12/24/2013 

Архіў нумароў:















































































































Васiль Быкаў. 1924 - 22.VI.2003
Каталог TUT.BY





Рыгор Барадулін

_____________________
Пад зоркаю лагоды...
Вершы

Звон свабоды

Ня ведае прымусу час,
Ён непадлеглы назаўсёды.
Каб вернасьці агонь ня згас,
Нас вучыць дыхаць
Звон свабоды.

Разьбіць няволі ланцугі,
Знайсьці ў рацэ падступнай броды,
Узьвіць сьвітальныя сьцягі
Бясcонна кліча
Звон свабоды.

Жыцьцё – бясконцасьці працяг.
Як хрэсьнік праведнай нязгоды,
У неспакораных грудзях
Жыве трывогай
Звон свабоды...


Недатыкальны запас

Кожнай душы,
Каб ачуліць яе,
Каб распагодзіць турботы,
Неразгаданая доля дае
Недатыкальны запас пяшчоты.
Зайздрасьць сьляпая,
Галодная злосьць
Прагнуць намесьці сумёты,
Каб разбазарыла пані мілосьць Недатыкальны запас пяшчоты.
Мроі звыкаюць
Лагодна сьмялець.
I ў сьвеце —
Гасподзе самоты –
Не дазваляе давар’яцець
Недатыкальны запас пяшчоты...


Ня тут

Дзьверы вечнай начы
Вісяць на круках,
Чорнакрыла расьпятых, глюгатых.
Ходзяць цені грэшнікаў на руках
Па зьвечарэлых кратах.
У катле закіпае смала
З сосен смутку,
Падсочаных жалем.
Ператомленая імгла
Не дае сустрэцца скрыжалям..


На пазыках

Нябёсы мастаку, як ліхвяры,
Час пазычаюць,
Каб пасьпеў адбыцца,
А не абы адбыць наканаваньне,
Тут, на зямлі, штодня
Ісьці з гары
Туды,
Дзе неўміручая крыніца
Вясёла зазьвініць на разьвітаньне.
Па незямных мастах
Свой цень мастак
У сваты пасылае да надзеі,
Каб доўг вярнуць свой
З гакам і ня позна.
Бяроза радасьці на веснавых лістах
Калыша цішыню і маладзее.

Ад прымакоў у Вечнасьці завозна...


Выснова

Цёмным быльлём прарасло сьвятло.
Вечар адгарадзіўся зарою.
Новае тое,
Што ўжо было.
Тое, што будзе,
Даўно старое...


Адно...

Я пачынаю разумець ваду,
Якой прабіцца хочацца з цямрэчы,
Я пачынаю разумець жуду,
Якой упалынеў настрой старэчы.

Я пачынаю разумець вясну,
Якой ня зябка грэць сваю завею.
Я пачынаю разумець віну
Сваю.
Адно сябе не разумею...


Рака й чалавек

Рака з берагоў выходзіць.
Рака рашуча мяняе рэчышча,
Каб не вярнуцца назад.

Чалавек выходзіць з сябе,
Мяняе спакой на трывогу,
Мроячы некалі ў сябе вярнуцца,

Ад ракі адракаецца старыца,
Ад чалавека — ўспамін.

Ад самоты горкне палын.
Чало нябеснае хмарыцца.

Рака й чалавек –
Абое
Абнашчаныя й аблашчаныя
Журбою...


* * *

Сон глытае мяне,
Як кіслае малако...

* * *

Дамоў,
Да моў
Сваіх
Сьцяжына ўсіх цяжкая.
Айчына іх
Чакае.


* * *

Свой каўнер настаўляе абшар.
Гнёзды згадвае
Смутак птушыны.
Жаўталісьця азяблы жар
Грэецца ад вясёлай сьцяжыны.


Крылаты

Міколу Байрачнаму
I конь спатыкнуўся,
Абвяў галавой.
I вецер суцішыўся ў грыве.
А вершнік,
Заручаны шабляй жывой,
Магуціцца ў гордым парыве.
Сама Перамога
З усіх ваяроў
Яго запрыкмеціць пасьпела.
У рэчышчах жылаў
Рашучая кроў
На ўзьвіў крыгаломіцца сьмела.
Да славы
Ніколі ня стоміцца шлях.
У стомы абвялыя шаты.
Шляхетнага войска
Спаконны працяг —
Лунае палкоўнік крылаты...


Сам сябе

Пушчаны ў сьвет бязьмежны
Ад небакраю да небакраю,
Падлеглы бадай што
Ярылу ды Перуну,
Чалавек сам сябе
З зайздроснай упартасьцю
Заганяе
ў дзяржаву,
ў пасельбішча,
ў хату,
ў харчэўню, ў срачэўню.
I, нарэшце,
ў труну.


Спачувае...

Кожны дзень,
Як дрэва ўспаміну,
Мае свой цень
I сваю вершаліну.

У зварушлівай вершаліне
Гнеў разьюшаны стыне.
Ля пня
Ў пацярусе
Спачувае крыўдлівай скрусе
Прысталая цішыня...

У альбо М.

I для цямрэчы,
I для злой слаты,
Як зорка,
Недасяжная такая ж,
Пакуль і сьвеціш,
I чакаеш ты,
Кажу халоднай пані:
«Пачакаеш...»


* * *

У грудзях халоднай скалы
Шалёна б’ецца крыніца.
Самаўзвышаючыся ад хвалы,
I ў сьне
Скала сама сабе сьніцца.

А незадаволены сам сабой
Першынец пяшчоты і гневу
Закахаўся ў скалу прыбой,
Разьбіваючыся на густую залеву.
Часам хочацца
Пагаднець скале.
Але ...


Заўсёды!

Ці ёсьць яна,
Апошняя мілосьць?
Як ёсьць, дык толькі
Першая заўсёды.
Чаканы госьць —
Заўсёды ягамосьць.
Сьвет ісьніцца
Пад зоркаю лагоды.

Кахаеш — значыць
Дыхаеш, жывеш.
Мілосьць —
I празарлівая й сьляпая.
Бо закаханы —
Апантаны верш,
Які нахабна
Па зямлі ступае...

Не ў цябе...

На гарадскіх хутарах
Чалавеча!
Засячы сабе на ілбе —
Ані ўдзень, ані ўначы
Анікуды табе не ўцячы
Ад сябе.
I ад веку твайго
Не ў цябе ключы...

Цьвікі

У падстрэшшы сьцішыліся скразьнякі Пераступае з нагі на нагу
Сон вусаты.
Прымроілася:
Марк Шагал пытаецца пра цьвікі
У вокнах ягонай віцебскай хаты...

Там...

Там,
Дзе нябыту ўсё знаёма,
За першароднаю ракой
Прытулак знойдзе неспакой
Як дома, будзе наша стома

Там,
Дзе, напэўна, небасхілу
Няпроста выпрастаць сьпіну,
Прымроіць даўніна вясну,
Што крыльлям пазычала сілу.

Там,
Дзе сустрэнемся аднойчы
I непрыязьнікі й сябры,
I ўвойдзем на глухім двары
Ў раку адну і тую ж двойчы.

Сябе самога кожны сам
Успомніць і спазнае
Там...

* * *

Барысу Пятровічу
Хто сьмялейшы,
Рызыка ці праца.
Хто мудрэйшы,
Цемра ці сьвятло.
Ў кемлівасьці вочы разгарацца,
Ў роздуме наморшчыцца чало.

Рызыка адумаецца потым.
Праца цяжка дых перавядзе.
Толькі вечна маладым турботам
Не даводзіцца сустрэць нідзе

Позірк цішыні,
Каб у спакоі
За бяседным пасядзець сталом.

Вечны час залежыць ад настрою
Шустрай спрэчкі
Цемры са сьвятлом...


Жыць...

Жыць — значыць жаць
Жыта сьмеласьці,
Ячмень захмялеласьці,
Авёс незразумеласьці
Сярпом сподзеўным маладзічка,
Роздумныма сярпом ветаха.
Скупы як тужэй
Сьціскае снапы.
У шчодрага
Далікатныя перавяслы...

Якое жацьцё –
Такое й жыцьцё...


Сьніўся...

Мне сьніўся сьнег
Забыўлівы, як сон,
Павеўны, як трава
На ўзьмежку ў траўні.
I з цішынёй вітаўся
Водзван даўні,
I падаў долу
Змроку зябкі звон.

I я сачыў
Памклівую смуту.
Сама рабілася
Самота белай.
Варочаўся
Ў душы пахаладзелай
Мой смутак,
Як мядзьведзь у берлагу.


Дабранач!

Паважаць пачынаю
Надвор’е ціхае,
Да былога сябе
Стомлены пілігрым.
Гэты сьвет паціху
Мяне выпіхвае.
Хоць ня веру,
Што дужа чакаюць на тым...


Мары і адной

Спаткаць, нарэшце, каб адчуць, што ты
Жыў, каб вітацца з гэтаю сустрэчай.
I меркаваць з рашучасьцю хлапечай,
Што за сабой пасьпеў спаліць масты.

I думаць, што яшчэ зьбярэцца сіл
Хоць кладку над ракой журбы пакласьці,
Каб пабліжэў туманны бераг шчасьця,
Што далячэе, як і небасхіл.

Хоць і застаўся ўжо ад поўні дзён
Прыцьмелы веташок — дарадца стомы,
Ды шчырай ласкі дотык невядомы,
Ён ёсьць ці сьніцца, як наіўны сон?..


Перасьлед

Ты перасьледуеш мяне —
У кожнай мройлівай,
Павеўнай
Ты бачышся мне каралеўнай,
I я хаджу, што ў тумане.

Калі й разыйдзецца туман,
Цябе пабачу незямную,
I нават вецер зараўную,
Што абвіваў твой чуйны стан.

Даўно я звыкся да пакут,
Даверыў страх свой аблачынцы.
Дык перасьледуй,
Як злачынца,—
Мне неба вынесла прысуд.


Дзе ветрава радзіма?

То сінімі — ад азярын — вачыма,
То пабялелымі — ад завірух —
Шукае вецер,
Дзе яго радзіма,
Ствараючы захмарны, марны рух.

Знаёмаю журбой
Запах ядленец,
Здаецца,
Нарадзіўся вецер тут.
Ды затрымацца самавысяленец
Ня можа,
Каб прыпомніць родны кут.

Зьнянацку прыхінулася лагода
Да гулкага пляча,
Ці не яе
З мясьціны гэтай, — блізкай
Ветру шкода
I, дзе б ні бег блуканец,
Не стае.

З дня нарачэньня
Да несканчэньня
Шукаць сябе ён будзе,
Як наноў.
Нідзе сваю радзіму не сустрэне
Ня зьвязаны дакорам каранёў...


Пакуль тут...

Зжаць загон нашых дзён
больш чым трэба жней.
Пад канец мы й ня рады
Прыдбанаму сьмецьцю.
Ды, пакуль яшчэ тут,
Думаем, што страшней
Напаткацца са старасьцю,
Чымся са сьмерцю...


Боль

I камень, і дрэва, і дым —
Жывыя яны.
А таму
Каменю молат баліць,
Дрэву — сякера,
Дыму — агонь.
Вядома, баліць таксама
Молату — непадуладнасьць каменя,
Сякеры — ашчаднасьць дрэва,
Агню — няшчаднасьць дажджу.
Боль усё жывое трымае.
Болю ня чуе сьмерць.
Сьмерць нямая...


Чужэюць...

Сьляды сырыя
Травой парасьлі,
Сьляды старыя
Запалі сьнягамі.
Шукаючы іх,
На глухой зямлі
Ступаеш
Як не сваімі нагамі.

Сьляды да радасьці,
Да бяды
Вялі, ды разам
З табой прысталі.
Зямля раднее,
Чужэюць сьляды
Перад сустрэчай
З расстаньнем...


Адрозьніць...

Смутак летнюю смугу вітае
I ня хоча думаць пра зіму.
Восеньню ўзгадаецца яму
Бесхмурынная хвіліна тая,

Што ўсьміхалася свайму настрою
I дрыжэла ў кроплі дажджавой.
Разьвінуўся мурагоў сувой,
Каб прайшла па ім нячутна мроя,

Ранішняя мроя-недаткнёнка
У каралях з маладой расы.
Успамін адрозьніць галасы:
Гэта сіваграк,
А гэта слонка...


I трывогай, і расстаньнем...

Сакавіты сакавіцкі сьнег
Пахне і адлігай, і вясною.
Ці ня гэткі
Сьветла сьніўся Ною,
Як да Арарата плыў каўчэг.

Самавіты сакавіцкі сьнег
Пахне і трывогай, і расстаньнем,
Як і той,
Што можа стаць астатнім,
Мой,
Завяршыўшы кругабег.

Акавіты сакавіцкі сьнег
Пахне проламкамі і вірамі,
Ператомленымі сівярамі,
Што шукаюць для зімы начлег.


Пасьля...

Каб забыцьцю мець клопат забывацца
I нас, і ўсё,
Што спарадзілі мы,
Ляноту нашую пілнуе праца,
Шчырэць
Ахвоціць зор дакор нямы.

Нас забыцьцё запыніць на імгненьне
У памяці халоднай, як зямля.
А нашае і ўмецтва, і няўменьне
Лёс мусіць некаму аддаць пасьля.


Зноў са мной...

Я глядзеў, глядзеў, глядзеў,
Я глядзеў і ўрэшце ўбачыў.
І зьдзівіўся мой спадзеў,
I сказаў: ты адлайдачыў.

За сябе і за мяне.
А цяпер пара старацца.
Трэба кукіш даць мане.
Кукіш даць — таксама праца.

Я гадамі галадаў,
Я табе бязьмерна верыў.
Ты мяне не апраўдаў,
Ды наадмяраў намераў.

А з намераў толк слабы.
Везучы свой пыл вазамі,
Разаб’юць сабе ілбы
Самі, і заплачуць самі...

Тут маладзікоў двайнік
Адчыніў вакно, як дзьверы.
Мой спадзеў кудысьці зьнік...
Зноў са мной адны намеры...

Весьніць...

Ці, як мох у бары,
Я стары.
Ці, як камялі,
Мае пасівелі дні.
На зямлі
Нікога ані
Старасьць не абміне.
ды старэйшыя за мяне
Восень і лета.
I мой зімовы настрой
Быццам бы весьніць гэта...


Усё яшчэ...

Як перад выраем,
Над стомленым табой
Душа, здаецца, лётае кругамі.
А лёс заняты ўсё яшчэ таргамі,
Зямнымі звадамі й падхмарнаю дзяльбой.

Табе пара ўжо
Ад таргоў і ад дзяльбы
Нічога не чакаць.

У іншым целе
Твая душа згуляе навасельле,
Абы табе аб ёй ня рупіцца...
Абы...


Каб ня зябла...

Кожны крок на зямлі выпадковы.
Мройным зоркам
Зайздросьціць жарства.
Ветрам нашы разьвеюцца словы.
З праху ціхая ўзыйдзе трава.

Наадгон з вечарамі старэем.
Маладзее цярпліва труна.
Ці жывем,
Ці зямлю гэту грэем,
Каб ня зябла ў Сусьвеце яна?..

Чакаем

У кожнага мора свая глыбіня.
У кожнага сэрца свая таямніца.
Крыло і хмурынка —
Нябёсам радня.
Сьпякоце крыніца сьцюдзёная сьніцца.

I мора калісьці гарою было.
I гора сьмяялася радасным сьмехам.
Сьпяшалася цемру пабачыць сьвятло.
I ціша ажно заікалася рэхам.

На беразе мора чакаем усе
Надзейнай пагоды,
Душэўнай лагоды,
Калі з нашым шчасьцем
Чаўны прынясе,
Што лёс пасылае нам
З добрай нагоды...


Прашу...

Душа зьбіраецца дадому,
Наважыўшыся ўзяць з сабой
Зямную згорбленую стому,
I зорны сьмех,
I чорны боль.

Ідуць упрочкі
Дочкі мроі,
I сны сыны шукаць сябе.
За далягляднаю гарою
Мурог трывогі скон скубе.

Што ашукаць спрабую працу,
Я лёсу смутнаму хлушу.
Яшчэ са мной патаргавацца
Прашу душу,
Прашу душу...