12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Рыгор Барадулін

_____________________
Каб застацца...
Вершы

Першы сьнег

У абшары навакольным
Над папарам, лугам, полем
Сьнег тчэ мяккі змрок.
Кожную сьняжынку тую
Кружыць, туліць і цалуе
Весялун-вятрок.

Дрэвы ў футры і карункі –
Шчодрыя зімы дарункі
Ахінаюць стан.
Галавой кіўнуў гульліва
Вяз таполі сарамлівай,
Маладзейшым стаў.

І абрусам вышываным
Засьцілаюцца паляны,
Далягляд і дол.
На вясельле зімкі жвавай
З дзедам грозным і ласкавым,
На багаты стол.

Дзесьці йдуць маладажоны
Сьцежкай пухам вылажонай,
Шчасныя ўдваіх.
Эх, як хораша, ўрачыста,
Як душы парывы чысты
Ў час хвілін такіх!
1952

Ніколі

Думка голая, як дзіцятка,
Што якраз нарадзіцца пасьпела.
А якая будзе апратка –
Гэта клопат таго,
Хто ўмела
Ці няўмела яе ўзгадуе,
Ісьцінай позірк свой уколе.
Думка мае душу маладую.
Думка не сівее ніколі.


Напэўна

Я, напэўна, апошні,
Хто моліцца слову,
Як сьсівелы паганец
Жывому агню.
З ветру зьвітыя
Весьніцы я зачыню,
Каб спрыялася поціху
Цёмнаму лову.
Каб сьвятлелася ўдачы
У сквапнай начы,
Дзе агонь пераемнасьці
Не затухае.
А душа чуе ўсё,
Як і ноч неглухая.
І палаюць смаліста
Сузор’яў карчы.
Кропля

Неразгаданая кропля
Нашай зямлі.
Крамяная кропля
Ўрачыстай зоркі.
Закаханая кропля
Журботнага вока.
Кропля мёду ў вульлі.
Кропля дажджавое гаворкі.
Кропля кропкі
Ў запавеце Прарока.
...Кропля жарсьці
Зямносьцю сваёй незямная
Жыцьцё зачынае.


Вяртаем...

З дрэва прывіднасьці лісты
Тое й робім,
Што аблятаем.
Прашаптаныя з нематы
Мы сябе ў немату вяртаем.

Час ня хоча нас заўважаць,
Хоць вядзе ён
Адлік свой намі.
І турботы нашы ляжаць
Прыдарожнымі валунамі.

Туманамі стане куцьця.
Кожнай скрусе трэба старацца,
Каб у памяці забыцьця
Хоць няпэўным гукам застацца...


Наканавана

Родныя – значыць
З нязводнага роду.
Крэўныя – значыць
Адное крыві.
Зводзіцца род мой,
Радзее штогоду,
Кроў не стрымаеш,
Як ні нараві.
Рэха дагнаць
Не даручыш нікому,
Сном, як віном,
Не напоўніш глякі.
Наканавана дрэву старому
Сохнуць на беразе
Зьбеглай ракі...


Бацька й сыны

Двух варанят нёс воран на сьпіне.
І ў аднаго спытаўся на аблуду:
— Ці будзеш так і ў старасьці мяне
Насіць?
І той пракрумкаў:
— Тата, буду.
І воран скінуў варанятка з неба,
Перш чым адказваць,
Думаць трэба.

Тады ў другога запытаў:
— Скажы,
Сваіх сыноў
Мне ў час прыносіць будзеш?
— Вядома, тата,
Ты ж мне не чужы.
Ты ў іхніх крылах
Вышыню абудзіш.

І воран пестуна далей панёс,
Каб з небам заручыць
Крылаты лёс...


Куды палятуць?

На падваконьні
У даччыным пакоі
Ляжыць нагруднічак
На вачох у ціхага лета.
Ці гэта
Дзьве шкарлупкі яечак,
З якіх павылупліваліся
Цнатлівы ластавачкі,
Як недасьнёныя сны.
І куды палятуць яны,
У сьпякоту пяшчоты,
Ці ў халады бяды?

Подых

Чаратовыя стрэхі
Пад першым сьнегам
Пахнуць ракой і луской,
Адлегай, начлегам
І адлегласьцю.
А вятры маладыя –
Маленствам,
І зялёнымі ксьцінамі,
І мясьцінамі тымі,
Якія завуцца
Нашчаднай радзімай.

Расьце...

Мох адначасова расьце...
Быццам дратваю,
Прашываюць валёнкі
На верасовай вярсьце.
Цішыню кратае
Перажываньне слонкі.
Мох пад расою расьце...
А пад туманом,
Як паганскі сьвятар
Пад расаю,
Баравік у сваёй таўстаце
Перад сном
На ўвесь абшар
Думае пра нешта ласае.
Старэюць крумкачы, крукі.
Галасы сьлядоў
Глухнуць у мосе.
Радуюцца дзікі –
Хоць жалудоў
Наямося!
Па начах
Гусьцее морак,
У вачах
У зорак
Дрыжыць зямля.
Згас
Бас
Чмяля
Ля
Камля...

Тройня

Цьвік.
Чалавек.
Прамень.
За горам, за морам, за лесам
Лёсам адным яны
Адшуканыя і ашуканыя.
Цьвік
Заганяе ў сьцяну малаток наўпрост
(На ўвесь анямелы цьвіковы рост).
Чалавека
Ў зямлю заганяе жыцьцё
(Напаміну на забыцьцё).
Прамень
Заганяе ў заўтра стомлены дзень,
(Каб не намагаўся ўбачыць свой цень).

Цьвік гнецца.
Чалавек гарбаціцца.
Прамень ніцее.

І ў кожнага непераможанага
Свой крыж надзеі
На целе...

На балючым праху...


Кажуць, што дом, з вакна якога выкінулася Яўгенія Янішчыц, пабудаваны на могілках,
дзе пахавана Марына Мнішак...
Тут ня храм на крыві,
А гмах,
Марны гмах на балючым праху.
Па начах абражаны прах
Ціха жаліцца чуйнаму страху.

Цені душ у жыцьця ў гасьцях
П’юць і сьпяць,
Ядуць, блудадзеюць,
Нараджаюць на змоўклых касьцях,
Прывідную надзею дзеляць.

Тут знайшла свой спачын зямны
Панна жарсьці — Марына Мнішак.
Незямныя блукаюць сны,
Беспрытульна шукаюць зацішак.

І ня сьпяць кайнасьці перуны.
Град праклёну
Б’е ў плечы даху.
І, як вечкі тлумнай труны,
Адчыняюцца вокны ў гмаху.

Абыякавая, нямая
Немінучасьць
Ахвяру прымае...


Чырвоны касьцёл

Айцу Уладыславу Завальнюку
З Чырвоным касьцёлам на «ты»
Вятры, што лятуць з Бэтлеему.
І рупіць прачыстаму небу
Дзяліць з ім сьвятло мілаты.

Гасподзь яго верніцы ў сон
Паслаў,
Як абраз летуценны.
Імёны Сымона й Алены
Вяльмуе прарочысты кон.

Бажэе ў вяках небадол.
І душы жагнае трывога.
У цемначы тлуму людскога
Сьвітае Чырвоны касьцёл...


Трымаюць...

Алесю Пашкевічу
І талент, і мудрасьць,
Яны маладыя.
І ў неба закладнік –
Шалёны паэт.
І ў коміне смутку
Залётная вые
Завея развагі,
Згубіўшы свой сьлед.
Ці сьвет нелюдзее,
Ці ён маладзее,
Хто ў змозе на ўсё
Адказаць і калі.
Ці пан недавер,
Ці паненка надзея
Трымаюць паэта
На гэтай зямлі?


Адчыню...


Адчыні таму,
Хто не пагрукаецца ў дзьверы...
Фернанда Песол.
Вядома, не пагрукаецца сьнег
Той, што з ракой
Майго маленства зьбег.
Вядома, не пагрукаецца ветах
Дасьведчаны ў маіх
Былых сакрэтах.
Вядома, не пагрукаецца тая,
Якую кожны мой радок вітае.
Ды я ўспамінам
Дзьверы адчыняю –
У цішыню...


Не перажыць...

Не перажыць сябе,
Каб не застацца
Сабе самотнаму
І ўсім чужому.
Каб над абровам смутаку
Не хістацца,
Як цень галіны,
Што люляе стому.
А зьнікнеш –
Невялікая прапажа.
«Яго забрала старасьць» –
Нехта скажа...

Каб прыняў...

Ранішняе вечарэе сьвятло,
Каб разьліцца імглою.
Яблык аб дол разьбівае чало,
Каб зрабіцца зямлёю.

Рыба пад лёдам шукае тхло,
Каб глынуць паветра з марозам.
Чалавек пакідае зямное жытло,
Каб прыняў яго
Вечны розум.

Будзем жа!

Забараняць лягчэй, цяжэй абараняць
І мову, і забытую Айчыну.
Армяк пакут з плячэй, абраз аборы зьняць
І запаліць з надзеяю
Лучыну.
На лёхах веры сьцісьне кулачок
Салодкі даўняй марай
Бурачок.
За далягляд вякоў сплыве хмурына,
І хлебу зьвесьціся не дасьць
Скарына.
Маланкай апяражацца ганец.
Асьвеціць столь і покуць
Каганец.
Абудзіцца зямля, што доўга спала,
Пакажа кветку Папараць
Купала.
На санным сьледзе загалосіць полаз.
І жнеек на жніво запросіць
Колас.
І крывічам пра іхні род усім
Напомніць Богам дадзены
Максім.

Не жабракі –
Вякі стаяць за намі.
Дык будзем жа самім сабе панамі!