут кроку нельга было зрабіць, каб не наступіць на які-небудзь помнік гісторыі або архі­тэктуры, і любы цень, у якім я апынаўся, адразу ж цягнуў за сабой тысячы сярэднявечных зданяў, тут на вуліцы ніхто не зазіраў табе ў вочы, нібы пытаючыся штось, тут вузкія вуліцы сярод чырвонагаловых будыначкаў раптам расступаліся й выпускалі на волю які-небудзь ачмуральна прыгожы палацык, тут любая арка каштавала цэлага музею на маёй айчыне, тут насілі паласатае ды елі смажаныя каштаны – але, вядома ж, ня гэта, зусім ня гэта было маёй мэтай. Знайсьці ды адпомсьціць, адпомсьціць, хаця б проста нагадаўшы пра сваё існаваньне, або пракласьці праз Несьцера, калі ён быў толькі сувязным, дарогу помсты да сапраўднага віноўніка; віноўніцы?...; нявіньніцы?...
Ад такое раскошы ў мяне хутка забалела галава, і ўжо а дзявятай вечару ў першы дзень я ляжаў у гатэлі, накрыўшы лоб мокрай гаючай прасьціной, а ў майткі засунуўшы ледзяшы з міні-бару – не хапала яшчэ, каб мае Фобі й Дэймі ўтварылі ў хаўрусе з маёй сардэчна-сасудзістай сістэмай хітры бязьлітасны кактэйль... Паміраць у Холенбургу, далёка ад месца прапіскі, мне зусім не хацелася. Чалавек мусіць паміраць там, дзе прапісаны. Навошта парушаць законы Скарыны й пашпартовы рэжым? На дзіва, на наступную раніцу я прачнуўся, пачуваючыся досыць добра, і, імгненна праглынуўшы халяву сьняданку, выправіўся на сваё паляваньне.
Я блукаў па Холенбургу, як разыходзяцца колы па вадзе: у першы дзень я абышоў кварталы вакол гатэлю, у другі зайшоў далей, натрапіў­шы на нейкі манастыр і потым, праз гадзіну шпацыру, вярнуўся да яго ж, каб пачаць усё спачатку, потым я набыў мапу й далей арыентаваўся па ёй, усё ходзячы й ходзячы коламі, дзень, і другі, і доўгую цёплую дажджлівую раніцу... Брук холенбургскіх вуліцаў пакрысе станавіўся мне знаёмым, і я ўжо мог, не падымаючы галавы, зразумець, якой вулкаю крочу... У горадзе майго няўдалага шлюбу я таксама зарыентаваўся, бадай што, за два дні. Дый увогуле: колькі таго Холенбургу? – як казаў майстар па дрэве Раман, які цяпер, тут, уяўляўся мне ня больш рэальнай асобай, чым Бэтмэн.
Мне заставалася прабавіць тут адзін дзень, а ніякім Несьцерам тут і ня пахла. Ні ў літаратурхаўсе, ні ў іншых усьмешлівых і добразычлівых арганізацыях пра яго ніхто ня чуў. Анічога. Я тоўкся ў супермаркетах і ў кавярнях, я сядзеў пад аблупленым помнікам сярод сытых панкаў і гадзі­намі абыходзіў найбольш людныя вуліцы, рызыкуючы патрапіць пад ровар. Аднойчы я нават паспрабаваў пагаварыць з нейкім дзядулем, якога незнарок піхнуў локцем на ціхай бязьлюднай вуліцы – ён адказаў нешта з усьмешачкай на мае грубаватыя прабачэньні, і я з адчайнай надзеяй, блытаючы свае, тутэйшыя ды ангельскія словы, стаў пытацца ў яго, дзе мне знайсьці чалавека, які б мог даць мне адрас аднаго замежніка... пісьменьніка... ўрайтэр... фром... Вуліца была напраўду пустэльная й надзвычай зялёная, белыя двухпавярховыя сядзібы хаваліся за расьліннымі агаро­джамі, недзе паблізу брахаў не па-нашаму сабака, на шыльдзе каля бліжэйшага дому было напісана, што тут жыве нейкі доктар Шпэцль, сонца лянотна сядзела на ліпах, замкі цяжка зьвісалі з брамаў – ён не зразумеў нічога, заахвочвальна паляпаў мяне па плячы й пакульгаў далей.

За гэтыя дні, пасьля якіх у мяне нылі ногі й стаяла ў горле пракіслая крыўда на самога сябе, я некалькі разоў чуў на вуліцы скарагаворку russisch‘у, і міжволі абарочваўся, каб потым ціха вылаяцца пра сябе. У першы раз гэта адбылося яшчэ на вакзале – падобная да цёткі Тані жанчына доўга не магла вырашыць, з якога боку ёй падступіцца да багету з салатай і вэнджанінай, а потым смачна плюнула, усклікнула: “Каво я тут любіла?” і выняла ўстаўную сківіцу, паклаўшы яе ў шклянку з негазаванай мінералкай. Потым на вясёлай плошчы ў цэнтры гораду двое маіх аднагодкаў не маглі дамовіцца, купляць ім статуэтку з амурамі ці не, і яны, спачатку напаўголасу, а потым з усё большым імпэтам пачалі сварыцца, адначасова прафесійна настальгуючы й нарэшце ўжо зусім не зьвяртаючы ўвагі на зьбянтэжаных холенбуржцаў з дзецьмі й каляскамі. Скончылася ўсё тым, што яны размацюкаліся на ўвесь гэты няшчасны старажытны каменны пляц, і ён ударыў яе ў вока, а яна ўпала ды закачалася па бруку. Быў яшчэ выпадак, калі я сядзеў на лавачцы ў невялікім парку, побач прыселі дзьве тыповыя калюжынкі ды давай прыцішана крыць на чым сьвет стаіць гасьцінны горад Холенбург, адначасова адказваючы фальшыва-зычлівымі ўсьмешкамі шпацыруючым міма тутэйшым жыхарам. Не, не пасавала гэтая мова Холенбургу, відавочна не пасавала, і справа тут ня ў нейкім нацыяналізме – яна не пасавала гэтаму месту так, як мне ніколі не пасаваў алкаголь.
Можа быць, менавіта праз гэтыя здарэньні я стаў успамінаць тут, чаму мяне вучылі ў школе, і нават памянуў добрым словам колішнюю сваю настаўніцу замежнай, незалежнага выгляду жанчыну з сімпатычнымі вусікамі над верхняй губой – некаторыя правілы яна прышчапіла мне на ўсё жыцьцё, і цяпер яны ўсплывалі, абвітыя дваццацігадовымі водарасьцямі, аднак жа іх можна было адчысьціць, прыклаўшы некаторыя намаганьні. У мяне проста не было часу... Некалькі начэй запар я засынаў, пакутуючы над слоўнікам у мяккай вокладцы, які набыў яшчэ ў сваёй сталіцы, і жахаўся: як гэта можна запомніць чалавеку з калюжынскай прапіскай, чым адрозьніваюцца, да прыкладу, das Ereignis, das Erzeugnis, das Ergebnis, die Erkenntnis, das Erlebnis i die Erlaubnis?

Мае Фаўст ды Мефіста паводзілі сябе ў Холенбургу даволі паслухмяна, толькі зрэдку нагадвалі пра сябе, нібы папярэджвалі, каб не забываўся пра іх. Усё ж нездарма ў гэтыя мясьціны прыязджалі сто пяцьдзесят гадоў таму хіба ня ўсе цяперашнія класікі, а тады – сухотнікі й гулякі з суседняй краіны. Прынамсі, мае дарагія Фобі й Дэймі нешта такое на сабе адчулі, знаходзячыся тут, нешта такое, што прымусіла іх схаваць на нейкі час джалы. Можа, і Несьцер лечыцца тут такім чынам ад сваіх... Цікава, як ён іх называе, з ягоным талентам?
У ноч з пятніцы на суботу, дрыжучы пад бездакорнай гатэльнай коўд­рай – я ня ведаў, як уключыць ацяпленьне – я раптам падумаў пра тое (нават дзіўна, як гэта мне не прыходзіла раней у галаву), што адбудзецца з Зояй і яе сваякамі й знаёмцамі, калі мае баявыя ўзнагароды маюць здольнасьць да міграцыі. Няўтульная цемра нумару й бомканьне звані­цаў на далёкай царкве неўзабаве зрабілі сваю справу: мне ўявіліся цётка Таня, і майстар па дрэве, і Казімір Іосіфавіч, і Даша, і яе сын, і іншыя калюжынцы, якія маглі б – тэарэтычна – уступіць у мой клуб. Вось яны знаходзяць на сваіх здаровых, звыклых да атруты целах гэтыя кветкі-сюрпрызы, стрыечных братоў і сясьцёр маіх Фобі й Дэймі, і лаючыся, спрабуюць спаліць іх кіслатой, заліваюць іх сьпіртам, едуць на «уазіку» Дубанцэвіча да бабкі Адэлі ў Аўгінін Стан. І аўгінінскія дзеўкі атупела разглядваюць мой ім апошні падарунак, а потым гарачай ноччу, ля пякельнай печы, абдымаюць бабку, і душаць яе, душаць, на гэта ня трэба шмат моцы, сухія сухажыльлі хутка рвуцца, і адна бярэ бабку за ногі, а другая за рукі, і ў печы палае агонь – паехала бабка, а як жа, паехала да сястры ў Тулу. Гасьцінцы павезла. Яна добра жыла, бабка, ня скардзілася. Дадатак да пенсіі атрымлівала штотыдзень. Ага. Праз дотыкі, праз эякуляцыі, праз руканьні й сьліну на аблізаных лыжках насеньне Фобі й Дэймі вандруе па краіне. І вось яны курчацца ад болю: незнаёмыя адно адному людзі, з розным сацыяльным статусам, з розным палітычным Фобасам, з розным рэлігійным Дэймасам. Гэта, відаць, і ёсьць усенародны боль. Нарэшце яны сталі нацыяй. Нарэшце знайшлося нешта, што іх аб’яднала. Згуртавала іх, маіх суайчыньнікаў. Маіх суседзяў. Маіх забойцаў. І ўсё ж яны выжывуць. Знойдзецца прарок, народны доктар, які скіне з трону бабку Адэлю й зоймецца лекаваньнем. І імя яму будзе – Калдун першы.

Мне заставалася прабыць тут паўтары дні, і я ўжо амаль апусьціў рукі, хадзіў, галодны, па бесклапотным, напоўненым дзецьмі ды птахамі гора­дзе, пазіраў на вітрыны, калі зьнянацку натрапіў на плакат, што вісеў на ваконным шкле невялічкай крамы. Жыхароў і гасьцей гораду запрашалі на Сьвята Агню, як я высьветліў, зазірнуўшы ў слоўнік, на вялікае сьвята нядзельным вечарам. Мая змарнелая логіка раптам сонна прамармытала нешта, і я нярвова намацаў у кішэні апошні з запасу цыгарэтаў пачак. Наколькі я зразумеў з яе блытаных кволых рэфлексіяў, Несьцер цалкам мог апынуцца там заўтра, на гэтым сьвяце, у дваццаці кіламетрах ад гораду, на возеры Шпотэнзэе. Як любы апантаны ідэяй-фікс чалавек, ні пра што іншае я думаць ужо ня мог. У мяне папросту ня мелася іншых варыянтаў. А шукаць сярод пяці тысячаў чалавек лягчэй, чым сярод ста пя­цідзесяці тысячаў. Ён мог там быць. Ён мусіў там быць. Ён там будзе. Я меў падставы так думаць, і вось чаму.
“Фейерверк” – так называўся адзін з раньніх ягоных раманаў, ну, той, дзе ўсё дзеяньне пастаянна суправаджаецца змрочным цёмна-рудым колерам; там на ста старонках па чарзе апісваюцца будзённыя клопаты адной дзяўчынкі гадоў дзесяці й маладога чалавека, што закаханы ў сваю шэфіню, вось такія два галоўныя героі, не знаёмыя паміж сабой, жывуць, са сваімі маленькімі клопатамі й непрыкметнымі радасьцямі, адна расьце, другі пакутуе, мучаецца ад бяссоньня, забываецца... Нарэшце ў гарадку, дзе яны жывуць, сьвяткуюць нешта, і дзяўчынка залазіць на высокую-высокую мачту, каб лепш было відаць. Сядзіць там і чакае. А малады чалавек дапамагае ў тэхнічным забесьпячэньні фейерверку. Ён (з-за бяссоньня ці праз свой неадвязны галаўны боль) дапускае мімалётную памылку, такую на першы погляд дробную, што ня толькі ён сам – ніхто гэтага не заўважае. На вялікім полі, дзе сабралася амаль усё насельніцтва гарадку, адбываецца катастрофа – агонь паглынае ўсё навокал, натоўп гіне, нічога ня ў стане зрабіць. А дзяўчынка сядзіць на мачце, высачэзнай мачце, і назірае за фейерверкам.
Несьцер потым прагаварыўся ў адным інтэрв’ю, што яго насамрэч вельмі цікавяць фейерверкі, гэтая “арыстакратычна-герастратычная” забава, як ён выказаўся. Ён сказаў, што нават калекцыянуе кнігі па гэтай тэме. Я быў ужо амаль упэўнены, што ён мусіць зьявіцца на Шпотэнзэе – калі ён увогуле знаходзіцца ў Холенбургу.
Наступнай раніцай я выйшаў з гатэлю а трэцяй, каб да надыходу прыцемак быць на возеры – я пайшоў пехатой, і трохі не разьлічыў: трамваі ў нядзелю хадзілі радзей, і мапа ня ўлічвала таго, што дарогу наўпрост да вёсак на ўзгорку перакрылі. Я пайшоў у абход, і мае ногі перасоўваліся ўжо, бадай, аўтаматычна, калі елкі раптам расступіліся, і я пабачыў перад сабой карані тых вогненных сьцяблінаў, галоўкі якіх я мог назіраць высока ў небе, калі не бяз страху прабіраўся скрозь казачны лес з ягонымі гатычнымі ўказальнікамі. Увесь бераг Шпотэнзэе быў уш­піляны людзьмі, тут было сьветла як днём, і хвілінная цемра, якая вярталася сюды ў кароткіх перапынках паміж стрэламі, сустракалася дружным захопленым воем. Між дубовых сталоў шныралі задаволеныя афіцыянты, шыпела маладое віно, шыпела ў агромністых келіхах піва, шыпелі сасіскі на вуглях, шыпела вада, калі ў яе з вышыні абрыналіся аганізуючыя агні. Хораша было ўсім, апрача мяне, нехта ў фартуху ўжо цягнуў мяне пачаставацца тутэйшай закускай, і ў зарасьніках паблізу чуліся песьні. Я марудна пралазіў праз вузкія праходы, натыкаўся на тлустыя сталы й за­зіраў усім у твары, выклікаючы прыязны рогат й кулямётныя чэргі словаў. Над возерам усё распускаліся й распускаліся агністыя кветкі, да макаўкі асьвятляючы бліжэйшую невысокую лясістую гару.
— Смачна есьці! – сказаў я задыхаючыся й з палёгкай апусьціўся побач з Несьцерам.

Ён ускінуў бровы, але адказаў, і пасунуўся, даючы мне болей месца; ён паводзіў сябе спакойна, бо відавочна не разумеў, хто я. Мне прынесьлі піва й сасіскі з хлебам – ня зводзячы з Несьцера вачэй, у соты раз зьвяраючы мысьленна ягоны твар з фотаздымкам у часопісе, я пракаўтнуў сваю дзіўную вячэру ды адкінуўся на сьпінку лавы.
— Вы – Несьцер? – сказаў я, даючы яму шанец павыкручвацца, пахітрыць, прадэманстраваць сваё гнілое нутро, аднак ён згодна хітнуў галавой і, перапрасіўшы, прадставіў мне хударлявага пажылога тубыльца ў спартовай куртцы й шаліку:
— Доктар Герхардт Шпэцль, мой тутэйшы гаспадар і гід.
Я паціснуў руку доктару, успамінаючы, дзе ж мог чуць ягонае прозь­вішча. Фейерверк распачаўся з новай сілай. Несьцер махнуў камусьці рукой – ці то афіцыянту, ці то сваім браткам. Я дапіў піва й прыцішана спытаў: “Вы мяне ня памятаеце?”.
— Напэўна, мы бачыліся ў Саюзе пісьменьнікаў, — ён паціснуў плячыма, чысьценькі, ахайны, з прыгожай маршчынай праз увесь лоб, зусім не такі тоўсты, як на фотаздымку, але з поўным, мясістым тварам, з рассыпаным вакол пераносіцы рабаціньнем, абсалютна не падобны да таго паэтычнага сьмярдзючага зьлюку, якога я, дый ня толькі я, так доўга прымаў за цябе, Несьцер. – Як вам Холенбург?
— Давайце пакінем гэты журналісцкі тон, — злосна прамовіў я. – Вы цудоўна ведаеце, навошта я тут.
Доктар Шпэцль з інтарэсам прыслухоўваўся да нашае размовы, відаць, гукі чужой мовы прыносілі яму кашэчае задавальненьне, ён усьміхаўся, мружыўся й цёр тыльным бокам далоні шчокі, на ягоным ілбе праступала выпарына, а ў вачах сьвяцілася мальба: перакладзіце мне. Мой змрочны голас яго, па ўсёй бачнасьці, зусім не бянтэжыў, ён, напэўна, адносіў яго да асаблівасьцяў нашае фанетыкі.
— Ведаеце ж?
Несьцер уздыхнуў, адвярнуўся й потым сказаў, так ціха, што мне давялося прысунуцца да яго ўшчыльную:
— Ведаю. Пачакайце трохі.
Ён выдаў доўгую тыраду, зьвернутую да доктара Шпэцля, і вось доктар ужо бег да вады з фотаапаратам; нам прынесьлі яшчэ па піву. Я загарадзіў Несьцеру праход, запаліў цыгарэту, ён нявесела пасьміхнуўся й, летуценна гледзячы на спаласаванае сьвятлом возера, неахвотна пачаў гаварыць.

Як чалавек, відаць, не адзінокі ў сусьвеце, так і мы не адзінокія ў саміх сабе. Я – гэта заўсёды ня толькі я, гэта я плюс тое, што я ствараю, тое, што пра мяне думаюць іншыя, тое, якім я сябе ўяўляю, я – гэта мая асоба і асоба аўтара некалькіх кніг – гэта розныя людзі, паверце, і гэта зусім іншая асоба ў інтэрв’ю, і гэта абсалютна іншая асоба ў крытычным артыкуле, прысьвечаным мне – мне якому? Невядома, бо я – гэта яшчэ й безьліч фотаздымкаў, і мае вобразы ў нечай памяці, якія нехта бачыць праз адно шкло, а нехта – зусім праз іншае. Я – гэта мімаходзь кінутае калісьці слова, я – гэта прозьвішча, якое нічога нікому не гаворыць, і адначасова я магу быць вялікай літаратурнай плыньню. Я заўсёды мае рознае аблічча, хаця яно, як мы ўсе чамусьці ўпэўненыя, нібыта адно. Яны кажуць – цэльная асоба, я кажу: цэльная асоба ёсьць міфам. Ня ведаю, ці зразумела я тлумачу... Для маёй маці я – адзін чалавек, для маіх чытачоў – другі. Для маёй Евы я быў зусім іншым, чым для таго крытыка, які ўсё папракаў мяне, памятаю, за штучнасьць сюжэтаў, за, дайце я ўспомню: за наўмысную адарванасьць ад аб’ектыўнай рэальнасьці. І будзьце пэўныя: калі б усе гэтыя мае я сустрэліся ў кабіне ліфту, яны не пазналі б адно аднога. А калі б пазналі, усчалі б бойку. Хаця, здавалася б, адзін чалавек, адна асоба.
Нашае першаснае я, дакладней, тое, якое мы лічым першасным, імкліва разьвіваецца; астатнія, якія я так няўдала пералічыў, відазьмяняюцца звычайна вельмі марудна. Чалавеку публічнаму ў гэтым сэньсе асабліва цяжка: чым меней людзей цябе ведаюць, тым лягчэй трымаць у кулаку сваёй волі гэтыя паўзучыя, няўрымсьлівыя я. А калі ты дасягаеш хаця б невялікай вядомасьці... Ты можаш зьмяняць сьветапогляд, зьнешнасьць, ты можаш адкрыць у сабе й паказаць сьвету свае новыя таленты, якія толькі што нарадзіліся, ад якіх яшчэ йдзе пара радавой крыві... Ты лічыш, што цябе не пазнаць, што ты стаў больш умелым, больш тонкім, што твая душа пакрылася высакароднай сівізной мудрых думак, ты лічыш, што час мінае... Аднак шмат каму пра гэта нічога невядома. І тая нясьмешная й недарэчная показка, якую ты пяць гадоў таму распавёў на адной вечарынцы, для многіх застаецца дагэтуль тваёй адзінай і самай слушнай характарыстыкай. І задача, якую ты вымушаны перад сабой паставіць, калі хочаш заставацца на паверхні, папросту грандыёзная, накшталт павароту ракі ў адваротны бок: ты мусіш сам, сваімі рукамі, узмахам сваёй чароўнай палачкі стварыць сваё новае я, выканаць працу, якая дагэтуль зьдзяйсьнялася сама сабой...

Якая прыгожая дзяўчынка. Ну, падыдзі сюды. Ком, ком, Хельга. Сядай. Вось, паглядзі, што ў мяне ёсьць, тут, у кішэні. Гэта я прывёз здалёк. З халоднай паўночнай краіны, там цяпер ужо першы сьнег ляжыць, а тут толькі лісьце пачырванела. Гэта дачка доктара Шпэцля. Пасядзі з намі, ня бойся.
Гэта вельмі цяжка зразумець. Прырослую маску можна зьняць толькі разам з галавой. Калі я быў малады, мяне ведалі як аўтара дурных вершанятаў. Напрыклад, я выходзіў і чытаў перад поўнай залай: У Лондане столькі часу, у Петрапаўлаўску-Камчацкім столькі, у Вене столькі, а ў Парыжы столькі, а ў вёсцы Вязынка столькі, а на Месяцы столькі – гэта прамаўлялася спакойна, нават з мёртвым, я сказаў бы, спакоем, публіка слухала, прыціхала, і тады я выбухаў: я раптам пачынаў дзіка крычаць нешта кшталту: а ў маёй сталіцы сем раніцы, і я ляжу каля помніка Багдановічу й мяне ванітуе, бо ўсю ноч мы сёньня смакталі хвасты забітых пазаўчора ў гонар Бесьсьмяротных Трактарыстаў парасятаў... Пакрысе я стаў ненавідзець гэтую сваю так званую творчасьць, а потым... Я напісаў свой першы “сур’ёзны” раман, і потым напісаў яшчэ адзін, “Фейерверк”, і іх чыталі, так, чыталі, і што самае цікавае: дагэтуль я сустракаю людзей, якія, пабачыўшы мяне, пачынаюць узгадваць у першую чаргу тыя хвасты...
Менавіта ў той час я захацеў стаць чараўніком. Мае першыя рэчы былі слабыя, так, слабыя, перад тым як пачаць пісаць, я зусім ня ведаў, што мне рабіць з маім жыцьцём, з маімі вадкімі я, шматлікімі, але бескарыснымі я, якія дзякуючы маім мітусьлівым будням і натоўпу знаёмцаў распладзіліся як прусакі. Я быў блізкі да самазабойства – як, зрэшты, бывае да яго блізкі кожны малады чалавек, без выключэньняў. Мне здавалася, мастацтва мяне ўратуе, і мне было пляваць, ці ўратуе яно сьвет. Мне хацелася жыць у сьвеце, створаным паводле маіх правілаў. Першая кніга прынесла мне часовую палёгку. Яна была слабой і хутка памерла, прынамсі, для мяне памерла – але нейкі пробліск будучых перамогаў, нейкую зьнічку чараўніцтва я там разгледзеў. Я стаў сачыць за сабой і пісаць у строга адведзеныя для гэтага гадзіны, я пісаў вельмі шмат, я працаваў як мануфактура, працаваў, працаваў, працаваў, ажно пакуль не зразумеў, што ніякага чараўніцтва не атрымліваецца. У лепшым выпадку тое, што ў мяне атрымлівалася, было займальным, у горшым я скатваўся ў панылае апісаньне любоўных жарсьцяў і нават пачаў сьпекуляваць на дзецях! Я падумаў, што мала працую, і давёў сябе да поўнае зьнямогі, седзячы за пісьмовым сталом, я нават потым лячыўся — і ў мяне нічога не атрымалася! Паступова да мяне дайшло: самана­дзейны дурань, я думаў, што чараўніцтва можна набыць у гаспадарчай краме, што можна скончыць гадавыя курсы й стаць магам! Я ўцяміў нарэшце: відавочна, чароўныя палачкі выдаюць ня тут, імі распараджаюцца тыя, каго нам ня дадзена спасьцігнуць... І на мяне там забыліся. Мне хацелася прывязаць да шыі ўвесь наклад новай кнігі й скочыць у кар’ер на будоўлі каля майго дзевяціпавярховіка! Жыцьцё было скончанае, так, бо мне нічога не хацелася ад яго, і я не адчуваў сябе яму нечым абавязаным.
Але потым я пачаў змагацца. Я перастаў пісаць, я бавіўся вершыкамі й пакутліва маліўся – маліўся ўсім сваім багам, каб мне адчынілі браму. Яны думалі доўга – і нарэшце зьлітаваліся, мне на бяду. Думаю, я іх проста дастаў. І Яны пасьмяяліся з мяне.

Ты, відаць, ня ведаеш, што адбылося з маёй Евай, маёй сяброўкай. Усё вельмі проста – чараўніцтва ў руках чалавека, які не валодае дарам, натуральным дарам ім распараджацца, становіцца злавеснай карыкатурай. Зусім як славутае Веданьне бяз Веры. “Маё каханьне загіне на лёдзе” – напісаў я не падумаўшы ў адным кароткім апавяданьні, якое было, дарэчы, зусім не пра гэта, яно зусім ня мела дачыненьня ні да Евы, ні да каханьня, ні да лёду... Праз тыдзень яна разьбілася, вяртаючыся з лецішча на машыне, разьбілася на абледзянелай шашы каля Дворску. Спачатку я не надаў увагі таму, што сам справакаваў яе гібель, але неўзабаве, перачытваючы пераклад свайго апавяданьня, наткнуўся на гэты сказ і з таго часу ўжо ня мог спакойна жыць. О, я ніколі ня быў містыкам, я напісаў пасьля гэтага раман, які, зрэшты, атрымаўся горш за Фейерверк, але... Я апісаў там... Ты чытаў? Вось-вось... Здагадваешся, што было потым? Я месяц ляжаў у сваёй кватэры, паралізаваны, і на мяне ўвесь гэты час са сьмехам глядзеў твар аголенай акторкі... Мяне ўратавала суседка, парушыўшы сюжэт, суседка, дурная баба, якая нарэшце пачула крыкі, глухая ведзьма, яна магла б мяне па-сапраўднаму ўратаваць, уратаваць ад далейшых памылак, калі б махнула рукой: махнуць рукой – гэта так па-чалавечы, па-нашаму, не па-літаратурнаму, не па-чараўніцку...
Я вырашыў не зьвяртаць на гэта ўвагі, вырашыў згарэць у творчым агні, ха-ха, гэтым д’ябальскім агні, на які так ахвотна зьлятаюцца чытачы... Я напісаў некалькі бяздарных, “моцных” апавяданьняў, кожнае з якіх рана ці позна адгукнулася хваравітым рэхам сярод тых, хто быў мне блізкі. Мараль і Натхненьне змагаліся ўва мне, а перамог урэшце інстынкт – я стаў пісаць асьцярожна, панічна баючыся прынесьці каму-небудзь шкоду. Мяне перасталі друкаваць, мне засталіся толькі інтэрв’ю. Урэшце я вырашыў зьнішчыць усё мной напісанае, кінуць гэты небясьпечны занятак і зажыць спакойна, старанна замольваючы грахі – у першую чаргу перад Евай.
Можа быць, каб пісаў я пра добрыя, сьветлыя рэчы, пісаў прозу з аптымістычна ўзьнятым хвастом, у маім сьвеце стала б больш дабрыні. Можа, я ашчасьлівіў бы кагосьці. Можа быць, нават сябе. Магчыма, я перастаў бы дакараць сябе за Еву. Але я няздольны, няздольны ствараць такое. Прабачце, я не магу. Нехта можа, а я не магу. У мяне іншыя папілярныя лініі. Я заўжды пырскаю атрутай. Ня ведаю чаму. Я хацеў бы інакш, ды ня здольны.
О, вось і аркестр. Азірніцеся. Гэта народны аркестр. Як вам пер’е на іхніх каптурах? Зараз яны зайграюць маю любімую, пра бір унд вайн. Глядзі ж ты, ня ведаў, што Казімір яшчэ і ў бубен умее грукаць. Сёньня, дарэчы, дождж абяцалі, але як можна верыць сіноптыкам. Калісьці ім за няслушныя прагнозы галовы секлі, а цяпер паспрабуй... І, галоўнае, раней яны чэсна разводзілі ў сваё апраўданьне рукамі: “Багі...”, а цяпер плятуць нешта пра нестабільнасьць антыцыклонаў.

Пісаць – занятак цяжкі, проста невыносны. Я паўгоду нічога тады не пісаў, а ўнутры круціліся, успыхвалі карцінкі, спачатку смутныя, размытыя, але варта мне было ўявіць сябе за кампутарам, варта было ўявіць сабе – так, для сьмеху – першы сказ, ну як бы гэта магло пачынацца, ці апошні, няма розьніцы – варта мне было гэта ўявіць, як рэзкасьць прыходзіла ў норму, і я бачыў, выразна бачыў іх: ружовыя, непрыстойна ружовыя бутоны, яшчэ не сфармаваныя пялёсткі, ад якіх ідзе пякучая цеплыня, ад якіх трэскаецца скура... якая скура? Дзе? Гэтага я ня ведаў. Адкуль мне, карыкатуры на Бога, было гэта ведаць, як мне было абыграць чароўны зрок сваімі ўбогімі зрэнкамі? Я чуў незразумелыя імёны, я адчуваў дзіўны дражнячы водар, я ня мог сядзець на месцы й пачаў бегаць з кута ў кут, і на маёй варыўні загарэўся ручнік. Я заняўся самазадавальненьнем (гэта часта дапамагае), каб пазбыцца, каб зьбіць сябе з гэтага рызыкоўнага шляху, я даў сабе такую пстрычку над бялізнай Евы, на двухспальным нашым ложку, каля адчыненага вакна, што да вечару потым праляжаў на падлозе, запэўніваючы сябе, што бачу толькі столь, нада мной толькі столь, столь, столь з крывавай плямай ад камара, ну вось: яно пачалося зноў, гэтыя страшныя неадвязныя дробязі, гэты сьверб, гэтыя лішнія словы...
Назаўтра я абліваўся потам цэлы дзень, я ня вытрымаў урэшце ды сеў за кампутар – а як вы думалі. Чалавек слабы. У апошні раз – намаўляў я сябе. Я толькі скіну напружаньне, і болей – ніколі. Знайду сабе якую-небудзь грамадска-карысную дзейнасьць. Пачну зарабляць грошы. Ажанюся, у рэшце рэшт. Дзяцей зраблю. Без дзяцей чалавек непаўнацэнны. Спалю ўсё, што нагадвае пра цяперашнія мае я, і буду абрастаць новымі. І болей аніякіх інтэрв’ю, ніякіх прэзентацыяў, выступаў, кніжак, ніякае творчасьці – а слова ж якое брыдкае, як слоік з кіслым малаком, у якім гніе нейкі грызун. Пасяджу гадзінку. Я ачуняў, калі на вуліцы было ўжо зусім цёмна. У маім пакоі было банальна накурана й халодна. На маніторы блякла сьвяціліся некалькі ўбогіх сказаў, праз якія, зрэшты, прабі­ваўся бляск таго, што я хацеў – трэба было проста перачытаць гэта назаўт­ра, на сьвежую галаву, а гэтага я ня мог, ніяк ня мог сабе дазволіць. Я ўявіў, як перачытваю гэта ўсё назаўтра, на сьвежую галаву, і мае пальцы зноў забегалі па клавіятуры. Я вылаяўся, я некалькі дзён ня мыўся, ня чысьціў зубоў, не галіўся, я харчаваўся аднымі яйкамі, і ўсё гэта дзеля пяці сумнеўных сказаў. Не выключаючы кампутар, я схапіў плашч і кінуўся на вуліцу. А тое, што я напісаў, гайдалася перад маімі вачыма, яно не адступала, яно ўжо набыло форму й колер, яно асвойвалася ў нашым жыцьці, якія мы так неабачліва называем рэальным. Я доўга бег па вуліцы, потым павярнуў, і яшчэ павярнуў, я так імкліва адолеў вялі­кую, як потым высьветлілася, адлегласьць, што трапіў на прасьпект яшчэ да закрыцьця крамаў. Мармычучы нешта, я ўваліўся ў першую ж кавярню ды ўзяў сабе гарэлкі. Мне хацелася чалавечага, востра пахнучага, з хаосам у сьвядомасьці, з рамантычнымі цьмянымі мроямі, падаўленай сексуальнасьцю й неапраўданай агрэсіяй. За столікам каля самага выхаду сядзела нешта якраз такое, цёплае, маленькае сярод навакольных разьдзьмутых жахаў, і ратавалася алкаголем. Яно незадаволена хмыкнула, калі я сеў да яго за столік, яно глядзела на мяне праз мутны поліэтылен ап’яненьня. Я сам пачаў размову...
Я памыліўся – замест таго, каб тупа выслухаць маё трызьненьне ды ўпасьці пысай у салату – я вобразна, вобразна, натуральна, ніякае салаты там не было, там былі толькі гарэлка ды кава, гарэлка ды кава – мой сусед па століку пачаў са мной спрачацца. Я ажно задыхнуўся ад такога нахабства. Ён, і так ужо дастаткова п’яны, выпіў нагбом шклянку гарэлкі, запіў яе сваёй паскуднай кавай і давай вучыць мяне, як і што пісаць. Я прыглядзеўся да яго, але нікога са знаёмых ён мне не нагадваў. Ён гаварыў усё неразборлівей, нібыта ў ім сканчалася батарэйка, потым запаліў цыгарэту, яму стала блага – я выцягнуў яго на вуліцу. Я быў вельмі злосны: мае пакуты заставаліся нявыказанымі, я вёў яго па прасьпекце, і больш за ўсё мне хацелася спаткаць міліцыянтаў. Аднак неўзабаве да яго вярнулася прытомнасьць, ён доўга пазнаваў мяне, ён купіў нам піва... Сам не разумею, як гэта адбылося. Апоўначы мы, канчаткова забітыя алкаголем, уваліліся да мяне ў кватэру. Я пабудзіў кампутар, я ўсадзіў майго госьця ў свой фатэль: чытай! Мне тады стала неяк незвычайна лёгка, мая адказнасьць легла на іншага, няхай ён і вырашыць, што мной рабіць, які мой бок лічыць пярэднім, а які – заднім...
Дзе гэта Волечка? Спадзяюся, яна не пайшла катацца на лодцы? Доктар мяне заб’е. Дарэчы, вы ведаеце, што сто гадоў таму тут, на беразе Калюжынкі, таксама ладзілі фейерверкі? Гэтая мясцовасьць належала багатай фаміліі, Цішкевічам, праўда, ад іхняе летняе сядзібы нічога не засталося, ды й чаму тут зьдзіўляцца. Цікава, ці існуе ў нежывой прыроды памяць – нешта ж павінна было застацца ў гэтых камянёх, у гэтай нерухомай вадзе вунь там, дзе чарот расьце – нейкі ўспамін пра тое, як тут гулялі дамы ў гэтых сукенках, перад якімі быў бясьсільна вецер – ня тое што цяпер... Як юны паніч падглядваў за сялянскімі дзеўкамі... Ну і народу тут сёньня – увесь горад. Гэтаму народу толькі дай сьвята...
Я прачнуўся, відаць, ад грукату дзьвярэй; пакамечаная прасьціна побач са мной яшчэ была цёплай, ён, відаць, толькі што сыйшоў, сыйшоў, не патушыўшы як сьлед недапалак у попельніцы. Пусты пакет з-пад халоднай гарбаты валяўся пад сталом. Гадзіньнік паказваў чатыры раніцы. Манітор сьвяціўся ў цемры, пакой быў нібы наэлектрызаваны – але я адчуваў дзіўнае спусташэньне, прыемнае спусташэньне, я зірнуў на сябе ў люстэрка й чамусьці ўпэўніўся, што болей не напішу ані радка. “Захаваць зьмяненьні?” – цярпліва пытаўся мой выраслы за ноч дзіўным чынам больш чым удвая пракляты тэкст. Не, адказаў я, не чытаючы, не, закрычаў я, не, і зьнішчыў яго, мой апошні твор. Рахунак, калі ласка!
Гісторыя робіць на нас уражаньне. Мы прапускаем яго наперад, а самі паныла бяжым ззаду, не заўважаючы, што жалезныя прыступкі ўжо апякаюць камусьці рукі. Мы ўсё вырашылі яшчэ тады, калі на драўлянай сцэне зьявіліся гэтыя сем гномаў са сваімі беласьнежкамі, і далей слухалі, можна сказаць, напаўвуха. Як між жорнаў, мы прабіраемся між танцуючых параў. Маленькі правінцыйны горад салютуе самому сабе, нібы вусаты правадыр, што любіць пляскаць пасьля палымянай прамовы сваёй удзячнай аўдыторыі. Мы дрыжым, па-дзікунску нюхаючы халодную мокрую хвою. Нарэшце ўзьлесак радзее, у тумане вісіць малочнае сьвятло ліхтароў. Мы ківаем, бо наш новы знаёмы просіць нас хвілінку пачакаць, і як толькі ён зьнікае за дзьвярыма, мы кідаемся за бліжэйшае дрэва, і доўга ня можам знайсьці свой вагон, а калі нарэшце цягнік кранаецца з месца й мы апынаемся на бясьпечнай адлегласьці, просім у правадніка яшчэ адну коўдру.
2006,
Грац