12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Марка Баляслаў

_____________________
Любоў паўстанцкая сьвятая.
Вершы


Пераклад
з украінскай
Алеся
Траяноўскага.



Гэта — апошнія пераклады Алеся Траяноўскага (1925—2005). Ён перадаў мне іх у 10-й менскай клінічнай бальніцы, за некалькі тыдняў да сваёй сьмерці, і папрасіў зрабіць кампутарны набор. Да перакладаў быў прыкла­дзены рукапісны аркуш з пачаткам уступнага артыкула будучай публікацыі: “Чаго толькі не чаўпла камуністычная прапаганда пра Украінскую паўстанцкую армію. “Бандыты”, “бандэраўцы”, “забойцы” — гэткімі словамі быў прасякнуты кожны газетны ці часопісны артыкул, кожная кніжка пра УПА. І ні слова нідзе, што партызанскія фармацыі УПА вялі зацятую барацьбу на акупаваных землях Заходняй Украіны супраць гітлераўскіх захопнікаў, не давалі ім магчымасьці рабаваць насельніцтва, вывозіць людзей на катаржную працу ў Нямеччыну. У лясістых Карпацкіх гарах, на раўнінах Валыні, у паўднёва-палескіх дубровах і балотах ішлі зацятыя баі. Няшчадна каралі ваяры УПА і тых, хто актыўна супрацоўнічаў з акупантамі. Так, ня мелі літасьці паліцаі, якія верна служылі гітлераўцам…”
Адным з тых, хто не скарыўся чужацкай навале, быў і паэт Марка Баяслаў. Менавіта такі псеўданім выбраў сабе Міхайла Дзячэнка (ён жа — Гомін, Славобор), які нарадзіўся ў 1911 годзе ў сяле Баднарыў, што на Станіслаўшчыне. У 1930 годзе юнак стаў сябрам Арганізацыі украінскіх нацыяналістаў(АУН), потым вучыўся на юрыдычным факультэце Львоўскага універсітэту. Актыўна займаўся літаратурнай творчасьцю: выдаў кнігі паэзіі “Іскри”(Станіслаў, 1936), “Юні дні”(Станіслаў, 1938), “Село”( Львоў, 1939), “Вони прийдуть”(Прага, 1941), а таксама шэраг іншых, надрукаваных у падпольных друкарнях.
Калі вогненнае кола Другой сусьветнай вайны з усходу пакацілася назад у фашысцкае логава, крамлёўскія ўладары на вызваленай ад немцаў шматпакутнай Украіне распачалі жахлівы тэрор. Дзясяткі, сотні тысячаў нашых братоў украінцаў былі бязьвінна расстраляныя і закатаваныя, вывезеныя на катаргу ў Сібір і Калыму… Партызанскія злучэньні УПА ня склалі зброю перад новымі “освободителями”, уласнай крывёй спынялі шалёны разбой. У іх шэрагах мужна змагаўся Марка Баяслаў. Адначасова ён быў галоўным рэдактарам паўстанцкіх выданьняў “Шлях Перамогі” і “Чорны ліс”. Часопіс “Чорны ліс” выходзіў у 1947-1950 гадах. Усяго ўбачыла сьвет 11 нумароў гэтага змагарнага летапісу. Вершы, замалёўкі і нарысы Марка Баяслава, надрукаваныя на яго старонках, сьведчаць пра іх аўтара як пра выдатнага паэта і сапраўды з Божай ласкі публіцыста, здатнага ў нават у самую цяжкую хвіліну акрыліць словам таварышаў па змаганьні.
У 2002 годзе ў львоўскім выдавецтве “Сьвіт” была выдадзеная дакументальная кніга “Марко Боеслав — сурмач УПА”. “У лютым 1952 году энкавэдзістам удалося натрапіць на сьлед палымянага публіцыста і яго паплечнікаў, — піша аўтар кнігі Іван Гушчак. — Здраднікам аказаўся жыхар сяла Дзвыняч. Ён прыехаў у лес нібыта па дровы і натрапіў на партызанаў, якія акурат пакінулі зямлянку, каб падыхаць сьвежым паветрам. Затрыманы паўстанцамі, ездавы пакляўся на Евангельлі, што ня выдасьць іх ворагу. А затым, папалуднаваўшы разам з гаспадарамі, сеў на сані і як мага хутчэй пагнаў коней. Аднак не дахаты, а напрасткі ў НКВД… Паўстанцы спачатку адстрэльваліся, потым падарвалі сябе гранатамі, каб ня трапіць жывымі ў палон. Клятва на Евангельлі доўга мучыла здрадніка. І толькі ў 1992 годзе, паміраючы, ён прызнаўся ў недаравальнай здрадзе…”
Алесь Траяноўскі не з чужых словаў ведаў жудлівыя грымасы вайны. Амаль два гады ён партызаніў на Меншчыне, потым ваяваў з фашыстамі ў складзе 3-га Беларускага і 3-га Украінскага франтоў, у сакавіку 1945 году быў цяжка паранены — цудам застаўся жывым. Ведаючы сапраўдную цану мужнасьці, ня ўдзельнічаў у дзяжурных юбілейных парадах і ўрачыстасьцях, ніколі не прышпіляў свае баявыя ўзнагароды. У апошнія гады жыцьця ён з болем у сэрцы назіраў за тым, што сёньня творыцца на нашай роднай зямлі і сьпяшаўся пазнаёміць суайчыннікаў з творчасьцю Марка Баяслава.
Уладзімір ЯГОЎДЗІК.

Марка БАЯСЛАЎ
ЗАМЕСТ ПРАДМОВЫ

Тады, як гад сіпучы джала зломіць,
І нашай рэвалюцыі агні
Уціск і рабства спаляць, як салому,
І засьпявае гімны ў тыя дні.
На ўсіх дарогах перамогі Воля, —
Успомні, дружа, мой ваярскі сьпеў,
Мае радкі, там поўна, можа, болю,
Ды ў іх палае наш няшчадны гнеў.

На тых, што дні лічылі нашай кроўю
І абярталі ў пекла час начны,
Што ў нашы дні цяпер куюць аковы,
Ды топяць праўду ў багнішчах маны.

Згадай і перадай іх, дружа, дзецям,
Там праўда — мы рабамі не былі,
І хоць нас мучыў голад, беспрасьвецьце,
Няскоранасьць мы ў душах зьбераглі.

21. 12. 1946

ПАРТЫЗАНСКАЙ МУЗЕ
Як залатая ружа, расьцьвіло
Зноў сонца веснавое ў Чорным Лесе.
Вясёлым гоманам гуло сяло,
Зефірамі прышытае да ўзьлесься.

Мы йшлі насустрач Велікодным дням
І несьлі гонар наш у час наступны,
Чакалі моманту, калі ў агнях
Прысуд аб’явім будням каламутным.

Ліла ў душу ты незямны спакой,
Як сэрца біла громам ва ўсе звоны,
Мяне вяла ты на зацяты бой
З настроем горкім рабскага праклёну.

12. 04. 1946

ПЕРАД ВОСЕНЬНЮ
Дрэмле сонца ў ціхай задуме,
Старэюць і лес, і палі.
Ня чутна ўжо сьпеўнага шуму,
А цяжкія ўздыхі зямлі…

Заблытаўся вецер, сваволіць
У травах пажоўклых, сухіх.
Было і мінула, ах, доля! —
Гром дзесьці азваўся глухі…

21. 08. 1946
ПАЎСТАНЦКІ СЬВЯТЫ ВЕЧАР

Над борам зорка кветай расьцьвіла —
Прымоўклі словы гучныя і жарты.
Ляцелі думкі роем да сяла,
А сэрца стукала, нібы прад стартам.

Азваўся смутак недзе — сёньня там…
І кожнаму прычуўся вокліч: — Сыне!..
Шчымлівы боль крануў душу хлапцам,
Ды раптам хтосьці ў сэрцы іскру кінуў.

І кроў зайграла ў целах маладых:
Хрыстос радзіўся! — рэха загрымела,
Узьняўся меч зіхотны Каляды,
І Праўдзе гімн сьпявала зброя сьмела.

17. 12. 1947

У СХОВІШЧЫ

Ляціць сьняжок. Усюды бела.
Шукае люты кат сьляды.
Нясе палямі вецер сьмелы
Настрой паўстанцаў маладых.

Ну што ж? Прашу вас у хаціну!
Зайшлі. А холад аж гняце…
Не разагнуць тут нават сьпіну —
Жывем у гэткай цеснаце.

І пад зямлёй няма спакою —
Чужацкі кныр зямлю ўсю зрыў.
Хутчэй, вясна, пакліч да бою —
З нас рвецца баявы парыў!

3. 12. 1948

ЛЮБАМУ СЫНУ СЬВЯТАСЛАВУ

Калісьці, можа, сыне мой,
Радкі мае ты прачытаеш:
— Сьпяваў ты ўзьнёслаю душой
І дзе, і як ствараў? — спытаеш.

Усюды, сын, у кожны міг
Была у баях са мною муза.
Шаптала ціха:
— Ты для ўсіх
Сьпявай, паэце, словам мужным!

І я сьпяваў харобрым дням,
Хоць кат ганяўся ўсьлед за мною,
Жыцьцё даваў мой сьпеў агням,
Грымеў паўстанцкаю сурмою.

І сьлёз у ім ня стрэнеш ты,
Бо не рабам сьпяваў пра гора!
Хто ўзьняў за волю меч сьвяты —
Ня плача той сьлязьмі пакоры.

18.10.1948

РАНЬНЕ
Залатагрывы конь капытам звоніць
Аб чысьціню нябёсаў і блакіт.
Пахучасьць траў у перламутрах тоне,
Харобры дзень Цябе дабраславіць,
Мая Айчына!

І слаўлю я Твае сьвятыя рукі,
І меч Твой праведны ў цяжкіх баях.
Аддам я сэрца ворагам на мукі
Каб радасьней была душа мая
У вольнасьці Тваёй!

10. 11. 1949


У РЭЙДЗЕ
Сярдзіты гром грукоча грозна,
Шуміць, як бура, Чорны лес…
Ня сьпяць паўстанцы, хоць і позна,
Хоць віхрам сьвішча люты бес.

Палаюць ватры там агнямі
У хмарнай цемрадзі гняўной,
Сябры сядзяць, стаяць радамі
Ў задуме сьцішанай, нямой…

Наш гнеў муроў зруйнуе сьцены,
Бацькі, адпомсьцім мы за кроў!
Нам верце родныя! Бо ўсе мы
Унукі слаўных казакоў.

ВАЯРАМ ЗА ВОЛЮ
Рабам — няволя і кайданы…
Вам — слава рукі падала,
Бо з вамі горды дух Багдана
І сэрцы вашы — як скала.

Ідуць байцы за край пакутны,
Прад імі бляск пажог ня згас.
Адважны крок ужо іх чутны
І з імі гнеў за разам раз.

Няхай грымяць баёў наругі,
Груган хай крача, нібы чорт —
Вы ўжо ня спыніце, зьвяругі,
Байцоў гартованых кагорт!

20.12.1944

НА ЎСПАМІН
Ты сустрэнеш там восень-шаптуху,
Як бабульку старую, адну,
І лістоту ў балоце бяз руху,
Ціхі шэпат асін, багуну.

Ты сустрэнеш там смутак у полі…
І у сэрцы штось ціха ўздыхне,
Як сіротка пад тынам бяз долі —
І успомніш тады ты мяне.

Як алень, ён любою парою
Гнаны злыднем удзень і ўначы.
З ім заўсёды — гранаты і зброя,
Цемра ночы, і ў цемры — сычы.

Шлях ягоны — сярдзіта віецца,
Сьмерць ганяе яго дзень пры дні.
Для цябе, любы край, сэрца б’ецца,
Ў ім палаюць паходняў агні.

Узгадаеш і смутак шчымлівы,
Ды пашлеш у дарунак ты мне,
Я схаваю твой дар — кветку-дзіва —
Твой дарунак у сэрцы на дне.

23. 9. 1946